Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу



бет19/24
Дата20.06.2016
өлшемі2.54 Mb.
#148808
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

Непадалёку стаяла Таццяна Цімохава, трымаючы на руках гадавалую дачушку, пяцігадовы хлапчук і трохгадовая яго сястрычка Евалінка круціліся ля ног мацеры, побач стаялі дзве дачкі Таццяны і дзесяцігадовы сынок Мішка. Яны чакалі, калі камандзір падасць каманду, каб развіталіся яны з бацькам. Таксама чакала гэтага і сям’я Апанаса Мішкова, якія сабраліся і стаялі побач з сям’ёю Даніла і Таццяны, як і жылі яны побач па – суседску. Дзяўчаты тут былі больш дарослымі, а вось малы Адамко і яго крыху старэйшы брацік Міхаська, так і дурэлі між сабою – таўкліся, сварыліся, перашкаджалі дарослым слухаць. Непадалёку стаяла сям’я Сцяпана Чэчкі, дзе ля маці пахмурныя яе дзве дачкі і хлапчукі – Міхаська і Міколка. Непадалёку, на пясчаным узлобку, знаходзілася сям’я Лізаветы з трымя дочкамі і сямігадовым Рыгоркам. Яны нікога не праводзілі, бо бацьку іх забралі нкавусаўцы, і яны не ведаюць, дзе цяпер ён знаходзіцца, ці жывы? Бо вельмі часта сніцца маці, пытаецца пра дзяцей, пра свайго сыночка, ці вялікі ён вырас ужо. Думкі Лізаветы перарывае гучны голас з натоўпу:

-- Чаму ў спісах няма Яўхіма і Карпа Флёркі?

Вайсковец яшчэ раз пераглядае спісы, шукаючы названых, але не знаходзіць іх, і адказвае:’’ Спісы не ён складаў, яму далі іх у ваенкамаце, туды і звяртайцеся з усімі пытаннямі, якія ў вас ёсць.’’

І тут жа падалася гучная каманда, каб мабілізаваныя станавіліся ў калону.

Падняўся плач жанчын і дзяцей, нават старыя мужчыны пачалі выцераць рукамі слёзы, якія міжвольна спаўзалі на іх твары.

Калона рушыла ў напрамку Буды – Сафіеўскай, дзе за вёскаю, у густым дубняку, знаходзіўся выяздны ваенкамат. Туды сабралася з навакольных вёсак вельмі многа мабілізаваных, якіх паступова калонамі адпраўлялі на Мазыр. Там ім выдавалі старое паношанае вайсковае адзенне, на дваіх адну вінтоўку Мосіна ўзору 1891 года і некалькі патронаў, а таксама малыя рыдлёўкі, з чым патрэбна было выступаць супраць гітлераўцаў, супраць варожых танкаў, супраць нямецкіх мінамётаў і гармат усіх калібраў, якія перамяшчаліся пры дапамозе механічнай цягі. Калі мабілізаваныя патрабавалі вінтоўку, ім адказвалі, што смелы воін знойдзе сабе зброю ў баі…

У вялізным натоўпе мабілізаваных пачаліся незадаволеныя выказванні, яны адчулі, што імі камандуюць не зусім вопытныя камандзіры, якія мала клапоцяцца аб іх. Нават пакарміць людзей яны, як след, не змаглі, многія з іх засталіся галоднымі, жавалі на хаду свае дамашнія сухары, якія заваляліся ў іх торбах.

Ужо за Азарычамі, калі падыходзілі да Парычаў, іх спынілі незнаёмыя вайскоўцы, штосьці вельмі доўга спрачаліся між сабою, а потым зрпбілі з мабілізаваных вялізны жывы ланцуг і загадалі ўсім акапацца. Усё было зразумела – будзе тут у іх баявое хрышчэнне.

Праз колькі часу з боку Петрыкава пачуліся гукі самалёта, які абагнуў іх лінію абароны і знік у адваротным напрамку. У невялічкіх абарончых умацаваннях пачаліся нейкія ўзрушаныя хваляванні, якія заўважылі іх маладыя лейтэнанты і пачалі пагрозліва махаць сваёй зброяю там, дзе пачыналі спаўзацца ў гурт мабілізаваныя. Старэйшых афіцэраў бачна не было, яны адышлі крыху далей, стварылі свой пункт назірання.

І вось праз некаторы час пачуўся моцны гул матораў, з – за лесу ўжо выпаўзалі першыя машыны, на якіх сядзелі немцы. Яны быццам бы і не заўважалі абарончую лінію мабілізаваных, нават крыху збочылі, каб абыйсці пясочную выспу левым бокам. Але як толькі пачулі выстрал з нагана лейтэнанта, які стрэліў па сваім мабілізаваным, які не вытрымаў псіхалагічнай атакі немцаў і спрабаваў пакінуць свой акоп, пабег у бок лесу, маланкава пакінулі немцы свае машыны і пачалі заходзіць з боку Парыч на мабілізаваных, адразаючы ад іх камандны пункт.

Пачалася рэдкая страляніна з акопаў, бо вінтовак было недастаткова. Ды і высунуць галаву з акопа пад моцны аўтаматны агонь немцаў было не зусім проста. Тым больш, калі ў руках трымаеш рыдлёўку.

Апанас паціху перапоўз да Данілы, які нервова пазіраў на яго, трымаючы ў руках рыдлёўку. А непадалёку ад іх чуліся выстралы з акопа. Але чамусьці гэтыя выстралы раптоўна змоўклі, пэўна, варожая куля напаткала стралка, супакоіла.

-- Вось яна, вайна… А гэта наша ўзбраенне, -- паказваючы суседу сваю рыдлёўку, цяжка ўздыхнуў Даніла. – Нават і дубальтоўкі не знайшлося для нас з табою, каб стрэць ворага.

І ў гэты момант Даніла заўважыў, што Панас кінуў сваю рыдлёўку на зямлю, увесь неяк перасмыкнуўся, уставіў свае вочы паверх акопа і падняў угару рукі. Ён перавёў свой позірк таксама ў той бок і – аслупянеў: там стаяў немец з аўтаматам і ствалом паказваў, каб вылазілі напаверх. Даніла таксама кінуў сваю рыдлёўку на зямлю і рушыў услед за суседам. Пераступаючы забітых і параненых, у якіх тут жа стралялі, яны пайшлі да гурту палонных, якіх зганялі на чыстае месца, як тую жывёлу на стойла для дзённага адпачынку. Данілу зацікавіла, што той немец, які іх выцягнуў з акопа, нёс з сабою Панасаву рыдлёўку, пасміхаўся. А калі падышоў да сваіх і паказаў ім Панасаву зброю, усе моцна зарагаталі, пэўна, смеючыся над тым, з чым адправілі нашага воіна на перадавую.

Заўважылі, што з каманднага пункта вялі чатырох камандзіраў, якія засталіся жывымі, астатніх, пэўна, забілі.

Усіх палонных, як тую жывёлу, пачалі цясніць на пагорак, на больш бачнае месца. Калі ўсё крыху ўтаймавалася, калі перасталі страляць немцы ў цяжка параненых і тых, хто спрабаваў хоць крыху адлучыцца ад гурту, падалася каманда і людскі натоўп рушыў у бок Бабруйска.

Не толькі ў гэты момант, гледзячы на гэты вялізны натоўп бездапаможных людзей, думалі Даніла і Панас, ды і тыя, хто застаўся з вяскоўцаў тут у жывых, што яны сталі зусім бездапаможнымі, што яны цяпер са спутанымі рукамі і нагамі, спутанымі душамі, што яны цяпер агорнутыя самай страшнай бядой, якая магла напаткаць мужчыну на яго жыццёвым шляху, -- адчуванне поўнай бездапаможнасці і бяссілля. І, перастаўляючы ногі па гэтым сыпучым пяску, раз пораз закрадалася ў галаву думка, што трэба штосьці прыдумаць, каб вырвацца з гэтага палону, уцячы адсюль. А як? Ужо спрабавалі некаторыя зрабіць гэтае, але аўтаматная чарга іх тут жа лажыла на зямлю, больш яны не паднімаліся. Панас паціху загаварыў аб гэтым з Данілам, але той прамаўчаў, зрабіў выгляд, што не пачуў. Але ж калі наблізіліся зусім блізка да кустарнікаў, ён штурхнуў Панаса ў бок, і яны маланкава кінуліся ў лес. За імі рушылі яшчэ многія, але аўтаматныя чэргі раптоўна спынілі натоўп. Панас і Даніла бачылі, што за імі бяжыць яшчэ некалькі палонных. А калі перасталі страляць, яны на нейкі момант спыніліся, каб перавесці дых. Тыя, што беглі ззаду іх, ужо не так спяшаючыся, пабеглі ў напрамку Мазыра, а да іх далучыўся палонны, пэўна, з іх мясцовасці. Як потым выявілася – гэта быў Ігнат Ігнатоўскі з Лельчыц. Яны і пакрочылі, ужо не спяшаючыся, у напрамку Петрыкава.

Праз колькі дзён яны ўжо прабіраліся густымі прыпяцкімі кустарнікамі да таго месца, каб перабрацца праз раку да Майсеявіч, адтуль яны вельмі добра ведалі лясную дарогу па – над Убарцю аж да Зладзіна, бо не раз ганялі плыты раней, яшчэ пры Андрыяну, да Прыпяці, а назад заўсёды вярталіся дамоў пешшу лясною дарогаю.

Цямнела. І петрыкоўскія рыбакі пры новых нямецкіх парадках не вельмі затрымліваліся на рацэ ў позні час, гналі свае гіляры да берага яшчэ задоўга да заходу сонца. Пагэтаму было вырашана перачакаць час у лазняку, або папрасіцца начлегу ў хацінках, што туліліся ля самага берага ракі. Ды і прагаладаліся хлопцы за гэтыя дні – амаль расінкі не было ў роце. Вырашылі па адным разыйсціся па хатах, каб не звярнуць на сябе асаблівую ўвагу, а раніцою сустрэцца на гэтым жа месцы, падпільнаваць рыбака і пераехаць на той бераг ракі. Калі ўсё так і атрымаецца, то заўтра будуць яны ўжо дома.

Раніцою прыйшлі да ракі толькі Панас і Ігнат, а Данілу так і не дачакаліся. Вырашылі, што ён раней іх пераплыў ужо на той бераг і можа ўжо даўно іх там чакае. Але яны памыліліся, Данілы на тым беразе не было. ’’Няўжо сам пайшоў дамоў? – падумаў Панас. – Дарога ж яму добра вядомая, не раз прыганяў сюды ён плыты, гасцяваў у Майсеявічах.’’ Але ў вёску яны не пайшлі, абмінулі і нацянькі па – над Убарццю рушылі ў напрамку Зладзіна.

Здзівіўся Панас, калі ад сваёй жонкі Хвядоры пачуў, што Даніла дамоў не прыходзіў, такая навіна не чулася ў вёсцы. І калі жонка Данілы Таццяна прыйшла да іх у хату, ён падрабязна расказаў ёй аб усім тым, што з імі здарылася. Яна сядзела моўчкі, час ад часу перапытвала што – небудзь, божкала толькі, каб не перашкаджаць прамоўцу. Толькі напаследак і сказала: ’’Будзем спадзявацца на лепшае’’…

Вёска жыла бы ў нейкай скрусе, паўсюдна панаваў нейкі страх, калі заўважалі, як па вуліцы хадзілі немцы з незнаёмымі цывільнымі, у якіх на рукавах віднеліся белыя павязкі. Кіраваў тымі цывільнымі нейкі, як яго клікалі, пан Барнафій, які прыбыў разам з немцамі з Заходняй Украіны, каб дапамагчы ім навесці тут адпаведны парадак. Ён лютаваў, паласаваў нагайкаю тых, хто яму не падпарадкоўваўся, хто з сялян не хацеў аддаваць збажыну і бульбу для нямецкіх салдат, пярэчыў яму ў чымсьці. Любіў часта ён заганяць вяскоўцаў у клуб, каб зачытваць там загады новай улады, колькі і чаго павінны сяляне тэрмінова аддаць для нямецкіх салдат, якія будуць пакаранні для тых, хто не выканае яго загад. І часта пры гэтым выхопліваў ён з кабуры наган, махаў ім у паветры і іншы раз, каб больш запалохаць зладзінцаў, страляў у столю. Людзі хілілі галовы, божкалі, паціху выходзілі з клуба, кожны думаў аб сваім. І калі аднойчы пачулі, што гэтага пана Банафія забралі дзесьці на павышэнне, а замест яго будуць выбяраць на вёсцы старасту з тутэйшых, актыўна ўсе прыйшлі на такі сход.

Сабраўся на гэты сход і Панас, хоць яго жонка Хвядора і не пускала яго туды, прасіла, маліла яго, але ён не паслухаўся яе, пайшоў. І калі пачалі выбіраць свайго мясцовага старасту, усе аднагалосна паднялі рукі за Панаса Мішкова, з надзеей на тое, што ён свой чалавек, не будзе патрабаваць ад іх так, як гэта рабіў яго папярэднік пан Банафій.

Афіцэр, які сядзеў за сталом побач з перакладчыкам, згодна паківаў галавою і, калі зала апусцела, паклікаў Панаса да сябе. Праз перакладчыка ён адразу ж даў заданне яму, каб падбіраў сабе з тутэйшых памочнікаў, бо работы будзе зашмат, папярэдзіў, што за сувязь з партызанамі – смяротная кара.

Усе яго выкрыкі ў клубе аб яго нязгодзе на гэтую пасаду, не прынеслі яму ніякай карысці, яго быццам бы ніхто не хацеў слухаць з вяскоўцаў, усе радаваліся, што ёсць каго выбраць, што свой чалавек заступіцца за іх, не будзе такога свавольства, як было гэта ў яго папярэдніка. Разыходзіліся з клуба зладзінцы задаволеныя, некаторыя нават спрабавалі віншаваць яго з гэтай пасадаю. Адна толькі Хвядора сустрэла яго з плачом, папракала, што не паслухаў яе, пайшоў на гэты пракляты сход. Але ён пачаў суцяшаць яе, што не ўсё яшчэ страчана, будзе відаць, што будзе наперадзе, сумленне сваё ён не страціць. І яна крыху супакоілася, падала вячэру на стол, паклікала дзяцей, каб тыя таксама разам з бацькам перахвацілі што – небудзь на ноч, каб менш сніліся ім дрэнныя сны.

На наступны ж дзень да старасты прыйшлі з заявамі аб паступленні ў паліцыю: Шупея Пятро Лазаравіч, Чэчка Пятро Андрэявіч, Неваднічэнка Міхаіл Осіпавіч, Чэчка Міхаіл Мікітавіч, Чэчка Емельян Маркавіч, Стасенка Міхаіл Маркавіч. Усіх іх стараста накіраваў у Лельчыцкую камендатуру, дзе далі ім адзенне, зброю і белыя павязкі на рукавы. Адразу ж іх накіравалі па вёсках, каб збіралі яны прадукты харчавання для нямецкага войска.

Ад іх Панас Мішкоў і даведваўся: колькі мяшкоў збажыны, бульбы яны сабралі, калі будуць адпраўляць усё гэта да Буйнавіцкай вузкакалейкі, чым будуць падвозіць да гэтага месца. І пры зручным выпадку паведамляў Яўхіму і Карпу, якія мелі сувязь з партызанамі. Тыя сустракалі абозы за зладзінскім мастом, з маланкавай хуткасцю распраўляліся з вартаю і адвозілі прадукты харчавання ў патрэбным кірунку.

Гэта ўсё не спадабалася немцам, яны рашуча пачалі весці допыты паліцаяў, якія збіралі збажыну і адвозілі яе на пункт прыёму, спрабавалі весці гутарку і са старастай, але ніякіх канцоў не знаходзілі. Лютавалі, махалі перад падначаленымі наганамі, паласавалі іх нагайкамі, але безвынікова – віноўных не знаходзілі. Стала крыху горш Панасу, калі невядома па чыім даносу былі злоўлены і арыштаваны Карп і Яўхім, якіх завезлі ў Лельчыцкую камендатуру, зрабілі ім моцныя допыты і затым смяротна яны былі пакараны. Сувязь яго з партызанамі на нейкі час спынілася…

Аднойчы ў клубе зноў адбываўся сход вяскоўцаў, дзе прадстаўнікі нямецкай улады дапякалі сялян, старасту, што дрэнна яны выконваюць іх загады, не падпарадкоўваюцца сваім паліцэйскім, не здаюць цёплую вопратку для нямецкіх салдат, якія дайшлі ўжо да Масквы, хутка будуць валодаць усёй Расіяй. Жыццё будзе ў вас зусім лепшае, не такое, як было пры бальшавіках.

Усе ў зале прыціхлі, толькі дзесьці з вугла смела падала свой голас Фаіна Неваднічэнка:

-- Калі так, дык чаму ў нашай вёсцы не працуе школа? Чаму нашы дзеці вось ужо які год не наведваюць заняткі ў школе, бадзяюцца па вуліцы? Я прапаную пачаць заняткі хоць бы з пачаткоўцамі, якіх я буду вучыць. А калі ўсё будзе добра, то і арганізуем заняткі з пераросткамі, каб яны не трацілі свой дарагі час, атрымоўвалі б адпаведную адукацыю.

У зале прыціхлі, уважліва пазіралі на прадстаўнікоў улады, сачылі за тым, як рэагуе афіцэр на словы перакладчыка, як той вымаўляе:’’ Гут, гут.’’ Кожны з прысутных падумаў, што дзецям патрэбна вучыцца ў школе, што Фаіна Паўлаўна адукаваная, да вайны скончыла Буйнавіцкую дзесяцігодку, няхай бы і вучыла іхніх дзяцей, прасторная новенькая школа маецца, амаль уся пустуе, апрача паліцэйскай управы, якая займае два пакоі.

На першыя ж заняткі ў школу заглянулі два цывільныя ад камендатуры і стараста. Яны абышлі пакоі, паглядзелі вучнёўскія паперкі, якія складаліся з нямецкіх паштовак, што дзеці траплялі на лузе, паглядзелі старыя падручнікі, дзе былі закрэслены многія словы і нават цэлыя сказы, выразаны партрэты правадыроў, пагутарылі з настаўніцай, нават звярнуліся да вучняў, пацікавіліся, дзе цяпер іхнія бацькі.

-- Майго бацьку нкавушнікі забралі, -- нясмела адказаў Рыгор Чэчка і хуценька сеў за парту.

-- Майго таксама! – прагаварыла дзяўчынка Мішкова Ева, -- неяк па – дзіцячаму сарамліва скрывілася і села за сваю парту.

-- І майго! І майго! І майго! – чуліся галасы дзяцей з розных куткоў класа.

-- Гут, гут, гут, -- прамовіў чалавек у цывільным. І яны паціху выйшлі з класа. Потым перакладчык давёў да ведама старасты, што інспектар дазволіў праводзіць заняткі ў школе, а старасту і войту абавязкова сачыць за тым, каб не ўблыталася нейкая бальшавіцкая палітыка ў працэс навучання…

34

Ужо другі год як ішла вайна. Звестак ніякіх ніадкуль да вёскі не даходзіла, людзі жылі нейкімі спадзяваннямі на лепшае. Да восенскіх дажджлівых дзён абмалацілі збажыну, выкапалі бульбу. Але амаль усё гэта паліцаі – нарыхтоўшчыкі забралі ў сялян і адвезлі на на чыгуначную вузкакалейку ў Буйнавічы, затым немцы старанна адпраўлялі ўсё гэта ў Германію. Была ўстаноўленая вельмі моцная варта, калі перавозілі збажыну на сховішча. І партызаны іншы раз даведваліся ад старасты праз сувязную Марыю Флёрка, якая замяніла сваіх загінуўшых братоў, прыносіла звесткі для партызан, але тыя не маглі нічога станоўчага зрабіць. Бо да гэтага часу ў Лельчыцах ужо знаходзіўся ўзмоцнены ваенна – адміністрацыйны цэнтр абласнога камісарыяту на чале з гебітскамісарам пад аховай буйнай камендатуры, жандармерыі і батальёна паліцыі, якія і ахоўвалі ўсё сваё, паводзілі сябе вельмі нахабна. Паліцаі паводзілі сябе фанаберыста, хадзілі з вінтоўкамі і бізунамі. Па загаду немцаў забівалі сабак, забіралі ў вяскоўцаў жывёлу, яйкі, масла, іншыя прадукты. Таксама па загаду немцаў забіралі ў людзей лепшае адзенне, абутак, прыставалі да жанчын – удавіц, дзяўчат, гвалтавалі іх. Ім усё было дазволена, на іх баку была ўлада. Там, дзе жыхары вёсак спрабавалі хоць крыху неяк заступіцца за сябе, або мелі хоць нейкую нязначную сувязь з партызанамі, іх зганялі ў вялікае памяшканне і падпальвалі. Да зладзінцаў дайшлі чуткі, што нямецкія карнікі поўнасцю спалілі вёску Дуброва, растралялі шмат людзей у Лельчыцах, растралялі шмат людзей у Мілашэвічах, Прыбалавічах, Глушкавічах. А ў Тонежы карнікі сагналі ў царкву ўсіх жыхароў вёскі і падпалілі, усе згарэлі, як дарослыя, так і малыя.



Многія зладзінцы пачыналі здалёку адчуваць і для сябе небяспеку, тамумногія часта пачалі наведваць свае ранейшыя хутарскія паселішчы, будаваць там нейкае часовае прыстанішча. Так Пятро Цімохаў са сваім сынам Адамам і малым Васільком пачалі за балотам, на сваім старым месцы, дзе была іх хата, пачалі будаваць і ўцяпляць курэнь для ўсяе сваёй сям’і. На іх гледзячы, пачалі ўзводзіць сабе жыллё сямя Таццяны Якаўлеўны, у якой было два хлапчукі – Міхаська і Саўка. Непадалёку ўзводзілі сабе жыллё сям’я Васіля Мішкова, дзе парадкавала маці Ляксуха са сваімі сынамі – Міхаськам, Міколкам і Валодзькам. У іх атрымалася прыгожая цёплая зямляначка на ўсю іхнюю вялікую сям’ю.

На іх гледзячы, абзавялася за балотам жыллём амаль большая палова вёскі Зладзіна, якія штодня чакалі ад новай улады горшага, калі пачулі гэткія страшныя, жудасныя, нечалавечыя чуткі, як карнікі абышліся з зусім нявіннымі людзьмі…

На другім годзе вайны, у канцы лістапада месяца, ноччу, зладзінцы пачулі з боку Буйнавіч нейкія моцныя выбухі гармат, стрэлы кулямётаў. Некаторыя пачалі звязваць свае небагатыя пажыткі, каб уцячы за балота. Юнак Мяфодзій Чэчка ў гэты час стаяў з дзяўчынаю ля моста, калі і пачуў гэтыя стрэлы. Ён кінуўся ў хату Снягура, дзе рэзаліся ў карты паліцаі: Пятро Снягур, Міхаіл Неваднічэнка, Гаўрыла Чэчка і стараста Панас Мішкоў. Як яго і прасілі аб гэтым, ён паведаміў ім аб тым, што пачуў з боку Буйнавіч, адкуль і яшчэ чуліся стрэлы, калі выскачылі яны з накуранага памяшкання. Пачулі, што на мост узляцела конніца і, грукочучы, набліжаецца. Яны праз агароды кінуліся наўцёкі да сваіх хат. Панас прыбег успацелы, не распранаючыся, кінуўся пад коўдру да Фядоры, разбудзіў яе.

-- Пэўна, партызаны наступаюць, -- дрыжачым голасам прашаптаў ён.

-- Я казала табе, дурню, не лезь ты ў гэтае… А цяпер што?

Не паспелі яны як след і апамятацца, як у шыбіну пастукалі, пачулася топанне конскіх капытоў пад вокнамі. Паднялася жонка, падышла да дзвярэй, запыталася хто стукае. Ёй адказалі, што партызаны, пытаюцца, ці тут жыве стараста паліцыі. Калі пачуўся больш моцны стукат, яна адчыніла дзверы. Панас ужо дрыжачымі рукамі запальваў лямпу, калі партызаны пераступілі парог хаты. Дзеці прачнуліся, малы Адамко туліўся да бацькі, замінаў весці размову з партызанамі. Панас загадаў жонцы забраць сына да сябе, даць магчымасць пагутарыць з партызанамі. Але старэйшы з іх сказаў, што ім велена даставіць старасту да камандзіра партызанскага атрада. І калі Панаса выводзілі з хаты, жонка пачала прычытваць, выціраць хусцінкаю слёзы. Яе супакоілі, што ўсё будзе добра, каб яна не хвалявалася…

А каўпакаўцы, разграміўшы жандармерыю ў вёсцы Буйнавічы, некалькімі шляхамі ў гэтую лістападаўскую ноч ішлі ўжо на Лельчыцы і ў хуткім часе занялі большую частку пасёлка, але на цэнтральнай вуліцы наступленне пачало крыху аслабеваць.

Адчуўшы пагрозу, немцы сцягнулі ў Лельчыцы з усяго раёна і Турава ўсе сілы, паспешна збудавалі абарончыя ўмацаванні. Жандармерыя, якая размясцілася ў двухпавярховым будынку, была абнесеная калючым дротам, моцна ахоўвалася аўтаматчыкамі. Другі апорны пункт нямецкага гарнізона – гебітскамісарыят, які знаходзіўся ў цагляным будынку і ад яго была пракладзена траншея да пастамента, які яны пераабсталявалі ў дзот, ад якога кулямётчыкі вялі агонь па мазырскай і тураўскай дарогах. Падступіцца было нельга. Тады С. А. Каўпак прыняў рашэнне ўвесці ў бой артылерыю. Ударылі дзве 76 – міліметровыя гарматы, якія і вырашылі справу – з фашыстаўскім логавам было пакончана, партызаны рушылі далей у напрамку Глушкавічаў. А раніцою вакол валялася зашмат трупаў як немцаў, так і паліцаяў. Многія зладзінцы таксама праз дзень ехалі падводамі да таго месца, каб забраць сваіх добраахвотнікаў і пахаваць іх на мясцовых могілках…

Сідар Арцёмавіч Каўпак заўсёды папярэджваў насельніцтва:’’ Ідзіце ў лясы, бо за намі заўсёды ідуць карнікі і зло спаганяюць на мірных жыхарах…’’ Так і адбылося ў гэтым выпадку. Адчуўшы небяспеку, насельніцтва рушыла ў лясы. Зладзінцы таксама пайшлі з вёскі, многія з іх пайшлі за балота, дзе ва многіх было ўжо пабудаваны курані і зямлянкі. Адпусцілі партызаны і Панаса, бо ён у свой час дапамагаў ім. Ён са сваёю сям’ёю пераехаў да сваякоў у Крупку, схаваўся таксама ў лесе.

Калі карнікі падышлі да Зладзіна, у вёсцы ўжо амаль нікога не было. Толькі каля сваёй хаты яшчэ корпаўся стары Пятро Цімохаў. Ён у чыгунцу зварыў бульбу, паклікаў да сябе Мефодзея і Змітра Чэчку, якія толькі што вярнуліся ад ракі, дзе злавілі некалькі шчупакоў і прапанавалі свайму дзядзьку Пятру пасмажыць іх на агні і ўжыць іх разам з бульбай.

Смакуючы бульбу са шчупакамі, дзядзька Пятрусь расказаў хлопцам, калі яны запыталі, дзе падзеліся вяскоўцы, што ўсе людзі збаяліся, што хутка ў вёску могуць прыехаць карнікі, і яны ўсе рушылі ў лес, за балота.

-- А Вы чаго, дзядзька Пятрусь, не пайшлі з імі? – запытаў Мефодзій

--Ды разумееш, нябож, шкада крыху хаты, папрашу іх, можа не спаляць, а калі і запаляць, дык можа будзе магчымасць затушыць яе.

-- Ды не пашкадуюць яны Вас пасля партызанскага руху Каўпака, -- умешваецца у размову Змітро Чэчка. – Яны цяпер лютуюць, паглядзіце колькі трупаў прывезлі толькі да нас на могілкі! А ў Лельчыцах колькі іх было, нашых паліцаяў і немцаў?

Не паспелі яны і ўдосталь яшчэ пакаштаваць сваіх шчупакоў, як пачулі ля моста гул машыны, глянулі за могілкі – там дыміліся ўжо хаты. Хлопцы пераскочылі вуліцу і схаваліся ў рачных лазняках. Пачулі стрэлы і ў іх бок, пашыліся далей у гушчар, затым прытаіліся пад абрывам ракі. Праз колькі хвілін пачулі аўтаматную чаргу ля дзядзькавай хаты, затым падуў адтуль едкі густы дым – гарэла яго хата. З – за выспы выцягнулі свае хлапечыя галовы і заўважылі, што гарэлі ўжо і іхнія хаты, якія былі зусім побач ад іх. Ахоплівала полымя і іншыя хаты па іх вуліцы, слаўся паўсюдна дым і па ўсёй вёсцы.

Змітрок прыпадняўся, хацеў выскачыць са свайго сховішча, але Мефодзій своечасова схапіў за руку і пасадзіў яго на ранейшае месца.

-- Да цемнаты патрэбна пасядзець тут, а там рушым за балота, -- як старэйшы прапанаваў ён. – Ды невядома, што цяпер здарылася там з дзядзькам Пятром, можа якая дапамога патрэбна?

Надвячоркам заўважылі яны ля папялішча дзядзькавай хаты чалавечыя постаці, пачулі жаночы плач. Падышлі бліжэй і заўважылі: ля таго маленькага вогнішча і чыгунка з бульбаю, уваткнуўшыся тварам у зямлю, ляжаў нерухома дзядзька Пятрусь, нават трымаў яшчэ ў руцэ неабіраную бульбіну…

Пахавалі ноччу дзядзьку Пятра тут жа ля плота на яго агародзе, паставілі невялічкі драўляны крыжык. Схілілі галовы ў маркоцці над магілкаю Цімохава Пятра Васільевіча і адначасова над папялішчам свайго дома яго жонка Вера Якаўлеўна, яе дочкі Таццяна, Лізавета, Алена, Вольга і сыны – Адам і малы шасцігадовы Васілёк. На фронце ў гэты час быў яго старэйшы сын Іван, які пачаў службу ў войску яшчэ да вайны і вестак ад яго ўжо які год яны не атрымлівалі.

Усёю сям’ёю пакорпаліся яшчэ крыху на папялішчы сваёй хаты, знайшлі што – небудзь з жалезных рэчаў, палажылі пад яблыню, каб забраць з сабою на курані. Непадалёку таксама корпалася сям’я Таццяны Якаўлеўны, якія таксама адшуквалі патрэбныя для сябе рэчы. Таццяна не раз падыходзіла да сваёй сястры Веры, суцяшала яе, давала нейкія парады ёй, але тая яе амаль не слухала, стаяла задуменная, бы яе таксама палову закапалі ўжо ў зямлю.

Дваюродныя шасцігадовыя браты насіліся вакол папялішчаў, бы ўгарэлыя: штурхалі адзін аднаго, спрабавалі падстаўляць адзін аднаму нагу, пры зручным выпадку паваліць на зямлю. Дарослыя не заўважалі іх свавольства, размаўлялі між сабою, аб нечым дамаўляліся. Нават чатырохгадовая Евка і яе двухгадовая сястрычка Лізавета стаялі ля сваёй маці смірэнна, трымаліся за спадніцу, зрэдку пазіралі ёй у вочы. Падышлі да іх гурту Мефодзій і Змітрок, якія расказалі, што і як усё адбылося на іх вачах, перадалі апошнюю размову Пятра Васільевіча з імі, як ён застаўся ля сваёй хаты, каб зберагчы яе, як і адкуль наляцелі на вёску карнікі, як палілі ўсе хаты адну за другою, як яны апынуліся ля Ўбарці і схаваліся там пад абрывам ад куль, таму і ўцалелі.

Усе гуртам яшчэ раз падышлі да магілкі, паправілі крыжык на ёй, сабралі рэшткі знойдзенага і паціху рушылі за балота да сваіх куранёў.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет