Мястэчка мястэчка



бет2/5
Дата04.07.2016
өлшемі1.07 Mb.
#177435
1   2   3   4   5
была якасць.

Барыс Голуб адмыкаў сваю кузню толькі перад жнівом: лепш за яго ніхто не зубіў сярпы. Жанкі займалі чаргу. Барыс ад світання да прыцемку цюкаў малаточкам па зубіле да самых дажынкаў. Адзвінелі жніўныя песні, звезлі снапы ў гумны, Барыс замыкаў кузню да наступнага жніва.

Такіх замкоў з «сакрэтам», як каваў мой дзядзька, ніхто скаваць не мог. Не ведаючы як, з ключом не адамкнеш ні конскае пута, ні гумно, ні свіран. Акаваныя ім лёгкія саначкі завітушкамі, узорамі здзіўлялі ўсіх. Кожную восень на раённых выстаўках за нешта прыдуманае і выштукаванае, як лялька, дзядзька Іван атрымліваў прэміі і «Пахвальныя лісты».

Бабакі рабілі найлепшыя нажы, ножыкі і сцізорыкі, падкоўкі пад боты, вілкі вымаць гаршкі з печы, абцужкі калоць цукар. Кожны майстра рабіў усё, але нешта лепш за іншых. «Спецыялізацыя!»

Кузні звінелі ад цямна да цямна, гулі горны, не сціхала вухканне малатоў і скрыгат напільнікаў. Цераз дарогу, каля сваіх хат, стальмахі стругалі падушкі пад восі, аглоблі, тачылі калодкі, у абады заганялі дубовыя спіцы. Драўляная аснова воза або балагольскай фуры, выязнога лёгкага вазка пераязджала да кузні: у падушку ўпраўляліся восі, забіваліся ўтулкі, ставілася трайня і падгерац, шворан і атосы, заганяліся загваздкі, і воз служыў дзесяцігоддзямі. Зліжуцца шыны, нацягнуў новыя і паехаў зноў. Барані Божа, каб хто папракнуў стальмаха ці каваля, што нешта зрабіў не так: ён жа заўсёды тут, глядзіць і не адводзіць вачэй. А калі трэба, пераробіць, давядзе за так.

Шавец шыў боты, каб і ў твані не прамоклі, каб у скоках не паадляталі абцасы, каб і шчыгульныя і трывушчыя былі, часам абяцаў: «Я табе пашыю не боты, а муры». I сапраўды, ім зносу не было. Федзя Лабейка шыў доўгія кажухі на маразы, зграбныя паўкажушкі з аблямоўкаю, з узорамі, і яны, як улітыя, сядзелі на статных дзявочых постацях. 3 восені ён ішоў па сёлах і абшываў усе наваколле. Гарбары выраблялі аўчыны, мяккія, як замша, юхтовыя халявы і перады, хром і шаўро, а з бычыных шкур — спіртовую падэшву. У мястэчку ўсё ўмелі, усё рабілі самі.

Ад чатырох гасцінцаў разыходзіліся вуліцы, вулачкі і завулкі. Пры кожнай хаце быў меншы ці большы садок, свае грады, прырэчныя сядзібы заканчваліся невялічкімі паплавамі. У большасці глушчан у полі быў кавалак зямлі, надрэчныя і балотныя сенажаці на пачатку лета разбівалі на роўныя шнуры, цягнулі жэрабі, каб нікому не было крыўдна. Як толькі ўбярэцца ў сілу трава, дружна выходзілі з расою касцы, а потым луг стракацеў ад хустак і сукенак, звінеў ад вясёлых галасоў, песень і жартаў, раслі духмяныя копы, а за імі — стагі, як шаломы, крутабокія і вастраверхія. На бліжніх лугах. накошвалі сена, каб хапіла да першых маразоў, а па вялікае сена ехалі кіламетраў за трыццаць, на Загальскія балоты, ставілі буданы, тыдні на тры сяліліся сем'ямі, касілі, грэблі, ставілі па некалькі вялізных стагоў. Як толькі добрыя маразы скуюць дрыгву, з-пад самай Рудабелкі ішлі і ішлі ў мястэчка абозы сена. I не было выпадку, каб нехта парушыў чужы стог. Усё ў нашай глушы трымалася на сумленні, на даверы і спагадзе.

Годзе ў 1918 аднекуль з'явіўся ў нас пракідны камерсант Кушнер і даў работу ледзь не ўсім местачкоўцам,— жанкам і мужчынам. Маладыя і дужыя валілі ў лесе асіннік, рэзалі на паўтараметровыя чуркі, калолі на плашкі. З'явілася новая спецыяльнасць — стругалі. Яны доўгімі фуганкамі з вострымі жалезкамі стругалі танчэйшую за паперу стружку, сталёвым грабянцом разразалі на мноства валаконцаў. Ледзь не ў кожнай хаце загрукалі кросны: управіўшыся, жанкі ткалі палотны з асіны і здавалі гаспадару. Ніводная вольная хвіліна не прападала марна, у кожнай хаце завяліся грошы, на работу хадзіць не трэба было, як казалі, «і дома, і замужам»: прыхопвалі і вечары і досвіткі.

Тканую стружку некуды адпраўлялі, казалі, на капелюшы і нават на будаўніцтва караблёў. Ткацтва стружкі трымалася ў Глуску ледзь не да апошняга часу.

Крамнікі добра ведалі, што каму і калі трэба: у пост прыпасалі алей, селядцы, тараны, да Вялікадня — пытляванку на кулічы, ваніль, карыцу, разынкі. Краўцы, шаўцы і шапачнікі апраналі і абувалі мужчын і жанчын. Калі не было грошай, шылі напавер. Шлюбную сукенку маглі пашыць за дзень, касцюм — дні за два, і ўсё сядзела, як улітае, буцвела сукно, а шытво трымала.

Сувязь з горадам падтрымлівалі балаголы і паспявалі забяспечыць усе патрэбы. У іх былі вялікія дужыя коні з калматымі бабкамі, прасторныя, добра акаваныя дрогі, з высокаю будаю, пацягнутаю рагожаю або брызентам. У Бабруйск і з Бабруйска вазілі пасажыраў і ўсё, патрэбнае для крамаў, вывозілі і асінавую прадукцыю Кушнера, збожжа, сала, масла, воўну і шкуры.

Кожны балагол быў непаўторнаю каларытнаю асобаю: Шолам Гіцька — фантазёр, хлус, выдумшчык, жартаўнік і хахмач. Дзе ён з'яўляўся, стаяў рогат, а сам і не ўхмыльнецца. Яго брат Дон — змрочны мараліст, Іцка Кушнер — абсыпаны дзецьмі бедны няўдачнік. Ехалі балаголы заўсёды вялікім абозам. На паўдарозе да Бабруйска, у Гарадку, быў заезджы дом з вялікім дваром і павеццю. Нанач усе заязджалі туды. Распрагалі коней, заказвалі ў гаспадара «шабасоўку» — чарачку грамаў на пяцьдзесят, пілі чай, строілі кепікі, расказвалі анекдоты і страшныя гісторыі пра чарцей і ведзьмаў, покатам клаліся на падлогу вазакі і пасажыры, каб на досвітку рушыць у дарогу.

Так жылі да рэвалюцыі і ў першыя савецкія гады.

Большасць местачкоўцаў была не надта набожная, але ўсе хрысцілі дзяцей, ішлі ў царкву пад шлюб, бо гэта ж так прыгожа і так урачыста: спяваў хор, палалі свечкі, трымалі над галовамі пазлачоныя вянцы, пры мностве людзей маладыя кляліся ў вечнай вернасці адно аднаму, старыя і малыя адстойвалі абедні і вячэрні, хадзілі да споведзі, і нябожчыкаў пад жалобны гул званоў адпявалі ў царкве.

Многія ішлі ў храм пацерціся сярод людзей, сябе паказаць і сустрэцца з братам, кумам, сватам, з добрым знаёмым, пачуць навіны, расказаць пра свае клопаты. На цвінтары — кавалі, шаўцы і краўцы дамаўляліся з заказчыкамі, сыходзіліся ў цане, слухалі жабракоў і лірнікаў.

3 ранняга маленства бадай кожнага ад усяго благога стрымлівала і ратавала магічнае слова «грэх». Не так баяліся кары на тым свеце, як сораму перад людзьмі зрабіць нешта нядобрае, зганьбіць сваё імя і ўвесь свой род. За маёй памяццю толькі адна незамужанка нарадзіла дзіцятка. Злыя языкі доўга папракалі і паласкалі яе імя, пакуль прыгажуняю і разумніцаю не вырасла яе дачушка. Хто яе бацька, так ніхто і не ўведаў.

Далёкае помніцца да драбніц, нядаўняе забываецца адразу.

КАЛЯ ВОЛАСЦІ

Пасля Кастрычніцкага перавароту ўлады ў мястэчку мяняліся, як надвор'е. Бывала, раніцай сусед пытаўся ў суседа: «Якая сягоння ўласць і чые грошы ў хаду»?

Памятаю, немаладых, павольных, з выгінастымі люлькамі ў зубах кайзераўскіх салдат змянілі «саветы». У воласці з'явіліся камісары ў скуранках і ў чырвоных галіфэ з срабрыстымі лампасамі. Ледзь не кожны дзень на базарнай плошчы гулі мітынгі. Галасістыя прамоўцы абяцалі волю і самае шчаслівае жыццё пры хуткім камунізме. А мясцовыя камуністы Іван Мазалеўскі і Павел Зубарэвіч трэслі мясцовых крамнікаў — аптэкара Фрыда, вытворцу сельтэрскай вады і ліманаду Этуса, бакалейшчыкаў Майзеля і Ліўшыца, падаткамі прыціскалі абодвух папоў Стаўровіча і Зубковіча.

Раптам знікалі рэўком з Мазалеўскім і камісарамі. Ніякага войска ў мястэчку не было, і без адзінага стрэлу ноччу ўваходзілі польскія легіянеры, на сытых конях уязджалі ўланы ў канфедэратках з жоўтымі аколышамі. Яны не баяліся ні бога, ні д'ябла — забіралі ўсё, што падабалася і было патрэбна. Пасярод базару з дошак збілі вялізную стадолу, з суседніх фальваркаў і шляхецкіх засценкаў прывозілі дзябёлых паненак, да раніцы танчылі і гулялі ў фанты з пацалункамі.

Разы тры на тыдзень пускалі «лізіён» — нямое кіно. Круцілі фільмы з польскімі цітрамі. У залежнасці ад падзей у фільме ішла плёнка, фарбаваная ў адпаведны колер: пажар — чырвоная, мора — блакітная, лес — зялёная, пустыня — жоўтая.

У сярэдзіне ліпеня 1920 года легіянеры пакідалі Глуск. Запатрабавалі ў мясцовай рады вялікую суму грошай — тады не спаляць мястэчка. Напалоханыя людзі выбіраліся на паплавы і на гароды. I я некалькі начэй начаваў пад зорным небам і запомніў іх на ўсе жыццё. Польскія грошы нікому болей не былі патрэбны, іх ахвотна аддавалі і такім чынам адкупіліся.

Апоўначы неба над мястэчкам налілося чырванню, паляцелі іскры; як свечка, палала дашчаная стадола пасярод рынка. Воддаль стаяў духавы аркестр і іграў паходныя маршы, строем праходзіла конніца і пяхота. Занялося некалькі драўляных крамак. Легіянеры не дазвалялі іх тушыць.

Раніцай усё сціхла. Суткі ў мястэчку не было ніякай улады. На пагарэлішчах, у галавешках і попеле, корпаліся крамнікі і дзеці. Каля воласці ўсё яшчэ стаяў невялікі бюсцік Мікалая другога. Я глядзеў на яго і дзівіўся, чаму ў цара няма рук. Над валасным ганкам вісела бляшаная шыльда з бялым ожэлам і надпісам «Гміна».

Местачкоўцы пыталіся адзін у аднаго: «А цяпер якая прыйдзе ўлада?» Чакалі сваіх. Каля паўдня з-пад Балашэвіч прыйшоў невялічкі атрад — хто ў што апранутыя і абутыя вясковыя хлопцы з абрэзамі, вінтоўкамі і паляўнічымі стрэльбамі. Камандаваў імі бальшавік Вілюга. Зірнуўшы на шыльду, поблінскі хлопец Іван Тупіца выхапіў гранату і хацеў шпурнуць у яе. Не хапілі б яго за руку, ад воласці б засталіся адны галавешкі.

Вілюга, запылены і змакрэлы, у скуранцы, перацягнутай рамянямі, узышоў на валасны ганак і абвясціў, што з гэтага дня на векі вечныя ў мястэчку будзе савецкая ўлада.

Праз тры дні ў воласці ўжо ўсталяваўся рэўком. Старшынёй быў Вілюга, ваенкомам Павел Зубарэвіч, сакратаром Іван Краўчанка, фінагентам Коля Кавалеўскі. Кожны дзень з Калаціч хадзіла на службу куртатая, кругленькая, з чорнымі вусікамі машыністка Вольга Міцкевіч.

Неўзабаве ружовыя савецкія грошы за работу выдавалі вялікімі аркушамі. Вечарамі іх разразалі на купюры па дзвесце пяцьдзесят, па пяцьсот тысяч, па мільёну. Людзі іх ахрысцілі «лімонамі». Карабок запалак каштаваў 250 тысяч, селядзец — каля мільёна.

Грошы нічога не былі вартыя. За работу разлік ішоў натураю — ад фунта да некалькіх пудоў жыта. У крамы і ў кіно ішлі з торбачкамі збожжа.

Краіне трэба была цвёрдая валюта. I пачалася так званая «залатуха». У цэрквах забіралі залатыя крыжы, чашы і дараносіцы. Але гэтага было мала. Камісары і створаная з партызан міліцыя пачалі трэсці местачкоўцаў — забіралі залатыя дзесяткі і пяцёркі мікалаеўскай чаканкі, пярсцёнкі і хрысцільныя крыжыкі. Чалавек божыцца, што болей анічагуткі няма, а з яго не злазяць: хоць радзі, а давай. Упартых замыкалі ў пустой халоднй хаце і трымалі галодных і халодных, пакуль хоць брошку якую не выб'юць, шлюбны пярсцёнак не здзяруць.

У кожную «залатуху» першым забіралі маленькага тоўсценькага Шмэрку Кука. Нехта папраўдзе ці жартам падтыкаў, што ў яго схавана цэлая гладышка золата. Шмэрку саджалі ў халодную, абувалі ў цесныя боты, нацягвалі вялізны кажух і падпяразвалі. Яго не страшылі і не білі — прымушалі толькі разувацца. Ен крактаў, стагнаў, плакаў, абліваўся потам, а боты сцягнуць не мог, ды і сагнуцца ніяк не ўдавалася. Паможа міліцыянер і тут жа загадвае абувацца зноў. За трэцім разам Шмэрка пасылае па Хану. Тая ўжо ведае, што муж ніяк не разуецца, і нясе «апошнюю» пяцёрку, а потым і дзесятка знаходзіцца. Нясе няшчасная, каб толькі Шмэрка, барані божа, не лопнуў. Як толькі пачыналася новая «залатуха», Шмэрка збіраўся зноў.

Бацька быў у войску, а мы з мамаю жылі ў чужой пустой хаце каля самай воласці. Плот паміж нашым і валасным дваром даўно разабралі на дровы, і я цэлымі днямі аціраўся то на ганку, то на валасной зборні. Часам цераз мястэчка праходзілі пяхотныя і кавалерыйскія часці і спыняліся, вядома, на валасным двары. Суседнія сады і гароды былі іхнія — латашылі ўсё, што можна ўгрызці. Атрэслі ўсе слівы, ляжаць сабе на траве, ядуць чарнасліў, а костачкі выпстрыкваюць праз зубы — хто далей; па патрэбе бессаромна адыходзяць да плота з папружкаю на шыі.

У абед капцінармуе на валасным ганку раздае паёк — два тараны, кавалак наздрыстага хлеба з асцюкамі і запалачны карабок самасаду. У нашай хаце звычайна спыняліся камандзіры. Мы з мамаю туляліся за печчу на кухні, а на ложках і покатам на падлозе на нашых падушках качаліся няпрошаныя пастаяльцы. Не гаворачы дабрыдзень, прыязджалі, не развітаўшыся, часта знікалі апоўначы.

Нюх у наезджых камісараў на заможных крамнікаў быў адменны. Глядзелі, калі дом вялікі з выразанымі ліштвамі і прыгожымі фіранкамі, заходзілі адразу і патрабавалі харчы для гераічнай Чырвонай Арміі — выратавальніцы і вызваліцельніцы. Не пытаючы гаспадара, збівалі замкі на спіжарнях і склепах і цягнулі ўсё, што трапляла на вока.

Мясцовыя начальнікі ніколі не чапалі даўнейшага купца першай гільдыі Рапапорта. Яго сын быў вялікі начальнік у ЧК. Так, так, той самы Рапапорт, што потым вымошчваў трупамі праведнікаў берагі Беламорскага і Волга-Данскога каналаў. Яго бацька толькі пасмейваўся, калі пачыналася рэквізіцыя і «залатуха».

Нехта з суседзяў падтыкнуў наезджых камісараў на старога Рапапорта, і тыя нацягнулі ў нашу хату скрынкі халвы і пячэння, «фі-гаў» (інжыру), слоікі варэння, бутлі налівак і настоек, стосы краму і выцяжак на юхтовыя і хромавыя боты. Казалі, Рапапорт ірваў на сабе валасы, Рапапорціха білася аб сцяну галавою і крычала: «Наш сын вас, ірады, і пад зямлёю знойдзе».

I я тады добра намурзаўся тых Рапапортавых прысмакаў, а пастаяльцы нашы балявалі яшчэ дні тры і зніклі нечакана, як і з'явіліся.

Доўгі час нібыта ніхто не заўважаў каля воласці помнічак Мікалаю другому. Стаіць сабе' і стаіць, нікому не замінае. Я глядзеў і дзівіўся, чаму ён увесь шэры — і твар, 1 валасы, і вусы, і эпалеты. Святы ж Анатоній у касцёле ўвесь размаляваны і стаіць, як жывы, а на цара і фарбы пашкадавалі. Нехта камяком гразі заляпіў яму вока, хлапчукі стралялі з рагатак, і царскі твар пакрыўся рабаціннем.

Аднойчы продатрадаўцы ўгледзелі помнік і загалёкалі: «Гэта ж Мікалашка, маць яго за ногу. Чаго ж ён тут дасюль стаіць?» Невялічкі канапаты чырвонаармеец у лапцях ускочыў на плечы даўгалыгаму хлопцу і пачаў прыкладам гасіць па царскай галаве. Адскоквалі аскабалкі ад шчок і носа. Біў, пакуль замест галавы не вытыркнуўся рубчасты прэнт. Доўга яшчэ стаяў цар без галавы. Потым бюст дабілі да асновы, з пастамента паздзіралі алюмініевую бляху і пакончылі ў нашым мястэчку з манархіяй.

Продатрады шасталі па засценках і сёлах, паражнілі гумны і свірны, скрыні і мяшэчкі, часам з печы забіралі гарачы хлеб.

Спрытнейшыя мужчыны хавалі збожжа ў лясных ямах і пад сціртамі саломы. Асабліва нахабных рэквізітараў у далёкіх палескіх вёсках — Бярозаўцы, Даколі, Катцы, Стражах і Воземлі мужчыны сустракалі залцамі з дубальтовак і абрэзаў. Пакуль мяняліся ўлады, смялейшыя разжыліся вінтоўкамі, патронамі, а то і гранатамі. Пасля сутычак следам за продатрадамі імчаліся карныя экспедыцыі. Стралкоў знайсці ў лясных нетрах не ўдавалася, тады забіралі «па падазрэнні», па даносу некалі пакрыўджанага суседа, хапалі і тых, у каго знаходзілі схаванае жыта. Іх трымалі ў закратаваным пакоі воласці і ў былой цаглянай краме Хаіма Ліўшыца. Прыехаў і рэвалюцыйны трыбунал — тры маладыя вайскоўцы і шустранькі, зграбны, у чырвоных галіфэ з хромавымі леямі камендант.

Пад суд занялі вялікі дом удавы Кветнярыхі. Арыштаваных туды прыводзілі па дзесяць-дванаццаць чалавек. На вуліцы і ў двары тоўпіліся іх сваякі і цікаўныя местачкоўцы. Суд быў кароткі: «Давядзі, што не вінаваты». Як чалавек ні кляўся, што ў хаце і крэсіва няма, не тое што вінтоўкі, што ён цэлы месяц быў у абозе... Усім прысуд быў адзін: «Руководствуясь революционной совестью, суд признал участником в контрреволюционном бандитизме против советской власти и приговорил к расстрелу».

Усчынаўся страшэнны лямант асуджаных, іх мацярок, бацькоў, дзяцей і жонак. Смертнікі падалі на калені, кляліся, што невінаватыя. Канвой ім звязваў рукі, выводзіў на вуліцу. Натоўп расступаўся, з жахам і спагадаю глядзеў на няшчасных і іх родзічаў. Паперадзе засуджаных ішоў куртаты камендант у чырвоных галіфэ з маленькім пісталецікам і ўвесь час прыгаворваў «Именем закона по врагам революции...». Акружаныя канвоем, босыя і ў лапцях, ледзь ступалі бледныя юнакі і барадатыя мужчыны. Некаторыя галасілі: «Людцы добрыя, заступіцеся! Ей жа ж Божачку, ні ў чым не вінаваты. За што нас забіваюць?» Маці і жонкі рваліся развітацца з сынамі і мужамі, канвой іх адштурхоўваў прыкладамі. У натоўпе стаяла галашэнне, як на хаўтурах. Гэта і былі хаўтуры. Цішком заліваўся слязьмі і я, і ніяк не верылася, што вось-вось гэтых жывых і дужых людзей больш ніколі не будзе на гэтым свеце. Асуджаных вялі ў вал. Яны за сажалкаю капалі сабе агульную яму. Іх шчыльна ставілі над ёю, грымеў залп, а па гэты бок вала падалі ў непрытомнасці, галасілі і рвалі на сабе валасы мацяркі, жонкі і дзеці расстраляных.

Я кусаю губы, плачу, сэрца б'ецца пад самым горлам, увесь калачуся ад страху, разумею, што людзей, якіх толькі што бачыў, ужо салдаты засыпалі мокрым глеем, запляскалі тое месца рыдлёўкамі і прыкідалі зрэзаным дзёрнам. Ноччу сваякі выкрадалі нябожчыкаў.

Трыбунал усё лецечка «руководствовался революционной совестью», кожны дзень каля Кветнярышынага дома галасілі засуджаныя і іх родзічы, а ў вале бухалі стрэлы.

НАЕЗДЖЫЯ



ДаходзілІ чуткі, што ў гарадах людзі галадаюць, а ў нас хоць і скупа было пасля канфіскацый, але ў большасці быў і хлеб і да хлеба. На «мільёны» куплялі соль, запалкі, газу і цвікі, а паміж сабою за работу разлічваліся жытам, былі скаромінка і ўбоінка.

Часам у Глуск заязджалі вандроўныя артысты «Украінскай драмы». Пацяжэлыя «Наталкі-Палтаўкі» і аблыселыя «парубкі» спявалі і скакалі, трасучыся шырачэзнымі чырвонымі шараварамі. Местачкоўцы ішлі на іх паглядзець з торбачкамі жыта.

У мястэчка наехалі гарадскія інтэлігенты — паважаныя, у залочаных акулярах настаўнікі Лукашэвіч і Срэцянскі. Яны даношвалі форменныя фуражкі з аксамітнымі аколышамі без кукардаў і мундзіры з абшытымі сукном «арлёнымі» гузікамі. Сяліліся яны ў лепшых дамах багацейшых і паважаных местачкоўцаў.

Новыя настаўнікі былі адукаваныя, выхаваныя і патрабавальныя. Звалі іх па новай модзе «шкрабамі» — школьнымі работнікамі. 3 Масквы прыехаў жанаты з нашай местачкоўкай Марфай Грудзінскай бялявы, круглатвары і таўстагубы Аляксандр Восіпавіч Белы. У школе ён выкладаў спевы, з вучняў усіх класаў падабраў выдатны хор, а сам у вялікія святы спяваў басам у Богаяўленскай царкве. 3 нейкага вялікага горада прыехаў высокі, хударлявы, з доўгаю сівою барадою мастак Лебедзеў. У школе выкладаў маляванне, а дома часам пісаў вельмі падобныя партрэты местачкоўцаў з асабліва характэрнымі абліччамі.

