Таварыства гісторыкаў-марксістаў.
Таварыства гісторыкаў-марксістаў БССР — грамадская навуковая арганізацыя ў 1927—1933 гг. Дзейнічала як аднайменнае аддзяленне Усесаюзнага таварыства. Яго папярэднікам было Беларускае марксісцкае таварыства, якое працавала з 1923 г.Перад таварыствам партыйнае кіраўніцтва рэспублікі ставіла задачы: выкрыццё «буржуазных нацыяналістычных канцэпцый», даследаванне праблем метадалогіі гісторыі, вывучэнне гісторыі Беларусі і асабліва рэвалюцыйнага руху, а таксама гісторыі Расіі, усеагульнай гісторыі.
Таварыства гісторыкаў аб’ядноўвала філосафаў, эканамістаў, сацыёлагаў, правазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, спецыялістаў па педагогіцы ВНУ і НДІ БССР. На нарадзе навуковых работнікаў у красавіку 1928 г. вырашана рэарганізаваць Таварыства гісторыкаў у Таварыства марксістаў БССР. У чэрвені 1928 г. у ім створаны 4 секцыі: гісторыкаў, філосафаў, эканамістаў, літаратуразнаўцаў. Дзейнасцю таварыства кіравала праўленне, у склад якога ўваходзілі У. М. Ігнатоўскі (старшыня), С. Л. Гельтман, В. Г. Кнорын, П. Я. Панкевіч, А. А. Сянкевіч і інш. У красавіку 1929 г. яно аб’ядноўвала 50 навуковых і педагагічных работнікаў ВНУ і НДІ Мінска. У рабоце секцыі гісторыкаў удзельнічала 14 вучоных. Галоўную ўвагу секцыя засяродзіла на даследаванні праблем гісторыі БССР, асабліва пытанняў рэвалюцыйнага руху. Вялікае значэнне надавалася таксама выкладанню гісторыі і выданню дапаможнікаў для вышэйшай школы. Пры секцыі была арганізавана камісія па вывучэнні гісторыі грамадзянскай вайны і ваеннац інтэрвенцыі 1918—1920 гг. на Беларусі, у якую ўвайшлі і ўдзельнікі барацьбы за савецкую ўладу. Асноўныя формы працы таварыства: заслухоўванне і абмеркаванне дакладаў на яго пленумах і ў секцыях, арганізацыя публічных лекцый і дыспутаў, крытычны аналіз і ацэнка выдадзенай літаратуры. Таварыства выпусціла ў 1929 г. «Марксісцкі зборнік. У лістападзе 1929—пачатку 1930 гг. Таварыства марксістаў БССР рэарганізавана ў Асацыяцыю самастойных таварыстваў — гісторыкаў, ваяўнічых матэрыялістаў-дыялектыкаў і эканамістаў. Таварыства гісторыкаў-марксістаў БССР (старшыні В. А. Сербента, П. В. Саевіч) працавала пры Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, а Таварыства ваяўнічых матэрыялістаў-дыялектыкаў і эканамістаў — пры Камуністычным універсітэце імя Леніна.
У чэрвені 1930 г. таварыства аб’ядноўвала 35 супрацоўнікаў гістарычных навучальных устаноў і кафедраў ВНУ рэспублікі. Таварыства правяло шэраг дыскусій па канкрэтных праблемах гісторыі, над якімі працавалі выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ, Інбелкульта, Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Інстытута гісторыі АН Беларусі. Як філіял Усесаюзнага таварыства, працавала пад яго кіраўніцтвам і пастаянна атрымлівала арганізацыйна-навуковую дапамогу з боку Камуністычнай акадэміі. Ва Усесаюзным таварыстве ў сакавіку 1931 г. была арганізавана секцыя гісторыі народаў СССР з падсекцыяй гісторыі Беларусі, якая аб’ядноўвала 25 чал. На яе пасяджэннях абмяркоўваліся пытанні аб стане марксісцкай гістарычнай навукі ў БССР, выніках і задачах вывучэння гісторыі Беларусі, сацыяльным характары паўстання 1863—1864 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве, гісторыі грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гг. на Беларусі і інш. У пачатку 1932 г. Таварыства планавала правесці Усебеларускую нараду гісторыкаў-марксістаў, на якой меркавалася заслухаць справаздачныя даклады Таварыства, Цэнтральнага архіва, Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б і Інстытута гісторыі АН БССР. Аднак сур’ёзныя разыходжанні ідэйна-палітычнага і навукова-метадалагічнага характару, групаўшчына, вульгарызацыя памылак членаў таварыства, іх узаемныя палітычныя абвінавачанні прывялі яго да арганізацыйнага распаду. У пачатку 1933 г. Таварыства перастала існаваць.
Достарыңызбен бөлісу: |