-- Дзякую, супакоіла ты мяне Яўгенія. А я ўжо думала аб дрэнным…
Яна паднялася і пакрочыла па пасочнай дарозе ў напрамку сваёй сядзібы. Ішла не спяшаючыся, думала, што вяскоўцы пасля гадання Яўгені, абавязкова яшчэ звяртаюцца з такім жа пытаннем і да Васіля Чэчкі, слухаюць яго, і толькі тады пачынаюць параўноўваць іх словы і прыходзіць да высновы ўсяго для іх патрэбнага. Лізавета думала, што можа і сабе зрабіць таксама гэтак? Пачуць, што скажа накшлакт гэтага Васіль, і потым толькі можна што – небудзь падумаць аб гэтым. І яна збочыла з дарогі, каб нацянькі, па – над Убарццю пайсці ў напрамку Васілёвай сядзібы, але спынілася, бо заўважыла чалавека, які, пэўна, чакаў яе. У ім яна пазнала свайго хроснага жабрака, які сапраўды чакаў яе, каб штосці сказаць. Абрадаваная, яна падбегла да яго, прывіталася і пачала дапытвацца аб сваім набалелым. Але ён яе астудзіў, калі сказаў, што бачыў, як у Лельчыцах арыштоўвалі гэтага чужога незнаёмага чалавека, што ён зусім не яе свёкар…
На сэрцы адразу палягчэла, зрабілася неяк зусім добра. Нават пачула яна, як удалечыні над полем звіняць, пераліваюцца звонкія галасы жаваранкаў, як па лазняку каля ракі праляцеў цёплы вясновы вецярок, які паварушыў ужо моцна набрынялыя пупышкі – коцікі, якія, здавалася вось – вось лопнуць і выпусцяць на волю свае кволыя зялёныя лісточкі. Ішлі некаторы час моўчкі, затым жабрак пачаў расказваць, дзе ён увесь гэты час быў, што бачыў. Асабліва насцярожыла Лізавету тое, што творыцца ў Польшчы, калі яе захапілі немцы. Як там яны здзекваюцца з яўрэйскага насельніцтва, якія ўвесь час шукаюць паратунак на нашай тэрыторыі, пераходзяць сюды цэлымі сем’ямі, прадказваюць нядобрае ў адносінах да нашай краіны. Але іх арыштоўваюць і лічаць шпіёнамі – здраднікамі, многіх адпраўляюць назад праз мяжу. А калі дзе стрэнуць немцы цыганскія табары, знішчаюць таксама, як і яўрэяў…
Лізавета жахнулася, палажыла рукою на грудзі крыж, прашаптала:
-- Можа, дасць Бог, сюды яны не прыйдуць… Але ж чаму ў апошні час пачалі прыязджаць у наш глухі палескі край яўрэі з Турава і Мазыра, уладкоўвацца нават на працу? Вось і сям’я Маргарыты Лайхман, бацька якой раней тут ведаў пастаялым дваром, прыехалі сюды, уладкавалася яна на працу ў медыцынскі пункт, бо там, з таго часу, як арыштавалі Савелія Змітравіча Цімохава, ніхто не працаваў. Ды не так даўно праз вёску ў напрамку Мазыра праехала некалькі цыганскіх вазоў, якія, як звычайна раней, у вёсцы не спыняліся, кудысьці спяшаліся. Няўжо і на нас насоўваецца нейкая небяспека?
Ідучы побач з Лізаветай, жабрак распытваў яе пра сваіх хрышчоных, як яны ўжо выраслі, як дапамагаюць ёй па гаспадарцы. А калі запытаў пра Аляксея, яна сумелася, адказала, што ніякіх вестак ад яго няма, не ведае, ці дзе жывы яшчэ, ці можа ўжо … Яна не дагаварыла, агарнуў яе моцны смутак, чамусці пацямнела ўваччу, яна пахіснулася, схілілася на плот і слёзы пацяклі па яе твары…
… У калгасным клубе было паўнютка людзей, чакалі прадстаўнікоў з раёна, якія абавязкова павінны былі прысутнічаць на калгасным сходзе, дзе будзе весціся размова аб вясновай пасяўной калгасных палёў, дзе і якія культуры, у якой колькасці павінны засеяць у калгасе, што патрэбна сеяць калгаснікам на сваіх прысядзібных кавалках зямлі, каб потым магчыма было своечасова разлічыцца з дзяржаваю падаткамі.
- Хіба мы без іх не ведаем, дзе і што сеяць у калгасе, тым больш на сваіх прысядзібных кавалках зямлі, з якіх штогодна плоцім гэтыя падаткі? – выкрыквалі вяскоўцы з месцаў, ужо не баючыся, што іх могуць абвінаваціць у гэтым, бо апошнім часам усё вакол крыху прыціхла, не хапалі ноччу ні ў чым не павінных людзей, не гойсаў па вуліцах чорны ’’гургон,’’які раней наводзіў на ўсіх жахлівасць. Нават ад некаторых арыштаваных прыходзілі з Сібіры звесткі, што яны жывы і здаровы, але дамоў вернуцца зусім яшчэ не скора. Так Савелій Цімохаў паведамляў, што ён знаходзіцца на вольным пасяленні, працуе ў турэмнай лякарні. Ад астатніх, якія былі арыштаваны і адпраўлены ў невядомым кірунку, ніякіх звестак не прыходзіла, жонкі і дзеці чакалі іх.
Вось на парозе клуба з’явіліся прадстаўнікі раёна, падышлі да стала, які быў засланы чырвоным абрусам, палажылі свае паперы, прыселі побач на лаву.
Калі пачалося абмеркаванне плана пасяўной, адзін з іх зачытаў яго са сваёй паперчыны, не даўшы нікому нават сказаць і слова па гэтаму пытанню. Калі старшыня калгаса спрабаваў штосьці пярэчыць, яго штурхаў у плячо побач сядзячы і, лагодна ўсміхаючыся, яго супакоіваў, спрабаваў штосьці шаптаць яму на вуха. І ён змаўкаў, больш не турбаваўся, ведаў, што ўсяроўна нічога тут не пераіначыш – будзе так, як вырашыў раён.
Другі цывільны, які сядзеў каля старшыні калгаса і штурхаў яго ў плячо, напрыканцы сходу пачаў расказваць аб тым, які неспакой пануе ў Еўропе, якія краіны ўжо захапілі немцы, да чаго яны імкнуцца…
-- А з намі яны будуць ваяваць? – пачуўся голас з цемнаватай залы, бо газавая лямпа стаяла толькі на стале, а другая, якую прымасцілі на выступу каля сцяны, чамусьці патухла, бо, пэўна, у ёй газа была разведзена напалову з вадою, таму што яна капціла і капціла, пакуль кнот у ёй зусім не засмаліўся і не перастаў гарэць.
-- З намі немцы ваяваць не будуць, -- запэўніў прысутных прамоўца. – У нас з імі заключанае мірнае пагадненне аб ненападзе, і гэта гарантыя таго, што будзем жыць мы пад мірным небам, займацца сваімі справамі. Ды ці і адважыцца хто – небудзь выступіць супраць нашай магутнасці ў ваеннай справе?...
Сядзелі у клубе зладзінцы ціха, слухалі прамоўцу, які з ваеннай небяспекі неяк незаўважана пераходзіў зноў да сельскай гаспадаркі, заклікаў усіх добрасумленна выконваць свае абавязкі па рабоце ў калгасе, своечасова разлічвацца з дзяржаваю па запазычанасці па аблігацыях, якія з іншымі падаткамі прымусова накладваліся на кожную гаспадарку, разлічвацца па заёмах, якія быццам бы дзяржава пазычае ў людзей, каб быць больш моцнай і не баяцца ніякага ворага, якім не падабаецца сацыялістычнае грамадства… Ён асцярожна дастаў з кішэні паперу і пачаў зачытваць тых жыхароў вёскі, якія занадта многа павінны былі заплаціць дзяржаве грошай.
-- Дзе ж мы возьмем гэтыя грошы? – пачуліся ўсхваляваныя галасы з цемнаты. – Кожная сям’я, якую зачыталі, жывуць без гаспадароў, маюць па сем – восем дзяцей, якіх патрэбна пракарміць, абуць, адзець! А дзе ж нашы гаспадары, якіх вы забралі і аб якіх мы нічагусенька не ведаем?
Наадварот, патрэбна, каб дзяржава аказвала мнагадзетным сем’ям нейкую дапамогу, каб падняць на ногі дзяцей, а не забіраць у іх апошняе…
Упаўнаважаны быццам бы і не пачуў гэтыя словы, працягваў сваю прамову далей. Але ж калі закрануў пытанне, што гаспадары такіх сем’яў лічацца ў дзяржаве ворагамі народа, жанчын як прарвала. Больш за ўсіх крычала Лізавета і Алёна, якія сядзелі побач у клубнай цемнаце. Яны не баяліся адкрыта ўжо выказваць сваю думку, мо прыкрываліся гэтай клубнай цемнатою, якая вісела над імі разам з тытунёвым дымам, а можа выкарыстоўвалі ўжо тыя адносіны дзяржавы, што крыху паслабіла да іх сваё ярмо, што так муляла шыі сялянам. Падхоплівалі выступленне жанчын і мужчыны, якія сядзелі крыху наперадзе, слюнявілі свае курыныя ножкі з самасада і сплёўвалі на падлогу сабе пад ногі астаткі самакрутак. Але пытанні ў іх да прамоўцы былі больш сціплыя, нейкія крыху памяркоўныя: ці будзе Буйнавіцкая МТС папаўняцца трактарамі, бо надакучыла ўжо цягацца ў калгасе з лянівымі валамі, якіх заядаюць улетку авадні і мухі, ці хутка правядуць у вёску радыё, хацелася б чуць нейкія навіны свету, ці будзе завозіцца ў краму хлеб з Буйнавіцкай пякарні, бо працуе яна толькі для сваіх жыхароў вёскі, хто будзе роамантаваць дарогі, якія заплываюць вясною вадою і гразёю, што не праехаць і не прайсці і іншыя пытанні, на якія ў прамоўцы не знаходзілася пэўных адказаў…
Вярталіся з калгаснага сходу пад поўнач, ярка свяціў вясновы месяц, які выпаўз з – за Убарці і зачапіўся сваім крылом за галлё адзінага дуба, які стаяў адразу ж за мостам. І застаўся ён у адзіноце пасля нарыхтоўшчыкаў Данбаса мо таму, што ўжо моцна вісеў блізка над вадою і яго не асмеліліся пілаваць, бо рухнуўся б ён толькі ў рачную ваду, адкуль было яго не дастаць.
Чуліся на масту смехі моладзі, якія пад гармонік танцавалі, спявалі песні. Туды і накіравалася моладзь, якія сядзелі ўвесь вечар на калгасным сходзе, бо лічыліся яны калгаснікамі. А ў такі ціхі вясновы вечар збіраліся хлопцы і дзяўчаты амаль штовечар на масту, на свежым паветры, пад променямі вялікага месячнага кола, куды не патрэбна было па чарзе, як у клуб, прыносіць газу, каб мець святло ў клубе.
Насцярожылася моладзь, калі з боку вёскі заўважылі цыганскія кібіткі, якія адна за другою падымаліся на мост, грукацелі коламі па дошках. Налічылі іх больш дзесяці. Прадапошняя з іх непадалёку спынілася, з яе вылезла старая цыганка і накіравалася да моладзі.
-- Давай паваражу каму, усю праўду раскажу, што з кім будзе далей, які лёс яго чакае наперадзе, -- пачала адразу ж старая цыганка, падыходзячы да моладзі.
-- Спачатку адгадай, як мяне завуць? – усміхаючыся, азваўся з гурта Осіпаў Канстанцін, самы смялейшы з усяго гурта хлапцоў і дзяўчат.
Цыганка падышла да яго, узяла за левую руку, патрымала крыху і прамовіла: ’’Канстанцінам Раманавічам цябе завуць не інакш, я гэта адчуваю і прадбачу.’’
Усе аж ахнулі, пачалі шаптацца, бліжэй падыходзіць да цыганкі, прасіць, каб паваражыла. А Косця стаяў нерухома, быццам яго хто агрэў па галаве, у вушах звінелі словы цыганкі. А яна ўжо прасіла ў другіх пазалаціць ёй ручку, называла іх імёны і прадсказвала іх лёс. Флёрку Данілу Міхайлавічу яна прадсказала вельмі далёкую дарогу ў будучым, што ён будзе бачыць чужыя краіны, чужых незнаёмых людзей, якія яму дапамогуць, і ён бесперашкодна вернецца да свайго дома. А яго брату Змітраку яна прадсказала таксама амаль такі ж лёс, як і Данілу, але без столькі ж складанасцяў, як у яго. Трымаючы ў сваёй руцэ руку Нічыпара Осіпава, яна безпамылкова адгадала, што ён мясцовы каваль, працуе здаўна, стрэне на сваім шляху шмат непрыемнасцей, але ўсе яны скончацца для яго паспяхова і ажэніцца ён на мясцовай дзяўчыне. А вось аднагодкам Цімохаву Ілье Васільевічу, Цімохаву Міхаілу Емельянавічу, Стасенка Міхаілу ПіліпавічуОсіпаву Максіму Раманавічу яна прадсказала вельмі вялікую дарогу, з якой дамоў не вяртаюцца. А потым цыганка быццам бы спахапілася, заўважыла, што хлапечыя твары спахмурнелі, дзяўчаты зашапталіся; яна пачала гаварыць іншае, ужо не працягвала сваю руку да моладзі, пачала хаваць зялёныя траякі пад свой цыганскі кафтан, тым больш што заўважыла, як ад кібіткі аддалілася постаць цыгана, які накіроўваўся да іх.
-- Скажы, цыганка, а ці будзе вайна з немцамі? – наперабой крычалі хлопцы і дзяўчаты.
-- Каб яе не было, то ці ўцякалі б мы далей ад яе, на Ўсход, -- ужо зыходзячы з моста, прагаварыла яна. – Хіба вы не бачыце і не чуеце, што адбываецца наўкола?...
Яна хуткім крокам накіравалася ў бок кібіткі, а хлопцы і дзяўчаты яшчэ доўга стаялі моўчкі, потым пачалі пераказваць словы цыганкі, разважаць над гэтым. Нават і тады, калі гармонік панёс свае пераборы па – над Убарццю, хлопцы і дзяўчаты стаялі нерухома, думалі кожны аб сваім, не ведалі, што ўжо заўтра амаль усе аднагодкі атрымаюць з ваенкамата паштоўкі, дзе будуць прызываць іх на службу ў рады Чырвонай Арміі.
… Праз колькі дзён увечары па ўсёй вёсцы ва многіх хатах пачуліся піліканні гармонікаў, галасы людзей, якія цягнулі старынную сумную песню: ’’Апошнім гэтым вось дзянёчкам, гуляю з вамі я сябры, а заўтра…’’ Чуліся ўсхліпы маці, якія корпаліся ля печы, каб пачаставаць гасцей смажанінай, гулкія крокі бацькоў, якія задумліва мералі падлогу ў хаце, слухаючы напевы дзяўчат і жанчын, якія старанна цягнулі гэтую сумотную песню.
-- Не плач, маці, -- супакоіваў старых як мог Данілка. – Вось жа наш Змітрок служыць ужо які год і нічога – піша пісьмы, што хутка вернецца дамоў. А я вось пайду і адслужу як патрэбна і таксама вярнуся дамоў. А то, што цыганка нагадала мне вельмі далёкую дарогу, дык яна ўсім так гадала…
-- Ідзі, сынок, да моладзі, а мы тут самі ўправімся, -- прамовіў Міхал Флёрка. Яму чамусьці ў гэты момант успомніўся яго сябар Андрыян, які ва ўсім заўсёды яму дапамагаў, лічыў сваім заўсёды першым намеснікам ва ўсіх справах. Цікава, дзе ён цяперака, там жа паўсюдна немцы, даўно захапілі Польшчу?...
Непадалёку, праз колькі хат чуліся галасы людзей у хаце Емельяна Цімохава і Васіля Цімохава, якія таксама ладзілі вечары, адпраўляючы служыць сваіх сыноў Ілью і Міхаіла. Таксама чулася гэтая старынная пакутлівая песня, якую так старанна цягнулі за сталом у хаце крыху падпітыя людзі. Крыху воддаль ад зладзінскай вуліцы, на пясочным узлобку, у хаце Рамана Осіпава таксама гучалі песні, вяліся гучныя размовы людзей. Там праводзілі ў войска Максіма, які працаваў у калгасе, даглядаў на ферме жывёлу.
Чуліся галасы людзей у гэты вечар яшчэ і ў іншых кутках вёскі, паколькі ў войска прызываліся ў адзін дзень восем юнакоў, якім цыганка нагадала далёкую жыццёвую дарогу…
А чырвонае кола месяца, як звычайна, выплыла з – за зубчатага лесу, што віднеўся з – за ракі, зачапіўся за той жа адзіны дуб, што стаяў ля моста, ды так і выглядаў адтуль за моладдзю, якая з усіх канцоў вёскі спяшалася з шумлівых хат у клуб на танцулькі.
А ў гэтую майскую ноч адкульсці паявіўся над самай зямлёй, над Убарццю вясновы туман, які слаўся так нізка, што ў ім нават гублялася рэдкае кустоўе, якое сям – там прабівалася ля ракі. Гэты ранішні туман ахінуў сваёй коўдрай усё кустоўе, раку, па якой, здавалася, каціўся ён валуном, ахутаў вясковыя хаты, што прыліпалі бліжэй да ракі, усе лясныя нізіны, што стаялі ўпрытык да Ўбарці.
У падобную пару, калі распусцілі свае прыгожыя ўбранні чаромуха і бэз, ад якіх цягне павалокаю прыемны пах, кізычучы нос, чалавечыя лёгкія, якія раз – пораз прапускаюць праз сябе прыемнае адчуванне, не хочацца далёка адыходзіць ад усяго гэтага вясновага каларыту, стаяць і любавацца ўсім гэтым, бо невядома, калі яшчэ такое будзе ў жыцці. Асабліва, калі яшчэ і аднекуль з – за Ўбарці, ды і з недалёкага ад цябе кустоўя даносяцца майскія салаўіныя спевы, якія праразаюцца спачатку так моцна, што аж пачынае звінець у вушах, а потым з усім гэтым прыходзіць супакаенне, нейкая таямнічая асалода і душэўная цішыня. Так стаяў бы і слухаў гэтыя салаўіныя песні, услухоўваўся ў іх пошчыкі, пераходы і пералівы, вылучаючы ўсялякі новы, нечаканы паварот тысячу разоў чутай мелодыі, а затым аднекуль, як па камандзе, на нейкі момант з’яўлялася цішыня, якая засланяла сабою і саму песню, і думкі пра яе.
І ў гэты момант цішыні чуліся на мосце словы Данілкі і яго спадарожніцы, крыху далей ад іх пачуўся смех Міхася Стасенкі, які штосьці смешнае ўсё расказваў дзяўчыне, якая пад салаўіныя пераборлівыя пошчыкі так моцна смяялася. А Міхась і Ілья Цімохавы са сваімі дзяўчатамі ішлі па мосце і спрабавалі сваёю песняю перакрычаць салаўіныя песні, але тыя на іх не звярталі аніякай увагі, працягвалі пераліваць свае пошчыкі па над Убарцю, даносіць іх да вёскі, адкуль таксама даносіліся галасы хлопцаў і дзяўчат, якія вярталіся пад раніцу з клуба дамоў.
А салаўі, не зважаючы на ўсе гэтыя галасы, нават на вясновую прахалоду, якая яшчэ трымалася ў паветры, спявалі як апантаныя: і вунь там за Ўбарцю спявае, і вось тут, на чаромусе, і нават нават зусім недалёка аж заходзіцца… Цікава, дзе ж яго гняздо, дзе сядзіць салаўіха? Бо яны верныя сабе і сваім мужчынам – салаўям, сядзяць увесь час на сваіх гнёздах і выводзяць жоўтаротых малых, а іх выбраныя каля іх аж распінаюцца, спяваюць, каб ім не было сумна. І спяваюць яны да таго часу, пакуль у гняздзе не з’явяцца салаўяняты. І як толькі зляціць з гнязда салаўіха, пачне карміць малых, тады адразу ж перастаюць спяваць салаўі – мужчыны, бо займацца песнямі не будзе калі: трэба ж карміць бездапаможных малых…
У апоўдні да клуба пачалі зыходзіцца людзі, чуліся адусюль пералівы гармонікаў. Пад’ехалі дзве калгасныя падводы, якіх дзяўчаты пачалі ўпрыгожваць самаробнымі і жывымі кветкамі. Да гурта пачалі падыходзіць і прызыўнікі, акружаныя з усіх бакоў сваімі блізкімі людзьмі. Здзівіліся, што і з хаты Мальца Стахея выходзілі людзі і накіроўваліся да гурту. Аказалася, што яго сыну Савелію толькі ўчора вечарам прынеслі паперчыну, дзе было сказана, каб ён з’явіўся на прызыўны пункт з усім неабходным для адпраўкі служыць у войска. Пагэтаму на праводны вечар у сям’і ўжо не было часу, сабралі раніцою сваіх і знаёмых ды так і адпраўляюць з усімі разам да ваенкамата. Побач з Савеліем ішла шаснаццацігадовая Надзейка, дачка Савелія Цімохава, мясцовага лекара, якога колькі год назад схапілі нкаведысты і адправілі ў далёкую Сібір, адкуль прыслаў ён аб сабе зусім кароткую вестачку.
Усё больш і больш зладзінцаў прыходзіла да клуба. Чуліся смехі, пераборы гармонікаў, вясковыя прыпеўкі, пад якія ляцеў толькі пясок з – пад абцасаў, бо многія кабеты не маглі ўстаяць, калі ліліся ад гармоніка пералівы ’’барыні’’ і ’’ цыганачкі.’’ Спявалі і мужчыны, якія ўжо зранку паспелі добра пасядзець за сталом, прылажыцца да зялёнай карчоўкі.
Але ўсе раптоўна прыціхлі, калі старшыня калгаса пачаў сваю кароткую прамову з пажаданнямі будучым воінам служыць добрасумленна, не страціць гонар сваіх землякоў. Выступіў перад прызыўнікамі і ветэран грамадзянскай вайны Пятро Цімохаў, які коратка расказаў аб той былой вайне, аб усіх цяжкасцях, якія могуць стрэць яны на сваім шляху, затым падбадзёрыў тым, што не будуць яны сумаваць там, бо іх адразу ідзе на службу аж восем чалавек з вёскі. Усе прысутныя засмяяліся, пачалі падбадзёрваць хлопцаў, якія ўжо развітваліся са сваімі роднымі і блізкімі, падыходзілі да калгасных упрыгожаных вазоў…
Сумнымі разыходзіліся ад вясковаеа клуба зладзінцы, сумавалі дзяўчаты па сваіх хлопцах, якіх не хутка ўбачаць ужо, бадзёрыліся падвыпітыя мужчыны, якія збіраліся ля адчыненай крамы, каб яшчэ што – небудзь прыдумаць для сябе, стаялі гуртам кабеты, пераказвалі адна адной варажбіткі цыганкі, што пачулі ад сваіх сыноў і дочак, гаварылі аб гэтай доўгай дарозе, што хлапцам нагадала ў той вечар старая цыганка. Дамоў вярнуліся кожны са сваёю думою, пачалі чакаць салдацкія трохкутнікі, каб даведацца, куды хто трапіў з іх сыноў. Праз некаторы час першую вестку аб сабе прыслаў з Украіны Міхась Стасенка, які паведамляў, што вось – вось хутка будзе прымаць прысягу, стане сапраўдным чырвонаармейцам. Цімохаў Міхась Емельянавіч і Ілья Васільевіч апынуліся каля Прыбалтыкі сярод амаль чужых людзей, вельмі сумуюць па сваім родным Палессі, па сваёй вёсцы. А вось Осіпаў Міхаіл Раманавіч апынуўся пад Вязьмай, прывыкае да новага жыцця. А вось Флёрка Данілу Міхайлавіча спачатку завезлі ў горад Елецк Арлоўскай вобласці, а затым перакінулі аж у Свярдлоўскую вобласць, дзе ён вучыцца ў палкавой школе. А Жураўскі Казімір Раманавіч апынуўся пад Масквою. Вось так раскідалі зладзінскіх хлопцаў, якія ў свой час марылі служыць у войску побач, бачыць адзін аднаго, чуць розныя навіны з дому…
33
Стаяла ціхае спякотнае чэрвеньскае надвор’е. Навокал – ні крыку, ні шолахаў. Нават весялун – жаваранак, гэты неўтаймаваны старажыл палеткаў, моцна ўлюбёны ў паднябесную сінь, жывым камячком падаў з вышыні, зашываўся пад цяністую збажыну і сядзеў там нерухома, разявіўшы з серабрыстай палудай дзюбку.
У гэты нядзельны чэрвеньскі дзень амаль усе зладзінцы яшчэ з ранку таўкліся на лузе – сухое сена патрэбна было прывесці ў парадак. Тым больш, што праўленне калгаса вырашыла аддаваць гаспадару кожную дзесятую капну сена, калі ён складзе стог. А сена на лузе расло добрае, сакавітае. Луг каля Ўбарці стаў прывабным, увесь у квецені, асабліва пасля таго, як для Данбаса выразалі на ім амаль увесь дубняк.
Копны на лузе раслі ўвачавідкі, пачалі вырысоўвацца і ладныя стагі, на якіх з граблямі стаялі самыя лепшыя майстры гэтай справы. На некаторых стагах стаялі і жанчыны, бо гаспадароў у хаце не было, а падросткам яны не дазвалялі рабіць такую адказную работу, яшчэ чаго добрага, наробіць ямак на стозе, пойдзе лівень – і прападзе сена.
Мужчыны па вяроўцы са стога спускаліся спакойна, а вось жанчыны – удовы з вялікім і гучным крыкам, піскам, лямантам. І адразу было чуваць, дзе ўжо завершаны стог. А яны раслі і раслі ўвачавідкі, а каля іх туліліся ладненькія копачкі працэнтаў, якія пойдуць на корм дамашняй жывёле.
А на небе ні воблачка. Промені чэрвеньскага сонца так і ліпнуць да ўспацелага цела, прасмальваюць абрысы твару, чапляюцца за валасы. Калгаснікі ўзіраюцца ўдалячынь, каб не дай Божа, не насунулася з захаду зноў хмара, як было гэта на тым тыдні, не палахнула зіхавіца, не намачыла іх такое пахучае лугавое сена.
Але нечакана пачуліся нейкія гукі на захадзе, якія з кожным разам усё мацнелі і мацнелі, а потым ператварыліся ў адзіны працяжны гул. А неўзабаве над іх галовамі пачалі пралятаць самалёты з чорнымі крыжамі на крылах, пачуліся каля Буйнавіч нейкія глухія выбухі. Бамбілі ваенны гарадок.
Людзі кінулі работу, абступілі Пятра Цімохава, які паведаміў ім, што гэта – вайна.
Заспяшаліся ўсе да вёскі, баяліся, што будуць вяртацца назад самалёты і пачнуць ужо іх бамбіць. Але яны вярталіся ўжо ў другім напрамку.
У вёсцы, як па камандзе, усе прыцмхлі, не было моцных говараў, меркаванняў, бо ніхто нічога добра не ведаў, што адбылося на самай справе. Толькі ўдзельнікі грамадзянскай вайны вялі адкрыта гаворку аб тым, што пачалася вайна з немцамі, што давядзецца шмат чаго цярпець цяпер людзям, як і ў тую першую сусветную і грамадзянскую вайну. Больш за іншых рабілі свае ўспаміны Даніл Мішкоў, Максім Чэчка і Сава Стасенка, на лёс якіх выпалі вельмі цяжкія выпрабаванні таго часу, калі трапілі яны да немцаў у палон. А вось Пятро Цімохаў, Уладзімір Стасенка, Дзямід Шуляк і Марк Цімохаў мінавалі ў свой час гэтага, пасля рэвалюцыі ўліліся ў Чырвоную Армію, ды так і ваявалі да канца грамадзянскай вайны. Мо таму і не адважваліся нкаведысты арыштоўваць іх у часы ганення.
На другі дзень зладзінцы, з боку Лельчыц, пачулі глухія выбухі бомбаў, насцярожыліся, пачалі шаптацца між сабою, а толкам так і не даведаліся, што адбываецца навокал, бо ні радыё, ні тэлефона ў вёсцы не было.
І толькі ў другой палове дня, калі да калгаснага клуба пад’ехалі верхавыя на конях: адзін у вайсковай вопратцы, а другі – цывільна апрануты, пачалі людзі паціху збірацца на пляцоўку.
Госці стрымана павіталіся, як на нейкіх памінках, і пачалі гаварыць аб тым, што пачалася вайна з немцамі. Гітлер, без аб’яўлення вайны, накіраваў свае войскі супраць нашай Радзімы. Нашы войскі вядуць моцнае супраціўленне, але вораг працягвае рухацца па нашай тэрыторыі. У канцы сваёй прамовы, чалавек у вайсковым адзенні сказаў:’’Заўтра, у дзесяць гадзін раніцы, на гэтае месца павінны з’явіцца ваеннаабаўязаныя мужчыны для адпраўкі іх на фронт…’’
Пачуўшы слова ’’фронт,’’ жанчыны загаласілі, забожкалі, пачалі збірацца ў невялікія гурткі, каб абмеркаваць усё гэта, пачаць збіраць сваіх у дарогу…
Як было і дамоўлена, а дзесятай гадзіне раніцы, ля клуба чакаў афіцэр з трымя салдатамі навабранцаў. Салдаты стаялі збоку, трымалі за плячыма зброю.
Афіцэр дастаў са сваёй палявой партупеі паперу і пачаў зачытваць спіс навабранцаў, мужчын і хлапцоў вёскі Зладзіна:
-- Бялоцкі Міхаіл, Бескупеня Фёдар, Бялоцкі Нічыпар, Бялоцкі Віктар,Данайчук Якаў, Карповіч Аляксей і Савелій, Клявец Казімір і Клявец Кузьма, Козел Мікалай, Кураш Трахім, Ліпскі Андрэй, Мішкоў Іван, Мішкоў Мацвей, Мішкоў Міхаіл, Мішкоў Піліп, Неваднічэнка Пятро, Неваднічэнка Сідар і Фёдар Сідаравіч, Осіпаў Мірон, Рак Васіль, Стасенка Пракоп, Сукач Максім, Сукач Парфірый, Цімохаў Акім, Голік Іван Ісакавіч, Цімохаў Даніл Змітравіч, Цімохаў Якаў, Чэчка Васіль Маркавіч, Чэчка Васіль Цімафеевіч, Чэчка Рыгор Васільевіч, Шахоўка Даніл Кузьміч.
Але ніхто не абазваўся. Тады вайсковец глянуў на сваіх падначаленых, і двое з іх падышлі да жанчын, каб тыя паказалі, дзе пржывае Шахоўка Даніл. Тыя адправілі з імі трынаццацігадовага хлапчука Міколку Мішкова, які павёў іх да хаты Данілы. А вайсковец працягваў чытаць спіс: -- Шуляк Арсень, Шуляк Пятро, Шахоўка Даніл Тарасавіч, Юркевіч Кірыл Мартынавіч, Яцухна Міхаіл Захаравіч.
Дастаў вайсковец з кішэні насоўку і старанна выцер ёю свой твар, потым зірнуў у той бок, куды пайшлі яго салдаты. Заўважыў, што яны ішлі, а побач з імі ішоў Даніла, трымаючы ў руках свой дарожны мяшочак і яго жонка Яўгеня, якая штосьці ўсё гаварыла і гаварыла, тулячыся да Данілы. А потым пры ўсіх так і выгукнула, што яе Даніла ўжо больш ніколі не вернецца дамоў, як і многія тыя, якія знаходзяцца тут… Яна перажахнулася тры разы, зрабіла тое ж самае і на ўсіх мабілізаваных і наўзрыд рушыла да натоўпу.
Достарыңызбен бөлісу: |