-- Не перашкодзіла б замарыць чарвячка, -- усміхнуўшыся, прагаварыў Аляксей.
-- Я зараз, толькі вось крыху падсыплю разорку, -- прагаварыла, хвалюючыся, Ганка.
-- Ды не хвалюйся, ты маці, я хуценька зраблю сам усё гэта, а ты ідзі і рыхтуй нам абед, -- прагаварыў Аляксей і ўзяў з рук маці рыдлёўку.
За абедам, як ніколі з часу прыезду Аляксея, панавала цішыня. Калі хто і размаўляў, дык лагодна, без усялякіх кпінаў, як было раней, больш гаварыў Аляксей пра сваю работу, як ён вядзе ўлік бярвенняў, якія прывозяць яму з дзялянкі, вядзе ўлік матэрыялу, які адвозяць рабочыя на лесапільны завод у Буду – Сафіеўскую, асабліва шмат клопату з бярвеннямі, якія рыхтуюць сплаўшчыкі на Майсеявічы. Андрыян з Ганкаю толькі пераглядаюцца, слухаючы сына, радуюцца таму, што знайшоў ён сам сябе ў гэтай працы – няхай працуе, калі яму так падабаецца. Толькі бабка яго ўсё гладзіць па галаве, спачувае яму і зрэдку ўстаўляе свае слова ў яго гаворку, каб пашкадаваць яго.
-- Ну вось і добра, пераабедалі, а цяпер пара і на працу,-- падымаючыся з – за стала, прагаварыў гаспадар. – Яшчэ да вечара далёка, патрэбна табе з’ездзіць на лесапільны завод і ўдакладніць там нашу кубатуру лесу, а то штосьці ў нас утварыліся нейкія разыходжанні…
Прыехаўшы на лесапільны завод, Аляксей прыв’ёз з сабою ўсе свае паперы і запатрабаваў такія ж паперы на месцы. Доўга перакідваў ён з месца на месца гэтыя паперы, адшукваў патрэбныя, але ў бухгалтэрыі не ўсе былі яны на месцы. Давялося звярнуцца да дырэктара завода Гергарта Шуберта, які выслухаў яго, неяк сваеасабліва паглядзеў на свайго падначаленага і загадаў яму зрабіць усё так, як напісана ў паперах Аляксея. А сам яшчэ раз паглядзеў на прынцыповага хлопца і прагаварыў:’’Маладзец, хлапчына! Вось такія кадры і мне патрэбны…’’
Каля бухгалтэра ўвесь час круцілася дзяўчынка – падростак, якая не зводзіла вачэй з яго, спрабавала ўмешвацца ў іх гаворку, калі была яна крыху пабочная. А калі Аляксей выйшаў на ганак, каб перакурыць, яна смела падышла да яго і назвала сваё імя – Лізавета.
--А цябе, як я ўжо пачула, клічуць Аляксеем. Вось мы і пазнаёміліся…
Белакурае дзяўчо спадабалася Аляксею: яе кучаравінкі, якія звісалі на яе прыгожанькі лобік, тырчэлі закручанымі па – за вушамі, гойдаліся ад лёгкага подыху ветру ў яе на варатнічку сарафанчыка, якраз на кветках якога сперадзі вытыркаліся два бугаркі, бы тыя бутончыкі на ружах.
Усё гэта ён разгледзеў у яе ўмомант, звярнуў увагу на яе прывабны стан, лагодную ўсмешку, якая не зыходзіла з яе твару, калі яна што – небудзь расказвала.
Ужо, калі ад’язджалі яны ад завода, яна стаяла каля варот і доўга ўсё махала ім рукою, пакуль не ад’ехалі яны за бярэзнік і яе не стала бачным.
-- Ну, Аляксей! Утрэскалася яна ў цябе! – падаў голас Мікіта Чэчка. – Як бачна і ты на гэтую прыгажуню загледзеўся, ці не так я кажу?
Аляксей маўчаў, перад ім яшчэ доўга ў вачах стаяла Лізавета, ён нават паціху, каб на пачуў Мікіта, пачаў успамінаць словы з песні пра Лізавету, як кахаў яе юнак і за гэта і за тое… Быў поўнасцю перакананы хлапец, што закахаўся ён у белакурую прыгажуню, увесь час стаіць яна ў яго перад вачыма. Нават іншы раз словы, з якімі звяртаецца да яго Мікіта, ён прапускае, не чуе. У галаве штосьці творыцца своеасаблівае, яму непадуладнае, з чым ён ніяк не можа справіцца. І ён маўчыць, увесь час пазірае на бярозкі, якія ў сваіх беленькіх сарафанчыках бягуць каля дарогі, іншы раз бяруцца за рукі, каб было лягчэй ім бегчы, даганяць яго падводу, якая хутка рухаецца па лясной дарозе.
Прыйшоў да хаты нейкім узбуджаным, зусім негаваркім, нават да толку не расказаў і бацьку, як выканаў даручанае заданне. Гэта адразу заўважыў Андрыян, вырашыў, што не час весці размову аб гэтым – раскажа ўсё сам потым. І ён накіраваўся ў бок забалотных хутароў, каб запэўніцца, што там Даніла з рабочымі зрабіў падсочку своечасова.
Летняя спякота не спадала, стаяла сухое і гарачае надвор’е. Намнога памялела Ўбарць, і там, дзе было звычайна шмат вады, цяпер плёхаліся дзеці, чуліся іх галасы здалёку. І чым далей Андрыян адыходзіў ад смалакурні, тым ужо слабей і слабей чуліся галасы дзяцей, а потым, калі залез ён у гушчэчу, дзе праз голле соснаў не было відаць нават неба, падула нейкай прыемнай прахалодаю, хоць і не было вецярка. Твар адразу пасвяжэў, палезла прахалода пад кашулю, абгарнула ўсё цела. Заўважыў ён, што на соснах прымацаваныя лейкі, у асобныя з іх ужо пачынала сцякаць смала – жывіца. Яе залацістыя кропелькі спаўзалі незаўважана пад променямі летняга гарачага сонца, чапляліся адна за другую, каб утрымацца, не ўпасці адразу ў пасудзіну.
Андрыян пачуў голас Данілы, які размаўляў з рабочымі, падышоў да іх, прывітаўся.
-- Ці хапіла пасудзін для жывіцы? – адразу запытаў ён.
-- Не пашкодзіла б мець крыху больш,-- адказаў Даніла. – Яшчэ патрэбна было б ахапіць узлобак каля балота, там стаяць цудоўныя некранутыя сосны.
-- Абавязкова правер сёння і падлічы, колькі спатрэбіцца яшчэ пасудзін, каб ахапіць тыя сосны і абавязкова заўтра ж зрабіце гэтую работу.
Даніла пакрочыў у бок свайго хутара, дзе каля балота раслі гмахі – сосны, пачаў лічыць яшчэ здалёку іх, каб дарэмна не траціць час і не заўважыў, як у яго з – пад ног павольна папаўзла гадзюка. Ад неспадзеўкі, ён чуць было не крыкнуў, але прыціх, бо зусім непадалёку заўважыў дзяўчынку, якая старанна ў конаўку збірала чарніцы. Ён падышоў і пазнаў у ягодніцы сваю каханую Таццянку.
-- Ты і ваўкоў не баішся, Таццянка? – пасля прывітання, запытаў ён. – Я вось тут непадалёку чуць было не наступіў на гадзюку, так што глядзі пад ягоднік, куды руку соваеш, калі чарніцы бярэш.
-- Гадзюкі мяне не чапаюць, яны сябруюць са мною. Вось глядзі! – амаль ускрыкнула яна, паказваючы яму пад ногі, дзе павольна паўзла ля яго ног верацёнка. Ад спалоху ён аж падскочыў і апынуўся зусім блізка ля дзяўчынкі, нечакана для сябе схапіў яе за рукі. Яе твар і яго спалоханы твар прыблізіліся. Яшчэ не разумеючы ўсяго, ён нахіліўся і прыпаў да яе вуснаў, уцягваючы ў сябе яе чарнічны водар, асалоду духмяных траў і пах смалы – жывіцы, якая прасочвалася на высачэзных хвоях, якія іншы раз сутыкаліся з нізкімі хмарамі, каб раскідаць іх у розныя бакі і прадухіліць зацяглыя дажджы. Але гэтага ўсяго закаханыя не адчувалі і не бачылі, яны смакавалі адзін аднаго, трымаючыся за кашулі, якія прыліпалі да іх цела. Не заўважыў ён і таго, што яго губы і амаль увесь твар былі замазаны чарніцамі ад яе губ, ад чаго яна іншы раз, калі пазірала на яго, паціху сама сабе ўсміхалася. А яе гладыш – наберак увесь час перашкаджаў яму бліжэй прытуліцца да яе, адчуць яе дзявочае цела. Ён, не ведаючы чаму, пра сябе сердзіўся на той гладыш – наберак, хацеў яго адпіхнуць, але стрымаўся, адышоў ад яе. А яна ўсё працягвала паціху смяяцца над ім, паказвала ў ягоны бок рукою. Паглядзеўшы на яе губы, ён зразумеў і пачаў рукавом кашулі старанна выціраць свой твар, губы, ад чаго яна яшчэ больш пачынала смяяцца.
Напрасіўся ён праводзіць яе на хутар, ішлі некаторы час моўчкі. Дзень стаяў ціхі, па – летняму цёплы: высока ўгары, між стромкіх вершалін, што злёгку пагойдваліся і вусцішна шумелі, зрэдку вынырала і тут жа хавалася зноў у голле пякучае паўдзённае сонца. Але ўнізе, пад зялёнымі шатамі дрэў, спёка амаль не адчувалася – была прыемная, асвяжальная прахалода.
-- Колькі на гэтым узлобку каля нашага балота расце соснаў? – першым парушыў маўчанне хлапец. – Як ты думаеш?
-- Дык хто яго ведае? – азвалася Таццяна. – Давай падлічым…
Ён паставіў яе кошык з чарніцамі на дубовы пянёк, яна паставіла свой гладыш – наберак і пачалі старанна лічыць дарослыя сосны, якія падыходзяць да падсочкі. Налічылі вельмі зашмат, нават стаміліся, калі вярталіся каля балота да дубовага пня, на якім паставілі ягады – чарніцы. Прыселі адпачыць, і зноў пацягнуўся Даніла да дзяўчыны, прытуліў яе да сябе і пачаў раз за разам цалаваць яе вусны, ведаў, што з таго разу на яе губах ужо не засталося слядоў чарніц, ды і наберак, які замінаў яму яе туліць да сябе, стаіць ля кошыка на пяньку…
А сонца ўжо хінулася да захаду, але свяціла яшчэ ярка і горача. Лёганькі вецярок прыемна лашчыў іх твары, залазіў пад іх кашулі. Чыстае паветра, настоенае на ўсіх пахах летняга наваколля, бадзёрыла іх, прыдавала сілы, хоць у іх было і сваіх – хоць адбаўляй…
Пайшлі яны дамоў пратоптанаю лясною дарогаю, якая ішла па сасновым бары. На дарозе паўсюдна спрэс павыпіналіся з зямлі цэлымі вузламі, абабітыя, абадраныя сасновыя карані – на іх усюды выступіла, пазападала пяском і аж запяклася на сонцы смала. Затым яны перайшлі на вузкую лясную сцяжынку, якая вяла ад балота да іхняга хутара. Была гэтая сцяжынка ледзь прыкметная, усланая сасновымі іголкамі, калючымі, бы вожыкі, шышкамі. Яна віляла па лесе між дзвюх дарог, то аддаляючыся, то набліжаючыся ад адной да другой. Але ж яна прамавала да самай хаты Таццяны, і яны не зварочвалі з яе, ішлі адзін за другім, пакуль яна не прапанавала яму, каб ён перад хутарам крыху спыніўся і пачакаў, калі яна зойдзе ў свой двор. Ён пагадзіўся, бо ведаў, хоць на хутары і мала хат, але ж размоў можа быць зашмат.
А цень ад дрэваў прыкметна большаў, з кароткага, прысадзістага ён выцягваўся ў доўгі, худы. Чырванелі дзе – нідзе ад летняга сонца вершаліны соснаў – гмахаў, якія ад лёгкага подыху ветру шапталіся між сабою, можа радаваліся за маладых, а можа і гаварылі што кепскае аб іх – пачуць іх меркаванні было проста нельга…
23
Лета было ў разгары. Сонца смаліла штодзённа, толькі што і было крыху падыхаць свежым паветрам, дык гэта ноччу, калі змрок ахутваў усё наваколле, а нізкі на поўдні месяц сваім святлом чуць што прабіваў густы туман пад раніцу, які слаўся паўсюдна: засцілаў, бы тою радзюгаю, лугі, густою пеляною клаўся на ўзлобкі, засцілаў Убарць, якая каціла свае за дзень нагрэтыя воды сваёй старэйшай сястры Прыпяці. Зойдзеш у такі густы туман і, здаецца, што ты плывеш па хвалях нейкай невядомай ракі, відаць твая адна галава, якая не разумее, куды кіраваць свае ногі, каб не патрапіць у нейкае возера, або залезці ў непраходныя лазнякі, з якіх будзе вельмі цяжка выбрацца ў такі густы туман. І ты спыняешся, стаіш у роздуме, думаеш і бачыш, што на ўсходзе ўжо праразаюцца на небасхіле невялічкія светлячкі, якія штохвілінна ўсё больш святлеюць і святлеюць, а потым з – за іх спінаў імкліва выскакваюць адзін за другім яркія прамяні сонца, якія пачынаюць сыпаць упачатку на вершаліны дрэў, а потым і на ўсё астатняе свой сярэбраны водбляск, які зіхаціць у тваіх вачах.
-- Няўжо гэтая раніца нічога добрага не прынясе людзям? – разважаў У Андрыян, седзячы ў такі ранні час на сваім аблюбаваным дубовым пяньку ля самой Убарці. У многіх месцах губерні людзі пачынаюць сябе паводзіць неяк узбуджана, непадуладна. Вось і ў Буйнавічах на днях сяляне ў забаронены час запатрэбавалі адкрыцця казённай віннай крамы, а калі ім у гэтым было адказана, яны выламалі дзверы і набралі віна, не заплаціўшы за яго; дазнанне аб гэтым праводзілася, але вінаватых пакуль не выяўлена. Крыху раней, у маёнтку памешчыка Альфрэда Маркварта Буда – Сафіеўка было спалена два стагі сена і капа збожжа, а таксама разрабавана маёмасць. Затрыманы некалькі чалавек і пасаджаны ў турму. І што характэрна, што пагромы адбываюцца ў большасці там, дзе раней было зашмат судовых цяжбаў. І як відавочна, што ўсе беспарадкі ў першую чаргу ўзнікаюць без усялякіх папярэдніх намоваў і агітацыі з боку, а проста па адным закліку аднаго – двух крыкуноў, і натоўп дзейнічаў з імі. Асабліва ўплыў на натоўп мелі запасныя сяляне, якія ўдзельнічалі ў руска – японскай вайне, бачылі сусвет, чулі нейкую агітацыю ад другіх…
-- Няўжо і ў нашай мясцовасці можа адбыцца штосьці падобнае? – падумаў Андрыян. – Такіх падстаў, здаецца, няма. Рабочыя і сяляне Зладзіна і ўсіх навакольных хутароў жывуць у поўнай згодзе, да смалакурні асаблівых такіх недарэчнасцей пакуль няма, заробак атрымоўваюць нядрэнны і своечасова, заўсёды чуе ён ад рабочых тую падзяку, якую атрымаў ён, калі звольніў усіх назіральнікаў, якіх увавёў быў у свой час пан Ермаловіч, заўсёды абараняў сялян вёскі і хутароў ад моцнага прыціску з боку пані Буйнавіцкага маёнтка Ізабелы Маркварт, якая дамагалася ад іх дзесяціны і падзёншчыны. Ну а тое, што аб’яўлена была ўсеагульная мабалізацыя ў Расіі, бо нямецкія войскі захапілі ўжо Польшчу і пачалі рухацца ў бок Палесся, яго вельмі хвалявала. Ён ведаў, што ў войска будуць прызваны самыя працавітыя людзі, якія працуюць у яго на смалакурні і ў сельскай гаспадарцы. Так яно і здарылася. Амаль кожны дзень рабілі вечары па проваду ў войска яго рабочых і сялян, паўсюдна ў хатах гучала сэрцараздзіральная песня: ’’Апошні гэты вось дзянёчак гуляю з вамі я сябры…’’ Ішлі ў войска і маладыя, і старыя, заставаліся дома зусім састарэлыя, хлапчукі і жанчыны, на плечы якіх былі ўзвалены ўсе гаспадарчыя работы. Палі, з неўбратаю збажыною, стаялі некранутыя – не было цяглавай сілы, бо і коней забралі ў войска…
У верасні месяцы нямецкае войска заняло Пінск і далей не пайшло. Фронт стабілізаваўся. Але насельніцтва працягвала з – за Буга рухацца на ўсход, на Палессе. Людзі ішлі табарамі. Здохлую жывёлу пакідалі ля дарогі, пачаліся розныя эпідэміі, нават пачала распаўсюджвацца халера. Убарцкае Палессе трапіла ў раён дзеянняў 8 – й арміі Паўднёва – Заходняга фронту, якія і пачалі наводзіць парадак на тэрыторыі ад Турава і да Мазыра, весці барацьбу з эпідэміяй халеры сярод насельніцтва…
… У вёску завітаў капітан Іван Сцяпанавіч, які хутка адшукаў настаўніцу Алену Міхайлаўну. Неспадзявана для яе пастукаў у дзверы, якія адчыніла яму гаспадыня, дзе кватэравала настаўніца.
-- Алена Слупская ў вас пражывае? – прагаварыў капітан. – Хочу яе бачыць.
-- Заходзьце, калі ласка, яна дома.
Капітан хуценька прашмігнуў каля гаспадыні і з размаху адчыніў дзверы бакавушкі, дзе адпачывала настаўніца. Яна ад стуку дзвярэй прачнулася і разгублена пазірала на вайскоўца, спачатку не пазнавала яго. Калі ён яшчэ раз абазваўся, яна апрытомнела і хуценька кінулася яму насустрач, абхапіла яго за шыю і пачала смактаць яго няголены твар, туліць да сябе. Ён адчуў, што штосьці выпуклае ў яе жываце перашкаджае яму яе прыціснуць бліжэй да сябе, як раней пагладзіць яе стан. Здагадаўся – яна цяжарная. Нейкая ўпачатку разгубленасць з’явілася на яго твары, крыху адхіснуўся ад яе, паглядзеў ёй у вочы.
-- Не палохайся, гэта твой, -- зусім спакойна сказала яна. – Другога ў мяне няма і не будзе…
І яна зноў прытулілася да яго і чакала, што ён скажа, аб чым думае.
-- Я вельмі рады, што ў нас будзе сын, які працягне мой род.
-- А калі дачка?
-- Няхай і дачка. Усяроўна я буду яе любіць так, як і цябе люблю. А за тое, што доўга не бачыў я вас з сынам, былі на тое абставіны. Бачыш, што на свеце робіцца? Вайна ідзе, немец спыніўся каля Пінска, наша армія стрымлівае яго, не дае яму прасунуцца далей. Я цяпер заўсёды буду з табою, прабачце, з вамі, я вас не пакіну, буду абавязкова наведваць вас, клапаціцца пра вас…
Ночка прайшла, як у казцы, амаль не сціхалі ўдзвюх, усё расказвалі і расказвалі аб сабе, будавалі планы на будучыню. Капітан гаварыў, што ў Мазыры яму выдаткавалі кватэру і ён абавязкова яе завязе туды, дзе яна будзе яго чакаць. А калі запытала, дзе ў Мазыры гэтая кватэра знаходзіцца, дык і зусім абрадавалася, бо гэта зусім побач з яе бацькамі, ля самага моста праз Прыпяць. Аб гэтым пахвалілася яна сваёй сяброўцы Маргарыце, калі раніцою, калі яшчэ капітан адпачываў, яна прыйшла ў шынок, каб што – небудзь купіць на сняданак.
-- Кажаш, прыехаў? – неяк здзіўлена прагаварыла сяброўка. – Адзін, ці можа з харужым?
-- Адзін, адзін… А ты ж не верыла напачатку, думала, ашукае мяне? Дык вось усё наяву, нават перавязе мяне хутка на кватэру ў Мазыр.
-- Ну, ты і шчаслівая, сяброўка, -- неяк цяжка ўздыхнула Маргарыта. – А мне давядзецца быць тут адной, ды яшчэ і без цябе…
Моладзь на вёсцы не так ужо весялілася, як было гэта раней. Многія юнакі разам са сваімі бацькамі былі прызваны ў армію, аб якіх з цягам часу пачалі прыходзіць сумныя весткі: загінуў у баі Змітро Заяц з Манчыцкага хутара, Цімафей Чэчка са Зладзіна дзесці загінуў без весткі, Мікалай Осіпаў ляжыць паранены ў шпіталі, невядома толькі дзе…
У кожным доме хваляваліся за сваіх, перажывалі, амаль штодня хтосьці з радні наведваўся да Лайхмана, ці не пакінута там паштоўка для сям’і.
На галаву Андрыяна таксама звалілася непрадсказальнае: маёнткі, якія належалі нямецкім подданым, узяты пад кантроль. Так маёнтак Буйнавічы, які належаў нямецкаму подданаму Альфрэду Маркварту быў узяты пад асобы кантроль. У гэтага памешчыка сын Альберт пражываў у Вене і меў там асабістыя дамы. Два зяці служылі афіцэрамі ў аўстрыйскай арміі. Пана Маркварта арыштавалі і выслалі ў Томскую губерню. Дырэктара Буда – Сафіеўскага лесапільнага завода Гергарта Шуберта таксама арыштавалі, саслалі ў Сібір, а завод закрылі…
-- Што цяпер рабіць з лесам, якога сабралася зашмат ля Ўбарці? – гэта вельмі непакоіла Андрыяна. – Давядзецца зноў наладжваць сувязі з Майсеявічамі, сплаўляць лес туды па Ўбарці.
Ён і не заўважыў, як нечувана да яго падышоў Аляксей, прысеў на калодку і запытаў:
-- Чуў я, бацька, што закрываюць лесапільны завод у Буда – Сафіеўцы. Дазволь мне з’ездзіць туды і забраць усё тое, што належыць нам.
-- Нам там грошай павінны многа, паедзем разам, разлічымся з усім, -- адказаў Андрыян сыну і яны рушылі верхам на конях у дарогу. Коні спачатку ішлі галопам, а потым сцішыліся, ішлі павольна. І Аляксей назіраў за прыродаю: бярозкі ўжо пачыналі жаўцець, дзе – нідзе жоўтае лісце ад подыху ветру ападала на зямлю, асабліва выдзялялася яно на нізінках, у каляінах ад вазоў, дзе яшчэ нядаўна вазілі зладзінскія хлопцы бярвенні на лесапільны завод. Узгадалася Лізавета, апошняе растанне з ёю вось тут, непадалёку ад вёскі, каля гэтых вось бярозак.
Да адной з іх быў прывязаны яго конь, ля другой – яны стаялі і цалаваліся, моцна туляючыся адзін да другога, каб быць бліжэй. Цікава, ці пабачу яе я цяпер? Але ж яе бацька быў бухгалтарам на заводзе, вёў мінулы раз з ім разлік, калі загадаў яму дырэктар зрабіць гэтае. Ён і прапанаваў бацьку, ехаць да яе бацькі на кватэру, бо завод зачынены і там ужо ніхто не працуе.
Аляксей не памыліўся, бухгалтар быў дома. А насустрач ім выскачыла Лізавета, якая кінулася прама ў абдымкі да хлапца, не звяртаючы аніякай увагі ні на Андрыяна, ні на бацьку, які падыходзіў ужо да веснічак. Прывітаўшыся, бацькі пайшлі ў хату, а маладыя засталіся яшчэ нейкі час шчабятаць на вуліцы.
-- Штосьці робіцца неладнае з нашымі дзяцьмі, -- першым парушыў маўчанне Сямён Сямёнавіч Канаш. – Але ж у іх справы маладыя, а нам з Вамі, Андрыян Васільевіч, патрэбна давесці справу па нашай запазычанасці да канца. Па падліках рэвізораў, Вам належыць атрымаць вось усё гэтае, што знаходзіцца ў гэтым абвёртку. Калі ласка, вось паперы, правярайце.
Андрыян праглянуў паперы, палічыў грошы, падзякаваў гаспадара за ўсё, што ён зрабіў для яго і хацеў ужо было падняцца і ісці з хаты, але тут умяшалася ў іх размову жонка бухгалтара Амілія Іванаўна, якая несла бутэльку гарэлкі і прысмакі да стала.
-- Прабачце, але чым багаты, тым і рады. Адведайце, калі ласка, нашай стравы, не крыўдуйце на нас, калі што не так. Мартачка, а ты пакліч і дзяцей у хату, няхай і яны з намі разам пераабедаюць, -- звярнулася яна, пэўна, да старэйшай сваёй дачкі, якая стаяла ля парога. Тая кульком выбегла з хаты і пачала клікаць Аляксея і Лізавету ў хату.
Бацька за сталом паглядзеў на сына, але той толькі адвёў вочы і апусціў ніжэй галаву. А ўжо калі для прыліку прапусцілі па некалькі кілішыкаў гарэлкі, Аміля Іванаўна поўнасцю асядлала свайго скакуна і пачала больш адкрыта гаварыць пра маладых, як яны адно аднаго кахаюць, як па начах сумуе Лізавета па Аляксею, як чакае заўсёды яго.
Андрыян маўчаў, не ведаў, што адказаць на пытанні гаспадыні, бо сыпаліся яны адно за другім. Гаспадар маўчаў, устаўляў толькі адно – два словы, калі размова заходзіла не пра маладых. А калі пачуў ад жонкі слова ’’сватко’’, паглядзеў у яе бок і прамовіў: ’’Табе, Амілія, пара ўжо ўгаманіцца, не трэба надакучаць госцю. Маладыя самі разбяруцца ва ўсім, а калі разбяруцца, аб гэтым скажуць нам…
Лізавета праводзіла Аляксея за вёску. Андрыян спачатку аглядаўся, думаў будзе даганяць яго сын, потым упэўніўся, што той затрымаецца надоўга, бо да Буйнавіч не дагнаў яго, паехаў шыбчэй, бо клопатаў у гаспадарцы было зашмат: трэба было на смалакурню заглянуць, на прыстань, бо там вялікая была неўпраўка, бо адсутнічаў галоўны сплаўшчык Міхал Флёрка, якога таксама забралі на фронт. Яго замяніў Даніла Цімохаў, але ў гэтага практыкі было пакуль яшчэ малавата. Ды і Іван Осіпаў, якому Даніла перадаў усе справы па падсочцы, не вельмі выглядзелі добра. Толькі ён крыху злаўчыўся ў гэтай справе, як і яго хутка забяруць на фронт, бо выклікалі ўжо да сябе вайскоўцы…
… На вечар провадаў Івана Осіпава ў войска запрасілі і Андрыяна з Ганкаю. Яны доўга абмяркоўвалі між сабою гэтае запрашэнне, але ж Ганка настаяла на тым, што яна засядзелася дома, на людзях амаль нідзе не бываюць, ды і на забалотным хутары яна ніколі ў сваім жыцці яшчэ не была, хочацца пабачыць. І ён пагадзіўся з ёю. Запраглі ў карэту Буланага і паціху накіраваліся праз Манчыцкі хутар да грэблі – ляжнёўкі, якая раздзяляла гэтыя два населеныя месцы. Праз колькі часу іх сустракаў бацька Івана Якаў, які ўвесь час працаваў на смалакурні. З хаты выйшаў і сам Іван, які павітаўся спачатку з Аляксеем, бо было гэта зручна, затым падышоў да Андрыяна і Ганкі, павітаўся і запрасіў іх у хату. Ля веснічак выйшла насустрач ім гаспадыня з трымя сваімі дочкамі і таксама пачалі запрашаць гасцей у хату. Ганцы кінулася ў вочы вельмі прыгожая маладая дзяўчына, сястра Івана, якая пазней сябе назвала Таццянай, а самая маленькая з сясцёр – назвала сябе Агаф’яй, што напачатку здзівіла Ганку гэтае старамоднае імя дзяўчынкі.
Паколькі людзей пакуль сабралася на вечар не так многа, Ганка папрасіла Андрыяна, каб ён пайшоў з ёю да балота, якое было адразу ж за агародам гаспадара і цягнулася яно паўз увесь хутар далёка, не відаць было яму і канца. Сонца якраз ужо чаплялася за вершаліны соснаў, што віднеліся за балотам, а рэдкія невялічкія хваравітыя сосны і бярозкі, якія раслі на балоце, выглядзелі мізэрнымі, пажоўклымі. Калі падышлі на ўзлобак, што вытыркаўся ля балота, Ганка на купінках заўважыла рознакаляровыя пацёркі, якія зіхацелі і пераліваліся рознымі колерамі на сонцы. Яна спынілася і пачала ўглядацца ў іх, асцярожна гладзіць сваімі тонкімі пальчыкамі.
-- Гэта журавіны, Ганка. Яны вось так і растуць на гэтым балоце, -- паведаміў Андрыян.—Яны ўжо спелыя, іх хутка пачнуць людзі збіраць.
І тут, невядома адкуль, выляцеў вялізны глушэц, які сваім свістам і трэскам моцна напалохаў Ганку. Яна ажно пахіснулася і чуць было не трапіла адной нагою ў ваду, але Андрыян своечасова яе падхапіў і правў на больш чыстае месца. І яны паціху пакрочылі ў бок хаты гаспадара.
У хаце сабралася многа хлапцоў і дзяўчат, пажылых – пэўна, сваякоў Івана, з гармонікам Цімох Чэчка, які таксама рыхтаваўся ў войска, бо яму аб гэтым ўжо напомнілі. Сядзеў ён хоць і з гармонікам, але сумнаваты, пэўна, ўяўляў сябе на месцы свайго сябра Івана. Даніла ўсё штосьці з Іванам абмяркоўвалі, зрэдку ўсміхаліся; у іх бок кідала ўсё позірк сястра Івана Таццяна, якая прымасцілася на ўслончыку ля дзяўчат.
Гаспадар падзякаваў прысутных, што не палічыліся з часам і прыйшлі праводзіць на фронт яго сына Івана, запрасіў усіх падняць кілішыкі і выпіць, каб было ўсё добрае з яго сынам. Потым выступіў і Андрыян, ён падзякаваў Івана за яго добрасумленную працу на падсочцы, падзякаваў бацькоў, што вырасцілі такога добрага і сумленнага сына, якім патрэбна толькі і ганарыцца, пажадаў яму хуткага вяртання дадому.
Сачыла за красамоўным выступленнем і Ганка, яна здзіўлялася, каб так прыгожа і да месца гаварыў словы яе муж, так уважліва яго ўсе слухалі. Яна ганарылася ім, трымала ў руцэ кілішак карчоўкі і пільна глядзела яму ў вочы. Паставіла стакан на стол, калі пачула словы песні, якія данесліся да яе слыху ад дзяўчат. А яна пад гукі гармоніка цягнулі словы вельмі сумнай песні: ’’Апошні сёняшні дзянёчак гуляю з вамі я сябры…’’ Маці, якая стаяла ля парога святліцы, голасна пачала ўсхліпваць, выціраць хусцінкаю вочы. Да яе падышла Таццяна, пачала дапамагаць маці плакаць, ля іх ног круцілася маленькая Агаф’я, якая мала разумела, што да чаго, не ведала, чаму маці і сястрычка плачуць.
Достарыңызбен бөлісу: |