Мястэчка мястэчка



бет3/5
Дата04.07.2016
өлшемі1.07 Mb.
#177435
1   2   3   4   5
голы ў татуіроўках «Індус». Раптам усе войкнулі і расступіліся — на сярэдзіну выйшаў шкілет з касою. На ёй надпіс—«Смерць буржуям!». На чорным камбінезоне белаю фарбаю былі намаляваны чэрап, рэбры і косці — здавалася, ходзіць сапраўдны шкілет.

Зайграў аркестр, I маскі закружыліся ў танцы. «Смерць» выскачыла на сярэдзіну і замахала касою над галовамі «масак». Некаторыя з віскам адскоквалі ад яе, смялейшыя хапалі за спіну, спрабавалі вырваць каеу. Я хадзіў з працягнутаю рукою і хрыпатым голасам, як у жабрака Мікіты, прасіў міласціну.

Роўна апоўначы статны, у блішчастых акулярах Нохім дванаццаць разоў бомкнуў талеркамі ад барабана, прывітаў усіх з Новым, 1929 годам, абвясціў парад масак. Апошнімі прайшлі мы з Пецем. Некаторых пазнавалі, а на нас ніхто і не глядзеў: ат — блазнюкі.

Абвясцілі пераможцаў маскараду. Першы прыз далі «Смерці буржуям», другі — «Індусу» і «Ночы», далей ішлі «Каралевы», «Анёлы» і «Чэрці». Не абмінулі і нас: дазволілі ўзяць у буфеце пачастунак аж на два рублі. Мы ўпершыню ласаваліся салодкімі пернікамі, цукеркамі і ліманадам. Усе паскідалі маскі. Многія крычалі: «А я цябе пазнаў!» Мы, нікім не заўважаныя, сядзелі пры буфеце і апляталі за абедзве шчакі дармовыя прысмакі.

НЕЗАБЫТЫЯ

I ў нас былі свае «славутасці». Ведалі іх усе — старыя і малыя.

Кажуць жа: «Папа ведаюць усе, а поп — нікога». Няпраўда. Глускія папы ведалі кожнага свайго парафіяніна. Змалку нас прывучалі: сустрэнеш бацюшку, здымі шапачку і прывітайся першы. Гэтага парадку трымаліся спрадвеку, пакуль не адвучылі партыйныя ідэолухі. Піянерам забаранілі нават на цвінтар заходзіць, павітацца з бацюшкам лічылася злачынствам — адразу прэч з піянераў, а то і з школы пагналі б. Дарослых за гэта з прафсаюза і з работы звальнялі.

Самым пераканаўчым довадам прапагандыстаў было: «Бога нет. Религия — огиум для народа». I кропка. Хто ж пасля гэтага прамовіць адваротнае? А што такое опіум, дакладна не ведаў ніводзін раённы атэіст.

Глускія святары Зубковіч і Стаўровіч цярпліва неслі свой крыж зняваг, забаронаў, паклёпаў, разбойнага рабаўніцтва. Найперш — з цэркваў паскідалі званы, пазабіралі залатыя крыжы, чашы, дараносіцы, паабдзіралі з абразоў срэбныя абклады. На рэвалюцыйныя святы камсамольцы насілі пудзілы Чэмберлена, Чан Кай-Шы, буржуяў у цыліндрах, ксяндзоў і папоў і на ўсю сілу дралі глоткі: «Сергій-поп, Сергій-поп, Сергій - дзякан і дзячок, і папоўна — сергіеўна, ўся дзярэўня — сёргіеўна...» А нашага бацюшку якраз і звалі айцец Сергій. Яго любілі ўсе парафіяне за сумленнасць, за дабрату, за шчырасць. На споведзі ў яго каяліся ў большых і ў дробных грахах, і ніхто ніколі не дазнаўся пра чужыя таямніцы.

У другой, каменнай, царкве правіў высокаадукаваны айцец Аляксей Стаўровіч. Ен і цяслярыў, і сталяраваў, клаў печы, даглядаў пчол, дасканала ведаў першакрыніцы класікаў марксізму-ленінізму і за некалькі хвілін заганяў сваіх апанентаў у трубу.

«Матушкамі» ў абодвух святароў былі статныя чарнабровыя родныя сёстры — дочкі «благачыннага» айца Іосіфа Шубіна, яўрэя-выхрыста. Чым люцей гнялі святароў, тым больш ім спагадалі сталыя, як у нас казалі, «самастаяцельныя» местачкоўцы. Калі выгналі Зубковіча і Стаўровіча з іх уласных дамоў, айцу Сергію даў прытулак былы аднакашнік па Нясвіжскай семінарыі Якуба Коласа, наш настаўнік Уладзімір Кандратавіч Сыцька. Стаўровіч на пустыры за школаю пачаў будавацца. Ранкамі і надвячоркамі спагадлівыя мужчыны памагалі яму ставіць кроквы і крыць дах.

