Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу



бет2/24
Дата20.06.2016
өлшемі2.54 Mb.
#148808
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Ён выйшаў з кацельні на свежае паветра. За гэты час морак увачавідкі ахутаў зямлю. Асядала на дол вячэрняя прахалода, няўлоўная, але адчувальная туга. Неба было, як бяздонная бочка, акругленае змрокам і неймаверна бясконцае ўвысь. Зрэдку дзе ўвысі ўспыхвалі дрыжачыя зоркі, але хутка знікалі,-- то гаснулі, то закрываліся хмарамі. Збіралася на дождж : паветра было спёртае, і раса на траве не бралася.

Андрыян мернымі крокамі пайшоў у бок Убарці, каб яшчэ раз удыхнуць у свае грудзі свежага паветра перад надыходам ночы, каб лепш спалася ў сваёй, ужо абжытай за кароткі час, бакавушцы. Зірнуў назад і заўважыў непадалёку ад панскага дома нейкую постаць. Спачатку ён не звярнуў на гэта асаблівай увагі, але калі гэтая постаць пачала рухацца ў яго бок, спыніўся, прыгледзеўся ў цемнаце і пазнаў яе, Ганку. Яна падышла да яго і, нічога не гаворачы, прытулілася да яго. Ён спачатку разгубіўся, не ведаў, як паступіць у даным выпадку, але ж калі яна абхапіла яго за шыю і сваімі пульхлымі губамі прыльнула да ягоных губ, а яе дзявочыя моцныя грудзі пачалі ўпірацца ў яго грудзі, супакоіўся, пачаў адказваць на яе пацалункі, туліць яе да сябе.

Задаволіў сябе пацалункамі, Ганка паціху прашаптала :

-- Дык чаго ж Вы ніколі не заходзіце больш да нас?

-- Ты ж бачыш, пані Ганка, колькі ў нас работы на смалакурні, усё часу не хапае. Ды і ты ніколі не запрашаеш мяне да сябе ў госці…

Дык вось зараз я запрашаю Вас да сябе на мой дзень нараджэння, які будзе праз пяць дзён, у нядзелю.

Яна яшчэ раз моцна пацалавала яго на развітанне і хуценька пашыбавала ў бок сваёй хаты…

Як ачумрэлы, яшчэ доўга стаяў Андрыян на беразе Ўбарці, узіраўся ў яе пералівістыя хвалі, якія, здавалася, танцавалі ад радасці пад святлом начнога месяца, які раз – пораз яму ўсміхаўся, высоўваючы свой твар з – за восенскіх хмар. Доўга яшчэ адчуваў ён дотык да яго цела маладога цела Ганкі, яе пяшчотныя пацалункі і абдымкі, яе лёгкае і такое цёплае дыханне.

-- Няўжо гэтае дзяўчо так закахалася ў мяне? – думаў Андрыян, адыходзячы ўсё далей і далей ад панскай хаты ў бок дубніка, што цягнуўся па – над Убарцю на некалькі вёрст. Адчуў пад нагамі мокрае дубовае лісце, якое прыліпала да яго ботаў, яно перамешвалася з чорнай мокрай граззю. Яшчэ зусім нядаўна гэтае лісце радавала вока сваёй прыгажосцю, а цяпер на яго ніхто не звяртаў увагі.

За Ўбарцю, раз – пораз хаваючыся за вершалінамі дубоў і невялічкіх хмараў, крочыў з ім побач шчарбаты месяц, які стаў на сёняшні вечар яго надзейным спадарожнікам, зрэдку асвятляў яму дарогу. Другім яго спадарожнікам стала сава, бо сачыла за яго кожным рухам. Калі ён спыняўся дзе – небудзь пад разгалінковым дубам, яна абавязкова масцілася непадалёку і спявала свае славутае : ’’кугі – кугу,’’ наганяючы на яго нейкі смутак.

-- Вот прычапілася!—Падумаў пра сябе хлапец. – Усяроўна як падгледзела ягонае незнарокавае спатканне з Ганкаю і цяпер раўнуючы помсціць яму за гэта, не адстае ад яго ні на крок. Ён спрабаваў прытаіцца каля тоўстага векавога дуба – волата, але яна з вышыні падгледзела, дзе ён прытаіўся, села непадалёку на суседняе дрэва і працягвала сваю нудную цягучую песню. Нічога не заставалася яму, як вярнуцца бліжэй да смалакурні, каб толькі не чуць яе спеваў.

Святло ў панскіх пакоях ужо не гарэла. Пэўна, ужо ўгаманілася і Ганка, пасопвае сваім маленькім носікам у падушку, бачыць ужо нейкі латуценны дзявочы сон. А можа і яго бачыць у сне, бо ён жа падумаў аб ёй, аб іх першым, такім нечаканым для яго, спатканні. І ў гэтую хвіліну ён вырашыў :’’ Як бы далёка ў іх з Ганкай справы не заходзілі, ён будзе весці сябе ў адносінах да яе вельмі стрымана, не дазволіць сабе лішняга.’’

4
Пан Ермаловіч неяк за апошні час перамяніўся ў адносінах да сваёй сям’і, а таксама і да рабочых на смалакурні. Неяк не так ужо і сур’ёзна адрэгаваў на данос назіральніка аб тым, што пан інжынер неяк па – свойску размаўляў з рабочым Мішковым. Але ж калі дайшло да яго слыху, што Ганка сустракалася з інжынерам, ён неяк зусім незвычайна паглядзеў у бок пані Альжбеты, якая тут жа апусціла вочы долу, затым перав’ёў свой погляд на Ганку, якая паціху ўхмілялася ў свае ружовыя вусны, паглядзеў на Ядвісю, якая сядзела і глядзела на яго сваімі сумнымі вачыма і, нічога не сказаўшы, пакрочыў да дзвярэй.

Ён доўга думаў над усім гэтым пачутым, разважаў сам з сабою, з чаго пачаць размову з панам інжынерам, размову з Ганкаю. У яго былі намярэнні выдаць за пана інжынера сваю старэйшую дачку Ядвісю, а з Ганкаю будзе як будзе, час пакажа сваё, няхай падрастае ды набіраецца розуму. Але ж неўтаймаваная Ганка мае ягоны характар : калі ўжо што і вырашыць зрабіць, дык абавязкова даб’ецца свайго. Як калісці і ён, калі яму не дазволіў Генрых Адольфавіч пасватацца да Альжбеты, яны не паслухаліся яго і ўцяклі вось сюды, у палескую глухамань, каб ніхто іх адсюль не дастаў, нават яе бацька – немец. Праўда, многае ён прадпрынімаў для таго, каб вярнуць сваю адзіную дачку, але яму гэта не ўдалося – каханне перамагло, усё перамалола. Дык хіба тут з Ганкаю не тое адбываецца? Але ж, як я заўважаю, у гэтага хлапца – прыгажуна закахаліся дзве дачкі – і Ганка і Ядвіся. Абавязкова патрэбна будзе пагутарыць з панам інжынерам. Але пакуль аб чым з ім размаўляць? На гэтым яго памяркоўныя думкі і закончыліся. Як ні ў чым не бывала, ён падышоў да смалакурні, паглядзеў, як працуюць рабочыя, а разам з імі і інжынер штосьці паказвае і расказвае, не прамовіўшы ніводнага слова, развярнуўся і пакрочыў у бок сваёй хаты.

Увайшоўшы ў пакой, Яцэк Осіпавіч зразумеў, што між яго жанчынамі вялася сур’ёзная размова, бо ля стала сядзела заплаканая Ядвіся, і як ні ў чым не бывала, непадалёку ад яе сядзела ўсім задаволеная Ганка і пільна сачыла за ягоным выразам твару, як бы вызначаючы яго настрой і яго дальнейшыя дзеянні. І калі разгадала яго намер і дзеянні, папрасіла за сябе і Ядвісю ў яго дазволу, схадзіць да Ўбарці.

-- Якой Убарці? – праз слёзы закрычала Ядвіся. – Я з табою нікуды не пайду! Я цябе не хочу бачыць! Я ўсіх вас не хочу бачыць!

І яна кінулася з плачом у дзявочую бакавушку, каб выплакацца ў адзіноце, перамяшаць свае пакутлівыя думкі са слязамі. У яе вачах мроіўся ён, Андрыян, са сваімі блакітнымі вачыма, русявымі, чуць з завіточкамі кучаравак, валасамі, маладым прыгожым хлапечым тварам.

Але ж больш ён хіліцца да Ганкі, на яе не звяртае аніякай увагі, мала слухае, калі спрабуе яна яму штосьці расказваць. Вядома, Ганка крыху прыгажэйшая за яе, мае абрысы твару бацькі, але ж і яна нядрэнна выглядзіць у свае дваццаць чатыры гады, хоць мае абрысы твару сваёй маці. Бацька за штосьці пакахаў маці ў маладосці, калі дзед Генрых не дазваляў ім пажаніцца і яны вымушаны былі ўцячы вось сюды, у гэтую глухамань…

Калі зайшла Ганка ў іх бакавушку, яна нават і не паглядзела ў яе бок, выцірала насоўкай твар, свае чырвоныя ад плачу вочы.

-- Нічога я з сабою не зраблю, -- пачала здалёку Ганка. – Кахаю я яго, сніцца ён мне ноччу. Я яго ўжо нават запрасіла ўчора вечарам на свой юбілей, сваё дваццацігоддзе...

-- А ну пакінь мяне, вымятайся адсюль, каб ты тут…

І Ядвіся зноўку залілася ўся слязамі, пачала кідаць у сястру ўсё, што траплялася ёй пад руку, пры гэтым сыпала і сыпала ў яе бок усё больш і больш непрыстойных слоў. Ганка нават здзівілася, адкуль у сястры маецца столькі такіх дрэнных слоў, якія далятаюць да яе ды так ніжуць і пранізваюць яе маладое цела навылёт. Пэўна, пачулі гэтае ўсё і бацька з маці, бо адчынілі без усялякага дазволу дзверы і стаялі побач, слухалі, не перашкаджалі дачцэ выказаць усё тое, што назбіралася ў яе душы, у яе памяці.

-- Супакойся, дачушка, - спрабавала суцешыць яе маці, падыходзячы, спрабуючы дакрануцца да яе. Але яна каршуном упачатку кінулася на яе, а потым наўзрыд заплакала і прытулілася да яе цела. Яцэк Осіпавіч паціху адышоў назад, каб не бачыць і не чуць усяго гэтага. Цяжка ўздыхнуўшы, ён асцярожна зачыніў за сабою дзверы і паціху пакрочыў у бок смалакурні. Тут ён заглянуў у кацельню, сам пра сябе адзначыў, што нават крыху лепшы стаў парадак з прыходам інжынера на прадпрыемства, асабліва быў наведзены добры парадак у цэху, дзе выраблялася асноўная прадукцыя смалакурні. ’’ Але ж з прыходам гэтага інжынера зусім іншы парадак стаў у яго дома,-- прамількнула ў ягонай галаве параўнальная думка. – Нешта патрэбна вырашаць у гэтай справе. А як і што вырашыць?’’

Ён і не заўважыў, як яго ногі, не падпарадкуючыся яго галаве, прывялі яго да Ўбарці, на яго звыклае месца, да гладка спілаванага дубовага пня, дзе ён заўсёды праводзіць час, калі штосьці не ладзілася ў ягоным жыцці. Вось і зараз ён зручна прымасціўся на гэты дубовы пень, звёў свой позірк на воды Ўбарці, быццам пытаючыся ў яе, як выйсці з гэтага складанага становішча, каб не пакрыўдзіць нікога, у першую чаргу не пакрыўдзіць сваіх дачок.

А Ўбарць пералівала і пералівала свае памутнелыя за лета воды, напорыста гнала іх усё далей і далей у бок Прыпяці і ніяк не хацела ўступаць у гутарку з ім, не хацела даваць ніякія парады яму. Толькі іншы раз на вялікім омуце неяк пужліва крутане праз сілу сваю моц, каб нагнаць нейкага страху на чалавека, або папярэдзіць яго аб вялікай небяспецы. І гледзячы ў круцячы омут, Ермаловіч успомніў не адзін момант, калі небаракі іншы раз траплялі ў такое пекла і ўжо не маглі ніяк выпутацца з яго – ішлі на пясчанае дно Ўбарці. Калі іншы раз былі непадалёку людзі з лодкамі, дык некаторых з іх выратоўвалі, а многія ўсплывалі толькі праз некалькі дзён. Здавалася б ціхая рака Ўбарць, але ж яна амаль штогодна бярэ да сябе чалавека, асабліва тых, хто кідаецца ў яе ў нецвярозым выглядзе, або тых, у каго памуціўся розум і ён у роспача сам лезе ў яе омуты, каб больш адтуль ніколі не выбрацца.

-- Ды што гэта ў маю старэчую галаву лезуць і лезуць такія недарэчныя думкі? – падумаў пан Ермаловіч. – Хоць бы ні наклікаць якой бяды ў свой дом… І ён пачаў успамінаць, як калісці, яшчэ зусім маладым, калі будаваў сабе хату, пілаваў вось гэты дуб для падмурка, для дроў, на першую ў іх жыцці з Альжбетаю, вялікую марозную зіму вось тут на Палессі. Зімавалі тады яны ўдзвюх з ёю ў малапрыстасаваным памяшканні, без усялякіх выгод, радаваліся, што ўдалося ім уцячы з Польшчы ад яе бацькоў, схавацца тут, у гэтых неабсяжных палескіх прасторах яшчэ зусім неабжытага краю. Помніцца, з якою цяжкасцю даводзілася ёй прывыкаць да гэтых, няпростых для яе, умоў жыцця. Але ўсё звыклася, прыцярпелася, пасля нарадзіліся дочкі, вось ужо выраслі, а цяпер ужо і невядома што з імі рабіць, як уладкаваць іх далейшы лёс жыцця…

Ён паціху падняўся, паглядзеў сваімі старэчымі вачыма на Ўбарць, быццам бы яшчэ раз просячы ў яе нейкай парады і пакрочыў у напрамку сваёй хаты…

5
Надвор’е перамагалася – на змену пахмурным дажджлівым дням усё часцей прыходзілі ясныя, зорныя ночы. Волькасць і ядранасць асабліва адчувалася на світанні, калі бялелі, укрываліся інеем балоты, лугі. Пачыналі дзьмуць халодныя сіберныя вятры, якія зрывалі з дрэў апошняе лісце, неслі, гналі яго па дарогах, па полі, шпурлялі ў гразь, у лужы вады, што стаялі, маршчыніліся скрозь, у кожнай яміне, кожным раўчуку.

Восень развітвалася, адыходзіла – неўпрыкмет падкрадваліся халады, крочыла зімовая пара.

Андрыян падышоў да пана Ермаловіча, каб выказаць думку наконт таго, што набліжаецца зіма, а сыравіны на смалакурні пакуль назапашана няшмат. Патрэбна даць кліч і крыху павялічыць кошт сыравіны і тады у хутарскіх сялян з’явіцца зацікаўленасць у гэтым кірунку, больш пачнуць везці сыравіну на смалакурню.

Крыху падумаўшы, гаспадар пагадзіўся з інжынерам, бо ведаў, што ён мае рацыю ў гэтым. Ужо неаднойчы яму даводзілася ў зімовы час дабываць праз сялян патрэбную сыравіну для смалакурні, плаціць вялікія грошы за ўсё гэта. Таму ён адразу і прапанаваў адпаведны разлік за ўсё і даў згоду абвясціць усё сялянам.

На наступны ж дзень неабходная сыравіна паплыла да смалакурні, бо сяляне гэтага чакалі даўно і пакрыху чынілі запас пра сябе. Аб гэтым і ведаў Андрыян, калі даводзілася яму весці асабістыя гутаркі з рабочымі смалакурні.

Нарэшце, пасля студзённых вятроў, якія прыхапілі зямлю так, што яна аж звінела, выпаў першы снег, як звычайна нязвыкла чысты і белы, хоць ты і не ступай на яго. Раніцой у вокнах пасвятлела – гэты снег выпаў ноччу.

Выйшаўшы на вуліцу, Андрыян па мяккаму рыпучаму снегу пакрочыў у напрамку смалакурні. Там ён агледзеў гаспаларку, даў адпаведныя заданні рабочым і вырашыў правесці свой нядзельны выхадны дзень на зімняй палескай прыродзе. Пакрочыў спачатку ён да Ўбарці, затым яе берагам пайшоў дубняком насустрач зімоваму сонцу, якое з – за ракі выпускала у яго бок свае першыя промені.

Цішыня паўсюдна была такая, быццам нідзе ніхто не жыў. Толькі парыпваў пад нагамі мяккі, яшчэ не злежаны снег, парыпваў свежа, ядрана. І бела – бела навокал, куды ні паглядзі, аж усё сіняе. Снег пазакрываў няроўнасці на полі, на дарозе, папрагінаў долу сваім цяжарам бадыллё, траву.

А ў лесе, у лесе як пахарашэла! Бы ў зачараваным сне, стаялі прыпушчаныя холадам зімы дрэвы – асінкі, бярозы, дубы. Вечназялёныя сосны, здаецца, папрысядалі, паменшалі ростам. Снег ляжаў на прагалах, бялеў у ягадніку і верасе, прысыпаў ігліцу і лісце. Нідзе нічога не трэсне, ні скрыпне… Здавалася, што ўсё навокал спіць, нідзе ніхто не жыве, папрачынаўшыся, схаваліся ад першага спалоху зімы і здзіўлення. Але паступова ўсё жывое авалодвала сабою, шукала, што б паесці, дзе б схавацца ад холаду, пагрэцца. І сляды гэтага жыцця і турбот відаць былі скрозь на снезе. Імчаў, робячы замыславатыя, хітрыя петлі, заяц, бегла некуды не зварочваючы, замятаючы хвастом сляды, ліса, праставаў, быццам сапраўдны гаспадар лесу, воўк… І вавёрчыны, куніцыны сляды былі відаць то пад адным, то пад другім дрэвам…

-- Значыцца растане снег, -- падумаў Андрыян. – Было так заўсёды – сляды звяры пакідаюць на першым снезе – хутка растане снег. Калі снег кладзецца надоўга, тады звяры не спяшаюцца вылазіць са сваіх сховішчаў, не спяшаюцца пакідаць на снезе сляды. Вось як усё створана ў прыродзе, неяк зусім загадкава ўсё створана…

Ён усё крочыў і крочыў па бялюткім першым снезе спачатку па – над Убарцю, па яе лугавінах, затым перайшоў на прылугавыя лясныя прасторы, дзе было крыху спакайней і вальней, дзе так лёгка дыхалася чыстым сасновым паветрам. Ён іншы раз здымаў жменяю з невялічкіх сасёнак мяккі пушысты снег, лажыў яго ў рот і смактаў. Непадалёку ад невялікага раўчука, які пераліваў свае празрыстыя воды да Ўбарці, Андрыян заўважыў чырвонае вогнішча каліны, якая сваім колерам вельмі выдзялялася сярод белага снегу. Ён накіраваўся ў той бок і спалахнуў некалькі птушак, якія заўзята лакоміліся гэтымі зімовымі чырвонымі ягадамі. Ён укінуў некалькі ягадзінак каліны ў рот і ад задавальнення аж зацмокаў губамі – такімі смачнымі аказаліся яны. Адламаўшы некалькі галінак з куста каліны. Ён зрабіў букет, перавязаў яго шнурочкам і падумаў, што нядрэнны падарунак будзе Ганцы на сёняшні яе дзень нараджэння, на які запрасіла яна яго некалькі дзён назад. Можа не атрымаецца так, як было ў яго з ёю ў першы дзень іх сустрэчы ў іх доме, калі яна сказала, калі падаў ён лугавыя кветкі ўсім і ў тым ліку і ёй, а яна адказала, што такіх кветак у іх на лузе зашмат. І ён пагэтаму на сёняшні яе юбілей яшчэ падрыхтаваў з яўрэем Лайхманам і другі падарунак, а гэты будзе да ўсяго, як дадатак…

-- Якая прыгажосць наўкола! – прыжмурыўшы вочы ад променяў сонца, падумаў амаль услых хлапец. – Хіба можна не любіць гэткае хараство прыроды? Прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага. Чытаць гэту кнігу, умець адгадваць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце? Хіба нельга любавацца вось гэтымі засыпанымі, ушушканымі снегам пянькамі і камлямі дубоў, што, прыпарушаныя белым халодным пухам, удаюць яшчэ чарнейшымі, таўсцейшымі, соснамі, што, здаецца, прыселі, прыгнуліся ад цяжару голля? Ці могуць быць незаўважаныя вокам чалавека гэтыя зусім яшчэ маленькія вечназялёныя ёлачкі, якія, як тыя малыя дзеці, калі заўважаць незнаёмага чалавека, туляцца да сваёй маці, так і яны, пад цяжарам першага снегу, схіліліся да ўжа дарослых сасёнак, сваіх старэйшых сёстраў. На асінках менш завісла снегу, бо яны своечасова, рыхтуючыся да зімы, скінулі сваю вопратку і вось цяпер стаяць і калоцяцца на холадзе, чакаюць пацяплення…

Андрыян заўважыў, як высока ўгары з дупла асіны высунулася рыжая галоўка вавёркі; яна паглядзела наўкола, пэўна, заўважыла і яго, бо хутка схавалася назад у дупло. Але цікаўнасць узяла верх і яна зноў высунула галаву, ужо смялей аглянула наваколье і нават пазволіла сабе вылезці са свайго сховішча. Яна прымасцілася на галінцы і, трымаючы штосьці ў сваіх пярэдніх лапках, пачала старанна грызці. Шалупенне ляцела на зямлю і Андрыян падышоў да дрэва, каб упэўніцца, чым харчуецца вавёрка ў зімовы час. Смецце ад жалудоў ляцела на зямлю.

Здзівіла і тое, што вавёрка не хоча смяціць у сваім пакоі, выносіць ачысткі жалудоў на зямлю, каб не замінаць сабе… Цікава, а дзе ж жыве ён у гэты зімовы час, ды так і ўлетку, чаму не разам? Але на гэтае пытанне інжынер адказу не знайшоў. Звычайна амаль усе звярушкі жавуць паасобна, збліжаюцца, пэўна, толькі ў летні час, каб пакінуць пасля сябе нейкае патомства…

-- Вельмі занадта многа сёння задаю я сам сабе пытанняў, на якія падчас не маю аніякіх адказаў. Ці не час ужо вяртацца мне да хаты, каб не спазніцца, своечасова трапіць на юбілей да Ганкі…

6

Прывёўшы сябе ў парадак, захапіўшы падарункі, Андрыян накіраваўся да пана Ермаловіча, ведаў, што яго там чакаюць, асабліва Ганка. Ён, як і ў першы раз, нерашуча пераступіў парог кватэры, падышоў да жанчын, павітаўся, пацалаваў кожнай з іх руку, а Ганку павіншаваў з яе юбілеем, уручыў падарунак і не забыў падараваць ёй букет з ягад каліны. На гэты раз яна з задавальненнем панюхала букет, нават кінула сабе ў рот некалькі ягад і прынялася прымераць на сваю беленькую шыйку пазалочаныя пацёркі, падарунак любага ёй чалавека.



Ядвіся сядзела за сталом панурая, нават на яго прывітанне амаль не адказала. Твар яе выглядзеў нейкім заспаным, многім незадаволены. Затое твар Ганкі ўвесь свяціўся : прымераўшы пацёркі, яна некалькі разоў перачэплівала на сваіх дзявочых грудзях упрыгожванні, якія, пэўна, падараваў ёй бацька. Ён прыхаваў іх з таго часу, як былі тут на сваіх вялізных чаўнах паўднёвыя гандляры.

Як і ў той час, Яцэк Осіпавіч пачаў запрашаць усіх за стол. Не паспелі госці гэта зрабіць, як у дзверы моцна пастукалі і на парозе з’явіўся барадаты мужчына, яго жонка і з імі малады чарнявы хлапец, пэўна, сын запаздалых гасцей.

-- Заходзьце госцейкі ў хату, -- абрадавана загаварыў гаспадар. – Мы вас даўно чакаем, не чулі нават, як вы і пад’ехалі да нашай хаты.

Гаспадыня гасцей абдымалася з усімі, совала нейкія падарункі Ганцы, вяла больш размову з Альжбетаю.

-- Крыху на марозік падхапіла, -- каб неяк падтрымаць гаворку пачаў гаварыць госць. – Пэўна, ужо і на зіму паверне, снег выпаў.

-- Гэты снег растане, -- каб неяк падтрымаць гаворку, умяшаўся ў размову і Андрыян.

-- А Вы адкуль ведаеце? – перапытаў гаспадар – госць, якога Яцэк Осіпавіч назваў Язэпам Савічам.

-- Прабачце, Язэп Савіч, я Вас не пазнаёміў. Гэта мой інжынер майго прадпрыемства Андрыян Васільевіч Чэчка, працуе з пачатку восені тут.

-- Рады знаёмству, рады. А гэта мой сын Уладык, жонка – Аўдоцця Макараўна.

Відна было па выразу твару, што госць быў чымсьці не задаволены, штосьці кусала яго ў сярэдзіне, але ён стрымліваў сябе і працягваў размову.

-- Ну дык па чым Вы вызначылі, малады чалавек, што гэты снег растане, калі на двары мацуецца мароз?

-- Сёння быў я ў лесе і назіраў за многімі там жыхарамі. Прыйшоў да выніку, калі звяркі пакідаюць свае сляды па першым снезе – ён хутка растане.

-- Цікава, цікава, -- быццам перакрыўляючы інжынера, вымавіў чуць чутным голасам госць. – Пажывем – пабачым…

Андрыян заўважыў, як спрытна адскочыла ўбок Ганка, калі да яе падсеў Уладык. Гэта не маглі не заўважыць прысутныя і ў першую чаргу маці Ўладыка, бо адразу ж бойка ўступіла ў размову:

-- Не цурайся майго сынка, Ганначка. Ён у мяне вучоны, кніжкі чытае, а гаспадар які!

-- Ды хопіць табе, старая, самі маладыя разбяруцца як – небудзь!...

Каб згладзіць усю гэтую недарэчнасць, гаспадар дома запрасіў усіх гасцей сесці за стол.

Ганка села побач з Андрыянам, Уладык прымасціўся побач з Ядвісяю, старыя селі з другога боку стала.

Пасля першага кілішка размовы не вельмі клеіліся. Гаварыў хтосьці адзін – усе праз сілу неяк яго слухалі, а калі ў гаспадара і галоўнага госця прамільгнула вельмі зашмат кілішак, пачаўся моцны застольны гоман на розную тэму. У гасцей зводзілася ўсё гаворка да параднення, да будучага вяселля Ўладыка з Ганкаю.

Ганка не магла сябе стрымаць, маўчала толькі таму, што побач была з ім, сваім каханым, які сваім позіркам яе стрымліваў. Калі крыху ўгаманіліся, Андрыян падняўся і вельмі прыгожымі словамі павіншаваў Ганку з яе юбілеем, пажадаў ёй цудоўнага шчасця ў жыцці і моцнага – моцнага здароўя.

Усе ў гэты момант прыціхлі, слухалі цудоўныя словы інжынера, якіх да гэтага часу за сталом амаль ніхто і не вымавіў.

Пасля чарговага кілішыка, зноўку пачаліся за сталом весціся гучныя размовы. Хто што толькі не расказваў. Успомніў Юзэп Савіч і тое, чаму вёску клічуць Злодзінам. А пачаў ён вось з чаго:

-- Гадоў гэтак ужо з сотню ці болей, па дарозе з Мазыра на Тураў ехаў з аховаю нейкі вялікі вяльможны пан, дзяржаўны саветнік самой царыцы Кацярыны. А, вядома, мастоў праз Убарць было шмат, не так як зараз усяго чатыры. І вось на адным з мастоў калясо карэты трапіла ў яму і разляцелася. Пакінулі гэтую карэту на мосце і прыставілі варту, каней выпраглі, прывязалі на начлег каля яўрэйскага шынка і самі ўладкаваліся тут жа. Калі раніцою прачнуліся, заўважылі, што на конях пазалочаная вупраж была ўся абрэзана і ўкрадзена. Вяльможа раззлаваўся, запытаў, як называюць гэтую вёску, дзе жывуць зладзеі. Яму адказалі, што яе завуць Дубаўкі, пэўна, таму, што тут зашмат дубоў.

-- Якія Дубаўкі? – пракрычаў вяльможа. – Цяпер гэтую вёску будуць называць – Зладзеі, Злодзін! Пазнач пісарчук у сваёй кнізе…

-- З таго часу і па сёняшні дзень ваша пасяленне так і называюць Зладзіном, -- закончыў свой сказ Язэп Савіч. Усе пераглянуліся. Цікавым аповед здаўся і для Андрыяна, які сядзеў амаль цвярозы, бо не вельмі любіў гэты занятак. Ганка радавалася гэтаму, бо колькі турбот, асабліва ў апошнія гады, дастаўляе ім іх бацька, асабліва цяпер, калі прыехаў на смалакурню інжынер і амаль цалкам усклаў на свае плечы ўсе цяжкасці па гаспадарцы.

Уладык сядзеў побач з Ядвісяю, нешта ёй смешнае расказваў, яна паціху смяялася, іншы раз зыркала вачанятамі ў іх бок. Ганка ўзяла яго руку пад сталом і сваімі мяккімі пальчыкамі пачала перабіраць яго пальцы, раз – пораз зыркаючы сваімі вачанятамі на прысутных і на яго. А Язэп Савіч разыйшоўся не на жарты, ён і далей расказваў нейкія нескладаныя гісторыі пра тутэйшую мясцовасць, расказаў, што і іх хутар неяк названы не па – людску – Засунье, а вось побач хутар, сюды бліжэй да Зладзіна, дык завецца так, што нават сорамна гаварыць гэтае слова пры людзях. А назва яго пайшла ад старых груш – дзічак. І колькі ўжо не звярталіся жыхары гэтага хутара ў Мазыр, там толькі рукамі разводзяць і смяюцца. Так і жывуць сяляне на гэтым хутары, спрабуюць змоўчваць, калі ў іх пытаюць адкуль яны…

Андрыяну ўжо даводзілася чуць ад рабочых пра назву гэтага хутара, але ён не прыдаваў гэтаму значэння, думаў, мо гэта выдумка. А аказалася, што сапраўды існуе зусім недалёка ад іх пасялення такі хутар, з такою дзіўнай назваю.

Тым часам застолле ўжо падыходзіла да завяршэння. Была прапанавана гаспадаром апошняя чарка на пасашок, якую перакулілі толькі гаспадар і галоўны госць, і госці пачалі павольна, зусім не спяшаючыся, шукаць сваю вопратку. Калі ўсе ўжо былі ў адзенні, гаспадар хаты з бутэлькаю і кілішыкамі падышоў да Юзэпа Савіча і прапанаваў яму яшчэ прапусціць па адной.

Альжбета Генрыхаўна скоса паглядзела ў іх бок, што заўважыла Аўдоцця Макараўна, якая моцна штурхнула свайго гаспадара ў бок, ад чаго ў таго паляцела шклянка з напоем з рук. Яна бразнулася аб падлогу і разляцелася ва ўсе бакі.

-- Гэта на шчасце! – Выгукнула госця. – Няхай нашы дзеці жывуць у каханні шчасліва і радасна!

Усе прыціхлі. Нават Уладык і Ядвіся, якія стаялі ўжо ля дзвярэй, адрэгавалі на гэта з задаволенай усмешкаю. А Язэп Савіч, якому гаспадар больш не прапаноўваў шклянку, стаяў неяк у разгубленасці, не ведаў што яму рабіць у даным выпадку, бо добра падвыпіўшы гаспадар дома ўжо кіраваўся ў сваю бакоўку. Ён нацягнуў на сваю амаль лысую галаву аблавушку і зачыніў за сабою дзверы. Развітаўшыся, яго прыкладу паследавалі і астатнія…



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет