З.В. Антановіч
кандыдат гістарычных навук,
дацэнт ДУА «Беларускi джяржаўны унiверсiтэтi»
АДНАЎЛЕННЕ І ДЗЕЙНАСЦЬ
МІНСКАЙ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
(1917–1920-Я гг.)
Дыяцэзія з’яўляецца адной з буйнейшых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак рымска-каталіцкай царквы, таму працэс ліквідацыі і яе пазнейшага аднаўлення патрабуе спалучэння шэрагу фактараў. Сярод іх можна назваць стабільную ўнутрапалітычную сітуацыю ў краіне, наяўнасць актыўных прадстаўнікоў веравызнання, як сярод кліру, так і свецкіх асоб, кваліфікаваных кадраў для аднаўлення дзейнасці інстытутаў кіраўніцтва. Падобных прыкладаў у гісторыі каталіцтва няшмат і адным з найбольш цікавых з іх з’яўляецца Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія, якая была адноўлена ў неспрыяльных умовах Першай сусветнай вайны, напярэдадні грамадска-палітычных падзей 1917 г. у Расійскай імперыі і ў выніку якіх прыпыніла сваю дзейнасць.
Азначаная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была ўтворана ў 1798 г. пад кіраўніцтвам біскупа Я. Дзядзерка у выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэарганізацыі каталіцтва ў Расійскай імперыі [8, т. ХХV, с. 126]. У канцы XVIII–пачатку ХІХ ст. асноўныя органы яе кіраўніцтва (біскуп, капітул і кансісторыя) знаходзіліся ў Мінску на вул. Францысканскай у будынках былога францысканскага кляштара, а пазней – дамініканскага на вуглу вуліц Петрапаўлаўскай і Хрышчэнскай [5, арк. 230–235 адв.]. Яе дзейнасць працягвалася да скасавання ў 1869 г. згодна волі імператара Аляксандра ІІ ад 15 ліпеня, які рэарганізацыю структуры царквы “лічыў палезнай” [9; 14]. Відавочнай прычынай было зачыненне часткі касцёлаў пасля паўстанняў 1830-х і асабліва 1863–1864 гг. Пасля гэтага месцам сталага знаходжання мінскага біскупа Адама Вайткевіча (1853–1869) ўказам віленскага, ковенскага і гродзенскага генерал-губернатара А.Л. Патапава вызначалася Вільня [6, арк. 2; 15]. Члены кансісторыі і капітула былі размеркаваны па парафіях Мінскай губерні. Напрыклад, Ю. Валентыновіч быў прызначаны адміністратарам Мінскага Траецкага касцёла, а візітатар В. Вішнеўскі накіраваны ў Каралішчавіцкую парафію Ігуменскага пав. [6, арк. 10 адв]. Маёмасць кансісторыі была часткова перавезена ў Вільню, перададзена кляштарам і касцёлам або прададзена. Дакументы справаводства накіраваны адпаведна падпарадкавання тэрыторый. У 1883 г. адбылася чарговая рэарганізацыя рымска-каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі і каталікі Мінскай губерні былі падпарадкаваны Магілёўскай архідыяцэзіі. Адпаведна, у Санкт-Пецярбург, дзе знаходзіліся органы кіраўніцтва апошняй, былі перададзены архіўныя матэрыялы і матэрыяльныя каштоўнасці, у тым ліку брыльянтавы крыж, які па тэстаменце мінскага біскупа П. Равы прызначаўся для мінскай семінарыі [6, арк. 139]. Улічваючы памеры архідыяцэзіі, азначанае рэфарміраванне негатыўна адбілася на стане рымска-каталіцкай царквы ў губерні. Аднак аднаўленне дзейнасці Мінскай дыяцэзіі было немагчымым з-за абмежаванняў, замацаваных у нарматыўных прававых актах Расійскай імперыі. Таму, значна на развіццё каталіцтва паўплывала абвяшчэнне маніфесту аб свабодзе веравызнанняў у 1905 г. У гэты перыяд таксама адбываецца першая з моманту ліквідацыі дыяцэзіі пастырская візітацыя Міншчыны, што садзейнічала ўздыму каталіцтва ў рэгіёне. Падчас яе арцыбіскуп Е. Шэмбэк сустрэўся з мясцовымі святарамі, сярод якіх быў З. Лазінскі [11, s. 16–17]. Адпаведна, пачынаецца фарміраванне кампетэнцый будучага мінскага біскупа. Ён прыняў удзел у чарговай візітацыі ў якасці асістэнта арцыбіскупа Я. Цепляка ў 1909–1911 гг. Яны наведалі парафіі Сібіры, Далёкага ўсходу і цэнтральных раёнаў архідыяцэзіі, а падчас візітацыі беларускіх земель сустрэліся з жыхарамі 34 населеных пунктаў, пераважна з Віцебскай і Магілёўскай губерній [18, s. 137–143].
Азначанае вышэй падштурхнула грамадства да пэўных крокаў у аднаўленні Мінскай дыяцэзіі. Гэты працэс распачаўся 29 красавіка 1907 г., калі адбыўся сход каталікоў Міншчыны ў доме К. Барысовіча па вул. Садовай д. 8. Азначаная ініцыятыўная група ў лісце да арцыбіскупа паведамляла, што імі было вырашана ўзняць пытанне аб аднаўленні Мінскай дыяцэзіі і абрана некалькі асоб для кіраўніцтва гэтай справай. Сярод іх былі: Караль Барысовіч, Казімір Петрайціс, Юзаф Райкевіч, Зыгмунт Свянціцкі, Юзаф Міцкевіч, Мікалай Станевіч, Генрыета Ельская, Юзаф Марыя Нарэйка, Францішак Старжыцкі, Марта Гадачэўская, Юзаф Дашкевіч, Юзаф Дамарацкі, Ян Славінскі, Юзаф Маліноўскі [6, арк. 239]. Актыўныя дзеянні ў дадзеным накрунку пачаліся праз два гады. Вядома, што 23 сакавіка 1909 г. арцыбіскуп А. Унукоўскі атрымаў ліст, дзе пазначалася, што каталікі Мінскай губерні і г. Мінска накіравалі адпаведныя прашэнні ў Раду міністраў і Папе Рымскаму. У першым з іх ад 26 снежня 1908 г. за 518 подпісамі пазначалася, што, па меркаванні веруючых, дыяцэзія працягвала існаваць без кіраўніцтва на працягу 1869–1909 гг. Канфесіянальная сітуацыя змянілася ў адпаведнасці з указам ад 17 красавіка і маніфестам ад 17 кастрычніка 1905 г., калі “былі зняты абмежавальныя меры ў дачыненні каталіцтва, аднак дыяцэзія працягвала падпарадкоўвацца Магілёўскаму арцыбіскупу, які знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу і не меў магчымасцяў эфектыўна ажыццяўляць кіраванне”. Гэта негатыўна адбілася на стане царквы: адсутнічала адзінства ў выкананні рэлігійных практык, царкоўная юрыздыкцыя, не выконваліся асобныя духоўныя абрады, не ажыццяўлялася падрыхтоўка для мясцовых патрэб асоб духоўнага звання, а “з-за нездавальняльняючага выхавання ў рэлігійна-прававым накірунку зніжаецца сярод насельніцтва пабожнасць і хрысціянская маральнасць”. Зыходзячы з адзначанага, яны прасілі прызначыць біскупа з вызначэннем сталага месца знаходжання ў Мінску (608 подпісаў) [6, арк. 239–241]. У якасці прыкладу стану каталіцтва ў губерні прыводзілася распараджэнне губернатара А.І. Пятрова, паводле якога руская мова ўводзілася ў дадатковае набажэнства ў касцёлах Мінскай губерні. Акрамя таго, згаданы губернатар для праваслаўнага духавенства ўвёў квартальныя справаздачы аб колькасці каталікоў, якія перайшлі ў праваслаўе [6, арк. 237–238]. Аналагічны зварот накіраваны да Папы на польскай і лацінскай мовах. У ім удакладнялася, што пафранцысканскія пабудовы, дзе раней пражываў біскуп, падамініканскія, дзе знаходзілася семінарыя і касцёл, а таксама частка пабудоў катэдральнага касцёла, пасля 1869 г. адыйшла да ўраду які частку з іх прадаў, а астатняе – аддаў для квартыравання войска, чым пазбавіў жыхароў рэгіёну магчымасці ўтрымання вышэйшага кліру [6, арк. 242–244 адв.].
Нягледзячы на аргументацыю вернікаў, 18 лютага 1909 г. мінскі губернатар Я.Я. Эрдэлі па даручэнні Дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў паведаміў, што міністр унутраных спраў “не знайшоў магчымым выносіць прашэнне на абмеркаванне Рады міністраў” па прычыне “адсутнасці якіх-небудзь падстаў для прызнання яго заслугоўваючым увагі” [6, арк. 245]. Нягледзячы на гэта, актыўнасць каталікоў Міншчыны працягвалася і набывала вядомасць за межамі губерні. Так, 7 сакавіка 1913 г. у Мінскую кансісторыю быў накіраваны ліст з Архіва старажытных актаў г. Кракава. У ім адміністрацыя архіва прасіла даслаць апошнія Даведнікі аб кіраўніцтве і набажэнствах для Мінскай дыяцэзіі (Directorium officii divini ac missarum pro dioecesi Minscensi), як каштоўныя крыніцы па гісторыі краю, якія і раней ім атрымліваліся [6, арк. 269].
Нягледзячы на адзначанае, справа аднаўлення дыяцэзіі зацягвалася і толькі ў 1917 г. атрымала пазітыўнае рашэнне пад націскам агульнапалітычных абставінаў, у першую чаргу, Першай сусветнай вайны і паслаблення ціску на інаслаўныя і нехрысціянскія канфесіі. Біскупам быў вызначаны З. Лазінскі, аднак, яго прызначэнне патрабавала працяглых камунікацый Санкт-Пецярбурга і Рыма. Відавочна, гэта выклікала непакой сярод ініцыятыўнай групы пад уплывам грамадска-палітычных падзей, аб чым сведчыць тэлеграма графа К. Чапскага арцыбіскупу І. Цепляку ад 16 мая 1917 г. наступнага зместу: “Мінскія каталікі турбуюцца, просяць паведміць стан справы прызначэння біскупа, з прычыны ўскладнення мясцовых абставінаў пераканаўча просяць вашу правялебнасць прызначыць часовага кіраўніка” [6, арк. 265]. У выніку, 14 снежня 1917 г. генеральным вікарыем Мінскай дыяцэзіі прызначаны Эдуард О’Рурке, высокая кваліфікацыя і дасведчанасць якога не выклікае сумніву [6, арк. 262]. Ён нарадзіўся 26 кастрычніка 1876 г. ў в. Басіна Навагрудскага пав. Мінскай губ. у сям’і ірландскага паходжання. Навучаўся ў гімназіі у Баньковічах Львоўскага пав. (1888–1890), а затым універсітэтах Вільна і Рыгі (1892–1898). Падчас навучання стаў членам акадэміцкай карпарацыі Арконія – ідэйна-выхаваўчага таварыства акадэміцкай польскай моладзі Палітэхнічнага ўніверсітэту ў Рызе, асноўнымі мэтамі якой вызначаліся ўздым патрыятызму сярод яе членаў, выхаванне маральнасці сярод моладзі, асабістага годнасці і інтэграцыі ў грамадства. Пазней ён скончыў факультэт права ва ўніверсітэце ў Фрыбургу (Швейцарыя) і тэалогіі ў Інсбруцкім ўніверсітэце (Аўстрыя). Рукапакладзены ў Ваўкавыску ў 1907 г. З 1908 па 1911 гг. з’яўляўся прафесарам гісторыі касцёла, французскай і нямецкай моў у Санкт-Пецярбурскай духоўнай семінарыі, а таксама пробашчам у прадмесці Колпіна каля Санкт-Пецярбурга. У 1910 г. выконваў функцыі сакратара магілёўскага мітрапаліта В. Ключынскага, а ў 1911–1917 гг. быў пробашчам у касцёле св. Станіслава ў Санкт-Пецярбургу. З 1912 г. Э. О’Рурке пачынае займаць пасады вышэйшага каталіцкага кліру, у прыватнасці, ён быў прызначаны канонікам магілёўскага капітула [12]. З мая 1917 г. Э. О’Рурк знаходзіўся ў межах дыяцэзіі па асабістых справах, а ў жніўні арцыбіскуп даручыў яму высветліць магчымасці яе аднаўлення. Пры гэтым ён таксама ўваходзіў у склад Ліквідацыйнай камісіі спраў польскага каралеўства Міншчыны і Польскай рады Мінскіх зямель, якая з’яўлялася непрацяглы час органам самакіравання ў азначаным рэгіёне.
На пасадзе генеральнага вікарыя Мінскай дыяцэзіі дзейнасць Э. О’Рурке ажыццяўляў у некалькіх напрамках. Першым з іх было фарміраванне вышэйшага кліру і асноўных органаў кіраўніцтва. Яго рэзідэнцыя знаходзілася ў Мінску на вул. Петрапаўлаўскай, 30. У дачыненні асабістага складу духавенства да свайго перамяшчэння 18 снежня 1918 г. у Рыгу, ім было здзейснена некалькі прызначэнняў. У прыватнасці, сакратаром біскупа стаў настаўнік Закону Божага мінскіх навучальных устаноў Юзаф Міцэвіч, які затрымаўся сярод вышэйшага кліру дыяцэзіі на працяглы час. Акрамя таго, Браніслаў Келбаса, пробашч Давыдгарадоцкага касцёла, прызначаны выконваючым абавязкі Пінскага дэкана на незанятых нямецкімі войскамі тэрыторыях, а Юзаф Альшэўскі, пробашч Палоньскага касцёла, пачаў выконваць абавязкі Навагрудскага дэкана. Станіслаў Свянткоўскі з Сейненскай дыяцэзіі прызначаны пробашчам Акалоўскага касцёла на час хваробы мясцовага душпастыра, а Ян Фабер, Нясвіжскі вікары і курат Бабаўнянскай капліцы, стаў пробашчам адноўленага Бабаўнянскага касцёла [6, арк. 255–255 адв., 258–258 адв.]. Па даручэнні арцыбіскупа Э. Ропа ён прыняў непасрэдны ўдзел у лёсе ксяндза Э. Туза. Апошні быў арыштаваны ў Ігумене, але выпушчаны з-за сталасці ўзросту і павінен быў прыехаць у Мінск для высвятлення справы ў якасці вязня. Тут святар быў вызвалены і накіраваны пробашчам у Беразіну [6, арк. 259–260 адв., 266]. У дачыненні адміністрацыйнага кіраўніцтва, акрамя прызначэнняў духавенства было аднаўленне прэфектуры польскіх школ [6, арк. 250]. У канцы 1917 г. – студзені 1918 г. арцыбіскупу паведамлялася, што ў дыяцэзіі маецца 54 касцёла, філіяльных і парафіяльных капліц, чаго недастаткова, улічваючы колькасць каталікоў на падначаленых тэрыторыях [6, арк. 259].
Другім значным накірункам дзейнасці Э. О’Рурка стала ўзаемадзеянне з праваслаўным духавенствам. У прыватнасці, 20 снежня 1917 г. мінскі і тураўскі біскуп Георгій Ярашэўскі скардзіўся, што ў Мінскай губерні каталіцкае насельніцтва асобных вёсак імкнецца захапіць праваслаўныя цэрквы, якія раней былі касцёламі, аб чым яму паведамляла пісьмова і асабіста духавенства Ішкальдскай парафіі Навагрудскага павета і Гайненскай парафіі Барысаўскага павета. Ён прапанаваў, падкрэсліваючы неадабрэнне рэквізіцыі касцёлаў папярэднім урадам, пакінуць даддзенае пытанне “in status quo”, пакуль яно не будзе заканадаўча вырашана. Біскуп лічыў мэтазгодным, каб праваслаўныя і каталікі не змагаліся паміж сабой, улічваючы, што “на рэлігію ўвогуле і хрысціянства, у прыватнасці, ідзе страшэнны вораг – сацыялізм” і веравызнанні павінны разам супрацьдзейнічаць часу і вырашаць непаразуменні мірным шляхам [6, арк. 261–261 адв.]. Э. О’Рурке падзяляў погляды біскупа Геогія аб недапушчальнасці рашэння рэлігійных пытанняў такім чынам, таму што падобныя дзеянні “пагражаюць вялікімі складанасцямі перажываемага смутнага часу” і выказваў пажаданне, каб непаразуменні паміж праваслаўнымі і каталікамі вырашаліся ў духу “Хрысціянскай любві і пагаднення”. Пры гэтым Э. О’Рурке завяраў, што падначаленае духавенства імкнецца стрымліваць парафіян, аднак “з-за ўзбуджэння народных мас і адсутнасці ўлады” гэта не заўсёды атрымоўваецца. Ён звяртаўся да грамадзянскіх уладаў не аднойчы, аднак іх рэакцыі не назіралася, таму духавенству абодзвух веравызнанняў неабходна прыйсці да пагаднення самастойна [6, арк. 256].
29 верасня 1918 г. Э. О’Рурке прызначаны рыжскім біскупам і павінен быў да снежня перадаць справы ўведзенаму ў сан 28 ліпеня 1918 г. ў архікатэдральным касцёле св. Яна ў Варшаве быўшым мітрапалітам А. Какоўскім мінскаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму. Апошні нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у засценку Баратын каля Навагрудку Мінскай губ., атрымаў хатнюю адукацыю, а затым навучаўся ў Варшаўскай гімназіі [17, s. 110–158]. З апошніх двух курсаў, дзякуючы дзядзьке Вітальду Чачоту, выкладчыку багаслоўя ў гімназі і прафесару Санкт-Пецярбурскай мітрапалітальнай акадэміі, гімназіст быў пераведзены ў сталіцу і пражываў на кватэры дзядзькі да заканчэння навучання. Пасля атрымання агульнай адукацыі З. Лазінскі паступіў у акадэмію [11, s. 19–21]. Рукапакладзены ў 1895 г. і прызначаны эканомам і прафесарам св. Пісьма ў акадэміі, а пазней – прэфектам гімназіі [4, арк. 1]. Працаваў вікарыем у Смаленску (1900 г.), а затым перамешчаны ў Тулу і Рыгу (1902 г.). У 1904 г. адбылося першае знаёмства З. Лазінскага з Мінскам, дзе ён заняў пасаду пробашча у Кальварыі, а годам пазней – мінскім катэдральным касцёле [11, s. 22–24]. Пасля візітацыі, праведзенай разам з арцыбіскупам Я. Цепляком, З. Лазінскі быў накіраваны ў Рым для працягу навучання. Вярнуўшыся ў 1913 г., ён заняў некалькі пасад, якія адносілі яго да вышэйшага кліру: каноніка Магілёўскага капітула, рэктара мальтанскага касцёла ў Санкт-Пецярбургу, а таксама прафесара акадэміі. Акрамя таго, падчас Першай сусветнай вайны ім праводзілася душпастырская дзейнасць сярод бежанцаў і інтэрніраваных [7, арк. 22–31].
Сваю дзейнасць З. Лазінскі пачаў з аднаўлення вышэйшых органаў кіраўніцтва, што не паспеў сфарміраваць яго папярэднік. Пры гэтым, у адрозненне ад адміністрацыйных адзінак рымска-каталіцкай царквы, якія існавалі на працягу канца XVIII– пачатку ХХ стст., ён у гэтым працэсе кіраваўся выключна Кананічным правам, а не нарматыўнымі актамі Расійскай імперыі. Так, дзейнасць пачала курыя, якая ахоплівала пытанні дзейнічаўшых раней кансісторыі і капітула: асіставанне біскупу ў кіраўніцтве і пастырскай дзейнасці на падначаленай тэрыторыі, распараджэнне маёмасцю і ажыццяўленне судовай улады над духавенствам і прыватнымі асобамі [2, кан. 469]. Акрамя курыі, створаны кансіліум (савет) кансультантаў, саветы па адміністрацыйных і адукацыйных пытаннях. У склад курыі ўваходзілі афіцыял (намеснік), канцлер (канцылярыст), які адказваў за справаводства, яго памочнік – віцэ-канцылярыст і дэфенсар (абаронца шлюбу ў справах аб яго скасаванні). Афіцыялам курыі стаў Ю. Міцэвіч, які адначасова ўваходзіў у склад кансультантаў і школьны савет, канцылярыстам – Юзаф Зельба, сумяшчаючы працу сярод кансультантаў і ў адміністрацыйным савеце. Прызначаны былі таксама віцэ-канцылярыст Леапольд Мацкевіч і дэфенсар Аляксандр Болтуць. Абіраемым калегіяльным органам кіраўніцтва дыяцэзіяй стала калегія кансультантаў (ад шасці чалавек) [2, кан. 502]. У яе ўвайшлі, акрамя згаданых вышэй, Вітальд Чачот, Браніслаў Світчэўскі і члены адміністрацыйнага савета – Леанард Святаполк-Мірскі і Міхаіл Маеўскі. Членам адміністрацыйнага савета таксама стаў С. Сяневіч, а адукацыйнага – Эдуард Швейніц і Юзаф Манюшка [10, s. 6–7].
Акрамя таго, 13 верасня 1918 г. біскуп узняў пытанне аб перадачы архіва Мінскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзіяльных маёмасцяў, а таксама грашовых капіталаў ксяндзу Станіславу Эйсыманту, які павінен быў перавезці іх у Мінск [6, арк. 257]. Шлях гэтых матэрыялаў склаўся складана. Першапачаткова яны трапілі ў Вільню, у сувязі з падпарадкаваннем тэрыторый. Пры перадачы катэгарычна забаранялася прадаваць архіўныя матэрыялы, якія па распараджэнні біскупа Віленскай дыяцэзіі В. Жылінскага павінны сістэматызавацца ў Вільні [6, арк. 15 адв.]. Дакументы ва ўнеўладкаваным стане захоўваліся на гарышчы катэдральнага касцёла ў Вільні [13, арк. 380]. Аднак, загадам імператара па ўзгадненні з папай Львом ХІІІ ад 16 красавіка 1883 г. межы рымска-каталіцкіх дыяцэзій былі перагледжаны. Тэрыторыя Мінскай губерні была перададзена ў непасрэднае падпарадкаванне Магілёўскай архідыяцэзіі [6, арк. 90; 8, Т. ХХІІІ]. Відавочна, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, рэвалюцыя 1917 г. і грамадзянская вайна на тэрыторыі Расіі перашкодзілі аднаўленню архіва Мінскай дыяцэзіі і толькі ў другой палове ХХ ст. гэтыя матэрыялы трапілі ў Мінск, дзе зараз захоўваюцца пераважна ў складзе фонду “Магілёўская рымска-каталіцкая кансісторыя” ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі [1; 3].
Значным дасягненнем біскупа З. Лазінскага ў душпастырскай дзейнасці стала правядзенне 6 снежня 1918 г. разам з Ф. Абрантовічам у Мінску першага набажэнства на беларускай мове. Аднак, у выніку стаўлення савецкіх уладаў да рэлігіі ўвогуле і рамска-каталіцкай царквы, у прыватнасці, у хуткім часе ён павінен быў перанесці сваю рэзідэнцыю ў Навагрудак, а 1 жніўня 1920 г. быў арыштаваны.
З гэтага моманту пачынаецца заняпад Мінскай дыяцэзіі, выкліканы ўнутрыпалітычнай сітуацыяй і адсутнасцю досведа кіраўніцтва дыяцэзіяй у прадстаўнікоў вышэйшага кліру. Генеральным вікарыем у 1921 г. біскупам З. Лазінскім прызначаны Адам Лісоўскі (нар. каля 1883 г.), які паходзіў з Ашмянскага пав. Віленскай губ. Ён скончыў семінарыю ў Вільна і духоўную Акадэмію ў Санк-Пецярбургу, навучаўся таксама ва ўніверсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). Працаваў вікарыем у Магілёве, а з 1910 г. – Мінску. Затым перамешчаны ў Маскву (1912–1914 гг.), дзе працаваўвыкладчыкам Закону Божага, пробашчам Гарадышчанскага касцёла Пінскага пав. і з 1916 г. – дэканам у Ігумене. У 1918–1922 гг. ён з’яўляўся пробашчам у Каралішчэвіцкім і Аннопальскім касцёлах [16]. Яго рэзідэнцыяй вызначаны касцёл па вул. Захар’еўскай, 29 (г. Мінск), аднак рэчы біскупа З. Лазінскага былі страчаны. Пры гэтым узніклі праблемы, звязаныя з недахопам прадстаўнікоў духавенства, дзейнасцю органаў кіраўніцтва і ўзаемадзеяннем з праваслаўнай царквой. Акрамя таго, у А. Лісоўскага не хапала додсведу кіраўніцтва такімі значнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, як дыяцэзія, таму яго дзейнасць патрабавала частага кансультавання з арцыбіскупам, што было складана ва ўмовах 1920-х гг. Так, 15 ліпеня 1921 г. арцыбіскупу Э. Ропу азначаны генеральны вікары паведамляў, што ў Мінску два святара. Сярод іх ён, які акрамя катэдральнага касцёла, выконваў абавязкі пробашча ў Златагоскім, Халяўскім, Гарадзецка-Хмарынскім, Сталпецкім касцёлах, а таксама нядаўна рукапаложаны капелян Чэслаў Снарскі, прызначаны ў касцёл святых Сымона і Алены. Апошні сумяшчаў душпастырскую дзейнасць у азначаным касцёле з працай у Ваўчкевіцкім і Заслаўскім. Другі генеральны вікары Эдвард Вайцаховіч знаходзіўся на нейтральнай тэрыторыі, а з 1921 г. – на савецкай, дзе ажыццяўляў душпастырскую дзейнасць у Ракаўскай і Волмскай парафіях. Гэта тычылася і іншых святароў, чым абумоўлена было пытанне аб дзейнасці акадэміі ў Петраградзе для падрыхтоўкі духавенства [6, арк. 270–271 адв.]. У адпаведнасці з гэтым прашэннем у 1921 г. перамешчаны святары з тэрыторыі РСФСР, у тым ліку Юзаф Ібяньскі з г. Вяткі ў м. Зембін, Казімір Кляпацкі з г. Самары ў г. Мінск пад непасрэднае кіраўніцтва А. Лісоўскага [6, арк. 274]. Аднак зменаў стану каталіцтва ў рэгіёне не адчувалася [6, арк. 278–281 адв.].
Значныя праблемы назіраліся ў ажыццяўленні судовых функцый у дачыненні прыватных асоб генеральным вікарыем, як намеснікам біскупа, пераважна, па справах аб скасаванні шлюбу. Так, адносна бежанцаў не было магчымасці высветліць ступень роднасных сувязяў або выключыць магчымасць дваежонства, выпадкі чаго сустракаліся дастаткова часта. Іншае пытанне тычылася, напрыклад, скасавання шлюбу паміж Паўлам Стэфановічам і праваслаўнай Юліяй Казлоўскай (1904 г.). Пасля мабілізацыі ён знік на працяглы час і жонка вышла замуж за праваслаўнага, а ён жадаў ажаніцца з каталічкай. Пры гэтым праваслаўнае кіраўніцтва падтрымлівала грамадзянскія скасаванні шлюбу і адпаведныя пасведчанні, у тым ліку асобам каталіцкага веравызнання [6, арк. 270–272].
У 1922 г. з правядзеннем адкрытага судовага працэсу супраць А. Лісоўскага, М. Тамашэўскага і Я. Васілеўскага, якія абвінавачваліся ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, у прыватнасці, супрацьдзеянні савецкім уладам падчас рэквізіцыі царкоўных маёмасцяў, функцыянаванне дыяцэзіі было прыпынена. Пры гэтым А. Лісоўскі быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання, аднак, улічваючы палажэнне рымска-каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі і тое, што “сярод цёмнага каталіцкага насельніцтва замацавалася перакананне аб пераследаванні каталіцкай царквы на Беларусі ўвогуле, а кароткі перыяд савецкага кіраўніцтва, працоўна-сялянскага, не дазволіў яшчэ пераканаць фанатычнае каталіцкае насельніцтва ў сапраўдных адносінах савецкіх уладаў да справы веры”, прысуд быў зменьшаны да 5 год зняволення і прымусовых работ [16, s. 43].
Такім чынам, фактычна, органы кіраўніцтва Мінскай дыяцэзіі дзейнічалі пяць год. За гэты перыяд, нягледзячы на неспрыяльную агульнапалітычную сітуацыю, у тым ліку падзеі Першай сусветнай вайны, згаданая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка каталіцкай царквы прайшла стадыі аднаўлення пры генеральным вікарыі Э. О’Рурку, станаўлення росквіту пры біскупе З. Лазінскім і заняпаду пры А. Лісоўскім. Так, у пачатку ХХ ст. склаліся спрыяльныя ўмовы да аднаўлення скасаванай ў 1869 г. Мінскай дыяцэзіі. У першую чаргу гэта звязана з абвяшчэннем свабоды веравызнанняў у Расійскай імперыі ў 1905 г., што пацягнула за сабой пастырскія візітацыі беларускіх зямель і ўздым каталіцтва на азначаных тэрыторыях. Прашэнні жыхароў Міншчыны аб аднаўленні дзейнасці дыяцэзіі зацягнуліся амаль на 10 год. Значным фактарам, акрамя актыўнасці веруючых, у гэтым сталі ўнутрыпалітычныя падзеі 1917 г. Аднак, ключавая роля належала высокаму ўзровеню адукацыі і досведу ў справе кіраўніцтва буйной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай царквы прызначаных генеральнага вікарыя Э. О’Рурка і біскупа З. Лазінскага. Імі быў сфарміраваны склад вышэйшага каталіцкага кліру і адноўлены інстытуты кіраўніцтва веравызнаннем на азначанай тэрыторыі ў адпаведнасці з Кананічным правам (курыя, кансіліум кансультантаў, саветы па адміністрацыйных і адукацыйных пытаннях). Пры гэтым, няўдалай была спроба звароту архіва Мінскай дыяцэзіі за 1798–1869 гг. Нягледзячы на пераважныя поспехі, змены на грамадска-палітычнай арэне дзяржавы разам з недастатковай кваліфікаванасцю духавенства ў справе кіраўніцтва дыяцэзіяй, прывялі да 1922 г. да прыпынення дзейнасці органаў яе кіраўніцтва.
Літаратура.
-
Антановіч, З.В. Мінская рымска-каталіцкая кансісторыя: яе структура і лёсы дакументальнай спадчыны // Нашыя святыні: Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 500-годдзю Мінск. фанр. касцёла, 225-годдзю Магілёўск. Архідыяцэзіі, 220-годдзю Мінскай дыяцэзіі, Мінск. 7 чэрвеня 2008 г. / Польскі Інстытут у Мінску; рэдкал. Т. Кандрусевіч [і інш.]; навук. рэд.: Т. Кандрусевіч, А.І. Мальдзіс і М. Каламайска. – Мн.: Выд. В. Хурсік, 2009. – С. 173–190.
-
Кодекс канонического права / Под ред. А. Ахутина и др. – М.: Институт философии, теологии иистории св. Фомы, 2007. – 624 с.
-
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 1781. – Магілёўская рымска-каталіцкая кансісторыя, 1573 – 1922 гг.
-
НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 6. – Спр. 120. – Справа аб прызначэнні рукапакладзенага святара З. Лазінскага выкладчыкам Св. Пісання і эканонам Санк-Пецяярбурскай рымска-каталіцкай духоўнай семінарыі, 06.11.1895 – 15.09.1899 гг.
-
НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 27. – Спр. 136. – Пратаколы пасяджэнняў Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі за 1830 г.
-
НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 32. – Спр. 212. – Справа аб скасаванні Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, 26.07.1869 – 17.09.1921 гг.
-
НГАБ. – Ф. 3244. – Воп. 1. – Спр. 1. – Матэрыялы Я. Цепляка выконваючага абавязкі магілёўскага арцыбіскупа, якія тычацца адміністрацыйна-тэрытарыяльнага кіравання архідыяцэзіяй, 1914 – 1915 гг.
-
Полное собрание законов Российской Империи с 1649 г. – Собрание первое: в 45 т. – Санкт-Петербург: Тип. II отд. собственной ЕИВ канцелярии, 1830 – 1851. – Т. ХХІІІ: 1848. – С. 761 – 762; Т. ХХV. – С. 222 – 224.
-
Полное собрание законов Российской Империи с 1649 г. – Санкт-Петербург: типография II отделения Собственной Его Императорского величества Канцелярии, 1830 г. – Собр. 3. – T. III. – С. 183.
-
Directorium divini officii et missarum in dioecesi Minscensi pro anno Domini 1920. – Vilnae: Typis A. Rutkowski. – 28 s.
-
Dyecezya Mińska i jej pasterz biskup Zygmunt Łoziński / W. Czeczott. – Wilno: druk J. Zawadzkiego, 1925. – 64 s.
-
Księga Pamiątkowa Stulecia Arkonii 1879 – 1979. – Londyn: Koło Filistrów Arkonii na Obczyźnie, 1981. – 105 s.
-
Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA). – F. 694. – Ap. 1. – B. 1893. – Справа аб далучэнні тэрыторыі Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі да Магілёўскай архідыяцэзіі, 1883 г.
-
LVIA. – F. 694. – Ap. 1. – B. 3260. – Справа аб далучэнні тэрыторыі Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі да Віленскай, 1869 г.
-
LVIA. – F. 604. – Ap. 4. – B. 1227. – Справа аб прызначэнні рэктара Мінскай семінарыі А. Вайткевіча мінскім біскупам, 1852–1869 гг.
-
Proces księży w Mińsku : zarys sprawozdawczy / pod redakcją J. Leszczyńskiego. – Mińsk : Wydawnictwo Partyjne C.B.K.P.B. "Naprzod", 1922. – 43 s.
-
Prokop, K. Pasterze i rządcy diecezji Mińskiej, Pińskiej i Drochiczyńskiej / K. Prokop. – Drochiczyn: Kurija biskupia w Drochiczynie, 2006. – 320 s.
-
Radwan, M. Kościół w Rosji i na Białoruśi w relacjach duszpasterzy (1892–1926) / M. Radwan. – Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 1999. – 215 s.
Достарыңызбен бөлісу: |