Міністэрства адукацыі РБ
Ільянская сярэдняя школа
Даследчая распрацоўка на тэму:
Уплыў роднасных (славянскіх) і няроднасных (неславянскіх) моў
на бытавыя моўныя зносіны
на тэрыторыі Ільяншчыны
(Вілейскага раёна)
Ілья, 2005 г
Уплыў роднасных (славянскіх) і няроднасных (неславянскіх) моў на бытавыя моўныя зносіны нашай мясцовасці
План -
Запазычванне іншамоўных слоў - няспынны працэс, уласцівы кожнай мове.
-
Шляхі папаўнення размоўна-бытавой лексікі нашай мясцовасці.
-
Запіс і тлумачэнне запазычаных слоў мясцовай гаворкі.
-
Вывады
-
Спіс выкарыстанай літаратуры
1.Запазычванне іншамоўных слоў -
няспынны працэс, уласцівы кожнай мове
Слоўнікавы састаў беларускай мовы, як і любой іншай развітай нацыянальнай мовы, складаецца не з адной сотні тысяч слоў, якія ўзнікалі ў розныя гістарычныя перыяды.
Лексіка беларускай мовы разнастайная значэннем і ўжываннем, разнародная па структуры. З цягам часу яна змяняецца ў сувязі з развіццем грамадства: узнікаюць новыя словы для абазначэння невядомых раней паняццяў, назаўседы выходзяць з актыўнага ўжытку словы, калі знікаюць тыя паняцці, якія гэтымі словамі абазначаліся.
Паводле паходжання ўсе словы беларускай мовы падзяляюцца на ўласна беларускія і запазычаныя. Уласна беларускіх слоў у сучаснай мове вельмі многа, узніклі яны ў розныя перыяды фарміравання беларускай народнасці і беларускай нацыі на базе мясцовых народных гаворак. Так, з самых даўніх часоў беларускай мове былі вядомы такія словы, як бачыць, бусел, страва, цікавы, вымова, ганьба, звычай, летась, згодны, сачыць і многія іншыя. Дзесяткі тысяч слоў, характэрных толькі беларускай мове, знаходзім у народных гаворках.
Трэба звярнуць увагу на тое, што ў мовазнаўстве звычайна даследуецца пісьмовая мова ў сэнсе ўплыву на яе іншых моў. Мы шукаем гэты ўплыў у жывых гаворках пэўнай мясцовасці.
2.Шляхі папаўнення
размоўна-бытавой лексікі
нашай мясцовасці
Літаратуры дакладна па гэтаму пытанню няма. Лічу, што размоўна-бытавая лексіка нашай мясцовасці папаўнялася запазычанымі з іншых моў словамі наступнымі шляхамі.
-
Паланізмы. Гэта словы і выразы з польскай мовы, якія прыходзілі ў час стасункаў з палякаміна тэрыторыі Заходняй Беларусі. Потым у час візітаў з Польшчы ў Беларусь і наадварот. Паланізмаў вельмі шмат, яны агульнавядомыя, часам падпарадкоўваюцца беларускай граматыцы. Сярод іх есць цікавыя, якія сустракаюцца толькі ў нашай мясцовасці.
-
Германізмы. Прыйшлі ад салдатаў Першай сусветнай вайны, ад салдатаў Вялікай Айчыннай вайны, якія былі ў палоне на тэрыторыі Германіі альбо знаходзіліся там у час вайны і пасля Перамогі. Словы з нямецкай мовы ўжывалі спачатку самі былыя салдаты, потым сямейнікі, суседзі і г.д. Некаторыя словы засталіся пасля акупацыі.
-
З яўрэйскай мовы. Да вайны шмат яўрэяў жылі побач з беларусамі, асабліва ў мястэчках, вялікіх весках. У беларускую мову на гутарковым узроўні пранікалі не толькі словы і выразы, але нават яўрэйскія сінтаксіс і інтанацыі.
-
З іншых моў. Найбольш, вядома, з рускай. Есць і украінізмы. Часцей за ўсе ад прывезеных беларускімі хлопцамі жонак-хахлушак, звычайна вельмі гаваркіх. Таксама ад беларусаў, якія жылі некаторы час на Ўкраіне.
Павінны быць і з французскай мовы (з часоў вайны, ад памешчыкаў-магнатаў). Гэтыя мовы належаць да індаеўрапейскай сям’і.
3.Запіс і тлумачэнне запазычаных слоў мясцовай гаворкі
Заўвага. Часам запазычанае слова пакуль не паддаецца тлумачэнню, этымалогію яшчэ трэба шукаць. Але гэта звычайная з’ява ў мовазнаўстве. Таксама не заўседы канкрэтна можна ўказаць, ад каго запісана слова.
Андаляцыя – паланізм. Завіўка, прыгожая прычоска.
Прыкладная сітуацыя.
Суседка да суседкі: “Чаму ты яшчэ ў агародзе корпаешся? Трэба ўжо андаляцыю рабіць, вечарам жа на госці пойдзеш”.
-“А ў мяне такая андаляцыя, якая хутка робіцца”, (паказвае на свае доўгія гладкія валасы).
Запісана ад Бутар Н.І., настаўніцы Ільянскай СШ.
Абэйзар, часам сляпы абэйзар – з яўрэйскай мовы. Азначае чалавека з дрэнным зрокам.
Прыкладная сітуацыя.
Дзед, гледзячы на вуліцу:
-“Глядзі, наша ўнучка прыехала, вунь ідзе”.
Бабуля, паглядзеўшы туды ж:
-“Абэйзар ты, дзед. Гэта ж суседская Ганька”.
Запісана ад Яноўскай Г.І., пенсіянеркі з в. Ілья.
Беспаментны – паланізм, часцей ужываецца з назоўнікам “авечка”. Азначае асобу з нетрывалай памяццю.
Прыкладная сітуацыя.
Бабуля да сваей сяброукі:
-Чакала цябе ўчора ўвесь вечар. Абяцала прыйсці і не прыйшла.
-Абяцала, гаворыш? А я і забыла. Такая беспаментная авечка стала.
Запісана ад Альшэўскай Л.І., пенсіянеркі з в. Ілья.
Бабця – паланізм. Азначае “бабуля”, прычым не проста “бабуля”, а родная.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына расказвае:
-Ад мачыхі звычайна дзеўкі рана замуж ідуць. Пайшла б і я, але вельмі бабці шкадавала. Нямоглая ўжо была, і ніхто, акрамя мяне, пра яе не дбаў.
Запісана ад Грымоць Г.І., пенсіянеркі з в. Ілья.
Вор, воркі – паланізм. Часцей ўжываецца ў множным ліку. Азначае мех, мяхі, ужываецца і зараз на граніцы Вілейскага і Смаргонскага раенаў.
Прыкладная сітуацыя.
Стараста групы навучэнцаў Ільянскага тэхнікума дае каманду: -Зараз заедзем да канторы і пакажам ім нашы воркі.
-Што, што пакажам?
-Я ж сказала, нашы воркі з бульбай.
Запісана ад Доліч Ніны, былой навучэнкі Ільянскага тэхнікума, в. Войстам, Вілейскі р-н.
Выглендыш – паланізм. Азначае дагледжаную, крыху спешчаную асобу.
Прыкладная сітуацыя.
З размовы сябровак, якія даўно не бачыліся:
-Мусіць, добра жывеш?
-Чаму ты так думаеш?
-Ну, сама амаль не пастарэла, і сын вунь які выглендыш.
Запісана ад Дубяга Т.І., пенсіянеркі з в. Ілья.
Вінкель –германізм. Азначае інструмент-вугольнік.
Прыкладная сітуацыя.
Бацька павучае сына:
-Не спяшайся, работа тонкая. Не лянуйся ўзяць вінкель, каб дакладна было.
Запісана ад былога выкладчыка Ільянскага тэхнікума Лагуна Г.М.
Галяпаваць - паланізм. Азначае “падымаць крык без асаблівай прычыны”.
Прыкладная сітуацыя.
Муж да жонкі:
-
Чаго ты галяпуеш? Колькі я там выпіў? Знайдзі ты сёння хоць аднаго цвярозага.
Гжэчны – паланізм. Азначае вельмі паважаную асобу. Блізка па сэнсу да слова “бездакорны”.
Прыкладная сітуацыя.
Старая жанчына ўспамінае:
- Я добра ведала яго сям”ю. Сябравала з сёстрамі, гжэчныя паненкі былі. Запісана ад дырэктара Ільянскай СШ Юшко І.А.
Голы васэр – германізм. Азначае напой зусім без алкаголю.
Прыкладная сітуацыя.
Пад час застолля мужчына падымае келіх і прапануе ўсім выпіць. Суседка, заўважыўшы, што чалавек наліў сабе мінеральнай вады, гаворыць:
-А што вы прапануеце? У вас жа голы васэр у стакане.
Запісана ад выкладчыцы Ільянскага тэхнікума Лявіцкай А.С.
Гешэфты – з яўрэйскай мовы. Азначае справы, мець гешэфты з кім-небудзь – мець даверлівыя, нават сакрэтныя адносіны.
Прыкладная сітуацыя.
Селянін расказвае пра былога сябра:
-Мы шмат чаго перажылі разам, але аднойчы ён дужа падвёў мяне. З таго часу я не маю з ім ніякіх гешэфтаў.
Запісана ад былой медсястры Ільянскай бальніцы Палаўчэня М.С.
Дафіляда – з французкай мовы. Азначае свята накшталт сучасных фестываляў, дзе можна людзей паглядзець і сябе паказаць.
Прыкладная сітуацыя.
Размова ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці:
-Ведаеш, што мы ўдзельнічаем ў занальным аглядзе мастацкіх калектываў?
-Не, не чуў яшчэ. І дзе жадбудзецца гэта дафіляда?
Запісана ад Крэнь М.А., сакратара Ільянскага сельсавета.
Да відзэння – паланізм. Ужываецца ў тым жа значэнні, што і “да пабачэння”, на тэрыторыі нашай мясцовасці нават часцей, чым беларускіі рускі аналагі.
Прыкладная сітуацыя.
З размовы суседзяў:
-Звярні ўвагу на свайго сына. Ужо вялікі хлопец, а ў хату зойдзе – ні дзень добры, ні да відзэння.
Запісана ад Юшко І.А., дырэктара Ільянскай СШ.
Дастатэчна – паланізм. Адпавядае слову “дастаткова”, магчыма, больш дакладна “хопіць”.
Прыкладная сітуацыя.
Швачка пытае ў кліенткі:
-Можа, крыху даўжэйшыя рукавы зробім?
-Не, так будзе дастатэчна.
Запісана ад былой выкладчыцы Ільянскага тэхнікума Шатраўка Р.С.
Джалы – паланізм. Азначае рэчы, прылады, блізка да беларускага слова ”начынне”, часцей іранічна.
Прыкладная сітуацыя.
Жонка да мужа:
-Схадзі ў гараж, прывядзі ў парадак свае джалы, а то ўжо нагой не ступіць.
Запісана ад Яноўскай Г.І., пенсіянеркі з в.Ілья.
Жмікра – магчыма, паланізм. Азначае скупую асобу, адпавядае рускаму “скопидом”.
Прыкладная сітуацыя.
Бацька-нябожчык вялікі жмікра быў, нічога ў яго не прападала дарэмна. Вось сын зусім іншы – не ў хату нясе, а з хаты.
Запісана ад былога вучня Цярэшкаўскай БШ Гараніна Казіміра.
Загарак – паланізм. Азначае гадзіннік, часам іранічна. Часта ўжывалася ў канцы 50-х гадоў сярод падлеткаў вясковых школ.
Прыкладная сітуацыя.
Вучань-старшакласнік да свайго сябра:
-Ух ты! І табе загарак купілі? Ці хто панасіць даў?
-Мой! Бацькі спыталі, што я хачу на дзень нараджэння. Я і папрасіў загарачак.
Запісана ад настаўніцы Ільянскай СШ Бутар Н.І.
Зграбны – паланізм. Адпавядае слову “складны”. Так характарызуюць асобу, у якой усё дарэчы. Як антонім ужываецца зневажальнае слова “незграбэйла”.
Прыкладная сітуацыя.
Бацька да сына:
-
Жаніўся б ты ўжо.
-
З кім гэта?
-
А навошта далёка хадзіць? У суседзяў такая зграбная дачка.
Збэсціць – германізм. Блізка па сэнсу да слова “зганіць”.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына гаворыць дома:
-
Вось дык суседзі ў нас з”явіліся! Я іх ветліва папрасіла прывязаць сабаку, а яны так на мяне накрычалі, і пайшла я, збэшчаная, ні з чым.
Запісана ад дырэктара Ільянскай СШ Юшко І.А.
Кнэхціцца – германізм. Азначае “скардзіцца, лічыць сябе хворым альбо няшчасным, быць вечна незадаволеным сваім становішчам”.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчыны спачуваюць суседу:
-Цяжка жыць чалавеку. Жонка ўвесь век кнэхціцца, а ён сам цягне ўсю працу па дому.
Запісана ад ветэрана вайны Агеева М.А.,в. Ілья.
Каладэшка – паланізм. Так крыху насмешліва называюць поўную жанчыну нізкага росту.
Прыкладная сітуацыя.
-Я задрамаў крыху ў аўтобусе і раптам прачнуўся ад пранізлівага голасу: нейкая маладая каладэшка гучна спрачалася з нашым вадзіцелем.
Запісана ад пенсіянеркі Буркевіч Л.А., в. Ілья.
Капут – германізм. Азначае пагрозу, папярэджанне, што будзе дрэнна. Адпавядае рускаму “убью”. Звычайна мае непрамы іранічны сэнс.
Прыкладная сітуацыя.
Размова сяброў:
-Дык ты прынясеш мне заўтра сцізорык?
-Вядома, прынясу.
-Ну глядзі ў мяне, калі зноў забудзеш, капут табе.
Запісана ад былога выкладчыка Ільянскага тэхнікума Лапехі А.М.
Каляжанка – паланізм. Часта ўжывалася ў 50-60-я гады не ў цяперашнім сэнсе “калега-жанчына”, а “сяброўка”, прычым у асяроддзі дзяўчат.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына пытае ў суседкі:
-Нешта я тваёй Марынкі каторы дзень не бачу.
-Яна ў суседнюю вёску паехала. Каляжанка запрасіла ў госці.
Запісана ад пенсіянеркі Піневіч Г.І., в. Ілья.
Ксёнжка – паланізм.
Азначае кнігу, часцей рэлігійнага зместу.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына, збіраючыся да касцёла, пытае ў дзяцей:
- Вы не бачылі маю ксёнжку?
-
Якую, мама?
-
Святую ксёнжку, з малітвамі.
Запісана ад Лазарэвіч Ванды, былой вучаніцы Даўгінаўскай СШ, Вілейскі р-н.
Кумагэр – з яўрэйскай мовы, скажонае.
Так падзываюць да сябе сяброў або дзяцей, азначае “ідзі сюды”.
Прыкладная сітуацыя.
Хлопчык кліча сябра:
-Казік, кумагэр! Пойдзем зараз на рэчку, вельмі сонца добрае!
Ляс – паланізм. Азначае “лес”, ужываецца і зараз, часам з іроніяй, у прымаўках.
Прыкладная сітуацыя.
На вечарыне адна з дзяўчат, бачачы, што багацейшыя сяброўкі коса паглядаюць на яе сціплы ўбор, пакрыўджана кажа:
-
Не зраўнаваў Бог ляс, не зраўнуе і нас.
Лёс – германізм. Азначае тое самае, што па-руску “судьба”, у нашай мясцовасці звычайна ўжываюць гэта рускае слова, а “лёс” часцей гучыць у прымаўках, старых песнях, частушках.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчыны старэйшага пакалення памятаюць, як яны ў юнацтве спявалі жартоўную песеньку для сваіх сябровак – Ганнаў:
Панна Ганна, марны лёс,
Ногі ценькі, длугі нос.
Мацохарка – з яўрэйскай мовы. Азначае хітрую і гультаяватую асобу. Звычайна так гавораць пра жанчын.
Прыкладная сітуацыя.
Бацька, звяртаючыся да маці:
-
Зноў адна ўсё робіш. А дзе дачка?
-
Хай паспіць, учора позна з вячорак прыйшла.
-
Ой глядзі, маці. Выгадуеш мацохарку на сваю галаву.
Навотліш – паланізм. Адпавядае рускаму “наотмашь”.
Прыкладная сітуацыя.
Мужчына расказвае дома:
- Такога яшчэ са мной не здаралася. Зрабіў заўвагу падлетку, а той, не доўга думаючы, ударыў мяне навотліш і збег.
Запісана ад дырэктара Ільянскай СШ Юшко І.А.
Нігды – паланізм. Азначае “ніколі”, ужываецца часцей за ўсё ў прымаўках.
Прыкладная сітуацыя.
У застоллі хто-небудзь са старых людзей можа сказаць такое пажаданне:
-
Нех мы жылі, водку пілі і нігды не хваравалі.
Ніц – паланізм. Азначае “нічога”, звычайна ўжываецца ў прымаўках.
Прыкладная сітуацыя.
Размова суседзяў:
-
Дай крыху буракоў, не хапае да новых.
-
А ты мне морквы. Дар за дар, дарам ніц.
Няўструй – паланізм. Азначае надзвычай неўраўнаважанага чалавека, часцей у дзіцячым або ў юначым узросце.
Прыкладная сітуацыя.
Бабуля да ўнука:
-
І што гэта з табой робіцца? Было такое мілае дзіця, а зараз няўструй нейкі.
Запісана ад Жабко В.І., былога вахцёра Ільянскага тэхнікума.
Ні да чэго – паланізм. Азначае нікуды не годны, няздатны ні да чаго.
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына расказвае:
-Сын нядаўна жаніўся, нявестка – ні да чэго, ні да танца, ні да ружанца. Адно толькі што прыгожая.
Пэцнуць – паланізм. Адпавядае рускаму “стукнуть, ударить”.
Прыкладная сітуацыя.
Адзін сябар другому:
-
Калі ты яшчэ пры бацьку такое скажаш, я табе пэцну!
Прылабуніцца – паланізм. Азначае “далучыцца да чаго-небудзь з выгадай для сябе”.
Прыкладная сітуацыя.
Муж да жонкі:
-
Мая сястра хоча разам з намі працаваць на гэтай дзялянцы буракоў.
-
Не трэба прылабуньвацца. А дзе яна раней была?
Запісана ад дырэктара Ільянскай СШ Юшко І.А.
Павадзэнне – паланізм. Азначае ўвагу хлопца да дзяўчыны.
Прыкладная сітуацыя.
Маці гаворыць да сваёй прыгажуні-дачкі:
-
Трэба ўжо замуж ісці, дачушка. І людзі добрыя знаходзяцца.
-
Ой, мамачка, я яшчэ пагуляць хачу. Мне так добра паводзіцца. На кожнай вечарыне такое павадзэнне.
Пасаймікавацца – паланізм. Азначае “параіцца”, мае крыху іранічнае адценне.
Прыкладная сітуацыя.
Селянін да брата:
-
Прыходзь у нядзелю да мяне, пасаймікавацца трэба, што з бацькавай хатай рабіць.
Падзенькаванне – паланізм. Азначае ўдзячнасць, падзяку.
Прыкладная сітуацыя.
У пачатку пісьма да каго-небудзь: “Прымі мае шчырае падзенькаванне за памяць пра нас.”
Пэнкнуць – паланізм. Азначае прыкладна тое, што і слова “лопнуць”. Ужываецца часцей у дачыненні да чалавека, з насмешкай.
Прыкладная сітуацыя.
З размовы калег:
-
Чаго так позна затрымаўся на працы?
-
Не паспеў зрабіць усё, што трэба, а каліб не здаў справаздачу ў тэрмін, начальнік пэнкнуў бы ад злосці.
Падкіндэс – паланізм. “З падкіндэсам” азначае асаблівы спрыт у танцы альбо іранічную заўвагу да паводзін.
Прыкладная сітуацыя.
Настаўніца расказвае пра візіт у школу маці недысцыплінаванага вучня:
-
Бачылі б вы, з якім падкіндэсам яна ішла сюды. Усім расказвала, як яна абурана нашым выклікам.
Запісана ад Крэнь Н.Ф., былога вахцёра Ільянскага тэхнікума.
Пшэпрашэм – паланізм. Так людзі старэйшага ўзросту просяць прабачэння.
Прыкладная сітуацыя.
Старая жанчына ў аўтобусе:
-
Пшэпрашэм, ці не скажаце, калі будзе прыпынак “Плошча Свабоды”?
Запісана ад дырэктара Ільянскай СШ Юшко І.А.
Ровар (у нашай мясцовасці часцей равэрак) – паланізм. Азначае веласіпед. Вельмі распаўсюджанае і ў наш час.
Прыкладная сітуацыя.
Хлопец расказвае сябрам :
-
Прыехалі ў далёкую вёску на дыскатэку, зайшлі да знаёмых – усё на замку, і хата, і хлявы. Больш у вёсцы нікога не ведаем. Дзе равэркі паставіць?
Запісана ад пенсіянера Максімовіча А.І., в. Ілья.
Скажэні – украінізм. Мае рэзка адмоўны сэнс, азначае шалёны, вельмі агрэсіўны, вар`ят (у адносінах да людзей).
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына пра суседзяў:
-
Яны наогул не могуць па-людску размаўляць, усё крыкам ды благімі словамі. Скажэні нейкія.
Запісана ад выкладчыцы Ільянскага тэхнікума Маханёк Г.М.
Спацыраваць, спацыр (часам шпацыр) – паланізм. Азначае “прагульвацца”, “прагулка”, часам у іранічным сэнсе.
Прыкладная сітуацыя.
Сяброўка кліча другую:
-
Якія планы сёння на вечар?
-
Асаблівых няма. Калі ты не супраць, пойдзем паспацыруем.
Запісана ад выкладчыцы Ільянскага тэхнікума Камінскай Я.М.
Стамжыць – паланізм. Азначае “ўкрасці”, але мае крыху іранічны сэнс, накшталт рускага “прихватить”.
Прыкладная сітуацыя.
Муж кажа да жонкі:
-
Нешта я не знайшоў нідзе драўляную лапату?
-
Ах, гэта ўчора я яе ля веснічак пакінула. Відаць, нехта з суседзяў стамжыў.
Запісана ад Крэнь М.Ф., былога вахцёра Ільянскага тэхнікума.
Спэцканы – паланізм. Азначае “брудны”, “скачаны”.
Прыкладная сітуацыя.
Маці робіць заўвагу сыну:
-
Гэта ты на танцы ў такой спэцканай кашулі сабраўся? Нельга, сынок, так да людзей выходзіць.
Снігуўцы – паланізм. Азначае прыгожы бліскучы абутак з сінтэтычнага матэрыялу, які жанчыны надзявалі на скураны, каб засцерагчы ад сырасці.
Прыкладная сітуацыя.
-
Бабуля, што гэта за дзіўныя боцікі?
-
О, гэта мае дзявоцкія снігуўцы. Іх павінна была мець кожная паненка.
Запісана ад дырэктара Ільянскай СШ Юшко І.А.
Стронціць – паланізм. Азначае “нанесці шкоду, траўму”.
Прыкладная сітуацыя.
Бабуля гаворыць:
-
Пацягніце, дзеткі, мяне за руку. Так слізка на вуліцы, павалілася я і стронціла руку.
Запісана ад пенсіянеркі в. Ілья Яноўскай Г.М.
Тандэт, тандэтшчык, стандэціць – этымалогія пакуль невядомая, магчыма германізм. Азначае дрэнна, неахайна выкананую работу, таго, хто дрэнна працуе. “Стандэціць” па-руску значыць “запороть”.
Прыкладная сітуацыя.
Дзед, прымяраючы світку, пашытую суседам-краўцом:
-
Гарыдавец тандэтшчык. Трэба ж гэтак стандэціць світку.
Запісана ад дзеда з хутара каля в. Клесіна Вілейскага раёна, былога аўстрыйскага палоннага 1915-17 г.
Транты – паланізм. Азначае не вельмі патрэбныя рэчы, якія хутчэй замінаюць, чым дапамагаюць. Па-руску гэта “барахло”.
Прыкладная сітуацыя.
-
Бабуля, выкінь ты гэтыя транты!
-
Не, дзеткі, а а раптам вайна? Тады ўсё спатрэбіцца.
Запісана ад пенсіянеркі Дубяга Т.І., в. Ілья.
Фэст, часам хвэст – германізм. Азначае ўрачыстасці ў пасёлку падчас прастрольнага свята ў царкве (рускі фэст) або ў касцёле (польскі фэст).
Прыкладная сітуацыя.
Жанчына расказвае сяброўцы:
-
Гэта ж мой мужык з раніцы на хвэст у Будслаў збіраўся, але я дала іншую каманду – едзем бульбу абганяць. І выйшла па-мойму.
Запісана ад Кругавай А.І., пенсіянеркі з в. Ілья.
Файны – амерыканізм. Азначае “прыгожы”, прычым усебакова. Ужываецца і зараз людзмі старэйшага і сярэдняга пакаленняў.
Прыкладная сітуацыя.
Размова суседзяў:
-
Сына ўжо трэба жаніць, але нікога яшчэ няма на воку.
-
А Рыгорава старэйшая чым не пара? І рослая, і стройная, і разумная.
-
Файная дзеўка, нічога не скажаш. Але ці аддасць Рыгор за майго бэйбуса?
Запісана ад Гараніна Андрэя, былога вучня Цярэшкаўскай СШ Вілейскага раёна.
Фастрыга, фастрыгаваць – паланізм. Азначае пашыць рукамі раскроеную рэч, па-руску “сметать”. Слова вядома лінгвістам, але ўжываецца ў жывой гаворцы менавіта на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі.
Прыкладная сітуацыя.
Дзяўчына, разглядаючы новую сукенку сяброўкі:
-Ой, глядзі – фастрыга не выцягнута. Мусіць, ты не заплаціла швачцы.
Фая, файка – паланізм. Азначае люльку для курэння. Па-руску “трубка”.
Прыкладная сітуацыя.
Чалавек у адказ на пытанне “як справы”, гаворыць:
-
А нічога сабе. Файка паліцца, у печы нешта варыцца.
Шмекер – германізм. Азначае хітрую асобу, звычайна мужчыну, які не супраць абвесці вакол пальца свайго бліжняга, не вельмі злога, хутчэй вясёлага і насмешлівага.
Прыкладная сітуацыя.
Мужчына гаворыць жонцы:
-
Ты бачыла, Янка насыпаў жыта ад суседавых варот да нашых, гэта быццам я ноччу краў.
-
Адкуль ты ведаеш, што гэта Янка зрабіў?
-
Ён, ён! Гэты шмекер яшчэ не тое зробіць.
Шпэціць – паланізм. Азначае “псаваць, але не зусім прыводзіць у нягоднасць”, а хутчэй толькі знешні выгляд парушаць.
Прыкладная сітуацыя.
Бацька да сына:
-
Маладзец, ты добра адрамантаваў фортку. Але глядзі, як ты пры гэтым пашпэціў афарбоўку. Трэба акуратней, сынок.
Шэнціць – паланізм. Азначае ўдачу ў справах, шанцаванне.
Прыкладная сітуацыя.
Размова прыяцеляў:
-
Учора на вадасховішча ездзілі з братам.
-
Ну і як улоў?
-
Не пашэнціла, зусім мізэрная здабыча.
Шторык – амерыканізм. Азначае ларок, палатку, гандлёвую кропку без залы для пакупнікоў.
Прыкладная сітуацыя.
Размова суседак:
Запісана ад Кажура А.С., пенсіянеркі з в. Ілья.
Шафэчка - паланізм. Азначае невялікую шафу.
Прыкладная сітуацыя.
Гаспадыня да гаспадара:
-
Нам трэба ў гэты пакой паставіць стол ды якую-небудзь шафэчку, а то пуста зусім.
4.Вывады
Словы з іншых моў звычайна ўжываюцца ў вуснай мове тады, калі яны найбольш дакладна азначаюць пэўнае паняцце. Такая з”ява добра вядома людзям, якія ведаюць некалькі моў. У размове на якой-небудзь адной мове часам ужываюць трапнае слова з іншай. На наш погляд, толькі такое запазычанне лексікі мае сэнс, бо яно не засмечвае мову, а ўзбагачае яе. Пагэтаму цяжка знайсці блізкі сінонім такога запазычанага слова, а абсалютны амаль заўсёды немагчыма. Словы нярэдка бываюць скажоныя. Гэта – ад упадаблення да беларускай мовы, а часам і да мясцовага дыялекту. Бывае, што агульнамясцовае запазычанае слова ўжываецца ў нязвыклым значэнні, характэрным толькі для пэўнай мясцовасці. Часта вядомыя лінгвістам словы ўжываюцца толькі на пэўнай тэрыторыі, а беларусы іншых рэгіёнаў іх не разумеюць. Часцей за ўсё замацоўваліся ў размоўна-бытавой лексіцы кароткія, трапныя і зручныя ў вымаўленні словы. Калі слова ўвайшло ў прымаўку, гэта сведчыць аб высокай ступені замацавання яго ў мове.
Працу над гэтай мовазнаўчай тэмай можна працягваць бясконца. Мова – жывы арганізм, яна ўвесь час узбагачае свой слоўнікавы склад самымі рознымі шляхамі, у тым ліку і запазычваннем з іншых моў.
5.Спіс выкарыстанай літаратуры -
Гаўрош Н.В. Сучасная беларуская літаратурная мова. –Мн.: “Вышэйшая школа”, 1995
-
Камароўскі Я.М. Беларуская мова: дапаможнік для абітурыентаў. –Мн.: “Універсітэцкае”, 1993
-
Каўрус А.А. Слова наша роднае: кніга для настаўніка. –Мн.: “Народная асвета”, 1988
-
Красней В.П. Грані слова. -Мн.: “Народная асвета”, 1992
-
Кузьмянкова Т.В. Жывая спадчына. –Мн.: ”Народная асвета”, 1992
Достарыңызбен бөлісу: |