Віленская // Віленскі завулак, Wileńska, Zakręt, Kraemegrasse — Самы пачатак завулка - ад перакрыжавання вуліц Савецкай і Ажэшкі - і да маста праз Гараднічанку, сфарміраваўся напачатку ХV стагоддзя, як пераход вуліцы Віленскай (цяперашняй Савецкай) у тракт на Вільню. Па меркаванню прафесара М.Ткачова, менавіта на гэтым адрэзку завулка знаходзілася "Віленская Брама" гродзенскага Магістрата. Хутчэй за ўсё яна знаходзілася перад мастом праз Гараднічанку. Магчыма ў той час там быў папросту брод. Зыходзячы з гэтага, прапаноўваецца ўвесці рэжым асабліва пільнага археалагічнага нагляду. Жыхары Гродна добра ведаюць гэта месца, дзе зараз знаходзіцца аўтастаянка, бар "Паўднёвы вечар" і "Каралеўская крыніца", што каля ракі пад будынкамі корпуса медінстытута. Раней на месцы аўтастаянкі знаходзілася "лазня на Віленскай" (пабудаваная Мінам Фрумкіным у 1907 годзе, разабраная ў канцы 70-х гадоў XX ст.) і першы гродзенскі выцвярэзнік, які мясціўся ў аднапавярховым доме фурмана Паўловіча (разабраны адначасова з лазняй), - гэтыя будынкі павінны добра памятаць старэйшыя гараджане.
Частка вуліцы, якая знаходзіцца за Гараднічанкай, адносіцца да пачатку XX ст. і згодна з генпланам падпадае над знос.
Аўтастаянка — На гэтым месцы ў 1907 г. Міна Фрумкіна пабудавала лазню ў якой, між іншым, была міква — месца для рытуальных абмыванняў у юдаізме. Пазней - першы ў горадзе медвыцвярэзнік. Разабраны ў 1970-я гады.
Каралеўская крыніца — Упершыню згадваецца ў дакументах за 1498 г.
Віленская № 1 — Турэцкая кавярня, ЗАГС, бар «Віленскі». Паводле планаў 1795, 1823 і 1832-33 гг. на месцы сучаснага дома знаходзіліся драўляныя будынкі. У 1850-51 гг. дазволу пабудаваць на гэтым месцы драўляны аднапавярховы дом прасіла Ева Казлоўская. На плане 1866 г. гэты дом пазначаны фасадам да вуліцы. Год пабудовы— 1888. У 1910 г. участкам валодалі Вандалін і Маўрыкій Феліксавіч Дарашкевічы, обер-афіцэры. Каменны дом быў двухпавярховы, а яго флігель трохпавярховы. На першым паверсе знаходзілася лаўка Узунака (Узупаха), на другім майстэрня Аркіна і Публічная бібліятэка. У 1915 г. Дарашкевічы здавалі пяць жылых пакояў. Напачатку стагоддзя тут мясцілася "Турэцкая кавярня" з більярднай. Гродзенскі гісторык А.Смалянчук паказаў некалі аднаму з аўтару "кандуіт" пэўнага гродзенскага гімназіста, якога злавілі, калі ён паліў цыгарэты і займаўся іншымі недазволенымі справамі ў кавярні напачатку стагоддзя.
13 лістапада 1944 г. будынак быў перададзены пад Гарадзенскі абкам КП(б) Б. Пасля пераезда абкама ў будынак па вул. Савецкай, дом стаў жылым. У 1964 г. распачаўся ягоны капітальны рамонт, у выніку чаго тут з’явіўся трэці паверх. Две сям’і, якія да гэтага займалі першы паверх, атрымалі новыя кварціры ў іншых дамах, а увесь першы паверх быў адведзены пад гарадскі “ЗАГС” і “Дом бракосочетаний”, які быў арганізаваны на базе “ЗАГС”а ў лістападзе 1966 г.. Капрамонт 1970-х гадоў і нядаўні рамонт напярэдадні "Дня горада" яўна не пайшоў на карысць, паколькі пасля такіх рамонтаў былі цалкам страчаны на будынку ўсе каштоўныя архітэктурныя дэталі.
Віленская № 6 — Год пабудовы — 1890. Пабудаваны, як даходны дом з лаўкамі і півярняй. У піўніцы цяпер бар, гледзячы на своды якога, адзін польскі гісторык заўважыў, што гэта і ёсць Віленская брама.
На 1930 г. гаспадаром дама па вул. Віленская № 12 быў Браніслаў Рошка [ ДАГВ Ф. 46. – Воп. 1. – Спр. 19. - Арк. 19 зв. ].
Віленская № 14 — Год пабудовы каля 1900. Некалі на фасадзе дома можна было прачытаць іншую дату, але архіўныя дадзеныя і дадзеныя БТІ абвергнуць цяжка. Дом у "цаглянай" разнавіднасці эклектыкі.
Віленская № 20 — ААА «Белатракцыён». Драўляны. Пабудаваны на пачатку XX ст.
Віленская № 22 — Бровар Лейбы Слуцкага; Комплекс Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода.
Віленская № 25 — Пабудаваны на пачатку XX ст. Двухпавярховы. Добры прыклад эклектыкі.
Віленская № 27 — Пабудаваны на пачатку XX ст. Цікавы прыклад эклектыкі.
Віленская № 29 — Пабудаваны на пачатку XX ст. Двухпавярховы. Цікавы прыклад эклектыкі.
Віленская №30 – Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Аднапавярховы драўляны будынак з каштоўнай драўлянай разьбой.
Віленская № 33 — База ЖЭС-8. Пабудаваны на пачатку XX ст. Моцна перабудаваная эклектыка.
Віленская № 37 — Пабудаваны на пачатку XX ст. Двухпавярховы. Цікавы прыклад эклектыкі.
Вялікая Траецкая // Вялікая Траецкая, Wyzwolienia, Pereca+Nochima, Gerberweg, Алега Кашавога. — Адна з найстаражытных вуліц горада. Яна склалася ў XII - XIX ст. Адзін з яе адрэзкаў - бліжэй да галоўнай сінагогі - найбольш старажытны. Гэта, фактычна, тэрыторыя пасада старажытнага Гродна ХІІ-ХІІІ ст. Другая частка вуліцы сфарміравалася, як вуліца на адрэзку ад завулка Віленскага да вуліцы Дамініканскай (сучасная назва).Увалочнае вымярэнне Гродна ў 1561 годзе не падае назвы гэтай вуліцы, аднак вядома, што тут у ХV-ХVІІІ ст. мясцілася царква Св. Троіцы. Згодна з інвентаром 1680 года гэта вуліца называлася "вуліца ў баку Троіцы ад Вiленскага гасцінца". Напрыканцы ХVІІ ст вуліца падоўжылася за кошт адрэзка, які вядзе ад старога Нямецкага рынка ў бок галоўнай сінагогі i называлася "вуліца яўрэйская ад магіл да Нямецкага рынка".
Да пачатку XIX ст. уся забудова вуліцы была ў асноўным драўлянай, акрамя будынка галоўнай сінагогі. У другой палове XIX ст. вуліца стала актыўна забудоўвацца каменнымі дамамі, на што паўплываў пажар 1865 года. У канцы XIX ст, пасля пажара 1899 года тэрыторыя вакол галоўнай сінагогі была ўпарадкавана i вуліца атрымала канчатковую трасіроўку.
Найбольш значныя гістарычныя будынкі на гэтай вуліцы - гэта галоўная сінагога , малебная школа "Хаем Одам", яўрэйскае рамеснае вучылішча Брэгмана (корпус медінстытута). Астатняя захаваўшаяся гістарычная забудова прадстаўлена ў асноўным рознымі ўзорамі эклектыкі і адносіцца да канца XIX - пачатку XX ст. Гістарычныя назвы вуліцы - Вялікая Траецкая, Wyzwolienia, Pereca, Алега Кашавога. Па сутнасці, у старажытнасці, вуліца Вялікая Траецкая з'яўлялася другаснай трасай, дубліруючай Віленскую вуліцу (сучасная вуліца Савецкая) і дарогу. Галоўны і самы цікавы аб'ект на вуліцы - гродзенская кафедральная сінагога.
Вялікая Траецкая № 2 — Талмуд Тора, Рамеснае вучылішча Брэгмана. Год пабудовы — 1888.
Вялікая Траецкая № 4 — Дом яўрэйскай абшчыны – Талмуд-Тора ( на 1904 г. ). Лабараторны корпус медуніверсітэта. Пабудаваны у 1930-х гадах. Прыклад канструктывізму. Памятныя дошкі М. Караблёву, Шчаснаму і Роліку. 12 жніўня 1944 г. быў абвешчаны першы набор вучняў ў рамеслянае вучылішча № 14; з 1946 г. – рамеснае вучылішча металістаў. У верасні 1955 г. у будынку адчынілася Гродзенскае тэхнічнае вучылішча № 7 Упраўлення працоўных рэзерваў пры Саўміне БССР.
Вялікая Траецкая № 5 — Год пабудовы — 1880.
Вялікая Траецкая № 7 — Год пабудовы — 1900.
Вялікая Траецкая № 8 — Год пабудовы — 1880.
Вялікая Траецкая № 8а — Год пабудовы — 1880.
Вялікая Траецкая № 13 — Малітоўная школа Хаем Адам ( па іншых крыніцах – сінагога Хаеі Адам Хагадол ). Год пабудовы — каля 1875 (мураваны будынак пазначаны на гэтым месцы ужо на мапе 1867 г.). Тут вучыліся паэт Найдус, фізік Старавольскі. У 1946 г. – інтэрнат школы ФЗА № 44 і спарціўны зал. На 1982 г. ДСА «Буревестник».
Вялікая Траецкая № 14 — Моцна перабудаваная эклектыка.
Вялікая Траецкая № 16 — Пасля перабудовы ўключае ў сябе комплекс будынкаў 1880-1889 гг. У тым ліку — дом гродзенскага вадавоза.
Вялікая Траецкая № 20 – На 1946 г. – Гродзенская чугуначная школа ФЗА № 44.
Вялікая Траецкая № 21 — Моцна перабудаваная эклектыка.
Вялікая Траецкая № 23 — Год пабудовы — 1890.
Аутастаянка — Прыкладна ў гэтым месцы, на перакрыжаванні сучасных вул. В. Траецкай і Дамініканскай напрыканцы XV ст. быў заснаваны кляштар аўгусцінаў з касцёлам Св. Троіцы.
Могілкі на вуліцы Крывой, старыя яўрэйскія могілкі — Паўсталі яшчэ ў канцы XIV ст. Абшар былых могілак ахоплівае тэрыторыю ўздоўж сённяшняй аўтастаянкі да сінагогі. Пад час пракладвання вадаправоду ў сярэдзіне 1930-х гг. пры вуліцы Крывой побач са старымі жыдоўскімі могілкамі на глыбіне каля 1,5 м. была знойдзена каменная сякера, якую пасля перадалі ў гарадскі музей. Тэрыторыя могілак у жніўне 1944 г. было перададзена вайсковым часткам дзеля размяшчэння аўтатранспарта і топліўнага склада.
Вялікая Траецкая № 29 — Прыклад невыразнай эклектыкі.
Вялікая Траецкая № 31 — Пабудаваны ў канцы XIX ст.. У красавіку 1961 г. адчынілася камісійная крама горпрамгандлю.
Вялікая Траецкая № 32 — Год пабудовы — 1925. Моцна перабудаваны.
Вялікая Траецкая № 33 — Год пабудовы — 1900. Прыклад эклектыкі.
Вялікая Траецкая № 42 — Новабуд на месцы камяніцы 1889 г.
Вялікая Траецкая № 44 — Новабуд. Падчас будаўнічых прац у 2002 г. тут быў знойдзены грашовы скарб — каля 100 манетаў XVl-XVII стст.
Вялікая Траецкая № 46 — Год пабудовы — 1900. Эклектыка. Пасля апошняй перабудовы захавалася толькі сцяна фасада.
У былым будынку па адрасе вул. Кашавога № 55а пасля вайны працаваў Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. У лістападзе 1970 г. было прынято рашэнне пра ягоны знос.
Вялікая Траецкая № 47 — Год пабудовы — 1918.
Вялікая Траецкая № 57 — Малітоўная школа «Кляузе», малітоўны дом Левінсона Хаім-Іцка, Талмудтора І. Год пабудовы — да 1890. На 1926 г. у будынку працавалі прыватныя настаўніцкія курсы агульнаадукацыйных школ ( кіраўнік С.Бадылькес) і Рамесленая школа пры яўрэйскам абшчыне імя Элізэра Брегмана ( дырэктар – інжынер Гажаньскі ), семікласная “Талмудтора І” ( пазней яе кіраўнікам стаў той жа С.Бадылькес ). На 1950 г. – кааператыўны тэхнікум і гандлёва-кааператыўная школа. У 1960 г. – інтэрнат кааператыўнага тэхнікума. Наогул, з 1957 да лета 1963 г.г. кааператыўны тэхнікум займаў будынкі па адрасе А.Кашавога №№ 53, 55а.
Вялікая Траецкая № 59а — Галоўная сінагога Хаем Адам. Пабудавана каля 1575-1578 гг. Аўтар праекта італьянскі архітэктар Санці Гучы (па іншых звестках — Мардухаям Яфе), які шмат будаваў для караля Стэфана Баторыя. Па традыцыі яго запрасіў для будаўніцтва галоўнай сінагогі ў Гродне вядомы ва ўсёй Еўропе гродзенскі равін Іофэ, па прозвішчы Левуш. Пазнаёміліся яны хутчзй за ўсё ў Італіі, дзе Левупі вучыўся ва універсітэце. Па сведчанні прафесара Гаркаві, на ўнутранай сцяне гродзенскай сінагогі да пажару 1899 г. знаходзіўся надпіс, што архітэктар, запрошаны для будаўніцтва сінагогі, так спадабаўся каралю Стэфану Баторыю, што ён яго наняў для будаўніцтва замка і касцёла «Фара Вітаўта». Пасля пажару 1889 г. адрамантаваны і набыў рысы стылю мадэрн. Відавочна, рамантаваў сінагогу той самы архітэктар, які будаваў дом для купца Мураўёва на Савецкай плошчы.
У чэрвені 1945 г. Гродзенскі кааператыўны тэхнікум Белкоопсаюза абвясціў набор на 1, 2 и 3-й курсы па спецыяльнасці бухгалцер, планавік і таваравед “Райпотребсоюза”. У 1950 г. – Аўтатранспартная кантора “Облпотребсоюза”. У снежні 1951 г. будынак сінагогі часткова выкарыстоўваўся пад склады “Облпотребсоюза”, жылая частка – пад інтэрнат Гродзенскага кааператыўнага тэхнікума, якому Гарвыканкам адмовіў у хадатайстве аб перадачы ўсяго будынка, матывуя неабходнасцью перабудовы сінагогі пад гарадскі клуб пад правядзенне агульнагарадскіх мерапрыемстваў. Аднак, рашэнне аб адкрыцці клуба не адбылося, арэндатары засталіся ў будынку і па рашэнні выканкама ў лютым 1952 г. частка памяшканняў была перададзена на патрэбу новапаўсталай школы кінамеханікаў.
У маі 1958 г. другі паверх сінагогі быў перададзены Гродзенскім мастацкім майстэрням. Асобныя памяшканні сінагогі да лістапада 1967 г. займаў аптэчны склад.
Г
Гарадзенскага Давыда // Podzamcze, Ремесленная, Новазамкавая
Гарадзенскага № 3 — Прачысценская царква, манастыр базыльянак, храм Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, манастыр Раства Багародзіцы, музей атэізму і рэлігіі.
Прачысценская царква была пабудавана ў ХІІ ст. і адносіцца да Гарадзенскай архітэктурнай школы. Пры яе пабудове ў муроўку з плінфы былі ўведзены шліфаваныя камяні, а таксама былі выкарыстаны галаснікі і паліваная плітка. Знешні выгляд царквы адлюстраваўся у двух гравюрах – Адэльгаўзера–Цюндта 1567–1568 гг. і Тамаша Макоўскага 1600 г.. На жаль, якасць гравюры Цюндта-Адэльгаўзера 1567 г. застаўляе жадаць лепшага, а таму на паставе гэтага малюнка цяжка сцвярджаць які храм на ім — перабудаваны з таго, што быў у XII ст., ці зусім новы. Археолагі пакуль таксама нічога канкрэтнага на гэты конт негавораць.
Царква мела статус Саборнай – галоўнай царквы горада. З гістарычных крыніцаў вядома, што Саборная (галоўная гарадская) Прачысценская царква ў Гродна існавала ўжо ў 1506 годзе, прыблізна на тым самым месцы, дзе стаяў храм у XII ст. Пры ёй знаходзіўся духоўны суд.
Згодна з Н.Сліж, дзейнасць царквы падтрымлівалася ахвяраваннямі братоў Валовічаў (1526), Іллі Астрожскага (1539), гарадзенскага харужыя Якуба Кунцэвіча і яго жонка Барбары Фурсаўны (1614), пісара ВКЛ, дворнага паскарбія, падканцлера ВКЛ, жамойцкага старосты Яраша (Гераніма) Валовіча (1626), Мікалая Рабея Гнайніцкага (1634). У скляпеннях царквы былі пахаваны прадстаўнікі мясцовай шляхты - Іван Андрэевіч Сапоцька (1578), жонка Івана Іванавіча Валовіча Марына Мялешкаўна і інш.. Грошы на царкву пералічыў і князь Міхаіл Глінскі, які атрымаў спадчыну ад кіеўскага ваяводы Дзмітрыя Пуцяты, а сам дар быў зацверджаны Вялікім князем Аляксандрам.
Аналіз "Увалочнага вымярэння Гродна 1560 г." і больш ранніх судовых дакументаў, дазваляе зрабіць выснову, што ў XVI ст. храм быў толькі саборным і прыхадскім, але не манастырскім. Праўда, непадалёку, паміж сучаснымі Новым замкам і тэатрам, мясціліся драўляныя забудовы "Старых пань", г.зн. праваслаўнага жаночага манастыра.
Царква зрабіла непасрэдны ўплыў на фарміраванне гэтага раёну горада. За царкоўнымі могілкамі была другая гарадская лінія ўмацаванняў, а сама царква ўваходзіла ў абарончую сістэму горада, якая пазней пераўтварылася ў вуліцу Ад Рынку да царквы. Тут у асноўным пражывалі прадстаўнікі духавенства і шляхты.
На тэрыторыі вакол царквы знаходзіліся дамы свяшчэннікаў, званіца, гападарчыя пабудовы, могілкі. Пры царкве існаваў шпіталь для ўбогіх, на які былі вылучаны грошы ад польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста (1565). Выплаты на яго здзяйсняліся і ў XVIIІ ст. Прачысценскай царкве належалі землі ў в. Альшанка, в. Грандзічы, пляцы на вуліцы Падольная. Апошнія перайшлі ва ўладанне да гарадзенскага кармеліцкага кляштара ў 1670-х гг.
Жаночы базыльянскі ўніяцкі манастыр узнік пры Прачысценскай царкве каля 1633 г.. Пачатак манастыра звязаны з прыездам з Вільні ігумені Васілісы Сапежанкі, дачкі віленскага ваяводы, і 4 манашак, калі з дазволу мітрапаліта Іосіфа Вельяміна ? Руцкага манашкі-базыльянкі часова пасяліліся пры Саборнай Прачысценскай царкве. Прыблізна ў гэты час для іх былі выкуплены прылягаючыя да храма надзелы зямлі, што бачна з судовай спрэчкі з магнатам Храптовічам.
У выніку дзеянняў варожых войскаў падчас вайны 1654–1667 гг. з царквы былі забраны ці знішчаны архіў, званы, усё ўнутранае ўбранне, былі замардаваны і забіты свяшчэннікі. Аднак пасля вайны царква працягнула сваю дзейнасць. Падчас пажара каменная саборная Прачасценская царква згарэла і манашкам-базыльянкам давялося на яе месцы збудаваць новую - драўляную.
У І720 г. на тэрыторыі манастыра ізноў адбыўся пажар: згарэў храм і келлі. У гэтым жа годзе ўніяцкі мітрапаліт Леў Кішка знайшоў грошы на аднаўленне манастыра. На нашую думку, царква Раства Багародзіцы і каменны кляштар пры ёй былі пабудаваны ў 1720-1726 гг. ( па іншых звестках - 1726-1751 гг. ). Аўтарам праекта быў адзін з самых таленавітых архітэктараў Рэчы Паспалітай таго часу - Іосіф Фантана III, прадстаўнік цэлай дынастыі італьянскіх архітэктараў, які працаваў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Цікава, што гэты таленавіты чалавек, акрамя манастыра базыльянак, спрабаваў удзельнічаць у будаўніцтве новага калегіўма гродзенскіх іезуітаў, але не атрымалася — не пагадзіўся з аплатай. Таксама, даволі верагодна, што ён пабудаваў палац уніяцкага мітрапаліта (сучасная Маставая № 40).
Новы храм базыльянскага жаночага манастыра быў пабудаваны ўжо пасля Замойскага пагаднення 1720 года, г.зн. былі ўлічаны змены ў літургічнай практыцы ўніяцкай царквы. У сувязі з гэтым алтарная частка храма была зарыентавана падобна як у каталіцкім касцеле. Пасля скасавання ўніі манахінь-базыльянак выгналі ў 1843 г., а манастыр засялілі праваслаўнымі манашкамі з Магілева. Новым гаспадарам дастаўся і архіў базыльянак, які, праўда, невядома куды пасля знік.
Праваслаўны жаночы манастыр патроху абустройваўся і напачатку XX ст. быў даволі квітнеючым цэнтрам праваслаўя. У 1860-я гг. прыбудавана «цёплая» царква св. Сергія Раданежскага; у 1891 г. да ўсходняга тарца жылога корпуса прыбудаваны павярховы гаспадарчы корпус у якім, па словах старажылаў, рабілі самыя лепшыя ў Гродне коўдры.
Пасля высялення манахінь у 1958 г. комплекс знаходзіўся ў жахлівым стане. У жніўні 1960 г. памяшкання былога манастыра былі перададзены медінстытуту пад інтэрнат для студэнтаў. Па камсамольскаму даручэнню яны зрывалі з храма крыжы. У верасні 1961 г. папярэдняе рашэнне гарвыканкама было адменена і ўсе памяшканні манастыра былі перададзены Гродзенскаму абласному камітэту “ДОСААФ”. Тут знаходзіліся аўтаматаклуб, радыяклуб, школа ПВА, аўтамабільная школя, а так сама адміністрацыя абласнога і гарадскога камітэтаў “ДОСААФ”.
Пазней у 1976 г. ён патрапіў у рукі добрага гаспадара - Рэспубліканскага музея атэізма. Паступова ў выніку правядзення даследчых, праектных і рэстаўрацыйных работ комплекс ператвараецца ў адзін з самых прыгожых і каштоўных архітэктурных комплексаў у Гродне.
Рэстаўрацыйныя работы вяліся пад кіраўніцтвам мінскага архітэкгара Галіны Жаровінай, якой шмат у чым дапамагаў яе муж, Вапянцін Калнін. У той час у Гродне гэта быў першы праект, які рэстаўравалі па сапраўднай навуковай методыцы і ў поўным аб'ёме, згодна з еўрапейскімі стандартамі. Праект рэстаўрацыі храма ўлічыў рэлігійныя асаблівасці і гісторыю помніка. А таму веруючаму, які зараз наведвае храм Раства Багародзіцы сам храм падаецца дзіўным, бо ён падзелены ў інтэр'еры архітэктурна-мастацкімі сродкамі папалам. Ход архітэктара Жаровінай заслугоўвае пахвалы — простымі сродкамі падкрэслена гісторыя храма, у тым ліку і гісторыя з пераносам алтара з канца ў канец. Летам 1980 г. у межах праектных работ мінскімі археолагамі пад кіраўніцтвам І. Чарняўскага былі праведзены чарговыя даследаванні комплекса. Яны і прывялі да адкрыцця Прачысценскай царквы...
На пачатак 1990-х комплекс практычна без неабходнай падрыхтоўкі вярнулі праваслаўнай царкве. З 1992 г. тут дзейнічае Свята-Раства- Багародзіцкі жаночы праваслаўны манастыр. Адным з наступстваў гэтага стала тое, што фундаменты адкрытай некалькі год да гэтага Прачэсценскай царквы апынуліся зноў... засыпанымі!
Гараднічанка – ручай у межах Гродна, які ўпадае ў Нёман. Даўжыня 4,6 км. пачынаецца ў раёне вуліцы Каханоўскага. Шырыня ад 1,5 да 3 метраў. У трубах ці пад мастамі перасякае вуліцы 17 верасня, Ажэшкі, Сацыялістычную і завулак Віленскі.
Гараднічанская // «Вуліца, якая цягнецца ўздоўж вуліцы Яна Хайноўскага да вады», Скальманоўская, Mistrzowska, Jezuicka, Allensteiner Str., Энгельса — Вуліца сфарміравалася ў ХV-ХVІ стагоддзях. Першая ўзгадка аб ёй адносіцца да 1561 года. Вуліца называлася " Вуліца, якая цягнецца ўздоўж вуліцы Яна Хайноўскага да вады". У канцы ХVІІІ ст. на вуліцы мясціліся драўляныя рззыдэнцыі князёў Сангушак, Тызэнгаўзаў, Кланіцкіх, вядомых гарадзенскіх магнатаў Александровічаў. На планах 1780-83 і 1795 гадоў вуліца называлася Скальманоўская (пасля вядомых гродзенскіх пажараў 1753 года ўся названая вышэй забудова, акрамя двара князаў Сангушак, згарэла), тая самая назва і на плане 1823 года. Тут трэба адзначыць, што вуліца Скальманоўская (Гараднічанская) з канца ХVІІІ ст. і да засыпкі даліны ракі Гараднічанкі (канчаткова ў 1989 годзе, у сувязі з пабудовай "новай" плошчы Леніна) сканчалася каля "старой" плошчы Леніна, за нізкім мастом праз Гараднічанку паміж будынкамі псіхіятрычнай лячэбніцы Акруговай бальніцы (пазней там мясціўся адкрыты будучым акадэмікам Астроўскім Інстытут Біяхіміі Акадэміі Навук Беларусі).
3 сярэдзіны XIX ст. вуліца стала называцца Гараднічанскай. 3 1931 года частка вуліцы, паміж вуліцамі Маркса і Кірава, называлася Mistrzowska. Асноўная гістарычная забудова, якая існуе і зараз, адносіцца да перыяду пасля пажара 1885 года і мае рысы эклектыкі. У 70-я гады XX ст. адрэзак вуліцы, які выходзіў на вуліцу Ажэшкі ад перакрыжавання з вуліцай Карбышава, быў знесены. Напачатку, згодна з незразумелым праектам, пабудавалі палову будынка аблвыканкама - першы "небаскроб" у Гродні. Прычым, менавіта ў другой палове 70-х гадоў з'явілася ў Гродні пустэча-сквер прамежак паміж вуліцай Сацыялістычнай і Гараднічанскай. Праўда яго варта аднесці да зоны асаблівага археалагічнага нагляду, так як знос забудоў праводзіўся павярхоўна. Усё, што знаходзілася на гэтым месцы з ХVІ да пачатку XX ст. ёсць па-ранейшаму пад зямлёй і можа быць з карысцю выкарыстана археолагамі, гісторыкамі і краязнаўцамі.
Зараз яе нумерацыя пачынаецца ад дома з былой рэстаўрацыяй “Беласток” [ гл. Гараднічанская № 20 ], а калісь ці яна пачыналася ад будынка гістарычнага архіва – гэта адрэзак вуліцы зараз не існуе.
Ад Ажэшка вуліца Энгельса спускалася ўніз да р. Гараднічанцы, далей па масту, які добра бачны на адным з фатаздымкаў, і падымалася да старой плошчы Леніна. У 1950-60-я г.г. вул. Энгельса выходзіла на гэтую плошчу паміж флігелям архіва ( справа ) ды вялікім аднапавярховым будынкам ( злева ), у якім у пасляваенныя гады знаходзіліся гаркам кампартыі а пазней – “Отдел регуляции обмена веществ Академии наук БССР”. За гэтым будынка на лева, не даходзячы да маста праз прыток Гараднічанцы – Юрыдыку, на плошчу выходзіла вуліца 11 ліпеня [ гл. Адзінаццатага ліпеня ], а па броўцы западнага склонашла вул. Овражная ( Не захавалася. Гэта вуліца перастала існаваць у маі 1968 г., калі па рашэнню гарвыканкама была праведзена перанумірацыя дамоў і ўпарадкаванню назваў некаторых вуліц горада, апошнія дзьве пабудовы на вуліцы адыйшлі да суседняй 11 ліпеня ).
Пасля таго, як 31 снежня 1971 г. дзяржаўная камісія прыняла да эксплуатацыі будынак гаркама партыі ( сёння – гарвыканкам ), прыземісты аднапавярховы будынак гаркама знеслі. У ацалелым ад зноса глыбокам і прасторным падвальным памяшканні гэтага будынка яшчэ некаторы час месцілася стыльнае кафэ. Аднак, пасля пачаўшыхся прац па выраўніванні поймы ракі ў 1970-я гады, кафэ зачынілі, а падвал засыпалі ( ён, худчэй за ўсё, і зараз знаходзіцца пад газонам на плошчы Тызенгаўза ). Прыбудову да архіва ( флігель ) знеслі ў сярэдзіне 1980-х г.г [ гл. плошча Тызенгаўза ].
На 1907 г. па нецотным баку вуліцы жылі Жуфь ( №3), Александровіч (№9), Талочка(№11), Арман (№13), Авгусевіч (№15), Баярскі (№17), Эпштэйн (№19), Астроўскі (№21). Па цотнаму - Элерт (№ 4), Пецельчыц (№6), Сінкевіч (№8), Будрык (№14), Ашкеназі (№16), Чэхоўскі (№18), Мокрскі (№20), Смажэвовіч (№22), Ціпограф (№24) [ Росписание домов города Гродно с указанием числа дворников, должных быть в них… - Гродно, 1907. – с. 12 ]
На 1903 г., прыкладна там, дзе зараз знаходзіцца помнік Леніну, у доме Клемінера, працавала тыпа-літаграфія Шмуеля Цалоліхіна. На 1915 г. у будынку былой кантрольнай палаты па Гараднічанскай № 4 працаваў кінатэатр “Сатурн”. На 1920-я гады па адрасы Гараднічанская № 10 знаходзіліся аптэчныя склады Ігнацыя Алдзыеўскага. На 1928 год па вул. Гараднічанскай знаходзіліся: № 2 – мясная лаўка Пятра Акуневіча, № 4 – піўная Антонія Маціеўскага, № 16 – кравецкая майстэрня Абрама; № 25 – спажывецкая крама Этель Любіч [ДАГВ Ф. 17. – Воп. 1. – Спр. 177. – 111-111зв.] З верасня 1942 па май 1943 г. у доме Рамло (Ramlo) месцілася падпольная тыпаграфія АК (Troński Bronisław Bibularz znad Niemna // Wspomnienia dzienikarzy z okresu okupacji hitlerowskiej. – PWN, 1970. – str. 135-143).
На 1935 г. на вуглу Гараднічанскай і Гувера жыў доктар Саламон Біргер ( Salomon Birgier ).
У будынку па тагачаснаму адрасу вул. Энгельса № 3 знаходзілася Гродзенская абласная друкарня. Яна займала цагляны двухпавярховы будынак і два аднапавярховых, а так сама каля дзесяці цагляных ды драўляных дамоў пад складскія памяшканні. Асноўны будынак, худчэй за ўсё, быў узведзяны яшчэ ў канцы ХІХ ст., адразу як друкарня. Па дадзеных за 1903 г. яе гаспадаром з’яўляўся Шмуель Цалаліхін. У гады Першай Сусветнай вайны ў друкарні выдавалася газета «Grodnoer Zeitung». На 1926 г. тут працавала тыпалітаграфія братоў Мейлаховічаў. Пасля верасня 1939 г. была нацыяналізавана. Рашэннем Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў ад 6 снежня 1944 г., у будынку адчынілася абласная друкарня. абласная друкарня. У верасні 1945 г. друкарня абвесціла набор у школу ФЗО паліграфістаў. У красавіку 1947 г. па рашэнні гарвыканкама газетны цэх друкарні перасяліўся на вул. Савецкую № 12 ( зараз Савецкая № 8 ), дзе знаходзілася рэдакцыя газеты «Гродненская правда» Толькі ў першай палове 1960-х гадоў абласная друкарня поўнасцью пераехала ў новы будынак па вул. Паліграфістаў.
Достарыңызбен бөлісу: |