-- Хучэй бы скончыць усе гэтыя работы па падсочцы, звезці жывіцу да смалакурні,-- думаў Даніла, ідучы ўздоўж балота да сваёй хаты. – Тады можа і будзе час, каб наведваць вечарам школу ў Зладзіне. Настаўніца прасіла, каб прывёў у школу хлопцаў з забалотнага хутара, каб неяк крыху падвучыліся. Ды і самому яму патрэбна абавязкова падвучыцца, асабліва цяпер яму патрэбны веды, калі інжынер даручыў яму такую адказную работу…
… Яшчэ ў апоўдні хлопцы з забалотняга хутара апранулі новыя кашулі, наваксавалі чаравікі да бляску, прымералі па сваім узросту свае кортавыя касцюмы і накіраваліся ў Зладзін. У гэты нядзельны дзень Алена Міхайлаўна паабяцала з імі да танцаў правесці ўрокі па пісьму і матэматыцы па праграме вышэй за пачатковую. Хлопцам такая навука была вельмі неабходнай, асабліва яму, Данілу. І ён бадзёрыў хлопцаў, падганяў іх хучэй збірацца, каб не спазніцца, бо даў слова ён настаўніцы, што прывядзе з – за балота хутарскіх хлопцаў, якія імкнуцца да навукі.
Настаўніца абрадавалася, што юнак выканаў сваё абяцанне, прывёў хлопцаў з забалотнага хутара, пасадзіў іх за школьныя парты. І Алена Міхайлаўна старанна пачала з хлопцамі займацца арыфметыкай і пісьмом. Калі ў яе Іван Осіпаў запытаў, ці абавязкова патрэбна для іх ведаць пісьмовасць, яна адказала:
-- Калі хто – небудзь з вас апынецца ў арміі і дамоў прышле паштоўку з вялікімі памылкамі, то дома вас могуць і не зразумець, не ведаць, дзе вы і знаходзіцеся.
-- Я чуў, што дзесьці ўжо пачалася вайна. Ці дойдзе яна да нас? – падаў сваё пытанне брат Данілы Сава.
Настаўніца крыху сумелася, але, падумаўшы, сказала:
-- Вайна пачалася небяспечная, а ці дойдзе яна да нашых краёў, я не ведаю. А мы з вамі не будзем траціць час і пачнем урок арыфметыкі, бо грошы лічыць павінны ўмець усе, ды і не толькі грошы. Матэматыка – гэта канкрэтная навука, якая дае розум чалавеку, развівае яго свядомасць…
Хлопцы старанна пацелі над задачкамі, якія падабрала ім настаўніца спецыяльна па іх прафесіі – як падлічыць кубатуру лесу. Гэта хлопцам вельмі спадабалася і яны былі ўдзячны за гэта сваёй настаўніцы, працавалі аж да прыходу моладзі на вячоркі.
Яшчэ з вуліцы пачуліся пералівы гармоніка Цімоха Чэчкі, пранізлівы і безклапотны смех дзяўчат, якія ішлі ў хату. Усе спыніліся каля ганка, чакалі, калі хлопцы па звычцы складуць парты ў вугал пакоя. А затым толькі пераступілі парог хаты, на хаду распранаючыся, пускаліся ў скокі. Хлопцы не губляліся, падхоплівалі дзяўчат, толькі тая пераступала парог хаты, кідалі яе вопратку на палок, які цягнуўся за падмуркам аж да самага драўлянага ложка і пачыналі ў такт гармоніка і бубена выбіваць свайго дрындыля. Пасля некалькіх кругоў, дзяўчаты пачыналі развязваць з – пад барады свае квяцістыя хусцінкі і таксама кідаць іх на сваю вопратку, а хлопцы неяк па звычцы толькі папраўлялі на сваіх галовах шапкі – васьміклінкі і стараліся абцасамі чаравікаў выстукваць пад бубен яго замыславатыя выкуртасы. Спацелыя валасы на галовах дзяўчат прыліпалі да іх успацелых румяных твараў, кізыталі хлапечыя вушы, нос. Але ўсяго гэтага яны не заўважалі – выбівалі дрындыля.
Калі заігралі вальс, Даніла нясмела падышоў да настаўніцы і запрасіў яе на танец. Яна з удзячнасцю паглядзела на яго і выйшла наперадзе яго на круг. Ён нясмела трымаў яе, стараўся неяк не вельмі дакранацца да яе цела, быццам адпіхваўся ад яе. Яна гэта заўважыла і таксама не вельмі прыціскалася да яго – старэй была яна за яго на некалькі гадоў.
На ’’белы’’ танец яго запрасіла Маргарыта, якая весела ўсміхалася, расказвала яму свае навіны, з якімі цяжкасцямі даводзіцца ёй сустракацца пры лячэнні хворых дзяцей і дарослых, якіх і колькі не дастае лекаў і іх нельга нідзе дастаць, нават выявіла яна адну дзяўчынку, якая хварэе на каўтун…
Даніла слухаў яе, а сам думаў зусім аб іншым: перад вачыма ў яго стаяла прыгожанькая дзяўчынка, якую звалі Таццянкаю. І калі ўспацелыя дзяўчаты і хлопцы пачалі разыходзіцца ў напрамку сваіх хат, ён вырашыў пайсці на новы мост праз Убарць і паназіраць за прыродаю.
Вялікі круглы месяц плыў над лесам за ракою, ён, здавалася, чапляўся за вершаліны дрэў, што раслі за лугам, неяк нязграбна вылазіў з – пад голля і зноўку асвятляў усё наўкола. Асвяціў і стары закіданы паром, які быў прывязаны да маста. І тут Даніла заўважыў постаць нейкай чалавечай асобы. Ён наблізіўся бліжэй і ад нечаканасці аж войкнуў: на дошках парома ляжала нерухома жанчына. Ён падышоў, аклікнуў, але яна не падавала свой голас. Тады ён хуценька падняўся на мост і пабег да шынка, каб стрэць каго – небудзь са знаёмых і паведаміць аб гэтым. Ля веснічак стаяла Маргарыта з Мікітам Чэчка і ён адразу паведаміў ім аб гэтым. Маргарыта адразу ж паведаміла аб гэтым сваяму бацьку, які з імі накіраваўся на стары паром. Цела жанчыны сапраўды ляжала нерухомым – яна была мёртвая.
На наступны дзень Данілу доўга дапытваў паліцэйскі ўраднік Мазырскага ўезда Тэппер, цікавіўся ўсімі падрабязнасцямі, якія толькі ведаў ён. І калі б не Маргарыта са сваім бацькам, дык выкруціцца Данілу было б не вельмі проста. А так выявілася, што забітая жанчына была жабрачкай, якая ішла з Турава ў напрамку Мазыра. Хто яе забіў і чаму – так і не выявілі. Ды і не вельмі ўраднік Тэппер імкнуўся да гэтага, бо ў яго цяпер спраў хапала палітычных. Людзі паўсюдна, як быццам бы скалыхнуліся, сталі нейкія ўзбуджаныя, непаслухмяныя. Адбываюцца адно здарэнне за другім, нават у асобных буйных месцах праходзяць нейкія арганізаваныя хваляванні. Пагэтаму гэтую справу ўраднік закрыў і паспяшаўся да Мазыра. А хлопцы заняліся сваімі штодзённымі справамі. Даніла, па загаду інжынера Андрыяна Чэчка, са сваёю брыгадаю накіраваліся ў лес, каб поўнасць за гэтыя дні сабраць з соснаў жывіцу і даставіць яе на смалакурню. Флёрка Міхал са сваёю брыгадаю паехалі ў дзялянку, каб прыступіць да вывазкі лесу на Буда – Сафіеўскі лесапільны завод. А Іван Мішкоў са сваёю брыгадаю старанна нарыхтоўвалі сыравіну для смалакурні, бо ўжо пачалі адчувацца невялічкія замаразкі раніцою і ў начныя гадзіны. Гэта ўсё заўважаў Андрыян, назіраў за зменамі надвор’я, памяркоўна абдумваў усе дэталі свайго кіраўніцтва гаспадаркай, каб нідзе не памыліцца, бо прывык ён несці адказнасць за сваю сям’ю і яму падначаленых людзей, радаваўся, што на яго прадпрыемстве усё пакуль спакойна, людзі працуюць згладжана, атрымліваюць нядрэнны заробак. У сям’і таксама ўсё ў поўным парадку: ужо падраслі хлапчукі, дапамагаюць маці ў хатніх справах, крыху супакоілася цешча, ладзіць з Ганкаю і малымі, усё чакае, што неўзабаве наведае яе брат Уладзіслаў, што працуе ў Мінскай духоўнай семінарыі, бо спадзяецца, што арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі перадаў яму вестку аб іх знаходжанні.
Андрыян уцягнуў у сябе паветра з асенняю прахалодаю, пагладзіў свой твар, што крыху парос шчацінаю, і накіраваўся сцяжынкаю, якая віляла змейкаю па – над Убарцю, да сасновага лесу, дзе вялася падсочка яго рабочымі.
Здавалася каля смалакурні ён не заўважаў туману, які слаўся тут над зямлёй так нізка, што ў ім нават гублялася рэдкае асенняе кустоўе, якое сям – там прабівалася на багністых берагах прырачных упадзінах. Гэты асенні туман ахінуў сваёй коўдрай не толькі кустоўе, але ж і луг, які цягнуўся ля таўшчэзных дубоў – волатаў аж да самага сасновага лесу, куды меў накірунак інжынер.
У падобную пару, асабліва, калі надвор’е крыху марознае – а такім яно ўжо трымалася не адзін дзень, -- можна было меркаваць, што зіма ўжо не за гарамі, хутка прыйдзе, засыпле ўсё наваколле снегам, параўняе ўсё на зямлі і вадзе, адзене ўсё ў прывабны белы колер. Толькі так і падумаў Андрыян, як з – за Ўбарці паказалася нейкая вельмі ўжо чорная хмара, быццам бы ўлетку перад дажджом, толькі без маланкі і грому. Яна насоўвалася ўсё бліжэй і бліжэй, нават нейкія драбнюткія крупінкі ўжо пачыналі падаць на твар, трапляць у вочы. А калі Андрыян павярнуўся да іх спіною, каб рушыць да смалакурні, за крупінкамі і паляцелі вялікія белыя матылі, якія ўвачавідкі пакрывалі зямлю, чапляліся за галінкі дрэваў, кустарнікаў. У вачах стаяла белая пеляна як на зямлі, так і ў паветры, не відаць было ні той летняй сцяжынкі, ні нават ракі, што бурчэла дзесьці побач. Раз – пораз даводзілася абтрасаць з вопраткі снег, каб зручней было ісці па цаліку, які пад нагамі так і парыпваў. Андрыян азірнуўся назад – анідзе не відаць ягоных слядоў, толькі чуць – чуць вырысоўваліся нейкія нявыразныя разоркі, якія толькі бачны былі на бугарках. А снег усё валіў і валіў, быццам хто яго вытрасаў з вялізнага меха і раўнютка расцілаў па ўсёй зямлі, сыпаў на дрэвы і кустарнікі, на раку, да якой падышоў Андрыян, каб вызначыць, дзе ён і як далей ісці да смалакурні.
-- Вось якія бываюць з’явы ў прыродзе! – пра сябе думаў інжынер, абыходзячы Гнілое возера, на ваду якога безперапынна сыпаліся белыя матылькі, але вада іх адразу ж растварала, робячы для сябе на зіму запас, заўважыў, што на возеры плавае некалькі дзікіх качак – чырак.
-- Няўжо не паспелі адляцець у вырай, засталіся зімаваць?
Паспрабаваў падыйсці бліжэй, але яны толькі крыху адплылі ад яго, а ўзляцець не адважыліся. Ён зразумеў, што ў такую снегавую завіруху ім няма куды ляцець, яны трымаюцца вады. А калі і паляцяць яны куды – небудзь, то не так і далёка, бо калі крыху пацяплее, абавязкова вернуцца назад…
На наступную раніцу Андрыян выйшаў з хаты, чуць толькі золак падымаўся на ўсходзе. У нядзельны дзень вырашыў прайсціся па прыродзе, патаптаць першы снег, а заадно і праверыць, ці поўнасцю ачысцілі падсочку.
Парыпваў пад нагамі мяккі, яшчэ не злежаны снег, парыпваў свежа, ядрана. І бела – бела навокал, куды ні паглядзі, аж усё сіняе. Снег пазакрываў няроўнасці паўсюдна, папрагінаў долу сваім цяжарам бадыллё, траву, галінкі лазы, наляпіў за ноч на ствалах дрэваў розныя малюнкі, наляпіў і пасадзіў на галінкі розныя дзівосныя фігуркі, падобныя на звяроў і птушак. А ў лесе ціха – ціха і вельмі пахарашэла. Бы ў зачараваным сне, стаялі прыпушчаныя холадам зімы дрэвы – асінкі, бярозы, дубы, маленькія і вялікія хвойкі. А вечназялёныя сосны, здаецца, папрысядалі, паменшалі ростам. Снег ляжаў на прагалах, бялеў у ягадніку і верасе, прысыпаў ігліцу і лісце. Нідзе нічога не трэсне, ні скрыпне…
Здавалася, што ўсё навокал спіць, нідзе ніхто не жыве, папрачынаўшыся, схаваліся ад першага спалоху зімы і здзіўлення. Але паступова ўсё жывое авалодвала сабою, шукала, што ю паесці, дзе б схавацца ад холаду, пагрэцца. І сляды гэтага жыцця і турбот відаць былі скрозь на снезе. Робячы замыславатыя, хітрыя петлі, праскакаў між кустоў заяц, бегла некуды, не зварочваючы, замятаючы хвастом сляды, ліса, праставаў, быццам сапраўдны гаспадар лесу, воўк… І вавёрчыны, куніцыны сляды былі відаць то пад адным, то пад другім дрэвам…
-- Значыцца растане снег, -- падумаў Андрыян. – Было так заўсёды – сляды звяры пакідаюць на першым снезе – хутка растане снег. Калі снег кладзецца надоўга, тады звяры не спяшаюцца вылазіць са сваіх сховішчаў, не спяшаюцца пакідаць на снезе сляды. Вось як створана ўсё ў прыродзе, неяк зусім загадкава ўсё створана…
Ён усё крочыў і крочыў па бялюткім першым снезе спачатку па – над Убарцю, па яе лугавінах, затым перайшоў на прылугавыя лясныя прасторы, дзе было крыху спакайней і вальней, дзе так лёгка дыхалася чыстым сасновым паветрам. Ён іншы раз здымаў жменяю з невялічкіх сасёнак мяккі пушысты снег, лажыў яго ў рот і смактаў. Снег аддаваў смалістым пахам аж да гаркаты, але ён гэтую гаркату не выкідваў з рота, удыхаў яе разам з паветрам у сябе, радаваўся ўсяму гэтаму. Быў задаволены і тым, што ніводнай пасудзіны з падсочкі ён у сасновым лесе не знайшоў. Дамоў вяртаўся ў бадзёрым настроі…
Яшчэ здалёку ён убачыў ля хаты карэту, ля якой стаялі людзі і пазіралі ў ягоны бок. Андрыян зразумеў, што хтосьці прыехаў да іх з важных гасцей, бо карэта была не з простых. А калі наблізіўся і пабачыў як яго цешча і Ганка круцяцца каля госця, зразумеў, што гэта прыехаў з Мінска Ўладзіслаў Шульц, іх з Ганкай дзядзька і брат Альжбэты Генрыхаўны, а таксама дзядуля яго хлапчукоў, якія яго ўжо даўно чакаюць.
Дзядуля сапраўды яшчэ выглядзеў нядрэнна. Яго рыжая кучаравая барада прыдавала яму важнасць, манастырскі касцюм яму вельмі пасаваў, асабліва нейкае заморскае футра, усё пераплеценае пазалотаю.
Хлопцы не адыходзілі ад яго, разглядалі яго вопратку, вялікі пазалочаны крыж, які ён пагладжваў рукою, калі размаўляў з кім – небудзь з сям’і.
Ужо ў хаце ён асцярожна даставаў з вялізнага каша падарункі: бабулі Альжбэце ён падараваў вялізную, вельмі прыгожую хустку – тарноўку, на якой быццам жывыя ляжалі чырвоныя кветкі, Ганцы – яшчэ лепшую, чым у маці, хустку і вельмі прыгожы сарафан, які яна адразу ж прымерала да сябе, Андрыяну – прыгожы суконны касцюм, кашулю і гальштук да яе, а хлопцам – таксама прыгожыя касцюмчыкі з матроскімі гюйсамі і кожнаму з іх па самаробнаму нагану, якія нельга было адрозніць ад сапраўднага. І калі пачалі яны настаўляць адзін на аднаго і голасна вамаўляць: ’’Бах – пах, бах – пах,’’ бабуля сумелася, а Ганка нават прыкрыкнула, што так рабіць нельга. Уладзіслаў Генрыхавіч паціху прагаварыў: ’’Няхай вучацца, спатрэбіцца…’’
І калі ўжо за вячэраю, ён нічога не скрываючы, пачаў расказваць, якое складанае становішча складваецца не толькі ў Мінску, але ж і паўсюдна, Андрыян не вытрымаў і запытаў:
-- Да нас чуткі мала даходзяць, але ж мы хочам ведаць, чым гэта ўсё можа скончыцца?
-- Добрага мала ў гэтым,-- крыху падумаўшы, адказаў прамоўца. – Народ ускалыхнуўся, бунтуе, выступае супраць вайны, якая ўскалыхнула амаль усю Еўропу, якая можа і дакаціцца да нашых берагоў, у тым ліку і да вашага палескага краю. Усе на нейкі момант прыціхлі. Нават хлопцы перасталі настаўляць сваю зброю адзін на аднаго, пачалі прыслухоўвацца да размовы свайго дзядулі з бацькам і другімі членамі сям’і. А маці іх чамусці вельмі стала засмучоная, неяк шкадліва пачала ўглядацца ў бацьку, маўчаць. А бабуля неяк непрыкметна з вачэй скінула слязу, вінавата паглядзела на брата, пачала падрабязна распытваць пра маці і бацьку, як даўно яны памерлі, ці шукалі іх шмат гадоў таму назад, калі яны з Яцэкам уцяклі сюды, у гэты неабжыты палескі край. Брат толькі пасопваў, не хацеў на старасці гадоў крыўдзіць сястру, не гаварыць ёй аб тым, як многа часу шукалі бацькі іх з Яцэкам, як пакутвалі яны ад гэтага. Ужо жыўшы ў Мінску, ён колькі разоў спрабаваў наладзіць пошукі сястры, але ўсё было безвынікова. І толькі пашчаслівіла тады, калі выпадкова напаткаў іх арцыбіскуп Вінцэнт Клучынскі, які ехаў правяраць касцёлы на Палессе.
У гэты вечар шмат аб чым яшчэ размаўлялі Андрыян з госцем, больш за ўсё яго цікавіла яго гаспадарка, што з ёю будзе, калі немцы прыйдуць у гэты край, або тым горш, калі можа змяніцца ўлада. Станоўчага адказу ён так і не атрымаў, бо ніхто не ведаў, што можа адбыцца потым. Калі гаворка зайшла аб тым, каб працягнуць навуку хлапцоў, Уладзіслаў Генрыхавіч нейкую хвіліну думаў, а затым згадзіўся дапамагчы ў гэтым. Калі пачула гэтыя словы Ганка, адразу ж спахмурнела – яна не ўяўляла сабе жыццё без сваіх хлапчукоў, спрабавала ўставіць нейкае сваё слова, але зразумела, што будзе яно недарэчнае, змаўчала. Тое ж самае было на твары і ў Альжбэты Генрыхаўны, але яна таксама маўчала, ведала, што калі вырашыў так Андрыян – так яно ўсё і будзе. Гэта ўсё было заўважана і самім госцем, які паглядзеў на ўсіх сваім пранізлівым поглядам і быццам бы падвёў усяму гэтаму вынік:
-- Цяжкавата будзе хлопцам на першым часе, калі пачнуць яны падганяць сябе ў навуцы, каб потым паступіць у духоўную гімназію, але справы, думаю, вырашацца станоўча, толькі трэба ім захацець.
-- А я не вельмі ды і хочу быць духоўным служыцелем,-- выразна выказаў сваю думку Аляксей. – Няхай Андрэй ідзе ў папы, а потым у манастыр…
І ўсчалася між імі звычайная, для іх звыклая, валтузня – хто каго перакіне праз галаву. Тут не стрымаўся і Андрыян, ён злавіў іх за рукі і прымусіў прасіць прабачэння ў госця. Але дзядуля толькі ўсміхаўся ў сваю рыжую бараду, ад задавальнення крактаў, шморгаў носам. Яму было дзівосна ўсё гэта бачыць і чуць ад унукаў, бо сваіх дзяцей у яго не было – не дазвалялася мець іх.
У гаворку ўмяшалася гаспадыня, запытала, як доўга брат не быў у Бяла – Падляску, хто там яшчэ застаўся з жывых, ці можна да іх наведацца… Адказу не паследавала, бо ён і сам не быў у тых краях вельмі даўно, а паабяцаў абавязкова з’ездзіць і даведацца аб усім. З Мінска, дзе ён працуе ў духоўнай семінарыі, не так проста даведацца аб сёстрах, якія засталіся там, тым больш цяпер, калі немцы занялі ўжо ўсю тэрыторыю, дзе раней яны пражывалі. Усе на момант задумаліся, маўчала і Альжбэта, бо ведала, што шмат гадоў ужо прайшло з таго часу, як яны з Яцэкам уцяклі з тых мясцін ад бацькоў, каб схавацца вось тут, сярод гэтых непраходных балот на Палессі. Пасля раскошнага жыцця ў Бяла – Падляску, было на першым часе вельмі цяжка прывыкаць да ўсяго гэтага нуднага жыцця, але побач з каханым Яцэкам усе перашкоды мінавалі, звыклася з усім гэтым, асабліва тады, як з’явіліся на свет дзяўчынкі… Яна на нейкі момант засяродзіла сваю ўвагу на загінуўшай Ядвісі і не пачула, як Уладзіслаў яе аб нечым запытаў. А потым схамянулася ад думак, пачула, калі ён яе пытаў пра Ядвісю, як так усё здарылася, як яна загінула… Яна нічога не адказвала, угледзелася ў нейкую кропку і маўчала. Тады ён зразумеў, што гэтым пытаннем яе чапаць не трэба было і запытаў для прыліку Андрыяна: у якім стане знаходзіцца прадпрыемства, як паводзяць сябе рабочыя, ці не бунтуюць?
-- Заробак плачу я ім нядрэнны, працуюць сумленна, да зімы падрыхтаваліся як належыць, сыравіны хапае.
-- Гэта добра, -- пагадзіўся з адказам Уладзіслаў Генрыхавіч.—Але ж усяроўна, патрэбна вуха трымаць на вастрыні, бо час такі, шмат пра ўсё гэта гавораць, асабліва ў нашым Мінску…
Праз колькі дзён дзядуля Ўладзіслаў з унукамі накіраваўся па мазырскай дарозе ў бок Мінска. Ля веснічак стаялі заплаканыя Ганка з Альжбэтаю, глядзелі ў бок новага маста праз Убарць, дзе праязджала карэта. Андрыян як мог супакоіваў іх, гаварыў, што хлопцам патрэбна навука, ім у гэтым дзядуля дапаможа. Але яго не слухалі, яшчэ больш ліліся слёзы па твары Ганкі і цешчы. Давялося іх прымусам завесці адну і другую ў хату, каб не чуць іх усхліпвання…
20
Раніца выглядзела не вельмі марознай, трохі супакоіўся вецер. Толькі лена, павольна гойдаюцца дрзвы, скідваючы з сукоў нязвыклую белую навісь. На двары паўсюдна белізна, чыста, нібы толькі што заслана ўсё светлым белым абрусам.
Андрыян па мяккім пушыстым снезе накіраваўся ў сад. Чамусьці ён яго прывабліваў не толькі ўлетку, але і ў зімовы час, калі стаяў ён увесь у белізне, варушыў галінкамі ад легкага подыху паветра. Ён успомніў, з якой урачыстасцю ён шугаў бела – ружовым полымем у пару цвіцення, якую чароўную музыку шчынялі ў ім неўгамонныя працаўніцы – пчолы, як лапатаў ён маладым густым лісцем у час навальнічных дажджоў. А цяпер узімку парывісты золкі вецер іграў на яго голых азамлых галінках журботную, нейкую таямніча – узрушаную песню. А быў жа гэты сад улетку сапраўдным спакуснікам – чараўніком, калі плады яго наліваліся мядовым сокам і свяціліся безліччу маленькіх сонцаў.
Андрыян успомніў свой сад на Валыншчыне, які чамусьці напамінаў яму гэты, які цягнуўся амаль да самой Убарці. Там таксама раслі яблыні і ігрушы, слівы і чарэшні, шмат усялякай смародзіны, а таксама раслі абрыкосы і дрэвы шаўкавіцы, чаго няма ў гэтым садзе. Пэўна, адносяцца яны да паўднёвых дрэваў і тут у маразы яны не прыжываюцца.
Ад Убарці падзьмуў калючы марозны вецер, і захісталіся, заварушыліся, забразгаталі нейкім касцяным бразгатам настылыя галінкі. Сарваліся з яблынь і паляцелі некуды ў сад колькі скручаных, пачарнелых і яшчэ па – асенняму жоўтаватых лістоў. Чуваць было, як гулка, бы на бубне, стукнуў аб зямлю невялічкі яблык – заморак, адзін з тых, што нейкім чынам умудрыўся ўтрымацца на яблыні аж да гэтага часу.
Андрыян перавёў погляд на тое месца, дзе ўпаў гэты яблык, падышоў да яго, падняў з пушыстага снегу і асцярожна прымацаваў у разгаліну яблыні. ’’Можа якая птушка прагаладаецца, або выпадкова вавёрка загляне і спакусіцца на яблык, -- падумаў ён. – Бо часта ён заўважаў, як узімку вавёркі па дубах прыбліжаліся да паселішчаў, каб знайсці там што – небудзь сабе для спажывы. Андрэйка з Аляксеем бывала часта, калі заўважалі вавёрак, выносілі з дому ім пачастункі. Цікава, як яны там сябе адчуваюць? Даўно ад іх няма ніякіх вестак. Адразу, як толькі паехалі, прыслалі некалькі паштовак, а зараз чамусьці замаўчалі, пэўна, прывыклі да гарадскога жыцця і пачалі забываць пра дом, пра іх. Ганка з цешчаю вельмі сумуюць без іх, увесь час ходзяць да Лайхмана, каб даведацца, ці не прывозіў паштовы сувязны ім паштоўку, а можа і прывозіў – а яна недзе тут завалялася…’’
Падышоў да смалакурні, дзе ўвіхаўся Іван Мішкоў – перабіраў смаловае сучча, якога нарыхтавалі за восень вялізны ворах. Выслухаўшы заўвагі Інжынера, ён ні ў чым не запярэчыў яму, а толькі сказаў:
-- Вы, Андрыян Васільевіч, яе ведаю і заўважыў цяпер, любіце хадзіць па зімоваму лесу. Прапаную Вам пайсці з намі на паляванне, будзем зноўку стрвляць шэрых, а заадно, можа і ўпалюем вепрука дзе – небудзь, а то іх таксама развялося зашмат.
-- Згодзен. У першы ж выхадны так і зробім, падбірай надзейных хлопцаў.
Яшчэ толькі пачынала світаць, як Андрыян прыхапіў сваю стрэльбу і паціху, каб не пачулі дома, выйшаў на вуліцу. Неяк па – асабліваму блішчэлі тысячамі іскрыстых сняжынак гурбы снегу, калі больш ярка пачыналі зіхацець на небе зоркі. Пушыстае срэбра ледзяной шэрані свяцілася на дрэвах, што стаялі, нібы вылепленыя са сцюдзённай цішыні, іскрыліся і пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.
Ён паціху падышоў да смалакурні, дзе ўжо яго чакалі паляўнічыя, павітаўся і яны рушылі дубніком да Манчыцкага хутара. Вылі паляўнічыя на вяроўчынах толькі дзве гончыя. Андрыян не пытаў, чаму больш не ўзялі сабак у лес, ведаў, Іван Мішкоў і Міхал Флёрка ведаюць, што робяць, яны сёння кіруюць усім паляваннем. Перайшоўшы Федасоў брод, яго паставілі ля дзвюх тонкіх бярозак на адпаведны нумар, самі пайшлі далей па ўскрайку балота ў заходнім напрамку, каб выставіць другія пасты і зрабіць планавы загон супраць ветру. Гамонкі іх чуваць не было з таго часу, як перайшлі брод.
Цягнула прахалодаю, марозік быў слабенькім, чуць – чуць шчыпаў за нос, халадзіў твар, на што амаль аніякай увагі не звяртаў Андрыян. А калі пачуў далёкі брэх сабакі, амаль зусім не звяртаў на маленькі марозік увагі.
Брэх сабак усё бліжэй і бліжэй пачаў даносіцца да яго слыху. Думалася, чаму ніхто не страляе па зверу, няўжо мінае ён далёка ўсе пасты? Але ж раптам зусім непадалёку пачуўся адзін стрэл, затым другі… Ужо хацеў было ён адыйсці ад сваіх дзвюх маленькіх бярозак, каб ісці на стрэл дубальтоўкі, як раптам пачуў моцны трэск ламачча зусім побач у гушчары і праз нейкі момант пабачыў, як абсыпаецца снег з невялічкіх сасёнак і прама на яго валіць вялізны вяпрук, высунуўшы наперадзе доўгі лыч.
Нейкія невядомыя зімовыя мурашкі прабеглі ў яго па ўсім целе, рукі здрыньцявелі, не маглі намацаць дубальтоўку, трымаць яе. У галаве толькі стукалі нейкія малаточкі, якія даводзілі свядомасць да таго, што ў яго стралялі, а паранены ён можа быць вельмі небяспечным, можа напапалам перарэзаць яго свамімі ікламі, якія тырчаць у яго – як ён ужо гэта заўважыў, бо ён спыніўся ад яго крокаў за два – тры – і далей ужо свярдліў яго сваімі маленькімі вачанятамі, пранізваў імі навылёт, аж ад гэтага рабілася неяк млосна, праз сілу прымусіў сябе не варушыцца, бо ведаў, што хоць невялічкі ягоны рух можа прывесці да небяспекі, а малыя кволыя бярозкі яму не дадуць паратунак. І ён здрыньцявелы стаяў і чагосці чакаў, чакаў нейкага паратунку, бо бачыў, што гэтая вялізная капа не звяртае нават аніякай увагі і на сабак, якія грызуць яго з розных бакоў. Крыху апрытомнеў, калі заўважыў, што нехта з паляўнічых крадзецца да яго і вяпрук, здаецца, не паранены. Але працягваў стаяць нерухома, не шавяліўся. І толькі тады, як вяпрук заўважыў, што прыбліжаецца другі паляўнічы, зварухнуўся з месца і павольна пакрочыў у бок балота, раз – пораз адграбаюча сваім доўгім лычом надакучлівых сабак. Андрыян уздагонку выстраліў, пачуў кароткі візг, затым адзін за другім паследвалі яшчэ выстралы з дубальтовак – і сабакі змоўклі…
-- Гэта Ваша шчасце, што быў ён не паранены і Вы стаялі нерухома, -- выказаў сваю думку Якаў Осіпаў. – Інакш…
Ён не выказаў сваю думку да канца, толькі махнуў рукою, паказваючы на вялізныя клыкі вепрука, якія вытыркаліся на некалькі сантыметраў каля яго пысы.’’ Гэта вельмі небяспечны звер, асабліва калі ён паранены, -- умешваецца ў размову Змітро Цімохаў. – Памятаю, як аднойчы мы палявалі на вепрука – адзіночку, паранілі яго і як ён пачаў ганяцца за намі. Добра што было гэта ўлетку і сярод лесу, дзе паспелі мы хутка ўскарабкацца на дрэвы. А вось Васіля Цімохава вяпрук злавіў за лапаць, калі той спрабаваў ускарабкацца на невялічкую бярозку, і пакінуў сядзець босага да таго часу, пакуль з суседняга дрэва не злаўчыўся Сцяпан Неваднічэнка і палажыў вепрука прама каля ног Васіля.’’
Достарыңызбен бөлісу: |