Горкі лёе выпаў і папоўскім дзецям: іх не бралі ні вучыцца, ні працаваць. Трохі пашанцавала прыгожым дочкам Зубковіча — Наташы і Каці: сапраўднае каханне перамагло заганныя анкеты — Наташа выйшла за вядомага кампазітара, Каця — за важнага чыноўніка, змянілі прозвішчы і з'ехалі назаўсёды. Горш было сынам.

Аднойчы Зубковіч на ганку знайшоў падкідыша, распеляналі, агледзелі — дзіця як дзіця. Ахрысцілі яго Мікалаем, і прозвішча яму даў сваё святар, у сям'і гадаваўся за сына. Падрос бялявенькі, яснавокі Ніка, і засакаталі бабскія языкі: «А, галубачка, палянь, палянь, хлопчык жа выкапаны бацюшка». Здагадваліся, хто яго маці. Каб не труцілі дзіцяці душу, пераехаў Зубковіч у Глуск. Ніка быў прыгожы, шустры і адважны хлапчук. Мы жылі па суседстве, сябравалі да школы і ў школу хадзілі разам. Потым з'ехаў і ён. Я часта яго ўспамінаў, а даведаўся толькі нядаўна, што жыў ён у Мінску, напэўна, мы сустракаліся на вуліцах, штурхаліся ў тралейбусах і не пазнавалі адзін аднаго. Шкада, што так і не сустрэліся да яго заўчаснай смерці.

Калі закрылі царкву, сагналі Зубковіча з селішча, жонка з'ехала некуды да старэйшай дачкі. Беспрацоўны святар застаўся адзін у чужым доме, жыў з людское ласкі. Ен ведаў і адчуваў, што за ім сочаць не надта асцярожныя цені. Каб не трапіць у касталомню, каб не сталі яго родныя «членамі сям'і ворага народа», айцец Сергій адважыўся на самы страшны грэх —- разлічыўся з жыццём па ўласнай волі.

Трывалейшым заставаўся бацюшка Стаўровіч. Яго адзіны адукаваны і таленавіты сын Ігар з'ехаў у нейкую паўднёвую далеч, і след яго прастыў. А былы святар капаў свой гарод, насадзіў сад, развёў пчол, сталяраваў і клаў людзям печы.

Рушыліся не толькі храмы, не толькі на дровы шчапалі найпрыгажэйшыя абразы і іканастасы, не толькі дзеці баяліся прызнавацца да бацькоў, а бацькі да дзяцей, калечыліся душы, рос страх, сумленне труціла хлусня, дабрату — жорсткасць. Людзі станавіліся падазроныя, варожыя адзін аднаму, каб выратавацца самому, прадавалі бліжніх. За што навалілася такая кара? За тое, што нас вучылі дабру, чалавекалюбству: не забі, не ўкрадзь, нс схлусі, не распуснічай, што даводзілі: «Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, чалавеказабойца», «Дзеці мае! Пачнем любіць не словам або языком, але справаю і ісцінаю», «Будзем любіць адзін аднаго, таму што любоў ад Бога».

Ніводным словам царква не вучыла благому, а ўрачыстыя набажэнствы і пропаведзі ўзвышалі душы людзей, споведзь ачышчала сумленые і вызваляла ад пакутаў. А якія прыгожыя былі прынародныя шлюбы! На клірасе спяваў хор: «Гряди, голубица, гряди», шаферы трымалі пазалочаныя вянцы, гарэлі свечкі і панікадзіла, маладыя кляліся ў вечнай вернасці,— і ўсё гэта мацавала сям'ю. Я не прыпомню ў тую пару ў мястэчку ніводнага разводу.

За што ж бурылі храмы, за што пастыраў духу гналі за краты, на катаргу, а самых непахісных — пад кулі, у глей і жвір тысяч Курапатаў? За што?

За маёй памяццю ў нашым раёне не было ніводнага забойства, не было гвалтаўнікоў і разбойнікаў, а надоечы прычытаў у газеце, што ачмурэлы ад саракаградуснага «опіуму для народа» трактарыст без дай прычыны застрэліў сем чалавек. Ледзь не кожны дзень ліецца кроў, некага б'юць, некага гвалцяць, рабуюць і калечаць. У людзей страчана вера, самае дарагое ў чалавеку — сумленне, сорам і дабрата.

Я ніколі не быў рэлігійным фанатыкам, не прымаю Бога такім, як яго малююць, але з маленства хадзіў да споведзі, засвоіў мудры кодэкс хрысціянства — дзесяць запаведзяў чалавечнасці, дабра і сумлення і як мог кіраваўся імі. Усё, што ў мяне засталося, закладзена ў маім, не падобным на сённяшні, Глуску. Усё добрае пасеялі святары, вечная ім памяць,— Зубковіч і Стаўровіч.

А нішчылі іх, жыўцом без крыжа распіналі таму, што апантаны дагматык загадаў: «...проведем с максимальной быстротой и беспощадностью подавление реакционного духовенства... чем большее количество представителей реакционного духовенства и реакционной буржуазии удастся нам расстрелять, тем лучше». Гэта была тэорыя і практыка «самого человечного человека» —Леніна.

I ўдалося яму бязлітасна падаўляць бяззбройных святароў, расстрэльваць сотні тысяч сумленнейшых носьбітаў дабра. Даверлівыя, да здзічэння аслепленыя, цёмныя выканаўцы загадаў з асалодаю станавіліся пагромшчыкамі і забойцамі. Знішчалі не толькі жывых, руйнавалі нават магілы святароў. Каля каменнай царквы некалі быў пахаваны яе заснавальнік Рункевіч. На месцы царквы і яго магілы паставілі рэстаран, з музыкаю і скокамі. I няма нічога дзіўнага. Над прахам заснавальніка нашай «шчаслівай дзяржавы» у святочныя дні тупаюць, смяюцца і радуюцца сваім «поспехам» вось ужо некалькі пакаленняў вартых яго паслядоўнікаў.

Асабліва цяпер здзіўляе прадбачанне евангельскіх прарокаў, нібыта яны заглядалі на стагоддзі наперад: «Блаженны вы, когда возненавидят вас люди и когда отлучат вас и будут поносить и пронесут имя ваше, как бесчестное за Сына Человеческого. Возрадуйтесь в тот день и возвеселитесь, ибо велика вам награда на небесах. Так поступали с пророками отцы их» (Евангелле ад Лукі, гл. 6, ст. 22).

Не так даўно нішчылі, каралі і зневажалі «опіум для народа», а цяпер у Глуску будуюць царкву. Мабыць, жыве ў людзях генетычны код веры, дабра і сумлення.

Відаць, хопіць успамінаць некалі паважаных усімі, апрача зацятых бальшавікоў, глускіх святароў. Местачковых славутасцей было яшчэ шмат. Пра ўсіх расказаць не здолею, а імя і лёс доктара Сямёнава абмінуць нельга. Яго імем названа вуліца, дзе прайшло яго жыццё і цяпер стаіць новая раённая бальніца. Дарэчы, і ён быў сынам святара, а ў Глуск прыехаў на пасаду земскага доктара. Аляксандра Сцяпанавіча Сямёнава ведала ўсё наваколле, людзі верылі яму і шукалі ў яго паратунку. Хворыя з Гарадка і Рудабелкі, Парычаў і Лагадаўкі, Загалля і з-пад Любані ехалі да яго. I нікому ён ніколі не адмовіў.

Земскія дактары былі універсалы высокай кваліфікацыі і практыкі. Яны былі беспамылковымі дыягностамі: без рэнтгена, без лабараторных аналізаў, без танометраў, з дапамогаю градусніка, драўлянай трубкі і маленькага малаточка распазнавалі любую хваробу. Адзіны ўрач на вялізны раён усё ведаў і ўсё ўмеў. Ен быў тэрапеўт і хірург, гінеколаг і педыятр, траўматолаг і неўрапатолаг, і ўсё ў яго ладзілася. Сямёнаў стаў такім доктарам, бо любіў сваю прафесію, шанаваў людзей і спагадаў ім, а яны давяралі доктару сваё здароўе і лёс. Ен заўсёды памятаў клятву Гіпакрата.

Сярэдняга росту, зграбны, заўсёды ў добрым гарнітуры і белай кашулі, светлым, ледзь ссунутым набок капелюшы, з правільнымі рысамі твару, маленькаю «эспаньёлкаю», жвавы, быстры ў хадзе і гаворцы, Сямёнаў не ведаў выхадных, адпачынкаў і гадзін прыёму. У любую хвіліну ён быў патрэбны людзям доктар. На досвітку ён абыходзіў палаты малёнькай земскай бальніцы, потым з адзіным вопытным фельчарам Цімам Білімовічам прымаў хворых без усялякіх рэгістрацый і картак, удзень — агляд хворых, аперацыі, працэдуры, і кожнаму — вясёлае слова надзеі, дзіцяці — цукерачка, ласкава пагладжаная галоўка, дасціпны жарт. I ўся палата ўсміхаецца, святлеюць твары і вочы. Гэта была неабходная тэрапія.

Ні ў бальніцы, ні ў кога тэлефонаў не было, не было машын «хуткай дапамогі». Уся медыцына належала Сямёнаву. Пад вечар без выклікаў з пацёртым сакваяжыкам бяжыць Аляксандр Сцяпанавіч да сваіх хворых. Ен добра ведаў, каму патрэбна яго дапамога, і ішоў з ёю сам. Аглядаў, выслухваў, даваў лекі, выпісваў рэцэпт, раіў, як хутчэй выцерабіцца з хваробы, браў сакваяжык і бег на другую вуліцу, у другі канец мястэчка, да іншага хворага.

У асеннюю слату, у лютаўскія завеі да цяжка хворых ён ехаў у далёкія вёскі і засценкі. Перад доктарам усе здымалі шапкі і нізка кланяліся, набожныя бабкі ставілі ў царкве свечкі «за здравие праведника Александра».

У маладосці, як і ўся інтэлігенцыя, Аляксандр Сцяпанавіч захапляўся аматарскімі спектаклямі. Яго малодшы брат быў прафесійным артыстам у нейкім правінцыяльным тэатры. Прыязджаючы да брата, збіраў аматараў, і ставілі рэвалюцыйныя спектаклі. У кожнай пастаноўцы былі стрэлы, пагоні, чырвоныя перамагалі белых, і ў канцы пераможцы спявалі: «Смело мы в бой пойдем за власть советов и, как один, умрем в борьбе за это». Я і тады не разумеў, навошта ісці на бой, каб усім памерці «за это», але сумнявацца не адважваўся: калі спяваюць, значыць, так трэба.

У спектаклі з нейкаю гучнаю рэвалюцыйнаю назваю Сямёнаў іграў царскага палкоўніка з бутафорскімі пагонамі і кукардамі. Пасля спектакля артысты сфатаграфаваліся ў глускага «з'ёмшчыка» Каплана. Пастарэламу доктару за работаю было не да спектакляў, ды і ў жыцці разыгрываліся драмы, мудрэйшыя за шэкспіраўскія.

У 1936 годзе ў Глуску з'явіўся ўпаўнаважаны НКУС. I хто? Адразу б ніхто не даў веры. Цыбаты, рэдказубы, недалужны хлопец з Байлюкоў, мой былы аднакласнік і ўстойлівы троечнік Сымон Кабыляк (а ён ужо стаў Кобыляков). За якія заслугі яго дапусцілі ў «святая святых», толькі яму і было вядома. Пад турму забралі цагляную краму, паставілі краты і варту з наганам. З'явілася ўстанова, павінна быць і работа, з вынікамі і справаздачамі. Сымон пачаў заганяць у кутузку былых гандляроў, колішняга валаснога пісара, сальніка, некалькі «падкулачнікаў», не пашкадаваў і роднага дзядзьку Васіля Сапегу (так ён і згінуў на Поўначы). Не хапала толькі значнай фігуры. Відаць, такую патрабавалі ў Сымона. I выбар упаў на доктара Сямёнава. Нехта бачыў яго на здымку ў палкоўніцкіх пагонах і «капнуў» Сымону. А таму толькі гэта і трэба было. Ноччу забралі Аляксандра Сцяпанавіча, і закруціўся «канвеер». 3 вечара да ранку распінаў яго Сымон, каб прызнаўся, што служыў у царскай арміі і тут вёў контррэвалюцыйную агітацыю сярод хворых.

У абарону доктара паднялося ўсё мястэчка: пісалі скаргі ў Мінск і ў Маскву, збіралі грошы, каб адвакат Арка Райхман паехаў куды трэба і вызваліў Сямёнава. Той толькі рукамі замахаў. Людзі прыходзілі да першай у раёне турмы, чакалі, калі павядуць на пакуты іх доктара, памагалі яго сям'і. Восем месяцаў мардаваў бутафорскага «палкоўніка» непрымірымы чэкіст Сымон Кабылякоў, нічога не выбіў, змогся пад напорам людскога гневу і выпусціў доктара з «узілішча», затое трохі пазней расправіўся з усім раённым начальствам. Паспеў толькі ўцячы першы сакратар райкома Іван Сяргеевіч Краўчанка, з'ехаў на ДоН і зашыўся ў глухім хутары, пераседзеў бяду, пасля вайны заняўся навукай, стаў вядомым гісторыкам і акадэмікам. А Сямёнаў вярнуўся да сваіх хворых, зноў пайшоў па хатах, паехаў з сяла ў сяло ратаваць людзей.

У 1939 годзе, каб спісаць жахлівы крывавы тэрор на «перагібы» мясцовых работнікаў, за «перавышэнне ўлады» вышэйшыя чыны пачалі знішчаць і караць сведкаў страшэннай расправы над народам. На Калыму трапіў і Сымон. Праз дзесяць гадоў вярнуўся ў Глуск і наняўся нарыхтоўшчыкам жывёльнай сыравіны, а прасцей — капытоў і шкур. I трэба ж было, каб так не пашанцавала чалавеку — прыхапіў апендыцыт. У дапамогу Сямёнаву прыслалі маладога доктара з Мінска, а жонка Кабыляка (зноў такі Кабыляка) на коленцах моліць, каб аперыраваў толькі Аляксандр Сцяпанавіч. «I не прасіце. Калі чую яго імя, у мяне калоцяцца рукі, і я за сябе не адказваю. Мой малады калега — выдатны хірург, а я не дакрануся». Выйшаў Сымон пасля аперацыі жывы і здаровы.

Праз многа гадоў мы сустрэліся з ім у Глуску. Ен нібыта ўзрадаваўся: «Мы ж з табою, браце, абодва пацярпелі ні за што, ні пра што. Ну, здароў, дружа!» Я доўга глядзеў, пакуль ён не апусціў вочы. «А твой дружа ў сібірскай тайзе лапу ссе, а сярод маіх сяброў нягоднікаў не было і няма. Мы ж незнаёмыя».— «Ну, што ты, быў такі час, з нас онь як патрабавалі...» Я павярнуўся і пайшоў, а калі ён трапляўся на вочы, пераходзіў на другі бок вуліцы.

I цяпер рэшткі катаў спасылаюцца на «такі час», на загады начальства, на свае службовыя абавязкі, а большасць, як грызуны, зашыліся ў норы і сядзяць на сваіх высокіх пенсіях.

У пачатку сямідзесятых гадоў Аляксандр Сцяпанавіч яшчэ напісаў грунтоўнае даследаванне «Исторнческое прошлое Глуска» з цікавымі фактамі і лічбамі, і — ні слова пра свае пакуты. Белы халат ён не здымаў да свайго апошняга дня.

Труну доктара Сямёнава праз усё мястэчка неслі на плячах. Спыняліся на кожным рагу, следам ішлі ўсе, хто толькі мог хадзіць. I цяпер вуліцу і бальніцу людзі завуць Сямёнаўскай, а гэта — найлепшы помнік.
**

Не забываюцца многія слаўныя людзі, што звекавалі ў сваім мястэчку. Помняцца — найлепшы ганчар Андрон Жыжкевіч, кавалі Іван Бобрык, Грыша Вярыга, Барыс Голуб, кажушнік Лабейка, ткач Васіль Юркевіч і самыя нястомныя хлебаробы Канчыла, браты Бруэсы, Разнарэвічы, Пастушонкі, і вуліца іх звалася Хлебаробская, а цяпер — Пралетарская. Дасціпныя землякі жартуюць: «Даўней хлеб быў, а цяперака ўсё пралятае ды пралятае». Жыла некалі на Хлебаробскай вуліцы ўсім вядомая бабка Ганна Пабліянка. Не, гэта не прозвішча, прозвішча, мабыць, ніхто і не ведаў. Была яна родам з Побліна, таму так і звалі. Пайшла замуж за мешчанчука, рана аўдавела і засталася ў мястэчку, як тычка, адна. Без бабкі Ганны не абыходзіліся ні радзіны, ні хрэсьбіны, ні вяселлі, ні хаўтуры. Усё яна ведала, усё ўмела. Калі прыходзіла пара маладзіцы «рассыпацца», ноччу ці досвіткам беглі да бабкі Пабліянкі. Лепшай акушэркі і павітухі ў мястэчку і не было. Некалькі пакаленняў местачкоўцаў прыйшлі ў гэты свет з яе дапамогаю. За тры дні яна паставіць на ногі парадзіху, дагледзіць дзіцятка, праводзіць кума з кумою да самай купелі, наварыць, насмажыць, напячэ ўсяго, што трэба на хрэсьбіны, гасцей рассадзіць і камандуе, пакуль не разыдуцца.

Дзе заручыны, там і бабка Ганна. Вучыць дзяўчат каравай качаць, развітальныя песні з маладою спяваць, запляце, прыбярэ і навучыць нявестку, як пад шлюбам стаяць, куды глядзець, што адказаць бацюшку, як трымаць свечку, пашэпча, як трымацца з маладым у каморы. Яна сустрэне на ганку з царквы маладых, дагледзіць, каб жытам галоўкі пасыпалі, пад ногі дыванок падаслалі. Сталы вясельныя, стравы смачныя, песні застольныя — клопат бабчын.

Канае, барані Божа, чалавек, бягуць да бабкі Ганны. Яна і вочы закрые, і абмые, і прябырэ ў апошнюю дарогу. Пакуль жанкі заліваюцца слязьмі, яна камандуе ў хаце — гатуе канун і памінальную кашу, пітво і стравы, сустракае, парадкуе памінальнікаў, круціцца пры печы і пры стале.

А ўлетку, як толькі даспеюць суніцы, забуяюць буякі і чарніцы, маліна лясная даспее, бабка Ганна збірае дзяўчат і падлеткаў і вядзе на толькі ёй ведамыя ягадныя паляны, у багуннікі і гушчары. У лесе да хрыпаты галёкае, каб ніхто не адбіўся, не зблудзіў, не адстаў. Склікае на полудзень пад кашлаты дуб, складае ўсе прыпасы на адну сурвэтку і з жартамі і смехам частуе ўсіх пароўну. Калі маленькая ягадніца не дабрала гладышку, адсыпае з свае, каб з пустою пасудаю ніхто не вяртаўся.

Ці раз і я хадзіў за невысокаю, кругленькаю бабкаю Ганнаю па багунніках у буякі, на белыя махавыя купіны — у журавіны і запомніу яе невялічкія ясныя вочы, пявучую гаворку і непадробную дабрату.

Розныя былі ў мястэчку «славутасці», не было толькі зладзеяў, п'янюгаў і ашуканцаў. Барані Божа ўбачыць у будзённы дзень чалавека на падпітку — засмяюць, зацкуюць на сорам усяму роду. У святы, бывала, і вып'юць, песні паспяваюць і пакуражацца, а каб зняважыць каго або выцяць, не прыпомню.

***


Як і ў кожным раёне, і ў нас быў суд і абавязкова наезджы суддзя, казалі, каб не было «сямественнасці». А за што судзіліся? Часцей за патраву, часам ляснічы цягнуў на суд самавольных парубшчыкаў, нехта на чужыя пчолы паласаваўся. Здаралася, даверлівая дзяўчына падавала на аліменты з упраўнага ашуканца. На такіх «працэсах» з асаблівым задавальненнем выступаў адвакат-самавук Арон Райхман. Ніякай юрыспрудэнцыі ён зроду не вучыўся, некалі варыў някепскае мыла, пасля рэвалюцыі сказалі: «Будзеш суддзя». Ен некаторы час і судзіў па «закону рэвалюцыйнага сумлення» (?!). Налаўчыўся бойка гаварыць і стаў адвакатам. У яго быў «поўны рот дыкцыі», але суд і падабаронныя амаль усё разумелі. Паслухаць Арку ў суд хадзілі, як у «ціятры». На судах па аліментах ён звычайна абараняў прайдзісвета-тату асірочанага дзіцяці. Каб выкруціць нягодніка, ён асабліва бессаромна дапытваў у зняслаўленай маладзічкі ўсе падрабязнасці патаемнага кахання. У наіўнай і непісьменнай “истицы» дамагаўся, «дзе быў сам факт». Маўчыць. «Я пытаюся, дзе быў факт?» А тая бедная падумала, што «факт» і нарабіў ёй бяды, апусціла галаву і ціха вымавіла слова не для друку. Усчаўся дзікі рогат, суддзя ніяк не мог яго суняць. Толькі адвакат на пафасе закончыў сваю прамову. Хоць і дзіўна, але яму часта ўдавалася схіліць суд на бок вінавайцы.Пісаць заявы, скаргі, апеляцыі, прашэнні і касацыйныя скаргі да Райхмана ішлі з усяго раёна і казалі: «Як напіша Арка, дык не будзе жарка». У шасцідзесятыя гады старога Райхмана я сустракаў у Мінску. Ен дажываў век у дачок, але быў гаваркі, самаўпэўнены, гарачы, як на колішніх глускіх «працэсах».
Некалі ў кожным мястэчку абавязкова быў свой вар'ят, а пашанцуе, дык і два. У нас было два. Высокі рудаваты, заўсёды засяроджаны Гірш не хадзіў, а маршыраваў, высока падымаючы і апускаючы плечы. Ен нешта сам сабе мармытаў, разважаў рукамі, то ўсміхаўся, то некаму гразіў пальцам. Каму трэба, насіў на каромысле ваду з рэчкі і з калодзежаў. За гэта яго кармілі і нешта давалі з сабою, і ён нёс у скасавураную хацінку старэнькай маме. Насіў ён зашмальцаваныя салдацкія штаны і кароценькі пінжак з дзіркамі на локцях. Ніхто ніколі не абражаў і не крыўдзіў Гірша. Часам жартавалі дзяўчаты: «Гірш, бяры мяне замуж». Ен ласа ўсміхаўся і вінавата адказваў: «Мама не пускае», пацепваў плячыма і ішоў далей.

Матуз быў талмудыст і філосаф. Хадзіў у доўгім лапсердаку, у ярмолцы, з кароткаю чорнаю бародкаю і цыгаркаю на ніжняй губе. Ен прадказваў блізкі канец свету, страшны суд і што ўсіх няверных судзіць будзе ён. Цяжарным жанчынам часта казаў хлопчык ці дзяўчынка ашчаслівіць яе сям'ю. Здаралася — не памыляўся. Дзяўчатам абяцаў хуткае вяселле і паказваў, з якога боку прыйдзе суджаны. У мужчын звычайна прасіў закурыць. Яму не толькі давалі цыгарку, а насыпалі жменю дробна накрышанага «мультану». Матуза ведалі ўсе, і ён усіх ведаў. Любіў ён заходзіць у кузню да майго дзядзькі. Прыйдзе, падзьме мех на горане і каторы раз усё распытвае пра «Амэрыку». Дзядзька Іван яшчэ перад тою вайною тры гады быў на заработках у Нью-Йорку і гадзінамі расказваў пра дзівосы ў «Горадзе жоўтага д'ябла». Слухаў, слухаў Матуз, уздыхаў і казаў: «Ты толькі, Іван, нікому не кажы — збіраю грошы на шыфткарту і — даёш Амэрыка!»

Колькі разоў балаголы на паўдарозе з Бабруйска перапынялі Матуза з цыгаркаю ў зубах. «Куды ты ідзеш?» — «Хіба не бачыш? У Бабруйск прыкурыць». Каб не далі прыпаліць і не прывезлі назад, дайшоў бы Матуз і да Бабруйска з размоклаю цыгаркаю,

Усіх местачковых «славутаецей» не пералічыш, пра ўсіх не раскажаш. Галоўнаю славутасцю была незвычайная атмасфера дабраты, спагады, павагі да кожнага чалавека, да старога і малога, да доктара і хлебароба, менавіта хлебароба! У нас усе ведалі адзін аднаго, давяралі не толькі суседу, а і чалавеку з другога канца мястэчка, жылі ў дружбе беларусы і яўрэі, католікі і стараверы. Мы былі людзьмі, а гэта — галоўнае. ,

А цяпер балюча і крыўдна, што гіне Пціч, зямля і паветра атручаны не толькі радыяцыяй і нітратамі, а самае страшнае — п'янствам, недаверам, непавагаю, хітрасцю і грубасцю. Няхай гэта толькі «эпізоды», «нетыповае», але яно ёсць, і балюча, што не скора звядзецца.

Не абмінулі маё мястэчка і творы манументальнага мастацтва. У цэнтры сквера — бюст двойчы ГерояСавецкага Саюза Сцяпана Шутава. Зрэдзь тут бываюць кветкі, часцей пабліскваюць «бесказыркі» адкаркаваных пляшак.

Есць і самы галоўны помнік насупраць будынка райвыканкома — ці не стотысячная копія скульптуры творцы нашай шчаслівай дзяржавы — Уладзіміра Ільіча, як заўсёды, з працягнутаю рукою. Раней казалі: «Кліча да вяршыняў камунізму», а цяпер: «Просіць падаянне».

ТРЫВОЖНАЕ ЛЕТА

У канцы ліпеня 1929 года ў размеранае і спакойнае жыццё ўварвалася бяда і трывога. У мястэчку пачаліся пажары. Як толькі апусцелі палі, а гумны пад самыя вільчыкі напакавалі снапамі, апоўначы абедзве царквы ўдарылі ў трывожны набат.

Я прахапіўся ад страху. Каля залітага трапяткой чырванню акна стаяла мама. «Не бойся, сыночак. Нешта гарыць, але далёка. Дасць Бог да нас не дойдзе».

Па вуліцы беглі, тупалі, крычалі: «Па-а-аж-а-р!» Мяне калацілі дрыжыкі. Ледзьве ўцэліў у калашыны штонікаў і выскачыў з хаты. На вуліцы было чырвана, як на злавесным заходзе сонца. Неба, прысады, слупы і дахі адлівалі трапяткім бляскам. Далёкі пажар заўсёды здаецца блізкім. Гарачыя языкі полымя падпіраюць клубы чорнага дыму, снапамі залацістых драцінак узвіваюцца іскры. Недзе блізка бяда. Натоўпы людзей бягуць ратаваць пагарэльцаў — цягаць ваду, выхопваць з агню дабро, выцягваць а хлявоў ачмурэлую скаціну, расцягваць бусакамі абгарэлыя кроквы, адбіваць ад пажару суседнія хаты, гумны і свірны.

Бегучы, людзі пытаюцца: «Дзе гарыць? Хто гарыць? Ад чаго загарэлася?» — «Само не зоймецца, няйначай нейкі злыдзень падпаліў». Перагаворваюцца і бягуць далей. Ад зарыва ўсё відней і відней, чырванню адліваюць у вокнах шыбы.

У вузкім завулку шчыльна стаялі хаты і гумны трох працавітых братоў Брэусаў. Загарэлася ад Юстынавага гумна. За аселымі сценамі датлявалі тарпы жыта, а пажар перакінуўся на гумны Атрахіма і Грышы. ІІлаты павалены, у разорах сталочаных градаў хлюпае вада, на яблынях паабгарала вецце, заняліся і хаты. Полымя вырываецца з вокнаў. Яны здаюцца зіркатымі і жывымі. У воблаках дыму лятаюць невялікія галавешкі. Людзі іх асабліва баяцца і завуць вогненнымі галубамі. Яны далёка залятаюць, садзяцца на стрэхі, і няма ад іх ратунку.

На вуліцы і гародах — выхаплены з агню ложкі, куфэркі, скрыні, начоўкі, перавернутыя сталы і лаўкі, пад яблыняю цьмяна пабліскваюць абразы. Абхапіўшы падсмаленую грушу, увесь у сажы, у расхлістанай, прапаленай кашулі стаяў Юстын. Па зрэзаным маршчынамі твары плылі елёзы. Ен нешта мармытаў, як непрытомны. Рвала на сабе валасы і лямантавала Юстыніха. Атрахім кідаўся ў полымя сваёй хаты, яго стрымлівалі мужчыны, а ён ірваўся і валіўся з ног. Дагаралі селішчы трох працавітых, сумленных і дружных братоў. За якую гадзіну агонь праглынуў усё ад бацькоў нажытае многімі гадамі цяжкае працы і горкага поту, усё ляснула, збіранае па каліву і зярняці. Лепшыя гаспадары адразу сталі жабракамі.

Нікому не давала збыту думка: «Хто падпаліў? За што знявечыў самых ціхіх і сумленных братоў?» 3 гэтага дня мястэчка жыло ў трывозе і ў страху. Амаль кожную ноч нешта загаралася то ў адным, то ў другім канцы, ніхто спакойна не спаў — усю ноч прыслухоўваўся і прыглядаўся. Толькі і гаворкі было пра падпальшчыка. Кожны строіў свае здагадкі, успаміналі, хто калі з кім пасварыўся, прыглядаліся да кожнага пустадомка і пітака.

3 вуліцы ў вуліцу ад вечара да світання хадзіла варта. «Дзяжурны» кій пераходзіў з хаты ў хату, і ніхто не адмаўляўся: цікавалі з-за платоў і прыгуменняў, спынялі начных сустрэчных, і ўсё адно — у самых неспадзяваных месцах успыхвалі пажары. Падпальшчык тэрарызаваў мястэчка, а спаймаць яго ніяк не ўдавалася. Не маглі даўмецца, дзеля чаго ён гэта робіць. Помсціць? Не можа быць: падпальваў самых ціхманых, што і мухі не зачапілі.

Мабілізавалася і добраахвотная пажарная дружына. Камандаваў ёю ўсё той жа сівабароды фельчар Нохім, што ладзіў балі-маскарады, што бегаў да хворых, збіраў падаянні сіратам. Найбольшую



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет