Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет16/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   24

2. Фармаванне сістэмы гарадоў Беларусі
Нагадаем, што сістэма гарадоў Беларусі фармавалася ў перыяд старажытнабеларускіх княстваў і ў час Кіеўскай Русі. Тады склалася іерархія такога выгляду: цэнтры княстваў – цэнтры ўдзельных княстваў – цэнтры валасцей. Эканамічныя сувязі паміж гарадамі былі слабыя. Вага гарадскіх паселішчаў вызначалася пераважна наяўнасцю княжацкага двара.

З узнікненнем Вялікага Княства Літоўскага сфармавалася новая, больш складаная іерархія гарадоў: цэнтры валасцей, дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія мястэчкі – гарадскія цэнтры паветаў – гарадскія цэнтры ваяводстваў – сталіца Княства. На кожным узроўні горад прэзентаваў нейкую адметную рэгіянальную асабліваць у эканоміцы і культуры. У сувязі з аслабленнем каралеўскай улады іерархічная залежнасць паміж гарадамі трымалася пераважна на эканамічным інтарэсе.

Калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, іерархія беларускіх гарадоў набыла наступны выгляд: мястэчкі – заштатныя гарады – павятовыя гарады – губернскія гарады – імперская сталіца. Заштатным горадам называлі той, які ў выніку адміністрацыйных рэформаў перастаў быць павятовым цэнтрам, але працягваў захоўваць статус горада. Эканамічная падпарадкаванасць ніжэйшых гарадоў вышэйшым узмацнялася адміністрацыйным рэсурсам дэспатычнай дзяржавы.

У Савецкім Саюзе ніжэйшую прыступку займалі рабочыя і гарадскія пасёлкі, над імі стаялі раённыя гарадскія цэнтры, яшчэ вышэй – абласныя гарадскія цэнтры, потым – сталіца БССР, а над усімі імі панавала сталіца СССР. У іерархіі гарадоў усталяваўся жорсткі адміністрацыйны дыктат. Ён практычна замяніў эканамічную аснову падпарадкавання ніжэйшых гарадоў вышэйшым. Гарады перасталі прэзентаваць рэгіянальныя культурныя адметнасці, а разбудоўваліся на адзіны ўзор бальшавіцкай сталіцы. Стаўка рабілася на вузкае кола буйных прамысловых цэнтраў. Праблемы малых гарадоў не вырашаліся. Заўсёды бракавала часу, сродкаў, а магчыма, і розуму для падтрымкі і ўмацавання малых гарадоў як базавай асновы ў сістэме гарадоў рэспублікі. У выніку знакамітыя ў старажытнасці гарады і мястэчкі чэзлі (напрыклад, Тураў, Мсціслаў), а гармонія ў сістэме гарадоў парушалася. Кіраўніцтва БССР было не гатовае да выклікаў іміклівай індустрыялізацыі і урбанізацыі.

Незалежная Беларусь захоўвае сістэму гарадоў савецкага ўзору ў нязменным выглядзе: яна ўяўляе з сябе вертыкальную "трубу", праз якую бесперашкодна пашыраюцца зверху ўніз на беларускае грамадства ўплывы русіфікацыі і глабалізацыі.

У сучаснай сістэме гарадоў Беларусі паступова аднаўляюцца натуральныя эканамічныя сувязі. Вызначыліся лідэры і аўтсайдэры. Да гарадоў нацыянальнага значэння належаць прамыслова развітыя гарадскія цэнтры, якія маюць большую, чым рэгіянальную, ролю ў развіцці краіны. Іх уздзеянне на навуку, культуру і эканоміку не абмяжоўваецца толькі межамі вобласці. Там дзейнічаюць ВНУ, унікальныя ўстановы, медыцынскія, культурныя, інфармацыйна-аналітычныя цэнтры і інш. Колькасць насельніцтва – ад 250 да 500 тысяч чалавек. Гэта Брэст, Гродна, Віцебск, Магілёў і Гомель.

Гарадамі рэгіянальнага значэння называюць прамысловыя гарады, якія выконваюць ролю міжраённага гандлёва-побытавога, культурна-адукацыйнага і медыцынскага абслугоўвання ў асобных рэгіёнах, абласцях. Гэта Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Орша, Пінск, Полацк – Наваполацк, Салігорск.

Да іншых апорных гарадоў раённага значэння адносяцца Жлобін, Жодзіна, Кобрын, Рэчыца, Светлагорск, Слонім, Слуцк. Лёс гэтых сярэдніх гарадоў, асабліва ў сучасны перыяд, як бы ім не перашкаджала эканамічная палітыка дзяржавы, шмат у чым залежыць ад мясцовых уладаў, іх здольнасці вызначаць сваю лінію развіцця і ад мясцовых суб’ектаў гаспадарання.

Пэўным адлюстраваннем урбанізацыі і пашырэннем гарадской цывілізацыі стаў цяперашні курс беларускага кіраўніцтва на стварэнне аграгарадкоў, што, як і былыя мястэчкі, могуць заняць пераходнае становішча паміж горадам і вёскай. Некаторыя былыя мястэчкі ператвараюцца ў аграгарадкі, напрыклад Любча ў Наваградскім раёне. На працягу 2005–2010 гг. мяркуецца стварыць 1481 аграгарадок Дарэчы, іх можна было б назваць не аграгарадкамі, а мястэчкамі. Незалежная Літва аднавіла гэтую старую назву, Беларусь мусіць зрабіць тое самае, калі дбае пра захаванне ўласнай культурнай спадчыны.

Аднавіць усе мястэчкі, зразумела, немагчыма. На тое патрабуюцца вялікія грошы, дый такой неабходнасці для сучаснай эканомікі не існуе. Цяперашнія аграгарадкі (правобразы мястэчак) пераважна штучна ўтрымліваюцца на дзяржаўных датацыях, як і ўвесь калгасна-саўгасны лад у нашай краіне. Аднак у пэўнай колькасці былых мястэчак будучыня ёсць. Адродзіць іх, верне да жыцця не толькі аграрны сектар. Беларусь у перспектыве можа стаць класічным прыкладам транзітнага гандлю ў Еўропе. Ёсць спадзеў, тады адноўленыя мястэчкі, як і ў Сярэднявечча, дапамогуць Беларусі адчуць сябе часткай адзінага еўрапейскага арганізма.

Безадноснае да патрэбаў эканомікі будаўніцтва ў аграгарадках жылля – гэта марнатраўства дзяржаўных сродкаў. Памеры сродкаў, укладзеных на працягу 2005–2007 гг. на ўзвядзенне 666 аграгарадкоў (164 – у 2005 г., 249 – у 2006 г., 253 – у 2007 г.), склалі каля 45 трыльёнаў рублёў (гэта чатыры «Белтрансгазы»), толькі ў 2007 г. запланаваная сума была перавышаная амаль на траціну. У 2008 г. беларускае кіраўніцтва вырашыла напалову паменшыць іх меркаваную колькасць: выказваецца думка, што будзе дастаткова 750–800 аграгарадкоў

Дарэчы, прыгожую казку пра аграгарадкі беларусы ўжо чулі. Ініцыятарам іх будаўніцтва ў свой час выступіў Мікіта Хрушчоў. Пазней, ужо пры Брэжневе, гэтую ідэю падхапіў першы сакратар КПБ Пётр Машэраў, адзін з ідэолагаў збліжэння вёскі з горадам. Планы былі грандыёзныя: з 33 000 беларускіх вёсак мелася пакінуць толькі 2500–3000 ды пераўтварыць іх у гэтак званыя аграгарадкі. Ідэю ўзбуйнення вясковых паселішчаў надзіва добра ўспрынялі ў Маскве і нават паабяцалі грошы на тую перабудову. Але абяцанае давялося чакаць доўга. Сваімі намаганнямі пачалі будаваць два аграгарадкі – у Верцялішках (Гарадзенскі раён) і “Новы быт” (дзе – не вызначана). Узводзілі іх 15–16 гадоў. Машэраў, паводле звестак пісьменніка Алеся Петрашкевіча, у прыватнай размове прызнаўся, што пры такіх тэмпах перабудовы сяла народзіцца і памрэ два пакаленні. Вынік мог быць іншы, каб праект меў фінансавае абгрунтаванне, каб вёска перабудоўвалася з захаваннем народнага побыту, традыцыйнай культуры. Аднак у праграме ператварэння вёсак у аграгарадкі праглядала утапічная ідэя бальшавікоў ліквідаваць адрозненне вёскі ад горада. Для паспяховай урбанізацыі вёскі павінна выконвацца найважнейшая ўмова – перадача вяскоўцам зямлі і дапамога ім эфектыўна на ёй працаваць, бо чалавек і зямля – непарыўныя. У нашай краіне паміж чалавекам і зямлёй стаў калгас.

У сувязі з працэсамі глабалізацыі перад Беларуссю паўсталі дзве праблемы: праблема падключэння праз Мінск да сусветнай сеткі гарадоў і праблема мадэрнізацыі нацыянальнага каркаса гарадоў з мэтаю эфектыўнай арганізацыі эканамічнай дзейнасці ў межах беларускай дзяржавы.

Непасрэднае падключэнне да сусветнай сеткі гарадоў праз Мінск патрабуе ад яго вялікіх намаганняў, карэннай мадэрнізацыі. Не выключана, што такое падключэнне будзе здзейсненае толькі праз Маскву, а гэта зусім не ідэальны варыянт.

Што тычыцца мадэрнізацыі існай сістэмы гарадоў, якая склалася ў перыяд Савецкага Саюза, то наўрад ці магчымае захаванне гэтай індустрыяльнай мадэлі ў нязменным выглядзе: крах цэнтралізаванага планавання ўжо прывёў да крызісу прамысловасці і разбурыў пагаліновую іерархію гарадоў.

Старая канцэпцыя каркаса, сфармаваная ў эпоху аўтаркіі, відавочна, састарэла. Патрабуецца тэрміновая мадэрнізацыя. Гарады мусяць пазбавіцца іерархічнай залежнасці старога ўзору, варта даць ім права самім выбіраць партнёраў і лідэраў. Неабходна забяспечыць выхад гарадоў на міжнародную эканамічную арэну, паказаць іх адметнасці, якія зацікавілі б міжнародныя фірмы. У свеце адбываецца працэс мабілізацыі ўсіх рэсурсаў зямлі для далейшага прагрэсу і выжывання. Заставацца ўбаку ад гэтага працэсу, абмяжоўвацца нацыянальнымі межамі не выпадае. Пакуль у Беларусі старая іерархія гарадоў трымаецца праз адміністрацыйны рэсурс. Прыкладаў мадэрнізацыі мала, але яны з'яўляюцца. Так, Дзісна з насельніцтвам 2,4 тысячы чалавек і тры суседнія сельсаветы ў 2006 г. атрымалі гранд ад ААН на сельскі турызм па праграме стабільнага развіцця.

Больш за трыццаць гадоў у краіне вядзецца даследаванне фармавання ўзаемазалежных групаў населеных месцінаў Беларусі. Аднак праблема інтэграцыі нацыянальных сістэмаў гарадоў у сусветны каркас практычна не вывучаецца.
3. Праблемы малых і сярэдніх гарадоў Беларусі
3.1. З найноўшай гісторыі
На сучасным этапе малыя і сярэднія гарады ў сувязі з трансфармацыяй сусветнай эканомікі перажываюць выпрабаванне на жыццяздольнасць. І на Захадзе гэта ім ўдаецца. Чаму ж у Беларусі малыя гарады не выжываюць, іх даводзіцца ратаваць?

Найперш абвастрылася праблема вёскі як адметнага паселішча ў сістэме рассялення беларускага жыхарства. На пачатак 1980-х гг. у Беларусі было 26 тысяч сельскіх населеных пунктаў, дзе жыло 4,3 млн чалавек. Большая частка гэтых паселішчаў былі дробныя. Каля дзвюх трацінаў мелі да 50 двароў. У 70% усіх вёсак пражывалі не больш як 200 чалавек. У выніку адтоку працаздольнага насельніцтва вёскі драбнелі. Зніжалася нараджальнасць, узрастала ўдзельная вага людзей пенсійнага ўзросту. Дэпапуляцыя – агульнае зніжэнне колькасці людзей – ахоплівала цэлыя сельсаветы і раёны.

Паступова праблемы вёскі перакінуліся на малыя і сярэднія гарады. У пасляваенны час у 188 гарадах і пасёлках гарадскога тыпу колькасць насельніцтва заставалася нязменнай. Больш за 30 малых гарадоў, у якіх калісьці віравала жыццё і якія мелі слаўнае гістарычнае мінулае (Тураў, Ула, Свір, Асвея, Поразава, Васілевічы, Стрэшын), страчвалі сваё насельніцтва. Індустрыялізацыя перацягвала жыхароў аграрных гарадкоў у прамысловыя цэнтры. На характар дэмаграфічных працэсаў у невялікіх гарадках вялікае ўздзеянне зрабіла Чарнобыльская катастрофа.

Галоўным цэнтрам прыцягнення стала сталіца. Услед за вяскоўцамі і “чарнобыльцамі” ў Мінск пачалі перасяляцца жыхары малых і сярэдніх гарадоў. Галоўны горад краіны і абласныя цэнтры, як пыласосы, усмоктвалі правінцыйнае насельніцтва, а правінцыйнасць вядучых гарадскіх цэнтраў ад таго толькі павялічвалася. Сталіца зрабілася мадэллю ўсёй краіны: кожны яе мікрараён ператвараўся ў своеасаблівую правінцыю з шэрагам адметнасцяў.

Нельга сказаць, што савецкае кіраўніцтва нічога не рабіла для падтрымкі малых гарадоў. Распрацоўваліся праграмы іх адраджэння, прымаліся маштабныя генеральныя планы рэканструкцыі. Толькі за 1970–1980-я гг. з’явілася больш за дзесятак рашэнняў і пастаноў Савета міністраў, ЦК КПБ, мясцовых органаў кіравання аб стымуляванні росту малых гарадскіх паселішчаў, у тым ліку і шляхам пераносу ў іх прамысловых прадпрыемстваў з вялікіх гарадоў. Аднак жыццё ўносіла свае карэктывы: пры сутыкненні з рэальнасцю выяўляліся утапічнасць і палітычная дагматычнасць прынятых планаў. Пашырэнне прамысловасці абыходзілася дорага і рабілася без уліку запатрабаванняў рынка, а на развіццё перспектыўнай сферы паслуг не звярталася ніякай увагі.

З набыццём незалежнасці ў Беларусі дэградацыя малых і сярэдніх гарадоў толькі паскорылася. З 1992 г. смяротнасць пачала перавышаць нараджальнасць. Узрастаючы адток насельніцтва з вёсак яшчэ больш звужаў поле дзейнасці малых гарадоў: яны трацілі сваю ролю цэнтраў, адметную і непаўторную субкультуру, палітычную вагу ў выбары палітычнага курсу краіны. Іх эканамічны патэнцыял разбураўся з дзвюх аноўных прычынаў. Па-першае, адсутнічала надзейная дзяржаўная падтрымка лакальных, правінцыйных і агульнанацыянальных традыцый. Па-другое, малыя і сярэднія прадпрыемствы малых і сярэдніх гарадоў у новых эканамічных умовах банкрутавалі, асабліва тыя, што працавалі на ваенны комплекс СССР.

З 207 гарадскіх паселішчаў сучаснай Беларусі 94% адносіцца да катэгорыі малых і сярэдніх. Ёсць сярод іх знакамітыя сваімі гістарычнымі каранямі. Ёсць такія, дзе захаваліся гістарычныя помнікі. Некаторыя выгодна размешчаныя побач з буйнымі гарадамі. Нясвіж, Мір, Наваградак, Масты, Лагойск, Заслаўе яшчэ неяк трымаюцца на плыву. Аднак большасць знаходзіцца ў глыбінцы і на радыяктыўна забруджанай тэрыторыі.

