Уладзімір Караткевіч (1930–1984)
У. Караткевіч з’яўляецца адной з самых яркіх постацей беларускай літаратуры XX ст. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст. Асаблівая заслуга У. Караткевіча перад беларускай літаратурай у распрацоўцы гістарычнай тэматыкі. Пісьменнік узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, выявіў буйныя характары, здолеў раскрыць багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаць іх асабісты лёс з народным лёсам. У Беларусі ён выканаў тую гістарычную місію, што В. Скот у Англіі, Г. Сянкевіч у Польшчы, А. Ірасек у Чэхіі.
У. Караткевіч плённа развіваў адраджэнскія ідэі, шмат зрабіў для абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў. Яго творчасць вызначаецца рамантычнай акрыленасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам, значнай пазнавальнасцю і гуманістычным гучаннем.
Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы. Бацька Сямён Цімафеевіч працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім фінансавым аддзеле. Маці Надзея Васільеўна закончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, некаторы час працавала вясковай настаўніцай каля Рагачова.
Продкі У. Караткевіча – шляхецкага роду. Паходзяць яны з беларускага Прыдпяпроўя. Вызначальнай для пісьменніка стала сямейнае паданне пра сваяка з матчынага боку і яе радні Тамаша Грыневіча, якога расстралялі ў 1863 г. у Рагачове як кіраўніка паўстанцаў.
Чытаць хлопчык навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней. Ствараць вершы пачаў гадоў у шэсць. Потым спрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа ілюстраваў. У. Караткевіч быў ад прыроды адораны, добра маляваў, меў абсалютны музычны слых. Падчас вайны знаходзіўся ў Маскве, на Разаншчыне, у наваколлі Кунгура на Урале, у Арэнбургу і Кіеве. У пасляваенныя гады ён, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некаторыя свае вершы, а таксама прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці», напісаў на рускай мове навелу «Рабіна», апавяданне «Багун-трава», легенду «Любоў Мааў», артыкул пра А. Талстога і артыкул на беларускай мове пра Ф. Багушэвіча. Яго талент прыкмеціла настаўніца рускай мовы і літаратуры К.I. Грыневіч.
Важным этапам у жыцці У. Караткевіча стала вучоба ў 1949–1954 гг. на філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта імя Т. Шаўчэнкі. Студэнцтва было для У. Караткевіча часам пошукаў і станаўлення як асобы і творцы. Летам 1950 г. ён напісаў у Оршы першы варыянт аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». 29 ліпеня 1951 г. у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» былі надрукаваны яго вершы «Здесь будет канал» і «Якубу Коласу» (адпаведна на рускай і беларускай мовах). Ужо на пачатку творчага шляху У. Караткевіч звярнуўся да мінуўшчыны і фальклору, што выявілася ў казках «Лебядзіны скіт», «Вужыная каралева», «Казка пра Пятра-разбойніка», «Надзвычайная котка» (пазнейшая назва «Чортаў скарб»), вершах «Машэка», «Якуб Ваўкалака», апавяданні «Паляшук», якія пад назвай «Казкі і легенды маёй Радзімы» паслаў летам 1952 г. на ацэнку Я. Коласу.
Пра цікавыя і плённыя мастацкія набыткі У. Караткевіча ў студэнцкія гады сведчаць створаныя ў той час на рускай мове аповесць «Перадгісторыя», апавяданне «Сабачая радасць», эцюд «Бетховен», лірычныя імпрэсіі «Скрыпка пяе», «Клён», «Рукі (музыка)», вершы на беларускай і рускай мовах. Тады ж ён напісаў некалькі цікавых навуковых даследаванняў, збіраўся стаць літаратуразнаўцам.
У 1954–1956 гг. працаваў настаўнікам у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. Вясной 1955 г. здаў экзамены кандыдацкага мінімуму «і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму».
Пераломным для У. Караткевіча стаў 1955 г., калі ў часопісе «Полымя» (№ 7) быў надрукаваны яго верш «Машэка», а ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта» змешчаны нарыс «Вязынка». Гэтыя публікацыі акрылілі маладога творцу. Яго заўважылі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У верасні 1955 г. удзельнічаў у Рэспубліканскай нарадзе маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе высока ацанілі яго вершы. У. Караткевіч шмат і натхнёна працаваў, выношваў значныя творчыя задумы, пра што захоплена апавядаў у лістах да М. Танка. Напрыклад, у лісце ад 27 мая 1956 г. ён адзначаў: «Дарэчы, пра гісторыю ў нас амаль ніхто не піша. Вершы яшчэ ёсць... А вось гістарычнага рамана ў нас фактычна зусім няма... А мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісьці адкрылі ў шатландскай». У лісце ад 20 чэрвеня 1956 г. выказваў занепакоенасць, што ў беларусаў няма такога літаратурнага тыпу, як Фаўст, Уленшпігель...
У. Караткевіч, як і М. Гарэцкі, К. Чорны, I. Мележ, выношваў задуму стварыць цыкл твораў пра жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. У 104-й умоўнай папцы архіва пісьменніка (аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі) захоўваецца ліст паперы ў лінейку, дзе ён падаваў тыя кнігі, якія марыў напісаць і якія маглі б скласці 78 тамоў. Многае, што задумаў ў юнацкія гады, ён здзейсніў.
Натхнёна і плённа працаваў У. Караткевіч у другой палове 1950-х гадоў. Знаходзіў час для творчасці ў 1956–1958 гг., калі настаўнічаў у 8-й школе г. Оршы. У сакавіку 1957 г. закончыў п’есу «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1959 г.), у канцы мая – аповесць «У снягах драмае вясна», надрукаваў у перыёдыцы шматлікія вершы. У 1958 г. выдаў зборнік вершаў «Матчына душа», закончыў аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Цыганскі кароль», напісаў шмат вершаў і апавяданняў.
У 1958–1960 гг., падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, напісаў кнігу паэзіі «Вячэрнія ветразі» (1960), некалькі апавяданняў і аповесць «Сівая легенда». Разам з напісанай раней аповесцю «Цыганскі кароль» гэтыя празаічныя творы склалі трэцюю яго кнігу «Блакіт і золата дня» (1961). У Маскве быў задуманы раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). На Вышэйшых літаратурных курсах захапіўся кіно, пачаў працаваць над сцэнарыямі. У 1960–1962 гг. вучыўся ў Маскве на Вышэйшых сцэнарных курсах. Масква, як і Кіеў, істотна паўплывала на фарміраванне У. Караткевіча як асобы і мастака.
У 1963 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Яго творчы аўтарытэт рос вельмі хутка. Як значную падзею ў тагачасным літаратурным жыцці крытыка ацаніла выхад зборніка «Матчына душа», адзначыла талент, самабытнасць і арыгінальнасць паэта, непаўторнасць яго стылю. Праўда, дакарала за кніжнасць, ускладненасць, захапленне гістарычнай тэматыкай і недастатковую ўвагу да сучаснасці.
Раннія вершы У. Караткевіча вызначаліся моцным патрыятычным пафасам, сувяззю з народнай творчасцю і гісторыяй, спалучэннем эпічнасці, баладнасці з эмацыянальнасцю і лірызмам («Машэка», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Заяц варыць піва», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым»). Паэт жыў думкай пра непарыўную повязь уласнага лёсу з лёсам Беларусі. Для яго, асабліва на пачатку творчага шляху, характэрнымі былі такія вызначэнні, як «мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая!», такія сцвярджэнні, як «усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз». Найвышэйшае прызначэнне і абавязак чалавека і мастака ён бачыў у служэнні роднай зямлі. У вершы «Матчына душа» сцвярджаў, што праз казкі, легенды і паданні павінен перадаць «барацьбу і пакуты народа, неўміручую душу яго». У вершы «Паўлюк Багрым» развагі пра трагічны лёс паэта напаўняў эмацыянальнымі зваротамі да Беларусі, думкамі пра яе гістарычныя шляхі, заклікам да яе абуджэння і волі.
Паэзія У. Караткевіча 1950-х гадоў гучала па-маладому шчыра і эмацыянальна. Яна вызначалася эпічным спакоем і ўнутранай напружанасцю. Журботныя і трагічныя матывы яго лірыкі ўраўнаважваліся светлымі і чыстымі пачуццямі, выкліканымі любоўю да Бацькаўшчыны, захапленнем яе прыгажосцю, верай у яе лепшую будучыню. Аптымістычны, жыццесцвярджальны пафас надаваў асаблівую чароўнасць яго вершам. Паэт меў свой, адметны мастацкі свет, у якім спалучаліся баладнасць, жартоўнасць, дакладнасць, яскравасць малюнкаў навакольнага свету і казачнасць, умоўна-фантастычная вобразнасць. Ён перадаваў самыя тонкія адценні душэўнага стану, поўніўся пантэістычнай еднасцю з прыродай, абапіраўся на літаратурны вопыт, звяртаўся да набыткаў фальклору, пісаў вершы заглыблена-філасафічныя, патрыятычныя, інтымныя. Ужо на пачатку творчага шляху раскрыўся гуманізм яго паэзіі, што яскрава выявілася ў «Баладзе пра смяротнікаў», паэмах «Бацькава сэрца» і «Слова пра чалавечнасць», якія ўвайшлі ў кнігу «Вячэрнія ветразі».
Характэрнай асаблівасцю творчасці У. Караткевіча з’яўляецца яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Як і ў ранніх, так і ў пазнейшых яго вершах сустракаюцца рэмінісцэнцыі, матывы, вобразы, ідэі прадстаўнікоў літаратуры і культуры самых розных часоў і народаў. У паэзіі У. Караткевіча можна знайсці пераклічку з творамі М. Багдановіча, В. Катула, Г. Гейнэ, Я. Купалы, Т. Шаўчэнкі, К. Паўстоўскага, С. Ясеніна. Аднак ён творча засвойваў традыцыі сваіх папярэднікаў. Кніжнае, літаратурнае было для мастака такой жа асновай і крыніцай натхнення, як і рэальнае, жыццёвае.
У. Караткевіч часта звяртаўся ў паэзіі да сусветна вядомых твораў жывапісу, музыкі, дойлідства, да біблейскіх і антычных сюжэтаў, вобразаў і матываў («Дзіва на Нерлі», «Прарок Геронім Босх», «Самсон»). Паэт цікава трактаваў творы сусветнага мастацтва. Праецыруючы іх на беларускі культурна-духоўны фон («Трызненне мужыцкага Брэйгеля»), выяўляў уласныя глыбока патрыятычныя і гуманістычныя пачуцці.
У канцы 1950 – першай палове і сярэдзіне 1960-х гадоў талент У. Караткевіча выявіўся з незвычайнай сілай. Гэта быў узлёт, пік яго творчасці. У той час ён стварыў свае значныя празаічныя творы. Многія з іх (раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», легенда «Ладдзя Роспачы», аповесць «Чазенія») пісаліся ці былі напісаны ў Рагачове, у дзедавай хаце, дзе жыў з сям’ёй дзядзька Ігар Васільевіч Грынкевіч. Рагачоў быў для У. Караткевіча тым, чым былі Міхайлаўскае для А. Пушкіна, Ясная Паляна для Л. Талстога, Акопы для Я. Купалы.
Як сталы пісьменнік з адметным лірычна-рамантычным талентам раскрыўся У. Караткевіч у апавяданнях і аповесцях «Цыганскі кароль» і «Сівая легенда», якія склалі першы яго зборнік прозы «Блакіт і золата дня». Проста і натуральна апісаў празаік у апавяданні «Блакіт і золата дня» веснавую паводку на Палессі, нараджэнне кахання ў Наталькі і Юркі, непаўторнасць і прыгажосць жыцця. Сімвалічным з’яўляецца час дзеяння ў творы. Гэта вясна, калі ажывае прырода, і пярэдадзень Вялікадня, уваскрэсенне Хрыстова. Не выпадковым уяўляецца і месца дзеяння – любімае У. Караткевічам Палессе.
У пачатковым варыянце апавяданне мела назву «Каўчэг». Таму нельга не пагадзіцца з В. Каваленкам, які заўважыў, што «недзе ў сваёй падтэкставай глыбіні вобраз каўчэга нясе ідэю маральнага выратавання». I хоць каўчэг-кірмаш крыху затрымаўся на шляху да свайго ўваскрэсення, але ён даплыве ў прызначаны час да храма.
У апавяданні «Лятучы Галандзец» раскрыліся некаторыя эстэтычныя прынцыпы творчасці У. Караткевіча, у прыватнасці, яго адносіны да рамантычнага ў жыцці і мастацтве. Каб не зачарсцвець душой, сцвярджаў пісьменнік, трэба верыць у легенды, не страчваць светлага і чыстага ўспрымання рэчаіснасці.
З тонкім мастацкім густам раскрыў ён складаныя інтымныя перажыванні («У шалашы»), дакладна абмаляваў працэс пазнання навакольнага свету Алёнкай, якой не споўнілася і двух гадоў («Як звяргаюцца ідалы»), стварыў праўдзівы вобраз дзівакаватага чалавека, які ў гады вайны здзейсніў подзвіг («Карней – мышыная смерць»). Гэтыя творы сведчылі пра майстэрства пісьменніка, яго ўмельства раскрыць людскія характары, духоўнае жыццё сваіх герояў.
Пісьменнік дасканала ведаў і па-мастацку адлюстроўваў падзеі далёкай мінуўшчыны. Ён абгрунтоўваў ідэю пра непарыўную повязь часоў. Гісторыя была арганічнай часткай духоўнага жыцця У. Караткевіча. Яго цікавіла гісторыя пераважна як прытча, легенда, паданне. Ён шырока абапіраўся на творчую фантазію, не капіраваў з навуковай дакладнасцю гістарычныя падзеі і факты, а ствараў мастацкі летапіс роднай зямлі. Для пісьменніка важна было ўзнавіць дух мінулых эпох, зразумець філасофію гісторыі. 24 верасня 1980 г. У. Караткевіч запісаў: «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінны жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім».
Адметным і разнастайным было асэнсаванне пісьменнікам беларускай гісторыі. У гумарыстычна-сатырычнай аповесці «Цыганскі кароль» ён закрануў факт існавання ў канцы XVIII ст. на Гродзеншчыне цыганскага «каралеўства». Матэрыялы для твора ўзяў з нарыса А. Кіркора «Народнасці Літоўскага Палесся і іхняе жыццё», змешчанага ў трэцім томе «Живописной России» (1882) і напоўніў іх падзейную прастору рэаліямі тагачаснай рэчаіснасці, смешнымі і гарэзлівымі, пацешнымі і трагічнымі, вясёлымі і сумнымі. Сакавітымі, у духу «фламандскай школы», фарбамі намаляваў стравы і гулянкі ў «палацы» Якуба Знамяроўскага, каларытна, у гумарыстычна-гратэскавым плане, перадаў сцэны адной «з самых славутых войнаў, якія веў кароль Якуб Першы». Пісьменнік не толькі з’едліва характарызаваў цыганскае «каралеўства», выкрываў недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважаў пра гістарычны лёс Беларусі. Выказванні медыкуса, што выступае як аlter ego аўтара, прасякнуты трывогай і болем за родны край, напоўнены шматзначным сэнсам: «Не краіна, а плод шалёнай фантазіі Бога... Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі... I хоць бы дзе агеньчык!». Медыкус асуджае рэнегацтва шляхты, лічыць, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты. I разам з тым кажа пра веліч свайго народа, верыць у яго вызваленне.
У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» апісана сялянскае паўстанне на Магілёўшчыне ў пачатку 1630-х гадоў XVII ст. пад кіраўніцтвам двараніна Рамана Ракутовіча. Падзеі і галоўныя героі твора народжаны фантазіяй мастака. Выключэнне складае Леў Сапега, які толькі эпізадычна прысутнічае ў канцы твора. Аўтар перадаў атмасферу таго часу. Паказаў, што не толькі асабістая крыўда прымусіла Рамана Ракутовіча ўзначаліць паўстанне, але і пратэст як супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту, так і рэнегацтва беларускай шляхты. Аповед у творы ідзе ад імя наёмнага салдата, швейцарца Канрада Цхакена. Яго вуснамі аўтар выказвае захапленне беларусамі, кажа пра іх цяжкую долю, асаблівасці нацыянальнага характару. У аповесці дасканала пададзены батальныя сцэны штурму, абароны і захопу замка, яскрава намаляваны хваляванні віруючага натоўпу ў Магілёве. Твор насычаны патрыятычнай сімволікай. Раман Ракутовіч выступае нібы герой народнага эпасу. У яго апісанні як вершніка на белым кані, апранутага ў барвяны плашч, са старадаўнім двухручным мячом, увасобіліся герб «Пагоня» і спалучэнне гістарычных беларускіх белага і чырвонага колераў. Потым, калі паўстанне было разгромлена, на гэтай, як піша У. Караткевіч, «богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі» ганьбаваліся, былі пакараны і сам вершнік, змагар і абаронца людзей, і яго меч і шчыт, і яго каханая, якая ўспрымаецца як канкрэтная дзяўчына і як сімвал Беларусі.
Аповесць «Сівая легенда» прасякнута пратэстам супраць дэспатызму, жорсткасці, здрады радзіме. Ракутовічу адсеклі кісці рук, а Ірыну, яго каханую, асляпілі. Але яны не здрадзілі свайму пачуццю. У іх будуць дзеці, якія прадоўжаць справу сваіх бацькоў. Глыбокім трагізмам напоўнены заключныя словы, прамоўленыя Цхакенам: «Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей». Аслепленая і абязручаная Беларусь – такі вобраз мог стварыць толькі сапраўдны талент.
Як выдатны майстар дэтэктыўнага жанру раскрыўся У. Караткевіч ў аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1950, 1958, упершыню апублікавана ў часопісе «Маладосць» у 1964 г.). Цікава і займальна, нібы ў лепшых прыгодніцкіх творах сусветнай літаратуры, пісьменнік распавядае пра сутыкненне Андрэя Беларэцкага з варожай і злой сілай, якой з’яўляецца дзікае паляванне караля Стаха, пра разгадку галоўным героем таямніцы Малога Чалавека і Блакітнай Жанчыны. Захапляе і тая глыбіня, з якой пісьменнік асэнсоўвае нацыянальную гісторыю і народнае жыццё, што асабліва прыкметна адчуваецца ў разважаннях станоўчых герояў. Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» – займальны і дынамічны твор. Галоўны герой трапляе ў самыя нечаканыя, заблытаныя сітуацыі і выходзіць пераможцам з іх. У аповесці адчуваюцца сляды ўплыву шырокавядомага апавядання А. Конан-Дойла «Сабака Баскервіляў». Аднак пра незвычайныя здарэнні ў Балотных Ялінах У. Караткевіч расказаў па-свойму. У адрозненне ад «чыстага» дэтэктыва пісьменнік паказаў беларускае грамадства 1880-х гадоў XIX ст. не толькі ў яго супярэчнасцях, але і ў яго нацыянальнай, культурнай і гістарычнай адметнасці. Для У. Караткевіча важна было выявіць каларыт, атмасферу мінулай эпохі. У аповесці шмат гістарычных апісанняў, этнаграфічных і побытавых падрабязнасцей (танцы ў маёнтку Яноўскай; стравы, напіткі і рэчы ў доме Дубатоўка; дрыкганты як рэдкая парода коней на Беларусі ў далёкія часы).
Зварот У. Караткевіча да легенды пра караля Стаха Горскага, вытокі якой адносяцца да пачатку XVII ст., быў абумоўлены марай пра вольны і незалежны край, імкненнем абудзіць у беларусаў нацыянальны гонар. Аднак жыццё надзвычай складанае і таямнічае. У. Караткевіч зрабіў цікавы сюжэтны ход. Ён паказаў, што пазней легенду пра караля Стаха і яго паляванне ва ўласных мэтах выкарысталі злыя і хцівыя людзі. I яна такім чынам набыла новы сэнс. Пісьменнік асудзіў у аповесці сацыяльны прыгнёт, тыранію, уціск і дэспатызм, увасабленнем якіх з’яўлялася дзікае паляванне. Адначасова паставіў пытанні аб прызначэнні чалавека, аб сутнасці жыцця і любові да Радзімы, паказаў вялікае, прыгожае і чыстае каханне.
Асаблівыя сімпатыі выяўляе ён да галоўнага героя Андрэя Беларэцкага, які выступае гарачым патрыётам роднай зямлі, асобай дзейснай і высакароднай. У яго словах, разважаннях і думках шмат горычы і болю за Беларусь. Мужным абаронцам людзей, змагаром за праўду і справядлівасць паказаны Андрэй Свеціловіч. Прываблівым і чароўным атрымаўся вобраз Надзеі Яноўскай. Каларытна абмаляваны Дубатоўк. Цэльным і змястоўным паўстае вобраз Рыгора. Андрэй Беларэцкі не проста выкрывае таямнічыя злыя сілы, а змагаецца і дасягае перамогі над імі разам з сялянамі, з тым народам, вусна-паэтычную творчасць якога ён як вучоны-фалькларыст даследуе і з якім цесна звязаны.
Раман У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» (1960–1962) пад назвай «Нельга забыць» быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» (1962, № 5–6). Планавалася выданне кнігі «Леаніды не вернуцца да Зямлі», куды павінны былі ўвайсці аднайменны раман і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Аднак пісьменніка абвінавацілі ў абстрактным гуманізме. У выніку восенню 1963 г. набор кнігі быў рассыпаны. Асобнае кніжнае выданне рамана з’явілася на беларускай мове толькі ў 1982 годзе. Адкрываецца твор псіхалагічна насычаным і дынамічным пралогам, дзе пісьменнік, абапіраючыся на сямейнае паданне пра свайго родзіча, удзельніка паўстання 1863 г., апісвае той час, калі паўстанне ўжо затухала. Тым не менш паром па Дняпры ахоўваўся ротай царскіх салдат. Тут, у бурлівую жнівеньскую ноч 1863 г., і разгортваюцца трагічныя падзеі. Сімвалічным з’яўляецца месца дзеяння: паром, які яднае два берагі, і час дзеяння: «рабінавая ноч», калі, як тлумачаць на Рагачоўшчыне, «чэрці выходзяць з пекла, каб адзначыць нейкае сваё важнае свята, а Ілля-прарок, даведаўшыся пра гэта, паліць іх, нячыстых, перунамі».
У рамане створаны глыбокі і змястоўны вобраз Пора-Леановіча, беларуса па паходжанні, афіцэра царскай арміі. Пора-Леановіч выступае як фігура трагічная, складаная і супярэчлівая. Усведамленне віны перад народам, якому ён здрадзіў, пякучы боль за зняважаную і прыгнечаную родную зямлю нараджалі ў яго пакалечанай і спустошанай душы гнеў і пагарду да сябе і да ўсяго свету. Вось чаму ў яго прызнаннях і выказваннях так многа з’едлівага сарказму, горкай іроніі і цынізму: «Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя... Галоўнае – стаць на той бок, які выйграе». Падчас двубою з высакародным, крыху летуценным Горавым, саслужыўцам, рускім па паходжанні, Пора-Леановіч зведаў хвіліны духоўнага ачышчэння і адначасова адчуў наканаванасць сваёй смерці.
У сюжэтна-кампазіцыйных адносінах раман мае падабенства з «Паўночнай аповесцю» К. Паўстоўскага. У беларускага пісьменніка, як і ў яго папярэдніка, праз сто гадоў сустракаюцца нашчадкі ўдзельнікаў трагічных падзей, і жыццё іх дзівосным чынам пераплятаецца. У творы, асноўныя падзеі якога адбываюцца ў 1950-я гады пераважна ў Маскве, пры ўсёй яго шматпланавасці, галоўная ўвага засяроджана пераважна на духоўных пошуках творчай інтэлігенцыі, на каханні Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай. Пісьменнік тонка перадаў душэўныя парывы і моцныя сардэчныя страсці галоўнага героя. У хвіліны яго найвышэйшага ўзрушэння аўтар ўводзіць у твор вершаваныя тэксты. Напрыклад, велічна, трагічна і ўрачыста гучыць у фінале легенда пра Рагнарадзі. У звароце да вобраза зорак Леанідаў, да легенды пра Рагнарадзі выявілася мара пісьменніка пра шчаслівае, гарманічнае і дасканалае грамадства.
Значным творам беларускай літаратуры XX ст. з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім» (1962–1964). Ён займае цэнтральнае месца ў творчасці пісьменніка. У рамане створана шырокая панарама народнага жыцця, перададзена грамадская атмасфера напярэдадні паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Асноўныя падзеі рамана адбываюцца ў 1850–1861 гг. Аднак пісьменнік, ствараючы хроніку родаў Загорскіх і Кагутоў, прыводзячы ўласныя разважанні і выказванні герояў пра свой народ, пра з’явы і факты далёкай мінуўшчыны, ахапіў у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ўвогуле асэнсаваў лёс Беларусі ў кантэксце гісторыі. Маючы на ўвазе гэты твор, В. Быкаў слушна адзначыў, што «такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе».
Пісьменнік планаваў напісаць раман, у першай частцы (кнізе) якога хацеў паказаць пярэдадзень паўстання, у другой – само паўстанне, у трэцяй – яго разгром і вынікі. Была напісана толькі першая кніга. Раман, які быў апублікаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 г., прыхільна сустрэлі крытыкі і чытачы, хоць не абышлося і без адмоўнага да яго стаўлення. Узніклі значныя цяжкасці і з кніжным выданнем твора, спатрэбілася спецыяльнае яго абмеркаванне, якое адбылося 22 лютага 1967 г. на пашыраным Сакратарыяце Саюза пісьменнікаў Беларусі пад старшынствам I. Мележа, каб зняць усе праблемы.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» – твор шматпланавы і маштабны. Назва яго сімвалічная. Праз вобраз каласоў і сярпа пісьменнік імкнуўся раскрыць усеагульныя праблемы быцця, задумацца над сутнасцю жыцця і смерці, часовасцю і вечнасцю, наканаванасцю і неабходнасцю абнаўлення. Падзеі адбываюцца ў ім пераважна на Магілёўшчыне, а таксама ў мястэчку Свіслач на Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве – у сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў. У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй пісьменніка, – дваране Алесь Загорскі, яго бацька Юры і дзед Даніла Загорскі-Вежа, Яраш Раўбіч, Надзея Клейна, Хаданскія, Кроер, Басак-Яроцкі, сялянская сям’я Кагутоў, мужыцкі заступнік Корчак, ліберальна настроены віцэ-губернатар Ісленьеў, жандар Мусатаў, Чорны Война, які не склаў зброю пасля паўстання 1830–1831 гг. і працягвае змагацца ў адзіночку, так і рэальныя гістарычныя асобы – К. Каліноўскі, З. Серакоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, Т. Шаўчэнка, У. Сыракомля.
Як перакананы рэвалюцыянер-дэмакрат і як шчыры патрыёт свайго краю намаляваны галоўны герой твора Алесь Загорскі. Дзядзькаванне ў Кагутоў, словы бацькі і старога Вежы, размовы і перапіска з Кастусём, знаёмства са старажытнымі рукапісамі абуджалі ў ім нацыянальную свядомасць, фарміравалі як асобу і грамадзяніна. Вобраз Алеся раскрываецца ў працы, каханні, адносінах з людзьмі, у думках і марах. Ён усведамляе гістарычную неабходнасць паўстання. Гэта дзейсная і высакародная натура, у пэўнай ступені рамантычна ідэалізаваная, нават мадэрнізаваная.
З дакументальнай праўдзівасцю стварае пісьменнік вобразы канкрэтных гістарычных асоб. Сярод іх на першы план вылучаецца Кастусь Каліноўскі. Аўтар малюе яго партрэт, дае радавод, вядзе гаворку пра нацыянальную незалежнасць будучага кіраўніка паўстання. Погляды і перакананні Каліноўскага раскрываюцца ў гаворцы і перапісцы з Алесем Загорскім, у размовах і спрэчках са старым Вежам, з членамі нелегальнага гуртка «Агул». Кастусь Каліноўскі выступае як самаахвярны змагар супраць царызму, як чалавек вялікіх патрыятычных пачуццяў.
Па-майстэрску выпісаны прадстаўнікі роду Загорскіх. Асабліва каларытныя постаці старога Данілы Загорскага-Вежы. Чалавек кацярынінскіх часоў, вальтэр’янец, ён зняважліва і скептычна ставіцца да тагачаснага грамадства. На дваранскім сходзе Вежа першы галасуе за адмену прыгону. Ён стане духоўным настаўнікам Алеся.
Сялянскае асяроддзе найбольш ярка прадстаўлена ў рамане працавітай сям’ёй Кагутоў, бунтаром Корчакам, таленавітай актрысай прыгоннага тэатра Геленай Карыцкай, добрым і спагадлівым Халімонам Кірдуном, слугой Алеся. Ім уласцівы жыццёвая трываласць і народная мудрасць, маральная і душэўная чысціня. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік раскрыўся як эпік і лірык, рэаліст і рамантык, філосаф і публіцыст.
Раману ўласціва і публіцыстычнасць, якая можа быць то лірычна-экспрэсіўнай і пафаснай, то сатырычна-іранічнай і саркастычна-здзеклівай. З публіцыстычнай страснасцю і сатырычнай завостранасцю аўтар асуджае дзяржаву, варожую чалавеку. Артадаксальнымі стаўпамі самадзяржаўя, хітрымі і крывадушнымі кар’ерыстамі паказвае царскіх саноўнікаў Валуева і Мураўёва. У. Караткевіч раскрыўся ў рамане як майстар стройнага сюжэта, як цікавы апавядальнік. Вельмі разнастайная мастацкая палітра пісьменніка. Яго мова простая, дакладная, выразная, вобразная, крыху архаізаваная. Лексіка яго герояў надзвычай маляўнічая, жывая і натуральная, часта аздобленая народным гумарам, дасціпнай ці лагоднай іроніяй. Голас пісьменніка гучыць то на ўзвышана-рамантычных нотах, то набывае іранічна-гумарыстычнае адценне. У рамане арганічна спалучаюцца высокая кніжная і гутарковая стылёвыя плыні.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» з’яўляецца дасканалым і па шырыні паказу грамадства, і па майстэрству кампазіцыі. У ім аўтар здолеў звязаць асабістае жыццё герояў з гістарычнымі падзеямі. Пэўная рамантычная ідэалізацыя ў абмалёўцы персанажаў і рэчаіснасці, выкарыстанне кніжных і фальклорных традыцый абумоўлены жаданнем аўтара абудзіць у чытачоў патрыятычныя пачуцці, выклікаць цікавасць да гісторыі, паказаць ідэальнае і прыгожае ў жыцці.
У. Караткевіч марыў закончыць раман. 1 лютага 1963 г. у «Літаратуры і мастацтве» з’явіўся раздзел з рамана «Студзеньскім цёмным світаннем», дзеянне якога адбываецца 27 лютага 1864 г. у Вільні напярэдадні таго дня, калі туды прыбыла шыфравальная тэлеграма ад жандарскага палкоўніка Лосева аб месцазнаходжанні Кастуся Каліноўскага. Там апісваецца страта Франса Раўбіча. На гэтым пакаранні прысутнічае Кастусь. У маі – верасні 1964 г. магла быць напісана аповесць «Зброя». Сам пісьменнік пра яе сказаў: «Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца».
У аповесці таксама дзейнічаюць Алесь Загорскі, Мсціслаў Маеўскі, браты-блізняты Кандрат і Андрэй Кагуты, «дзядзька» Кірдун. Дзеянне адбываецца зімой і вясной 1862 г. у Маскве, куды Алесь са сваімі сябрамі прыязджае, каб здабыць зброю для будучага паўстання і каб вызваліць з няволі Андрэя Кагута. Аповесць «Зброя» – гнеўная выкрывальная сатыра як на самадзяржаўна-прыгонніцкі лад Расіі 1860-х гадоў XIX ст., так і ўвогуле на лад, чужы і варожы чалавеку і цывілізацыі. Пісьменнік закрануў у ёй важныя сацыяльныя праблемы, раскрыў норавы тагачаснага грамадства, асабліва маскоўскага дна з яго дзікімі законамі. У. Караткевіч па-свойму расказаў пра белакаменную і яе норавы. Тут горыч і гнеў, боль і абурэнне, іронія і сарказм.
Магчыма, на завяршэнне трылогіі пэўным чынам паўплывалі цяжкасці з выданнем кнігі. Яны перапынілі, збілі творчы імпэт мастака. Іншыя творы таксама адцягнулі ўвагу ад «Каласоў...» Істотнымі былі таксама і прычыны асабістага, творчага плана, калі пісьменніку надзвычай цяжка было паказаць смерць сваіх герояў, калі трэба было знайсці новыя выяўленчыя сродкі для раскрыцця далейшых падзей.
Задачы, пастаўленыя мастаком у рамане «Каласы пад сярпом тваім», часткова знайшлі сваё вырашэнне ў драме «Кастусь Каліноўскі» (1963), дзе паказана само паўстанне і яго вынікі. Падзеі драмы «Кастусь Каліноўскі» разгортваюцца на Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Мінску, згадваецца Магілёўшчына, у прыватнасці Доўгая Круча, на беразе Дняпра, дзе ўрадавае войска разбіла паўстанцаў. Гэта твор гераічна-рамантычны. У ім Каліноўскі выступае як непрымірымы вораг самадзяржаўя і патрыёт роднага краю, чалавек вялікай сілы волі, цвёрдага характару і адначасова чысты і ўзвышаны па сваіх ідэалах. Калі ў камеру да Каліноўскага заходзіць Мураўёў і прапануе адмовіцца ад сваіх перакананняў, што выратуе яму жыццё, забяспечыць бліскучую кар’еру, то ён рашуча адмаўляецца ад такой прапановы былога прыхільніка дзекабрысцкага руху, а пазней душыцеля паўстання 1863–1864 гг.
Шматзначнымі з’яўляюцца заключныя сцэны драмы, дзе ў камеру да вязня прыходзіць постаць жанчыны ў чорным, якая сімвалізуе Беларусь. У фінале драматург выкарыстаў славутыя «Лісты з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага з вершам «Марыська чарнаброва, галубка мая», прывёў яго словы: «У нас няма дваран. У нас усе роўныя». Паказаў яго веру ў лепшую будучыню свайго краю. Драматург раскрыў характар і рухаючыя сілы паўстання. Аднак асобныя мясціны з’яўляюцца трохі прыгодніцка-павярхоўнымі і агульна-патэтычнымі. Меладраматычнымі атрымаліся некаторыя любоўныя сцэны. Іншы раз дыялогі становяцца расцягнутымі, і тады страчваецца вастрыня сюжэта, знікае напружанасць і дынамізм дзеяння. Лепшымі падаюцца тыя мясціны драмы, дзе сутычка сялян з урадавым войскам паказана як карнавал, калі, нібы ў класічных трагедыях, гучаць галасы фантастычных дзеючых асоб, калі на сцэне з’яўляецца юрод.
Да паўстання 1863–1864 гг., гэтага пераломнага і трагічнага моманту ў жыцці беларускага народа, У. Караткевіч выяўляў асаблівую ўвагу, пра што сведчаць таксама верш «Нявесце Каліноўскага», апавяданні «Паляшук», «Сіняя-сіняя», публіцыстычныя артыкулы.
Трагедыя беларускага народа ў 1880-я гады XIX ст. паказана ў апавяданнях «Кніганошы» (1962) і «Сіняя-сіняя» (1964). Гэтыя творы напоўнены водарам гісторыі, высокай рамантыкай, жывымі людскімі страсцямі і філасафічнасцю.
У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» (1964) У. Караткевіч згадаў, што ён хацеў бы напісаць «тры маленькіх аповесці, не аб’яднаныя нічым, акрамя агульнай задумы і яшчэ стылю: з’едлівага, але знешне рамантычнага». Заўважыў, што адна з гэтых аповесцей, «Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны», напісана. Дзве другія павінны называцца «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Марчэла Заяцца». Гэта будзе «нешта накшталт маленькай трылогіі пра цемрашальства і пра тое, як яно мяняецца ў залежнасці ад эпохі». З задуманых трох твораў былі напісаны два.
Падзеі «Легенды аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны« (1961) адбываюцца ў XVI ст. Галоўнымі героямі з’яўляюцца Рагач – ён жа Андрэй Рогач, ён жа магнат Андронік Рагінскі, ён жа кароль Андронік І, і Дубраўка, каралева Агата – «длань святла і молат цемры, двайнікі ў чалавечых увасабленнях сваіх». Пісьменнік прасочвае, як Рогач, бедны д’ябал, захоўваючы ў сэрцы дабрыню і любоў, праходзіць пакутлівы шлях духоўнага ачышчэння, пазбаўляецца д’ябальскага наслання і становіцца чалавекам. У «Легендзе» дамінуе фантастычнае, умоўнае, гратэскнае. Дзеянне адбываецца ў канкрэтным часе, але адначасова і па-за гэтым часам. У творы назіраецца жанравая замкнёнасць, стыль вызначаецца выкарыстаннем у ім песні.
Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1965–1966) гэта філасофска-гістарычны твор, раман-прытча, раман-легенда пра жыццё на Беларусі ў ХVI ст. Твор напоўнены горкай іроніяй, драматызмам і адначасова гумарам і аптымізмам.
Штуршком для напісання гэтага рамана стаў запіс з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсея Русі» М. Стрыйкоўскага. Пісьменнік свядома пераставіў даты і гістарычныя факты, што характэрна для многіх класічных гістарычных раманаў. Гэта дазволіла глыбей перадаць дух беларускага сярэднявечча.
Па мастацкіх асаблівасцях раман можна суаднесці з такімі творамі сусветнай літаратуры як «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф. Рабле, «Майстар і Маргарыта» М. Булгакава, «Імя ружы» У. Эка. Пісьменнік развіў у творы традыцыі «карнавальнай» літаратуры і фальклорна-смехавой культуры.
Прыгодніцкі сюжэт напоўнены сацыяльна-філасофскім зместам, багата выкарыстана матэрыялаў хронік і летапісцаў, біблейскіх тэкстаў, народных выслоўяў.
У цэнтры рамана – вобраз Юрася Братчыка, які звязвае ў адно цэлае ўсе сюжэтна-кампазіцыйныя лініі твора і ўвасабляе сярэднявечнага чалавека, прадстаўніка тагачаснага беларускага народа, які вызваляўся з путаў царкоўных догмаў. Героі твора выглядаюць дынамічнымі, а падзеі – пераканаўчымі і праўдзівымі. Твор напісаны вобразнай, маляўнічай, багатай, сакавітай мовай. Архаізавана ў ім толькі танальнасць. Пісьменнік часта звяртаецца да Бібліі, што пэўным чынам адбілася на стылі. Умела выкарыстоўвае інверсію і стараславянізмы, якія надаюць твору велічнае і ўрачыстае гучанне. Побач са словамі высокага кніжнага стылю ўжывае народныя выслоўі, прастамоўныя словы і выразы.
Раман вызначаецца стылёвай парадаксальнасцю і поліфанізмам. У ім спалучыліся рэальнае і нерэальнае, высокае і нізкае, іронія і гарэзлівасць. Такія асаблівасці дазваляюць гаварыць пра тое, што ў творы выявіліся стылёвыя рысы барока і постмадэрнізму. Велічным і сімвалічным атрымаўся фінал твора, дзе сейбіты на чале з Хрыстом «падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршышо зямнога шара». Ішлі яны насустрач нізкаму сонцу, «і, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю». У рамане сцвярджаюцца высокія гуманістычныя ідэалы праўды, дабра і справядлівасці. Яго змест не вычэрпваецца толькі апісаннем прыгодаў Братчыка і яго апосталаў, ён значна глыбейшы. Пісьменнік адзначыў, што гэта «не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех праз слёзы, народная драма, калі хочаце».
Па мастацкіх прыкметах блізкая да рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» легенда «Ладдзя Роспачы» (1964). У лісце да Я. Брыля ад 26 ліпеня 1964 г. У. Караткевіч заўважыў, што піша навелу «Ладдзя Роспачы» «аб адным сярэдневяковым беларускім «зламірозе», які любіў жыццё», што атрымліваецца «дзікая, але своеасаблівая мешаніна з «Дэкамерона», Рабле, французскіх фаблё і беларускіх не вельмі прыстойных казак».
У адным з інтэрв’ю У. Караткевіч сцвярджаў, што «Ладдзя Роспачы» – гэта «найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх». У легендзе «Ладдзя Роспачы» пісьменнік стварыў яркі і непаўторны вобраз жыццялюба і патрыёта Гервасія Вылівахі, выявіў істотныя грані беларускага нацыянальнага характару, глыбока асэнсаваў лёс роднага краю. Дзякуючы любові герой вытрымлівае шматлікія выпрабаванні, пераадольвае ўсе цяжкасці і перашкоды. Годна раскрыўся ён у адносінах з Бонай Сфорца, жонкай Жыгімонта І Старога, і нават з самой Смерцю. Выкарыстоўваючы ўмоўна-фантастычныя прыёмы, пісьменнік па-майстэрску паказаў прыгоды героя ў падземным царстве. Адыходзячы у свет ценяў, Выліваха захапіў з сабою кветку шыпшыны як сімвал той зямлі, якую яму балюча пакідаць і якая да апошніх дзён жыцця застанецца з ім. Жыццёвы аптымізм, бадзёрасць і гумар не пакідаюць героя і ў апраметнай. Ён пяе цудоўныя песні, напоўненыя радасцю жыцця, любоўю да пакутнага і дзівоснага роднага краю, да яго люду. Кветка-шыпшына давала яму сілы, і яе яркае святло адганяла пачварных уладароў падземнага царства. Нельга перамагчы народ, «які жыў насупор і не так і ўзрашчваў шыпы на сваіх карэннях, а не сцяблінах», нельга перамагчы жыццё – галоўная думка твора.
Твор вызначаецца раскаванай, лёгкай і гарэзлівай манерай апавядання. Ён прасякнуты глыбокім роздумам над сутнасцю жыцця і лёсам роднай зямлі. Ладдзя Роспачы (а ў ёй плывуць беларусы) – гэта Беларусь, якая, пераадольваючы змрок забыцця, бяспамяцтва і жахі апраметнай, уваскрасае і адраджаецца. Ад смерці і знікнення яе ратуе Гервасій Выліваха – жыццялюб, мастак (не расстаецца герой з лютняй і ў царстве Смерці), абаронца людзей, бунтар і шчыры патрыёт роднай зямлі. У. Караткевіч сцвярджае, што любоў, цярпенне, смех і жартаўлівасць дазволілі беларускаму народу выстаяць у самых неспрыяльных умовах.
Станоўчыя героі аўтара ўнутрана падобныя. Іх духоўнае багацце і хараство, маральная чысціня і беззаганнасць, вернасць перадавым грамадскім і эстэтычным ідэалам прывабліваюць, хвалююць. Яны шмат разважаюць, думаюць, перажываюць, але ў той жа час і дзейнічаюць, змагаюцца. Гэта натуры мэтанакіраваныя, душэўна адкрытыя, шчырыя, неспакойныя, сумленныя, высакародныя, інтэлектуальныя. Надзвычай прагныя да жыцця, яны шукаюць гармоніі ў тыпова рамантычных сферах – у каханні і ў прыродзе, часта ўцякаюць самі ад сябе, што можна сказаць пра Івара з апавядання «Барвяны шчыт», Валерыя Палецкага з апавядання «Залаты Бог» і Севярына Будрыса з аповесці «Чазенія». У гэтых творах пісьменнік паказаў, што рэчаіснасць увогуле рамантычная. Незвычайнае, прыгожае ў жыцці трэба проста ўбачыць і адчуць. Дзеля красы, шчасця і дасканаласці неабходна ісці праз пакуты і страты, як здарылася з героямі аповесці «Чазенія» Севярынам Будрысам і Гражынай Арсайлай. У гэтым творы У. Караткевіч паказаў веліч і красу кахання і прыроды, задумаўся над сутнасцю навуковых і тэхнічных адкрыццяў. Аповесці ўласцівы эмацыянальная ўсхваляванасць, вытанчанасць стылю, інтэлектуальнасць і глыбокая духоўнасць. Па мастацкіх асаблівасцях яна тыпалагічна блізкая з творамі М. Прышвіна, К. Паўстоўскага, I. Сакалова-Мікітова, У. Арсеннева, А. Грына.
Сёння, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асаблівую актуальнасць набываюць думкі пісьменніка пра чулае, беражлівае і разумнае стаўленне да прыроды. Пісьменнік у сваіх творах не толькі паэтызаваў прыроду, але і папярэджваў пра магчымыя трагічныя вынікі, абумоўленыя неразумнымі адносінамі чалавека да навакольнага асяроддзя, што выявілася таксама ў нарысе «Званы ў прадоннях азёр» (1969), артыкуле «Абдуванчык на кромцы вады» (1980). Прырода была адной са стыхій У. Караткевіча. Надзвычай шырокі дыяпазон творчай зацікаўленасці У. Караткевіча раскрыўся ў вершах, якія склалі зборнік «Мая Іліяда» (1969). Крытыкі М. Ярош, С. Гаўрусёў, Я. Шпакоўскі адзначылі, што ў гэтай кнізе стала глыбейшай думка паэта, смела, арыгінальна і ўсё часцей ён пачаў спалучаць нацыянальную вобразна-выяўленчую сістэму з паэтыкай, матывамі і прыёмамі сусветнай літаратуры.
Адкрываўся зборнік вершам «Беларуская песня», творам патэтычным і ўрачыстым, напоўненым гонарам за сваю зямлю і яе людзей. Патрыятычным пафасам прасякнуты вершы «Скарына пакідае радзіму», «Нявесце Каліноўскага», «Багдановічу». Канкрэтныя гістарычныя асобы ў У. Караткевіча – змагары і пакутнікі за народнае шчасце, асобы выключныя, незвычайныя. Яны мужныя, любяць свабоду, непрымірымыя да зла, прыгнёту і дэспатызму. У. Караткевіч, як і яго любімы М. Багдановіч, часта звяртаўся да антычных і біблейскіх тэм, вобразаў і матываў. Слушна пісала Т. Чабан, што «калі М. Багдановіч бачыць у міфе універсальнасць і гармонію, то У. Караткевіч шукае ў гарманічным незвычайнае, у класічным – выключнае, у міфе – адступленне ад міфа».
Пра гэта яскрава сведчыць «Балада аб трыццаць першым сярэбраніку». Высокая культура мыслення, арыгінальны падыход паэта да твора мастацтва, яго ўменне засяродзіцца на ўсеагульным і адначасова зямным, натуральным, чалавечным у чалавеку выявіў верш «Безгаловая Венера».
У кнізе «Мая Іліяда» асобны раздзел пад назвай «Таўрыда» складаюць вершы, напісаныя ў выніку наведвання паэтам Крыма. Тэматычна гэта надзвычай разнастайны цыкл. Аўтар успрыняў Поўдзень і культуру Усходу пераважна як уражлівы і дапытлівы падарожнік. У вершы «Таўры» ён як «паэт з беларускіх узгоркаў сініх» задумаўся над уласным лёсам, над будучыняй свайго народа і ўвогуле над лёсам чалавецтва.
Непаўторна раскрыўся У. Караткевіч у інтымнай лірыцы. Ужо на самым пачатку творчага шляху паэт гаварыў пра ўсеачышчальную сілу інтымнага пачуцця («Зімняя элегія»), шчырымі словамі ўслаўляў сваю каханую. У зборніку «Вячэрнія ветразі» (паэмы «Бацькава сэрца» і «Слова пра чалавечнасць») ён праз інтымнае, асабістае імкнецца раскрыць агульначалавечае. Інтымным пачуццём падсвечваецца яго патрыятычная лірыка.
Адзін з раздзелаў кнігі «Мая Іліяда» паэт назваў «Калі памірае каханне». Вершы, змешчаныя ў ім, гучаць элегічна, мінорна («О каханне маё бясконцае», «Я іду лугавою дарогай»). Лірычны герой прыходзіць да ўсведамлення таго, што «нельга жыць з незгасальным болем», тым не менш да апошніх дзён ён хоча захаваць ранейшае ідэальна чыстае і светлае пачуццё, хоць яно і адклікаецца балючым успамінам.
Значных абагульненняў дасягнуў паэт у вершы «Фантазія», калі згадаў няшчаснае каханне некаторых знакамітых асоб. Паэт сцвярджаў у вершы «Калі паміраюць», што «каханне не памірае... I смерці няма ў кахання».
Лірычны герой вершаў У. Караткевіча – маральны максімаліст, асоба інтэлектуальна і духоўна багатая. Калі ён кахае, то шчыра, адкрыта і ўсёй душой. У выніку часта страчваецца гармонія паміж думкай і пачуццём, паміж рэальна існуючым светам і светам яго фантазіі. І тады герой пакутуе, шукае выйсце, імкнецца зразумець, што з ім адбываецца. Рамантычны характар мыслення ўзмацняе драматычнае гучанне многіх вершаў.
У канцы 1960 – пачатку 1970-х гадоў У. Караткевіч дасягнуў прыкметных набыткаў і як празаік. Хораша апісаў ён у апавяданні «Краіна Цыганія» (1969) ушанаванне на Палессі цыганамі памяці свайго вярхоўнага суддзі, які ўтапіўся год назад, ратуючы беларускую дзяўчынку. З любоўю да прыроды, з выкарыстаннем звестак пра жыццё звяроў напісана апавяданне «Былі ў мяне мядзведзі» (1970).
У. Караткевіч цікавіўся не толькі айчыннай гісторыяй. У апавяданні «Вялікі Шан Ян» (1970) звярнуўся да постаці дзяржаўнага дзеяча Старажытнага Кітая, які жыў у 390–338 гг. да н.э. і правёў многія рэформы, якія садзейнічалі ўмацаванню дзяржавы. У гэтым творы знайшлі далейшае выяўленне праблемы, да якіх У. Караткевіч звяртаўся ў апавяданні «Маленькая балерына» (1961). Пісьменнік асудзіў войны, тыранію, дэспатызм, усё антыгуманнае, што практыкаваў Шан Ян. Мастак паказаў Шан Яна як заканамерную ахвяру яго ж уласнай тэорыі.
Свабодай формы, разнапланавасцю ў перадачы адносін паміж людзьмі, натуральнасцю выкарыстання калядных песень вызначаецца апавяданне «Калядная рапсодыя» (1973). Антываенным пафасам прасякнута аповесць «Лісце каштанаў» (1972), адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка. Падзеі аповесці адбываюцца ў толькі што вызваленым ад фашыстаў Кіеве. Тут, на беразе Дняпра, у горадзе, які ляжыць у руінах, праходзіць жыццё герояў-падлеткаў. Гэта ўсхваляваны і журботны ўспамін пісьменніка пра ўласны лёс і лёс свайго пакалення, чыё дзяцінства было апалена вайной.
У 1970 – пачатку 1980-х гадоў пісьменнік стварыў шэраг цікавых казак («Верабей, сава і птушыны суд», «Кацёл з каменьчыкамі», «Нямоглы бацька», «Вясна ўвосень»). Ім уласцівы натуральнасць гучання, займальнасць сюжэта, пазнавальнасць, наяўнасць народных маральна-этычных крытэрыяў у ацэнцы рэчаіснасці. Канцоўка ў яго казках часцей за ўсё шчаслівая. Сваю дасведчанасць у фальклоры У. Караткевіч прадэманстраваў ва ўступным артыкуле «А бадай вам цікава было» да зборніка беларускіх народных казак «З рога ўсяго многа» (1968).
Непаўторна раскрыўся талент пісьменніка ў публіцыстыцы, літаратурнай крытыцы і мастацкім перакладзе. З любоўю і па-майстэрску расказаў ён пра Беларусь у нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (1971, 1977), які можна лічыць своеасаблівай мастацкай энцыклапедыяй Беларусі, візітоўкай беларускага краю. У свядомасці беларуса (ды і не толькі беларуса) заўсёды, як коласаўскае «Мой родны кут, як ты мне мілы!..», будзе існаваць сімвалічнае і паэтычнае караткевічаўскае вызначэнне Беларусі як зямлі пад белымі крыламі. Пісьменнік ахапіў у кнізе беларускую гісторыю ад старажытных часоў і да 1970-х гадоў XX ст., успомніў многія гістарычныя падзеі і факты, помнікі гісторыі і культуры беларускага народа, згадаў пра славутых грамадскіх і культурных дзеячаў айчыннага мінулага, напісаў пра прыроду свайго краю і нацыянальны характар беларуса. У гэтай кнізе няма голай рэгістрацыі лічбаў і фактаў. У ёй выяўлена душа народа, які прайшоў праз шматлікія выпрабаванні і які жыве багатым паўнакроўным жыццём. Аўтар цікава, для таго часу смела і па-новаму глянуў на гісторыю роднай зямлі і яе народа, узвялічыў і апаэтызаваў Беларусь.
Пісьменнік стварыў пранікнёныя і глыбокія нарысы і эсэ пра беларускае Палессе («Званы ў прадоннях азёр», 1969), Віцебск («Тысячу стагоддзяў табе!», 1974), Тураў («Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), Украіну («Абраная»), Кіеў («Мой се градок!»), Мсціслаў («Дыяментавы горад» – усе 1982), Кастуся Каліноўскага («Гэта было 10 сакавіка 1864 года»), старажытныя помнікі беларускай архітэктуры («Балады каменя»), неабходнасць стварэння на Беларусі музея народнай архітэктуры і побыту («Наш агульны клопат»), зберажэнне беларускай мовы («Родная мова»).
Багацце і невычэрпнасць таленту У. Караткевіча раскрылася таксама ў натхнёных і па-мастацку дасканалых эсэ і артыкулах пра Ф. Скарыну, Т. Шаўчэнку, Лесю Украінку, М. Агінскага, Я. Купалу, М. Багдановіча, Я. Брыля, У. Калесніка. Вызначаюцца адметнасцю і змястоўнасцю яго крытычныя артыкулы пра паэзію А. Наўроцкага, В. Зуёнка, Р. Барадуліна, Я. Сіпакова, пра пераклад на беларускую мову паэмы I.В. Гётэ «Фаўст», зроблены В. Сёмухам. Ён аўтар цікавых тэкстаў для фотаальбомаў «Краявіды Беларусі» (1968), «Белавежская пушча» (1973, 1975) і «Памяць зямлі беларускай» (1979).
Яшчэ ў сярэдзіне 1950-х гадоў У. Караткевіч звярнуўся да перакладаў, якія з’яўляліся для яго арганічнай часткай творчага самавыяўлення. Пераклаў на беларускую мову паэтычныя творы В. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, I. Франка, Я. Судрабкална, М. Карыма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1972 г.), п’есы «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К. Талстога (1970), празаічныя творы А. Іаселіяні, А. Знаменскага, Я. Гушчы, Э. Гашпаровай, асобныя ўласныя творы на рускую мову.
У 1970-я гады прыйшла да У. Караткевіча і слава драматурга. 29 жніўня 1974 г. на сцэне Віцебскага тэатра імя Я. Коласа была пастаўлена п’еса «Званы Віцебска» (напісана ў 1973 г., рэжысёр В. Мазынскі), у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 г. Гэта манументальная гераічная трагедыя рамантычнага плана, у якой гістарычна дакладна ўзноўлены падзеі далёкай мінуўшчыны. Аўтар адзначыў, што I. Кунцэвіча за фанатычны дэспатызм і жорсткасць у народзе празвалі «душахватам». Ён гвалтоўнымі сродкамі насаджваў унію. Таму адчуў моцны адпор праваслаўных у Вільні, Магілёве, Оршы, Полацку. У. Караткевіч паказаў I. Кунцэвіча не толькі як рэлігійнага фанатыка і забойцу, але і як ахвяру свайго часу, пэўных абставін і той догмы, якой ён служыў. Біскупу вочы на свет адкрыў яго духоўнік, езуіт Касінскі, як і іншыя адмоўныя персанажы, асоба не шаржыраваная і не спрошчаная. Біскуп адчуў трагізм свайго становішча, стаў духоўна відушчым, але было позна. Гараджане забіваюць I. Кунцэвіча. Ён гіне ганебнай смерцю. Ніхто не выдае ўладам забойцу I. Кунцэвіча. Караюць паўстанцаў, хвошчуць гнойнымі бізунамі званы. Красамоўна гучаць словы, сказаныя на эшафоце Ропатам: «Ніхто не вырве нас з іхніх кіпцюроў, калі не вырвемся самі... Ніякім розумам, ніякім гвалтам нельга дасягнуць таго, каб у Віцебску не было Віцебска, каб на нашай зямлі не было нашай зямлі».
У 1978 г. з поспехам была пастаўлена ў Віцебскім тэатры імя Я. Коласа п’еса «Кастусь Каліноўскі» (рэжысёр В. Мазынскі). Да стагоддзя з дня нараджэння Я. Купалы была прымеркавана п’еса «Калыска чатырох чараўніц» (1981, пастаўлена ў 1982 г. у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, рэжысёр У. Караткевіч), сацыяльна-філасофскі твор пра дзіцячыя і юнацкія гады будучага песняра. У пралогу чараўніцы – Белая, Блакітная, Залатая і Змрочная – вяшчуюць яму пры нараджэнні незвычайны і цяжкі лёс. Выкарыстоўваючы многія факты і дэталі з жыцця паэта (гісторыя роду Луцэвічаў, іх месца жыхарства, першыя друкаваныя творы паэта на польскай мове, яго любоў да кніг), звяртаючыся да некаторых тэм, ідэй і вобразаў яго паэзіі, закранаючы пытанні нацыянальнай прыналежнасці юнака, лёсу беларускай мовы, драматург засяродзіў увагу на паказе яго адносін з бацькамі і з былым удзельнікам паўстання 1863–1864 гг. З. Чаховічам, хто прыкметна ўплываў на фарміраванне светапогляду маладога Я. Купалы.
Да падзей Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. звярнуўся У. Караткевіч у трагедыі «Маці ўрагану» (1982, упершыню пастаўлена ў 1988 г. мінскім аматарскім тэатрам «Золак», рэжысёр Г. Прыма). П’есе, асабліва яе першай дзеі, папярэднічала легенда «Маці Ветру» (1956). Трагедыя «Маці ўрагану» стала адным з вяршынных набыткаў драматургіі У. Караткевіча. Яна вызначаецца рамантычнай прыўзнятасцю і панарамнасцю. Дзеянне твора адбываецца ў сялянскім двары, пячоры, карчме, магнацкім палацы, на гарадской плошчы і на полі бітвы. Багатая і разнастайная мова персанажаў. У. Караткевіч дасканала перадаў у п’есе дух той эпохі, напоўніў яе актуальным, сучасным гучаннем. Многія ўдзельнікі Крычаўскага паўстання загінулі ў бітве, былі павешаны на шыбеніцах, разарваны, зашытыя ў мядзведжыя скуры, сабакамі. Але ў народнай памяці засталіся іх мужнасць і гераізм. У фінале п’есы прыгнечаная горам Агна Вецер цалуе ворагаў і заражае іх праказай. Сцвярджаецца не толькі маральная перамога паўстанцаў, але і праводзіцца думка пра няскоранасць і неўміручасць беларускага народа.
У дэтэктыўным рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979) выявіўся адзін з галоўных эстэтычных прынцыпаў пісьменніка – значнасць арганічнай повязі часоў. Галоўны герой Антон Косміч кажа: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». Звяртаючыся да гісторыі, аўтар імкнуўся глыбей зразумець праўду жыцця, сэнс людскога існавання. Дзеля ўсталявання справядлівасці і змагаецца Косміч са злачынцамі, а дапамагаюць яму ў гэтай справе супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі Хілінскі і Шчука, вясковы настаўнікі Змагіцель і Шаблыка, айцец Леанард Жыховіч, вартаўнік замка і касцёла Мультан, кіраўнік археалагічнай экспедыцыі Стася Рэчыц. Каларытна выпісаны ў рамане Людзвік Лапатуха. Ён са сваім уяўным вар’яцтвам, са сваёй незагойнай ранай-памяццю, душэўнай прасветленасцю і чысцінёй – адзін з самых глыбокіх і трагічных вобразаў рамана, вобраз-сімвал.
Злавеснай і адначасова трагічнай, складанай і неадназначнай постаццю з’яўляецца Лыганоўскі, па віне і з ведама якога ўчынены многія забойствы, звязаныя з пошукамі скарбаў роду Альшанскіх. Неабыякавасць да жыцця, увага да кожнага чалавека, любоў да Радзімы, актыўная жыццёвая пазіцыя садзейнічалі поспеху Косміча. З яго дапамогай былі знойдзены скарб Альшанскіх і архіў айнзацкаманды. Ён разгадаў таямніцу Валюжыніча і Ганны-Гардзіславы Альшанскай. У рамане «Чорны замак Альшанскі» У. Караткевіч дасягнуў асаблівай свабоды самавыяўлення, здолеў паказаць жыццё ва ўсім багацці і разнастайнасці, стварыць характары не столькі рамантычна яркія, колькі рэалістычна праўдзівыя, тыповыя, шматгранныя. Пісьменнік выступіў супраць духоўнага спусташэння чалавека. Ён імкнуўся расказаць не прыватную і займальную гісторыю, што здарылася з яго героем, а паспрабаваць выявіць повязь паміж мінуўшчынай і сучаснасцю, раскрыць жыццё ва ўсіх яго складанасцях і супярэчнасцях, сцвердзіць думку пра непераможнасць і ўсемагутнасць дабра і чалавечнасці.
Косміч, Шаблыка, Змагіцель, Хілінскі і іншыя станоўчыя героі рамана неабыякавыя да зла і несправядлівасці. Сумленныя людзі, яны вераць, што «помста ўсё ж ёсць... За кожную кроплю крыві, за кожную слязу. Не цяпер, дык заўтра. Не самому, дык нашчадкам».
Паэзія У. Караткевіча магла быць элегічна-лірычнай, драматычнай і нават трагічнай. Але яна ніколі не была эмпірычнай і халоднай. Шмат у ёй святла і радасці. Дасканалым гімнам дружбе і жыццю з’яўляецца малая паэма «Віно дажджоў» – твор лёгкі і свабодны. Лебядзінай песняй і запаветам стаў для У. Караткевіча апошні зборнік «Быў. Ёсць. Буду» (1986), які выйшаў пасля смерці аўтара. Яго склалі паэтычныя творы канца 1950 – першай паловы 1980-х гадоў. Кніга атрымалася цэласная і гарманічная. З вершаў, напісаных у апошнія пяць гадоў, у кнігу ўвайшлі: «На Беларусі Бог жыве», «Не злабіся на ерэтыкоў», «Беларускае мінулае», «Армянскія ананімныя прытчы», «Паэт». Многае з паэтычнай спадчыны аўтара з’явілася ў друку пасля яго смерці. З вершаў апошніх гадоў гэта: «Наследаванне Сыракомлю», «Бог важдаецца з беларускімі прозвішчамі», «Васілю Быкаву». Сцвярджэннем уласнай велічы, магутнасці і несмяротнасці, далучанасці да лёсу людскога прасякнуты верш «Быў. Ёсць. Буду». Верш вызначаецца тыранаборствам, праметэізмам. Ад любові да асобнага чалавека, ад святой любові да роднай зямлі паэт уздымаўся да ўсясветнай любові да ўсяго чалавецтва. I гэта была не дэкларацыя, а глыбока выпакутаваная думка, заснаваная на ўласным жыццёвым і творчым вопыце, які дазволіў у свой час і А. Міцкевічу сказаць вуснамі героя з III часткі «Дзядоў», што ён любіць і пакутуе за мільёны людзей.
Маральна-філасофскі роздум паэта пра сэнс людскога існавання, пра сваё месца ў сусвеце раскрыўся ў вершы «Дэман». У даверлівай гутарцы з дэманам, які выступае як яго двайнік і міфічны дух, аўтар спрабуе знайсці адказы на балючыя пытанні, якія яго непакояць. Паэт разумее, што шлях да ісціны цярністы. Праз пакуты, змаганне і любоў можна наблізіцца да ідэалу, зведаць хвіліны духоўнага ачышчэння, адчуць боль і радасць жыцця.
У вершы «Бекеш, або Ода ерасі» паэт прамаўляў:
Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх,
Выратуй сына свайго, што не будзе быдлець спакваля.
Такое выказванне было характэрным для У. Караткевіча, які выступаў супраць панылага прагматызму і дагматыкі, крытыкаваў агульнапрызнаныя ісціны, адстойваў жывы і неспакойны людскі дух, які знаходзіўся ў няспынных пошуках, з’яўляўся рухавіком прагрэсу і абнаўлення.
Да вяршынь гераічнага эпасу ўзняўся паэт у «Паэме пра явар і каліну», дзе выкарыстаў фальклорны сюжэт пра свякроў, якая атруціла нялюбую нявестку, і пра закаханых, якіх не разлучыла нават смерць. Да гэтага сюжэта ён падышоў па-свойму, асэнсаваў яго не толькі ў псіхалагічна-бытавым, але і ў нацыянальна-гераічным плане. Паэма вызначаецца велічным і зладжаным рытмам. У ёй адчуваецца свабоднае і шырокае дыханне гісторыі, раскрыты яркія і глыбокія характары. Яе можна суаднесці з творамі сусветнай літаратуры пра Трышчана і Іжоту.
У першай палове 1980-х гадоў, разважаючы пра сутнасць быцця, паэт па-філасофску і афарыстычна думаў над сэнсам свайго жыцця. У. Караткевіч, які і ў жыцці, так і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свабоды, рыцарам роднай Беларусі. Той жа В. Быкаў на пахаванні У. Караткевіча (памёр 25 ліпеня 1984 г.) у развітальным слове назваў яго высакародным рыцарам духу.
Творчасць У. Караткевіча прасякнута патрыятычным і гуманістычным зместам. Плённа засвоіўшы гісторыю і фальклор, а таксама сусветную культуру, мастак выяўляў характэрныя адзнакі свайго трывожнага і неспакойнага часу. Ён знаходзіўся ў цэнтры беларускага культурнага і навуковага жыцця, выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды.
У. Караткевіч быў нястомным вандроўнікам: шмат падарожнічаў па Беларусі і за яе межамі, два разы быў у Польшчы (1971–1977), тры разы ў Чэхаславкіі (1973, 1975, 1979). Марыў падрыхтаваць «Кнігу падарожжаў», навеяную гэтымі паездкамі і сустрэчамі з людзьмі. Ён аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» («Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», 1967), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Чорны замак Альшанскі» (1983), «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), «Чырвоны агат» (1973). Напісаў лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі» (1973). Па яго творах пастаўлены оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз. Смольскі), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979, кампазітар У. Солтан), мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі.
Творчасць У. Караткевіча прыкметна ўплывае на сучасны беларускі літаратурны працэс. Дзякуючы яму назіраецца павышаная зацікаўленасць з боку беларускіх літаратараў да мінулага роднага краю. У. Караткевіч – гонар і сумленне беларускай літаратуры. Ён быў сапраўдным апосталам духоўнасці, прадвесцем новага беларускага Адраджэння. Ён здолеў дасканала раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар. Ведаюць яго творы не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Часцей за ўсё перакладаліся на іншыя мовы аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чазенія», раман «Чорны замак Альшанскі» і кніга «Зямля пад белымі крыламі».
За заслугі ў галіне літаратуры пісьменнік быў узнагароджаны ў 1980 г. ордэнам Дружбы народаў, у 1982 г. за раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») яму была прысуджана Літаратурная прэмія імя I. Мележа, а ў 1984 г. за раман «Чорны замак Альшанскі» – Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа (пасмяротна).
Творы У. Караткевіча выхоўваюць нашы пачуцці, вучаць любіць Радзіму, берагчы чалавечнае ў чалавеку, паглыбляюць веды пра зямлю, на якой жывём, выклікаюць радасць мастацкага адкрыцця, абуджаюць, хвалююць, трывожаць фантазію і розум. Творчасць У. Караткевіча – гэта мастацкі летапіс жыцця беларускага народа, напісаны шчыра і таленавіта.
Достарыңызбен бөлісу: |