Па дарозе іх ужо напаткала мяцеліца. Быў якраз той час, калі восеньскія дзянькі развітваліся, а зіма паказвала свае норавы: падула з поўначы, спачатку паціху, каб не вельмі напалохаць людзей, якія і так пабачылі за гэтыя дзянькі многа гора, пусціла нейкую дажджлівую морась, якая пад вечар перайшла ў крупкі снегу.
Васілёк і Саўка крочылі за сваімі ззаду, іншы раз адстаючы ад іх, калі загледзяцца на вавёрку, якая пераскаквала з галінкі на галінку, цярушачы ўжо крыху наліплы на іх снег, дзівіліся, як яна, быццам на парашуце, на сваім пушыстым хвасце ляціць з дрэва на дрэва, са спрытам хватаецца за кару і з маланкавым спрытам бяжыць па дрэву да верху. Хлопцы захапляюцца пабачаным, нават прыпынілі свой дых, а тут чуюць, што іх ужо клічуць. Яны з усіх ног пускаюцца даганяць сваіх.
У куранях халаднеча, дзеці туляцца адзін да другога каб сагрэцца, просяць есці ў маці. Яна нахіляецца ў вугалок кураня, дастае адтуль бульбу, кладзе яе ў чыгунок і ставіць да вогнішча. Спрабуе зачыніць радзюгаю ўваход у курэнь, каб захаваць нейкае цяпло ў ім, але дым пачынае рэзаць вочы, меншыя дзеці пачынаюць крактаць, церці ручкамі вочы, плакаць. Даводзіцца адчыняць дзверы кураня, скідваць з сасновых сучкоў радзюжку.
Большыя дзеці ў гэты час грэюцца ля агульнага вогнішча, якое расклалі каля куранёў. Але па першаму клічу маці, кідаюцца ў сваё сховішча, каб трымаць у руцэ сваю бульбіну і конаўку з малаком. Падмацаваўшыся і крыху сагрэўшыся, дзеці туляцца адно да другога ў вуглу кураня, на іх накідваецца ўсё лахмоцце, якое толькі маецца пад рукою, і дзеці засынаюць…
Снегам за ноч пакрыла ўсё: лясы, палі, балота, якое ляжыць побач з куранямі, насыпала шмат снегу на курані, ад чаго стала цяплей усярэдзіне, павесіла вялікія белыя шапкі на дрэвы, на лясныя пянькі, якія засталіся яшчэ з часу таго, калі жылі тут на хутарах.
Прачнуўшыся і ўбачыўшы такія дзівосы прыроды, многія пачалі абсыпаць снегам свае курані, уцяпляць іх. Другія прыдумалі нават зрабіць адтуліны зверху кураня, каб тудою выходзіў дым, калі будуць паліць вогнішча ў сярэдзіне. На ноч гэтую адтуліну закрывалі радзюгаю.
Быццам бы і не было вайны, не спалілі іхнія хаты, куды падзеўся і той голад, калі высыпалі дзеці з курунёў на бялюткі пушысты снег, пачалі падкідаць яго нагамі, сыпаць адзін аднаму ў вочы, смяяцца над сваімі аднагодкамі і меншымі, калі тыя адмахваліся рукамі і крывіліся ад роспачы. Каровы, якія стаялі за агароджаю, былі прысыпаны таксама снегам, яны ўздрыгвалі, скідалі яго з сябе, спрабавалі пад нагамі адшукаць для сябе нейкую спажыву, але не знаходзілі, мычэлі. І не заўважылі дзеці, як з боку Хведасовага броду да іх падышлі некалькі ўзброеных чалавек, апранутых у добрыя новыя ватоўкі.
- Што гэта вы тут адны гуляеце? А дзе ж хто – небудзь з дарослых? – .запытаўся барадаты ў кажушку.
Хлапчукі і дзяўчынкі перасталі сыпацца снегам, насцярожыліся, паціху адказалі:
- Яны ў хаце! – па прывычцы адказала дзяўчынка, а потым схамянулася, паправіла сябе. – Яны ў куранях, рыхтуюць ежу нам…
- Гэта добра, - усміхаючыся адказаў барадаты. – Будзе чым перакусіць.
І яны гуртам накіраваліся ў першы курень, адкуль выходзіла з даёнкаю жанчына. Яна хацела за дзяругу ступіць назад, але барадаты спыніў яе.
- Мы, мясцовыя партызаны, ці не пакорміш ты нас, гаспадыня?
- А чым жа я буду вас частаваць? – сумелася Таццяна Якаўлеўна. – Самі галодныя сядзімо з дзяцьмі, нямашака нічога ў запасе, усё згарэла дома.
- Ведаем, ведаем. Забіраць пакуль жывёлу не будзем, але ж, калі будзеце адмаўляцца нас карміць, будзем забіраць вашу жывёлу.
Гэта ўжо пачулі жанчыны і з другіх куранёў, якія пачалі абступаць нязваных гасцей з усіх бакоў, засыпаць іх сваімі пытаннямі.
- Дзе вы ўчора былі, калі карнікі палілі ў вёсцы нашы хаціны? Калі вы партызаны, дык чаму ж не абаранілі нас ад іх, чаму дазволілі зрабіць вось гэтае?
І жанчыны рашуча пачалі наступаць на лясных бандытаў, якія невялічкімі гуртамі безідэйна блыталіся па лесе, перашкаджалі жыць на куранях састарэлым, жанчынам і дзецям. Іх так і пачалі называць вяскоўцы ’’гладышнікамі,’’ бо рабілі нечакана яны налёты на курані, выпівалі з гладышак усё дзіцячае малако, махалі перад безабароннымі сваёю зброяю.
Больш дарослым хлапчукам і дзяўчынкам прыбавілася работы: цэлымі днямі ламалі яны галінкі з сасёнак, насілі іх да кашары і кідалі іх праз плот – кармілі каровак, бо сена на ўвесь статак было малавата. Добра і так, што з балота сена не паспелі да зімы перавезці ўсё ў вёску, засталося некалькі стажкоў гэтага балотнага смычаку. Цяпер дабаўлялі крыху да гэтага корму сасновых галінак – і кароўкі пакрыху давалі дзецям малачко. І ўсё было бы добра, каб не ўнадзіліся вось гэтыя лясныя бандыты, якія сябе называлі партызанамі. Было вырашана: па чарзе ноччу ахоўваць з дубальтоўкамі кашару кароў, вартаваых астаўляць ля кашары не менш дваіх. Давялося і хлапцам – падлеткам уключыцца ў гэтую работу, змайстравалі нават яны для сябе невялічкі курэнь ля кашары, дзе можна было крыху схавацца ад злоснага зімовага ветру. Было прыказана, як толькі заўважаць ля кашары каго пабочнага – рабіць з дубальтоўкі выстралы ўгару.
Аднойчы так і здарылася, калі ля кашары былі яшчэ звечара Васілёк і Саўка, якія дапамагалі свайму старэйшаму брату Мішку ахоўваць кароў, заўважылі, як з боку балота штосьці крадзецца да кашары кароў. Калі ў цемры заўважылі яны зялёныя агенчыкі, дагадаліся, што гэта крадуцца ваўкі. Каровы пачалі мычэць, збівацца ў адзін гурт далей ад агарожы. Тады Мішка выстраліў з дубальтоўкі ў тыя невядомыя дзве кропкі, адна з якіх падскочыла ўгару і апусцілася на снег.
Выбеглі з куранёў людзі, трымаючы ў руках хто дубальтоўку, а хто запаленую смаляніну, каб асвяціць наваколле, а хто так проста бег, трымаючы ў руках вілы. Разам з хлопцамі заўважылі, што ля плота ляжаў, яшчэ ўздрыгваючы, вялізны шэры воўк.
- Дык вось які зладзюга прыйшоў да нас на кашару, - сказала ўголас Лізавета. Малайцы, хлопцы! Больш сюды яны не павадзяцца, напалохалі іх, павалілі аднаго са зладзеяў…
- Каб гэта так! – усхвалявана вымавілі Міхась і Мікола Мішковы, якія на выстрал прышыбавалі ад свайго кураня, што знаходзіўся ў бок Хведасовага броду, - бачылі мы, як з – за броду падкрадаліся да кашары тры невядомыя постаці, як яны спыніліся, калі пачулі стрэл дубальтоўкі.
- Значыць, не пакінулі нас у спакоі ’’гладышнікі,’’ працягваюць сваю дрэнную справу, – прагаварыла ўслых Таццяна Якаўлеўна. – Цяпер патрэбна нам быць больш пыльнымі. А гэтага ваўкалыку адцягніце, хлопцы, падалей ад кашары, каб крыху каровы супакоіліся.
Яшчэ некалькі начэй спрабавалі наблізіцца да жылля як чужынцы, так і шэрыя, але порчы ніякай не прынеслі, адчулі, што куранёўцы пільна сочаць за сваім дабром, адступілі.
А зіма крыху пад вясну пачала адступаць, не такія ўжо сталі завеі, паслабелі маразы, быццам пашкадавалі людзей, стараючыся абагрэць іх цяплом сонца, якое па – вясноваму засвяціла ў сярэдзіне сакавіка, даючы надзею людзям на заўтрашні дзень. Хлопцы паспрабавалі нават адшукаць у балоце журавіны, якія блішчэлі пад вясновымі променямі сонца на купінах. Назбіралі поўныя кішэні сваіх саматаных штанікаў, неслі да куранёў у жменях. Раптоўна спыніліся: у абыход балота да куранёў ішлі немцы, наперадзе іх крочыў нейкі падростак, які паказваў рукою на курані.
Хлопцы, што было моцы, кінуліся нацянькі да куранёў, каб папярэдзіць усіх аб гэтым. Яны не зважалі ўжо на свае журавіны, якія неслі раней у руках, беглі, крычалі, махалі рукамі, паказваючы у бок лесу, але ніхто іх не разумеў да таго, пакуль яны не прыбеглі да месца і не расказалі аб усім.
Пачалася мітусня, жанчыны хапалі сваіх маленькіх гадавалых дзяцей на рукі, астатнім загадвалі бегчы за імі на ўскрайку балота да Хведасовага броду, хавацца там у маладым сасённіку, каб не было іх бачна, а самі, цяжка дыхаючы, ішлі подбегам за малымі, азіраліся на курані, дзе засталіся іх каровы і некалькі старых людзей, якія палічылі, што ім ужо ўцякаць ад смерці няма куды – уцякай, не ўцякай, а яна цябе ўсяроўна дагоніць… Пагэтаму, калі падышлі немцы з хлапчуком – правадніком, яны стаялі каля кашары, падкідалі каровам сасновыя галінкі, пазіралі ў бок няпрошаных гасцей. А тыя падышлі, неяк па – дзіўнаму, спакойна, як падалося, нават кіўком галавы павіталіся, нахіліліся на жэрдкі агароджы, і неяк зусім па іншаму, не так як немцы размаўляюць, на ломанай рускай мове спыталіся, дзе падзеліся людзі, ці ёсць ёсць якая ежа на куранях, каб ім падсілкавацца і патрапіць дарогу да партызан.
Праз колькі часу, бачачы тое, што ля кашары дыміцца вогнішча, вакол якога сядзяць старыя і салдаты ў зусім не нямецкай вопратцы, пачалі выходзіць з кустоўя жанчыны, дзеці, клікаць астатніх, хто паспеў ужо добра схавацца. Праз некалькі хвілін чэхі трымалі ў руках гладышы з малаком і прасянікі, у якія былі падмешаны жалуды, хлапчукі выцягвалі са сваіх кішэняў журавіны і частавалі імі гасцей. Салдаты бралі журавіны, смяяліся, кідалі іх у рот, крывіліся ад кіслаты, але працягвалі імі ласавацца.
Міша Мішкоў, як старэйшы з хлапчукоў, адавёў у бок аднаго з чэхаў, які, пэўна, быў у іх за старэйшага, і штосьці пачаў яму расказваць, паказваць у бок Замошша.
Падзякаваўшы за пачастунак, чэхі праз Хведасоў брод узялі кірунак у невядомым напрамку…
Куранёўцы супакоіліся, жанчыны пачалі хто чым карміць дзяцей, дарослых, пыталіся даведацца ад Міхася, што яму гаварылі чэхі, што ён ім сказаў. Але ён толькі сказаў, што рускія войскі перамагаюць ворага, гоняць яго назад, чэхі не жадаюць больш ваяваць супраць рускіх, шукаюць партызанаў…
Жанчыны з палёгкай уцягнулі ў сябе паветра, пачалі накладваць адна за другою на сябе крыж, пачалі ўпершыню за многія месяцы ўсміхацца, вясці радасныя размовы.
А вясна набліжалася, у лесе чуліся рэдкія спевы птушак, перастукі дзятлоў, якія спрабавалі сваю марзянку паўсюдна, шукаючы ў дрэвах невялікіх чарвячкоў, адзін раз на глыток, а малаціць дрэва дзюбаю патрэбна гадзінамі. Няўжо гэтыя дзятлы сваім малаценнем адбілі і свой розум, і таўкуць і таўкуць яны цэлымі днямі сухастоіны дрэваў, без перастанку пераклікаюцца гэтым са сваімі дзятламі – мужчынамі, якія, здавалася, і не спаўзаюць з сухога дрэва.
Вось і сінічка мільганула ў алешняку, некалькі разоў пераляцела з месца на месца, каб знайсці сабе зручнае сядзенне. Пачала заводзіць сваю любімую вясновую песянку: ’’Целявоз, целявоз! Кідай санкі – бяры воз!’’ І гэта была першая дагадка, што хутка пойдзе пацяпленне, што снег сплыве ў нізіны па вясновых раўчуках, зямля пачне пакрыху падсыхаць, вернуцца людзі ў вёску да сваіх папялішчаў, на свае агароды, пачнуць карпацца на іх, штосьці сеяць, каб потым жыць.
За ўсю зіму жыцця ў гэтых куранях, зладзінцам так надакучыла, што іх ужо не палохалі нават карнікі, якія яшчэ лютавалі наўкола, забівалі дарослых і дзяцей, дзяўчат і хлапцоў адпраўлялі ў Германію. І калі крыху пацяплела, падсохла зямля, не згаворваючыся, куранёўцы адзін за другім пачалі наведваць свае агароды, пачынаць будаваць на іх зямлянкі, рыхліць зямлю, высаджваць агародніну, бульбу, выкарыстоўваючы на лупайках вочкі. Такімі семенамі бульбы дзяліліся між сабою гаспадыні, каб неяк хоць адрадзіць бульбу, якую за зіму ўсю да адной з’елі.
Зямлянкі ў вёсцы раслі ўвачавідкі, разбіралі цэглу са стаячых пагарэлых каміноў і ляпілі ў зямлянках невялікія печкі. Нават знаходзілі невялікія шыбіны, рабілі вокны ў зямлянках, каб хоць крыху было святло, з абгарэлых дошак майстравалі дзверы. І калі ўсё было даведзена да ладу, пачыналі паціху людзі кідаць свае курані і перасяляцца ў зямлянкі. Вырашылі, што горш не будзе. Ды і немцы з паліцаямі ўжо не вельмі прыглядаліся да вяскоўцаў, пэўна, адчулі, што не доўга ім заставалася быць тут, на гэтай пакутлівай зямлі. Праўда, час ад часу рабілі немцы налёты на вёску, хапалі маладых дзяўчат і хлапцоў, каб адправіць іх у нямеччыну. Аднойчы надвячоркам уварваліся немцы з паліцаямі ў вёску, схапілі Алёну, Марылю і Ганну, якія разгубіліся і нікуды не паспелі ўцячы, пасадзілі іх у машыну і павезлі ў напрамку Лельчыц. Ганяліся за Сямёнам Неваднічэнкам, Леанідам Мішковым, Баравіком Анатолем, але яны неяк выкруціліся, уцяклі. Дапамог ім у гэтым іх хлапечы спрыт і шчыльныя кустарнікі ля Ўбарці.
Ужо калі крыху абжыліся вяскоўцы, пасадзілі што – небудзь ля пагарэлых хат з агародніны, перайшлі на шчаўе і зайчыкаву капусту з вясны, чакалі, калі ў лесе з’явяцца нейкія спелыя ягады, лісічкі і сыраежкі, пачаліся зноў частыя набегі на вёску. Немцаў непакоілі мясцовыя партызаны: то пусцяць некалькі далёкіх пустых стрэлаў па паліцаях, то ноччу падпаляць мост у Бесядцы, куды на другі ж дзень немцы з паліцаямі выганяюць з зямлянак мужчын старых і падросткаў, каб яны цягалі бярвенні і рамантавалі спалены мост.
У адзін з такіх момантаў вяскоўцы заўважылі, што ў вёсцы з’явіўся Шуляк Ахрэм, якога не бачылі яны з рэвалючыйнага часу, калі ён кудысці знік і, пэўна, жыў увесь гэты час пад чужым прозвішчам, паколькі быў у царскай арміі паручнікам. Выглядзеў ён ужо крыху стараватым, але амаль у такой жа сіле, як бывала і раней, калі паднімаў ён сам любое бервяно на плечы і нес яго на значную адлегласць, браў адразу два мяхі з мукою і нёс іх да яўрэйскага шынка без усялякага адпачынку.
Вось і цяпер вартавы немец сачыў за Ахрэмам, як ён больш імкнуўся камандаваць вяскоўцамі, чым насіць бярвенні. Ён падышоў да яго і з усяе моцы агрэў бізуном па ягоным вялікім азадку, затым яшчэ і яшчэ раз, што Ахрэм аж зароў бычачым голасам. Схапіў у дзве рукі вялізнае бервяно і подбегам кінуўся да маста. Усе вяскоўцы засмяяліся, нават вартавыя немцы не стрымаліся, жартавалі між сабою. Былі немцы зусім ужо не такімі, як раней, пэўна, адчувалі ў хуткім часе сваю канчыну, больш лагодна пачалі адносіцца да людзей, менш заглядваць у зямлянкі. А Ахрэм Шуляк на наступны дзень з вёскі нечакана знік, як і з’явіўся. І калі іншы раз пыталі ў ягонага брата Есіпа, дзе падзеўся Ахрэм, той толькі ежыўся, соп ад злосці ў дзве свае дыркі ў носе і маўчаў.
… Вёска ўпраўлялася са сваімі вячэрнімі клопатамі, і павольна, з усіх бакоў, наплывала на яе нейкая своеасаблівая цішыня. Сонца ўжо зайшло. І чыстае, без адзінай хмурынкі неба дагарала на захадзе акалінай астываючага жалеза. І нейкі раўнадушны водсвет гэтай акаліны непрыкметна, але ўпэўнена сцякаў некуды далёка за гарызонт, цягнучы за сабою ноч – цёплую і мяккую, бязважкую і вялізную, на цэлага паўсвету. Насустрач, напяроймы ёй ад Убарці плыў цёплы і мяккі туманок, белы, як вата, які, здавалася, можна было памацаць рукою, толькі дацягніся. Туман нёс пах свежага лісця бярозак, ліпаў, садавіны.
Хлопцы – аднагодкі колькі не ўглядаліся на вясковыя зямлянкі, так у ніводнай з іх за шыбінай святла не пабачылі – не было газы, ды і лучынай не заўсёды напалішся ў прадпечку – цягнула заўсёды па пакоі зямлянкі дымам.
- Такія справы, як мы робім, нікому цяпер не патрэбныя, - паціху прагаварыў Леанід Мішкоў. – Выпалілі дыру ў мосце, ну дык што? Самі яе на другі дзень і залаталі, ды яшчэ непрыемнасці прынеслі людзям вёскі. Нам ужо ўсім па васемнаццаць, прызыўнікі ў войска, патрэбна штосьці прыдумаць іншае…
- Непрыемнасці вяскоўцам прыдумалі, але больш за ўсіх перапала Ахрэму Шуляку ад немца, - усміхаючыся вымавіў Анатоль Баравік. – Вось як вучаць такіх, як Ахрэм!
Усе заўсміхаліся, успомнілі, як па азадку атрымаў Ахрэм ад немца, як схапіў сам вялізнае бервяно і занёс яго да моста.
Больш памяркоўны сярод юнакоў Іван Трахановіч прапанаваў хлопцам прабірацца да партызанаў, біць ворага разам з імі. Але ўмяшаўся Сямён Неваднічэнка ў размову, які сказаў, што на днях сустракаўся з Мяфодзеем Чэчка, які яшчэ летась пайшоў да партызанаў, ваюе там, але поспех яны маюць там невялікі і не вельмі з ахвотаю бяруць усіх да сябе.
- Дык што нам рабіць? – умешваюцца ў размову Анатоль Флёрка і Якаў Таргонскі.- Дачакаемся, што ўсіх нас адпраўляць у Германію!...
- Яшчэ крыху пачакаем, а потым, калі наша войска наблізіцца, пойдзем усе за лінію фронту, - памяркоўна падавёў вынік гутаркі Леанід Мішкоў.
Усе з ім пагадзіліся, дамовіліся, дзе стрэнуцца ў наступны раз, каб абмяркаваць свае новыя надзённыя пытанні…
35
Увачавідкі, нават з кожным новым вечарам бачыш, як настойліва і няўмольна карацее дзень – сонца садзіцца ўсё бліжэй і бліжэй да паўдня. Здаецца, нават адчуваеш, як ціха і амаль незаўважана струменіць ля цябе, адыходзячы, лета, як выблытваецца яно з павуцінак, на якіх пад ветрам ляцяць некуды ў свой вырай маленечкія павучкі, спадзяючыся, што чым даўжэйшую спрадуць яны сваю павуціну, тым далейшае будзе іх падарожжа. Але не заўсёды ў іх так бывае. Іншы раз бачыш, як малюпасенькі павучок учэпіцца за невялічкі кавалачак павуцінкі і ляціць сабе то на поўдзеь, то на поўнач – куды панясе яго вецер…
І вось зараз, аднекуль ад Прыпяці, падзьмуў густы і стылы восенскі вецер, неяк адразу папаўзлі кудзелістыя, брудныя, нізкія, і хоць пакуль яшчэ без дажджу, але цяжкія ўжо хмары – яны, як рыба на нераст, імкліва цягнулі самі сябе волакам з – за лесу, аж раздзіраючы аб верхавіны свае набраклыя вільгаццю грывы.
- Ёсць яшчэ і ў нас такія лясныя масівы, дзе нават птушак не відаць, не чуваць іх галасоў, - думаў Леанід Мішкоў і Іван Трахановіч, прабіраючыся праз густыя зараснікі лесу непадалёку ад Ельска. – І птушкі чамусці ахвотней, дружней жывуць і спяваюць у вясёлых дубровах, гаях, у сонечных бярэзніках, а ў гэтай змрочнай пушчы толькі дзятлы і стукаюць, ды вось на змярканні пачынаюць совы кугікаць, жудасным голасам рагатаць. З – за іхняга рагатання нельга і пачуць кананады нашага войска, ці далёка яшчэ ісці да лініі фронту?
Раптам пачулі яны нейкія крыкі ў вёсцы, што прылягала блізка да лесу, чуліся стрэлы. Хлопцы пераглянуліся, не згаворваючыся, павярнулі цаціху ў зваротны шлях. Ішлі лясною дарогаю ў сваім кірунку, не звярталі ўвагу і на тую саву, якая нізка лётала над іхнімі галовамі, пявучы сваю жудасную песню, наганяючы на іх жахлівасць. Хлопцы час ад часу даставалі з кішэняў свае крэсівы, стукалі каменьчыкамі аб жалезку, высякалі іскры, якімі думалі напалохаць драпежную птушку, але пабачылі, што яна на ўсё гэта не звяртае аніякай увагі, супакоіліся.
Паціху перайшлі свой добра знаёмы праз Убарць мост, пабеглі да сваіх зямлянак.
… Зіма не заставіла сябе доўга чакаць: засыпала снегам ўсё наваколле, бялюткімі сталі дрэвы, якія яшчэ звечара абсыпала мокрым снегам, затым крыху марозным паветрам прыляпіла сняжынкі да галінак, сучкоў на дрэвах, прыляпіла з аднаго боку да дрэвавых ствалоў. Дзівосная прыгажосць стала наўкола, нават спрабавала з – пад аблокаў выглянуць бляклае зімовае сонца, але яго хутка ахуталі з усіх бакоў снегавыя хмары, падуў вецер і адкуль толькі ўзялася мяцеліца – круціла, мяла, вар’яцела, сыпала дробным шротам у вочы, заганяла гэтыя сняжынкі за каўнер вопраткі, стукала ў маленькія шыбіны зямлянак.
Пад раніцу завея крыху быццам уляглася, паслабела, дзмуў цішэй вецер, праз мутную павалоку хмар дзе – нідзе праразаліся нізкія мігатлівыя зоры. Яснела – і тады чуваць было, як гулкім трэскам і пошчакам лопаліся ствалы дрэў. Але мінала гадзіна – другая, і далеч увачавідкі шарэла, звужалася, зацягвалася цемраю, як бы дыміла, зноў доўгія навівастыя пасмы з гікам і свістам паласавалі ўсё навокал, нельга было высунуцца з зямлянкі, каб паглядзець за кароваю, якая стаяла і мычэла за агароджаю, што тулілася ля зямлянкі.
- Няўжо будзе такая снежная і марозная зіма цяпер? – думала пра сябе Таццяна Якаўлеўна, перабіраючы ў начоўках рыбку, якую паспелі да гэтай завірухі злавіць у затоне Міхаська з Савам. – Вось добры будзе пачастунак дзецям, калі зварыцца варыво ў печцы. Шкада толькі, што няма нават і крышачкі солі… Ды дзе яе возьмеш? Прывыклі ўжо за гэтыя гады да ўсяго як дарослыя, так і дзеці, ядуць усё, што толькі трапіцца пад рукі, не глядзяць, салёнае яно, ці не…
А завіруха гудзела над зямлянкаю, выло, гуло ў коміне невялічкай печкі, якая заняла ў зямлянцы значнае месца. Побач з печкаю на ўсю сценку працягнуўся палок, дзе курчацца ад прахалоды дзеці, цягнуць на сябе радзюжкі, другія лахманы, якіх стала зусім небагата ў зямлянцы. Малыя Еўка з Лізаветаю курчыліся на печцы, на чарані, накрытыя паверх невялікаю радзюшкаю, для другіх на чарані месца не было, туды залазілі з вечара малыя, каб сагрэцца, ды так і засыналі на ўсю ночку. Таццяна прысланілася адным плячом да печкі, прыгрэлася ды так і не заўважыла, як заснула. І сніцца ёй, што ў светлую вялікую хату стукаецца да іх Даніла, такі высокі і прыгожы, як бывала быў і раней. Заходзіць, вітаецца з усімі малымі, а на яе неяк зусім не звяртае аніякай увагі. Яна губляецца, не ведае, што ў такіх выпадках рабіць, што сказаць яму. А ён паглядзеў у запечча, на ложкі, дзе спалі большыя дзеці, і пачаў у іх бок махаць рукамі, быццам бы аб чымсьці папярэджвае яе, хвалюецца… Ад дотыку рукі малой яна прачынаецца, яшчэ доўга шукае яго ў цемры, не знаходзіць, прыслухоўваецца да малой, што яна просіць.
На наступны дзень яна расказала свой сон сястры, якая прыйшла яе адведаць. Тая паслухала і на ўсякі выпадак параіла, што дарослых дзяцей патрэбна абавязкова гэтым днём адправіць далей ад зямлянак, бо немцы змогуць рабіць зноў аблаву, каб адправіць моладзь у Германію. І яны не памыліліся – у другой палове дня немцы рабілі сваю чорную работу – лавілі па вёсцы дарослую моладзь.
Зіма быццам апамяталася, пачала спачуваць людзям, якія туліліся ў сваіх зямлянках. Спачатку значна пацяплела, падзмуў цёплы паўднёвы вецер, які прыгнаў нізкія дажджавыя хмары, з якіх паліліся спачатку кроплі дажджу са снегам, а потым пайшоў струменчаты дождж, які амаль за ноч растапіў увесь снег. Паўсюдна стала вельмі гразка і сыра, вада бурліла па ўсіх канаўках да Ўбарці, запаўняла яе.
Вяскоўцы гул машын пачулі ноччу, калі дрыжэў праз Убарць мост, раўлі маторы па вуліцы так, што звінелі нават і тыя адзіныя шыбіны ў зямлянках, дрыжэла зямля. Пачуліся глухія гарматныя выбухі ў бок Лельчыц, далёкія кулямётныя стрэлы.
Хоць было яшчэ і крыху цемнавата, але вяскоўцы вылазілі з зямлянак, радаваліся, стараліся наперабой паведаміць, выкрыкнуць:’’ Нашы прыйшлі! Нашы прыйшлі!...
Больш за іншых радаваўся Леанід Мішкоў са сваімі аднагодкамі. І як толькі развіднела, падышлі яны да папялішча школы, дзе было больш вайскоўцаў, і, пэўна, сярод іх былі і іх камандзіры.
- Дзе нам бачыць вашага камандзіра, які зможа нас узяць у войска? – запытаў Сямён Неваднічэнка.
- А вы ўжо і ваяваць умееце, ваякі? – запытаў у хлопцаў маладзенькі лейтэнанцік. – А вам ужо па колькі гадоў споўнілася?
- Ды нам ужо ўсім па васемнаццаць, - за ўсіх адказаў Іван Трахановіч. І тут жа пацвердзілі гэта Баравік Анатоль, Таргонскі Якаў і Флёрка Анатоль. Лейтэнант перастаў усміхацца, загадаў старшыне праводзіць хлопцаў да палкоўніка.
Праз колькі дзён хлопцы ўжо насілі вайсковае адзенне, іх пачалі навучаць усім ваенным хітрасцям, валодаць зброяй.
… Вясна ў гэтым годзе пачалася актыўна. Пасля некаторай замінкі, нарэшце, яна схамянулася, падабрэла, пачала набіраць моцы. Неяк пад вечар насунулася на вёску цёмная, з бліскавіцай і грымотай, хмара, пайшоў спорны дождж, і адразу ж, бы па чыёй камандзе, павярнуўся з поўдня вецер, які быццам бы і прыпыніў насоўванне гэтай цёмнай хмары. Трава за ноч, улагоджаная цяплом і вадой, прыкметна пазелянела, нават увачавідкі падрасла. Тоненькая, бы тыя іголкі, кволыя травінкі ўсыпалі ўсё наваколле, дзе толькі маглі яны зачапіцца за зямлю.
У такі час амаль у кожнай зладзінскай сям’і пасля гэтай зімы амаль нічога не заставалася з харчу. Хоць і дрыжэлі над кожнай бульбінай, над кожнай крупінкай, але ж састарэлыя кабеты лічылі: не выручыць , не падзяліцца апошнім, што можна наскрэбці ў сябе, з гэтымі няшчаснымі малалетнімі дзецьмі, у якіх па вясне толькі і ёсць што скура ды косці, было б зараз найвялікшым грахом, і яны дзяліліся ўсім, чым толькі маглі. Нават тую гнілую бульбу, якая засталася ад салдат, калі тыя адышлі крыху ад вёскі і замацаваліся ў акопах за балотам, жанчыны дзялілі на ўсіх пораўну, каб не пакрыўдзіць каго. Наловяць хлапчукі рыбы ў затоне ракі, абавязкова кабеты падзеляцца з тымі, у каго няма каму лавіць гэтую рыбу.
… Вясна хутка кацілася на поўнач, зусім не так, як давялося чырвонаармейцам, якія яшчэ ўзімку вызвалілі ад немцаў многія паўднёвыя раёны, але ж ніяк не маглі прабіцца да ўзмоцненай абароны фашыстаў, якая цягнулася ад Мазыршчыны і да Тураўшчыны ўздоўж Прыпяці – усё было вакол замініравана. Пагэтаму пры воінскім фарміраванні былі створаны з ліку добраахвотнікаў спецыяльныя атрады, якіх пачалі на хуткую руку навучаць міннай справе: як мінашукальнікам знайсці міну і як яе абясшкодзіць.
Достарыңызбен бөлісу: |