А.І. Цвікевіч «Заходнерусізм»



бет28/59
Дата24.05.2022
өлшемі267.59 Kb.
#458596
1   ...   24   25   26   27   28   29   30   31   ...   59
Ultimate Shefchuk v 1 0

К. і Я. Тышкевічы.


Канстанцін Тышкевіч (1806–1868) - Нарадзіўся будучы даследчык у маёнтку Лагойск Барысаўскага павета Мінскай губерніі ў сям’і буйнога землеўласніка Пія Тышкевіча, прадстаўніка старажытнага шляхецкага роду, і графіні Аўгусты Плятэр. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта паступіў на службу ў канцылярыю міністра фінансаў Княства Польскага. У 1836 годзе Канстанцін вяртаецца на радзіму і прысвячае сябе гаспадарчай ды даследчай дзейнасці. У Лагойску пачынаюць працаваць палатняная мануфактура, майстэрня па пераплаўцы жалезнай руды, цукровы завод, дзейнічае пазыковы банк для мяшчан і сялян. Аднак большую частку сродкаў і часу Канстанцін Тышкевіч накіроўвае на вывучэнне гісторыі свайго краю – праводзіць, як і яго малодшы брат Яўстах, раскопкі курганоў, замчышчаў, гарадзішчаў на Лагойшчыне і ў іншых мясцінах Мінскай губерніі. Ім упершыню былі складзены тапаграфічныя апісанні гарадзішчаў, зроблена класіфікацыя курганоў, гарадзішчаў і археалагічных знаходак. А распрацаваная методыка палявых археалагічных даследаванняў не страціла сваёй актуальнасці і ў нашы часы. Плёнам даследчай і навуковай дзейнасці Канстанціна Тышкевіча сталі фундаментальныя манаграфіі «Аб курганах у Літве і Заходняй Русі», «Гістарычныя звесткі аб замках, гарадзішчах і курганах на Літве і Русі Літоўскай». У 1842 годзе браты Тышкевічы ствараюць у Лагойску першы на Беларусі музей старажытнасцей, у якім, акрамя археалагічных рарытэтаў, былі прадстаўлены багатыя калекцыі медалёў і манет, старажытных кніг і рукапісаў, рыцарскай зброі і твораў мастацтва. Пасля на яго аснове пачаў дзейнічаць Віленскі музей старажытнасцей і археалагічная камісія пры ім. У 1856 годзе Канстанцін Тышкевіч на ўласныя сродкі ладзіць навуковую экспедыцыю па рацэ Вілія ад яе вытокаў да месца ўпадзення ў Нёман. За чатыры месяцы былі даследаваны каля трохсот населеных пунктаў, сабраны багаты этнаграфічны і фальклорны матэрыял, апісаны архітэктурныя помнікі, здзейснены археалагічныя раскопкі. Па выніках вандроўкі ў 1858 годзе была напісана краязнаўчая манаграфія «Вілія і яе берагі». Даследчая дзейнасць Канстанціна Тышкевіча, археолага, гісторыка, этнографа і фалькларыста, была шырока прызнана навуковай грамадскасцю. Ён з’яўляўся ганаровым сябрам Імператарскай акадэміі навук у Пецярбургу, Каралеўскай акадэміі навук Швецыі, Лонданскага інстытута археалогіі, таксама супрацоўнічаў з навуковымі таварыствамі ў Кракаве, Празе, Парыжы.
Еўстафій, малодшы з братоў, нарадзіўся 18 красавіка 1814 года ў Лагойску. Пачатковую адукацыю, як было прынята ў той час у дваранскіх сем'ях, ён атрымаў дома. Багатая бібліятэка, дамашняя калекцыя, у тым ліку старажытных рукапісаў і рэчаў, радавы архіў, апавяданні бацькоў садзейнічалі выхаванню Яўстафія Тышкевіча. З 1824 года ён вучыўся ў Віленскай, а пазней у Мінскай гімназіях. Пасля заканчэння вучобы ў 1831 годзе Яўстафій прыехаў у Пецярбург, дзе працаваў у канцылярыі Ордэнскага капітула Расійскай імперыі. Службу сумяшчаў з работай у бібліятэках, што дало яму магчымасць значна папоўніць веды ў гуманітарных навуках і выявіць новыя матэрыялы па гісторыі Беларусі. У 1835 годзе Яўстафій Тышкевіч перавёўся ў канцылярыю віленскага генерал-губернатара, а праз некаторы час у Харкаў, дзе атрымаў чын губернскага сакратара. Там ён працаваў у архівах, бібліятэцы Харкаўскага ўніверсітэта, наведваў Кіеў. У 1840 годзе выйшаў у адстаўку і вярнуўся ў Лагойск. Яўстафій Тышкевіч быў ганаровым апекуном школ, маршалкам шляхты Барысаўскага павета. У 1847 годзе ён стаў членам часовай камісіі па зборы і выданні старадаўніх актаў, грамат і прывілей XVI-XVIII стагоддзяў гарадоў Мінскай губерні. У 1848-1854 гадах быў куратарам Мінскай гімназіі.
Яшчэ з юнацкіх гадоў Яўстафія Тышкевіча прыцягвалі старажытныя помнікі Лагойшчыны. Не звяртаючы ўвагі на свае графскія тытулы, браты Яўстафій і Канстанцін, а часам і бацька, бралі ў рукі лапаты і з дапамогай мясцовых сялян раскопвалі старажытныя курганы. Часам, пераапрануўшыся ў простае сялянскае адзенне, яны хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песні, легенды, паданні, шчырую размову сялян пра побыт, паўдзельнічаць у абрадах. Захоплены загадкамі старажытнага свету, Яўстафій Тышкевіч вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах гістарычных помнікаў на роднай зямлі і высветліць, ці ёсць у іх заканамернасць і сувязь з культурай плямёнаў, што калісьці жылі на Беларусі. Ён вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мінску, Міры, Слуцку і іншых мясцінах, набываў вопыт у аналізе знаходак і іх класіфікацыі. У 1842 годзе Яўстафій Тышкевіч выдаў кнігу "Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у заходніх губернях Рускай дзяржавы". Даследчык першым даў адказы на многія пытанні археалогіі, заклаў фундамент гэтай навукі ў Беларусі, актыўна прапагандаваў ідэю навуковых кантактаў з археолагамі іншых краін. Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі і азнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег у археалогіі, ён у 1843 годзе падарожнічаў па краінах Скандынавіі, пабываў у Хельсінкі, Стакгольме, Капенгагене. Працаваў у архівах і бібліятэках, дзе ўдалося знайсці шмат новых матэрыялаў па гісторыі сярэднявечча Польшчы і Беларусі, пазнаёміўся з вучонымі. Усе свае знаходкі і адкрыцці, зробленыя ў час падарожжаў, апісаў у працы "Лісты пра Швецыю". Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Яўстафій Тышкевіч збіраў матэрыял па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці роднага краю. Вынікам дзесяцігадовых пошукаў стала праца "Апісанне Барысаўскага павета", якую сучаснікі назвалі здабыткам беларускай даследчай думкі XIX стагоддзя. У кнізе адлюстравана шырокая палітра краязнаўчых звестак - геаграфія, гістарычны ракурс у шырокім дыяпазоне, уключаючы апісанне войнаў, побыт гараджан, сялянскае жыццё, апісанне храмаў, мясцовы фальклор. Грунтоўна займаючыся фальклорам, Яўстафій Тышкевіч сабраў больш як 450 прымавак і прыказак.
Асаблівую цікавасць у даследчыка выклікалі музеі, прынцыпы стварэння іх экспазіцый і арганізацыя музейнай справы. Ідэя стварэння музея, які павінен быў стаць цэнтрам гістарычнай навукі і культуры, стала мэтай жыцця Яўстафія Тышкевіча. Першым крокам у ажыццяўленні гэтай высакароднай справы было адкрыццё ў 1842 годзе музея ў радавым маёнтку ў Лагойску. Экспазіцыю склалі сабраныя пры раскопках багатыя археалагічныя матэрыялы разам з іншымі рарытэтамі (калекцыі манет і гербаў, старажытныя рукапісы і кнігі, зброя рыцараў, творы мастацтва і інш.). У 1845 годзе ў Вільні ў доме сваяка Яўстафій Тышкевіч арганізаваў краязнаўчую выстаўку. Сюды была перавезена частка дамашняй калекцыі. Толькі праз 10 гадоў, у 1856 годзе, дзякуючы настойлівасці і энтузіязму Тышкевіча, падтрымцы сваякоў і сяброў, добраахвотных ахвяраванняў Віленскі музей старажытнасцей быў урачыста адкрыты ў будынку Віленскага ўніверсітэта. Яму даследчык ахвяраваў сваю бібліятэку (тры тысячы адзінак) і разам з братам Канстанцінам - археалагічную калекцыю (дзве тысячы адзінак). Браты заклікалі сучаснікаў, калі тыя нечакана знойдуць у сваіх уладаннях старажытную манету або каменную сякеру, не выкідваць, а ахвяраваць музею з мэтай "папаўнення і вывучэння краю не толькі ў гістарычных, сельскагаспадарчых і статыстычных адносінах". Адклікаліся сябры і нават незнаёмыя: перадавалі ў Вільню самыя розныя знаходкі, пачынаючы ад бронзавай статуэткі старажытнай багіні кахання Мільды і завяршаючы знойдзеным пад Радашковічамі звонам з надпісам: "В лето 6000-е 9 сот 28-е создан бысть сей святой троицы повелением раба Божего пана Шедибора Валимонтовича, а мастер Устьек".
У 1855 годзе была створана Віленская археалагічная камісія, старшынёй якой стаў Яўстафій Тышкевіч. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў дзейнасць музея была афіцыйна забаронена. У 1865 годзе ў адпаведнасці з загадам генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва была створана спецыяльная камісія "для разбору і прывядзення ў належны парадак прадметаў, якія знаходзіліся ў Музеі старажытнасцей". Пачалася вялікая экспрапрыяцыя: па патрабаванні Мураўёва львіную долю экспанатаў вывезлі ў Румянцаўскі музей у Маскву, частку аддалі на захаванне Віленскай публічнай бібліятэцы. Яўстафія Тышкевіча вызвалілі ад усіх пасад, і ён у 1865 годзе, абражаны і зняважаны, пакінуў Вільню. Пазней, дзякуючы намаганням беларускага археолага Івана Луцкевіча, частка калекцыі была знойдзена і ўвайшла ў фонд Беларускага музея ў Вільні. Памёр Яўстафій Тышкевіч у 1873 годзе. Навуковая дзейнасць Яўстафія Тышкевіча была высока адзначана сучаснікамі. Ён быў выбраны ганаровым членам Пецярбургскай акадэміі навук, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута.


  1. Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   24   25   26   27   28   29   30   31   ...   59




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет