Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ аднавіў сваю дзейнасць у лютым 1945 г. як філіял Інстытута Маркса – Энгельса – Леніна (Масква). У наступным годзе была зацверджана яго структура і штаты, яму перадалі партыйны архіў, матэрыялы камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, бібліятэка. У структуру Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ уваходзілі сектар гісторыі партыі, сектар перакладаў, партыйны архіў, Дом-музей I з’езда РСДРП. На аснове пастановы ЦК КПСС «Аб мерах па паляпшэнню работы Інстытута марксізма-ленінізма пры ЦК КПСС» (1960 г.) у 1966 г. быў створаны сектар навуковай распрацоўкі і афармлення дакументаў па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама аўтарскі калектыў па падрыхтоўцы фундаментальнай трохтомнай працы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Са студзеня 1969 г. пачаў дзейнічаць сектар партыйнага будаўніцтва, навуковыя інтарэсы супрацоўнікаў якога былі сканцэнтраваны на абагульненні вопыту КПСС па ўдасканаленню форм і метадаў унутрыпартыйнай работы. Пашырэнне даследаванняў забяспечвалася ростам навуковых супрацоўнікаў, колькасць якіх павялічылася з 23 у 1963 г. да 60 у 1970 г. (у тым ліку 3 доктары і 15 кандыдатаў гістарычных навук). Ужо ў 1981 г. працавала 72 супрацоўнікі (у тым ліку 7 дактароў і 26 кандыдатаў гістарычных навук). Сярод выданняў, падрыхтаваных калектывам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ вылучаюцца «Революционный путь Компартии Западной Белоруссии» (1966 г.), «Очерки истории КПБ» (у 2-х ч., 1967 – 1968 гг. (2-е выд.)), «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (у 3-х т., 1967 – 1982 гг.), «Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (1983 г.), «КПБ в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК» (у 6-і т., 1983 – 1987 гг.). Істотным укладам у гістарычную навуку стала абагульняючая калектыўная праца «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны» (у 3-х т., 1983 – 1985 гг.), падрыхтаваная з удзелам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі АН Беларусі. Аўтары – І.М.Ігнаценка, П.П.Ліпіла, А.В.Сямёнава, А.А.Філімонаў, А.М.Мацко, Я.С.Паўлаў, К.І.Дамарад, У.І.Лемяшонак, В.П.Раманоўскі, Н.В.Філімоненкаў, Р.М.Шавяла, Р.Р.Крючок, Э.Ф.Языковіч і інш.
Достарыңызбен бөлісу: |