Ды хіба ўсё скажаш і перакажаш, што перажылі людзі гэтай прыгожай палескай вёскі? А мне хацелась бы хоць крыху спыніцца на маіх былых вучнях, якія абралі маю дарогу – педагагічную. І сёння яны выдатныя настаўнікі: Пятро Прыходзька, Марыя і Алёна Раманавы, Марыя Шкудун, Марыя Раманава, Валянціна Жураўская, Іван Кондзік, Анна Астравік, Надзея Асіпенка і яе дачка Анютка, Галіна Кашэвіч
( мая дачка), Валянціна Калеснік, Любоў Карпавец, Вера Марыніч, Аляксандр Флёрка, Аляксандр і Змітрок Чэчкі, Ганна Баравік, Алена Баравік, Таццяна Мікалаеўна Чэчка, Кацярына Хоміч, Фаіна Бялоцкая, Надзея і Любоў Цімохавы, Мікола Навумовіч, Іван Масла і многія, многія другія, спіс якіх можна доўжыць і доўжыць. І ў душы нараджаецца радасць і адчуванне таго, што недарэмна пражыў я жыццё, бо маю сцежку і прафесію прадоўжылі іншыя.
І гэта шчасце, калі настаўнік ганарыцца сваімі вучнямі, а вучні – сваім настаўнікам. Ім і іх выхаванцам ісці ў заўтрашняе жыццё, доўжыць распачатае намі, і хто ішоў раней за нас. І няхай тая эстафета пераходзіць з аднаго пакалення ў наступнае, і так бясконца…
Вельмі нядрэннае атрымаў я ўражанне нядаўна, калі выпадкова стрэў свайго даўняга былога вучня, які ішоў мне насустрач і ва ўвесь голас дэкламаваў мне ўрывак з паэмы Якуба Коласа “ Новая зямля”: …”Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы. А краскі ніжэй гнуць галовы, пачуўшы косак звон сталёвы…”
- І ты гэта, Міхась Неваднічэнка, за трыццаць з лішнім гадоў не забыў гэты ўрывак з паэмы? – звярнуўся я да яго, ужо сталага мужчыны, які пражывае ў Луганскай вобласці на Ўкраіне.
- Ды, не, - жартуе ён. – Хіба можна выкінуць з галавы тое, што Вы туды з дапамогаю магнітафона загналі тады? Нельга, зусім нельга. Тым больш, што нашай палескай прыроды ў тых краях не сустрэнеш, яна непаўторная…
- Дык вяртайся назад, у гэтую палескую прыроду, тым больш, што у вас там неспакой, ідзе вайна паміж братамі, якія нешта непадзялілі.
- Ды, не, жонка ў мяне адтуль, прывыклі ўжо. Нават не прыгінаем галовы, калі над нашымі хацінамі ляцяць снарады, ракеты, з усім гэтым неяк звыкліся. Жонка мая працуе ў шпіталі, дык яна і гаворыць: “ І навошта чалавек прыдумваў усю гэтую зброю, калі для яго дастаткова і таго, калі выпадкова ў яго лопаецца якісьці невялічкі сасудзік – валасок, якому, магчыма, то і назвы няма – і ён памірае, становіцца халодным, непазнавальным?...”
Цікавыя і змястоўныя гутаркі адбываюцца з былымі вучнямі пры сустрэчы, яны мне столькі ўсяго цікавага расказваюць аб сабе, сваіх сем’ях, успамінаюць многае з іх былога школьнага жыцця, пытаюцца пра маё адчуванне ў мае ўжо сталыя гады. І я гэтаму ўсяму радуюся, быццам бы зноўку акунаюся ў гады школьнага жыцця, чую іх тыя далёкія дзіцячыя галасы, уважліва слухаю адказы выдатнікаў і выдатніц, не перашкаджаю ім выказаць сваю думку, свае дзіцячыя довады. Можа таму, што я заўсёды сумленна адносіўся да сваёй педагагічнай працы, у той час атрымаў ганаровае званне “ Выдатнік Асветы БССР,” Выдатнік Асветы СССР.” Але гэта я так, між іншым, да слова прыйшлося… Яшчэ на маю долю прыйшлося атрымаць, калі чатыры гады служыў на Чарнаморскім флоце, маю першую прафесію ратавальніка. Кожны матрос павінен быў умець ратаваць сваіж сяброў, і не толькі сяброў, калі тыя нейкім чынам трапілі ў водную стыхію і не маглі адтуль выбрацца.
Сталася так, што за сваё жыццё я выратаваў ад смерці больш дзесяці тапельцаў. Таму і атрымаў у свой час медаль “ За ўратаванне тапельцаў” – ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Многія і сёння застаюцца ўдзячнымі мне за іх выратаванне, дасылаюць паштоўкі, пры сустрэчы дзякуюць самі і іх бацькі…
А годы бягуць, нібы тыя журавы ў вырай ляцяць, пакідаючы за сабою сумнае курлыканне. І жыццёвае сонца ўжо схілілася на захад, учэпіста трымаецца сваімі чырвонымі, жоўтымі і блакітнымі прамянямі за край зямлі, упарціцца, не жадае хіліцца далей да небасхілу, чагосьці чакае. І зусім не хочацца пагаджацца з тымі думкамі, што нас у хуткім часе не будзе, што сусвет будзе трымацца і без нас, на нашых дзецях, унуках, на больш маладым пакаленні.
І мы падоўгу сядзім з Ганнай Пятроўнай пад сваімі акацыямі, якія паўстагоддзя таму самі ж пасадзілі, акідваем поглядам усё наваколле вакол Андрыянавай гары, быццам упершыню бачым усю прыгажосць вакол яе; кідаем позірк на вялікі жалезабятонны мост, які перакінуты праз Убарць, чуем бурлівае цячэнне ракі, якая ў вясновы час імкнецца абмыць сваімі водамі паўвостраў поўнасцю, уяўляем, што і калісьці, вось на гэтым месцы, можа і Андрыян са сваёю Ганкаю вось так жа сядзелі пад дрэвамі, любаваліся хараством навакольнага асяроддзя, паромам, які шпацыраваў праз раку, сваёю сядзібаю і славутаю па тым часе зладзінскаю смалакурняю.
Рецензия
__________________________________________________________________
Анатоля Кашэвіча ведаю я даўно, паколькі мы з ім з адной мясцовасці, разам калісьці пачыналі літаратурную дзейнасць.
Раней яго творы друкаваліся ў мясцовым і рэспубліканскім друку. Пазней дасылаў ён мне, паколькі быў я ўжо ў Саюзе пісьменнікаў. Так у пачатку даслаў ён мне сваю дакументальную аўтабіяграфічную аповесць “ Прыліў памяці,” дзе яскрава і змястоўна апісаў свой вялікі жыццёвы шлях, спыняючыся на цудоўнай замалёўцы нашай палескай прыроды.
Другую сваю дакументальную аповесць “ Прызванне – ратаўнік” ён даслаў мне, на якую напісаў я рэцэнзію асабіста. Я падчас і сам здзіўляўся, што майму сябру – земляку ўдалося ў свой час выратаваць больш дзесяці тапельцаў, за што яго ўзнагародзілі медалём Вярхоўнага Савета СССР “ За выратаванне ўтапаючых.” Кніга выйшла з друку ў 2012 годзе, яна вельмі патрэбная, асабліва моладзі.
Затым даслаў ён мне сваю дакументальную аповесць “ На куранях,” на якую вельмі станоўчую напісаў рэцэнзію лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, пісьменнік Віктар Казько, які адзначыў, што ўжо гэтае слова “ дакументальнае” гаворыць пра вельмі многае, бо жыццё палешукоў у гады вайны было падсечана горыччу змагання за тое, каб выжыць. Кніга была надрукавана ў 2013 годзе.
Аповесць “ Новенькая” Анатоля Кашэвіча мяне вельмі ўразіла. У гэтай аповесці, якая з’яўляецца крыху блізкай да дакументальнай, аўтар вельмі даходліва і па – майстэрску апісвае жыццё сваіх калег – настаўнікаў мінулага стагоддзя, высвечваючы дэталі і факты з жыцця жыхароў вёскі, дзе працаваў яго герой аповесці дырэктарам мясцовай школы. Побач з усім гэтым, аўтар праз усю аповесць дае цудоўныя замалёўкі прыроды Палесся.
Аповесць павучальная, яна прынясе адпаведную карысць як моладзі, так і больш старэйшаму пакаленню. Выйшла яна з друку ў 2015 годзе.
У дакументальнай аповесці “ Смалакурня” аўтар, спасылаючыся на архіўныя дакументы, успаміны яшчэ жывых сведкаў, якія ён занатаваў, як толькі прыехаў у гэтую мясцовасць, а яны паведамлялі тое, што чулі калісьці ад сваіх бацькоў і дзядуль, па – майстэрску апісвае жыццё хутаран – палешукоў, якія ў мінулым насялялі прыўбарцкую мясцовасць. Апрача ўсяго гэтага аўтар праз усю аповесць дае цудоўныя замалёўкі прыроды Палесся, таго і цяперашняга часу.
Аповесць павучальная, яна прынясе адпаведную карысць асабліва тым, хто ў сучасны час насяляе гэтую мясцовасць, захоча больш падрабязна даведацца пра сваё генеалагічнае дрэва жыцця.
Анатоль Бароўскі, пісьменнік.
__________________________________________________________________
Анотация
У дакументальнай аповесці “ Смалакурня” аўтар даходліва апісвае жыццё палешукоў, якія ў мінулым насялялі прыўбарцкую мясцовасць. Аўтар па – майстэрску апісвае дэталі і факты з жыцця жыхароў – хутаран, якія сяліліся на ўзбярэжжы Ўбарці, вялі сваю гаспадарку. Праз усю аповесць аўтар дае цудоўныя замалёўкі прыроды Палесся, як у тыя далёкія часіны, так і ў сучасны час.
__________________________________________________________________
Достарыңызбен бөлісу: |