Па заказу «бацюшкі» Стаўровіча ён некалькі месяцаў маляваў вялізнае пано: у блакітным небе на кучаравых воблаках сядзеў у ружовым жупане босы, барадаты і непрычэсаны сам Саваоф, а да яго з усіх бакоў зляталіся голенькія з крылцамі анёлы. Бог быў падобен на мясцовага мудрага жабрака Сака, а анёльчыкі — на пульхненькіх хлапчукоў, толькі што вынятых з начовак. Карціну асвяцілі і ўсцягнулі пад самы купал над царскімі варотамі. На парафіян з-пад калматых броваў сурова глядзеў Саваоф, а ружовенькіх і сыценькіх анёльчыкаў так і хацелася ўшчыкнуць за пругкую попку.

На маё сталае разуменне Лебедзеў быў таленавіты рэаліст: яго святыя — вельмі падобныя на нашых зямных сучаснікаў— твар, рукі і ногі Саваофа нагадвалі дужага спрацаванага селяніна, і глядзеў ён стомленым дакорлівым позіркам.

Пано Лебедзева вісела, пакуль не разграмілі царкву. Куды яно дзелася, ніхто не ведае. Напачатку ў былой царкве круцілі кінафільмы, потым зрабілі мэблевы магазін, а як зусім дабілі сцены, на падмурку збудавалі рэстаран. Як толькі акрыялі гарады, з'ехалі з Глуска Лебедзеў, Лукашэвіч, Срэцянскі і яшчэ з дзесятак наезджых інтэлігентаў, якіх ратаваў ад голаду местачковы люд. Яны пакінулі па сабе самую добрую памяць, іх паважалі старыя і малыя, перад імі здымалі шапкі. Гэта ж былі не абы-хто, а настаўнікі!

Не спяшаўся выязджаць Аляксандр Восіпавіч Белы. Жылі яны з жонкаю і сынам у доме жончыных бацькоў, была вялікая радня і павага да выдатнага спевака і настаўніка. Тут у іх нарадзілася беленькая Зоя. Як толькі навучылася сядзець, адразу заспявала, спявала і ўсё жыццё, стала салісткаю Маскоўскага тэатра аперэты, заслужанаю артысткаю рэспублікі, часта з'яўлялася на экранах кіно і тэлевізараў, і сын яе стаў артыстам Малога тэатра.

Даўжэй з усіх наезджых затрымалася адзінокая настаўніца Валянціна Мадэстаўна Іванова. Заўсёды зграбная, з даўгаватым прыпудраным тварам, тонкімі сухімі пальцамі і вострымі пазногцямі, мне часам нагадвала нейкую птушку. Здавалася, яна ўсё на свеце ведае: выкладала батаніку і заалогію, хімію і фізіку, нямецкую мову і маляванне. Яшчэ не старая, статная і сімпатычная, жыла адна аднэю ў доме інтэлігентнай удавы Этусіхі. У яе прасторным доме было піяніна. Вечарамі Валянціна Мадэстаўна іграла сумныя мелодыі. На лета яна некуды выязджала, а вярталася ў модных вузкіх спаднічках, белых, амаль паветраных, блузках, прыгожых клятчастых жакеціках. Яна ні з кім не сябравала, але з усімі была аднолькава ветлівая, усмешлівая і далікатная, часам вострая на язык і заўсёды ўраўнаважаная. Адкуль яна, дзе яе і якая радня, ніхто не ведаў. Здавалася, у яе ёсць нейкая тайна, што трымае так доўга ў нашым далёкім ад бітых дарог глухім мястэчку. Настаўнічала яна да самай вайны і знікла нечакана, як і з'явілася. А след пакінула ў памяці кожнага, хто хоць трохі вучыўся ў яе.

Сярод наезджых інтэлігентаў быў бадай прафесійны актор-трагік з нетутэйшым прозвішчам Мораў. З'явіўся ў рэўкоме і стварыў вельмі моцны драматычны гурток. Наогул у першыя гады пасля рэвалюцыі правінцыя захварэла тэатрам. Вакол Морава сабралася таленавітая моладзь, і ставілі аматары амаль прафесійныя спектаклі. Самі малявалі дэкарацыі, а патрэбныя касцюмы пазычалі па ўсім мястэчку, і ніхто ніколі не адмаўляў, нават айцец Сергій пазычыў сваю расу. Аднойчы мой стрыечны брат Коля Бобрык павінен быў іграць лысага. Патрэбнага парыка не было. Ён у густой і кучаравай шавялюры прабрыў лысіну і выдатна сыграў сваю роль.

Не было тады аддзелаў культуры, але была сапраўдная культура — драматычныя, харавыя калектывы, і ўсё трымалася на энтузіязме сапраўдных аматараў мастацтва, улюбёных у тэатр, музыку, вакал. Пад кіраўніцтвам Белага класічны рэпертуар і народныя песні выконвала зладжаная капэла, на спектаклі Морава валам валілі местачкоўцы ўсіх узростаў, у навагоднія дні наладжваліся цікавыя балі-маскарады. У нас, хлапчукоў, ні грошай, ні жыта на такія балі не было, а так хацелася паглядзець на дзіва дзіўнае. А як?

За валам, у прыкасцёльнай плебані, жыла сям'я наезджага майстра на ўсе рукі Пятра Казлоўскага. Ен быў механікам усёй мясцовай тэхнікі: даглядаў, пускаў і спыняў паравік, што круціў электрадынаму, млын і пілараму, рамантаваў веласіпеды і прымусы, гармонікі і гадзіннікі, такія ж здатныя на ўсе рукі былі яго пяць сыноў, падобныя на бацьку правільнымі рысамі твару і быстраю гаворкаю. Дома ў Казлоўскіх стаялі варштаты з ціскамі, маленькімі кавадламі, наждакамі, з поўным наборам слясарных прыладаў.

У вал да Казлоўскіх мы збіраліся з усяе вуліцы. Хата ў іх : была вялікая, побач сад і прасторны кляштар з дзвюма сажалкамі,адразу за валам — рэчка. Там мы прападалі цэлымі днямі. Зімою з вала зляталі на санках, драўляных каньках, ляпілі снежныя крэпасці і ваявалі вуліца з вуліцаю. Перад Новым годам мы з Пецем Казлоўскім думалі-думалі, як трапіць на той загадкавы баль-маскарад. I надумаліся зрабіць маскі і касцюмы.

А як? якія? з чаго? — доўга ламалі галовы. У нас жа нічога не было. Наважыліся нешта зляпіць, каб толькі пусцілі на той баль. Я знайшоў нейкія латаныя-пералатаныя транты, атопкі, дзіравую шапку, на белай анучыне намаляваў страшны старэчы твар, прышыў кужэльную бараду і вусы, абвешаўся торбамі, узяў дрўгі кій і выйшаў гномік-жабрачок.

Пеця з кардону зрабіў цыліндр, апрануўся ў чорнае, у кішэньку заткнуў доктарскую трубку, твар закрыў маскаю з вусікамі і клінаватаю бародкаю, рыхтык, як у нашага доктара Сямёнава. За стужку цыліндра ўтыркнуў тры гусіныя пёрцы, перад імі прыляпіў паперачку з адным словам «Берегитесь»...

I пайшлі мы ў такіх уборах да дзвярэй, дзе прапускалі маскі.Адбіраў паважаны ў мястэчку сівабароды фельчар Нохім. Ен быў начальнікам добраахвотнай пажарнай дружыны, старшынёй дабрачыннага таварыства — збіраў дапамогу пагарэльцам і сіротам, арганізатарам канцэртаў і вось такіх маскарадаў. Агледзеў нас, спытаў: «А ты хто, маска?» — «Доктар», «Жабрак»,— усміхнуўся і прапусціў.

Спачатку на нас ніхто не звяртаў увагі, потым, гледзячы на «доктара», усміхаліся, а некаторыя і рагаталі, расшалопаўшы шараду на яго цыліндры. Гэта Пецю падбухторылі старэйшыя браты, а мы і самі добра не ведалі, чаго смяюцца людзі.

На сцэне быў буфет з ліманадам, піражкамі, цукеркамі, ружовымі пернікамі, там жа сядзелі музыкі — дзве скрыпкі, дзве мандаліны, балалайка, гітара і бубен. Па зале шпацыравалі высокая пад цёмным вэлюмам, усыпаным зоркамі, «Ноч», у зіхоткай кароне «Каралева», у белай чалме, да пояса



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет