Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю



бет5/23
Дата12.07.2016
өлшемі1.11 Mb.
#194802
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

7.2. ЯКУБ КОЛАС


(1882—1956)

Веліч постаці Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), народнага паэта Беларусі (1926), класіка нацыянальнай літаратуры. Шматграннасць яго таленту. Нацыянальныя і сацыяльныя ўмовы ў фарміраванні яго творчай асобы. Вучоба ў Нясвіжскай семінарыі (1898—1902). Праца настаўнікам. Удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе (1906), турэмнае зняволенне (1908—1911), іншыя факты біяграфіі. Роля Я. Коласа ў грамадска-культурным і навукова-педагагічным жыцці.

Вершы на рускай мове. Уплыў на яго рускай класічнай літаратуры (А. Пушкін, М. Гогаль, М. Някрасаў, А. Майкаў і інш.) Праблематыка нашаніўскай паэзіі Я. Коласа. Зборнік “Песні-жальбы” (1910).

Адзінства і эвалюцыя тэм, вобразаў і матываў у паэзіі Я. Коласа. Дамінантныя ментальныя паняцці. Вобразныя малюнкі, кантрастныя супастаўленні.

Матывы грамадзянскага суму, балючага роздуму мастака над лёсам роднага краю і яго народа (“Вёска”, “Не пытайце, не прасеце”, “Наш родны край”, “Родныя вобразы”, “Каля акна ў астрозе”) і радасць жыцця, захапленне прыгажосцю роднай зямлі, вера ў яе лепшую будучыню, думка пра ўласную знітаванасць з яе лёсам (“Я не знаю”, “Многа слаўненькіх куточкаў”, “Наша гуменца”, “На полі вясною”).

Грамадска-публіцыстычныя вершы. Іх заклікі да вытрымкі і мужнасці, сцвярджэння велічы і магутнасці чалавечай асобы, яе няскоранасці і вернасці патрыятычнаму абавязку: “Беларусам”, “Ворагам” (“Багачы і панства...”), “Не бядуй!”, “Мужык” (“Я — мужык, бядак пахілы”), “Будзь цвёрды”.

Сатырычныя вершы “Асадзі назад!”, “Канстытуцыя”, “Вобразы самаўладдзя”. Філасофская лірыка, яе ідэйна-мастацкая змястоўнасць. Сінтэз пачуцця і думкі ў вершах “Покліч” (“Гэй, чуеце, хлопцы?”), “Я хачу аб табе”. Я. Колас як майстар пейзажнай лірыкі. Паэтыка вершаў “Нёман”, “Усход сонца”, “Чыгунка”, “Вясна” (“Вясна, вясна...”), “Адлёт жураўлёў”, “Ручэй”, “Зіма” (“Белым снегам замятае...”), “Першы гром”, “Дуб”, “Палескія вобразы”, інш. Міфапаэтычныя рысы ва ўспрыманні прыроды. Сістэма пейзажных вобразаў у паэзіі Я. Коласа як адлюстраванне нацыянальнага свету.

Вершы для дзяцей “Зіма” (“Надышлі марозы...”), “На рэчцы зімою”, “Песні аб вясне”.

Мастацкія асаблівасці паэзіі Я. Коласа: мастацкая прастата, гарманічнасць, багацце матываў, элегічная песеннасць, лірычная ўсхваляванасць, роздумнасць, эпічнасць, адухоўленасць, рэалістычная вобразнасць, класічныя вершаваныя формы, нюансавасць, малюнкавасць.

Проза Я. Коласа. “Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле” (канец 90-х гг. ХІХ ст.) і празаічныя творы з “Другога чытання для дзяцей беларусаў” (1909) у творчай спадчыне пісьменніка. Эвалюцыя Я. Коласа ад фальклорных, этнаграфічна-побытавых замалёвак, маралізатарска-дыдактычнай імпрэсіі, верша ў прозе да апавяданняў сацыяльна-бытавых, сацыяльна-аналітычных, да псіхалагічна заглыбленай, прытчавай і філасофскай прозы з яе шматграннасцю і класічнай завершанасцю (“Слабода”, “Думкі ў дарозе”, “Васіль Чурыла”, “Бунт”, “Нёманаў дар”, “Малады дубок”). Мастацкая змястоўнасць сатырычна-гумарыстычных апавяданняў (“Соцкі падвёў”, “Пісаравы імяніны”, “Недаступны”).

Філасофская праблематыка і алегарычнасць “Казак жыцця” (1906—1956). Фальклорныя і літаратурныя вытокі, выяўленне душы народа і асобы аўтара. Іх адметнасць і арганічнасць у мастацкім самавыяўленні аўтара. Характарыстыка “Казак жыцця” як унікальнага жанру, які пісаўся на працягу ўсяго творчага шляху пісьменніка (за выключэннем 30—40-х гг.). Архетыповыя вытокі мастацкага мыслення, адметнасць сэнсаўтваральных мадэляў. Патрыятычны змест, багацце праблематыкі, неадназначнасць у трактоўцы вобразаў. “Казкі жыцця”, напісаныя ў нашаніўскі перыяд (“Дудар”, “У балоце”, “Жывая вада”, “Адзінокае дрэва”, “Зло — не заўсёды зло”, “На чужым грунце”, “Хмарка”, “Камень”, “Крыніца”, “Вадаспад” і інш.).

Складанасць, драматызм жыцця і творчасці Я. Коласа ў гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Характарыстыка “Казак жыцця”, напісаных у гэты час (“Супраць вады”, “Стары лес”, “Даль”, “Чортаў камень”, “Што лепей?”), у 20-я (“Гусі”, “Што яны страцілі?”, “Купальскія светлякі”, “Ноч, калі папараць цвіце”, “Залаты прамень”, “На ўсё ёсць прычына”) і ў 50-я гады (“Цвіркун”, “Адзінокі курган”, “Страказа”). Паэтыка “Казак жыцця”. Аўтарская ацэнка і асэнсаванне іх у літаратуразнаўстве.

“Новая зямля” (1911—1923). Аўтабіяграфічнасць твора. Гісторыя яго напісання. Жанравыя асаблівасці і праблематыка. Ідэйны змест паэмы. Энцыклапедызм “Новай зямлі”. Выяўленне ў паэме духоўнага багацця народа, яго этычнага, эстэтычнага свету, яго філасофіі. Сувязь твора з мастацкім вопытам чалавецтва (Біблія, “Праца і дні” Гесіёда, “Песня пра зубра” М. Гусоўскага, “Чатыры пары года” К. Данелайціса, “Яўгеній Анегін” А. Пушкіна, “Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча, творчасць К. Гамсуна, Р. Тагора, карэла-фінскі народны эпас “Калевала”).

Глыбінная народнасць вобразаў Міхала, Антося, Ганны. Маштабная і агульначалавечая змястоўнасць іх характараў. Іх пошукі сацыяльнай незалежнасці, сцвярджэння сваёй чалавечай годнасці. Выяўленне велічы беларускага народа праз вобразы галоўных герояў паэмы. Іх трактоўка ў крытыцы і літаратуразнаўстве.

Свет маленства. Яго хараство і непаўторнасць у “Новай зямлі”.

Паэтызацыя сялянскага побыту, працы селяніна як сцвярджэнне народнай сілы, непераможнасці яго нацыянальнага духу. Маральная прыгажосць і духоўнае багацце чалавека, непрыманне ім гвалту. Шматграннасць дачыненняў герояў з людзьмі і жыццём. Прырода ў “Новай зямлі”. Роля пейзажу ў абмалёўцы чалавечых характараў, у паказе беларускага краю, у выяўленні патрыятычных пачуццяў аўтара, філасофскіх глыбінь твора. Прыёмы і сродкі мастацкай індывідуалізацыі вобразаў. Лірычныя адступленні і іх значэнне ў раскрыцці ідэйнага зместу паэмы, роздуму паэта пра лёс роднай зямлі і яе народа ў кантэксце гісторыі. Верш, рытміка, строфіка. Сюжэт і кампазіцыя. Адметнасць стылёва-выяўленчай сістэмы “Новай зямлі”, яе рэалістычны характар, выключная разнастайнасць і дасканаласць, сувязь з народнымі традыцыямі, фальклорам. Уменне аўтара паэтызаваць звычайнае, будзённае.

Мова твора, яе шматслойнасць, багацце і хараство, роля ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы, у развіцці стылёвай шматграннасці беларускай літаратуры.

Рэалістычная дакладнасць паэмы. Яе гістарызм. Поліфанічнасць, маштабнасць і народнасць твора. Наватарства “Новай зямлі” і яе значэнне ў беларускай літаратуры, у развіцці жанраў шматпланавай эпічнай паэмы і рамана.

Паэма “Сымон-музыка” (1911—1925). Творчая гісторыя першай, другой і трэцяй рэдакцый твора. Адмоўны, сацыялагізатарскі ўплыў ідэалагічных установак 20-х гадоў на змены ў мастацкай канцэпцыі позніх рэдакцый паэмы, яе вобразнасці, сюжэта, канцоўкі. Адмаўленне Я. Коласа ў канчатковым варыянце ад рэлігійна-хрысціянскай сімволікі на карысць раскрыцця пантэістычнага яднання чалавека з прыродай. Філасафічнасць і выяўленчыя сродкі. Жанр, ідэя, праблематыка. Гістарычны аспект у паэме. Народныя вытокі яе філасафічнасці. Аўтабіяграфічнасць у творы.

Асэнсаванне ў паэме праблемы мастака і народа. Яе унікальнасць у еўрапейскім мастацтве як рамантычна-сімвалічнага лірычна-эпічнага твора. Шматграннасць і сэнсавая напоўненасць вобраза Сымона. Яго адметнасць у кантэксце вобразаў мастакоў айчыннай і сусветнай літаратуры (Арфей у антычнай, героі твораў “Янка-музыка” Г. Сянкевіча, “Сляпы музыка” У. Караленкі, “Музыка” М. Багдановіча, “Курган” і “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Казка пра Музыку” М. Танка і інш.). Сымон як пясняр, у якім “дух сусвету з духам лучыцца зямлі”. Адраджэнскае гучанне твора і сувязь яго з фальклорам.

Вобраз народа (дзед Курыла, парабак Яхім, дзед Даніла). Каханне ў творы. Сімвалічнасць вобразаў Ганны і Сымона як ўвасабленне Беларусі і народнай інтэлігенцыі. Вобразы жабрака, карчмара, князя-магната. Лірычныя адступленні, філасафічнасць і патрыятычнае гучанне твора. Яго сімволіка (адметны лісток, адзінокі колас, чуллівы звон, блукаючы прамень, дубок і інш.), паэтыка, ідэя. Ацэнка паэмы крытыкай і літаратуразнаўствам.

Зборнік вершаў “Водгулле” (1922). Роздум над лёсам Беларусі ў вершах 1917—1921 гг. (“Да працы”, “На чужыне”, “Крыж”, “Звон шыбаў”, “Цені-страхі”, “Покліч” (“Гэй, чулыя сэрцам!”), “Беларускаму люду” і інш.). Заклікі да абуджэння роднага краю і пачуццё разгубленасці, нявер’я ў творах.

Пратэст супраць вялікадзяржаўнага шавінізму і нацыянальнага нігілізму ў вершах 1926 г. “Свіная філасофія” і “Свінні пад дубам”.

Адлюстраванне Я. Коласам у апавяданнях 20-х гадоў падзей рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і савецкай рэчаіснасц (“Сяргей Карага”, “Крывавы вір”, “У двары пана Тарбецкага”, “Адукацыя”, “Хатка над балотцам”). Рэалізм і гуманізм гэтых апавяданняў, псіхалагічная дакладнасць у абмалёўцы характараў, жыццёвых сітуацый, адносін людзей. Трапнасць мастацкіх дэталяў, дасціпнасць гумару, з’едлівасць іроніі, моўнае майстэрства.

Трылогія “На ростанях” (1921—1954). Творчая гісторыя, кампазіцыя, жанравыя асаблівасці. Аўтабіяграфічнасць і прататыпы герояў. Праблематыка твора.

Андрэй Лабановіч як прадстаўнік перадавой часткі беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, як асветнік і шукальнік сэнсу жыцця. Яго дачыненні з іншымі персанажамі. Эвалюцыя вобраза. Роздум героя над сутнасцю быцця, над прызначэннем інтэлігенцыі і гістарычным лёсам Беларусі, над неабходнасцю абуджэння і адраджэння свайго народа. Уплыў жыцця на фарміраванне светапогляду Лабановіча. Мастацкія сродкі ў абмалёўцы вобраза.

Праблема народа і інтэлігенцыі ў трылогіі. Умовы жыцця беларускага сялянства на пачатку XX ст. Вобразы бабкі Мар’і, Аксёна Каля і іншых сялян. Дэмакратычная інтэлігенцыя ў трылогіі — Садовіч, Тукала, Турсевіч.

Сістэма жаночых вобразаў. Прыгажосць, шматграннасць і таямнічасць кахання ў творы. Вобразы Ядвісі, Людмілы, Вольгі Андросавай, Ліды Мураўскай. Майстэрства пісьменніка ў абмалёўцы багатага духоўнага свету жанчыны.

Сатырычнае выкрыццё найбольш адыёзных прадстаўнікоў чыноўніцтва і духавенства (Дубейка, Бацяноўскі, Анцыпік і інш.). Асуджэнне мяшчанскай бездухоўнасці (сатырычныя вобразы “панямонскай” інтэлігенцыі). Рэалістычная, не толькі чорнымі фарбамі, абмалёўка Саханюка, а. Кірыла, панямонскага ўрадніка.

Сюжэт і стыль трылогіі. Вобразна-выяўленчыя сродкі і мова. Псіхалагічнае майстэрства ў адлюстраванні персанажаў і жыццёвых сітуацый. Роля партрэта ў характарыстыцы вобраза. Гумар у трылогіі. Дасканаласць мастацкай дэталі. Пейзажныя апісанні. Лірычнае, публіцыстычнае і філасофскае ў трылогіі.

Народнасць трылогіі, яе значэнне для станаўлення і развіцця беларускай прозы.

Незакончаная паэма “На шляхах волі” (1926—1956). Эвалюцыя светапогляду. Падзеі і час у паэме.

“Юнацкая” аповесць “На прасторах жыцця” (1925—1926). Сцяпан Барута і Аленка Гарнашка — тыповыя прадстаўнікі моладзі новага сацыялістычнага грамадства. Пранікнёнасць мастака ў выкрыцці карыслівага фразёрства і пустазвонства (Марцін Шулевіч). Стыль аповесці. Яе паэтычнасць і лірызм. Сюжэт і мова твора.

Паэт у эпоху культу асобы. Матывы лірыкі Я. Коласа 30-х гадоў.

Аповесць “Адшчапенец” (1930—1931). Праблемы калектывізацыі сельскай гаспадаркі і іх мастацкае вырашэнне ў творы. Вобраз Пракопа Дубягі. Псіхалагічная глыбіня і дакладнасць у паказе “нехацімца” — селяніна-серадняка. Павярхоўнасць у адлюстраванні поспехаў калгаснага жыцця.

Аповесць “Дрыгва” (1933). Гісторыя напісання і фактычная аснова твора. Змест і праблематыка. Вобразы дзеда Талаша і яго баявых паплечнікаў. Раскрыццё партызанскай барацьбы на Палессі. Каларытнасць жаночых вобразаў (Аўгіння і іншыя). Вобразы абаронцаў старога свету, белапольскіх інтэрвентаў. Элементы спрашчэння і павярхоўнасці ў абмалёўцы адмоўных персанажаў. Характар і роля пейзажу. Алегарычны сэнс некаторых малюнкаў. Сюжэт і кампазіцыя. Паэтычная стыхія моўна-выяўленчых сродкаў. Рамантызацыя ў творы і яе выдаткі. Традыцыі “Дрыгвы” ў творах беларускай літаратуры, прысвечаных тэме грамадзянскай і Айчыннай войнаў.

Драматургія Я. Коласа. П’есы “Вайна вайне” (1926—1938), “У пушчах Палесся” (1937). Іх праблематыка, героі. Сцэнічнае жыццё твораў Я. Коласа і нацыянальны тэатр.

Творчасць пісьменніка для дзяцей.

Творчасць Я. Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Публіцыстыка і паэзія. Пранікнёнасць патрыятычнага пачуцця ў вершах (“Голас зямлі”, “Чымган”). Выкрыццё фашызму.

Асаблівасці коласаўскай сатыры ваеннага часу.

Паэмы “Суд у лесе” (1943), “Адплата” (1945). Спрошчанасць у паказе партызанскай барацьбы.

Паэма “Рыбакова хата” (1939—1946). Кан’юнктурнасць зместу і праблематыкі. Псеўданародныя вобразы Сымона Латушкі, Данілы і Марыны, шаржыраванасць у абмалёўцы асадніка Богута. Павярхоўнасць у паказе барацьбы народа Заходняй Беларусі. Моц лірычных адступленняў у паэме. Паэтычнасць малюнкаў прыроды. Рытміка, строфіка і моўна-выяўленчыя сродкі паэмы.

Раскрыццё паэтычнага таленту Я. Коласа ў інтымнай і філасофскай лірыцы пасляваеннага часу (“Ці дома я, ці ў паходзе...”, “У бяссонне”, “Я хворы. Спяшаецца сэрца...” і інш.).

Навуковая і грамадская дзейнасць. Падручнік “Методыка роднае мовы” (1926). Асветніцкія ідэі і погляды Я. Коласа. Публіцыстычная спадчына. Эпісталярый пісьменніка.

Я. Колас — перакладчык (“Палтава” А. Пушкіна, творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі і інш.).

Я. Колас у кантэксце сусветнай літаратуры (А. Пушкін, М. Гогаль, М. Някрасаў, І. Бунін, А. Міцкевіч, У. Фолкнер, інш.).

Бібліяграфія асноўных выданняў Я. Коласа на беларускай мове. Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Коласаўскія творы ў перакладах на іншыя мовы.

Вобраз Я. Коласа ў мастацтве. Яго творчая спадчына ў духоўным жыцці беларускага народа.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет