-- Ды што такое здарылася ў Вас? А калі пачуў яе прашэнне, неяк здзіўлена паглядзеў на яе і паабяцаў дапамагчы ёй у гэтым. А сам неадкладна тут жа пачаў весці наконт гэтага размову з рабочымі, запэўнюючы іх, што гэта вельмі карысная справа для іх дзяцей і іх жа бацькоў. Але некаторыя мужчыны ўсміхаліся, гаварылі, што яны ўсё сваё жыццё пражылі без навукі, не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць, а вось грошы лічыць умюць. Такая размова насцярожыла Андрыяна і асабліва настаўніцу, якая татсама падышла да рабочых і ўмяшалася ў іх гаворку. Андрыян дзівіўся яе красамоўнасці, як яна даходліва даносіла да рабочых свае словы, з якою ўпэўненасцю яна гаварыла іх. Рабочыя маўчалі, уважліва слухалі яе, асабліва тады, калі яна сказала, што і ім бы не пашкодзіла б крыху падвучыцца, каб без памылак лічыць свае грошы, умець пачытаць навіны, бо час цяпер зусім неспакойны. Ён ужо сам не гаварыў, а сачыў за яе моваю, за яе рысамі твару, за яе вачыма, якія зыркалі то на рабочых, то на яго, шукаючы ў ім спагаду, ці нейкую падтрымку, а … можа што і большае, пакуль ён гэтага не зразумеў. Падумаў толькі аб гэтым тады, калі яна ўжо спускалася з пагорка, каб далей крочыць у напрамку сваёй школы… А ён накіраваўся да рабочых, якія абкладвалі дамбу дзёранам, уразаліся ўжо далёка ў раку. Папярэдзіў рабочых аб тым, што дзёран неабходна абкладаць лазовымі палкамі больш шчыльна, каб стварыць неабходную перашкоду вясновай вадзе, калі будзе яна бурліць ва ўсю сваю моц. Не забыў ён і закрануць пытанне школы, клопаты настаўніцы. Многія з ім пагадзіліся, але дзяцей паабяцалі адправіць у школу толькі пасля таго, як прывядуць у парадак свае дамашнія гаспадаркі, калі з балота вынясуць апошнія журавіны, а з лесу – апошнія грыбы. Але ж праз колькі дзён, калі выпадкова стрэў ён настаўніцу каля амаль пабудаванага моста, яна пахвалілася яму, што школа ўжо налічвае васемнаццаць хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Яна задаволена і выносіць яму вялікую падзяку за дапамогу, а яшчэ паскардзілася, што земскае кіраўніцтва не забяспечыла, як абяцалі, пісьмовымі прыналежнасцямі і чытанкамі, што зусім дрэнна адбываецца на навучанні дзяцей. Андрыян паабяцаў выдаткаваць з касы грошы, каб атрымаць усё неабходнае для школы, бо тут справа якраз і ўпіралася, як потым ён высветліў, у грашовы разлік.
Дні верасня прабягалі непрыкметна, надвор’е стаяла нядрэннае, сонца свяціла па – асенняму, іншы раз закрывалі яго густыя, малочнага колеру, хмары, якія пачыналі паліваць усё наўкола. Але праз дзень – другі зноў яно асвятляла ўсё наўкола: палі, лугі, лясы і асабліва пажоўклае лісце дубоў – волатаў, якія стаялі ўздоўж Убарці. І Андрыян вырашыў у свой вольны час пайсці ў лес, бо ішла гаворка, што пачалі расці баравікі.
Дзень асенні быў як казачны. Андрыян з замілаваннем глядзеў на чырвоныя клёны і жоўтыя бярозы, на блакітнае, там – сям падфарбаванае ружовасцю, неба, і думаў, што ўсё такі ён шчаслівы чалавек. Ён мае магчымасць бачыць усю гэтую чароўную прыгажосць, крочыць па гэтай палескай зямлі, ведаць, што нехта цябе кахае і любіць, што ёсць у яго любая жонка і два сынкі, якія заўсёды чакаюць яго, радуюцца, калі ён з’яўляецца ў хату з падарункамі, бягуць заўсёды навыперадкі да яго, каб першым атрымаць тое, што ён трымае ў руках. Ён прайшоў крыху далей па сасновым лесе, пачаў прыглядацца, свідраваць вачыма кожны кавалак зямлі, дзе павінны былі быць баравікі, але іх нідзе не было відаць. І раптам спыніўся, уражаны – перад ім, у яміне, якую некалі выкапалі для чагосьці, і якая ўжо даўно западала лісцем і ігліцай, сядзеў баравік. Вялікі, бы рэшата. Побач з гэтым баравіком вытыркаўся яшчэ адзін, меншы, а збоку, бліжэй да верасу, расло адразу некалькі, маладых, крамяністых, з чорнымі, аж дымнымі, галовамі, баравікоў. Падышоў да самага вялікага, таго, што ўбачыў першага, нагнуўся, вырваў, правёў лязом сцызорыка па карані, ачысціў ад зямлі і палажыў у кошык. Корань быў не чарвівы, чысты. Паглядзеў справа – цэлыя шарэнгі сядзелі баравікі, бы хто іх высадзіў у радочак. Асцярожна зразаў адзін за другім і лажыў у кошык, які з кожным разам усё паўнеў і паўнеў. Вяртаўся дамоў задаволены, ведаў, што яго сыночкі будуць сустракаць яго, пачнуць перабіраць сваімі маленькімі ручкамі гэтыя яго грыбочкі, збіваць па – неасцярожнасці ім крамяністыя галоўкі, спрабаваць ужо лічыць іх, паколькі штодзённа Ганка займаецца з імі арыфметыкай, ужо лічаць яны далёка за дзесятак.
Яшчэ здалёку да яго слыху данеслася курлыканне журавоў. Ляцелі яны павольна, не спяшаючыся, ляцелі высока, чапляючыся крыламі за воблакі, раз – пораз губляючы свой клін: ён то звужаўся, то зноў па – новаму рабіўся такім, як быў, а то і зусім губляўся недзе ў далёкай вышыні. А растанная жураўліная песня, як камячок тугі, качалася ў паветры, неслася аднекуль здалёку. І Андрыян спыніўся, паглядзеў высока ў неба, каб яшчэ раз пабачыць гэты жураўліны клін, які развітваўся з ім, нёсся ў бок Украіны, можа нават і праз яго Валыншчыну…
16
Надвор’е перамагалася – на змену пахмурным дажджлівым дням прыходзілі больш ясныя дні, з дрэваў вецер зрываў апошняе лісце, якое неслася па дарогах, палях і лугах, прыліпала да асенніх лужынаў, якія стаялі ў кожнай яміне. Нейкія дні восень развітвалася, давала дарогу яшчэ пакуль невялікім халадам. Але ж іншыя дні выдаваліся цеплымі і сонечнымі і можна было падумаць, што бабіна лета зноў вярнулася: на сонцы ўсё шапацела, шаргацела, свяцілася, святкуючы свой час. Былі такія раніцы і вечары, калі нават здавалася, што можна адчуць на дотык, як кожны дзень робіцца ўсё карацейшы і карацейшы, як пругка струменіць, адыходзячы, спяшаючыся, лета – шамаціць паўз апошнія познія матылі, паўз стагі сена, паўз нас самых…
Потым крыху пахаладала – спахапілася восень, зацягнула хмарамі неба. А прайшло некалькі дзён і зноў пачало раскашавацца сонца і ціхая – ціхая цеплыня – здаецца нават, што бабіна лета вярнулася зноў, каб адбыць яшчэ некалькі дзён, парадаваць людзей, усё жывое на зямлі.
Дрэвы, да дзіўнай надакучлівасці спакойныя, стаяць абапал дарогі ў сонечных променях – такія ціхія, што колькі ні глядзі на іх, колькі ні напружвай вочы, так і не ўбачыш, каб дзе – небудзь зварухнуўся хоць адзін лісток…
Алена Міхайлаўна была зачаравана ўсёй гэтай прыгажосцю палескай прыроды. Яна абыходзіла яшчэ зусім малазнаёмыя ёй мясціны каля Ўбарці, любавалася адыходзячым бабіным летам, адрывала ад зямлі запозненыя кветкі, якія, як ёй падалося, ужо не мелі аніякага паху, прыжмурвала ад асенняга сонца свае прыгожыя вочы і не заўважыла, што каля ракі стаяў інжынер. Відна было, што ён нікуды не спяшаўся, быццам бы чакаў яе. Калі яна прывіталася з ім, ён нічога ёй не адказаў, быццам бы і не чуў яе слоў, паглядаў і паглядаў усё на рачную ваду, якая бурліла ля карэнняў дуба, аблізваючы іх.
-- Вы мяне і не заўважаеце? – неяк нясмела вымавіла яна. – Можа я Вам перашкодзіла ў чымсьці?
-- О, не! Што Вы. Я так задумаўся над сваімі клопатамі, што і не заўважыў, як Вы падышлі сюды. Прабачце мяне…
-- Ды нічога. Гэта Вы мяне прабачце, што парушыла Вашае адзіноцтва сярод гэтай чароўнай восенскай прыроды…
І яна, неяк хвалюючыся, зусім нясмела падышла да яго амаль ушчыльную, нават пачуў ён яе дыханне, такое прыемнае, дзявочае, што не вытрымаў і прыгарнуў яе да сябе. Яна не супраціўлялася, наадварот, абхапіла яго рукамі і першай пачала сваімі вогненнымі вуснамі яго цалаваць. Вочы іх стрэліся – у іх было нейкае непаразуменне, нейкая палахлівасць, што робяць яны штосьці забароненае, не дазволенае. І ён паціху адышоў ад яе, стаяў нерухома, не пазіраў на яе. А яна неяк нечакана і для сябе, апамяталася і паціху пачала дзякаваць яго за тое, што дапамог ёй у наладжванні работы ў школе, вырашыў пытанне з падручнікамі. Паведаміла, што ўсе пісьмовыя прыналежнасці і падручнікі цяпер ужо прадаюцца ў Лельчыцкім мястэчку, гандлюе ўсім гэтым яе знаёмая, жонка начальніка паштовага аддзялення Лізавета Вярбіцкая, якія таксама прыехалі з Мазыра. ’’А яшчэ, -- працягвала яна,-- вялікі дзякуй Вам за тое, што паклапаціліся аб тым, каб у школе выкладае ’’Закон Божы’’ мясцовы святар – гэта аблегчыла маю работу…’’
Здавалася, ён яе і не слухае, адвярнуўся і паціху пакрочыў у бок смалакурні, увесь час думаў: ’’ І што найшло на яго ў тую хвіліну, калі вырашыў ён прыблізіць яе да сябе? Чаму не адвярнуўся адразу і не пайшоў прочкі, каб не дапускаць да гэтага?’’ Адказу не было…
Яна яшчэ доўга стаяла на тым месцы, пазірала за тым, як аддаляецца ён ад яе; звяла свій позірк за Ўбарць, адкуль даносіліся нейкія незвычайныя галасы птушак, якія гергаталі неяк дзіўна на сваёй мове, калі клін іх раскідваўся і яны шукалі сваё месца, каб зноў неяк стварыць гэты клін і ляцець далей у паўднёвым напрамку. Такога ў Мазыры яна не бачыла, бо тудою дзікія гусі ніколі не пралятаюць – яны баяцца шматлюднасці і шматлікіх гарадскіх пабудоў. Яна крыху бліжэй падышла да Ўбарці, заўважыла у вадзе невялічкія рыбінкі, якія павольна падыходзілі да берага, вылазілі на водмель, каб падставіць сваё цела восенскім променям сонца, крыху пагрэцца перад зімовым часам. Яна перавяла свой погляд за раку, дзе яшчэ дрэвы стаялі ў чырвоным бліскучым лісці, паназірала, як у паветры плыве павуцінне і чапляецца за кусты лазняку, сцелецца па ўсім лузе, чапляецца за твар. Неба амаль бясхмарнае, цёмна – сіняе. Ад яго зрабілася светла на душы, забылася нават сустрэча з ім – было гэта нейкае непаразуменне душы і сэрца, якое яна старалася неяк хучэй выкінуць з сябе, забыцца пра гэтае. Яна стаяла і глядзела на прастору, якая сваім хараством прымушала радавацца жыццю…
Алена Міхайлаўна нетаропка пакрочыла далей невялікай сцяжынкаю каля Ўбарці. Калі абыходзіла вялікае возера, заўважыла дзікіх качак, якія, як ёй паказалася, яе вельмі спалохаліся, пачалі хавацца ў лазнякі. Яна падумала, што ў Мазыры ў затонах Прыпяці дзікія качкі ад людзей не хаваюцца. Яны знарок падплываюць да берага, каб паласавацца чым – небудзь ад людзей, зусім не баяцца іх. А тут дзікая прырода і такія ж людзі акружаюць яе. І яе зноў думкі пачалі перажоўваць сустрэчу яе з ім, хоць яна яго і не лічыла дзікуном. Можа ён і разумна зрабіў, што не пажадаў з ёю звязвацца, не ганьбіць перад людзьмі сябе і яе. Так яна берагам Убарці падышла да яўрэйскага шынка, дзе заўважыла яе гаспадара Мандэля. Той падышоў да яе і пачаў на сваёй мове папракаць яе, што не павінна весці яна так у адносінах да жанатага чалавека, бо людзі ў вёсцы ўсё бачаць і чуюць.
-- Яны табе не даруюць, -- працягваў сваё павучанне Мандэль. – Асабліва калі даведаецца аб гэтым пан Ермаловіч і паненка Ганка. Мы – людзі нашай веры, не павінны нават і думаць аб гэтым…
Яна маўчала, схіліла галаву і маўчала, а ён працягваў:
-- Калі і далей так будзеш паводзіць, абавязкова перадам усё гэтае твайму бацьку, а калі аб гэтым даведаюцца ў земстве – цябе проста звольняць з пасады. Ты ўсё зразумела, аб чым я кажу?
-- Зразумела. Нічога такога і не было між намі, ён ад мяне адварочваецца, не жадае нічога мець са мною…
-- Вось бачыш? Ён разумны чалавек, цудоўны інжынер і вельмі добры гаспадар. А самае асноўнае – ён вельмі кахае сваю Ганку. А ты знойдзеш яшчэ сабе прыгожага і разумнага хлопца, які пакахае цябе, ажэніцца і вы будзеце радасна жыць на гэтай цудоўнай палескай зямлі. А зараз зайдзі да мяне і пазнаёмся з маёю дачкою, якая прыехала ўчора да мяне, каб дапамагаць мне весці гаспадарку, бо мы з маёю Хайкаю не вельмі ўжо спраўляемся з усімі работамі.
Яна паслухалася старога яўрэя, паціху пайшла за ім у яго ўладанні, заўважыла, што не такая ўжо ж і малая ў яго гаспадарка: стаяла канюшня, адкуль выглядала некалькі коней, рохкалі парсюкі за агароджаю, снавалі куры на кожным кроку, мычэлі каровы ў хляву. За ім следам яна пераступіла парог хаты, зняла абутак, чаго не зрабіў ён, і апынулася ў святліцы, дзе адпачывала яго дачка – маладая прыгожая дзяўчына, узросту амаль яе гадоў. Алена абрадавалася, што будзе ёй цяпер з кім сябраваць, праводзіць свой вольны час.
-- Мяне завуць Маргарыта. Можна проста клікаць Рытаю.
-- Вельмі добра, а мяне завуць Аленаю, я тут настаўнічаю…
-- Вось і цудоўна! – азвалася Рыта. – Мне бацька гаварыў пра цябе, што ты тут сумуеш адна, не ведаеш з кім завесці сяброўства…
-- Ды сумаваць мне не даводзіцца. У мяне ажно дваццаць пяць вучняў у школе, з усімі патрэбна справіцца, навучыць іх пісаць і чытаць. Шкада, што не ўсе здольны да гэтай навукі. У адных атрымоўваецца ўсё нядрэнна, а ў другіх – цяжка нават і падумаць. Вось ёсць у мяне аучань Цімох, дык ён усё не можа аніяк напісаць лік ’’3’’, яго ён заўсёды ложыць на паперу наўзніч. А калі чытае слова ’’боты’’, абавязкова гаворыць--’’чобаты’’. Вось тут і навучы такіх вучняў чытаць і пісаць… А яшчэ дрэнна тое, што многія бацькі, асабліва з хутароў, не пускаюць дзяўчынак у школу. У школе ў мяне ўсяго тры дзяўчынкі, якія, праўда, і вучацца прылежна, але і іх вельмі часта астаўляюць дома, каб дапамагалі ім весці гаспадарку, або глядзець малых дзяцей.
-- А я вось думаю неяк дапамагчы бацьку па медыцыне, бо яму даручылі прадаваць лекі для насельніцтва, а гэта вельмі вялікі клопат, бо людзі хварэюць, а дапамагчы ім няма каму. Іншы раз бацьку падымаюць ноччу, каб прадаў тыя, ці іншыя таблеткі, бо захварэў нехта дома. А гэта вялікі клопат для пажылога чалавека. Дык вось пасля школы скончыла я медыцынскія курсы, каб прыйсці на дапамогу бацьку. Яшчэ не гаварылі мы з Лельчыцкім урачэбным участкам, каб нам адпускалі патрэбныя лекі, якія бацька раней браў у Мазыры.
-- Вось як цудоўна, Рытка! Будзем разам працаваць і абавязкова сябраваць, -- абрадавалася настаўніца. – А то мне ў вольны час і выйсці то няма куды. Некалькі разоў хадзіла да моладзі на вячоркі, якія збіраюцца ў хаце Якава Цімохава, але там неяк сумнавата ўсё адбываецца: танцуюць дзяўчаты і хлопцы пад гармонік, гуляюць у розныя гульні, прымушаюць нават сілком цалавацца дзяўчат з хлопцамі. Дык добра, калі прыгожы хлапец пападзецца, а калі…
-- Гэта цікава, Аленка! А ці многа моладзі ў вёсцы?
-- Многа, асабліва шмат прыязджае хлапцоў і дзяўчат з навакольных хутароў, якія пасля гулянак з вясёлымі песнямі на вазах ад’язджаюць на свае хутары.
-- Цікава, вельмі цікава. А скажы ты, Алёна, ці зашмат ты заўважаеш хворых дзяцей у школе? Бо калі нам на курсах чыталі лекцыі, то малявалі вельмі жудаснае становішча тут на Палессі. Асабліва, што тычылася такой хваробы, як каўтун. Гаварылі, што гэтай хваробе ў першую чаргу спрыяе балотнае асяроддзе. Іменна тут звіла сваё гняздо незнаёмая ў іншых мясцовасцях страшэнная хвароба каўтун. Іменна каўтун з’яўляецца жудасным вынікам вострай худасочнасці, на якую пакутуюць палешукі. Бо кожны волас на галаве хворага каўтуном, напаўняецца гноем, і ўсе яны сплятаюцца ў агідную масу, якую нельга ні часаць, ні стрыгчы, ні мыць, а даводзіцца насіць загарнуўшы ў палатняны мяшок. Каўтун суправаджаецца часам ламатой, болькамі, высыпкай, скрыўленнем пазногцяў, урастаннем вейкаў унутр вачэй…
-- Вой, як страшна!—амаль ускрыкнула Алёна.--Я абавязкова буду табе гаварыць, калі такое заўважу ў школе, а пакуль не палохай мяне гэтым.
-- На днях я паеду ў Лельчыцкую бальніцу, каб выявіць, якія ў сучасны час пануюць сярод насельніцтва хваробы і папрашу ў іх для гэтага адпаведныя лекі…
-- Вось як я засядзелася ў вашым цёпленькім пакоі, -- паднялася і пачала развітвацца з сяброўкаю настаўніца.
А на двары ўжо вечарэла. Восенскае сонца хутка спускалася ў баку мясцовых могілак, чаплялася за верхавіны дубоў, на голлі якіх яшчэ дзе – нідзе трапяталіся пажоўклыя лісты, якія, пэўна, таксама ўжо хацелі спусціцца да зямлі, каб іх у зімовы час так моцна не калаціў моцны студзённы марозны вецер. Бо такі злосны марозны вецер не шкадуе нікога, асабліва тых, хто дрэнна апрануты.
На наступны дзень Маргарыта сабралася на Лельчыцы. Бацька асядлаў ёй свайго скакуна і яна паціху, невядомаю лясною сцяжынкаю па – над Убарцю, паспяшалася ў бок Лельчыц. Яе ахутваў невялікі восенскі туман, які так і каціўся наперадзе яе, быццам бы паказваючы ёй дарогу, пра якую так дасканала расказаў ёй бацька. Чым далей яна ехала ад Зладзіна, тым меншым станавіўся туман, а затым і зусім яго не стала. Сталі добра бачны берагі Ўбарці, каранастыя таўшчэзныя дубы, якія сваімі вершалінамі варушылі воблакі, што звысалі над імі, між дубамі стаялі гладкастволыя клёны і ясені, на якіх яшчэ дзе – нідзе траплялася пажоўклае лісце, вузкую лясную сцяжынку, зрэдку, але пераплятала папараць, якую конь таптаў сваімі капытамі. Тут жа каля ракі раслі густыя лазнякі, у якіх трашчалі са сваімі вывадкамі сарокі, калі заўважалі каго з людзей, або ляснога звера.
-- Якое хараство прыроды! – амаль ускрыкнула Маргарыта. – Хіба можна параўнаць усё гэта з гарадскім жыццём у Мазыры?!
Яна саскочыла са свайго гнедага, ўзяла ў рукі абротку і паціху пакрочыла па – над Убарцю. На яе шляху стрэлася невялікае пасяленне, якое было абсажана ліпавымі дрэвамі. На дрэвах ужо не было лісцяў, але яна падумала: ’’Як патанае гэтая невялічкая вёсачка ў ліпавай зеляніне вясною і ўлетку, якая тут прыгажосць у гэтую пару!’’
Праз некаторы час яна ўжо ішла па мястэчку, адшукваючы мясцовую бальніцу. Пыталася, ёй паказвалі крочыць па – над Убарцю, затым павярнуць крыху на заход сонца, а потым толькі спытаць у людзей і знайсці там бальніцу. У старым садзе яна адшукала стары драўляны будынак, які і называўся земскаю бальніцаю. Нясмела зайшла ў пакой, дзе яе стрэла пажылая ўжо кабета, якая адразу запытала, па якой справе яна прыйшла. Паказала рукою на габляваныя дзверы, куды ёй патрэбна зайсці.
У пакоі за сталом сядзеў пажылы чалавек, які перабіраў нейкія паперы і не звяртаў на яе асаблівай увагі. Але ж калі пачала гаварыць яна адкуль прыйшла і хто яна такая, ён адсунуў ад сябе паперы і пачаў уважліва слухаць яе. Затым патрабаваў даведку, аб заканчэнні ею медыцынскіх курсаў. Твар яго пасвятлеў, адразу ж ёй прапанаваў работу ў бальніцы. Яна адмоўна пакруціла галавою, спасылаючыся на тое, што ў яе вёсцы і наўкола шмат хворых людзей, якія чакаюць адпаведнай дапамогі.
-- А Вы думаеце тут менш? Куды ні кінь вокам, паўсюдна хворыя людзі. А лячыць няма каму, ды і няма дзе… Вось нам дазволілі ў бальніцы паставіць толькі дзесяць ложкаў. Толькі за мінулы год імі пакарысталіся больш за дзве сотні чалавек. Найбольш турбавалі насельніцтва такія хваробы, як глісты кішэчныя, запаленне дыхальных шляхоў, страўнікава – кішэчны катар, хваробы поласці рота і зева, кароста, мышцавы рэўматызм, востры сустаўны рэўматызм. Рэдка, але сустракаецца такая хвароба як каўтун – вельмі небяспечная хвароба.
-- На лекцыях нам расказвалі аб гэтай небяспечнай хваробе, -- неяк неспадзявана і для сябе, перабіла яна суразмоўцу. Але ён толькі з нейкай пагадаю паглядзеў на яе і прамовіў:
-- Калі такі выпадак здарыцца, абавязкова хворага вязіце сюды. А зараз напішыце заяву, я дам Вам накіраванне на працу ў вашу мясцовасць. Дарэчы, а дзе Вы будзеце там працаваць?
-- Бацька ўжо выдзяліў мне невялічкі пакойчык, дзе я буду працаваць і будуць знаходзіцца лекі.
-- Гэта добра. Тады Маргарыта…, як Вас там? Міхайлаўна, вазьміце накіраванне і неабходныя лекі для работы. Папярэджваю, што лекі маюць кошт і патрэбна за іх браць з насельніцтва грошы, а вось калі хворы трапляе да нас у бальніцу, з яго за лекі грошы не бяруць, лечаць за кошт земства.
Яна развіталася, выйшла на вуліцу, адвязала свайго скакуна і паціху пакрочыла па мястэчку ў бок Убарці. У вочы кідаліся невялічкія курныя хаткі, якія туліліся па – над пясочнай вуліцай, у большай колькасці ўздоўж цягнуліся парканы, якія месцамі былі прагніўшымі і зусім псавалі выгляд. Больш прывабны вонкавы выгляд прыдавалі больш прыгожыя новыя дамы, якія былі пабудаваны па цэнтру мястэчка, непадалёку ад драўлянай царквы, ад якой зрэдку даносіўся перазвон колакала. Паўсюдна пры вуліцы задзіралі ўгару свае насы калодзежныя журавы, да якіх былі прычэплены драўляныя вёдры. Яна не стрымалася, падышла да аднаго з калодзежаў, папрасіла напіцца халоднай вады. Падзякавала гаспадыні і хацела ўжо ісці, але ўспомніла і запытала:
-- Як завуць вашага загадчыка бальніцы, а то я там была і нават не пацікавілася аб гэтым?
-- Ды Мікалаем яго завуць. А вось як па бацюшку – не запамятала.
-- Ну, дзякуй і на гэтым, -- чуць чутна прамовіла Маргарыта, са спрытам ускочыла на свайго скакуна і паімчалася ўжо па знаёмай ёй дарозе ў бок Зладзіна…
17
Амаль усю восень пан Ермаловіч і Андрыян думалі, куды падзець лес, што скапіўся ў іх на прыстані. Сплаўшчыкі апошні раз з вялікаю цяжкасцю прадалі свой лес на прыстані ў Майсеевічах і атрымалі наказ больш пакуль не дастаўляць яго ў сплаўную кантору пана Глінскага. Добра хоць, што рахунак зрабілі з імі поўнасцю і не давядзецца больш Андрыяну туды ехаць, бо Міхал Флёрка паціху сказаў яму сам – на сам, што не так гневаўся сам пан Глінскі, як яго дачка Кацярына…
Дачуўся пан Ермаловіч, што Мінскае губеранскае праўленне дазволіла памешчыцы Буйнавіцкага маёнтка Ізабэле Маркварт пабудову лесапільнага завода ў вёсцы Буда – Сафіеўка. Ён тут жа накіроўвае туды інжынера Андрыяна, каб той дамовіўся з грамадзянскім інжынерам Альфрэдам Маркварт, мужам пані Ізабэлы Маркварт, наконт таго, каб яны свой лес на цяглавай сіле даставілі на завод, які ўжо пачынаў працаваць. Каб было больш надзейна, пан Ермаловіч спачатку сам з’ездзіў да пані Ізабелы Маркварт і ўсё з ёю абгаварыў. Яна даручыла свайму мужу і загадчыку завода Гергарту Шуберту, каб тыя рашылі пытанне станоўча і ўжо ў бліжэйшы час пачалі прымаць лесаматэрыял ад пана Ермаловіча. Андрыяну толькі засталося абгаварыць з імі кошт тавару і месца, куды будуць яны вазіць лес.
Радаваўся Андрыян таму, што датэрмінова была ўзведзена дамба і пабудаваны надзейны мост праз раку Ўбарць. Работу паскорыла, пэўна, тое, што вялікую ўвагу на будаўніцтва ўсяго гэтага звярнула Мінскае губеранскае праўленне, адкуль неаднойчы прыязджалі яго прадстаўнікі, прасілі, каб хучэй вяліся работы на будаўніцтве, выдаткавалі нават дадаткова адпаведную суму грошай для рабочых, якія працавалі амаль без адпачынку. І работы на будаўніцтве дамбы і моста былі завершаны амаль адначасова. Паціху пачалі на валах і конях вазіць лес на лесапільны завод у вёску Буда – Сафіеўка.
На заводзе працавала больш за восемдзесят чалавек, сярод якіх былі качагары, машыністы, рымары, змазчыкі і іншыя. Туды нават правялі з Ельскай чыгуначнай станцыі вузкакалейку, па якой вазілі піламатэрыялы для Гамбургскага таварыства і другіх заказчыкаў.
Здзіўляліся зладзінцы, калі прывозілі лес да завода, што вельмі ўжо цяжкія створаны ўмовы працы для рабочых. Дзень рабочы пачынаўся ў 6 гадзін раніцы і канчаўся толькі ў 7 гадзін вечара. А калі хто з іх спозніцца на работу на дзесяць хвілін, то вароты завода зачыняліся і рабочым, якія спазніліся, ставіўся прагул, або звальнялі яго з работы.
-- Вось гэта парадкі! – выказваў голасна сваю думку Іван Мішкоў. Зладзінцы охалі, цяжка ўцягваючы ў сябе паветра, выказвалі кожны сваё меркаванне наконт гэтага. А Васіль Цімохаў выказаўся так:
-- Калі на такім прадпрыемстве даць нейкую палёгку, дык і завод гэты можа спыніцца, не працаваць. Нашага мужыка заўсёды патрэбна трымаць на кароткай вяроўчыне і ўвесь час за яе тузаць, тады будзе парадак…
-- Я згодзен, хлопцы, -- азваўся Цімафей Чэчка.—Нам трэба сказаць вялікае дзякуй нашаму інжынеру, што пазбавіў нас назіральнікаў і мы цяпер сталі людзьмі, амаль што вольнымі.
-- З гэтым нельга не пагадзіцца, -- уцягваецца ў гаворку Сідар Неваднічэнка. – Нашага брата толькі пусці на разгул, не прыгледзь за ім, дык можаш і не знайсці яго на рабоце.
-- Годзе пераліваць з пустога ў парожняе, -- умешваецца ў гаворку Міхал Флёрка. – Патаропімся, ды яшчэ зробім да вечара па рэйсу. Бачыце, ўжо сонца схіляецца да лесу.
Возчыкі паціху пачалі разварочваць свае вазы, ацокаць на валоў, нокаць на каней і накіроўвацца ў бок Зладзіна. А сонца ўжо пачынала амаль поўнасцю хіліцца да аголеных восенскіх дрэваў, яго кволыя промені чуць – чуць пачыналі чапляцца за галінкі, асвечваць ствалы. Паўсюдна змрочна шарэла, стомленыя за дзень валы чуць што перастаўлялі ногі, ішлі павольна, пэўна, ведалі, які лёс іх напаткаў у жыцці, засвоілі для сябе назаўсёды: павальней ідзеш – хучэй праляціць час, а там глядзі – і ноч наступіць, адпачываць будуць. Пагэтаму гэтае ацоканне вазніцы яны амаль не ўспрыймалі, нават не варушылі хвастамі, рухаліся і рухаліся сабе павольна па знаёмай ім дарозе. А мужчыны ўсё абмяркоўвалі тое, аб чым пачулі і пабачылі на лесапільным заводзе.
-- Нельга ж так катаваць людзей на заводзе, каб прымушаць столькі гадзін працаваць запар, -- працягваў размову Васіль Цімохаў. – Працаваць столькі часу без адпачынку.
Достарыңызбен бөлісу: |