Урок па творчасці Івана Чыгрынава, 11 клас



Дата27.06.2016
өлшемі77 Kb.
#160172
Пакуль жывуць на свеце дзівакі..” (урок па творчасці Івана Чыгрынава, 11 клас)

На вывучэнне апавядання адводзіцца праграмай адна гадзіна. Паколькі разлічваць на папярэдняе прачытанне твора не прыходзіцца, то ўрок задуманы з улікам таго, што вучні тэксту апавядання не ведаюць. Пагэтаму на этапе актуалізацыі ведаў прапануецца нарэзка фільма Валерыя Тадароўскага “Мой зводны брат Франкенштэйн” (6 мінут) – твора блізкага па тэматыцы і праблематыцы апавяданню “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”. Такі падыход дазваляе спасцігнуць ідэю апавяання, эфектыўна арганізаваць самастойную пазнаваўчую дзейнасць вучняў з апорай на эпізоды апавядання.

Паколькі форма ўрока прадугледжвае актыўнае абмеркаванне, то настаўніку трэба загадзя паклапаціцца аб расстаноўцы мэблі: работа будзе праходзіць па групах (тры рабочыя месцы) , вызваліць месца ў цэнтры рабочага кабінета для адвольнага пераходу вучняў.

Мэта ўрока:

Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць ведаць, што такое тактоўнасць, далікатнасць, адказ на ключавое пытанне ўрока “Дзівак – гэта чалавек…”

Умець параўноўваць блізкія па тэматыцы і праблематыцы творы: апавяданне І.Чыгрынава “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” і фільм В. Тадароўскага “Мой зводны брат Франкенштэйн”, шукаць адказ на ключавое пытанне ўрока ва ўзаемадзеянні з аднакласнікамі

Задачы асобаснага развіцця: садзейнічаць далейшаму развіццю ўмення ўспрымаць літаратурны твор на эмацыянальна-вобразным узроўні, прымаць пэўны пункт погляду,аргументаваць яго пры правядзенні дыскусіі, садзейнічаць развіццю навыкаў аналітычнага чытання, развіццю крытычнага мыслення.

Ход урока


  1. Актуалізацыя апорных ведаў.

Прагляд урыўкаў з фільма Валерыя Тадароўскага “Мой зводны брат Франкенштэйн” (6 мінут)

Абмеркаванне па наступным плане:



  • Галоўны герой апавядання Івана Чыгрынава -стары Дземідзёнак ,фільма Валерыя Тадароўскага -Павел.Чым інтрыгуюць героі?

  • Якую праблему ў сувязі з гэтым угледзелі мастакі ?

  • Для работы на ўроку нам спатрэбяцца наступныя ключавыя паняцці:”Дзівак”, “Тактоўнасць”, Далікатнасць”. Як бы вы ўдакладнілі значэнне гэтых слоў?

  • Паспрабуйце сфармуляваць пытанні, на якія вам было б цікава атрымаць адказ на ўроку.

2.Пастаноўка мэты ўрока.

Калі вучняў не “зачапіў фільм” і пытанняў, на якія цікава было б атрымаць адказ не ўзнікла, то можна прапанаваць наступнае ключавое пытанне: “Дзівак – гэта чалавек…”



3.Аперацыйна-пазнаваўчы этап урока.

Вучням прапануецца выбраць адно з трох меркаванняў:

1.Дзівак – непрактычна падыходзіць да жыцця, ірацыянальны чалавек, жыве марамі, ілюзіямі

2.Дзівак- звычайны чалавек (мае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы характару). Усё залежыць ад нашага ўспрыняцця. Дзівяць недапушчальныя для нас паводзіны.

3.Дзівак – мае незвычайны лёс, трагічныя падзеі ў жыцці вымушаюць паводзіць нестандартна.

Меркаванні запісаны на дошцы, вучні наклейваюць сцікер насупраць аднаго з трох.

Выбар меркавання стане нагодай для раздзялення вучняў на тры рабочыя групы ўрока.

Арганізацыя групавой работы па пошуку адказу на ключавое пытанне ўрока ( 15 мінут)



Першая група “Рацыяналісты” – вучні, якія абралі першае азначэнне, хто такія дзівакі. Абмяркоўваюць праблему практычнага стаўлення да жыцця. На стале ў вучняў тэкставая апора. У якасці тэкставай апоры прапаную наступны ўрывак:

“ А стары ён аказаўся ўвішны... Гэта я ўсё пра Дземідзёнка, - сказала яна, калі вярнулася. - Дык я кажу: Дакулісе на кватаранта пашэнціла. Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое што ля іншых, - чыста. Здаралася мне заходзіць да іх. Ветлівы Дземідзёнак гэты. Толькі чамусьці неразгаворлівы. Панурыцца і маўчыць. Нібы кляймо на ім якое. Усё ж адзін ды адзін дзень пры дні. Але гэта б нішто яшчэ. Маўклівых на свеце таксама набярэцца, і, можа, больш чым гаваркіх. Ды прыспічыла яму па нейкай патрэбе пайсці ў нядзелю на рынак. То ніколі не хадзіў туды, а тут раптам пацягнула. Можа, што хацеў купіць сабе або Дакулісе. І вось якраз з таго часу чалавека быццам падмянілі. А ўсё з-за птушак. І хто іх там надумаў прадаваць, - сама не ведаю, бо ніколі ж раней я не заўважала, каб хто прыносіў птушак на рынак наш. Ну, там малако, яйкі, а то ж птушкі! Гандляваць птушкамі!.. Смяхоцце адно. Але ж ён купіў іх. І потым зачасціў на рынак. Убачыць птушку і купляе. А некаторым нібы аднаго гэтага і не хапала. Пачалі лавіць і прадаваць птушак. Сорам аж. Ну, а ён купляе іх і выпускае недзе.



Людзі тым часам языкі чэшуць:

- Дык ён жа перапрадае іх і гэтым самым вунь якую капейку зарабляе.

Ніхто ж не ведае, што небарака на сваю пенсію тых птушак купляе. Часам без куска хлеба бывае. Дакуліха сваім корміць. Нарэшце дайшло да таго, што пачалі прыносіць птушак яму дадому. Тады і не вытрымала Дакуліха. Спачатку сароміла, потым узяла палена ды аднаго прагнала з хаты, другога. Глядзіш, і перасталі хадзіць. Але ж стары не кінуў свой занятак...

З таго вечара я заўсёды выходзіў з хаты, калі чуў, як крычалі на вуліцы:

- Дземідзёнак!..

Дзеці кожны раз беглі за ім на рынак, і пасля я даведаўся, што яны былі таксама галоўнымі пастаўшчыкамі птушак.
Вынікам абмеркавання павінен стаць аргументаваны тэкстам выбар:

Неабходна рушыць ілюзіі і мары Дземідзёнка, бо ён непрактычна падыходзіць

да жыцця. Такія “дзівацтвы” героя дазваляюць амаральным людзям нажывацца

на добрым і бяскрыўдным чалавеку.

Ці

Дземідзёнак здагадваецца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй, аднак гэта



яго не турбуе.Для чалавека важней за матэрыяльныя выгоды душэўнае

заспакаенне, нельга рушыць мары.



Ці

 Свой варыянт



Другая група “Псіхолагі”- вучні, якія абралі другое меркаванне. Даследуюць праблему адносін да дзівакоў. На стале ў вучняў тэкставая апора. Можна прапанаваць той жа ўрывак, што і першай групе, можна наступны:

Але ж куды падаўся Дземідзёнак?..

Можа, адзін я добра і ведаў гэтага чалавека.

Ён паявіўся ў нашым гарадку гады праз тры пасля вайны і пасяліўся ў хаце Дакуліхі, адзінокай старой, якая спачатку прыняла яго як кватаранта, каб мець за гэта на старасці якую капейку, бо яму ішла пенсія, але потым адмовілася ад тых грошай.

Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам.

У нядзелю раніцай стаяў я на падворку і слухаў, як гудуць каля дзядзькавых вулляў пчолы.

- Дземідзёнак ідзе, - пачуліся раптам галасы.

Я азірнуўся і ўбачыў незнаёмага старога, які шыбаваў з клеткай у руцэ сярэдзінай вуліцы. Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак. Стары хуценька перабіраў нагамі, быццам вельмі спяшаўся куды. Хадзіў ён на дыбачках, таму ўся яго шчуплая постаць у час хады падавалася наперад.

- Дземідзёнак!.. Дземідзёнак!.. - зноў пачуўся крык, і на вуліцу пачалі збягацца дзеці.

Але да старога яны не набліжаліся. Трымаліся крыху воддаль або ціснуліся за ім ззаду. А стары ішоў сабе ўздоўж вуліцы і, здавалася, не заўважаў іх. Тады я і прыгадаў, як у свой час таксама басанож бегаў з равеснікамі за дзівакаватым Цімкам. Цімка жыў на самым канцы Калгаснай вуліцы, але мы і туды забіраліся. І цяпер штосьці падобнае адбывалася.

«Неразумнае дзяцінства», - падумаў я.

А ўвечары, калі маці прыгнала карову з пашы, запытаў:

- Дземідзёнак... Хто гэта?..

- Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзёнак. У Дакуліхі жыве.

Было відаць, што яна не вельмі ахвоча да маёй размовы, але маўчаць не стала.

- І дзеці беглі за ім?

Я кіўнуў галавой.

- Паршыўцы! Лазой трэба сеч блазнюкоў! - Яна ўздыхнула і ўзялася пераплятаць свае косы. - Дземідзёнак такі ж, як і ўсе, чалавек. Праўда, можа, ён нейкі ўжо занадта дзівакаваты.

Маці скупілася на словы, і я адчуў, што яна больш клапацілася, каб сын яе не падумаў кепскага пра чалавека.
Вынікам абмеркавання павінен стаць аргументаваны тэкстам выбар:
Для людзей асоба Дземідзёнка не павінна выклікаць павышаных эмоцы. Нічога благога не робіць, навошта яму ў душу лезці.

Ці

Дземідзёнак варты жалю чалавек. Толькі дзеці і аўтар-апавядальнік звяртаюць на яго ўвагу як чуйныя да ўсяго незвычайнага асобы.Трэба дапамагаць чалавеку загаіць рану ў душы, калі бачыш праблему.

  Ці



Свой варыянт

Трэцяя група “Літаратурныя крытыкі” аналізуюць сюжэт апавядання . Вучням прапануеца наступны ўрывак з тэксту:

Да вайны Дземідзёнак жыў пад Вітунём, там, дзе Лясныя Дачы.

Служыў ён лесніком.

Сям'і ў яго не было - дачка, якой споўнілася пад тую пару, можа, трыццаць гадоў, жыла замужам у горадзе, і ў яе гадавалася свая дачка. Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць.

Тым часам пачалася вайна. Спачатку нішто не патрывожыла Лясныя Дачы, полымя вайны шугала далёка ад іх. Але праз дні вайна дакацілася і да Вітуня. Уначы было відаць, як палыхалі пажары па той бок Дняпра; грымела і варушылася наваколле.

Праз Лясныя Дачы пацяклі людскія натоўпы.

Людзей збіралася так многа, што часам нават думалася, ці не зрушыла гэта з месца цэлага паўсвету. Людзі ішлі і ехалі ў копаці і пыле - бежанцы, чырвонаармейцы. І на абочынах дарог разам з пабітымі гаршкамі валяліся закарэлыя крывавыя бінты.

Леснікова старожка, у якой жыў Дземідзёнак, у тыя дні была поўна раненых.

Сам Дземідзёнак ад рання да вечара прастойваў ля дарогі і ўсё ўглядаўся ў людскія твары, спадзеючыся сустрэць сваіх.

І яму пашанцавала, ён дачакаўся - прыйшла дачка. Яна прывяла з сабой трохгадовую дзяўчынку, якая да гэтага толькі ад маці чула, што ў яе ёсць дзедка і што ён жыве недзе на беразе ляснога возера. І, хто ведае, можа, яна не раз уяўляла сабе таго дзедку чарадзеем, а на самай справе атрымалася, што гэта - самы звычайны дзед, якіх столькі дзяўчынка сустракала на сваёй вуліцы. Яна доўга з недаверам глядзела на старога, аж пакуль ён не ўзяў унучку на рукі. Дзіця так і заснула ў яго на руках - бруднае, схуднелае і стомленае, бо, відаць, за гэтыя дні нямала пратопала на сваіх ножках. А калі прачнулася, то быў ужо другі дзень і не было побач мамы. Дачка Дземідзёнка пайшла далей, туды, куды ішлі ўсе, а Аленку пакінула з дзедам. Хоць у яго і возера было прыгожае, якое чамусьці называлі Мёртвым, і лес стаяў кругом, Аленка плакала. Тады Дземідзёнак браў яе за ручку і вёў на дарогу, дзе па-ранейшаму ішлі і ехалі гнаныя горам людзі. Там яна суціхала.

А вайна падступала ўжо да самых Лясных Дач.

Паток бежанцаў патрохі радзеў, потым зусім спыніўся. І ў лесе ўжо сустракаліся пераважна толькі салдаты. Пасля і іх не стала, хоць яшчэ доўга чуўся пад Вітунём пошчак кулямётаў. Нарэшце настаў дзень, калі зрабілася ў наваколлі зусім ціха і на ўсе Лясныя Дачы засталіся толькі Дземідзёнак і яго ўнучка.

Рабіць цяпер не было чаго, ды і невядома, дзеля чаго будзеш рабіць, і Дземідзёнак сноўдаўся так па лесе, слухаў, як дзень за днём па-новаму пачыналі шумець хвоі: блізілася восень. Тады і прыйшлі да яго зноў людзі. То былі партызаны. Спачатку яны жылі ў лесніковай старожцы, але з надыходам зімы, калі выпаў снег, перабраліся за Мёртвае возера.

Зіма тая выдалася лютая, снежная. Мароз лез ва ўсе шчыліны, і ў старожцы даводзілася круглыя суткі паліць у печы. Дзед з унучкай з нецярплівасцю чакалі цёплых дзён.

Але аднойчы ў старожку ўварваліся немцы.

- Партызан?

Дземідзёнак паціснуў плячамі.

- Дзе хаваюцца партызаны?

- Не ведаю.

- Тады збірайся.

- А як яна? Адна застанецца? - Дземідзёнак паказаў на Аленку.

- Будзеш разумны, то не застанецца, - адказалі яму.

Старога пасадзілі на сані і павезлі ў Вітунь, а Аленку замкнулі ў старожцы.

Два тыдні яго вадзілі на допыт.

- Дзе партызаны? - пыталі кожны раз.

Дземідзёнак маўчаў. Тады яго кідалі на падлогу і білі. А ўначы, калі выпадала хвіліна заснуць, яму снілася ўнучка і тая прыцярушаная снегам сцежка, якая вяла паўз возера да партызанскіх зямлянак. Ён яшчэ спадзяваўся, што адтуль па гэтай сцежцы прыйдуць па дзяўчынку і з ёй нічога не станецца.

Два тыдні катавалі лесніка. І ўвесь гэты час ён мучыўся ад таго, што пакінуў дзяўчынку адну. Калі ж яго нарэшце выпусцілі на волю, то ён не знайшоў у сваёй халоднай старожцы ўнучкі. На падлозе ляжала адна скалелая сініца... Калі і як яна заляцела сюды, - Дземідзёнак не ведаў.

Да самага канца вайны заходзіўся ў горы стары ляснік. Колькі ні шукаў ён сваю ўнучку - знайсці не мог. Пасля вярнулася дачка. Пачуўшы страшную вестку, яна павалілася на лаўку і праплакала ўсю ноч. А раніцай пайшла.

Не мог, вядома, застацца ў старожцы і Дземідзёнак. Ён пакінуў Лясныя Дачы назаўсёды, каб нішто больш не нагадвала яму там аб непапраўнай страце.
Вынікам абмеркавання павінен стаць аргументаваны тэкстам выбар:

Іван Чыгрынаў дарэмна ў апавяданні ўказаў прычыну дзівацтваў

Дземідзёнка.Важна паказаць непаўторны духоўны свет чалавека, выклікаць да яго павагу і ўвагу.

ці

  Іван Чыгрынаў правільна зрабіў, што назваў прычыну дзівацтваў Дземідзенка.Важна паказаць, як вайна калечыла людзей.



Ці

Свой варыянт
Прадстаўленне вынікаў работы груп

Фізкультхвілінка. Прапануецца вучням падзяліцца на дзве групы. Добра вядома, што апавяданне спачатку мела назву “Птушкі ляцяць на волю”. Прапануецца вучням вызначыць, якая з назваў, на іх думку, больш блізкая да ідэі твора і чаму?

Дзівак з Ганчарнай вуліцы”

Птушкі ляцяць на волю”

Аргументаваць свой выбар і пазіцыю аўтара. Прадумаць крытычнае пытанне для прадстаўнікоў другой групы.



  1. Кантрольна-ацэначны этап урока (5 мінут)

Складанне самастойнага меркавання
“Дзівак – гэта чалавек…”

Пры адказе выкарыстоўваць ключавыя паняцці ўрока: “далікатнасць“, “тактоўнасць”, указаць прычыну дзівацтваў, адзначыць аўтарскую пазіцыю да такіх людзей.



  1. Рэфлексіўны этап. (5 мінут)

Адзначыць агульнае ў героі апавядання, старым Дзімідзёнку, і ў лірычным героі верша Анатольля Вярцінскага.

  1. Самавызначэнне на дамашняе заданне.

  • Каму ўдалося знайсці адказ на ключавое пытанне ўрока, то прачытаць апавяданне Івана Чыгрынава “У ціхім тумане”. Адзначыць нестандартны падыход у раскрыцці трагедыі вайны.

  • Хто не задаволены сваім адказам на ключавое пытанне ўрока, то паглядзець фільм Валерыя Тадароўскага “Мой зводны брат Франкенштэйн”.Адзначыць, якія факты ў фільме набываюць сімвалічнае значэнне.


Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет