10.6. АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ
(нар. у 1931 г.)
Анатоль Вярцінскі як прадстаўнік інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі. Наватарскі характар яго творчасці. Паэзія А. Вярцінскага ў кантэксце традыцый аналітызму і філасафізму, закладзеных Я. Купалам, М. Багдановічам, У. Дубоўкам і інш.
Станаўленне творчай індывідуальнасці А. Вярцінскага. Паэт і час, паэт і яго літаратурнае пакаленне. Ацэнка першага зборніка “Песня пра хлеб” (1962) у тагачаснай крытыцы. Пафас, матывы, сродкі мастацкага выяўлення. Эстэтычныя арыенціры аўтара, яго творчая актыўнасць. Зборнікі “Тры цішыні” (1966). “Чалавечы знак” (1968) і іх месца ў паэзіі таго часу. Інтэлектуальна-філасофская насычанасць кніг “З’яўленне” (1975), “Час першых зорак” (1975), “Ветрана” (1979). Зборнік выбраных твораў “Хлопчык глядзіць...” (1992) як падсумаванне ідэйна-творчых набыткаў паэта, яго духоўных пошукаў.
Вышыня маральнага і гуманістычнага ідэалаў у творчасці А. Вярцінскага (“Мы напачатку зазналі страху…”, “Спачуванне”, “Высокае неба ідэала” і інш.). Услаўленне духоўнай велічы асобы, сцвярджэнне значнасці агульначалавечых каштоўнасцей. Філасафічнасць аўтарскай думкі. Асэнсаванне паэтам часу, навукова-тэхнічных дасягненняў, праблем грамадскага жыцця, выяўленне важных маральных сэнсаў (“Бар’еры”, “Навагодні тост”, “Абрастаем. Паперамі, рэчамі...” і інш.). Адметнасць вершаў пра вайну, іх праўдзівасць, драматызм, глыбокая эмацыянальная напоўненасць (“Рэквіем па кожным чацвёртым”, “Дынамік”, “Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня” і інш.).
Нестандартнасць паэтычнага мыслення. Рацыянальна-лагічны пачатак і яго ўплыў на стыль пісьма. Сінтэзуючы характар паэтычнай думкі, яе аналітызм, псіхалагічная заглыбленасць. Жанравая сістэма ў паэзіі А. Вярцінскага: ода, гімн, элегія, медытацыя, прытча, малітва, плач, песня і інш. Верш-разважанне і верш-роздум у лірыцы паэта. Строга лагізаваная форма выкладу думкі: тэзіс — аргументы — выснова. Канцэнтрацыя ў творах значнага ідэйна-філасофскага зместу. Глыбокае разуменне чалавека, складанасці жыцця, спасціжэнне сэнсу чалавечага існавання. Рэцэпцыя антычнага міфа і антычнай культуры (“Размова з Ду Фу”, “Варыяцыі на тэму “Гефест — друг Праметэя” і інш.). Мастацкая трактоўка вечных праблем. Яркасць вобразных асацыяцый. Публіцыстычнасць стылю, экспрэсія слова ў вершах паэта. Аўтарская аргументацыя і доказнасць, майстэрства палемікі, афарыстычнасць, ёмістасць высноў і абагульненняў.
Алегарызм, філасофска-этычная скіраванасць паэтычных сентэнцый (“Косім траву — яна не крычыць...”, “Вы зразумейце правільна...”, “Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць...” і інш.). Своеасаблівасць аўтарскай манеры выказвання: размоўнасць, рытарычныя пытанні, устаноўка на дыялагічнасць, лірычная іронія, раскаванасць паэтычнай мовы.
Прырода і чалавек у паэзіі А. Вярцінскага (“Начны бераг”, “Паэма мора”, “Колькі лет, колькі зім!” і інш.). Глыбіня натурфіласофскага светаразумення, экалагічная скіраванасць аўтарскага мыслення. Сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці прыроды, маральнай адказнасці за яе лёс. Выхад паэта на асэнсаванне жыццёва важных праблем чалавечага быцця.
Лірычныя матывы кахання. Раскрыццё душэўнага стану, інтымных пачуццяў у вершах “Мужчына. Жанчына. Чаканне...”, “Я жыў высока на гары...”, “Пакуль не было цябе...” і інш. Пранікнёнасць аўтарскіх інтанацый, эмацыянальнасць, выяўленчае майстэрства паэта.
Крытыка і публіцыстыка А. Вярцінскага. Кніга “Нью-Йоркская сірэна” (1987), адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Погляд пісьменніка на актуальныя праблемы часу, жыцця, літаратуры. А. Вярцінскі як перакладчык.
10.7. ІВАН ПТАШНІКАЎ
(нар. у 1932 г.)
Іван Пташнікаў як выдатны майстар слова, глыбокі знаўца народнай душы. Біяграфія. Значэнне “малой радзімы” і асабістага жыццёвага вопыту ў творчасці пісьменніка. Эпічны характар яго таленту.
Сацыяльны характар канфліктаў у ранніх творах І. Пташнікава: аповесцях “Іллюк Чачык” (1957), “Не па дарозе” (1960), рамане “Чакай у далёкіх Грынях” (1962). Маляўнічасць апісанняў у творах. Занатаванне ў аўтарскай мове ўсяго роднага і дарагога сэрцу.
Свет падлетка ў апавяданнях “Алені”, “Алёшка”, “Бежанка” (1962). Атмасфера паэтычнасці ў творах. Праблема ўзаемаадносін чалавека і прыроды.
Аповесць “Лонва” (1964). Выкарыстанне рэтраспекцыі ў выглядзе успаміну герояў (Грасыльда, Завішнюк) пра вайну. Супрацьпастаўленне трагізму вайны і радасці мірнага існавання. “Шматгалоссе жыцця” ў творы. Адметнасць жанравай будовы аповесці.
Памяць Хатыні — знішчаных вёсак — у творах беларускай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну. З гэтага шэрага — аповесць “Тартак” (1967). Успамін аўтара пра ваеннае дзяцінства — аснова твора. Драматызм сюжэта аповесці — аднаўленне трагічнага лёсу вёскі Дальва. Напружаны эмацыянальны бок твора. Лёс сямі герояў-возчыкаў, паказ багацця чалавечых характараў, няпростасці чалавечага жыцця. Партызанскі рух у творы. Роля карцін прыроды. Малюнкава-аналітычны стыль І. Пташнікава.
Раман “Мсціжы” (1970). Знешняя малападзейнасць і ўнутраная канфліктнасць твора. Характар галоўнага героя Андрэя Вялічкі. Адлюстраванне ў творы асноўнага канфлікту эпохі — паміж чалавекам-творцам, чалавекам-патрыётам і чалавекам спажывецкіх адносін да жыцця. Выключнае майстэрства пісьменніка ў апісаннях прыроды. Абжытасць свету чалавекам. Парушанасць сувязей чалавека і зямлі як важнейшая сацыяльная праблема, пастаўленая ў творы.
Пташнікаўскі тып героя: вясковы працаўнік без асаблівых прэтэнзій, сумленны і шчыры, з багатым духоўным светам.
Рэальная аснова аповесці “Найдорф” (1976), адзначанай Дзяржаўнай прэміяй БССР (1978). Гераічны пафас твора. Праўдзівасць характараў і абставін. Даследаванне вытокаў народнай сілы, перадумоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Паказ варожасці вайны ўсяму ладу сялянскага жыцця. Псіхалагізм у абмалёўцы галоўных герояў — Алёшы і Яхрэма Жаваранка. Роля рэтраспекцыі (успамінаў герояў) у ідэйна-мастацкай структуры твора. Увасабленне народнага погляду на вайну ў творы.
Значэнне тапонімаў у творчасці І. Пташнікава.
Супярэчнасці часу ў рамане “Алімпіяда” (1984). Прыродны і сацыяльны дэтэрмінізм характараў у творы. Архетып маці ў творы. Багацце ў ім жыццёвых сувязей, цэласнасць мастацкага свету. Адзнакі тыповасці, ідэальнасці ў вобразе Алімпіяды. Лёс гераіні — лёс народа. Значэнне ўспамінаў гераіні ў структуры твора, чым дасягаецца яго духоўная насычанасць. Паказ пачатку дэградацыі прыроднага і традыцыйнага вясковага свету ў творы. Сцвярджэнне змястоўнасці і значнасці жыцця простага працаўніка, увогуле традыцыйнай вёскі — галоўнага аб’екта адлюстравання І. Пташнікава. Моўна-стылёвыя асаблівасці твора.
Апавяданне “Львы” (1987) — яркае ўвасабленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Творы 90-х гг., іх жанравая разнастайнасць (“Ірга каласістая”, “Францужанкі”, “Тры пуды жыта”, “Пагоня”). Значны элемент аўтабіяграфізму ў творах. Трагізм сюжэтаў, узнаўленне драматычных старонак гісторыі, звязаных з рэпрэсіямі. Узмацненне момантаў дынамізму ў творах. Багацце мовы аўтара.
Значэнне творчасці І. Пташнікава ў гісторыі беларускай літаратуры: паглыбленне народнасці, традыцый рэалізму і псіхалагізму, узбагачэнне вобразных магчымасцей беларускай мовы; пошук у галіне сюжэтабудавання.
10.8. ВЯЧАСЛАЎ АДАМЧЫК
(1933—2001)
Вячаслаў Адамчык як адзін з выдатных майстроў беларускай прозы. Біяграфія пісьменніка.
Жыццяпіс празаіка ў яго “Дзённіку”. Сацыякультурная і духоўна-маральная атмасфера жыцця ў Заходняй Беларусі. Заходнебеларуская тэматыка ў беларускай літаратуры. Агульнае і асаблівае ў лёсе і творчасці В. Адамчыка як прадстаўніка “філалагічнага” пакалення.
Эпічнае і лірычнае ў прозе В. Адамчыка. Аўтабіяграфізм апавяданняў “Песня”, “Раяль з адламаным вечкам”, “Пах летняй травы”, “Дзень ранняе восені”, “Салодкія яблыкі”, “Там, на хутары”, інш. Паглыбленне ў гісторыю народа (“Дзікі голуб”, “Кароль Нябожа”, “Палёт кажана”). Творчая вучоба ў класікаў (Ф. Дастаеўскі, А. Чэхаў, І. Бунін). Эмацыянальна-суб’ектыўнае выяўленне, настраёвасць, псіхалагічная праніклівасць у творах пісьменніка. Вобразная маляўнічасць у апісаннях прыроды. “Шырыня ахопу рэчаіснасці, імкненне да сацыяльна-псіхалагічнага даследавання чалавека, яго ўчынкаў, паводзін” (С. Андраюк). Раскрыццё трагізму вайны ў апавяданні “Пагарэльцы” (1967). Майстэрства мастацкай дэталі.
Тэтралогія “Чужая бацькаўшчына” (1977), “Год нулявы” (1982), “І скажа той, хто народзіцца” (1985), “Голас крыві брата твайго” (1990). Высокая ацэнка твораў В. Адамчыка (Дзяржаўная прэмія БССР за 1988 г.). Аўтарская задума, яе палемічная накіраванасць. Сімволіка назваў раманаў. Адметнасць мастацкай канцэпцыі беларускай гісторыі. Праблема “беларускага шляху” ў творы. Калектыўны партрэт народа і працэс духоўнай дэградацыі ва ўмовах жыцця ў “чужой бацькаўшчыне”. Вясковыя тыпы (Улас Корсак, Імполь Верамей, Жэнік Рэпка, Бронік Літавар). Вобразы жанчын (Хрысця, Чэся Доўнар). Трагедыя Алесі Мондрых. Вобраз нацыянальнага інтэлігента Міці Корсака, яго пошукі свайго шляху ў жыцці і трагічныя памылкі. Пластычнае майстэрства ў стварэнні пейзажаў. Багацце беларускай прыроды і адчужэнне чалавека. Паганскае і хрысціянскае ў жыцці вёскі. Сюжэт як сістэма люстэркаў. Паказ плыні гісторыі і яе зігзагаў. Біблейскія матывы ў заключным рамане тэтралогіі. Характарыстыка аўтарскага маўлення і стылю.
Фантастычнае і рэальнае, сучаснае і мінулае ў аповесці “Падарожжа на Буцафале” (1991).
Думкі і роздум пісьменніка ў “Развітальнай аповесці” (1999). Настальгічныя матывы, песня развітання з “сялянскай Атлантыдай”.
Эсэістыка ў апошняй кнізе празаіка “Нязрушаны камень” (2002).
Проза В. Адамчыка і класічная эпічная традыцыя (Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, І. Мележ).
РАЗДЗЕЛ 11. СУЧАСНАЯ ЛІТАРАТУРА БЕЛАРУСІ
(З СЯРЭДЗІНЫ 80-Х ГАДОЎ)
Сучасны этап літаратурнага развіцця. Перабудова і літаратура. Чалавек, жыццё і час у мастацкай творчасці, актуальнасць і надзённасць твораў на сучасную тэму. Агульныя звесткі пра развіццё беларускай літаратуры ў другой палове 80-х — 90-я гг. Адкрыццё праўды пра гісторыю народа i лёс чалавека ў XX ст. Уплыў чарнобыльскай трагедыі на погляды i светаадчуванне беларускіх пісьменнікаў. Трывога літаратуры пра вечныя духоўныя каштоўнасці, захаванне гуманізму.
Традыцыі і наватарства ў сучаснай літаратуры. Эстэтыка-выяўленчыя кірункі, плыні, тэндэнцыі: рэалізм, неарамантызм, авангардызм, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш. Сувязь літаратуры з філасофіяй экзістэнцыялізму.
Літаратурна-выдавецкі працэс у сучаснай Беларусі. СМІ ў беларускай культурнай прасторы. Літаратурны перыядычны друк (газета “Літаратура і мастацтва”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”, інш.). Творчыя аб’яднанні і суполкі (“Узлёт”, “Тутэйшыя”, “Бум-Бам-Літ”, “Літаратурнае прадмесце”, інш.). Авангардныя пошукі творчай моладзі. Складанасці і праблемы сучаснага літаратурнага працэсу.
Традыцыя філасафізму і яе ўплыў на сучасную паэзію. Інтэлектуалізацыя мастацкага мыслення. Сучасная паэзія ў спазнанні сутнасці часу, быцця, свету. Біблейска-філасофскія і рэлігійна-хрысціянскія матывы (М. Танк, В. Зуёнак, інш.).
Мадэрнізацыя паэтычнай свядомасці. Найбольш значныя кнігі сучаснай паэзіі, іх уплыў на літаратурны працэс. Прыход у літаратуру другой паловы 80-х — пачатку 90-х гг. новага пакалення паэтаў. Жанравая разнастайнасць беларускай паэзіі. Паяднанне публіцыстычнага, філасофскага i інтымна-псіхалагічнага пачаткаў у сучаснай лірыцы (П. Панчанка, Н. Гілевіч, С. Грахоўскі, інш.).
