А.І. Цвікевіч «Заходнерусізм»


Станаўленне новай мадэлі гісторыяпісання ў канцы ХVII − пач. ХVIII ст. Рацыяналізм



бет48/59
Дата24.05.2022
өлшемі267.59 Kb.
#458596
1   ...   44   45   46   47   48   49   50   51   ...   59
Ultimate Shefchuk v 1 0

Станаўленне новай мадэлі гісторыяпісання ў канцы ХVII − пач. ХVIII ст. Рацыяналізм.

  • Стварэнне абагульняльных прац па гісторыі Беларусі.


    Ужо на пачатковым этапе развіцця гістарычнай навукі БССР прадпрымаліся спробы напісання першых абагульняючых (сінтэтычных) прац па гісторыі Беларусі У.М.Ігнатоўскім, М.В.Доўнар-Запольскім, В.К.Шчарбаковым, У.І.Пічэтай і інш.
    Самай вядомай працай па гісторыі Беларусі, якая з'яўлялася падручнікам у навучальных установах рэспублікі, быў «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.М.Ігнатоўскага, выдадзены ў Мінску ў 1919 г. Кніга мела ў 20-я гг. чатыры выданні.
    У.М.Ігнатоўскі прадставіў нацыянальную канцэпцыю айчыннай гісторыі, перыядызацыя якой грунтавалася на дзяржаўніцкім крытэрыі. Аўтар вызначыў пяць перыядаў: полацкі (ІХ – ХІІ ст.), літоўска-беларускі (ХІІІ – першая палова ХVІ ст.), польскі (другая палова ХVІ – канец ХVІІІ ст.), расійскі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.), Беларусь пасля звяржэння царызму. Відавочна, што большая частка тэксту адносіцца да эпохі феадалізму.
    Ва «Уводзінах» аўтар падкрэсліў, што БССР не ўключае ўсёй тэрыторыі этнаграфічнай Беларусі. Ён падзяляў думку Доўнар-Запольскага аб расавай чысціні беларусаў – лічыў, што рускія і ўкраінцы доўгі час жылі «пад турка-мангольскім прыгнётам» і не здолелі захаваць этнічнай чысціні, а беларусы «не спазналі ўплыву мангольскай расы».
    У сваёй гістарычнай канцэпцыі У.М.Ігнатоўскі зыходзіў з самастойнасці і незалежнасці Полацкага княства, якое на роўных вяло барацьбу з Кіевам за «уплыў на Ноўгарад і першынство ва ўсходнеславянскім свеце». Асобная ўвага надавалася дзейнасці Усяслава Брачыславіча і ўплыву хрысціянства (Прадслава, Кірыла Тураўскі, Аўраамій Смаленскі). Гісторык упершыню выкарыстаў тэрмін «літоўска-беларуская дзяржава». Ён лічыў, што Полацкае княства перадала ВКЛ свае парадкі, дзяржаўныя ўстановы, мову і культуру. Таму тэрмін «рускі» раўназначны слову «беларускі».
    Пасля Люблінскай уніі 1569 г. Літва і Беларусь былі інкарпарыраваны Польшчай і страцілі сваю палітычную і культурную незалежнасць. Польская мова, культура, сацыяльны і палітычны лад, каталіцкая царква занялі пануючае становішча. Ігнатоўскі памылкова лічыў Рэч Паспалітую адзінай і непадзельнай дзяржавай.
    Гісторыку належыць права першай распрацоўкі новага сюжэту ў гісторыі Беларусі – ролі казацтва. Аўтар бачыў у казацкім руху ХVІІ ст. шырокае антыфеадальнае паўстанне казакоў і мужыкоў. Гэта пазіцыя была ў далейшым распрацавана В.К.Шчарбаковым, І.Ф.Лочмелем, Л.С.Абецэдарскім.
    Тры падзелы Рэчы Паспалітай сталі вынікам унутранага разлажэння дзяржавы: сацыяльных антаганізмаў, палітычнай анархіі, нацыянальных і рэлігійных спрэчак. Затым адбылася інкарпарацыя Беларусі Расіяй.
    Канспектыўна, на некалькіх старонках, даследчык раскрыў чацвёрты перыяд айчыннай гісторыі. На думку У.М.Ігнатоўскага, эканамічны і палітычны стан «гнілога вялікага арганізму» прадвызначыў русіфікацыю, асабліва пасля паўстання 1830 – 1831 гг. Беларускі нацыянальны рух за адраджэнне мовы, культуры самасвядомасці і дзяржаўнасці, адпаведна, мае сацыяльныя карані і палітычна абгрунтаваны. Аўтар адзначыў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. вырашыла сацыяльнае пытанне і сутыкнулася з пытаннем нацыянальным. Таму партыя бальшавікоў вымушана была абвясціць БССР.
    Да першых абагульняючых прац па гісторыі Беларусі адносіцца курс лекцый У.І.Пічэты «История белорусского народа», які ўпершыню быў апублікаваны ў дапаможніку «Курс белорусоведения. Лекции, читанные в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 г.» (1920 г.). Аўтар прасачыў лінію еўрапейскай традыцыі ў гісторыі Беларусі. Ён прытрымліваўся каланізацыйнай тэорыі – лічыў, што славяне каланізавалі тэрыторыю Беларусі.
    З пазіцый дзяржаўнай школы Пічэта прааналізаваў працэс утварэння ВКЛ, яго палітычную пабудову, уніі з Польшчай, узаемаадносіны з Маскоўскай дзяржавай. Аўтар лічыў, што беларускія землі ўвайшлі ў склад новай краіны добраахвотна, хаця ў канцы 30-х гг. адмовіцца ад гэтай пазіцыі. Па прыкладу М.К.Любаўскага ён назваў ВКЛ «Літоўска-Рускай дзяржавай» з федэратыўнай пабудовай і аўтаноміяй беларускіх зямель. Той жа характар мела Рэч Паспалітая, але Польшча ў ёй займала дамінуючае становішча.
    Асобную ўвагу ён прысвяціў рэлігійнаму пытанню на Беларусі, вызначыў становішча сялян, шляхты, раскрыў русіфікатарскую палітыку царызма, рэформу 1861 г., дзейнасць земстваў, стан гаспадарчага жыцця ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.
    У 1924 г. выйшла «Гісторыя Беларусі» У.І.Пічэты. Кніга ахоплівае перыяд ад старажытнасці да Люблінскай уніі (1569 г.). Перыядызацыя, якую прапанаваў аўтар, заснавана на прынцыпе дзяржаўнай прыналежнасці Беларусі. Ён вылучыў пяць перыядаў: 1) дагістарычнае мінулае; 2) гісторыя беларускага народа да другой паловы XI ст.; 3) беларускія землі ў XI – XIII ст.; 4) Беларусь у складзе ВКЛ; 5) шляхецкая феадальная дзяржава.
    Першы і другі перыяды асвятляюцца ў першым раздзеле працы «Тэрыторыя і яе мінулае». У гэтым раздзеле аўтар разглядзеў рэльеф, рэкі Беларусі, глебы, клімат, раслінны і жывёльны свет, бо гэта, як лічыў У.I.Пічэта, мае самы непасрэдны «ўплыў на гістарычнае жыццё народа». Гісторык упершыню ўключыў у гісторыю Беларусі археалагічную перыядызацыю. Пры гэтым ён разглядзеў археалагічныя знаходкі ў Мінскай, Віцебскай і заходніх паветаў Смаленскай губерняў, што супадала з этнічнай тэрыторыяй Беларусі. Тут аўтар падкрэсліў, што тэрыторыя Беларусі з'яўляецца маладаследаванай.
    Асаблівасцю працы з'яўляецца тое, што гісторыю Беларусі Пічэта прасачыў у кантэксце агульнай славянскай гісторыі. Ён пачаў з прарадзімы славян і іх суседзях – готах, іранскіх плямёнах, скіфах і сарматах і інш. Аўтар неаднаразова падкрэсліваў, што дзякуючы «Вялікаму перасяленню народаў» славяне пачалі засяляць новыя землі. Гэты працэс у аўтара атрымаў назву «ўсходнеславянскай каланізацыі», якая была выкарыстана пад уплывам М.К.Любаўскага.
    Большая частка першага раздзела прысвечана гісторыі «беларускага племені» да першай паловы XI ст.: паслядоўна разглядаецца гісторыя племянных саюзаў, утварэнне дынастычнай дзяржавы, гандлёвыя сувязі, грамадства, дзяржаўны лад, хрысціянізацыя Беларусі і прававыя нормы.
    Раннюю гісторыю Полацкай зямлі Пічэта разглядаў як барацьбу «поўначы» і «поўдня» - варажскіх княстваў і Ноўгарадскага і Кіеўскага княстваў за гандлёвыя шляхі. Паміж гэтымі княствамі апынуліся полацкія крывічы, дрыгавічы, драўляне і інш. Вынікам была перамога «поўначы». Утворанае дзяржаўнае аб'яднанне аўтар назваў Кіеўскай дзяржавай. Прычыны паходаў славян на Візантыю, Камскую Булгарыю, Хазарыю і г. д. Пічэта абгрунтаваў «неабходнасцю наладзіць гандлёвыя справы», «гандлёвымі інтарэсамі». Пры гэты ён ужыў тэрміны-мадэрнізмы «прамысловая Візантыя», «прадметы індустрыі і ўсходняй прадукцыі», «супольны капітал».
    Менш увагі аўтар надаў праблемам грамадскага і дзяржаўнага ладу, культуры перыяду IX – XI ст. Пры гэтым Пічэта асабліва падкрэсліў значную ролю веча пры «пэўнай слабасці княжай улады і пры нязначным аб'яднанні ў палітычных адносінах паасобных краін з Кіевам».
    Утварэнню і гісторыі самастойных Полацкай, Тураўскай і Смаленскай «зямель-краін» прысвечаны другі і трэці раздзелы кнігі. Даследчык меркаваў, што пачатак умацавання палітычнай самастойнасці Полацкага княства прыпадае на княжанне Брачыслава Ізяславіча, бо «Полацкая зямля не ўвайшла ў склад Кіеўскай дзяржавы». Прычыну феадальных усобіц гісторык бачыў у парушэнні спадчыннага права Яраславічамі. Аўтар выказаў меркаванне, што падзел Кіеўскай дзяржавы «бярэ пачатак у нормах агульнаславянскага сямейнага права». Аднак першаснымі ён лічыў эканамічныя адносіны: «Кіеўская дзяржава, зложаная з паасобных зямель-краін, звязаных з Кіевам толькі эканамічнымі адносінамі, была ўнутры вельмі слабай», і «шэраг з'яў эканамічнага характару ў выглядзе скарачэння дняпроўска-візантыйскага гандлю прыспяшылі працэс распаду».
    Пічэта вызначыў акалічнасці і асаблівасці палітычнага развіцця Полацкай, Турава-Пінскай, Смаленскай зямель, прысвяціўшы апошняй вялікі раздзел кнігі. Адзначым, што гісторыя Смаленскага княства гэтага перыяду недастаткова вывучаецца ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі.
    Разгляд развіцця народнай гаспадаркі ў XI – XIII ст. уражвае сваёй дакладнасцю. Цікава, што большую ўвагу гісторык надаў гаспадарцы Смаленскай зямлі. Падаецца не зусім зразумелым аўтарскае сцвярджэнне: «...ці мела месца ў Полацкай зямлі апрацоўчая прамысловасць, няма ніякіх даных». Калі пад «апрацоўчай прамысловасцю» гісторык разумеў рамесніцтва, то гэты тэзіс ніяк не стасуецца з тым, аб чым ён піша ніжэй (аб вырабе розных рэчаў: вагаў, мячоў, тканін і г. д.).
    Як і яго сучаснікі (У.М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), Пічэта зрабіў грунтоўны агляд культурнага развіцця беларускіх зямель у XI – XIII ст. Пры гэтым ён лічыў, што «галоўным асяродкам беларускай асветы быў Смаленск». Гэтая думка супярэчыць яго выказванням аб тым, што Полацкая дзяржава стала незалежнай ужо ў XI ст., а Смаленская – толькі ў XII ст. Яна адрозніваецца ад меркаванняў Ігнатоўскага, які лічыў калыскай беларускай культуры Полаччыну, і Доўнар-Запольскага, які вылучаў тры цэнтры: Тураў, Смаленск, Полацк. Цікава, што з'яўленне моўных адметнасцей на беларускіх землях У.I.Пічэта аднёс да XIII ст. (1229 г.), называючы іх «смаленска-полацкай гутаркай».
    Вельмі нязвыклым для тагачаснай гістарыяграфіі з'яўляецца раздзел, прысвечаны палітычнай думцы XI – XIII ст. Гэтага мы не сустрэнем ні ў папярэднікаў Пічэты, ні ў далейшых навуковых распрацоўках.
    У чацвёртай частцы «Гісторыі Беларусі» разглядаецца гісторыя ВКЛ. Канцэпцыя У.I.Пічэты аб генезісе ВКЛ не вызначаецца арыгінальнасцю: распад радавых адносін у літоўскіх плямён, іх палітычнае аб'яднанне пад ціскам знешняй небяспекі. Відавочна, што гісторык пайшоў следам за сваім настаўнікам М.К.Любаўскім. Пэўнае адрозненне ёсць толькі ў тым, што Пічэта акцэнтаваў увагу на тэрытарыяльна-этнічным характары гістарычнай Літвы.
    Аўтар падкрэсліваў літоўска-беларускі характар дзяржавы, у прыватнасці, звязываў працэс станаўлення дзяржавы з імёнамі вялікіх князёў Войшалка і Віценя. Ён падкрэсліваў, што працэс аб'яднаня зямель у адну дзяржаву не быў заваёвай, таму што князі ВКЛ абмяжоўваліся «павярхоўным прызнаннем сваёй улады» і ва «ўнутраным кіраўніцтве далучаныя землі захоўвалі сваю самастойнасць». На думку даследчыка, ВКЛ уяўляла сабой «федэрацыю краін, звязаных з цэнтрам вельмі нетрывалымі вузламі». Пры гэтым Пічэта адзначыў, што этнічныя літоўцы ў ёй складалі меншасць.
    Некаторыя паведамленні гісторыка спрэчныя і могуць заблытаць непадрыхтаванага чытача, як, напрыклад, пра «пагром над усімі рускімі» у ВКЛ падчас канфрантацыі Вітаўта з Масквой. Тут, відавочна, маецца на ўвазе загад Вітаўта перабіць маскоўскіх купцоў з прычыны парушэння міру князем Васілём Дзмітрыевічам. Недакладным з'яўляецца і паведамленне Пічэты аб міжнацыянальнай барацьбе ў XV ст. літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Сёння ўжо дакладна вядома, што падзел у ВКЛ адбыўся не на этнічнай (у той час гэтаму не надавалі такой вялікай увагі), а на рэлігійнай глебе. Грамадзянская вайна 30-х гг. ХV ст. была выклікана адсутнасцю палітычных і эканамічных правоў у шляхты праваслаўнага веравызнання ў адрозненне ад католікаў. На першы план у аўтара выступае выключна нацыянальны элемент, хаця ён не абыходзіць увагай і рэлігійны.
    Не зусім справядліва сцвярджэнне Пічэты аб Жыгімонту Кейстутавічу як аб «спадручным Польшчы». Наадварот, у апошнія гады княжання ён пачаў шукаць шляхі да збліжэння з германскім імператарам, аддаляцца ад Польшчы і згубіў яе падтрымку. I ў змову супраць Жыгімонта былі ўцягнуты не толькі «літоўскія» феадалы, але і «рускія» (беларускія і ўкраінскія) – трокскі ваявода Лялюш, Іван і Аляксандр Чартарыйскія, князь Алелька Уладзіміравіч і іх баяры.
    Істотным у працы з'яўляецца і тое, што У.I.Пічэта прывёў дастаткова дэталёвы агляд падзей другой палавіны XIV ст. Асабліва падрабязна ён раскрыў характар узаемаадносін з Масквой, пачынаючы ад часоў Казіміра Ягелончыка. Прычыны канфлікту, на думку гісторыка, не ў «абароне рускай нацыянальнасці і праваслаўнай веры». Гэта была зачэпка для развязвання войнаў. Прычыну аўтар бачыў у імкненні Масквы захапіць усходнія землі ВКЛ, каб кантраляваць прамыя гандлёвыя шляхі на Захад, выйсці да Балтыкі.
    Вельмі важным з'яўляецца раздзел, у якім разглядаецца развіццё гаспадаркі ў XV – першай палове XVI ст. Аўтар прааналізаваў прычыны слабасці дзяржаўнага скарбу і малую эфектыўнасць гаспадарчай дзейнасці ўвогуле. Гэта вызначала малыя выдаткі на войска, залежнасць гаспадара ад магнатаў.
    Раздзел пра культуру ВКЛ невялікі. У ім Пічэта падкрэсліў, што ВКЛ «у культурных адносінах з'яўлялася беларускім». Падставай паслужыла тое, што толькі беларуская мова была дзяржаўнай. Аўтар падкрэсліваў, што беларуская культура панавала ў ВКЛ, закранаючы без выключэння ўсе слаі грамадства.
    Пяты раздзел кнігі носіць назву «Пачатак шляхецкае феадальнае дзяржавы». У ім разглядаюцца абставіны стварэння Рэчы Паспалітай. Унутрыпалітычныя адносіны і знешнія праблемы ВКЛ, напрыклад, Лівонская вайна, былі пададзены Пічэтам вельмі канспектыўна. Значна больш гаворыцца аб захадах, якія рабіў урад ВКЛ для павышэння абароназдольнасці краіны.
    Вельмі ўважліва і сур'ёзна падышоў Пічэта да праблемы асвятлення беларускага Адраджэння XVI ст. Тут ён зрабіў значны крок наперад у тагачаснай беларускай гістарыяграфіі. Пачатак беларускага Адраджэння даследчык звязаў з ростам гандлёвых адносін з Заходняй Еўропай, павелічэннем тавараабмену, са з'яўленнем багатага мяшчанства і багатых землеўладальнікаў (г.зн. з узнікненнем сацыяльных слаёў, падрыхтаваных да ўспрыняцця культуры новага ўзроўню), бо менавіта «гандлёвыя сувязі з Захадам пазнаёмілі літоўска-беларускіх землеўласнікаў з еўрапейскай культурай». Гуманізм на Беларусі Пічэта ўпершыню падзяліў на дзве плыні: гарадскую і шляхецкую. Пры гэтым аўтар сцвярджаў, што «гарадскі гуманістычны рух меў замкнёны характар і не выходзіў за межы горада». Зыходзячы з тэксту можна меркаваць, што да прадстаўнікоў гарадской плыні гуманізму гісторык адносіў Ф.Скарыну, С.Буднага, В.Цяпінскага братоў Мамонічаў.
    Люблінскай уніі прысвечаны апошні раздзел кнігі. Магчыма, аўтар меркаваў вярнуцца да разгляду гэтай падзеі ў у другой частцы сваёй кнігі. Аб гэтым сёння мы можам толькі здагадвацца. Асноўную прычыну уніі ён бачыў у шляхетызацыі дзяржаўнага і грамадскага ладу ВКЛ, бо шляхта «глядзела на... унію як на сродак для барацьбы з магнацтвам». Другая прычына заключалася ў цяжкім становішчы ВКЛ пасля Лівонскай вайны. Не пакінуў па за ўвагай У.I.Пічэта і імкненне палякаў да уніі, бо яны жадалі «інкарпарацыі Вялікага княства Літоўскага». Аўтар пералічыў умовы Люблінскай уніі, але не асвятліў, ці былі яны выкананы.
    Да асаблівасцей кнігі можна аднесці ўжыванне аўтарам разнастайных тэрмінаў-мадэрнізмаў, напрыклад, «абрабляючая прамысловасць», «здабываючая прамысловасць», «банкроцтва», «партыя», «інтэлігенцыя». Характарызуючы эканамічныя і грамадскія адносіны XIII – ХIV і XV – XVI ст., ён ужывае такія паняцці як «еўрапейскі капітал», «рабочы клас», «каланіяльныя прадукты», «буржуазія» і інш.
    Варта адзначыць цікавую тэндэнцыю дадзенай працы. У.I.Пічэта размяшчаў цэнтр беларускай цывілізацыі на Смаленшчыне. Беларусь ён бачыў на землях Полаччыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Міншчыны. Магчыма, гэта тлумачыцца тымі настроямі, якія панавалі ў тагачасным беларускім грамадстве, у партыйным і савецкім кіраўніцтве БССР. У гэты час адбываліся «ўзбуйненні» БССР, што патрабавала пэўнага ідэалагічнага абгрунтавання, і было выканана У.I.Пічэтай.
    Самай аб'ёмнай сярод напісаных у 20-я гг. сінтэтычных прац па гісторыі Беларусі лічыцца «История Белоруссии» М.В.Доўнар-Запольскага. Кніга не была надрукавана пры жыцці аўтара па палітычных прычынах. Аўтар працаваў над рукапісам, які задумываўся як вучэбны дапаможнік для тэхнікумаў і вышэйшай школы, з 1918 па 1926 г.
    Доўнар-Запольскі прапанаваў сваю ўласную перыядызацыю гісторыі Беларусі. Першы перыяд – «старажытны» (VІІ – ІХ ст.), другі – «княжаскі (Х – ХІІІ ст.), трэці – «Вялікае княства Літоўскае» (ХІІІ – першая палова ХVІ ст.), чацвёрты – «эпоха ўніі з Польшчай (другая палова ХVІ – канец ХVІІІ ст.), пяты – «перыяд падзелаў» (канец ХVІІІ – першая трэць ХІХ ст.), шосты – «эпоха рускага панавання» (другая трэць ХІХ – канец ХІХ ст.), сёмы – «эпоха нацыянальнага адраджэння» (рубеж ХІХ – ХХ ст.), восьмы – «барацьба за дзяржаўнасць» (1915 – 1919 гг.). Перыядызацыя сведчыць, што галоўнай праблемай, якую даследаваў аўтар, была праблема дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі.
    Канцэпцыя айчыннай гісторыі Доўнар-Запольскага грунтуецца на палажэннях яго першых прац канца ХІХ ст. і апублікаваных работ дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Яна вызначаецца наступнымі тэзісамі: паходжанне беларусаў з крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў («пачатак развіцця беларускай нацыі»); «расавая чысціня» беларусаў і палякаў; «каланізацыйная тэорыя» (славянская каланізацыя тэрыторыі Беларусі); Ноўгарад – калонія Полацка; ідэя Літоўска-Рускай дзяржавы; прыярытэт сацыяльна-эканамічнай гісторыі; дамінаванне нацыянальнага руха над сацыяльным; непрызнанне Кастрычніцкай рэвалюцыі (нават не ўзгадваецца ў тэксце); вядучая роля БНР у фарміраванні беларускай дзяржаўнасці.
    Рукапіс кнігі Доўнар-Запольскага быў разгледжаны намеснікам загадчыка аддзела друку пры ЦК КП(б)Б В.А.Сербентам (1895 – 1980 гг.), які наклаў рэзалюцыю: «рукапіс нельга дазволіць друкаваць» за нераскрытую ролю рабочага класа, завышаную ацэнку БНР і БСГ. 28 студзеня 1926 г. адбылося закрытае пасяджэнне Бюро ЦК КП(б)Б па гэтаму пытанню. У пастанове адзначалася: «1. Признать, что книгу Довнар-Запольского издавать нельзя как выражающую позицию белорусского национального демократизма и в корне искажающую историю Беларуси. 2. Рукопись взять в собственость БелГИЗа… для использования в порядке секретного материала… 3. Считать необходимым подвергнуть широкой критике книгу… в целях развёртывания идеологической борьбы против национального демократизма». На новым пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б, якое адбылося 4 лютага 1926 г., Сербента атрымаў даручэнне напісаць у газету «Савецкая Беларусь» шэраг артыкулаў з крытыкай Доўнар-Запольскага.
    Не заладзіліся асабістыя адносіны Доўнар-Запольскага з рэктарам БДУ У.І.Пічэтам, які садзейнічаў ад’езду даследчыка з БССР. У верасні 1926 г. М.В.Доўнар-Запольскі пад прымусам ЦК КП(б)Б і органаў НКУС назаўсёды пакідае Беларусь. Сям’я пераязджае ў Маскву, дзе вучоны працуе прафесарам Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, выкладчыкам у Інстытуце народнай гаспадаркі імя Г.В.Пляханава, правадзейным членам Інстытута гісторыі АН СССР.
    Вельмі цяжкім, фактычна трагічным быў для Доўнар-Запольскага перыяд з другой паловы 1920-х гадоў. У 1927 г. яму споўнілася 60 гадоў. У Беларусі ўсё шырэй разгортваецца барацьба супраць нацдэмаў. 14 чэрвеня 1929 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне «Паведаміць ЦК ВКП(б) аб тым, што ЦК КП(б)Б катэгарычна супраць кандыдатуры Доўнар-Запольскага ў Акадэмію Навук СССР». У 1930 – 1934 гг. практычна ўсе працы Доўнар-Запольскага трапляюць пад жорсткую крытыку. Сам ён абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме, неанародніцтве і нават фашызме. Асабліва стараецца яго былы вучань А.Аглоблін, які абвяшчае барацьбу супраць буржуазнай гістарычнай школы Доўнар-Запольскага адной з важнейшых задач савецкай гістарычнай навукі. Не абышоў яго сваёй увагай і акадэмік Шчарбакоў. У сваёй працы «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі: Гістарыяграфічныя нарысы» (1934 г.) ён назваў Доўнар-Запольскага «ідэёлагам і правадыром наццэмаў на Беларусі». 30 верасня 1934 г. Доўнар-Запольскі памёр.
    Да абагульняючых прац па гісторыі Беларусі адносіцца кніга В.К.Шчарбакова «Нарыс гісторыі Беларусі», першая частка якой была выдадзена ў 1934 г. Даследчык на аснове прынцыпа партыйнасці прааналізаваў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытных часоў па ХVІІІ ст. Перыядызацыя аўтарам пабудавана на марксісцкім фармацыйным падыходзе: вызначаецца «першабытнакамуністычнае грамадства і яго распад», развіццё феадалізму і класавая барацьба да сярэдзіны ХV ст.», «далейшае развіццё прыгоннага ладу і ўзрастанне эксплуатацыі сялянства», «сялянскі рух у ХVІ і ХVІІ ст.».
    У цэнтры ўвагі В.К.Шчарбакова – эканамічныя працэсы і класавая барацьба ў Беларусі. Пры гэтым адчуваецца мадэрнізацыя гістарычнага мінулага. Напрыклад, прычынамі ўтварэння ВКЛ аўтар лічыць аб'яднанне кіруючых колаў супраць абшчыннага сялянства з мэтай захопу яго зямель і пераўтварэння ў прыгнечаны клас, знешняя небяспека ад мангола-татараў і крыжакоў. Праўда, даследчык вызначыў ВКЛ як «Літоўска-Беларускую дзяржаву».
    Падзеі палітычнага жыцця падаваліся з прыярытэта класавай барацьбы. Нават Люблінская ўнія, згодна Шчарбакову, была вынікам сялянскага руху. Аўтар адмаўляў магчымасць культурнага развіцця ў эпоху феадалізму, таму не раскрыў дзейнасць Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, С.Буднага. Дарэчы ён увёў паняцце «феадальная культура»: «У феадальным, а таксама і капіталістычным грамадстве ўласна культурай лічылася культура панавальных класаў». Царква абвінавачвалася ў тым, што яна падтрымлівала толькі вузкую грамадскую праслойку, а гісторыкі нацыянальна-дэмакратычнага накірунку не далі «выразна класавай ацэнкі ўсіх гэтых з'яў феадальнай культуры».
    Пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты ў чэрвені 1941 г. выйшлі «Нарысы па гісторыі Беларусі». У гэтай калектыўнай працы гістарычнае мінулае Беларусі разглядалася са старажытных часоў да падзелаў Рэчы Паспалітай. Але ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі амаль увесь тыраж кнігі загінуў і не дайшоў да чытача.


    1. Достарыңызбен бөлісу:
  • 1   ...   44   45   46   47   48   49   50   51   ...   59




    ©dereksiz.org 2024
    әкімшілігінің қараңыз

        Басты бет