Тыпавая праграма па гісторыі чэшскай літаратуры І. Тлумачальная запіска


ГІСТОРЫЯ ЧЭШСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ПАМЕЖЖА



бет4/7
Дата28.06.2016
өлшемі0.61 Mb.
#164087
1   2   3   4   5   6   7

6. ГІСТОРЫЯ ЧЭШСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ПАМЕЖЖА

ХІХ-ХХ СТАГОДДЗЯЎ
6.1. Асноўныя тэндэнцыі развіцця чэшскай літаратуры

памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў.
Грамадска-гістарычная сітуацыя ў чэшскіх землях памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Літаратурныя кірункі і плыні ў Чэхіі памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў: рэалізм, натуралізм, сімвалізм, экспрэсіянізм. Агульная характарыстыка нацыянальнай спецыфікі развіцця названых плыняў.



Развіццё чэшскай паэзіі памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў. Багацце і разнастайнасць. Змена арыенціраў у першае десяцігоддзе ХХ стагоддзя ў Чэхіі: цікавасць да жыццёвых праблем. Уплыў першай сусветнай вайны. Паступовы адыход ад прынцыпа індывідуалізма і дэкадэнсна-сімвалісцкага супрацьпастаўлення мастацтва і рэчаіснасці. Набліжэнне да праблем народа, грамадскай барацьбы. Пранікненне ў паэтычную творчасць зямных рэалій. Дэмакратызацыя верша з улікам вопыту дэкадансна-сімвалісцкай паэзіі (П. Безруч, В. Дык, К. Томан, Ф. Гельнер, Ф. Шрамэк, С. К. Нейман). Антыграмадская пазіцыя, адмоўнае стаўленне да ўсяго старога маладой паэтычнай генерацыі.

Чэшская Мадэрна ў літаратуры і культуры. Маніфест Чэшскай мадэрны (“Розгледы” 1895). Аўтарства Маніфеста Чэшскай Мадэрны (паэт Ё. С. Махар і крытык Ф. Кс. Шальда). Праграма, адлюстраваная ў Маніфесце: змена прыярытэтаў з грамадскага на асабістае, з нацыянальнага на індывідуальнае, стварэнне перадумоў для паслаблення службова-прыкладных, утылітарных функцый літаратуры і мастацтва. Барацьба за свабоду самавыражэння. Акцэнтацыя дамінуючай ролі асобы ў мастацтве. Пранікненне ў літаратуру ідэй інтэрнацыяналізму і касмапалітызму. Шырыня ідэйнага дыяпазону чэшскай літаратуры.

Каталіцкая Мадэрна. Час узнікнення (1895). Прадстаўнікі (С. Боўшка, Кс. Дворжак, К. Достал-Люцінаў, Ф. Скалік). Асноўныя прынцыпы: змена танальнасці рэлігійнага мастацтва, спроба ператварыць царкву-ваіцельку ў пяючую і прасветленую. Супрацьпастаўленне разгубленасці, індывідуалізму, смутку, бодрасці, радасці духа і агульнаму брацтву людзей на хрысціянскай аснове. Містыцызм.

Чэшская літаратурная групоўка дэкадэнтаў вакол часопіса “Мадэрні рэвю” (1894-1926). Асноўныя прадстаўнікі: выдавец і рэдактар часопіса Арнашт Прохазка і паэт-сімваліст Іржы Карасэк з Львовіц. Арыентацыя на французкі дэкаданс. Канцэнтрацыя творчасці на ўнутраным свеце асобы, на яго душы. Цікавасць да ўнутранай супярэчлівасці. Адмоўнае стаўленне да рэалізму. Зварот да падсвядомых сусветаў ірэальнага. Дамінаванне матываў страху, адзіноты, тугі, тлену, распаду, увядання, смерці, якая ставілася вышэй за жыццё. Паэтычная палітра паэтаў кола “Мадэрні рэвю” як выхад настрояў “канца стагоддзя”: стомленасці ад жыцця, уцёкаў ад рэчаіснасці ў далёкія часы (галоўным чынам, готыкі і рэнесансу) і краіны, любоў да рэлігійнай тэматыкі, паталагічных з’яў жыцця і паталагічных станаў чалавечай свядомасці.

Часопіс “Альманах сэцэсэ” (1896).

Часопісы “Час” і “Наша эпоха”. Эстэтычныя погляды “рэалістаў” (Т. Г. Масарык, Ё. С. Махар).



Развіццё чэшскага імпрэсіянізму (Ф. Х. Свобада, К. Чэрвенка, А. Сова, Ф. Шрамэк) і яго праявы ў творчасці некаторых чэшскіх паэтаў памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў. Сувязь з паэтычным рэалізмам. Дамінаванне прыродных матываў і тэм.

Неарамантызм у чэшскай літаратуры (Ю.Зэер): асуджэнне і непрыняцце рэчаіснасці, уход ў свет мары, фантастыкі, зварот да сюжэтаў легендарнай старажытнасці, экзотыкі.

Сімвалізм у чэшскай паэзіі. Рэлігійна-містычная афарбоўка. Асноўныя прадстаўнікі: Отакар Бржэзіна, Іржы Карасэк з Львовіц, Карэл Главачак і некаторыя інш. Апяванне смерці, хваробы, услаўленне сярэднявечча. Успрыманне сімвалістамі чалавечага каханне як пакутлівай і змрочнай драмы. Абстрактнасць вершаў, цяжкія для тлумачэння вобразы. Скарыстанне музычных якасцяў чэшскай мовы.

Сацыяльная грамадзянская лірыка (Я. Нэруда, Св. Чэх, Ё. В. Сладэк). Развіццё жанра ліра-эпічны песні (П. Безруч, С. К. Нэйман, А. Совы). Развіццё жанра паэмы (С.Чэх, Я.Врхліцкі, Ю.Зэер, Ё.С.Махар).



“Альманах 1914 года” і выступленне новай літаратурнай генерацыі перадваеннай мадэрны, якая негатыўна ставілася да сімвалізму і дэкадансу і падкрэслівала свае цалкам пазітыўныя адносіны да жыцця, свету сучаснай цывілізацыі і тэхнічных адкрыццяў. Супрацьпастаўленне адшліфаванага, выпеставанага індывідуалізму, прыкладам якога быў Ф. Кс. Шальда, і паэта-грамадзяніна (Карэл Чапек). Узнаўленне кантактаў паміж мастацтвам і жывой рэчаіснасцю, намаганні па ўключэнню паэта-творцы ў грамадства. Зварот да вольнага верша, скарыстанне новага паэтычнага слоўніка. Простасць выражэння. Прызнанне вычварнасці і мудрагелістасці паэтычных выяў лішнімі. Пазнейшае выцясненне цывілізацыйнага аптымізму ў гады першай сусветнай вайны песімізмам.

Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці чэшскй прозы памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў. Развіццё разам з жанрамі апавядання і аповесці, гістарычнага рамана, узнікшымі яшчэ раней, жанраў сацыяльнага рамана, рамана-хронікі, фельетона. Узбагачэнне чэшскай рэалістычнай і натуралістычнай прозы новымі тэмамі. Жыццё вёскі, сярэдніх слаёў горада, карціны жыцця рабочых і заняпаду буржуазіі і дваранства як аб’ект адлюстравання.

Існаванне прозы з класічным тыпам аповеду: традыцыйным сюжэтам, інтрыгай, прысутнасцю галоўных і другасных персанажаў, гарманічнымі суадносінамі знешняга і ўнутранага планаў (творы Райса, Вінтэра, Чапека-Хода, Баара і інш.). Узнікненне адначасова твораў з паслабленай сюжэтна-эпічнай лініяй, твораў, у якіх акцэнт пераносіцца на ўнутранае жыццё герояў (проза Шрамэка, Свобадавай, Вілема Мршціка). Аўтарская прысутнасць у прозе гэтага часу: апавядальнік альбо непасрэдна кантактуе з чытачом (Шлейгар), альбо далучае сваё “я” да вобраза некага з персанажаў (Шрамэк, Мршцік). Распаўсюджванне шырокага панарамнага апісання жыцця: з’яўленне гістарычных, вясковых, сацыяльна-бытавых хронік, цыклаў твораў, якія складаюць эпапеі. Імкненне да даставернасці матэрыялу: вывучэнне пісьменнікамі дакументальных фактаў, праца з архіўнымі матэрыяламі. Паглыбленне псіхалагічнага аналізу.

Зварот да гістарычных фактаў (Ірасэк, Вінтэр). Бачанне асновы нацыі ў простым народзе, у селяніне. Знікненне ідэалізацыі патрыярхальнага сялянскага свету (Райс, Новакава). Распаўсюджванне мастацка-хранікальных жанраў (Голечэк).

Натуралізм у чэшскай прозе памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў як тэндэнцыя і адценне рэалістычнай прозы (Чапек-Ход, Шлейгар, Тільшава, Вілем Мршцік іінш.). Імпрэсіянізм і яго элементы ў псіхалагічнай прозе (творы Шрамэка, Бенешавай, Свобадавай, Вілема Мршціка, Совы). Элементы экспрэсіянізму ў прозе Чапека-Хода, Бенешавай, Шрамэка. Тэндэнцыі нэакласіцызма ў празаічных творах Чапека-Хода, Совы, Дыка.

Развіццё чэшскай драматургіі памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў. Адкрыццё ў Празе ў 1883 г. Нацыянальнага тэатра. Стварэнне спрыяльных ўмоў для развіцця драматургіі. Патрыятычная і гістарычная тэматыка п’ес. Складанае пранікненне сучаснага жыцця ў драматургію. Першыя драматургі Нацыянальнага тэатра: Я. Врхліцкі і Ю. Зэер. Стварэнне п’ес на біблейскія, антычныя і гістарычныя матывы і тэмы. Арыентацыя на драмы Шэкспіра і Гюго, Расіна і Мальера. Чэрпанне нацыянальнай тэматыкі са старонак хронікі Гаека. Арыентацыя драматургіі Врхліцкага і Зэера на замежныя ўзоры.

Рэалістычны кірунак як апазіцыя рамантычнай драме. Рэалістычны пачатак ў драматургіі на памежжы 80-90-х гг. у творчасці Ладзіслава Строўпежніцкага, Габрыелы Прэйсавай, Алоіса Ірасэка, братоў Алоіса і Вілема Мршцікаў.

П’есы Г. Прэйсавай “Гаспадыня-нявольніца” (1889), “Яе падчарыца” (1890).

Тэма трагічнага лёсу сялянскай дзяўчыны ў п’есе Алоіса і Вілема Мршцікаў “Марыша” (1894). Заканчэнне ў 1887 г. драмы “Пані Урбанава”, у 1912 г. -- драмы “Анежка”, напісанай Вілемам разам з жонкай Бажэнай.

Жыццё вёскі ў п’есах Ірасэка “Войнарка “ (1890), “Бацька” (1894).

П’есы Ірасэка на гістарычныя тэмы: пра герояў гусіцкага руху “Ян Жыжка” (1903), “Ян Гус” (1911), “Ян Рогач” (1914). П’еса “Гера” (1904), у якой раскрываецца праўдзівы сэнс чэшскай гісторыі. Дакументальная аснова драм Ірасэка. П’еса “Адзінота” (1908), якая працягвала рэалістычныя традыцыі, камедыя “Калыска” (1891) – пра шчаслівае каханне з часоў Вацлава ІV.

П’есы першага дырэктара Нацыянальнага тэатра Францішка Адольфа Шуберта, з імем якога звязаны першыя сцэнічныя творы пра жыццё рабочых. М. А. Шымачак і яго п’еса пра рабочых “Свет малых людзей” (1890).

Камедыі Ф. К. Свобады, Ё. Штолба, В. Штэха. Тэатральная дзейнасць знакамітага чэшскага рэжысёра і драматурга Нацыянальнага тэатра Яраслава Квапіла, які з 1900 г. быў у кіраўніцтве, а ў 1912 г. узначаліў тэатр. П’еса Квапіла ”Прынцэса-дзмухавец” (1897).

Пранікненне дэкадансу на сцэну праз драмтургію Я. Гільберта, К. Г. Гілара і іншых.

П’есы В. Дыка “Змудрэнне Дона Кіхота” (1913), “Вялікі маг” (1914), “Лавец пацукоў (1915), якія знаходзіліся за межамі рэалістычнага кірунку.

Увасабленне новых тэндэнцый ў драматургічнай творчасці Ф. Шрамэка, які сваімі п’есамі пракладваў шляхі лірыка-імпрэсіяністычнай драме настрояў, І. Магена, які ў сваёй п’есе “Яношык” увасобіў мяцежныя настроі пакалення.

Культура Сэцэсэ, асноўныя тэндэнцыі, прадстаўнікі.



Зараджэнне крытычнай генерацыі ў Чэхіі памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў. Літаратурна-крытычная дзейнасць Отакара Госцінскага (1847-1910). Літаратурна-крытычная дзейнасць Францішка Ксаверыя Шальды (1867-1937). Томаш Гарык Масарык (1850-1937). Філосаф, грамадскі дзеяч, літаратурны крытык.

6.2. Слынныя постаці ў чэшскай літаратуры

памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў
Творчасць Ёзафа Сватаплука Махара (1864-1942), паэта, празаіка, публіцыста. Махар як прадстаўнік пакалення 90-х гг. у чэшскай літаратуры. Махар як аўтар Маніфеста чэшскай Мадэрны. Пачатак літаратурнай дзейнасці Ё.С.Махара. Уплыў рамантызму. Зб. “Confiteor“ (1887-1892). Раскрыццё ўласнага ўнутранага свету. Адносіны да мяшчанства. Кампазіцыя зборніка. Эпічны характар аповеду. Жанравая своеасаблівасць „Споведзі“ (раман у вершах). Наватарства паэта. Суб‘ектыўная лірыка Ё.С.Махара: чатыры зборнікі санетаў (1890-1892). Тэматычная і мастацкая адметнасць названых паэтычных зборнікаў. Зб. „Tristium Vindobona I-XX“ (1893) як пачатак новага перыяду творчасці Махара. Грамадская праблематыка. Спосабы аб‘ектывізацыі матэрыялу. Эпічны талент Ё.С.Махара. Тэма і вобраз жанчыны ў творчасці чэшскага паэта. Раман у вершах „Магдалена“(1894). Пафас твора. Палітычная лірыка Ё.С.Махара. Зб. „Галгофа“ (1901) як сінтэз усіх тэм і матываў творчасці Махара. Гістарычная тэма. Літаратурныя партрэты выбітных асоб у зборніку. Рэлігійная тэма і яе ўвасабленне. „Галгофа“ як вершыня паэтычнай аб‘ектывізацыі. Лірычны зборнік „Экскурсія ў Крым“ (1900): палеміка з „Крымскімі санетамі“ Міцкевіча. Карціны жыцця чалавецтва ў паэтычным цыкле „Свядомасцю стагоддзяў“ (1906-1926). Канцэпцыя гісторыі Махара ў цыкле. Яе эвалюцыя. Паэтыка розных зборнікаў цыкла. Лірыка апошніх гадоў жыцця. Значэнне Махара для чэшскай літаратуры.

Творчасць Антаніна Совы (1864-1928). Першы паэтычны зб.”Рэалістычныя строфы” (1890). Успрымальнасць паэта да новых літаратурных кірункаў. Багацце мастацкіх тэндэнцый у творчасці А.Совы (рэалістычных, імпрэсіяністычных, рамантычных, сімвалісцкіх). Паэтычная эвалюцыя Совы. Ранняя творчасць пісьменніка. Гуманістычная скіраванасць яго таленту. Выражэнне абстрактна-рамантычных мар пра новага чалавека ў зб. “Даліна новага каралеўства” (1900). Лёсы “маленькіх людзей” у першых паэтычных зборніках. Інтымная лірыка А.Совы, зб. “Лірыка кахання і жыцця” (1907). Канфлікты і праблемы рэчаіснасці ў творчасці Совы (зб. “Змаганні і лёсы” 1910). Будучыня ў творчай спадчыне паэта. Сова-пейзажыст (зборнікі “Кветкі інтымных настрояў 1891, “Пра мой край” 1892, “Спачуванне і пратэст” 1894, “Яшчэ аднойчы мы вернемся” 1900 і інш.) Паэтыка пейзажнай лірыкі (пачуццёвасць, увядзенне дэталяў гарадскога пейзажу). Выражэнне духоўных змен у зборніку філасофскай лірыкі “Жніво” (1913), зб. “Баладная кніга” (1915). Сімвалізм у творчасці паэта. Адметнасць сімвалізму Совы ў параўнанні з іншымі прадстаўнікамі гэтай плыні ў чэшскай літаратуры памежжа стагоддзяў. Імпрэсіяністычнасць паэзіі Совы. Раскрыццё характара эпохі праз аднаўленне настрояў, унутраныя маналогі і споведзі лірычнага героя. Песеннасць і меладычнасць вершаў А.Совы. Скарыстанне паўтораў і варыяцый. Актыўны зварот да вольнага верша. Празаічная спадчына Совы.

Сімвалізм у паэзіі Отакара Бржэзіны (1868-1929). Пачатак творчай кар’еры чэшскага паэта: зб. “Таямнічыя далі” (1895), зб. “Світанне на захадзе” (1896). Літаратурныя захапленні і ўплывы (індыйская філасофія, сярэднявечная містыка). Аўтабіяграфізм у паэтычнай спадчыне. Дэкадансныя матывы паэзіі. Асаблівасць сімвалізма О.Бржэзіны: “медытатыўны і жыццясцвярджальны сімвалізм” /Шальда /. Нешта і Невядомае ў творчасці чэшскага паэта. Асноўныя тэмы паэзіі. Макра- і мікрасусветы О.Бржэзіны. Касмалагічныя матывы ў паэзіі творцы. Значныя канцэпты паэтычнага свету. Зб.”Вятры з палюсоў” (1897) як кульмінацыя метафізічнай тугі і ў той жа момант пачатак адыходу ад сімвалізму і “негатывізму”. Зб.”Будаўнікі храмаў” (1899) як паварот да пазітыўных жыццёвых каштоўнасцей. Апошні зборнік “Рукі” (1901) як сукупнасць і вяршыня ідэалістычнай філасофіі паэта і яго мастацкіх памкненняў. Уплыў трагічных жыццёвых падзей на творчасць. Отакар Бржэзіна і сучаснасць. Отакар Бржэзіна і Каталіцкая Мадэрна. Значэнне творчасці паэта для чэшсай літаратуры. Паэтычная палітра пісьменніка: містычныя матывы, асацыятыўнасць, дынамізм. Эссэістыка : “Музыка прамянёў” (1903), “Схаваная гісторыя” (няскончана).

Лірыка Карэла Главачака (1874-1898) як выбітная праява чэшскага дэкадансу. Драма асабістага жыцця К.Главачака і яе ўплыў на светабачанне, жыццёвую і творчую пазіцыю паэта. Зборнік “На зыходзе ночы” (1896): настроі смерці, крушэння, тугі, гібелі і меланхоліі. Дасканаласць мовы і музычнасць лірыкі. Багацце метафорыкі. Блізкасць К.Главачака да мастацкай сістэмы М.Метэрлінка. Зб. “Кантылена помсты” (1898) як вяршыня чэшскай лірыкі 90-х гг. ХІХ ст.

Творчасць Пятра Безруча (1867-1958). Агульная характарыстыка. Жанр сацыяльнай рэалістычнай балады ў творчасці паэта. Гісторыя ўзнікнення адзінага зборніка “Сілезскія песні” (пач.90-х гг.). Наватарства П.Безруча ў тагачаснай чэшскай паэзіі. Сістэма вобразаў зборніка “Сілезскія песні”: вобразы прыгнечаных і прыгнятальнікаў; вобраз Ондраша, высакароднага разбойніка; рамантычныя вобразы агню, пажару, паходні і іх сэнс; вобраз прамысловага рабочага і яго пачуцці і думкі. Спосабы стварэння вобразаў у зборніку. Асноўныя тэмы і матывы “Сілезскіх песень” Безруча. Інтымная тэматыка ў зборніку. Жаночыя вобразы. Паэтыка безручаўскіх вершаў: простасць, лаканізм, рэалістычная канкрэтыка. Адметнасць выкарыстання лексікі ў творах: ужыванне дыялектызмаў, слоў, звязаных з бытам і працай рабочых. Песеннасць Безруча. Асаблівасці жанра песні ў зборніку “Сілезскія песні”. Рысы жанра сацыяльна-рэалістычнай балады ў названым зборніку. Спалучэнне канкрэтнага і дакументальнага з абагульняючым.

Творчасць Віктара Дыка (1877-1931). Мастацтва і палітыка ў жыцці і творчасці пісьменніка. Спалучэнне новага і старога. Вяртанне Дыкам ў чэшскую паэзію героіка-рамантычных нот. Першыя паэтычныя зборнікі “A porta inferi” (1897), “Сіла жыцця” (1898), “Дробязі жыцця” (1900). Празаічны талент пісьменніка: “Бурлівая грэбля” (1903), кніга апавяданняў “Песня пра вярбу” (1908), навэла “Лавец пацукоў (1915). Тыповы канфлікт асобы і грамадства, яго героі – людзі, здольныя на ўчынкі, яны вылучаюцца з абывацельскага асяроддзя і спрабуюць узняцца над жыццём. Драматургія Віктара Дыка:“Памудрэнне Дона Кіхота” (1907-1910), п’еса “Вялікі маг” (1914), казачна-сатырычная камедыя “Андрэй і цмок” (1919). Вершаваная эпіка “Бунтары і пакора” (1918): “Бунтары” (1903), “Каханка семярых разбойнікаў” (1906), “Джузэпэ Мора” (1911) і “Барацьба Іржы Мацкі” (1916). Крытычны пачатак і нацыянальна-вызваленчы пафас. Вершаваная “Ваенная тэтралогія”, у якую уваходзяць зборнікі “Лёгкія і цяжкія крокі” (1915), “Альбо” (1918),”Акно” (1921), “Апошні год” (1922). Зварот да традыцыйных каштоўнасцяў, успрыманне агульнацыянальнага вышэй за асабістае. Акцэнтацыя грамадзянскай праблематыкі. Агульначалавечае ў зборніку вершаў “Дзевяты вал” (1930). Функцыя іроніі, аналітычнасць у творах, апяванне гарманічнай асобы, рамантычны пачатак у вобразах герояў. Ідэі нацыяналізму ў творчасці Дыка.

Адметнасці лірыкі Францішка Гельнера (1881-1914). Паэтычны пратэст паэта. Жыццёвы і творчы шлях Ф.Гельнера як драма “лішняга чалавека”. Уплыў на Гельнера Нэймана перыяду “Новага культу”. Асноўныя паэтычныя зборнікі: “Пасля нас хоць патоп” (1901), “Радасці жыцця” (1903), “Новыя вершы” (выдадзены пасмяротна). Тэма пратэсту супраць тагачаснага мяшчаснства і грамадскіх умоўнасцяў у лірыцы паэта. Сатырычны складнік твораў. Песня-шантан як аснова паэтычнай формы чэшскага творцы. Паэтыка вершаў Гельнера: размоўны стыль, правакатыўнасць тону.



Паэзія Карэла Томана (1877-1946). Тэмы, матывы, асаблівасці паэтыкі. Першы паэтычны зборнік “Казкі крыві” (1898). Уплыў сімвалізму. Рысы дэкадаксу: настрой стомленасці, душэўная хвароба лірычнага героя, бясконцая прага да руху невядома куды. Крытыка мяшчанства. Уплыў філасофіі Фрыдрыха Ніцшэ: дэкласаваны характар вобразу Хрыста (“жабрак душы”), нянавісць да жанчыны як да загубцы ўсялякай жыццёвай энергіі ў чалавеку-мужчыне. Зборнік “Абломак жыцця” (1902). Увасабленне філасофскі складаных канцэпцый новага разумення паняццяў “жыцця” і “свабоды”. Матывы нябесных планет і звярыныя матывы (змяі, кошкі, парасятаў, мышы і іншыя). Зварот да тэмы вёскі. Вобразы прыроды. Вандраванні Томана па Еўропе і іх уплыў на літаратурную творчасць. Зборнік “Меланхалічны шлях” (1906). Натхненне чужаземнымі краінамі. Вобраз горада. Тэма радзімы. Зборнік вершаў “Сонечны гадзіннік” (1913) як кульмінацыя даваеннай творчасці паэта. Зборнік “Вершы сямейныя і іншыя” (1914-1917) як адбітак падзей Першай сусветнай вайны. Дамінаванне тэмы родных мясцінаў, матыва вяртання ў сям’ю. Цыкл “Месяцы” (1918) -- лепшы зборнік паэта. Услаўленне і апяванне Зямлі. Апошнія зборнікі “Голас цішыні” (1923) і “Стогадовы календар” (1926). Зварот да тэмы сапраўдных ідэалаў жыцця, ролі гісторыі ў лёсе людзей. Матыў цішыні.

Жыццёвы шлях Станіслава Косткі Нэймана (1875-1947). Першы паэтычны зборнік паэта ”Nemesis, bonorum custos” (1895). Турэмныя і любоўныя матывы зборніка. Туга па волі, тэма пратэста. Традыцыі Врхліцкага і Чэха ў творах зборніка. Сімвалісцка-дэкадэнцкі характар ранняй творчасці Нэймана. Бунтарскі пачатак у творах 90-х гг. Аналіз зборнікаў “Я – апостал новага жыцця” (1896), “Апастрофы гордыя і страсныя” (1896), “Слава сатарны сярод нас” (1897). Узнясенне паэта над паўсядзённасцю жыцця. Сацыяльная праблематыка зборнікаў. Нэйман і літаратурныя часопісы і альманахі (“Мадэрні рэвю”, “Альманах сэцэсэ”, “Новы культ”, “Альманах 1914 г.”). Захапленне паэтам анархісцкімі ідэямі і іх увасабленне ў зборніку 1903 г. “Сон пра натоўп у адчаі”. Пераход паэта ад сімвалісцкай умоўнасці да прамога адлюстравання рэчаіснасці. Зборнік “Кніга лясоў, вод і пагоркаў” (1914) як апафеоз зямнога кахання да жыцця, прыроды і жанчыны. Выкарыстанне канонаў малітоўнага тэксту. Нэйман і так званая “перадваенная цывілістычная мадэрна” (збліжэнне з Чапекам, Фішэрам, Тэерам і інш.). Цікавасць паэта да навукова-тэхнічнага прагрэсу. Паварот да вольнага верша. Зборнік 1918 г. “Новыя песні” як увасабленне “цывілізма”. Апазіцыйныя настроі і палітычныя песні ў зборніку 1918 г. “Чэшскія песні”. Уражанні ваенных гадоў у зб. “Трыццаць песень часоў разрухі”(1918). Адметнасці паэтыкі Нэймана: схільнасць да жанру песні; гімнічныя і малітоўныя інтанацыі твораў паэта; рытарызм лірыкі. Творчасць паэта як раскрыццё эмацыянальных магчымасцей вялікага інтэлекту. Моцныя жарсці і яскравыя думкі ў лірыцы чэшскага паэта.

Імпрэсіянізм ў творчасці Франі Шрамэка (1877-1952). Дэкадансныя і анархісцкія матывы першых паэтычных зборнікаў. Рамантычны пафас і паганская вобразнасць зборніка “Шлюз” (1916). Раман “Сярэбраны вецер” (1910) як яскравая праява чэшскага імпрэсіянізму. “Сярэбраны вецер” Ф.Шрамэка як “раман выхавання пачуццяў”. Праблема кахання ў рамане. Два разуменні кахання: высокае і нізкае. Палеміка з “Крэйцаравай санатай” Л.Талстога і інш. творамі на гэтую тэму. Уплыў ідэй свабоднага кахання. Уздзеянне рускай літаратуры на раман Шрамэка. Тэма “лішняга чалавека”. Вобраз-лейтматыў сярэбранага ветру ў рамане. Сімвалічнае напаўненне гэтага вобразу. Вобраз Яна Раткіна. Свет мяшчанства ў рамане. Форма (раман-маналог) і кампазіцыя “Сярэбранага ветра”. Музычнасць прозы Ф.Шрамэка. Драматургія Шрамэка.

Творчасць братоў Мршцікаў, Вілема (1863-1912), Алоіса (1881-1925). Рэалістычная драма “Марыша”. Уплыў сімвалізму і імпрэсіянізму. Раманная спадчына Вілема Мршціка. Праблематыка, паэтыка.

Натуралізм у творчасці Карэла Мацея Чапека-Хода (1860-1927). Жыццёвы і творчы шлях К.М.Чапека-Хода. К.М.Чапека-Ход і еўрапейскі натуралізм. Праблемна-стылёвая шматстайнасць творчасці чэшскага пісьменніка. Вобраз народнага мсціўцы ў рамане “Кашпар Лен-мсціўца” (1909). Трансфармацыя легендарнага вобразу. Крытыка рэчаіснасці. Партрэт галоўнай гераіні ў рамане “Кашпар Лен-мсціўца”. Дэрамантызацыя рэчаіснасці і натуралістычныя рысы ў рамане. Тэма краха ў творчасці К.М.Чапека-Хода на прыкладзе рамана “Турбіна”. Трагікамізм у асвятленні падзей. Парадзіраванне рэчаіснасці ў рамане. Асаблівасці паэтыкі: аб’ектывізацыя рэчаіснасці, эпічнасць аповеду, вар’іраванне стыляў, спакойная наратыўнасць у чаргаванні з іроніяй і гратэскам, спалучэнне жыццепадобнасці і элементаў абсурда, парадаксальнасць, псіхалагізм, яскравае эксперыментатарства. Чалавечыя характары і лёсы ў творчасці К.М.Чапека-Хода. Навэлістыка пісьменніка. Тэма “кахання і грошаў”. Скарыстанне фантастыкі. Спалучэнне сацыяльнай, маральнай і псіхалагічнай праблематыкі. Лёс літаратурнай спадчыны К.М.Чапека-Хода. Праблема метада чэшскага пісьменніка: сінтэтычнасць стылю (спалучэнне рэалізма і натуралізма, экспрэсіяністычнасць, прысутнасць імпрэсіяністычнага пачатку).

Аўтабіяграфічная проза Бажэны Бенешавай (1873-1936). Псіхалагічнае майстэрства пісьменніцы. Зварот да трагічных лёсаў маладых людзей. Тэма разбурэння ілюзій і псіхалігічны аналіз наступстваў гэтага – асноўная праблема яе твораў. Стыль, які вызначаецца дакладнасцю кампазіцыі, яснасцю мовы, адмаўленнем апісальніцтва, імпрэсіяністычных нюансаў. Раскрыццё характараў персанажаў праз дыялогі. Рысы нэакласіцысцкай прозы і рэалізм флабэраўскага тыпу. Апавяданні Бенешавай: зб. “Неатрыманыя перамогі” (1910), “Мышкі” (1916), “Суровая маладосць” (1917), “Ціхія дзяўчаты” (1922). Стварэнне новага тыпу маладога героя ў апошняй аповесці “Дон Пабла, Дон Педра і Вера Лукашава” (1936). Тэма”выхавання пачуццяў” зусім юнай героаіні, якая ў пераходным узросце сутыкаецца з чужым і гратэскным светам дарослых. Раманістыка: “Чалавек” (І частка – 1919 г., ІІ частка – 1920 г.), ваенная трылогія “Удар” (1926), “Падземная полымя” (1929), “Трагічная вясёлка” (1933), у якой апісана духоўная эвалюцыя жанчыны. Раманная творчасць Бажэны Бенешавай як спроба даць сінтэтычны вобраз народа ў вырашальныя для яго хвіліны гісторыі. Апавяданні як дамінанта мастацкага свету чэшскай аўтаркі. Адлюстраванне пачуццёвых і маральных драм маладых людзей.

Раманістыка Ганны Марыі Цільшавай (1873-1957). Сацыяльны асяродак і чалавечыя характары ў раманах “Старая сям’я” (1916) і “Сыны” (1918). Раман “Тэрыконы” (1927) як увасабленне канфліктаў прамысловай Астравы. Тэмы сям’і, заняпаду мяшчанскіх традыцый. Біяграфічныя раманы пісьменніцы.

Каталіцкая праблематыка творчасці Йіндрыха Шымона Баара (1869-1925).

Нямецкамоўная літаратура Чэхіі памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Рэцэпцыя ўсходнеславянскіх літаратур у Чэхіі памежжа ХІХ-ХХ стагоддзяў.
7. ГІСТОРЫЯ ЧЭШСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ
7.1. Гісторыя чэшскай літаратуры І паловы ХХ стагоддзя
Міжваенны перыяд як адзін з самых спрыяльных у гісторыі чэшскай славеснасці. Грамадска-палітычныя і сацыяльныя ўмовы развіцця чэшскай культуры і літаратуры І паловы ХХ стагоддзя. Нараджэнне Чэхаславакіі як дзяржавы (28 кастрычніка 1918 г.). Свабода слова, друку, сацыяльныя гарантыі. Шматпартыйная сістэма. Акцыя дапамогі ўрада Т.Г.М.Масарыка рускім, беларускім і ўкраінскім эмігратнам. Кантакты з Савецкай Расіяй. Статус чэшскай мовы як дзяржаўнай.

Духоўная атмасфера ў краіне. Распаўсюджванне філасофіі прагматызму. Ідэі калектывізму і салідарнасці. Цікавасць да асобы. Папулярнасць ідэалогіі марксізму. Агульная характарыстыка культурнага жыцця Чэхаславакіі: літаратурныя рухі, выдавецтвы, арганізацыі. Шырокая дыферэнцыяцыя чэшскай міжваеннай літаратуры.



Два этапы ў развіцці чэшскай літаратуры І паловы ХХ стагоддзя. Спецыфіка развіцця першага этапа (20-е гг.). Характарыстыка другога этапа літаратуры міжваенных часоў (30-я гг.). Ускладненне сітуацыі. Эканамічны крызіс, закрыццё прадпрыемстваў, масавае беспрацоўе, абвастрэнне сацыяльных канфліктаў.

Асноўныя тэндэнцыі развіцця чэшскай паэзіі І паловы ХХ стагоддзя. Чэшская пралетарская паэзія. Галоўныя тэмы, вобразы, мастацкае ўвасабленне. Асноўныя прадстаўнікі (Я.Сэйферт, І.Волькер, Ё.Гора). Авангард у чэшскай паэзіі. Лева-авангардысцкае аб’яднанне Дзеветсіл. Паэтызм як спецыфічна чэшская мастацкая сістэма. Маніфесты Нэзвала і Тэйгэ. Сюррэалізм у чэшскай паэзіі (Я.Сэйферт, В.Нэзвал, К.Бібл). Развіццё каталіцкай паэзіі міжваеннага перыяду. Асноўныя тэндэнцыі, прадстаўнікі (Я.Дурых, Я.Дэмл, Я.Заграднічак). Развіццё жанра паэмы ў творчасці В.Завады, В.Нэзвала, У.Голана і інш.

Развіццё чэшскай прозы І паловы ХХ стагоддзя. Агульная характарыстыка. Росквіт прозы ў 30-я гг.: суіснаванне некалькіх пісьменніцкіх пакаленняў, атмасфера творчай свабоды, жанравая дыферэнцыяцыя, станаўленне новых празаічных форм, цесная сувязь з іншымі інанацыянальнымі літаратурамі. Вялікая грамадская значнасць прозы і аб’ектыўнага спасціжэння свету ў грамадстве. Узмацненне маральных, пазнаваўчых тэндэнцый у прозе. Узмацненне ролі псіхалагізму. Імкненне да татальнага спасціжэння свету і чалавека ў ім. Сінтэтычныя тэндэнцыі ў фармальнай сферы. Вылучэнне на першы план жанра рамана. Узмацненне эпічнага пачатку. Эпічная плынь: У.Ванчура, Ф.Кубка, Я.Чэп. Жанр дэтэктыва ў прозе К.Чапека і Э.Вашака. Баладычная проза: Ё. і К.Чапекі, М.Майерава, К.Новы, І.Ольбрахт, У.Ванчура, Ф.Лангер. Развіццё філасофскай прозы: К.Чапек, Р.Вейнэр, Л.Кліма. Лірычная проза: К.Конрад, В.Нэзвал, Ф.Гержманэк. Псіхалагічная проза: Э.Гостаўскі, Б.Бенешава, Г.Дворжакава, Я.Глазарава, У.Нэф, Э.Вашак, Я.Гаўлічак, Ё.Сэкера. Развіццё газетнай белетрыстыкі і жанра рэпартажа. Існаванне літаратуры факта. Легіянерская проза: В.Капліцкі, І.Вэйл, Ё.Кацоўрэк. Развіццё сацыяльнага рамана: М.Пуйманава, К.Полачак, Ё.Кнап, М.Майерава, У.Ванчура, І.Ольбрахт. Развіццё гістарычнай прозы: К.Новы, М.В.Кратахвіл, У.Нэф, Ф.Кубка і інш.

Развіццё драмы і тэатра Чэхаславакіі І паловы ХХ стагоддзя. Радасць гульні, магчымасць інтэлектуальнага і эмацыянальнага пранікнення ў новыя сферы ў драме 20-х гг. Супрацьстаянне традыцыйнай тэатральнай культуры. Адмаўленне адзінства дзеяння, псіхалагічных матывацый, абмалёўкі характараў. Акцэнтацыя сімвалічных сэнсаў, пантамімы. Кафлікт у п’есах паміж масай і моцнай асобай. Адлюстраванне вялікіх гістарычных змен. Эксперыментальная драма В.Нэзвала, Я.Верыха, І.Воскаўца, А.Гоффмейстэра, У.Ванчуры. Дзейнасць авангарднага рэжысёра Э.Ф.Бурыяна. Драма вялікіх сацыяльных канфліктаў: О.Фішэр, Ф.К.Шальда. Гістарычныя драмы А.Дворжака. Сацыяльныя ўтопіі Ё. і К.Чапекаў. Гратэск ў п’есах Я.Барташа. Уплыў экспрэсіянізма на драмы Л.Клімы. Паэтызм у драмах І. Гонзла, І.Фрэйка. Ідэалогія новай дзяржавы ў п’есах Я.Наўмана, С.Лома, Я.Дурыха, Ф.Лангера. Цягаценне драмы 30-х гг. да грамадскай праблематыкі, новай стылёвай інтэрпрэтацыі. Рэалістычныя тэндэнцыі. Зварот да звычайнага героя. Тэма пратэсту і непрыняцця арганізацыі грамадства. Антываенная тэматыка. Адыход ад эксперыментатарства 20-х гг. У цэнтры ўвагі — унутраны свет чалавека. П’есы К.Чапека, Ф.Лангера, Э.Конрада, В.Дыка, Я.Бора, Я.Гілберта, Ф.Гётза і інш. Новае пакаленне ў драматургіі: В.Вернэр, В.Шайнпфлюгава, Ф.Тэтаўэр, Ё.Томан.

Крытыка і літаратуразнаўства міжваеннага перыяду. Актыўнасць прыхільнікаў авангарда і мадэрнісцкіх эстэтычных кірункаў. Акцэнт на творчую індывідуальнасць, стыль, мастацкую форму і мову твора. Папулярнасць структуральнай школы. Два асноўных падыхода да твора: сацыялагічны і фармальны. Значнасць постаці Ф.Кс.Шальды. Крытычныя артыкулы Ф.В.Крэйчага, І.Водака. А.Новак і аналіз нацыянальнай літаратурнай традыцыі. Постаць О.Фішэра. Аналіз драматургіі і паэзіі ў працах М.Руттэ. І.Маген. Б.Полан, Ё.Кнап. Ф.Гётз як тэарэтык Літаратурнай групы. К.Тэйге і В.Нэзвал як тэарэтыкі паэтызма. Сацыялагічныя падыходы Б.Вацлавэка, З. Неедлага. І.Гонзл як тэарэтык тэатральнага авангарда. Працы О.Зіха. Пражскі лінгвістычны гурток. Постаць і працы Я.Мукаржоўскага, Р.Якабсона. 30-я гг: акцэнтацыя ўтылітарнага значэння мастацтва. Працяг дзейнасці Ф.Кс.Шальды, Ф.Пероўткі, Э.Радла. Пачатак дзейнасці В.Чэрнага. Уплывовыя аналітычныя артыкулы А.М.Пішы, Ё.Горы, Ф.Гётза. Структуралізм Я.Мукаржоўскага. Сюррэалістычныя тэорыі К.Конрада, З.Каландры. Тэатральная тэматыка ў працах І.Водака, В.Цілле, О.Фішэра. Ё.Грабак, К.Крэйчы, А.Пражак, А.Новак як даследчыкі літаратуры ад старажытнасці да сучаснасці.

Літаратура для дзяцей і моладзі І паловы ХХ стагоддзя. З’яўленне падручніка па чэшскай дзіцячай літаратуры. Сувязь літаратурнай творчасці для дзяцей з пэўнымі мастацкімі плынямі. Казачная збіральніцкая традыцыя ў творах Ф.Грушкі, Й.Ш.Баара, Ё.Ш.Кубіна. Казкі для дзяцей К.Чапека і І.Волькера, Я.Дэмла. Спалучэння жанра казкі з жанрам прыгодніцкай прозы ў творах Э Баса. Тэма прыроды ў творах Р.Цеснаглідэка. Ваенная тэма ў дзіцячай літаратуры ў М.Майеравай і Я.Йогна. Новы гістарычны міф – чэхаславацкія легіёны — у творах для дяцей Р.Мэдэка і Ф.Лангера. Пераклады для дзяцей. Увага прэсы да дзіцячай праблематыкі. Творы для дзяцей Я.Фоглера, Э.Голана, Ё.Гейдука, К.Новага, В.Шайнпфлюгавай і інш

Чэшская літаратура перыяда вайны і акупацыі. Пад’ем грамадзянскай паэзіі (В.Нэзвал, Ё.Гора, В.Завада, Ф.Галас і інш.). Росквіт гістарычнага жанру.

Мастацкі свет Іржы Волькера (1900-1924). Паўната самавыражэння, лірызм, уменне раскрыць альтруістычную аснову сваіх поглядаў. Прыналежнасць да пралетарскага кірунку. Тэма духоўнай эвалюцыі асобы. Антычныя сюжэты. Зб. ”Госць на ганак” (1921) як лірычны дзённік. Зб. “Час нараджэння” (1922). Праграмны верш “Мора”. Простасць вобразаў. Зварот да жанра сацыяльнай балады. Драматызм сюжэтаў, магутная лірычная энэргія. Уплыў французскага куба-футурызму. Тэма канструктыўнай працы. Наватарства паэта ў жанрах грамадзянскай, інтымнай лірыкі, баладах і казках. Асноўныя тэзісы артыкула “Аб пралетарскім мастацтве”. Палеміка з літаратуразнаўцам А.Новакам. Творчасць Волькера вачамі чэшскай літаратурнай крытыкі. Гісторыя спадчыны Волькера.

Этапы творчасці Ёзафа Горы (1891-1945), паэта, перакладчыка, крытыка і публіцыста. Дэбют зборнікам “Вершы” (1915): уплыў паэтыкі А.Совы і Я.Врхліцкага. Імпрэсіяністычна-віталісцкія вершы ў зб. ”Дрэва ў квецені” (1920). Лірыка пралетарскага кірунку (зб. ”Рабочы дзень” 1920, “Сэрца і хаос свету” 1922, “Мець крылы” 1928). Паездкі па Еўропе (Італія, СССР, Францыя, Эстонія, Венгрыя). Уражанні ад вандровак у зборніках “Італія” (1925), “Струны на вятру” (1927). Пачатак працэсу суб’ектывізацыі лірыкі Горы. Вобразы часу і цішыні ў зборніках “Твой голас” (1930), “Цені, якія тонуць” (1933), “Дзве хвіліны цішыні” (1934), “Ціхае пасланне” (1936). Адыход ад сучаснасці ў зб. “Махаўскія варыяцыі” (1936). Хваляванне за сваю краіну ў зб. ”Песня пра родную зямлю” (1938). Масштабнасць паэтычных вобразаў. Пратэст супраць цемры і зла ў вершы “Сад Папялушкі” (1940). Зборнікі “Жыццё і творчасць паэта Анелі” (1945), “Запіскі з хваробы” (1945). Пераклады з рускай мовы (пераклад “Яўгена Анегіна” Пушкіна, “Дземана” Лермантава, вершаў Есеніна, Пастэрнака).

Творчасць Яраслава Дурыха (1886-1962), празаіка, паэта, драматурга і эсэіста. Прадстаўнік Каталіцкай Мадэрны. Уплыў ідэй каталіцкга барока. Захапленне гісторыяй і вандроўкі па Еўропе. Драма “Святы Іржы” (1915). Ліра-эпічная рамантычная балада “Смерць цыганкі” (1916). Моцны ўплыў фальклора, творчасці К.Я.Эрбена, Ф.Л.Чалакоўскага, К.Г.Махі. Зборнікі апавяданняў “Тры дукаты” (1919), “Шляхам дадому” (1919). Асаблівая атмасфера таямнічасці. Матывы славацкай народнай песні ў рамане “На гарах” (1919). Драма “Святы Войцех” (1919). Прыўнясенне ў літаратуру каталіцкай артадоксіі (п’есы пра св. Войцеха, св. Вацлава, зборнікі паэзіі “Тыя, Найпрыгажэйшыя”, “Жабрацкія песні”, раман “Мясапуст”, навэла “Дзеці”, паэма “Ева” і інш.). Вобраз Марыі, маці Божай як ідэал жанчыны для Дурыха. Прыгажосць як адна з цэнтральных тэм пісьменніка. Уплыў народнай паэзіі. Праца ў каталіцкі арыентаваных часопісах “Розмах” (1923-1927), “Акорд” (1928-1933). Аповесць “Маргарытка” (1925) як адзін з самых знакамітых твораў. Публіцыстычныя і мастацкія творы як прадмет частых палемік.

Лірыка Яна Заграднічака (1905-1960), аднаго з найбольш значных паэтаў каталіцкага кірунку. Трагічны жыццёвы лёс паэта. Змрочная танальнасць першых зборнікаў “Спакушэнне смерці” (1930), “Вяртанне” (1931). Паэтызацыя тугі і ціхіх, выкупляючых пакут. Прыглушаныя, шэрыя фарбы. Інтэрпрэтацыя пакут як яднання з Богам, як асобай выбранасці, перадвызначанасці. Сувязь з традыцыямі чэшскага сімвалізму 90-х гг. і вершамі О.Бржэзіны. Беспраблемнасць паэзіі Я.Заграднічака. Асацыяльнасць карціны свету. Боль як адзіны спосаб існавання глыбокай чалавечай натуры. Прасвятленне, зварот да мараўскай прыроды і мараўскай вёскі ў зборніках “Жураўлі” (1933), “Лета, якое прагне” (1935). Абстрактнасць вершаў. Матыў “шчаслівай беднасці”. Зб. ”Вітанне сонца” (1937). Гульня сімвалаў, меланхалічныя пейзажы.

Мастацкая эвалюцыя Яраслава Сэйферта (1901-1986), лаўрэата Нобелеўскай прэміі за 1984 г. Пралетарская паэзія ў зб. ”Горад у слязах” (1921). Спалучэнне рэвалюцыйнай тэматыкі, біблейскіх матываў і сімвалаў. Празаізацыя жыццёвага матэрыялу. Захапленне паэтызмам (зб. ”Толькі каханне” 1923, “На хвалях TSF” 1925). Уплыў Апалінэра. Зборнікі “Салавей спявае дрэнна” (1926) і “Паштовы голуб” (1929) як развітанне з паэтызмам. Змена настрояў, тэматыкі і вобразнай сістэмы. Біблейскія матывы. Адыход у 30-я гг. ад авангардысцкіх эксперыментаў, зварот да класічнай чэшскай паэзіі. Натуральнасць інтанацый. Меладычнасць. Напеўнасць. “Яблака з каленяў” (1933), “Рукі Венеры” (1936), “Развітанне з вясной” (1937). Апісанне простых чалавечых пачуццяў, перш за ўсё кахання да жанчыны. Гісторыя чэшскай культуры і нязгасная прыгажосць Прагі як дамінанты паэзіі часоў акупацыі: “Веер Бажэны Немцавай” (1940), “Апранутая святлом” (1940), “Каменны мост” (1944). Пераасэнсаванне традыцый чэшскай класікі, як у літаратуры, так і ў жывапісе ў пасляваенныя гады: зборнікі “Ішоў бедны мастак па свету” (1949, па матывах карцін і малюнкаў М.Алеша), “Хлопчык і зоркі” (1956, інспіраваны малюнкамі самабытнага чэшскага мастака Ё.Лады, ілюстратара “Швейка”), “Песня пра Вікторку” (1950, навеяна “Бабуляй” Б.Немцавай). Успаміны пра дзяцінства ў зб. ”Мама” (1954). Свабодны верш у зб. ”Канцэрт на востраве” (1965). Пераацэнка каштоўнасцяў і падвядзенне вынікаў у зборніках ”Камета Галея” (1967), “Адліў званоў” (1967), “Парасон з Пікадылі” (1979). Натхненне музыкай. Матывы хваробы і памірання ў зб. ”Моравы слуп” (1981). Любоў да жыцця і мастацтва ў апошнім зб. ”Быць паэтам” (1983). Самаіронія і ўспаміны пра дзяцінства ў празаічных мемуарах “Усе прыгажосці свету” (1981).

Тэма смерці ў паэзіі Францішка Галаса (1901-1949). Эвалюцыя ад пралетарскай паэзіі да паэтызма (зб. ”Лічбы” 1924). Адкрыццё ўласнай творчай манеры ў зб. “Сепія” (1927). Эксперымент са шрыфтамі, адсутнасць знакаў прыпынку, трагізм. З’яўленне тэмы смерці, якая стане скразной ў творчасці паэта. Тэма прызначэння паэзіі. Значнасць метафары як сродка мастацкасці. Незвычайнасць гукавай арганізацыі верша (какафанічны эфект). Адметнасць рыфмы. Зб. ”Певень гоніць смерць” (1930). Позірк на рэчаіснасць з пункту гледжання смерці. Тэма смерці як форма непрыняцця сучаснага свету. Пошукі крыніц надзеі. Зборнікі 30-х гг.: “Твар” (1931), “Горачаўка” (1933). Рытмічная і памерная ўладкаванасць вершаў. Непарыўнасць лініі гераічнага. Варыяцыі на тэму смерці. Дэкадансныя матывы. Зварот да грамадзянскай паэзіі. Праблема чалавечай старасці ў цыкле “Старыя жанчыны” (1935). Спецыфічнасць метафорыкі, дакладнасць кампазіцыі. Канкрэтызацыя акаляючага свету. Пабудова цыкла як сваеасаблівай перыфразы і адначасова антытэзы біблейскай “Песні песняў”. Атмасфера спустошанасці, безвыходнасці, антыэстэтычнасці. Творчы і грамадзянскі ўзлёт у зб. ”Торс надзеі” (1938). Творы апошніх гадоў: лірычная проза “Я туды яшчэ вярнусь” (1947), паэтычны зборнік “Наша пані Бажэна Немцава” (1940) і інш.

Інтравертная паэзія Уладзіміра Голана (1905-1980). Голан як “Эйнштэйн паэзіі”. Незвычайнасць, выразнасць і складанасць творчай асобы паэта. Медытацыі на тэму жыцця і смерці, вечнага і хуткаплыннага. Складаныя, часта абстрактныя вобразы, крыптаграмы, неалагізмы, неправільныя абароты мовы. Меладычнасць верша. Пазбаўленне голанаўскага тэкста камунікатыўных функцый. Стылістыка паэтызму ў першым зборніку “Фантастычны веер” (1926). Новая паэтычная канцэпцыя ў зб. “Трыўмф смерці” (1930). Спірытуалізм і набыццё ўласнага ўнутранага голасу ў зб. “Веянне”. Выхад шматлікіх зборнікаў вершаў і перакладаў. Усведамленне смерці як канчатковасці. Канцэпцыя самастойнага жыцця слова. Уваход палітыкі ў паэзію 1938-1939 гг.: паэмы “Верасень 1938-га”, “Адказ Францыі”, “Сон”. Зварот да элементаў эпічнай паэзіі і грамадзянскай лірыкі. Бачанне Прагі ў зб. “Першы запавет” (1940). Напісанне містычнай паэзіі і асобага фантастычнага дзённіка “Лемурыя”. Зб. “Табе” (1945) як выражэнне ўдзячнасці Чырвонай Арміі за вызваленне. Самая знакамітая містычная паэма Голана “Ноч з Гамлетам” (1963). Пошукі паэтам сэнсу чалавечага быцця. Паэма “Ноч з Афеліяй” (1973).

Творчыя здабыткі Канстанціна Бібла (1898-1951). Бібл як вядучы прадстаўнік паэтызму. Уплыў Волькера. Першыя зборнікі ”Шлях да людзей” (1923) і “Верны голас” (1925) як праявы пралетарскай паэзіі. Тэма смерці і спачування абяздоленым у зб. “Багдацкі злодзей” (1925). Пераход да паэтызму ў зб. “Залатымі ланцугамі”. Асацыятыўнасць, гукапіс, гульня асанансаў і алітэрацый. Крайняя ступень эксперыментатарства. Зб. “З караблём, што возіць гарбату і каву” (1928). Уражанні ад паездкі на Цэйлон, Суматру і Яву ў якасці судавога ўрача. Экзотыка і памяць пра чэшскія рэаліі. Антываенны матыў. Вершы эратычнага зместу. Паэма “Новы Ікар” (1929). Спалучэнне экзатычных, антываенных і эратычных матываў. Вобраз паэта, “новага Ікара” як яднаючы. Блізкасць кампазіцыйных прынцыпаў да “Зоны” Апалінэра. Раскрыццё духоўнага свету аўтара, уражанага трагедыяй вайны. Сюррэалістычныя вершы ў зб. “Люстэрка ночы” (1939). Зборнік рэфлексіўнай і палітычнай лірыкі “Без страху” (1951).

Праблематыка, паэтыка лірыкі Вілема Завады (1905-1982). Першы зборнік “Паніхіда” (1927) як супрацьпастаўленне паэтысцкаму культу свята і весялосці. Паслабленне лагічных сувязяў, вольныя асацыяцыі, метафарызм. Значнасць духоўнасці і думкі як такой у зборніку. Тэма сэнсу пакут, зварот да вечных пытанняў жыцця і смерці. Паэма “Паніхіда”. Сацыяльнае пачуццё паэзіі. Зб. ”Сірэна” (1932). Біблейскія матывы. Тэмы разлажэння. Сацыяльная тэматыка. Адчуванне безвыходнасці, фаустаўская цяга да метафізічнага і смутак агнасціцызму. Аўтабіяграфічныя матывы. Множнасць параўнанняў. Зб. ”Дарога пешшу” (1937). Адчуванне блізкай катастрофы. Гімн роднаму астраўскаму краю. Завада як паэт глыбокіх, моцных, але не яскравых пачуццяў. Творы пра акупацыйныя пакуты (зб. “Паўстанне з мёртвых” 1946). Кантрасты ў зб. “Горад святла” (1950). Падвядзенне жыццёвых вынікаў у зб. ”На парозе” (1970), зб. ”Дзякуй табе, жыццё!” (1977). Кніга літаратурных успамінаў “Пейзаж і людзі майго сэрца” (1975).

Першая сусветная вайна ў чэшскай літаратуры (легіянерская, сатырычныя літаратура). Агульная характарыстыка.



Віцезслаў Нэзвал (1900--1958). Жыццёвы і творчы шлях паэта. Першы паэтычны зборнік “Мост” (1922). Уплыў чэшскага сімвалізму. Тэма дзяцінства і роднага краю. Паэма “Дзіўны чараўнік” (1922). Уплыў Апалінэра. Роздумы над сэнсам жыцця і сэнсам мастацтва, характарам свайго народа і прыродай чалавечага шчасця. Сімволіка лічбаў. Аўтабіяграфізм, цыклічнасць пабудовы, сарыстанне рэфрэнаў, паралелізм. Нэзвал-паэтыст (тэарэтык і практык). “Фальшывы марьяж” (1925) як творчае крэда аўтара тых часоў. Прапаганда чыстага мастацтва. Зб. ”Пантаміма” (1924) як увасабленне паэтысцкай эстэтыкі. Атмасфера бясклопатнай весялосці і гульні. Любоўная лірыка ў зб. “Маленькі разарый” (1926). Цяга да падсвядомага ў зб. “Д’ябала” (1926). Жанравая шматпланавасць зборнікаў 1926-1927 гг.: “Вершы на паштоўках”, “Надпісы на магілы”, “Блізнюкі”. Паэтычная дылогія Нэзвала “Эдысон” (1927) і “Сігнал часу” (1932) як прарыў у высокае грамадзянскае і філасофскае мастацтва. Матывы паэтызма ў зб. “Гульня ў косці” (1929). Музычнасць, напеўнасць верша, зварот да розных паэтычных форм. Праблемы жыцця і смерці ў зб. “Паэмы ночы” (1930). Сюррэалізм у паэзіі Нэзвала (зборнікі ”Пяць пальцаў” 1932, “Шкляны плашч” 1932, “Білет назад” 1933, “анчына ў множным ліку” 1936, “Абсалютны магільшчык” 1937, “Прага з пальцамі дажджу” 1936). Кніга нарысаў пра Прагу “Пражскі пешаход” (1938). Уплыў еўрапейскай паэзіі на творчасць Нэзвала (Апалінэр, Рэмбо, французкія сюррэалісты). Зварот Нэзвала да класічных паэтычных форм: зборнікі “52 горкія балады вечнага студэнта Роберта Давіда” (1936), “100 санетаў выратавальніцы вечнага студэнта Роберта Давіда” (1937), “70 вершаў з пекла на развітанне з ценем вечнага студэнта Роберта Давіда” (1938). Гісторыя выдання зборнікаў. Лірычны герой. Фармальнае майстэрства паэта. Дух эпохі ў зб. “Маці-Надзея” (1938). Патрыятычная і грамадзянская лірыка Нэзвала апошніх гадоў жыцця.

Уладзіслаў Ванчура (1891-1942) як буйнейшы празаік чэшскага авангарда і непераўзыйдзены стыліст. Жыццёвы і творчы шлях. Агульная характарыстыка творчасці. Шматгранны талент чэшскага пісьменніка. Мастацкія пошукі. Каларыт яго прозы. Эксперыментатарства. Цяжкасць для перакладу. Шматпланавасць праблематыкі і стыля. Інтэлектуальнасць прозы Ванчуры. Гарманічнасць сувязяў паміж зместам і структурай твораў. Прытча пра сучаснага Іава (раман “Пекар Ян Маргоўл” 1924). Сінтэз мадэрнасці і традыцыі ў рамане. Вобраз галоўнага героя. Раман “Палі пахаты і вайны” (1925). Раман-балада “Маркета Лазарава” (1931). Праблема жанру. Сістэма вобразаў. Мастацкая шматпланавасць твора. Зварот Ванчуры да гістарычнага мінулага. Сямейнае паданне і яго ўвасабленне ў рамане. Моц кахання ў рамане. «Маркета Лазарава» як сваеасаблівая прытча пра каханне. Аўтарская пазіцыя ў творы. Роля апавядальніка. Баладычны характар рамана. Наватарска-паэтычная манера аповеду ў творы. Эстэтычная гармонія «Маркеты Лазаравай». Лірычная стыхія ў творы. Карціны прыроды. Адрозненне «Маркеты Лазаравай» ад класічнага гістарычнага рамана Ірасэка. Драматызацыя ў ванчураўскім творы. «Маркета Лазарава» як новы этап творчасці чэшскага пісьменніка. Раман “Канец старых часоў” (1934). Акцэнтацыя знешняга плана. Руская тэма. Філасофскі сэнс рамана “Тры ракі” (1936). Панарама гісторыі у няскончанай лірычнай эпапее “Карціны з гісторыі народа чэшскага” (1939-1940). Канцэпцыя гісторыі Уладзіслава Ванчуры. Праблема асобы і гісторыі. Праблема ўвасаблення розных культурных традыцый у творы (асветніцкая традыцыя, традыцыя гістарычнага манументалізма ў чэшскім мастацтве). Тэхніка кінематографа. Фальклорная арыентацыя. Мінулае ў творы. Роля аўтара-апавядальніка. Праблема жанра і метада. Наватарства пісьменніка і г.д.

Іван Ольбрахт (1882-1952). Жыццёвы і творчы шлях. Псіхалагізм ранняй прозы. Вобразы басякоў у аповесцях. Пошукі новага героя ў раманах 1910-х гг. Ідэйна-мастацкае наватарства ў рамане “Ганна-пралетарка” (1928). Новыя літаратурныя характары. Гістарычныя асобы ў рамане. Асуджэнне тэрора. Міфалагічная плынь чэшскай прозы І паловы ХХ стагоддзя: раман “Мікола Шугай разбойнік”. Фальклор у паэтыцы і структуры. Баладная форма. Роля творчасці Ольбрахта ў станаўленні канцэпцыі сацрэалізму. Сучасная крытыка пра творчасць Ольбрахта.

Творчасць Марыі Майеравай (1882-1967). Ад анархічнага руху да камуністычных ідэй і сацыяльнага пратэсту. Апавяданні пра шахцёраў. Лёсы жанчын з простага народа: раман “Цнатлівасць” (1907), зборнік апавяданняў “Дочкі зямлі” (1918). Пошукі новых мастацкіх форм. Раман “Лепшы са светаў“ (1923) як традыцыйны тып сацыяльна-псіхалагічнай прозы. Аўтабіяграфізм. Форма антыўтопіі ў рамане “Плаціна” (1932). Раман-эпапея “Сірэна” (1935). Лёсы і духоўны свет рабочых. Вобразы шахцёраў. Пераацэнка творчасці сучаснай чэшскай крытыкай.



Марыя Пуйманава (1893-1958). Майстэрства рэалістычнай прозы. Псіхалагізм і тэма сацыяльнай няроўнасці ў ранняй творчасці. Трылогія “Людзі на перакрыжаванні” (1937), “Гульня з агнём” (1948), “Жыццё супраць смерці” (1952). Сацыяльная панарама жыцця Чэхаславакіі 20-40-х гг. Праблемы эпохі і сюжэтныя калізіі. Стылёвыя адметнасці эпапеі новага тыпу. Месца трылогіі ў агульнаеўрапейскім літаратурным працэсе. Паэтычная творчасць (зборнікі ”Мільёны галубоў” 1951, “Прага” 1954 і інш.).

Жыццёвы і творчы шлях Карэла Чапека (1890-1938). Касмічная шырыня творчасці. Комплекс філасофскіх і зямных праблем. Праца ў розных літаратурных жанрах. Сусветнае прызнанне. Бліскучыя пераклады з французскай паэзіі. Драматургія Карэла Чапека. Уклад пісьменніка ў скарбніцу сусветнага тэатральнага мастацтва. Драма “R.U.R. Росумаўскія Універсальныя робаты” (1921). Драматызм апакаліптычнага зместу. Гумар. Камедыя “Сродак макропулуса” (1922). Трактоўка тэмы бессмяротнасці. Гуманістычная, антываенная, патрыятычная праблематыка ў п’есах “Белая хвароба” (1937), “Маці” (1938). Проза Чапека. Раман “Фабрыка абсалюта” (1922). Раман “Вайна с саламандрамі” як раман жанравага сінтэзу: апокрыф прыгодніцкага жанру, навукова-фантастычная фікцыя, сатырычны раман, гістарычная хроніка, утопія, газетная эпіка і г.д. Мастацкая задума твора. Паэтыка рамана: гратэск, іранічныя сюжэтныя парадоксы, дыдактычнасць, мастацтва памфлета і г.д. Абывальніцкі план у творы. Малыя формы ў творчасці Чапека (апокрыфы, апавяданні і г.д.). Зборнікі “Укрыжаванне “ (1917), “Пакутлівыя апавяданні” (1921), гумарыстычныя “Апавяданні з адной кішэні”, “Апавяданні з другой кішэні” (1929). Трылогія “Гардубал” (1932), “Метэор” (1934), “Звычайнае жыццё” (1934). Філасофія множнасці праўд і адноснасці ісцін. Сатырычны талент і багацце фантазіі. Жанры нарыса, рэпартажа і эсэ у творчасці пісьменніка. Гісторыка-дакументальны твор “Размовы з Масарыкам” (1928-1935). Аўтабіяграфія першага прэзідэнта Чэхаславакіі і інтэрв’ю на розныя тэмы. Жанравая адметнасць раманаў і драм Чапека.

Жыццёвы і творчы шлях Яраслава Гашака (1883-1923). Сувязь з анархізмам у маладыя гады. Стварэнне парадыйнай “Партыі ўмеранага прагрэсу ў межах законнасці” (1911). Гашак у Савецкай Расіі, Публіцыстычная і рэвалюцыйная дзейнасць. Раман-эпапея Гашака “Прыгоды бравага ваякі Швейка” (1923) як сатыра на мілітарызм, буржуазнае грамадства і царкву. Шырыня ахопу з’яў эпохі. Унікальнасць твора. Нелітаратурнасць твора. Постаць Швейка. Элементы пародыі, карыкатуры, гратэска. Камічны эфект і спосабы яго дасягнення. Слова як галоўная зброя героя. Атмасфера абсурду ў творы. Жанр тракцірнай гісторыі. “Швейкаванне” як форма пратэсту і абароны асобы ў абсурдным свеце. Адметнасці кампазіцыі рамана. Традыцыі чэшскай і сусветнай сатыры ў творы. Літаратурная крытыка пра творчасць пісьменніка.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет