Крыху далей пачаўся бярэзнік, сярод якога высокімі конусамі хмурна зелянеў стары ядловец. Трапляліся і прысадзістыя, шырокія ў камлі, яліны, але часцей вось гэтыя – конусамі – ядлоўцавыя кусты, з крываватымі рэдзенькімі лапінкамі, кусты, як пабіты ржой, без ягад. А крыху далей, уздоўж старой пуцявіны, яны заўважылі справа густы і роўны, быццам дакладна вымераны прамавугольнік, маліннік. Ягады ў ім пракідаліся рэдкавата, іх даводзілася адшукваць. Але ўжо як пашчасціць, як адкрыецца табе вялікая і буйная гронка на тоўстым і моцным ціўі, дык хоць спявай. Нават у прыгаршчы не трэба збіраць. Ледзь зачэпіш ягады пальцамі, і яны адразу ж трапляюць табе ў рот. Алена і Анатоль радаваліся, жартавалі адзін над адным, ласаваліся ягадамі. Прайшоўшы крыху далей, яны натрапілі на нізенькі, у калена, рэдзенькі, затое густа – густа абсыпаны ягадамі маліннік. Ягады былі выспеленыя на сонцы і выгодзе, сакавітыя, салодкія, духмяныя. І кожная ягадзіна была быццам з воску, аж наскрозь свяцілася. І смак у яе асаблівы, незвычайнгы. І яны ўмомант назбіралі свой кошык з каптуром, астатніх пакідаць стала проста шкада. І яны яшчэ і яшчэ раз пачалі смакаваць іх, выбераючы сярод іншых самыя спелыя і смачныя. Паелі ўволю гэтай прыроднай смакаты, рушылі ўскрайкам лагчыны ў зваротны напрамак. Ішлі нацянькі праз густа парослыя ажыннікі, пакуль не выбраліся на ўскраек бярэзняку, голле якіх гойдаў цёплы, задушна – мяккі вецер, і, здавалася, што вялізнае чырвонае кола сонца дробненька трымціць і ўвесь час быццам бы точыцца ў лістоту. Яны спыніліся, паставілі свой кошык на дубовы пянёк, паглядзелі адзін на аднаго, быццам бы ўпершыню, не згаворваючыся, падышлі да тоўстай дубовай калоды і прыселі на яе вырубленае, быццам знарок зробленнае для іх, месца. Ён пачаў туліцца да яе, адчуваць яе цела, пяшчотна гладзіць яе летнюю сукенку, чуць сваё і яе сэрца, якія стукалі, спаборнічаючы між сабою – хто каго перагоніць, перастукае і дасць супакаенне. Але нічога такога не адбывалася да таго часу, пакуль яна не адштурхнула яго ад сябе, не адарвала свае вусны ад яго моцных пацалункаў. Супакоіўся і ён, калі заўважыў, як Алёна падышла да дубовага пня і ўзяла свой з малінаю кошык і паглядзела ў ягоны бок.
-- Пайшлі да хаты, -- прагаварыла яна. – Паглядзі, як сонца хутка хаваецца за лес, хутка і ноч наблізіцца.
У густым вечаровым сутонні сасонкі на балаціне выраўняліся, стаялі неяк дужа шчыльна, быццам замкнулі з сваіх галін надзейны і моцны ланцуг; зніклі малінавыя борвы на небе; над макаўкай бярозы завісла летняе сонца і святло яго было роўным і яркім. Анічога не адбывалася на паверхні зямлі, над якой, здавалася, тоіцца невымерная глыбіня; звінелі і гулі, ажно рабілася ніякавата, над тварам злосныя камары, якія, адчуўшы прахалоду, так і прыліпалі да твару, сядалі на рукі, лезлі да вушэй… А яны, амаль не размаўляючы, крочылі нацянькі па – над Убарцю да Зладзіна, да сваёй вёскі, неслі дзённы свой заробак – кошык з малінамі.
31
У вясковым клубе сабралася шмат вяскоўцаў. Усе чакалі, калі з бакавушкі клуба выйдуць прадстаўнікі раёна і іх старшыня калгаса Іван міхайлавіч Куніца. У апошні час на яго пасыпаліся з розных бакоў скаргі: адны патрабавалі яго зняць з пасады, другія – наадварот, пакінуць яго на гэтай пасадзе, як прынцыповага і сумленнага чалавека. Аднаасобнікі, якія і да гэтага часу яшчэ не ўступілі ў калгас, у большай колькасці маўчалі, ведалі, што можа значаць хоць адно выказанае імі слова, бо было ўжо нямала жыццёвых прыкладаў. Часта яны ўспаміналі Марка і яго сына Сымона, якіх арыштавалі і саслалі невядома куды, пакінуўшы Марчыху адну на ўсёй пустой сядзібе ля яе крынічкі ў прыстасаваным для курэй памяшканні. А яго дабротны дом і ўсё прыбудовы, як раней і ў Андрыяна Чэчкі, разабралі і перавезлі на калгасны двор. Хіба маглі забыць яны, як ноччу ’’чорны гургон’’ схапіў двух братоў Мішковых, Васіля і Міхала і павезлі невядома куды без слыху і духу. А за што арыштавалі лесніка Фёдара Мішкова, які многім дапамагаў вяскоўцам усім, чым мог, заўсёды паводзіў сябе памяркоўна, быў маласлоўным? Згубіўся дзесьці і Тарэн Мішкоў, бачылі людзі, як на полі да яго прыязджаў гэты страшны чорны грузавік. Ды мала што тварылася наўкола ў гэты неспакойны час. Пагаворваюць, што нават на мяжы з Польшчай каля вёскі Букча адбываецца многа розных недарэчнасцей. Так начальнік заставы Швыроў, каб выслужыцца і атрымаць чарговы кубік на пятліцах, ноччу прыходзіў у вёску, будзіў селяніна, в’ёў яго на мяжу і там расстрэльваў, каб заўтра зрабіць данос, што ён асабіста затрымаў шпіёна – перабажчыка і знішчыў яго за ўцёкі. І такім шляхам ён знішчыў некалькі чалавек, каб зарабіць сабе кубікі, павышэнне па службе. І калі на гэтым калгасным сходзе нейкім чынам зайшла гаворка аб гэтым, а пачаў яе настаўнік мясцовай школы Анатоль Іванавіч, які ў сваёй прамове гаварыў зашмат аб калгасных справах, усіх недахопах, якія, на яго думку, меліся па віне кіраўніцтва калгаса і ў першую чаргу яго старшыні, некалькі слоў сказаў і аб абароне правоў калгаснікаў, над якімі ў раёне чыняцца бясчынствы, і прывёў прыклад Букчанскай заставы, яе начальніка Швырова, крыху закрануў пытанне аб вяскоўцах, якіх забралі ў ’’чорны воран.’’
Яго сябар, настаўнік гісторыі Іван Сцяпанавіч Пархоменка, схапіў яго за крысо кубрака і моцна пацягнуў на сябе, але Анатоль Іванавіч ужо не звяртаў на ўсё гэта ўвагі, працягваў гаварыць аб тым, што зусім без усялякай прычыны арыштаваны такія вяскоўцы, як Даніл Мішкоў, Мікіта Чэчка, якога на днях везлі праз Зладзінскі мост і ён крычаў свайму сыну, каб той памятаў яго, шанаваў, бо ён ні ў чым не вінаваты…
Упаўнаважаны раёна і міліцыянер доўга глядзелі ў бок настаўніка, які штосьці спрабаваў яшчэ даказваць на месцы свайму сябру, але той па – сапраўднаму ўжо яго тузануў, каб ён сціх і слухаў далей прамоўцаў калгаснага сходу, дзе вяліся спрэчкі наконт таго, што зусім мізэрны заробак маецца ў калгасе: на працадзень сёлета выдаткавалі ўсяго толькі па чатырыста грамаў зерня і па столькі ж бульбы. А дзяржава патрабуе сваё: патрэбна здаць 200 кілаграмаў збажыны, 300 кілаграмаў бульбы, 200 літраў малака, 50 кг. мяса, скуру з жывёлы, 200 штук курыных яіц, 20 кг. лёну – прадзва, а яшчэ падпісацца на зеём, аблігацыі і г. д. А дзе ж узяць усё гэтае, каб разлічыцца з дзяржаваю? Сабраць у лесе грыбы і ягады, дык за іх у сельпо даюць капейкі, за якія нават у краме не купіш газы і якія – небудзь штонікі дзецям, ці кніжкі для школы.
Шмат пытанняў паднялі калгаснікі наконт таго, што ім не дазваляюць працаваць для Данбаса ў нарыхтоўцы драўніны, дзе людзі атрымоўваюць нядрэнныя заробкі. Але на гэтае пытанне адказу ад упаўнаважаных з раёна яны не атрымалі. Скончылася ўсё тым, што меншасцю галасоў быў абраны новы старшыня калгаса, якога прывезлі з раёна.
Да хаты Алёна і Анатоль вярталіся моўчкі. Толькі ўжо ля веснічак, калі яна спрабавала падняцца на ганак, ён прамовіў:
-- Выходзь за мяне, Алёна, замуж.
Яна быццам спалохалася, зірнула на яго з дошкі ганку і прамовіла:
-- Вось так і адразу?
-- А чаго ж цягнуць, заўтра ж пойдзем у сельсавет і зарэгіструем наш шлюб.
Яна спусцілася з ганку, падышла да яго і пачала пяшчотна гладзіць яго твар, цалаваць вусны. Ён зразумеў, што яна згодна выйсці за яго замуж. Таму пайшоў за ёю, калі адчуў дотык яе цёплай рукі і яе рухі да хаты.
У цёплай ціхай хаціне было прывольна і прыгожа. Усё было абстаўлена па – гаспадарску: у куце стаяла вялізная, акаваная ўмельцам – кавалём, скрыня, побач стаяла этажэрка з кнігамі, пасярэдзіне пакоя вырысоўваўся накрыты абрусам стол, на якім стаялі прыгожыя кветкі, далей пад вокнамі доўжылася самаробная канапа. Туды і прымасціўся настаўнік, чакаў, калі з кухні не выйдзе Алёна. А яна сябе не прымусіла доўга чакаць. Вынесла адтуль смажаніну і невялічкую бутэльку з напоем.
-- Калі ласка, сядай, вячэраць будзем. А вып’ем за наша будучае вяселле. Бацькоў клікаць не будзем – ужо позні час, няхай адпачываюць.
Пасля некалькіх выпітых кілішак, яна ўзяла ягоную руку і пацягнула ў сваю дзявочую бакавушку. Ён спыніўся ля дзвярэй, каб зняць з ног чаравікі, адшукаў месца, каб іх крыху прыхаваць, бо адзін з іх неяк дзіўна ўжо паказваў зубы, якія былі вельмі не своечасова, як адзначыў пра сябе гаспадар, тулячы іх за скрыню. А яна ў сваім пакойчыку ужо крыху распранулася, не ведаючы, як сябе паводзіць далей. Абцягнула крыху на сабе сукенку, якая моцна прыліпла да цела, міжволі зірнула на свае грудзі насуперак двух грушак, што здавалася ёй, яны сталі нейкія крыху большыя за гэты час: яна турзанула за сукенку насупраць двух грушак, зрабіўшы гэта, яна аж сумелася, пачырванела: каб толькі не заўважыў ён гэтага, бо як будзе схаваць ад яго ўсё гэтае?...
Калі заглянуў ён ў пакойчык, яна ляжала ўжо на ложку, чуць – чуць прыкрыўшы сябе коўдраю. Ён паглядзеў на яе постаць і пажадлівыя думкі адразу палезлі яму ў галаву, павялі яго да яе цела, прымушаючы мацней тахкаць сэрца, туманячы зрок, часам ажно казытлівыя мурашкі пачалі прабягаць па целе, калі нечакана мроі заходзілі за дазволеную мяжу. І ён наблізіўся да ложка, асцярожна адкінуў коўдру і прымасціўся побач. Яна маўчала, не супраціўлялася і тады, калі ён дакрануўся рукою да яе на грудзях гузічкаў, пакранаў іх, ад чаго яны ўзбудзіліся, натапырыліся, а вакол іх скура зрабілася як на падушачках пальцаў пасля працяглага іх знаходжання ў вадзе. Вочы так і п’юць яе асалоду ад усей яе зграбнай постаці, проста любуюцца гэтым дасканалым тварэннем прыроды, здзіўляюцца такому неверагоднаму майстэрству нябачнага тварца. Прырода зладзіла яе так, што, каб і хацеў, то не знайшоў бы да чаго прычапіцца…
Яна абхапіла яго рукамі за шыю, прытуліла да сябе і пачала лавіць яго вусны, смактаць іх, вымаўляць нейкія нявыразныя гукі. Яе вочы блішчэлі, нібы зялёнае шкло, вусны былі гарачыя, сакавітыя, не было моцы адпускаць іх, перастаць цалаваць.
Яму было цудоўна, ён абнюхваў яе, быццам ніколі нічога смачнейшага не бачыў і не адчуваў, фыркаў, аблізваў яе шыю, губы, адчуваў, быццам увесь свет быў у ёй…
Цяжка дыхаючы, ён скаціўся на ўскраек ложка і задаволена падумаў: ’’Колькі ім дадзена быць разам і вось так смакаваць радасць жыцця?’’ Ён ніколі не будзе адмаўляцца ад гэтай радасці, паколькі адчуў, што і яна задаволенагэтым не менш за яго. І ён прытуліўся да яе гарачага, як агонь, цела і пачаў зноўку яе цалаваць, гладзіць яе невялічкія кругленькія дзявочыя грудзі, песціць іх. А яна, мусіць, забылася ў яго абдымках пра ўсё на свеце. Ён быў цяпер яе гаспадаром, уладаром, і яна была вельмі шчаслівай. Яе каштанавыя валасы, трошкі разбэрсаныя, пераблытаны і мокрыя ад поту, нібы хутра, ахінулі шыю, плечы, мокрыя кучаравінкі прыліплі да ілба, твар расчырванеў і вочы блішчэлі на ім ярка і весела…
Праснуўшыся раніцою, ён ад неспадзеўкі неяк нават разгубіўся – побач ляжала яна, амаль нічым не прыкрытая, соладка пасопваючы, яна, пэўна, таксама спахопіцца, калі прачнецца, а зараз ён з вялікім задавальненнем разглядаў усю яе: яе прыгожыя ногі, яе яшчэ зусім дзявочы стан, тыя невялічкія дзявочыя яе грудзі, якія ўчора звечара ён з такою асалодаю іх песціў і цалаваў, яе кучаравінкі шаўковых валасоў, якія так прыгожа ляжалі на яе прыгожым твары і не мог паверыць, што бачыць ён усё гэта , што мае ён ужо нейкае дачыненне да яе.
Магчыма яшчэ і больш бы з вялікаю асалодаю разглядаў ён яе, яе гэтую прыгажосць, дадзеную ёй богам, каб не пачуў за акном нейкія незнаёмыя галасы, якія неяк пагрозліва даносіліся адтуль да яго слыху. Ён паціху падняўся з ложка, прыкрыў яе коўдраю і пачаў павольна апранацца. Яна ў гэты час прачнулася, пацягнула да верху свае белыя рукі і адкрыла вочы. Не спалохалася, паклікала яго да сябе, але таксама пачула ў хаце незнаёмыя галасы і пачала апранацца.
-- Дык вось дзе ён хаваецца! – моцным гучным голасам выгукнуў тоўсты міліцыянер. – А мы ўжо збіліся з ног, шукаючы гэтага польскага шпіёна, дыверсанта, які агітуе сялян супраць савецкай улады ў адкрытую. Ану збірайся! Больш табе каханак у тваім жыцці не бачыць…
-- Якое вы маеце права так абыходзіцца з настаўнікам? – спрабаваў умяшацца ў гэтую справу бацька Алёны. Але яго адштурхнулі, не далі нават развітацца з каханаю, павялі да ’’чорнага гургана.’’
Алёна была ў роспачы, плакала, прычытала па каханым, гаварыла аб несправядлівасці ўладаў да такіх людзей, як Анатоль. Хоць яна ў клубе і чула выказванні яго наконт абароны вяскоўцаў, але ж дзе справядлівасць, якая б абараніла людзей ад вылюдкаў, якія спасылаюцца на дзяржаўныя загады, жывуць у сваіх карыслівых мэтах, праводзяць здзекі над людзьмі. Людзей ні ў чым не павінных хапаюць ноччу, як тыя драпежныя гурганы, вязуць іх невядома куды – і людзі знікаюць. Вось ужо колькі людзей згублена з вёскі, невядома дзе яны і падзеліся. Не так даўно ноччу забралі Цімохава Савелія Змітравіча, які працаваў доктарам у Лельчыцкай бальніцы. З якой цяжкасцю яму давялося атрымаць веды па медыцыне, каб прыносіць хоць крыху палёгкі ў жыцці людзей? А колькі выратаваў ён жыццяў людзям не толькі сваім вяскоўцам, але ж і іншым? А вось камусьці не спадабалася, што руплівы чалавек апрача сваіх лекавых спраў, займаўся яшчэ і вясковай сельскай гаспадаркай, меў каровы, свіней, курэй і ўсё другое, каб жыць у дастатку, гадаваць сваіх дзяцей, як гэта робяць іншыя. Але ж нечыя дрэнная рука напісала на яго данос, што ён аднасобнік, не ідзе працаваць у калгас. Дык ён жа працуе, лечыць людзей! Але там не захацелі разбірацца з гэтым, ім патрэбэн крывавы выканаць план па знішчэнню ’’ворагаў’’ народа. Савелія Цімохава выслалі ў Сібір на дзесяць гадоў катаргі. Узяліся і за Аляксея Чэчку. Яму прыпісалі тое, што яго бацька і маці ўцяклі ў Польшчу, а ён, будучы ў калгасе, агітаваў калгаснікаў не вельмі гнуць спіну на дабрадзеяў, займацца больш сваёю гаспадаркаю, гадаваць дзяцей, каб жылі яны ў дастатку.
А сям’я ў Аляксея і Лізаветы ўжо складалася з трох дзяўчынак і аднаго хлапчука Рыгоркі. Той жабрак, які напрасіўся да іх у хросныя, вельмі паспрыяў ім: дзеці нараджаліся, раслі здаровенькімі, а ён, жабрак, назаўсёды заставаўся ў іх хросным бацькам на ўсіх дзяцей, часта наведваў іх, прыносіў свае няхітрыя падарункі. Лізавета і Аляксей радаваліся, працавалі на сваёй гаспадарцы, прывучалі дзяцей змалку да працы, вучылі іх дабрабыту і вялікай павазе да людзей. Аляксей працаваў у калгасе будаўніком, нават давялося яму з рабочымі зносіць з Андрыянавай гары – так цяпер ужо называлі тое месца, дзе раней была іхняя хата і славутая дзедавая смалакурня. А стала на гэтым месцы пустэча: дымелі, засыпаныя зямлёю, дубовыя бярвенні, якія заставаліся ад Данбаскай нарыхтоўкі. З гэтай дрывясіны нарыхтоўвалі вугаль для калгаснай кузні. Туды часта Аляксей вадзіў сваіх дзяцей, каб расказаць аб гэтым месцы, аб дзядулі, які ведаў смалакурняю, аб сваім бацьку Андрыяну, які жыў тут з іхняю бабуляю Ганкаю, працаваў на смалакурні і сплаву лесу па Ўбарці, які цудоўны быў ён інжынер, як добра ведаў ён сваю справу, як любілі і паважалі яго людзі.
Аляксей пачаў адчуваць штосьці небяспечнае, бо аднойчы, калі наведаў з дзяцьмі ён гэтую гару, вельмі ўжо пачалі яскрава ўсплываць перад яго вачыма розныя малюнкі з яго мінулага жыцця. І ён расказваў сваім дзецям, як жылі яны вось на гэтай гары, як у маленстве яны з брацікам Андрэйкам гулялі ля сваёй хаты, латошылі яшчэ не зусім спелыя яблыкі ў сваім садзе, бегалі ўлетку купацца да Ўбарці, комляю лавілі па азёрах рыбу, ласаваліся ёю, калі маці разам з патэльняю падавала яе на стол і хваліла заўзятых рыбакоў з добрым уловам. А як любілі яны з Андрэйкам на лузе збіраць прыгожыя кветкі, рабіць з іх вяночкі і прыносіць іх маці на яе дзень нараджэння!...
-- А дзе зараз наш дзядзька Андрэй? – падала голас дапытлівая Волечка.
Аляксей неяк па – асабліваму зморшчыў нос, паглядзеў удалечыню за Ўбарць і паціху адказаў: ’’Не ведаю я, пасля гэтай поўнай недарэчнасці, што адбылася дзесяць гадоў таму, сувязь з Андрэйкам перарвалася. Пэўна, і на яго, на яго верасповедзь, пасыпаліся таксама шматлікія ганенні, бо ён служыў тады ўжо пры царкве ў Мінску.’’
Дзеці прыціхлі, слухалі свайго бацьку, які сумна глядзеў удалячынь, быццам бы развітваўся з усім тым, што акружала іх тут, на гэтай Андрыянавай гары. Ён зрабіў некалькі крокаў наперад, каб сустрэць Лізавету, якая ішла да іх, трымаючы на руках маленькую Маруську.
-- Дык вось дзе вы схаваліся ад мяне? – пажартавала маці дзяцей. – А мы вас шукалі паўсюдна, пачалі пытаць нават людзей, дзе вы падзеліся. А вы вось дзе! Прыйшлі на сядзібу бацькі, які вырас тут, дзе некаторы час жыла і я. Вельмі добра, але ўжо час вяртацца вам да хаты, бачыце, як сонца хутка коціцца за вёску, чапляецца сваімі прамянямі за дубы, што вырысоўваюцца на мясцовых могілках.
Аляксей яшчэ раз неяк сумотна паглядзеў наўкола, кінуў свой позірк ўдалячыню за Ўбарць, узяў малую Маруську на рукі і яны нацянькі пакрочылі да сваёй хаты.
А ноччу пастукалі ў шыбіну, пацягнулі моцна за дзверы, адчынілі іх і, як галодныя ваўкі, накінуліся на Аляксея. Ніхто з іх не звяртаў увагі на галашэнне Лізаветы, моцны плач дзяцей, якія не разумелі, што адбываецца, чаго дамагаюцца гэтыя азвярэлыя дзядзькі, за што б’юць яны іхняга бацьку, які так сумотна глядзіць на іх, абараняецца як толькі можа, каб не паваліцца на падлогу. А яны яго босага і голага пацягнулі за дзверы, не далі яму прамовіць ніводнага слова на сваё апошняе развітанне…
У тую ж ноч нязваныя госці наведалі і сядзібу Пятра Цімохава. Доўга яны спрачаліся між сабою, калі той паказаў ім паперы, якія сведчылі, што ён удзельнік грамадзянскай вайны, мае асабістую пісьмовую падзяку ад самога Будзённага. Гэтую паперчыну перадавалі яны з рук у рукі, чыталі пры газавай лямпе на ёй словы па складах, нявыразна вымаўляючы іх, затым вярнулі яе гаспадару і, грукочучы ботамі па падлозе, выйшлі з хаты. А ў гэты момант пад вокнамі, на водблеску ад святла лямпы, заўважылі суседзі Яўхіма і Карпа, якія туліліся да сцяны, калі між іх ішлі незадаволеныя міліцыянеры.
Паехалі яны ў бок Манчыц і Замошша, бо з пустою машынаю ім вяртацца забаранялася – не выконвалі яны ім даведзены план. А на тое, што наўкола плакалі людзі, дарослыя і дзеці, іх гэта нічутачкі не кранала – яны сумленна выконвалі загады ўлады па знішчэнню ворагаў народа, польскіх шпіёнаў, якія, быццам бы рыхтавалі сябе да пераходу за мяжу каля Букчанскай заставы. І чым менш застанецца такіх ненадзейных людзей, тым спакайнейшым будзе жыццё наўкола, меркавалі чыноўнікі ва ўладзе. Таму без усялякага суда, многіх арыштаваных везлі да Мазыра і там каля Баброў па – здрадніцку забівалі іх, спіхвалі мёртвых і параненых у вялізныя ямы, засыпалі зямлёю. Некаторых адпраўлялі ў далёкую Сібыр на пастаяннае пасяленне. Адтуль забаранялася ім пісаць паштоўкі на радзіму, паведамляць аб сваім пакутлівым жыцці сярод тайгі. Але ж у такіх людзей цяплілася яшчэ нейкая надзея выжыць, сустрэць сваіх родных і знаёмых хоць праз многія гады, бо былі яны яшчэ маладымі, моцнымі ў сіле і здароўі…
… Вёска разрасталася, будаваліся новыя дамы, куды сяліліся маладыя сем’і, пачалі мець людзі крыху большы дастатак як ад калгаса, так і ад сваіх прысядзібных кавалкаў зямлі. Праўда, апрацоўваць у калгасе зямлю не было чым і не было каму, бо лепшых хлебаробаў схапіў чорны ’’гургон,’’ а Буйнавіцкая МТС мела зусім мала трактароў, каб забяспечыць імі навакольныя калгасы. Ды і тыя вельмі часта псаваліся, не мелася для іх у дастатку патрэбных запчастак. Даводзілася ўсе цяжкія работы ў калгасе ўзвальваць на плечы мужчын, якіх не арыштавалі, жанчын і падлеткаў. Хлапчукі іншы раз, каб дапамагчы маці, замест заняткаў у школе, хадзілі на калгасным полі за плугам, або бараною цэлымі днямі. Дырэктар мясцовай школы Ларыса Сцяпанаўна не раз падымала гэтае пытанне не толькі на калгасным сходзе, але і ў раёне, але ніякага спачування ёй у гэтым не было, бо такое тварылася паўсюдна. Многія дзеці пакідалі заняткі ў школе, працавалі ў калгасе, на дамашніх гаспадарках, збіралі ўлетку грыбы і ягады. Асобныя ўладкоўваліся на працу да нарыхтоўшчыкаў Данбаса: вазілі лес да канцавой вузкакалейкі, якая была адразу ж за мастом і цягнулася да стыку каля Засуння, а далей паўз Буйнавічы і да самага Ельска.
Неяк пачалі пакрыху забывацца тыя цяжкія дні і ночы, калі чорная машына хадзіла па вёсцы і хапала людзей ноччу з ложкаў, а ўдзень з палёў і агародаў. Па вечарах пачалі чуваць у розных кутках песні, нейкія працяглыя, сумнаватыя. Гэта збіраліся пасля цяжкай дзённай працы жанчыны, каб перагаварыць аб сваіх каханых, якія дзесьці пакутваюць удалечыні ад гэтай мясцовасці, сумуюць без іх, сваіх дзяцей. Кожная з іх яшчэ спадзявалася, што яны жывыя і вось – вось у хуткім часе прышлюць аб сабе вестачку. Хіба ў той час хто з іх мог дагадвацца, што некаторыя іх каханыя ўжо даўно ляжаць у агульнай вялікай магіле ля Мазыра, зусім непадалёку ад сваёй хаты…
Аднойчы неяк прагаварыўся аб пачутым настаўнік гісторыі мясцовай школы Іван Сцяпанавіч Пархоменка, які быў на настаўніцкіх курсах у Мазыры. Здавалася, прамовіў ён у настаўніцкай толькі некалькі пачутых там выразаў, а да яго пачалі звяртацца многія жанчыны – удовы, якія нічога не ведалі пра сваіх гаспадароў вось ужо колькі гадоў. Нічога пэўнага ён ім не мог сказаць, бо хто ведаў, каго там засыпалі зямлёю пад Мазыром за ўсе гэтыя гады? Але насцярожыўся пасля ўсяго гэтага і сам ён, ведаў, што можа паўтарыцца гісторыя такая, якая здарылася ўжо аднойчы з яго сябрам Анатолем Іванавічам, калі той на калгасным сходзе сказаў некалькі слоў у абарону вяскоўцаў. І гэты каверзны момант не прымусіў сябе доўга чакаць. Чорная машына раніцою пад’ехала да школы, з яе вылезлі два тоўстых міліцыянеры, прыйшлі у настаўніцкую і тут жа закавалі яго ў наручнікі. Дзеці і настаўнікі хваляваліся, крычалі, што ён добры і сумленны чалавек, але ніхто іх не слухаў, яго моцна штурханулі ў машыну і павезлі ў напрамку Лельчыц.
Гэта быў апошні чалавек са Зладзіна, які быў схоплены і адпраўлены ў невядомым кірунку ў той жудасны час канца трыццатых гадоў. Бо ўжо ў верасні месяцы 1939 года вайсковыя часці Чырвонай Арміі перайшлі дзяржаўную мяжу з Польшчай і занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі і Украіны і Лельчыцкі раён перастаў быць пагранічным. Ужо не так турбаваліся мясцовыя ўлады, што наўкола ёсць зашмат шпіёнаў і перабежчыкаў…
32
На двары сапраўды раскашавала вясна. Смялей і смялей пачало паказвацца сонца – лагодна, на ўвесь рот, усміхалася, грэла, гнала прэч ад сябе цемру, халады, якія так надакучылі за гэтую зіму, натхняла, абнадзейвала ўсіх зладзінцаў на штосьці лепшае. Бо амаль кожны з іх зведаў нямала турбот з боку ўладаў за гэтыя гады, калі амаль штоночы па вясковай вуліцы гула чорная машына, прыносячы гора і пакуты старым і малым, жанчынам, якія пачалі сябе лічыць даўно ўдовамі, бо ніякія весткі аб схопленых мужчынах да вёскі так і не даходзілі.
Па звычцы, яны і ў гэтую вясну ішлі на калгасны двор, каб пачытаць на слупе, куды накіроўвае іх на работу брыгадзір, што браць з сабою з прыладаў працы, пачуць што – небудзь з навін, бо гавораць, што дзесьці ўжо непадалёку немцы вядуць вайну, забіваюць шмат людзей.
-- Каб толькі не было вайны ў нас, -- з роспаччу гаворыць Лізавета сваёй сяброўцы Таццяне. – А то што мы будзем рабіць без гаспадароў у доме, калі гэтыя немцы з’явяцца сюды?
-- Не гаварыце, цётачка… Я і сама ўжо не раз думала аб гэтым. Мы яшчэ так – сяк, а вось у кожнага з нас маецца столькі малалетніх дзяцей, што будзе з імі. Гавораць, што дзяцей яны забіваюць, топяць іх у калодзежах, а дарослых прымушаюць працаваць на сябе, або гоняць у нямеччыну. Нейкі з Польшчы перабежчык быў у Лельчыцах, дык расказваў аб усім гэтым. Але яго арыштавалі і звезлі кудысьці, каб ён не наводзіў жаху на нашых людзей.
-- Можа гэта наш свёкар нёс з Польшчы нам нейкую вестачку, каб папярэдзіць нас, чымсьці дапамагчы мне і яго ўнукам. Ён жа і не ведае, што яго сыночка Аляксейка ўжо даўно няма з намі, што мы нічога не ведаем аб ім, дзе ён, ці жывы ён?...
Дарога да калгаснага двара ўжо крыху падсохла, у паветры трымцела цёплае мроіва, у якім над палянкаю маленькімі чорнымі кропкамі віселі жаваранкі, ад якіх несліся цудоўныя вясновыя званочкі, якія наводзілі на нейкі смутак, на нейкую развагу. А калі Лізавета пачула і каля калгаснай канторы пра навіну, аб якой вялася гутарка вяскоўцаў, стала ўпэўнівацца, што яна мае прадчуванне, якое яе прыгнятае, бо гэтай ноччу бачыла яна сон, як яе свёкар ёй штосьці хацеў расказаць. Але яна зусім не чула яго голасу, хоць ён, здавалася, і моцна крычаў.
Яна збочыла на падворак Яўгеніі – саламянкі, каб яна ёй паваражыла, разгадала яе цяжкі сон. Тая стаяла ў сябе на падворку, карміла курэй. Калі заўважыла Лізавету, выцерла рукі аб спадніцу, прысела на ўслончык і пачала ўважліва слухаць яе, трымаючы ў руках невялічкі пучок саломкі, які перакідвала з рукі на руку, пазіраючы кудысьці далёка – далёка ў вясновае мроіва. Яна быццам бы не слухала кабету, здавалася думала аб чымсьці сваім, але ж калі Лізавета спыніла сваю прамову, яна яшчэ раз перакруціла зверху наніз сваю саломку і прамовіла: ’’Гэта не твой свёкар быў там, то быў зусім пабочны чалавек.’’
Достарыңызбен бөлісу: |