Добрыя перспектывы для адраджэння маюць і тыя гарады, у якіх захавалася унікальная гістарычна-культурная спадчына. У такім разе яны могуць набыць нават міжнародную вядомасць. Так, Наваградак паступова ператвараецца ў цэнтр міжнароднага турызму. Гэта горад Адама Міцкевіча. Там знаходзіцца адрэстаўраваны дом-музей вялікага паэта. З 2000 г. праз кожныя два гады ў горадзе праводзяцца фэсты сярэднявечнай культуры “Наваградскі замак”, на якія з’язджаюцца ўдзельнікі рыцарскіх клубаў не толькі Беларусі, але і суседнік краінаў. Актыўна набірае эканамічны разбег Ліда.
Лёс астатніх гарадоў будзе залежаць ад таго, ці змогуць яны стварыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, прыцягнення інвестыцый, развіцця дарожных камунікацый, прадпрыемстваў па пераапрацоўцы і выкарыстанню мясцовай сыравіны на аснове высокіх тэхналогій, выявіць у месцічаў прыватна-гаспадарчую ініцыятыву.
Гарады Гомельскай вобласці Ветка, Нароўля, Хойнікі, Чачэрск знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Наўрад ці існуе магчымасць дапамагчы гэтым ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.
Новыя тэндэнцыі вельмі марудна, але прабіваюць сабе дарогу. За 2007 г. колькасць дробных прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці павялічылася ў Беларусі, паводле афіцыйных звестак, на 30,5%.
Сучасная стагнацыя правінцыйных гарадоў Беларусі вельмі пераканальна сведчыць пра неабходнасць тэрміновага і больш радыкальнага рэфармавання беларускай эканомікі і, у прыватнасці, прыстасавання нацыянальных сістэмаў гарадоў да міжнародных. Перамены павінны суправаджацца інтэнсіфікацыяй культурнай дзейнасці, бо эканоміка і культура непарыўна звязаныя. Рэформы мусяць закрануць усю сістэму паселішчаў Беларусі. Правінцыя мае права на пачэснае месца і пашану. Без яе не было б і сталіц. Правінцыя сілкуе іх – пра гэта не варта забывацца.
Толькі стварыўшы ўсебаковыя спрыяльныя ўмовы для развіцця любога гарадскога паселішча, мы можам сказаць: свет вялікі, і няма маленькіх гарадоў, як і маленькіх краінаў, народаў, людзей, рэчаў.
Тэма 6. Гарадская культура і гарадскі турызм
План
1. Роля горада ў развіцці культуры.
2. Гістарычныя ўмовы развіцця культуры ў гарадах Беларусі.
3. Праблемы культурнага развіцця сучасных гарадоў свету і Беларусі.
4. Гарадскі турызм.
4.1. З гісторыі турызму ў Беларусі.
4.2. Турысцкі патэнцыял гарадоў Захаду і Беларусі.
1. Роля горада ў развіцці культуры
Вялікая роля горада ў развіцці культуры абумоўлена некалькімі прычынамі. Па-першае, культурная дзейнасць людзей канцэнтруецца ў гарадах. Толькі ў іх ствараюцца спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі, росквіту талентаў, наладжвання рэкламы. Гарадскія паселішчы прыцягваюць найбольш актыўную частку насельніцтва.
Па-другое, культура самым непасрэдным чынам уплывае на эканоміку ўвогуле і на эканоміку гарадоў у прыватнасці. Для развіцця вытворчасці неабходныя спрыяльныя ўмовы для развіцця культуры, якія складваюцца таксама ў гарадах. Гараджане атрымліваюць магчымасць выкарыстоўваць вольны час для павышэння свайго культурнага ўзроўню, культурнага патэнцыялу. Таму працоўная сіла ў гарадах вылучаецца адукаванасцю і прафесійнасцю. Ствараецца большы выбар пры найме рабочых. Траты на культуру становяцца арганічнай часткай павышэння прадукцыйнасці працы ў вытворчасці. А значыць, культура выступае важным чыннікам і індустрыялізацыі, і урбанізацыі, сілкуючы гэтыя працэсы.
Па-трэцяе, культура сама па сабе ёсць сферай прадпрымальніцкай дзейнасці. Існуе цэлы кірунак – шоў-бізнэс. Сучасны горад здольны стварыць у сабе магутны сацыяльна-культурны асяродак, але ён павінен быць запатрабаваным людзьмі. Прадпрымальнікі ў сферы культуры мусяць ведаць, што патрэбна жыхарам канкрэтнага горада, ці здольныя яны ўспрыняць іх прапановы, – тады іх дзейнасць стане больш прыбытковай. Каб паспяхова займацца шоў-бізнэсам у гарадах Беларусі, неабходна мець грунтоўныя веды пра асаблівасці і традыцыі беларускай культуры.
Цяпер гарады запаланяе так званая масавая культура, разлічаная на шараговага спажыўца, на камерцыйны эфект. Эвалюцыю станаўлення масавай культуры можна паказаць у выглядзе наступнай схемы.
1. Кожны народ мае этнічную, ці народную, культуру. Гэта спевы, танцы, народныя гульні і абрады, вусная народная творчасць (казкі, легенды, прымаўкі, загадкі).
2. На аснове народнай культуры ўзнікае прафесійная культура. Гэта адзін з відаў прадпрымальніцтва, якім займаюцца прафесіяналы. Вылучаюцца вузкія спецыялізацыі: тэатр, опера, балет, выяўленчае мастацтва, літаратура, музыка. Прафесійная культура спачатку прызначалася на продаж даволі вузкаму колу адукаваных і забяспечаных грамадзянаў. Таму такую культуру часам называюць элітарнай – прызначанай для эліты.
3. Тэхнічны прагрэс выклікаў канцэнтрацыю ў гарадах адукаваных людзей і багаццяў. Тых багаццяў стала дастаткова для стварэння не толькі арыстакратычнай, але і масавай культуры, прызначанай для шырокага спажывання. Узнікае грамадства масавага спажывання, сродкі масавых камунікацый, і з элітарнай культуры вылучаецца масавая культура – кіно, тэлебачанне, эстрада, цырк. Побач з элітарнай масавая культура зрабілася разнавіднасцю прафесійнай культуры. Масавая культура прыносіць вялікія прыбыткі (нездарма яна атрымала назву шоў-бізнэс).
Значыць, выходзіць такая заканамернасць: народ перадае сваю культуру ў рукі прафесіяналаў. Яны ствараюць на яе аснове элітарную культуру для вярхоў грамадства, а тыя ў знак удзячнасці, але не без карысці для сябе вяртаюць народу масавую культуру, даступную для ўсіх. Праз масавую культуру вярхі грамадства пашыраюць нацыянальную мову, кансалідуюць нацыю, умацоўваюць нацыянальную дзяржаву. Асобныя ўзоры масавай культуры становяцца пазнавальным сімвалам нацыі (персанажы мультфільмаў, артысты, музычныя гурты і г. д.). Тое, што масавая культура канцэнтруецца ў гарадах, яшчэ больш узмацняе іх ролю ў жыцці кожнай нацыі.
Па-чацвёртае, культура, якая канцэнтруецца ў гарадах, прадвызначае дзяржаўную культурную палітыку і яе эфектыўнасць. Мала стварыць культурны асяродак, неабходна ўключыць у яго гараджанаў – людзей з розным менталітэтам, рознымі запатрабаваннямі і здольнасцямі. Толькі высокаталенавітыя творы культуры могуць прыцягваць іх спажыўцоў. Гарадскія жыхары павінны мець магчымасць выбару культурных паслуг: ад стандартных паўсядзённых відаў да перыядычных, а далей – эпізадычных (унікальных). Гарадская культура становіцца даступнай у выніку культурна-асветніцкай дзейнасці гарадоў і рацыянальнай культурнай палітыкі дзяржавы. Калі дзяржаўнае кіраўніцтва становіцца на шлях нейкіх стандартаў і абмежаванняў, то толькі шкодзіць культурнаму развіццю краіны.
2. Гістарычныя ўмовы развіцця культуры ў гарадах Беларусі
Складваецца ўражанне, што культура беларускіх гарадоў існуе сама па сабе і развіваецца нейкім штучным шляхам, яна не задавальняе і не кансалідуе грамадзянаў Беларусі. Але звернемся да фактаў.
Першая адметнасць культурнага ўздзеяння беларускіх гарадоў на развіццё краіны, у параўнанні з гарадамі іншых краінаў, палягае ў тым, што яны маюць ніжэйшы культурны патэнцыял. На тое ёсць некалькі прычынаў.
1. У гарадах еўрапейскіх краінаў бесперапынна, за рэдкім выняткам, адбывалася назапашванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў. У Беларусі ж пастаянна, на працягу многіх стагоддзяў у выніку шматлікіх войнаў і панавання бальшавікоў помнікі культуры знішчаліся захопнікамі.
2. Ад падзелаў Рэчы Паспалітай да распаду СССР нашы культурныя скарбы (рукапісныя кнігі, старадрукі, ювелірныя вырабы, археалагічныя знаходкі, манеты і інш.) вывозіліся ў Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кракаў, Берлін, Кіеў. Шмат іх засталося ў Вільні, перададзенай сучаснай Літве. Толькі падчас мінулай вайны з Беларусі было вывезена больш за 11 тысяч розных каштоўнасцяў, у тым ліку і знакаміты Крыж Еўфрасінні Полацкай.
3. З Беларусі вывозіліся не толькі найлепшыя рамесныя вырабы і мастацкія творы, але і самі рамеснікі, найбольш кваліфікаваныя майстры, і творцы культуры. Таленавітая інтэлігенцыя з’язджала ў Варшаву, Маскву і Пецярбург: там меліся лепшыя ўмовы для раскрыцця здольнасцяў. Многія беларусы ўнеслі значны ўклад у развіццё польскай і рускай культуры. Шмат выхадцаў з Беларусі зрабілі славу савецкай навуцы, тэхніцы і рускай культуры. Толькі сярод маскоўскіх пісьменнікаў беларускія карані мелі Аляксандар Твардоўскі, Міхаіл Ісакоўскі, Юры Алёша, Яўген Еўтушэнка, Аляксандар Грын, Уладзімір Высоцкі.
4. Недастатковы культурны патэнцыял гарадоў абумоўлены празмернай заідэалагізаванасцю і недафінансаваннем культуры ў гады савецкай ўлады. Існуе меркаванне, што бальшавікі не шкадавалі сродкаў на культуру. Так, за 1970–1980-я гг. у Беларусі была створаная адносна развітая сістэма культурнага абслугоўвання насельніцтва. Аднак, паводле сацыялагічных апытанняў, з 1976 да 1986 г. адбываўся працэс няспыннага зніжэння цікавасці гараджанаў практычна да ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў палацах, дамах культуры, клубах. Ад пачатку 1980-х гг. пачаўся спад у наведванні кінатэатраў. Усё гэта адбывалася па некалькіх прычынах.
Па-першае, уплывала тэхналагізацыя гарадскога побыту. На пачатку 1970-х гг. самай папулярнай крыніцай інфармацыі становіцца тэлебачанне. Матэрыялы сацыялагічных даследаванняў паказваюць, што ў 1971 і 1976 гг. найбольшую долю ў вольным часе гараджанаў займаў прагляд телевізійных перадач. Такая самая сітуацыя захавалася і ў 1980-я гг. У 1988 г. на 100 сем’яў у БССР прыходзілася 80 радыёпрыёмнікаў і 92 тэлевізары. Асабліва папулярныя былі тэлефільмы. У шырокі ўжытак увайшлі відэакасеты. З пашырэннем тэхналагізацыі культуры рэзка знізілася неабходнасць у грамадскіх формах яе засваення. Гараджане рабілі гэта ў індывідуальным парадку, у хатніх умовах. Савецкія гараджане многа чыталі. Газеты выпісвала абсалютная большасць гарадскога насельніцтва БССР, і без прымусу (яны былі танныя). З 1970-х гг. вялікую папулярнасць набылі падпісныя выданні кніг (праўда, часам мастацкую літаратуру набывалі толькі для прэстыжу, каб упрыгожыць кніжныя паліцы).
Па-другое, уплываў невысокі ўзровень культуры і матэрыяльнай забяспечанасці асноўнай масы савецкіх гараджанаў. Дэфіцыт неабходных тавараў, паскарэнне тэмпаў нязвыклага для беларусаў гарадскога жыцця прывяло ў сярэдзіне 1970-х гг. да рэзкай пераарыентацыі на загарадныя формы правядзення вольнага часу. Усё замяняў тэлевізар і дача.
Па-трэцяе, кіраўніцтва БССР не магло задаволіць усе культурныя запатрабаванні людзей. Паводле статыстычных матэрыялаў па сталіцах саюзных рэспублік, на пачатку 1980-х гг. Мінск па шэрагу паказчыкаў культурна-побытавага абслугоўвання займаў сярод іх адно з апошніх месцаў. Па памерах фінансавання тэатраў у разліку на колькасць насельніцтва БССР таксама займала ў канцы 1980-х гг. адно з апошніх месцаў у Саюзе. Сродкаў на тэатральную дзейнасць выдзялялася ў 5–6 разоў менш, чым у рэспубліках Прыбалтыкі і Закаўказзя. Таму міф пра добрае фінансаванне культуры БССР не вытрымлівае крытыкі.
І нарэшце, існавала незадаволенасць самім культурным прадуктам савецкага ўзору. Яго мастацкая вартасць не заўсёды адпавядала культурным запатрабаванням гараджанаў. З сярэдзіны 1970-х гг. вялікую папулярнасць сярод гарадской моладзі набылі дыскатэкі. Ад 1980-х гг. савецкая эстрада выціскалася рок-музыкай Захаду.
Такім парадкам, савецкія культурныя ўстановы ствараліся ў ідэалагічных мэтах, часам існавалі фармальна. Іх асветніцкая функцыя рабілася сацыяльна неэфектыўнай. У гады галоснасці гэта прызналі адкрыта. Чалавек выступаў аб’ектам культурнага ўздзеяння, а не cуб’ектам культурнай дзейнасці. Грошы ішлі на савецкую агітацыю: на лозунгі, плакаты, прапагандысцкую літаратуру і помнікі Леніну. Фундаментальных твораў у галіне скульптуры і архітэктуры з’яўлялася ў гарадах вельмі мала і пераважна ў сталіцы (напрыклад, помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу). Выняткам можа назваць толькі мемарыялізацыю Другой сусветнай вайны.
Другая адметнасць культурнага ўздзеяння гарадоў на беларускае грамадства выяўляецца ў тым, што гэтыя гарады – рускамоўныя. Склалася парадаксальная сітуацыя, калі ад 1960-х гг. у гарадах пераважаюць беларусы, але пануе руская мова. Гэта адмоўна ўплывае на кансалідацыю беларускай нацыі, што ёсць асноўнай падставай для паспяховага эканамічнага развіцця і грамадскага прагрэсу. Паўсюль у свеце культура паслугоўваецца нацыянальнымі мовамі. У Беларусі такога, на жаль, няма. Каб зразумець сітуацыю, звернемся да гістарычнага досведу.
Так склалася, што багацці ў гарадах дасавецкай Беларусі канцэнтраваліся ў руках яўрэяў, рускіх і палякаў, а таму не ішлі на стварэнне масавай прафесійнай беларускай культуры. Яна развівалася запаволена, не вытрымлівала канкурэнцыі з культурай рускай і польскай, а ў выніку была няздольная аб’яднаць беларускую нацыю. Напрыканцы ХІХ ст. сярод гараджанаў беларусы складалі ўсяго 17%. Назіралася адчужанасць беларусаў ад гарадской цывілізацыі. Беларускасць захоўвалася пераважна на этнічнай аснове, у рамках вясковай супольнасці. Гараджанаў, якія стваралі б нацыянальныя ідэалы і ахвяроўвалі б інтэлектуальныя сілы і матэрыяльныя сродкі для рэалізацыі гэтых ідэалаў, было мала. Беларуская ідэя не прыжылася ў гарадах.
Што ж стрымлівала фармаванне беларускай прафесійнай культуры і беларускай інтэлігенцыі ў гарадах у ХІХ ст., калі гэтыя працэсы актыўна адбываліся ва ўсіх еўрапейскіх краінах разам з працэсамі ўзнікнення сучасных нацый і нацыянальных дзяржаў? Існавала некалькі неспрыяльных фактараў.
1. Мясцовыя спаланізаваныя землеўладальнікі (паны, старая шляхта) рэпрэзентавалі пераважна польскія нацыянальныя інтарэсы. На іх шляху да беларускасці стаяў царызм і няпрыязнасць з боку праваслаўных сялянаў. Царскі ўрад спецыяльна нацкоўваў пераважна праваслаўных сялянаў на не вельмі паслухмяных трону спаланізаваных землеўласнікаў. Шляхце забаранялі набываць новыя землі, яе адціскалі з гарадскіх і земскіх органаў самакіравання, расцярушвалі па імперыі. Горад пераважна рускай культуры супрацьстаяў маёнтку пераважна польскай культуры. Пазней царскую палітыку сацыяльнай дэмагогіі перанялі расійскія бальшавікі. Варожасць супраць землеўласнікаў польскай культуры трансфармавалася намаганнямі Масквы ў варожасць да ўсяго польскага. Свой уклад у выхаванне класавай непрыміральнасці ўнеслі і гісторыкі савецкай Беларусі. Нават беларускія нацыяналісты з недаверам паставіліся да мясцовых абшарнікаў, бо знаходзіліся пад моцным уплывам сацыялістычнай ідэалогіі. Чэшская аграрная эліта таксама была адрэзаная ад народа нямецкай мовай і культурай, але яна змагла вярнуцца да сваіх нацыянальных каранёў. Спаланізаванай аграрнай эліце Беларусі зрабіць тое не ўдалося. У выніку мы страцілі старую аграрную эліту, а разам з ёй беларускі народ страціў гістарычную і культурную традыцыю ВКЛ, прадстаўленую гэтымі землеўладальнікамі. З таго часу ў Беларусі культурная традыцыя зрабілася рашчэпленай, раздвоенай. Адны вядуць прафесіную культуру ад ВКЛ, БНР, "Нашай Нівы", другія – ад БССР і гадоў беларусізацыі. Культурная традыцыя не яднае беларусаў, а разводзіць па розныя бакі штучна створанай культурнай барыкады. Але ж не варта ігнараваць ні культурную спадчыну, якая склалася ў ВКЛ, ні культурныя здабыткі савецкага часу.
2. Прадстаўнікі грэка-каталіцкага (уніяцкага) духавенства, якія ў 1820-я гг. пачалі ўсведамляць адметнасць свайго народа, пасля ліквідацыі Уніі (1839 г.) былі гвалтоўна пераведзеныя ў праваслаўе, часткова высланыя ў Расію. Праваслаўны клір традыцыйна стаяў на варце расійскіх імперскіх інтарэсаў, як польскі – на варце інтарэсаў польскіх. Ва ўмовах адсутнасці беларускай дзяржавы і барацьбы палякаў і рускіх за ўплыў на беларускіх землях, усе каталікі тут лічыліся палякамі, а ўсе праваслаўныя – рускімі. Таму ў перыяд царскай Расіі, калі ва ўсім свеце фармаваліся нацыі, беларусы не займелі нацыянальнай рэлігіі, якая б адрознівала іх ад суседзяў і кансалідавала. У выніку царскай палітыкі мы страцілі не толькі аграрную, але і духоўна-рэлігійную эліту, якая магла б уплываць на фармаванне беларускай нацыі, як гэта было ў Польшчы і Літве. Там нацыянальная кансалідацыя адбывалася вакол каталіцызму. У нас такой рэлігіяй магло стаць уніяцтва, але яно было вынішчанае ў 1839 г.
3. Беларуская інтэлігенцыя была нешматлікая. У Беларусі пасля паўстання 1863 г. не існавала ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Сфера ўжытку інтэлектуальнай працы ў аграрным, правінцыйным краі пашыралася марудна. Мясцовая інтэлігенцыя шукала працу за межамі радзімы. Царызм перыядычна вынішчаў беларускую інтэлігенцыю (1831, 1863, 1905 гг.) ці высылаў яе ў Сібір. Яна не паспявала збірацца ў гарадах, каб разгарнуць нацыятворчую дзейнасць. У інтэлектуальным асяродку парушаўся механізм пераемнасці.
4. Інтэлектуалы былі разрозненыя. Тыя, што мелі шляхецкае паходжанне, традыцыйна прымалі польскую культуру і польскую палітычную арыентацыю. Аднак існавала інтэлігенцыя сялянскага паходжання, больш позняя па часе: настаўнікі, святары, фельдшары, дробныя чыноўнікі. Новая вясковая інтэлігенцыя прымала рускую культуру і рускую палітычную арыентацыю. Яе прадстаўнікам было асабліва цяжка кансалідавацца, бо, набываючы вясковыя прафесіі, яны раз'язджаліся па вёсках. Такім парадкам, інтэлігенцыя шляхецкага паходжання арыентавалася пераважна на Захад, а інтэлігенцыя сялянскага паходжання – пераважна на Усход.
Шляхецкая інтэлігенцыя стала на шлях да беларускасці (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Аляксандр Рыпінскі), але прайсці яго ёй перашкаджалі царызм, а пазней бальшавізм. Як і памешчыкі каталіцкай веры, яна цярпела дыскрымінацыю з боку царскага ўрада, дый не заўсёды знаходзіла паразуменне з боку пераважна праваслаўнага сялянства. Нездарма бальшавікі асабліва цікавіліся сацыяльным паходжаннем беларускай інтэлігенцыі: калі з сялянаў – значыць, расійскай арыентацыі, не нацыяналіст. Сацыяльны адбор супадаў з гісторыка-культурным. Таму пазней інтэлігенты праваслаўнай веры сілкавалі шэрагі беларускіх эсэраў, нацыянал-камуністаў, стваральнікаў БССР, а інтэлігенты каталіцкай веры апынуліся ў Польшчы і больш далёкай эміграцыі (і цяпер нашчадкі першых захоўваюць адданасць ідэалам былога СССР, а другіх – трымаюцца ідэалаў Захаду). Падцарскі горад Беларусі так і не здолеў паяднаць інтэлектуалаў.
5. Беларускі горад ніколі не меў ўласнай буржуазіі, якая спансавала б развіццё нацыянальнай культуры. Беларуская буржуазія магла паўстаць з беларускага мяшчанства, але царскі ўрад фактычна закрыў для іх шлях да камерцыйнай дзейнасці. Адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай мяшчане-хрысціяне, як ужо адзначалася ў папярэдніх лекцыях, былі перапісаныя на прыклад расійскіх у лік падаткавага насельніцтва, а беларускія гарады і мястэчкі паступова ператвораны ў яўрэйскія гета. Сумнавядомы царскі ўказ 1882 г. канчаткова забараняў яўрэям пасяліцца за межамі гарадскіх паселішчаў, што прывяло да непазбежнай манапалізацыі імі сферы прадпрымальніцтва. Ад 1880-х гг. эканамічныя абставіны і палітычнае неспрыянне прымушалі мяшчанаў-беларусаў перапісвацца ў сяляне або перабірацца ў прамысловыя раёны імперыі. У мясцовых гарадах беларусы запоўнілі сферу найму і гарадскога земляробства, а ў сферу рэальнага кіравання і гандлёва-прамысловай дзейнасці амаль не ўваходзілі. Гэтая сфера была штучна запоўненая яўрэямі і адміністрацыйна прысланымі рускімі. Чыгуначныя тарыфы, мытныя зборы, крэдытная палітыка таксама не спрыялі беларускаму прадпрымальніцтву.
6. Беларусы не мелі за межамі рэакцыйнай Расіі гарадоў адноснай вольнасці, як літоўцы ў Прусіі ці ўкраінцы ў Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), каб адтуль выпраменьваць нацыянальную культуру.
7. Горад у складзе Расіі амаль не пераняў культурных традыцый ВКЛ. Яны захоўваліся пераважна ў памешчыцкіх маёнтках з іх музейнымі калекцыямі, сямейнымі архівамі, карціннымі галерэямі і бібліятэкамі, якія сведчылі пра былую славу і веліч нашага краю. Гэтыя скарбы не перамясціліся ў гарадскія музеі. Больш за тое, пасля паўстання 1863 г. яны былі часткова разрабаваныя, часткова вывезеныя ў глыбіню Расіі, а рэшта трапіла, так бы мовіць, пад хатні арышт. Імі магла карыстацца каталіцкая інтэлігенцыя. Праваслаўныя інтэлектуалы пра мінулае ведалі з падачы рускіх уладаў, а таму ў сваёй большасці дэманстравалі прарускую культурную арыентацыю, сфармаваную ў расійскіх навучальных установах.
Такім парадкам, гістарычны досвед паказвае, што недапрадстаўленасць беларусаў у стратэгічных сектарах палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця гарадоў дасавецкай Беларусі абумовіла слабасць беларускага руху (дарэчы, як і ўкраінскага). З таго самага досведу вынікае, што без беларусізацыі нашых гарадоў стварэнне беларускага шоў-бізнэсу немагчыма.
Тым не менш, пад царскай Расіяй у мясцовых горадах ствараліся ўмовы для дыялогу культур розных этнасаў, што пражывалі на беларускіх землях. Ішоў працэс фармавання прафесійнай беларускай культуры. Але адбывалася гэта адасоблена ад іншанацыянальных культур. Адасобленасць захоўвалася нават у рассяленні. Існавалі вуліцы і слабоды – татарскія, нямецкія, яўрэйскі, рускія, польскія, беларускія. Без адасобленасці не было б і адасобленай нацыянальнай культуры. Паміж шматэтнічнымі культурнымі асяродкамі гарадской інтэлігенцыі дзейнічаў, на нашу думку, механізм не так узаемаўзбагачэння, як гэта ўяўлялі сабе марксісты, як механізм добрага прыкладу з боку больш развітай нацыянальнай культуры – польскай або рускай. Але пераймалася і дрэннае. Пераважна пад уплывам рускіх вайскоўцаў і дробных рускіх чыноўнікаў у гарадах Беларусі пашыраліся брыдкаслоўе, распуста і п’янства.
На пачатку ХХ ст. у гарадскіх паселішчах сталі наладжвацца беларускія вечарынкі. Там спявалі беларускія народныя песні, дэкламавалі вершы беларускіх пісьменнікаў, паказвалі беларускія танцы, ставілі спектаклі паводле твораў беларускіх драматургаў. На аматарскія спектаклі прыходзілі таксама жыхары навакольных вёсак. Горад выступаў своеасаблівым катлом, дзе гатаваліся нацыянальныя, а не інтэрнацыянальныя стравы. Без горада гэта было б не магчыма. Толькі беларуская “страва” на момант распаду Расійскай імперыі выявілася недаваранай.
Сітуацыя полікультурнасці стрымлівала русіфікацыю. Царская Расія не змагла ці не паспела стварыць рускую ці расійскую культуру нават у гарадах. Не хапіла рэсурсаў і часу. Недзяржаўныя культуры іншых нацый таксама не мелі рэсурсаў ператварыць сваю культуру ў агульнагарадскую. Культура малых гарадоў мела хутчэй вясковы, чым гарадскі характар, а буйныя гарады заставаліся шматкультурнымі. Ніводная нацыянальная культура не атрымала дамінавання. Такая спецыфіка беларускага горада тэарэтычна стварала культурны падмурак для рускай, польскай, беларускай і яўрэйскай дзяржаваў. У такім стане яго застаў бальшавіцкі пераварот 1917 г. Найслабейшы культурны патэнцыял мелі ў горадзе беларусы. Як паказаў перапіс насельніцтва 1897 г., яны вылучаліся самым высокім працэнтам непісьменных у краі. Культурным цэнтрам выступала Вільня. Гэты горад найбольш паспрыяў фармаванню беларускай прафесійнай культуры.
Дасавецкі перыяд падрыхтаваў фундамент для магутнага ўздыму беларускай культуры ў 1920-я гг., падчас савецкага нэпа. Гарады сталі цэнтрамі беларускасці. Яны спрычыніліся да ліквідацыі непісьменнасці беларусаў (самай вялікай у краі). Асабліва вылучалася культурным уздымам сталіца – Мінск. Праўда, беларусізацыя горада была толькі эпізодам у нацыянальнай палітыцы Масквы. Каля 500 вясковых хлопцаў сталі ў гарадах БССР пісьменнікамі: бальшавікі забяспечылі ўмовы для ператварэння беларускіх падлеткаў у суквецце талентаў, каб потым старанна іх вынішчыць.
Як вядома, у 1960-я гг. большасць гараджанаў БССР склалі беларусы. Аднак беларуская культура не запанавала ў гарадах. Яна заставалася культурай меншасці і не прымалася ўсімі жыхарамі Беларусі. Гэтая культура так і не заваявала горада. Сканцэнтраваныя ў гарадскіх паселішчах багацці траціліся пераважна на развіццё культуры савецка-рускай. Там з’явілася значная колькасць маргіналаў, якія ад сваёй культуры адышлі, а рускую не засвоілі. Значыць, колькаснай перавагі беларусаў у гарадах не дастаткова, каб яны зрабіліся беларускімі. Пры савецкай уладзе беларусам не дазвалялася траціць свае багацці на развіццё сваёй культуры, але справа не толькі ў гэтым – прычына – і ў іх саміх. У выніку пасляваенная урбанізацыя прывяла да поўнай русіфікацыі гарадскіх паселішчаў і страты нацыянальнай самабытнасці беларусаў.
3. Праблемы культурнага развіцця сучасных гарадоў свету і Беларусі
Існуе спецыфічная для постсавецкіх краінаў праблема: як ставіцца да савецкай культурнай спадчыны і што рабіць з ёй? З распадам Савецкага Саюза рассыпалася і савецкая сістэма абслугоўвання насельніцтва. За першых пяць гадоў незалежнасці ў Беларусі закрыліся 865 публічных бібліятэк, 977 клубных устаноў, 3136 кінаўстаноў. У маладой дзяржавы не было сродкаў, каб утрымліваць такі магутны заідэалагізаваны рэсурс культуры. Але засталіся мастацкія творы, савецкі вобраз горада, савецкія ідэалагемы ў свядомасці людзей.
Адназначнага стаўлення да савецкай спадчыны няма. Адны кажуць, што яе трэба пакінуць у нязменным выглядзе, другія схіляюцца да яе трансфармацыі ў нацыянальны кантэкст. Зразумела, савецкую спадчыну не варта разбураць, знішчаць, але нелагічна ўводзіць яе ў нацыянальны кантэкст, дый гэта і немагчыма. Да прыкладу, як увесці шматлікія помнікі Леніну? Па іх колькасці на душу насельніцтва БССР займала першае месца сярод іншых саюзных рэспублік, тут канцэнтравалася чацвёртая частка ўсіх помнікаў правадыру.
Достарыңызбен бөлісу: |