Паводле звестак 2008 г., у дробных і сярэдніх гарадах пражывае кожны пяты беспрацоўны Беларусі. Асабліва пакутуюць жанчыны. У большасці дробных гарадскіх паселішчаў удзельная вага беспрацоўных кабет складае, паводле афіцыйных дадзеных, 70–90%. Павышаны ўзровень беспрацоўя фіксуецца ў Белаазёрску, Бярозе, Давід-Гарадку, Драгічыне, Іванаве, Косаве, Лунінцы, Маларыце, Мікашэвічах, Століне Брэсцкай вобласці; у Лепелі, Новалукамлі, Паставах Віцебскай вобласці; у Васілевічах, Добрушы, Ельску, Жыткавічах, Калінкавічах, Рагачове Гомельскай вобласці; у Мастах, Навагрудку, Свіслачы, Скідзелі, Слоніме, Смаргоні Гродзенскай вобласці; Беразіне, Вілейцы, Любані, Мар’інай Горцы, Нясвіжы, Чэрвені Мінскай вобласці; Быхаве, Кіраўску, Слаўгарадзе, Чавусах, Чэрыкаве Магілёўскай вобласці.

У такіх гарадскіх паселішчах у сярэднім 80% жылой забудовы – гэта пераважна драўляныя дамы без інжынерна-камунальнага абсталявання. Значныя плошчы занятыя садамі, агародамі, гаспадарчымі пабудовамі, неабходнымі для атрымання дадатковага прыбытку. Частка вуліц не мае бруку, а часам і тратуараў. Асобнымі выспамі тырчаць жалезабетонныя шматпавярхоўкі, разрываючы натуральнае цела традыцыйнай гарадской забудовы. Тыповыя адміністрацыйныя будынкі, тыповыя адміністрацыйныя плошчы з помнікам Леніну робяць гарадкі падобнымі адзін да аднаго.

Увогуле, у малых гарадах узровень жыцця ніжэйшы, чым у буйных, менш развітая сацыяльная інфраструктура, горшая забяспечанасць жыллём, насельніцтва мае больш нізкія даходы. З гэтай прычыны маладыя людзі, як і раней, імкнуцца перасяліцца ў абласныя цэнтры, у Мінск або выехаць за мяжу. Колькасць насельніцтва ў такіх гарадах скарачаецца. Так, амаль усё дарослае насельніцтва горада Барані, што каля Оршы, пасля заняпаду электроннай прамысловасці корміцца заробкамі ў бліжэйшых расійскіх гарадах.

Студэнтка ЕГУ з Пастаў Вольга Якубоўская расказвае: “Увечары, калі людзі сталага веку могуць адпачыць і ў хаце, пасядзець перад тэлевізарам, моладзі хочацца павесяліцца. А пайсці – некуды: адна-дзве дыскатэкі з дрэннай апаратурай, што хочацца плакаць, ды кінатэатр без ацяплення, з драўлянымі жорсткімі крэсламі, як у Савецкім Саюзе, і фільмамі пяцігадовай даўнасці. Няма ні тэатраў, ні выстаў. Культурнае жыццё амаль вымерла. Таму ўся моладзь са светлымі галавамі з’язджае. А тыя, хто застаецца, співаюцца ад нуды і бязвыходнасці”.

3.2. Дзяржаўная праграма падтрымкі


З 1999 г. у Беларусі праводзіцца палітыка дзяржаўнай падтрымкі сярэдніх і малых гарадоў. У 2007 г. яна набыла форму Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007–2010 гг. і 7 чэрвеня была зацверджаная прэзідэнтам.

Комплексная праграма ахоплівае 187 населеных пунктаў: 95 пасёлкаў гарадскога тыпу (рабочых пасёлкаў з насельніцтвам ад 500 чалавек), 73 малыя гарады з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек, 15 сярэдніх гарадоў з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек, 1 сельскі пасёлак (Ільіч), 2 вёскі і г. Слонім (51,5 тысяч чалавек).

Акцэнт робіцца на захаванне існых і будаўніцтва новых малых прадпрыемстваў. Для такіх прадпрыемстваў прадугледжанае льготнае падаткаабкладанне. Плануецца заахвочваць развіццё прыватнаг бізнэсу, прыдарожнага сервісу, выкарыстанне гістарычна-культурнай спадчыны гарадкоў для прыцягнення ў іх турыстаў. Канечным вынікам стане стварэнне ў малых і сярэдніх гарадах больш як 100 тысяч рабочых месцаў і зніжэнне беспрацоўя да 1%. Ва ўрадавых колах, праўда, выказваецца асцярога, што праграму можа сарваць нізкая актыўнасць мясцовага кіраўніцтва, прывучанага нічога не рабіць без непасрэднага ўказання зверху. Без прыцягнення да адраджэння малых і сярэдніх гарадоў мясцовай грамадскасці і прадпрымальнікаў зрушыць справу да лепшага будзе цяжка. Важна ўлічваць і такую акалічнасць – наколькі эканамічна мэтазгоднай будзе дзяржаўная падтрымка. Эканамічна бесперспектыўныя гарады ўратаваць вельмі складана.

Першы досвед рэалізацыі дзяржаўнай праграмы паказаў, што ажыццявіць падтрымку малых і сярэдніх гарадоў не так проста. Пакуль прысутнасць прыватнага прадпрымальніцтва ў невялікіх гарадскіх паселішчах нязначная. Так, у Смаргоні ў 2007 г. удзельная вага працаўнікоў у прадпрымальніцкім сектары складала ўсяго 16%. Высветлілася, што ўлады на месцах, як і меркавалася, стрымліваюць працэс пашырэння прыватнага прадпрымальніцтва. У прыватнасці, яны не ідуць на продаж дзяржаўнай маёмасці нават тады, калі яна не выкарыстоўваецца. Захоўваюцца цяжкасці ў атрыманні крэдытаў. Бракуе і падрыхтаваных прадпрымальнікаў, якія жадалі б працаваць у правінцыі.

Давялося прымаць дадаковыя меры. З 1 красавіка 2008 г. уведзены шэраг дадатковых льготаў для бізнэсменаў, у тым ліку і для замежных, ва ўсіх паселішчах з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек: далейшае зніжэнне падаткаў, адмова ад празмернага дзяржаўнага рэгулявання, забеспячэнне гарантыі абароны ад неспрыяльных пераменаў у заканадаўстве на працягу пяці гадоў. Льготы не распаўсюджваюцца толькі на 23 буйныя гарады краіны: Баранавічы, Брэст, Пінск, Віцебск, Наваполацк, Орша, Полацк, Гомель, Жлобін, Мазыр, Рэчыца, Светлагорск, Гродна, Ліда, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна, Слуцк, Салігорск, Магілёў, Бобруйск. На думку афіцыйных экспертаў, льготы, якія атрымаў гэтым разам бізнэс у рэгіёнах, адпавядаюць тым, што ўводзяцца ў свабодных эканамічных зонах.

Наколькі будуць эфектыўныя далейшыя дзяржаўныя меры, пакажа час. Ніякі адміністрацыйны ціск, ніякія жорстка ўстаноўленыя тэрміны і ўтапічныя праекты не дапамогуць. Насаджэнне малым і сярэднім гарадам індустрыяльнай мадэлі адраджэння ў постіндустрыяльную эпоху не мае перспектывы. Такая палітыка спараджае толькі фармалізм і эканамічную неэфектыўнасць. Пра гэта сведчыць і мінулы досвед БССР.

Да таго ж аднымі эканамічнымі льготамі з боку дзяржавы поспех забяспечыць немагчыма. На думку спецыяліста ў галіне горадабудавання Ірыны Іоды, для ўратавання малых гарадоў неабходная больш шырокая праграма. Яна можа мець наступныя пункты:

1. Стварыць умовы, каб запрацавалі ўнутраныя механізмы самарэгулявання і самаарганізацыі, бо фінансавая дапамога звонку не здольная палепшыць жыццядзейнасць малых гарадоў на доўгатэрміновы перыяд. Дзяржаўныя праграмы нясуць у сябе і пэўную шкоду, бо хуткае “выздараўленне” звязваецца з надзеяй на дапамогу збоку, што не стымулюе пошуку ўнутраных рэсурсаў. Дарэчы, барацьба за самавыжыванне пачалася яшчэ да прыняцця афіцыйнай дзяржаўнай праграмы: дзе-нідзе мясцовае кіраўніцтва рабіла стаўку на сельскі турызм, распрацоўваліся мясцовыя праграмы адраджэння маленькіх гарадоў.

2. Падняць аўтарытэт малых гарадоў як месца пастаяннага жыхарства, стварыўшы там для таго камфортныя ўмовы – не горшыя, чым у вялікіх гарадскіх цэнтрах.

3. Праверыць у беларускіх умовах выніковасць метада кластэраў, які паспяхова выкарыстоўваецца ў шэрагу краінаў свету. Тым больш, што вядучыя функцыі гарадоў вылучалі і ў савецкім горадабудаванні, праўда, тое мела пабочны характар. Галоўнае – вызначыць, якія функцыі таго ці іншага гарадскога паселішча запрацуюць і будуць прыносіць даходы інвестарам і ўсім гараджанам.

4. Вырашаць праблему малых гарадоў у комплексе з праблемамі сельскай гаспадаркі, бо большасць іх залежыць выключна ад узроўню яе развіцця: спецыялізуюцца на прадастаўленні паслуг вяскоўцам і вытворчасці па пераапрацоўцы вясковай прадукцыі. Гэта пераважна аграрныя гарадкі.

5. Спалучаць дасягненне эканамічнага эфекту ў адраджэнні малых гарадоў з захаваннем іх нацыянальнай значнасці, аздараўленнем нацыі. Некаторыя мястэчкі вартыя захавання нават тады, калі ўкладзеныя ў гэта грошы не акупяцца. Трэба знайсці механізм спалучэння двух падыходаў – эканамічнага і нацыянальнага.

6. Вырашаць праблемы малых гарадоў сістэмна ў комплексе з ўсёй сеткай населеных месцаў Беларусі.

Нельга ігнараваць і праблему вяртання малым гарадам прывабнага вобразу. Спецыялісты раяць адмовіцца ад механічнага пераносу на малыя гарады стэрэатыпаў вялікага горада. Па-першае, трэба спыніць будаўніцтва мікрараёнаў, якія разрываюць малы горад, ствараючы “горад у горадзе”. Па-другое, варта шырока выкарыстоўваць традыцыйную забудову – малапавярховыя дамы, скатныя дахі, гандлёвыя плошчы. У малых гарадах Прыбалтыкі і Польшчы даўно адмовіліся ад плоскіх дахаў: дом без традыцыйнага даху выглядае негарманічна. Па-трэцяе, неабходна вярнуць малым гарадам іх адметнасць, якая складвалася стагоддзямі. Зразумела, што гэтая справа патрабуе грунтоўнага вывучэння іх гісторыі.

Трагедыя малых беларускіх гарадоў палягае ў тым, што яны не вераць у будучыню, бо страцілі сваё мінуўшчыну. Яны не ведаюць ні ўласнага, ні чужога досведу, каб скарыстаць яго.

Малыя гарады ўяўляюць з сябе вялікую каштоўнасць у гуманітарным плане, бо:

1. У іх захаваўся нацыянальны архітэктурны каларыт мінуўшчыны, а ў некаторых нават сярэднявечная планіроўка (сетка вуліц, плошчы, кварталы). Адбылося гэта ў значнай ступені таму, што большасць малых гарадскіх паселішчаў не зазнала працэсу індустрыяльнага будаўніцтва ў пасляваенныя гады.

2. Яны выконваюць даўнюю ролю пасярэднікаў паміж вёскай і буйнымі гарадскімі цэнтрамі. У сучасных умовах яны становяцца трансфарматарамі дасягненняў гарадской цывілізацыі ў сельскую мясцовасць – прагрэсіўных формаў паслуг, культуры, адукацыі, новых вытворчых тэхналогій, урбанізаванай ментальнасці.

3. Яны маюць самабытную, адрозную ад буйных гарадоў сацыяльна-псіхалагічную атмасфера. Гэтаму спрыяе пераважна сядзібная жылая забудова, камерны інтэр’ер гарадскога асяроддзя, адпаведны маштабу чалавека, пешаходная даступнасць, спакойны рытм жыцця, блізкасць прыроды, веданне жыхарамі адзін аднаго – усё тое, чаго не хапае жыхарам вялікіх гарадоў. Малыя гарады яшчэ захоўваюць душу Беларусі, эталоны маральнасці, якія выпрацоўваліся нашым народам стагоддзямі. Малыя гарадскія паселішчы даюць нашаму грамадству магчымасць выбару: гарманічны свет гарадка ці дастаткова агрэсіўнае асяроддзе вялікага горада.

4. Як сведчаць сучасныя даследаванні амерыканскіх эканамістаў, у маленькіх гарадах ЗША лягчэй пазбавіцца беднасці, чым у мегаполісах, бо там ніжэйшы ўровень беспрацоўя і больш таннае жыццё. Яны прыярытэтныя для адпачынку і пражывання пенсіянераў. Узровень камунальна-побытавых паслуг там не ніжэйшы, чым у вялікіх гарадах. Аналагічная сітуацыя і ў Заходняй Еўропе. Да такога стану рэчаў павінна імкнуцца і наша краіна.

Пералічаныя перавагі малых гарадоў добра ведаюць спецыялісты, але наша грамадства яшчэ як след іх не асэнсавала. Дагэтуль малыя гарадскія паселішчы застаюцца незапатрабаваныя ім. Калі не прымаць радыкальных мераў – не толькі эканамічных, але і агульнагуманітарных (прапаганду пераваг і гістарычных каштоўнасцяў малых гарадоў), то многія з іх могуць самаліквідавацца, як гэта ўжо адбылося з сотнямі невялікіх вёсак.

Наўрад ці рэальна забяспечыць рост насельніцтва ва ўсіх малых гарадах. Добра, калі ўдасца ўтрымаць наяўнае жыхарства. Не выключана, што некаторыя гарадкі не змогуць знайсці свайго месца ў сучасным рыначным свеце.

Шансы на выжывання маюць тыя малыя і сярэднія гарады, якія:

1) знаходзяцца ў сферы ўплыву буйных;

2) размешчаны на буйных транспартных магістралях;

3) аточаны унікальным прыродным ландшафтам;

4) маюць унікальную гістарычна-культурную спадчыну;

5) могуць выкарыстаць перавагі міжнародных кантактаў у памежжы Беларусі з іншымі краінамі.

Найбольш рэальны шанец да выжывання – гэта ўключэнне ў арэал вялікіх гарадоў шляхам паляпшэння міжгародняга транспарту. Вядома, што кожны горад мае арэал уздзеяння на навакольную прастору. Чым большы горад – тым большы арэал яго ўздзеяння. З развіццём транспарту ён пашыраецца У вялікіх гарадах павялічваецца катэгорыя людзей (маятнікавых мігрантаў), якія жывуць у прыгарадах і штодзень ездзяць у горад на працу ці вучобу. І наадварот, людзі жывуць у горадзе, а штодзень ездзяць за ягоныя межы. Чым большы горад, тым большая колькасць маятнікавых мігрантаў. У 1980-я гг. у Мінску іх налічвалася каля 80 тысяч чалавек, у Маскве – каля 0,5 млн. З развіццём камунікацый у межы арэалаў буйных гарадоў уваходзяць іншыя гарады, меншыя па памерах. Людзі ездзяць на працу ў Мінск з Барысава, Маладзечна, Асіповічаў, Стоўпцаў. Такія гарады становяцца спальнымі для буйных гарадскіх цэнтраў. Арэалы непасрэднага ўздзеяння вялікіх гарадоў нагадваюць спрута, шчупальцы якога выцягнутыя ўздоўж магістраляў, але гэтыя гарады дапамагаюць выжыць дробным гарадскім паселішчам, што страчваюць свой эканамічны патэнцыял і насельніцтва.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет