Разьдзел 12.ПРАВАПІС КАРАНЁВЫХ ЗД, СТ, ЗГ, СК -
Спалучэньні зд, ст, зг, ск на канцы кораня чаргуюцца зь мяккімі сьвісьцячымі або з шыпячымі, што адлюстроўваецца на пісьме:
-
[зд || з’дз’ || ждж]: борзды – барзьдзіць – баржджэй; язда, зьезд, поезд (вясельны) – езьдзіць – ежджу, паяжджанін (удзельнік поезду);
-
[ст || с’ц’ || шч]: бэстыя – бэсьціць – разбэшчаны; вестка – вясьціць – вяшчун; густы – гусьцець – гушчар; зьмест – зьмясьціць – зьмешчаны; костка – касьцісты – кашчавы; паста – па´сьціць – па´шчу; помста – помсьціць – помшчу; пост – пасьці´ць – пашчу´; пястун – песьціць – пяшчoта;
-
[зґ || ждж]: мязга – мяжджыць; бразгат – бражджэць;
-
[ск || с’ц’ || шч]: бліск – блішчэць і блішчаць; віск – вішчэць і вішчаць; воск – вашчына; выпуск – выпусьціць – выпушчаць (побач з выпускаць); луска – лушчыць; трэск – трашчэць і трашчаць, у т. л. пры зьнікненьні беглага галоснага: пясок – пясковы – пяшчынка.
Разьдзел 13.ПРАВАПІС НЕПРЫСТАЎКАВЫХ ЗЫЧНЫХ ПЕРАД Ч -
Каранёвыя зычныя (у т. л. д, т, ж, з, с, на месцы якіх вымаўляюцца іншыя зычныя) перад суфіксальным ч пішуцца нязьменна: брат – братчык (сябра брацтва), гарод – гарoдчык, груз – грузчык37, данос – даносчык, допіс – дапісчык, матка – матчын, муж – мужчына, перапісаць – перапісчык, падпісацца – падпісчык, спадкаемца – спадчына, сусед – суседчын, сьведка – сьведчыць; Мётча, Радча, Седча, Калодчына, Лідчына, Наваградчына, Балотчыцы, Ёдчыцы, Матчыцы. Але: малады – малайчына (як і малойца), нябога – нябожчык.
-
Зычныя ў суфіксах -ск-, -цк- перад суфіксам -ін-/-ын-(а) пераходзяць у шыпячыя, што перадаецца на пісьме:
-
-скі – -шчына: бацькоўскі – бацькаўшчына, беларускі – беларушчына, вугорскі – Вугоршчына, залескі (ад Залесьсе) – Залешчына, менскі – Меншчына, татарскі – татаршчына;
-
-цкі – -ччына: азіяцкі – азіяччына, антысавецкі – антысавеччына, казацкі – казаччына, клецкі – Клеччына, нямецкі – Нямеччына, пoлацкі – Пoлаччына, славацкі – Славаччына, слуцкі – Случчына, турэцкі – Турэччына, рэкруцкі – рэкруччына, салдацкі – салдаччына, сьвецкі – старасьвеччына.
Разьдзел 14.ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ НА КАНЦЫ АСНОВАЎ НАЗOЎНІКАЎ ПЕРАД Ц -
На канцы асноваў назоўнікаў зычныя перад ц захoўваюцца на пісьме: дачцэ, суседцы, галяндцы, кувэйтцы, нарвэжцы, на лавачцы, на нітцы, па дарожцы, у загадцы. У такой пазыцыі аднаўляецца зыходная форма зычнага: хвасьцец – хвастцы (ад хвост), чы´стка – у чы´стцы, чысьце´ц – у чыстцы´ (ад чысты); але: айцец – айцы.
Достарыңызбен бөлісу: |