Вялікае разбурэнне прынесла Беларусі Першая сусветная і Грамадзянская войны (1914–1920 гг.). На ўсходні бок ад фронту гарады Беларусі поўніліся бежанцамі, якія ратаваліся ад нямецкай акупацыі, і расійскімі вайскоўцамі. Насельніцтва Мінска за 1913–1917 гг. павялічылася на 50%. Панавалі беспрацоўе і голад. Нават бедныя гарады, з іх пачаткамі буйной прамысловасці, былі разрабаваныя. Вялікая колькасць найлепшага абсталявання з прадпрыемстваў і майстэрняў была вывезеная ў Расію. Астатняе – разбуранае і знішчанае. На тэрыторыі сучаснай Беларусі да пачатку 1914 г. жыло 7,5 млн чалавек, а на пачатку 1921 г. – 6,7 млн. Страты насельніцтва ў першую чаргу неслі гарады. Меў месца адток гарадскіх жыхароў у вёскі, дзе можна было яшчэ неяк пракарміцца. 1914–1920 гады – гэта перыяд заняпаду гарадской эканомікі і чацвёрты перыяд дэурбанізацыі.
На пачатку савецкага перыяду гарадская эканоміка была разбураная. Нэп паспрыяў натуральнаму аднаўленню прамысловасці, жылых дамоў і розных збудаванняў. У 1926 г. колькасць гараджанаў у БССР амаль дасягнула дасавецкага ўзроўню (праўда, з улікам мястэчак, дзе насельніцтва займалася пераважна сельскай гаспадаркай). У цэлым для урбанізацыі 1920-х гг. былі характэрныя наступныя рысы:
1) адсутнасць вялікіх гарадоў;
2) шырокае развіццё дробных гарадскіх паселішчаў;
3) нарастанне прытоку ў мясцовыя гарады функцыянераў-партыйцаў і вайскоўцаў з усіх куткоў Савецкага Саюза.
Калектывізацыя адарвала ад зямлі велізарную колькасць вяскоўцаў. Калгасы не забяспечвалі працай. Пракарміцца на зямлі стала немагчымым з прычыны празмерных падаткаў і пераследу з боку савецкіх уладаў. Такім парадкам, калектывізацыя стымулявала адток сялянаў у гарады. Індустрыялізацыя 1930-х гг. патрабавала новых працоўных рук. У выніку доля гарадскога насельніцтва Беларусі да 1939 г. узрасла да 24,7 % супраць 10 % у 1913 г. Толькі ва ўсходніх абласцях Беларусі ў даваенныя гады ўзнікла 11 новых гарадоў і 50 пасёлкаў гарадскога тыпу. У савецкай Украіне урбанізацыя адбывалася больш інтэнсіўна: у 1939 г. доля гарадскога насельніцтва складала 33,5%, а ў Данецкай вобласці – каля 74%. Гарадоў з насельніцтвам больш за 500 тысяч чалавек у даваеннай БССР не існавала, тады як на Украіне да іх ліку адносіліся Кіеў, Харкаў, Адэса, Днепрапятроўск.
Да вайны індустрыялізацыя ў БССР не атрымала шырокага размаху. Стрымлівала блізкасць польскай мяжы. Таму лішняя рабочая сіла вывозілася ў Савецкую Расію праз рэпрэсіі і працоўную мабілізацыю. Вялікія зрухі адбыліся ў лёсах мястэчкаў. У многіх з іх пражывала да 90% яўрэяў. Адмена антыяўрэйскіх законаў выклікала масавае перасяленне іудзеяў у гарады Расіі. У выніку колькасць насельніцтва ў мястэчках рэзка знізілася. Адначасова з выездам яўрэяў зніклі многія рамёствы і прафесіі (вытворчасць абутку, вопраткі, недзяржаўны гандаль і г. д.). Мястэчкі перажывалі эканамічны заняпад. За 1926–1938 гг. адмоўнае сальда міграцыі толькі ва ўсходняй частцы Беларусі склала 616 тысяч чалавек.
Затое ўклад Беларусі ў развіццё гарадоў Савецкага Саюза быў вялікі. Яны папаўняліся жыхарамі беларускіх вёсак і мястэчак часткова добраахвотна, але пераважна пад прымусам. Мясцовыя ж гарады чэзлі і па-ранейшаму заставаліся адміністрацыйна-гандлёвымі. Агульныя рысы урбанізацыі, якія намеціліся ў 1920-я гг., захаваліся і пазней, з той толькі розніцай, што ўзрос прыток у мясцовыя гарады вяскоўцаў і жыхароў з-за межаў БССР. Пасля далучэння ў 1939 г. Заходняй Беларусі да СССР адбылося пераразмеркаванне гарадскога насельніцтва. З захаду на ўсход ехалі беспрацоўныя гараджане для працаўладкавання на савецкіх прадпрыемствах, а з усходу на захад – бальшавіцкія чыноўнікі для саветызацыі далучаных гарадоў.
Павольная і вялая урбанізацыя беларускіх земляў была перарваная Другой сусветнай вайной. Вынікі вайны для Беларусі, з улікам яе невялікай колькасці насельніцтва і інтэнсіўнай партызанскай барацьбы ў тыле акупантаў, былі найбольш трагічныя з усіх краінаў Еўропы. Беларускія гарады ляжалі ў руінах. Іх насельніцтва зменшылася. Беларускія землі перажывалі пятую ў сваёй гісторыі буйную дэурбанізацыю. Даваеннай колькасці насельніцтва наша краіна дасягнула толькі на пачатку 1973 г., тады як Эстонія і Латвія – у 1950 г., Малдова – у 1953 г., Расія – у 1955 г., Украіна – у 1959 г., Літва – у 1965 г. Адбудоўваць прамысловасць у разбураных гарадах даводзілася практычна з нуля.
4.3. Індустрыяльны горад
Пасля Другой сусветнай вайны ў БССР з’явіўся лішак працоўных рэсурсаў. І не таму, што не было працы. На аднаўленне гарадоў не мелася сродкаў ні ў дзяржавы, ні ў насельніцтва. Людзі мусілі з’язджаць туды, дзе яны маглі знайсці працоўнае месца, жыллё. Пра страты насельніцтва ў час вайны добра вядома (кожны чацвёрты ці нават трэці), але замоўчваецца, што ў 1940–1950-я гг. Беларусь страціла ў выніку эміграцыі больш за 800 тысяч чалавек. Шырока прапагандаваўся набор працоўных на шахты Данбаса і Кузбаса, на лесапромыслы Сібіры і Карэліі, у марскі флот, а таксама на засяленне Калінінградскай вобласці. Карэла-Фінскую АССР у сувязі з масавым перасяленнем туды беларусаў жартоўна называлі “Карэла-Мінскай”. Тады ж вялікую хвалю перасяленцаў прынялі гарады Прыбалтыкі. У гарадскіх цэнтрах Расеі, Прыбалтыкі і Украіны ўтварылася вялікая дыяспара беларусаў. Не выпадкова, што колькасць насельніцтва БССР з 1950 да 1979 г. вырасла толькі на 24%, тады як па Савецкім Саюзе ў цэлым – на 41%. Асабліва вялікая эміграцыя назіралася ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Пазней на месца выехаўшых беларусаў прыехалі рускія, што стала адной з прычынаў большай зрусіфікаванасці ўсходу Беларусі.
Пастаянныя разбуральныя войны, каланізацыя неабсяжных прастораў СССР, сталінскі сацыялістычны эксперымент – усё гэта зацягнула стадыю гандлёвых гарадоў у савецкай Беларусі, замарудзіла фармаванне прамысловых гарадоў. Урбанізацыя адбывалася павольна. Інтэнсіўная індустрыялізацыя Беларусі і ўзнікненне прамысловых гарадскіх цэнтраў пачаліся толькі з канца 1950-х гг. Гэты працэс спазняўся ў параўнанні з Еўропай на больш як паўтара стагоддзя (у Англіі прамысловая рэвалюцыя пачалася ў канцы ХVIII ст.).
У пасляваенную БССР былі накіраваныя вялікія па тым часе сродкі на развіццё прамысловасці. Значны ўклад у індустрыялізацыю савецкай Беларусі ўнеслі рэпарацыі ад пераможанай Германіі. Развіццю прамысловасці спрыялі і змены ў геапалітычным становішчы рэспублікі: яна апынулася ў цэнтры сацыялістычнай Еўропы. Гэта садзейнічала росту ў БССР вытворчасцяў, арыентаваных на экспарт. Пры нястачы сродкаў з мэтай паскарэння будаўніцтва заводаў і фабрык было вырашана канцэнтраваць іх у вузкім коле гарадоў, што давала магчымасць эканоміць і на будаўніцтве, і на абслугоўванні прамысловых прадпрыемстваў.
Індустрыяльныя гарады, як магніт, прыцягвалі да сябе сельскую моладзь і жыхароў малых гарадоў. Устанаўленне канвеерных ліній дазваляла выкарыстоўваць веды і навыкі мігрантаў, былых сельскіх жыхароў, нават пры іх мінімальнай адукацыі. Пачалася масавая міграцыя насельніцтва ў гарадскія паселішчы. Узнікалі новыя індустрыяльныя цэнтры: Салігорск, Наваполацк. У выніку ў 1980-я гг. у гарадах Беларусі сканцэнтравалася каля 60% усяго насельніцтва. З гэтай колькасьці 42% гараджанаў пражывалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску і Магілёве. Гарадская вытворчасць спецыялізавалася на дакладным прыборабудаванні і машынабудаванні. Таму можна казаць, што гарады ператварылі БССР у "зборачны цэх" Савецкага Саюза. У 1980-я гг. урбанізацыя запаволілася.
Характэрнымі рысамі пасляваеннай урбанізацыі ў БССР былі:
1) інтэнсіўны міграцыйны прыліў сельскага насельніцтва ў гарадскія паселішчы;
2) развіццё маятнікавых міграцый у прыгарадных зонах вялікіх гарадоў;
3) пашырэнне субурбаністычных працэсаў, гэта значыць, “прыхаванага” гарадскога насельніцтва ў прыгарадах.
4.4. Постіндустрыяльны горад
Сучасныя найбуйнейшыя гарады свету мяняюць сваю функцыянальную арыентацыю. Прамысловасць пакідае мегаполісы, і яны становяцца цэнтрамі спажывання тавараў і паслуг. У гэтым найбольш яскрава выяўляецца пераход да грамадства спажывання ў развітых краінах. Такая асаблівасць вызначае спецыфіку гарадской цывілізацыі з канца ХХ ст. Узнікае постіндустрыяльны горад з перавагай у ім невытворчай сферы.
Невытворчая сфера ўключае:
новыя тэхналогіі ва ўсіх галінах жыцця;
навуковыя даследаванні і распрацоўкі;
распаўсюджванне інфармацыі і развіццё камунікацый;
індустрыя перапрацоўкі інфармацыі;
рэкламная дзейнасць;
даведачнае і бібліятэчнае абслугоўванне;
галіны, звязаныя са страхаваннем, прадастаўленнем фінансавых і кансалтынгавых паслуг;
культурна-побытавае і транспартнае абслугоўванне; СМІ.
Аднак гарады Беларусі развіваюцца пераважна па індустрыяльнай мадэлі, застаючыся на стадыі прамысловага горада. Цяперашнія намаганні па павелічэнні прамысловай ролі гарадоў – ужо ўчорашні дзень: у свеце назіраецца дэіндустрыялізацыя. Паўстаюць вельмі складаныя праблемы. Па-першае, для развіцця сферы паслуг не стае сродкаў. Па-другое, пакінутая ў спадчыну ад Савецкага Саюза гарадская індустрыя – вельмі энергаёмкая і металаёмкая. Цэны на паліва і металы пастаянна растуць, што зніжае рэнтабельнасць прамысловай прадукцыі, а пераход на вытворчасць тавараў, якія не патрабуюць дарагой імпартнай сыравіны, адбываецца марудна. Тым не менш, вырашаць гэтыя праблемы давядзецца. Дэіндустрыялізацыя – гэта выратавальны шлях да натуральнай экалогіі, непазбежны дзеля выжывання чалавецтва. Праблема дэіндустрыялізацыі ўсё больш актуалізуецца ва ўсім свеце. Сімптомы да лепшага ўжо намеціліся і ў Беларусі: шмат увагі аддаецца Сіліконавай даліне, якую пачалі ствараць у Мінску з канца 2005 г.
У 2007 г. у Беларусі налічвалася 107 гарадоў і 111 гарадскіх пасёлкаў. У адпаведнасці з прэзідэнцкім указам ад 12 студзеня 2007 г., да малых гарадскіх паселішчаў адносяцца тыя, у якіх пражывае да 20 тысяч чалавек (у Заходняй Еўропе – да 50 тысяч чалавек), да сярэдніх гарадскіх паселішчаў – ад 20 да 100 тысяч чалавек, да вялікіх – больш як 100 тысяч чалавек. Сярэднія гарады, у сваю чаргу, падзяляюцца на дзве групы: з насельніцтвам ад 20 да 50 тысяч чалавек і ад 50 да 100 тысяч чалавек. Пераважаюць малыя і сярэднія гарадскія паселішчы. Толькі ў 23 гарадах пражывае больш за 50 тысяч чалавек. Нават абласныя цэнтры не заўсёды перавышаюць паўмільённую мяжу. Найбольшыя перспектывы для дасягнення памераў мегаполіса і статуса постіндустрыяльнага горада мае толькі Мінск.
Паводле перапісу 1999 г., гараджане складаюць каля 69% беларускага насельніцтва. Паводле сусветных мерак, Беларусь адносіцца да сярэднеурбанізаваных краінаў. Гэта паказчык і яе эканамічнага прагрэсу, які не назавеш выдатным.
На долю беларускага народа выпала шмат выпрабаванняў. Дэурбанізацыя назіралася:
1) у перыяд распаду Кіеўскай Русі і ўзнікнення Вялікага Княства літоўскага (ХІІ – пачатак ХІІІ ст.);
2) пасля страшэнна вынішчальнай вайны з Маскоўскай дзяржавай, ці “крывавага патопу” (сярэдзіна ХVІІ – сярэдзіна ХVІІІ ст.);
3) у час падзелу Рэчы Паспалітай і напалеонаўскіх войнаў (канец ХVІІІ – пачатак ХІХ ст.);
4) у перыяд Першай сусветнай вайны і расійскай “смуты” (1914–1920 гг.);
5) у час Другой сусветнай вайны (1939–1945 гг.).
Не менш катастрофаў гарадской цывілізацыі перажылі і краіны Заходняй Еўропы:
1) распад Рымскай імперыі;
2) чума і голад ХIVст.;
3) рэлігійныя войны ХVІІ ст.;
4) уцёкі з гарадоў у сувязі з перанаселенасцю ў канцы ХVІІІ ст.
А потым – рэвалюцыі ХІХ ст. і дзве сусветныя вайны ХХ ст. Але па выніках урбанізацыі яны – далёка наперадзе.
Новае ІІІ тысячагоддзе прынесла сусветнай эканоміцы сур’ёзныя выпрабаванні: нястачу энергарэсурсаў, прэснай вады, харчавання, разбурэнне прыроднага асяроддзя. Куды вядзе гарадская цывілізацыя – да эканамічнага квітнення ці да згубы, – застаецца загадкай.
ТЭМА 4. Роля сталіцы
План
1. З гісторыі выбару беларускай сталіцы
2. Эканамічны шлях развіцця Мінска
3. Мінск – сталіца: ці ёсць альтэрнатыва?
4. Праблемы сучаснай мадэрнізацыі
З гісторыі выбару беларускай сталіцы
Жан-Жак Русо пісаў у рамане-трактаце “Эміль, альбо Пра выхаванне”: “...Францыя была б куды больш магутная, каб знішчыла Парыж”. Але французы і іншыя народы ўпарта трацяцца. Відаць, сталіцы вартыя таго.
Cталіца мае важную ролю ў фармаванні сучасных нацый. Яна выступае тым ідэальным горадам, які разбурае лакальную самаізаляцыю людзей аграрнай цывілізацыі і лучыць, яднае іх вакол горада, дзе канцэнтруецца ўсё самае лепшае – слаўная гісторыя, выдатная сучаснасць, перспектыўная будучыня.
З узмацненнем беларускага руху ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. на званне сталіцы Беларусі маглі прэтэндаваць Полацк, Наваградак, Гродна, Мінск, Вільня. Аднак Полацк, Наваградак, Гродна, якія мелі слаўнае мінулае, не маглі на пачатку ХХ ст. пахваліцца прывабным становішчам. А Мінск, які набываў у той час усё большую прывабнасць і перспектыву для развіцця, не мог пахваліцца слаўным мінулым. І толькі Вільня адпавядала ўсім патрабаванням для ідэальнага горада, для сталічнага цэнтра Беларусі. Гэты горад абагаўлялі браты Луцкевічы (Іван і Антон), Вацлаў Ластоўскі, Максім Багдановіч. “Беларускім Сіёнам” называў Вільню Змітрок Бядуля, а Уладзімір Жылка – “крывіцкай Мекай”. Аднак беларускім марам пра Вільню не было наканавана спраўдзіцца. Воляй лёсу беларускай сталіцай стаў Мінск. Яму проста пашчасціла? Так. Але гэтага не дастаткова. Чаму ж Беларусь страціла Вільню і ці здолеў замяніць яе Мінск?
Пасля падпарадкавання Расіі старадаўняя сталіцы Літвы страціла свой статус і ператварылася ў звычайны губернскі цэнтр. А вось Мінск збегам абставінаў атрымаў магчымасць незаўважна, але няўхільна ўваходзіць у ролю беларускай сталіцы. Пасля таго як правялі ў 1871–1872 гг. чыгунку, ён зрабіўся не толькі найбуйнейшым населеным пунктам, вядучым эканамічным і палітычным цэнтрам, але і важным камунікатарам рускай культуры ў беларускім рёгіёне. Адначасова Мінск побач з Вільняй і Пецярбургам стаў цэнтрам зараджэння першай беларускай палітычнай партыі – Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Пасля заняцця Вільні немцамі ў 1915 г. у прыфрантавы Мінск з акупаваных тэрыторый пачалі сцякацца беларускія, польскія, яўрэйскія палітычныя і культурныя сілы. Кожны мясцовы народ лічыў Мінск сваім горадам. Ён задавальняў усіх, дый размяшчаўся ў цэнтры Беларусі. Да прыкладу, Віцебск задавальняў не усіх, бо быў больш зангажаваны ў рускую культуру, як і Гродна, зангажаванае ў польскую культуру.
Сур'ёзным канкурэнтам для Мінска выступала толькі Вільня. Тым больш, што дасавецкі Мінск так і не змог паяднаць інтэлектуалаў Беларусі, не змог стварыць значную нацыянальную эліту. Поспехі беларускага руху ў Вільні былі значна большыя. Таму пасля распаду Расійскай імперыі беларускія палітычныя лідэры і не прызнавалі Мінск у якасці сталіцы будучай беларускай дзяржавы. З улікам нямецкай акупацыі (1915–1918 гг.) і традыцыі яны ўпарта трымаліся ідэі стварэння федэратыўнай беларуска-літоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні. Аднак немцы не падтрымалі беларускага федэратыўнага праекта, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. канчаткова адвярнуліся ад яго і зрабілі стаўку на літоўскую нацыянальную дзяржаву.
У верасені 1917 г. літоўская Тарыба (Савет) абвясціла ў Вільні пра неабходнасць стварэння незалежнай Літоўскай дзяржавы ў этнаграфічных межах, куды ўключалася і Вільня. Немцы пагадзіліся з такой ідэяй, бо не хацелі, каб на гэты горад прэтэндавала Польшча. 11 снежня 1917 г. Тарыба прыняла Дэкларацыю аб стварэннi Лiтоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні і прыняла статус нямецкага пратэктарату, а 18 лютага 1918 г. абвясціла Літву незалежнай дзяржавай, прычым не запэўніваючы Германію ў сваёй вернасці.
Беларуская мара пра Вільню азмрочвалася. Спадзяванні на дэмакратызацыю Расіі пасля звяржэння царызму выявіліся марнымі. Пратэсты супраць “узурпацыі літоўцамі ўлады ў краі” не дапамагалі. Адзінае, што немцы дазволілі беларусам, дык гэта стварыць Вiленскую Беларускую Раду (беларускую тарыбу) на чале з Антонам Луцкевічам.
Такія паводзіны немцаў тлумачыліся міжнароднай сітуацыяй. Беларуска-літоўская федэрацыя закранала інтарэсы ўсё яшчэ магутнай Расіі, ад якой Германія дамагалася сепаратнага міру, хоць і беспаспяхова. Безвыніковым быў разлік на падтрымку палякаў, якія не згаджаліся адмовіцца ад прэтэнзій на Познаншчыну і Віленшчыну ўзамен на Заходнюю Беларусь. Нават беларускія лідэры адмаўляліся ад германскага пратэктарату. Дарэчы, слабасць беларускага руху, дамінацыя ў ім сацыялістаў не давалі шанцаў на падтрымку германскай дыпламатыі. Таму нямецкі план утрымання Ober-Оst (Латвія, Літва, частка Беларусі) можна было ажыццявіць толькі ў союзе з этнічнай Літвой, тым больш што літоўскія палітычныя дзеячы, хоць бы на словах, пагаджаліся на ўсе ўмовы акупантаў. Нельга скідваць з рахунку і гістарычную традыцыю, якая звязвала немцаў з літоўцамі.
Пасля абвяшчэння Літвой Акта пра незалежнасць і наступу немцаў на ўсход Віленская Беларуская Рада заявіла 19 лютага 1918 г. ад свайго імя пра незалежнасць Беларусі ад бальшавіцкай Расіі і выказала жаданне, каб усе беларускія землі (па два бакі фронту) сталі асновай для адбудовы з дапамогай заходніх краінаў Вялікага Княства Літоўскага. Пасля таго як савецкая Расія падзялілася з Германіяй беларускімі землямі паводле Брэсцкага міру (3 сакавіка 1918 г.), а кайзер прызнаў Літву (23 сакавіка 1918 г.), Віленская Беларуская Рада ініцыявала абвяшчэнне незалежнасці БНР са сталіцай у Мінску.
Чаму беларускія лідэры так доўга і ўпарта трымаліся ідэі федэралізму? Не толькі таму, што ім, як сацыялістам, ён быў блізкі, бо нагадваў пралетарскі інтэрнацыяналізм. І не толькі таму, што яны недаацэньвалі нацыяналізм, як гэта тлумачыць амерыканскі гісторык Тэматы Снайдэр. На іх думку, беларускае грамадства было не падрыхтаванае да незалежнасці. Беларуская буржуазія і беларуская нацыя не паспелі сфармавацца. Без сувязяў з марскімі портамі Літвы эканамічная магутнасць беларускай дзяржавы істотна зніжалася. Добра разумелі віленскія лідэры і ідэалагічна-культурную важнасць Вільні. Увогуле, для самастойнай беларускай дзяржавы, на іх меркаванне, бракавала і эканамічнага, і сацыяльнага, і культурнага падмурка.
Тым часам палітычная сітуацыя прыспешвала хоць бы дэклараваць намеры беларускага народа. 25 сакавiка 1918 г. у Мiнску было абвешчана пра незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкi. Мінск станавіўся сталіцай, а Вільня – часткай беларускай дзяржавы. Прычым новай сталіцы вярталася старадаўняя назва – Менск. Нямецкія ўлады змірыліся з актам 25 сакавіка не без спадзеву на тое, што Мінск адцягне беларусаў ад спрэчных тэрыторый з Літвой, у тым ліку і ад Вільні. Відаць, з той самай прычыны БНР прызнала і Літоўская Тарыба.
Кіраўніцтва БНР таксама прызнала незалежнасць Літвы. Але гэта не азначала прыняцця Мінскам літоўскіх прэтэнзій на Вільню і на беларускія землі. У Мемарыяле Народнага Сакратарыяту БНР імперскаму канцлеру Нямеччыны ад 5 красавіка 1918 г. адстойваўся прынцып непадзельнасці беларускіх земляў і асабліва падкрэслівалася, што "горад Вільня знаходзіцца на беларускай тэрыторыі, акаляючай яго з боку Літвы паўкругам радыуса 20–60 вёрст". Урад БНР даваў фінансавую падтрымку віленскай беларускай газеце "Гоман", якая бараніла заходнія межы Беларускага краю.
Не выключана, што Мінск ва ўяўленнях віленскіх палітыкаў адпавядаў тактычным мэтам дасягнення беларускай дзяржаўнасці, а Вільня – стратэгічным. Вільня лічылася непарыўнай часткай незалежнай Беларусі і найлепшым горадам для патэнцыйнай сталіцы суверэннай беларускай дзяржавы. Па сутнасці, і пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Вільня заставалася кіроўчым цэнтрам беларускага руху. Мінск паказваў сябе як горад прарасійскай арыентацыі. Кіраўніцтва БНР у гэтым горадзе не мела моцнага лідэра, цвёрдага курсу ды выяўляла часам сваю разгубленасць і бездапаможнасць. Усе найважнейшыя пытанні прэм’ер ураду БНР Язэп Варонка ўзгадняў з Антонам Луцкевічам.
Урэшце, урад БНР, не маючы магчымасці абараніць сябе ад расійскіх бальшавікоў, пераехаў у Вільню, а потым у Гародню, якая са снежня 1918 г. да красавіка 1919 г. фактычна была другой сталіцай БНР, і потым апынуўся ў Берліне.
У гады савецка-польскай вайны (1919–1920 гг.) сітуацыя змянілася. Мінск трапіў у рукі палякаў. Ю. Пілсудскі ініцыяваў план адраджэння Рэчы Паспалітай у выглядзе федэрацыі Польшчы і Літвы. Прычым Літва павінна была падзяляцца на тры акругі: этнічная Літва са сталіцай ў Коўна ўтварала першую акругу, Беларуская Літва са сталіцай у Мінску – другую акругу, а паміж імі стваралася прапольская Сярэдняя Літва з цэнтрам у Вільні. Але супернікі Пілсудскага, нацыянал-дэмакраты, зрабілі ўсё, каб Беларуская акруга ніколі не ўзнікла. На перамовах з савецкай Расіяй у Рызе яны адмовіліся ад прапанаваных бальшавікамі земляў БССР са сталіцай у Мінску, занятых на той час польскімі войскамі, узамен на савецкую Украіну.
Выбар незалежнікамі Мінска ў якасці беларускай сталіцы прызналі потым і бальшавікі, калі 1 студзеня 1919 г. абвясцілі аб стварэнні БССР. Аднак было ў сталіцы беларускай савецкай рэспублікі нешта несапраўднае. Калі Варшава, Вільня, Рыга сталі сталіцамі унітарных дзяржаў, то Мінск зрабіўся ўзорам полікультурнасці. Чатыры мовы былі прызнаны раўназначнымі. Для таго часу гэта з’явілася не рысай прагрэсу, а вынікам слабасці і падпарадкаванасці беларускай нацыі спачатку Берліну, а потым Маскве. Расійскія бальшавікі, як і немцы, прапаноўвалі для жыхароў Беларусі па сутнасці акупацыйную мадэль дзяржавы і сталіцы: імкнуліся задаволіць, супакоіць, суцішыць усіх, каб не мець клопату з кіраваннем, а потым мацней падпарадкаваць. Таму трэба прызнаць акупацыйнае паходжанне цяперашняй сталіцы Беларусі.
Ужо 27 лютага 1919 г. маскоўскае кіраўніцтва з’яднала БССР з Літоўскай ССР у Літоўска-Беларускую ССР (Літ-Бел) са сталіцай у Вільні. Старая ліцвінская сталіца ўзяла верх над маладым сталічным Мінскам. Як ні парадаксальна, але даўнюю мару беларусаў – мець у якасці сталіцы Вільню –дапамаглі спраўдзіць бальшавікі. Штучны наватвор – Літ-Бел – разваліўся, а пасля аднаўлення ў 1920 г. савецкай Беларусі Мінск зноў стаў яе сталіцай. Але зноў жа – няпэўнай. Пасля падзелу Беларусі паміж Расіяй і Польшчай дзяржаўная мяжа праходзіла паміж Мінскам і Ракавам. Дальнабойная артылерыя з польскай тэрыторыі даставала да галоўнага горада БССР. Напярэдадні Другой сусветнай вайны (у 1939 г.) кіраўніцтва савецкай Беларусі рыхтавалася да пераносу сталіцы ў Магілёў. Там будаваўся Дом урада, копія мінскага. І толькі далучэнне Заходняй Беларусі зрабіла магілёўскі варыянт бессэнсоўным. Аднак на тым пагроза Мінску не знікла. Тады ж, у 1939 г., пайшлі чуткі пра перанос сталіцы БССР у Вільню. Зноў старадаўні цэнтр нагадаў пра сябе. І тут на дапамогу Мінску прыйшоў… І. Сталін: 10 кастрычніка 1939 г. ён перадаў Вільню Літве без ведама беларускага савецкага кіраўніцтва. Таму трэба прызнаць, што да вайны мясцовыя нацыянал-бальшавікі не лічылі Мінск бясспрэчнай сталіцай, бо спадзяваліся на вяртанне Вільні.
Падчас мінулай вайны было разбурана нібыта 80% мінскай забудовы. І нібыта ўзнікла прапанова перанесці Мінск на новае месца. Хай сабе гэта толькі савецкі міф, але ў жыхароў Варшавы, Дрэздзена сумневу наконт адражэння сваіх гарадоў на старым месцы не ўзнікала.
Сучасны даследчык Мінска Сяржук Абламейка даказвае, што памеры ваенных разбурэнняў перабольшваюцца. Шмат якія будынкі можна было аднавіць, але іх руйнавалі бязлітасна, асабліва ў раёне будучага сталінскага праспекта. Будынак рэальнага вучылішча, які ў раёне цырка ўстаў на шляху новага праспекта (а пра гэта сведчыць пасляваенны малюнак краязнаўца Анатоля Наліваева), быў проста ўзарваны. Мінск аднаўляўся як узорны сацыялістычны горад.
У 1960-я гг. Мінск канчаткова набыў аблічча другараднай савецкай сталіцы. Гэты вобраз захоўваецца дагэтуль. Мінск, відаць, адзіная ў свеце сталіца, якая не мае ўласнага музея пра сваю гісторыю. Заапарка таксама доўгі час не было. Перад вайной яго так і не паспелі адкрыць у раёне парка Чалюскінцаў.
Пра Мінск напісана шмат кніг, але не настолькі многа ў параўнанні з іншымі сталіцамі. Не стае мастацкіх твораў пра яго. Чым больш з’явіцца кніг пра беларускую сталіцу, тым большы будзе яе прэстыж і прэстыж усёй краіны. Існуе план стварэння асобнай гуманітарнай навукі – сталіцазнаўства.
Эканамічны шлях развіцця Мінска
Найбольш спрыяльныя ўмовы для прадпрымальніцтва складваюцца, як правіла, у сталіцах. Адсюль выключная роля сталіц у эканамічным развіцці краіны. Шлях Мінска да такой выключнай ролі ў эканоміцы быў доўгі і складаны. Пачынаўся горад з гарадзішча крывічоў, звычайнага для тых часоў умацаванага месца. Крапасныя сцены і княжацкі замак былі ўзведзеныя пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач на загад знакамітага полацкага князя Усяслава Брачыслававіча, празванага Чарадзеем. Першы летапісны ўспамін пра Мінск датуецца 1067 годам.
Достарыңызбен бөлісу: |