Спалучэнне асабістага і грамадскага ў паэзіі В. Зуёнка, погляд паэта на эпоху і час, публіцыстычны пафас творчасці. Асэнсаванне надзённых праблем, драматызм светабачання ў кнігах “Лета трывожных дажджоў” (1990), “Чорная лесвіца” (1992). Аналітызм аўтарскай думкі. Разнастайнасць паэтычных рытмаў, інтанацый.
Сучасная паэтычная міфатворчасць. Тыпалагізацыя матываў, сувязь з фальклорнай і біблейскай традыцыяй. Вобразы беларускай міфалогіі (М. Танк, Р. Барадулін, А. Мінкін, А. Сыс, інш.).
Прыродацэнтрызм як аснова мыслення сучасных паэтаў. Драматызм вершаў на экалагічную тэматыку.
М. Мятліцкі як летапісец чарнобыльскай трагедыі. Пафас і вобразны свет кніг “Горкі вырай” (1989), “Палескі смутак” (1991), “Бабчын” (1996), “Хойніцкі сшытак” (1999), “Замкнёны дом” (2005). Паэтычныя маналогі, элегіі, балады, пасланні і інш. Партрэты землякоў-бабчынцаў. Матывы і міфалагемы нядолі, гора, бяды, ліха, смерці. Паэтыка чарнобыльскага пейзажу.
Багацце духоўнага зместу ў лірыцы кахання Я. Янішчыц, Р. Баравіковай, Г. Бураўкіна, інш. Наватарства ў галіне вершаванай формы i іншыя мастацкія пошукі сучаснай паэзіі.
Лірыка Л. Дранько-Майсюка ў кантэксце эстэтыкі імпрэсіянізму. Адкрыццё паэзіі ў прозе жыцця (зборнік “Вандроўнік”, 1983). Паэтызацыя роднага Палесся (“Тут, у палескай глыбі…”, “Цягне мяне сюды…” і інш.). Бліскучыя вобразныя знаходкі і эстэтычна яркія асацыяцыі. Прыгажосць паэтычнай выяўленчасці (арфейная ўзнёсласць, мілагучнасць слова і інш.). Прынцыпы красы, эстэтызму ў зборніках Л. Дранько-Майсюка “Над пляцам” (1986), “Тут” (1990), “Акропаль” (1994), “Стомленасць Парыжам” (1995). Рэцэпцыя антычнай культуры. Л. Дранько-Майсюк як пясняр кахання (цыкл “Вершы для А.”).
Беларуская паэма на сучасным этапе: жанравая сінтэтычнасць, разнастайнасць мастацкіх формаў, інш. Выяўленне розных аспектаў чалавечага быцця: маральнага, сацыяльнага, гістарычнага, рэлігійнага і інш. Мастацкія дакументы часу перабудовы: П. Панчанка. “Паэма сораму і гневу”, інш. Асэнсаванне чарнобыльскай трагедыі ў сучасным паэтычным эпасе. Эмацыянальна-псіхалагічная змястоўнасць і публіцыстычнасць паэмы С. Законнікава “Чорная быль”.
Паэмы ў прозе Я. Сіпакова: “Одзіум”, “Хата”, “Ахвярны двор” і інш. “Падарожжа вакол двара” — заключная паэма з ліра-эпічнага цыкла В. Зуёнка “Пяцірэчча”. Драматызацыя паэмнага жанру: творы М. Арочкі, Р. Баравіковай, Л. Рублеўскай, інш. Інтэлектуальная заглыбленасць думкі ў паэмных творах А. Разанава (“Гліна”, “Усяслаў Чарадзей” і інш.). Лірыка-маналагічны характар асобных сучасных паэм. Мадэрнізацыя беларускай паэмы як вынік эстэтычнай рухомасці жанру, актывізацыі асацыятыўнага тыпу мыслення.
Актывізацыя ідэйна-творчых пошукаў, пашырэнне выяўленчых магчымасцей беларускай прозы 80—90-х гг. Мастацкія набыткі ў жанрах рамана, аповесці i апавядання. Разнастайнасць тэматыкі і праблематыкі сучаснай прозы. Лёс беларускага народа ў XX ст. у асэнсаванні сучаснай прозы (раман В. Карамазава “Бежанцы” і інш.). Трагедыйнае адлюстраванне даваеннага часу: В. Быкаў (“Аблава”) i інш. Чарнобыльская тэма ў творах беларускіх пісьменнікаў: I. Пташнікаў (“Львы”), I. Шамякін (“Злая зорка”), В. Карамазаў (“Краем Белага шляху”) i інш. Паказ пасляваеннага жыцця ў рамане Г. Далідовіча “Заходнікі”. Даследаванне складаных сацыяльных працэсаў сучаснасці, узмацненне ўвагі да маральна-псіхалагічных, экалагічных і агульначалавечых праблем (I. Шамякін, В. Казько, В. Адамчык, А. Федарэнка i інш.). Тэндэнцыя да звужэння тэкставых рамак празаічных твораў. Сінтэтычнасць і дынамізм жанравых структур. Кніга навел Г. Марчука “Урсула” (2003). Своеасаблівасць літаратурнай прыпавесці (кніга Я. Сіпакова “Тыя, што ідуць”, інш.). Лірычныя мініяцюры Я. Брыля (кнігі “Вячэрняе”, “Пішу як жыву”, “Дзе скарб ваш” і інш.).
Новыя падыходы ў мастацкім асэнсаванні ваеннага мінулага. Трагічная праўда часу ў творах другой паловы 80—90-х гг. (А. Адамовіч, В. Быкаў, I. Шамякін, I. Чыгрынаў і інш.). Проза пра вайну і традыцыі М. Гарэцкага, К. Чорнага, сусветна вядомых пісьменнікаў-гуманістаў Л. Талстога, А. Барбюса, Э. М. Рэмарка, Э. Хемінгуэя і інш. Чалавек і вайна, вёска ў гады акупацыі, памяць пра вайну ў творах сучасных пісьменнікаў.
Творы, напісаныя на мемуарным матэрыяле, звязаныя з рэпрэсіямі, парушэннем законнасці: М. Бяганская “Мая Галгофа” (1990), Л. Геніюш “Споведзь” (1991), С. Грахоўскі “Такія сінія снягі” (1988), “Зона маўчання” (1990), “З воўчым білетам” (1991), П. Крэнь “Унжлаг” (1999), Б. Мікуліч “Аповесць для сябе” (1987, 1988; поўнае выд. — 1993), П. Пруднікаў “Яжовыя рукавіцы” (1989), “Пекла” (1991).
Два тыпы свядомасці і мастацкай вобразнасці, сфарміраваныя рознымі ўмовамі і рэаліямі жыцця — вясковага і гарадскога. Матывы лёсу вёскі, роднай зямлі, бацькоўскага кутка ў беларускай літаратуры. Сацыяльныя i маральна-этычныя праблемы ў прозе пра беларускую вёску (А. Жук, В. Казько, А. Федарэнка i iнш.). Праблема адносін чалавека i прыроды — балючы нерв вясковай прозы. Паварот сучаснай беларускай літаратуры ад традыцыйна-вясковай тэматыкі да ўвасаблення гарадской рэчаіснасці. Традыцыя мастацкага урбанізму і творчасць М. Стральцова. Прыход у літаратуру “дзяцей горада”. Горад у сучаснай паэзіі (Г. Булыка, А. Глобус, Л. Рублеўская i інш.). Адлюстраванне урбанізаванага жыцця і побыту ў празаічных творах А. Асташонка, Г. Багданавай i інш. Герой у інтэр’еры горада. Мастацка-выяўленчыя асаблівасці гарадской прозы.
Гістарызм мыслення беларускіх пісьменнікаў. Сінтэз гістарычнай праўды з элементамі мастацкага домыслу. Вызначальныя рысы гістарычнага жанру. М. Багдановіч і развіццё гістарычнай тэмы ў сучаснай літаратуры. Мінулае Беларусі ў творчасці У. Караткевіча, наватарства пісьменніка і яго ўплыў на прадстаўнікоў маладзейшых літаратурных пакаленняў. Кніга “Быў. Ёсць. Буду.”: патрыятычны пафас, асноўныя вобразы і матывы, адметнасць паэтычнага стылю. Рамантызацыя далёкага мінулага, зварот да міфалогіі, легендарнага матэрыялу. Галерэя гістарычных вобразаў у сучаснай літаратуры. Гераічнае і трагічнае ў сучаснай паэзіі пра беларускае мінулае (балады i вершы М. Арочкі, А. Лойкі, Т. Бондар, А. Пісьмянкова i інш.). Адлюстраванне гістарычнага лёсу славян у кнізе Я. Сіпакова “Веча славянскіх балад”, жанравая спецыфіка твораў паэта. Падзеі i вобразы беларускай гісторыі ў празаічных творах сучасных пісьменнікаў (І. Шамякін, В. Iпaтава, Г. Далідовіч, К. Тарасаў, У. Арлоў, В. Чаpoпка, А. Наварыч).
Канцэпцыя мінулага ў раманах Л. Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”. Сюжэтныя лініі і архітэктоніка раманаў. Ідэйна-мастацкі змест твораў, характарыстыка асноўных вобразаў. Майстэрства аўтара ў пабудове сюжэта (дынамізм, займальнасць, прыгодніцкія калізіі, інш.).
Тэндэнцыя гістарызму ў паэзіі і прозе Т. Бондар. Адлюстраванне рэальных вобразаў мінулых эпох у рамане “Спакуса”, паэме “Рагнеда”, інш. Раскрыццё на гістарычным матэрыяле вечных праблем чалавечага быцця.
Пашырэнне мастацкага досведу ў сучаснай літаратуры. Формы і прыёмы мастацкай умоўнасці (В. Казько, У. Рубанаў, А. Казлоў, інш.). Фантасмагорыя і містыка як спосаб мастацкага светаасэнсавання. Антыутопія ў сучаснай літаратуры. Выкарыстанне пісьменнікамі міфалагічных і казачных сюжэтаў і матываў. Узбагачэнне беларускай фантастыкі. Навукова-фантастычныя гіпотэзы і іх уплыў на мастацкую літаратуру. Жанр фэнтэзі ў сучасным мастацтве. Адметнасць стылістыкі і кампазіцыі фантастычных твораў Л. Дайнекі “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”, Я. Сіпакова “Блуканні па іншасвеце”.
Фантастычныя карціны ў творах В. Гігевіча “Карабель”, “Палтэргейст”, “Кентаўры” і інш. Героі пісьменніка, іх светаадчуванне і жыццёвыя прынцыпы. Інтэлектуальная і маральна-этычная заглыбленасць прозы В. Гігевіча, яе гуманістычная скіраванасць.
Паэтыка дэтэктыўнай літаратуры (займальны сюжэт, прынцып загадкавасці, вострая інтрыга і інш.). У. Караткевіч i эвалюцыя дэтэктыўнага жанру ў беларускай літаратуры. Выкарыстанне пісьменнікамі вопыту сусветнай літаратуры: спецыфіка пабудовы сюжэта, аснова канфлікту, праблематыка і асаблівасці аўтарскага аповеду (Г. Марчук, Ю. Станкевіч, М. Клімковіч, М. Адамчык, Л. Рублеўская і інш.).
Агульныя тэндэнцыі ў развіцці сучаснай беларускай драматургіі. Звесткі пра стан сучаснага тэатра i яго рэпертуар (пастаноўкі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, Тэатры юнага гледача i iнш.). Пашырэнне тэматыкі і жанравае ўзбагачэнне сучаснай драматургіі (У. Бутрамееў, М. Арахоўскі, інш.). Узмацненне ўвагі да досведу сусветнага драматургічнага i тэатральнага мастацтва. Зварот да вопыту тэатра і драмы абсурду: А. Дзялендзік, Г. Багданава, I. Сідарук i інш. Сучасная п’еса і герменеўтыка. П’еса-рымейк у сучаснай драматургіі. Гістарычныя рэтраспекцыі ў сучаснай драматургіі (І. Чыгрынаў, А. Петрашкевіч, А. Дудараў, Р. Баравікова, інш.). Сатыра i гумар у камедыях Г. Марчука, У. Сауліча i інш.
Сацыяльна-маральная завостранасць канфлікту ў п’есах М. Матукоўскага. Праблематыка твораў драматурга, іх жанравая адметнасць. Майстэрства тыпізацыі і камізму ў п’есе “Мудрамер” (1987). Публіцыстычная скіраванасць драмы “Бездань” (1992), выяўленне ў ёй складанасці ўнутранага стану чалавека. Гратэск і парадокс у мастацкай сістэме камедыі “Калізей” (1992).
Агляд драматургіі для дзяцей. “Рыцарская” п’еса (С. Кавалёў, Л. Рублеўская, П. Васючэнка, інш.).
Полілінгвістычнасць літаратуры Беларусі. Стварэнне мастацкіх твораў на розных мовах: рускай, польскай, ідыш, іспанскай, нямецкай, курдскай, армянскай і інш. Літаратурны друк на рускай мове. Пісьменнікі, якія пісалі ці пішуць на дзвюх або некалькіх мовах (А. Адамовіч, Р. Рэлес, Г. Чарказян, інш.). Рускамоўная літаратура Беларусі: В. Блажэнны, А. Дракахруст, А. Сульянаў, М. Чаргінец, А. Папова, С. Алексіевіч, А. Аўруцін, Э. Скобелеў, інш.
Роля і стан мастацкага перакладу на сучасным этапе. Замежныя пісьменнікі на беларускай мове. Выданне ў 80-я — першай палове 90-х гг. альманахаў, кніжных серый, хрэстаматый па літаратуры народаў свету. Плённы і прадуктыўны перыяд у развіцці сучаснага літаратурнага перакладу. Выхад на беларускай мове кніг Ё.-В. Гётэ, А. Міцкевіча, Дантэ Аліг’еры, Г. Сянкевіча, інш. Пераклады біблейскіх тэкстаў, зробленыя А. Клышкам і В. Сёмухам. Анталогіі польскай паэзіі Я. Чыквіна і А. Лойкі. Пераклад на беларускую мову славутых паэтаў і пісьменнікаў славянскага свету (Т. Шаўчэнкі, А. Пушкіна, С. Ясеніна, Б. Пастарнака, М. Цвятаевай, Л. Стафа, Ч. Мілаша, В. Шымборскай, інш.). Творчая дзейнасць найбольш значных сучасных перакладчыкаў (Я. Семяжон, В. Сёмуха, І. Чарота, Н. Гілевіч, інш.), характарыстыка іх перакладчыцкай манеры. Беларуская школа перакладу.
Беларускае мастацкае слова ў сусветнай культурнай прасторы. Міжнародныя літаратурныя сувязі і кантакты. Уганараванне дзяржаўнымі ўзнагародамі і літаратурнымі прэміямі іншых краін беларускіх пісьменнікаў. Беларуская літаратура ў свеце, выхад анталогій беларускай паэзіі ў Расіі, Балгарыі, Югаславіі, інш. Перакладчыкі і папулярызатары беларускай мастацкай літаратуры за мяжой: Ф. Няўважны, Е. Путрамант, В. Жыдліцкі, Ч. Сэнюх, Н. Вылчаў, С. Паптонеў, Р. Рандаў, В. Сінг, М. Абала, Р. Эўцімава і інш. Беларуская літapaтypa замежжа (М. Сяднёў, Я. Юхнавец, М. Кавыль, А. Бярозка, У. Клішэвіч, інш.). Дзейнасць літаратурнага аб’яднання “Белавежа” ў Польшчы (А. Барскі, Г. Валкавыцкі, Я. Чыквін, Н. Артымовіч, М. Лукша, інш.). Творчасць пісьменнікаў замежжа ў агульнанацыянальным літаратурным кантэксце.
11.1. ІВАН ШАМЯКІН
(1921—2004)
Шырокая вядомасць І. Шамякіна ў Беларусі і за яе межамі (творы перакладзены больш чым на 30 моў свету). Высокае грамадскае прызнанне мастакоўскага таленту І. Шамякіна: прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Дзяржаўных прэмій БССР (1968 і 1982), наданне званняў народнага пісьменніка Беларусі (1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1981), абранне акадэмікам Акадэміі навук Беларусі (1994) і інш.
Біяграфічныя звесткі пра пісьменніка. Палессе ў жыцці і творчасці І. Шамякіна. Бацькі, дзяцінства і сталенне. Прырода і кніга ў лёсе будучага пісьменніка. Вучоба ў Гомелі, праца тэхнікам-будаўніком. Першыя творчыя спробы. Удзел І. Шамякіна ў Вялікай Айчыннай вайне. Публікацыя вершаў і допісаў у армейскім друку. Пачатак творчасці на беларускай мове. Першае апавяданне “У снежнай пустыні”, напісанае ў гады вайны (1944). Настаўніцкая праца на родным Палессі, вучоба на завочным аддзяленні Гомельскага педінстытута. Уплыў вайны на станаўленне творчай асобы пісьменніка, яго грамадзянскай пазіцыі.
Складанасць канкрэтных абставінаў ваеннага часу ў аповесці “Помста” (1945). Маральная сутнасць канфлікту. Развіццё сюжэтнага дзеяння. Адметнасць аўтарскай канцэпцыі чалавека на вайне (вобраз маёра Раманенкі). Гуманістычны пафас твора. Услаўленне дабра, чалавечнасці, духоўнай прыгажосці.
Раман “Глыбокая плынь” (1949), яго папулярнасць і высокая грамадская ацэнка. Прычыны фенаменальнага поспеху твора. Блізкасць герояў рамана да іх прататыпаў. Жыццёвы матэрыял, які лёг у аснову “Глыбокай плыні”. Наватарства пісьменніка ў распрацоўцы партызанскай тэмы. Адлюстраванне цяжару і суровых выпрабаванняў ваеннага часу. Сям’я Маеўскіх ва ўмовах фашысцкай акупацыі, тыповасць яе лёсу. Аўтарская засяроджанасць на ўнутраным свеце чалавека. Ідэйна-мастацкая трактоўка вобразаў Карпа Маеўскага і яго дачкі Таццяны. Маральная змястоўнасць характараў. Інтымныя пачуцці і перажыванні Таццяны Маеўскай у выяўленні празаіка.
Раман І. Шамякіна як эпічная карціна пра народны подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны. Канцэпцыя антыфашысцкай барацьбы ў Беларусі як усенароднай, патрыятычнай, вызваленчай. Удзельнікі партызанскага руху, іх асабістыя якасці, учынкі і справы: камандзір брыгады Прыборны, камісар Лясніцкі, разведчыкі Буйскі і Майбарада, камсамолец-падпольшчык Жэня Лубян і інш. Героі пісьменніка як людзі свайго часу, пэўных ідэалаў і перакананняў. Вайна і вёска ў творы. Раскрыццё мужнасці, гераізму і самаахвярнасці простых, звычайных людзей. Драматызм і трагіз жыцця ва ўмовах акупацыі. Жорсткае аблічча фашызму. Выяўленне маральнай моцы і духоўнай нязломнасці беларускага народа ў гады гітлераўскай навалы. Творчасць І. Шамякіна ў кантэксце ваеннай прозы.
Тэхналогія мадэлявання мастацкай прасторы ў рамане, яго кампазіцыя. Сюжэтны дынамізм, займальнасць у разгортванні падзей, чытэльнасць твора. Элементы рамантызацыі і падкрэсленая гераізацыя ў паказе падполля і партызаншчыны, скарыстанне пісьменнікам прыгодніцка-дэтэктыўных прыёмаў. Найбольш вострыя, напружаныя моманты ў сюжэце. Функцыі пейзажу ў рамане.
Адлюстраванне ў рамане “У добры час” (1952) першых гадоў мірнага жыцця. Сюжэтныя лініі твора. Тагачасная вёска, калгасная рэчаіснасць вачыма пісьменніка і яго герояў. Адбітак чалавечых настрояў, аўтарскае прадчуванне перамен у жыцці. Вобраз старшыні калгаса Максіма Лескаўца як кіраўніка новага тыпу. Псіхалагічная складанасць героя, яго ўзаемаадносіны з Машай. Змены ў ацэнцы твора крытыкай на працягу дзесяцігоддзяў.
Творчасць І. Шамякіна другой паловы 50-х — 60-х гг. Наватарская адметнасць рамана “Крыніцы” (1956). Надзённасць, актуальнасць пастаўленых праблем, асэнсаванне складаных грамадскіх працэсаў. Школа, вёска і калгаснае жыццё ў адлюстраванні празаіка. Актыўная дзейнасць камуніста Лемяшэвіча, яго прафесійныя і чалавечыя якасці. Бародка як сацыяльны тып. Метады яго кіраўніцтва і стыль жыцця. Сацыяльная і маральная сутнасць канфлікту Лемяшэвіча і Бародкі, палярызацыя гэтых вобразаў. Аўтарская пазіцыя пісьменніка, выкрыццё бародкаўшчыны як вялікае мастацкае дасягненне таго часу. Стылёвыя асаблівасці рамана: публіцыстычнасць, спалучэнне рэалізму і рамантызму.
Сюжэтна-кампазіцыйная пабудова пенталогіі “Трывожнае шчасце”, якая ўключае цыкл аповесцей “Непаўторная вясна” (1957), “Начныя зарніцы” (1958), “Агонь і снег” (1959), “Пошукі сустрэчы” (1959) і “Мост” (1965). Аўтабіяграфічнасць твораў. Пятро Шапятовіч і Саша Траянава — тыповыя прадстаўнікі даваеннага пакалення моладзі. Лёс шамякінскіх герояў, багацце іх унутранага свету. Паэтызацыя чалавечых пачуццяў у “Непаўторнай вясне”. Шматстайнасць праяўленняў і формаў кахання. Каханне і рэўнасць. Каханне як важнейшая духоўная каштоўнасць. Хуткае сталенне герояў дзякуючы каханню. Шляхі-дарогі Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай у гады вайны. Цёплы гумар твора. Вобраз апавядальніка — мудрага, разважлівага, трохі іранічнага. Драматызм аповесці “Начныя зарніцы”. Чалавек у франтавых абставінах (“Агонь і снег”) Наватарства пісьменніка ў паказе чалавека на вайне. Духоўная эвалюцыя герояў, іх вернасць каханню (“Пошукі сустрэчы”, “Мост”). Аповесць “Мост” — адзін з лепшых твораў беларускай літаратуры пра пасляваенную рэчаіснасць. Паглыбленне рэалістычнай асновы ідэйна-мастацкага мыслення пісьменніка. Аголеная праўдзівасць у паказе жыццёвых супярэчнасцей. Лірычная плынь аповеду ў “Трывожным шчасці”. Майстэрства псіхалагічнага аналізу. Роля мастацкіх прыёмаў і сродкаў у індывідуалізацыі характараў (рамантызацыя, рэфлексія, псіхалагічная дэталь і інш.). Ацэнка пенталогіі ў беларускай крытыцы (В. Каваленка, В. Быкаў, Д. Бугаёў, Р. Шкраба і інш.).
Значэнне зборнікаў І. Шамякіна “На знаёмых шляхах” (1949), “Дзве сілы” (1951), “Першае спатканне” (1956), “Матчыны рукі” (1961), “Вячэрні сеанс” (1968) у развіцці беларускага апавядання. Маральны пафас у асэнсаванні чалавека і жыцця. Эстэтычная змястоўнасць апавяданняў пісьменніка, своеасаблівасць мастацкіх структур, прыёмы стварэння характараў (“Дзівак чалавек”, “Матчыны рукі”, “Бацькаў гонар”, “Дзеці настаўніцы”, “Непрыгожая”, “Аксана”, “Вясновымі днямі” і інш.).
І. Шамякін — адзін з лепшых у беларускай літаратуры майстроў паказу жаночых характараў. Складанасць чалавечых узаемаадносінаў у аповесці “Ах, Міхаліна, Міхаліна” (1966), рэабілітацыя права чалавека на свабоду пачуццяў у гэтым творы. Жанчына і вайна ў аповесцях “Шлюбная ноч” (1974), “Гандлярка і паэт” (1975), рамане “Зеніт” (1987) і інш. Асоба жонкі І. Шамякіна Марыі Філатаўны, яе роля ў працэсе мастацкай вобразатворчасці. Непасрэднасць, адкрытасць, даверлівасць гаворкі аўтара з чытачамі.
Асэнсаванне пісьменнікам вострых маральна-этычных праблем і агульнафіласофскіх пытанняў чалавечага быцця. Сацыяльна-этычная сутнасць канфлікту ў рамане “Сэрца на далоні” (1963). Адметнасць і дынамізм сюжэта. Фальсіфікацыя Гуканам гісторыі падпольнага руху ў гады вайны. Змаганне доктара Яраша і журналіста Кірылы Шыковіча за праўду пра мінулае. Гуканаўшчына як сацыяльна небяспечная з’ява. Трагізм лёсу Зосі Савіч. Сэнс назвы твора, сімвалізацыя як сродак мастацкага асэнсавання чалавека і свету. Маладое пакаленне ў рамане (Славік, Тарас, Маша). Праблема бацькоў і дзяцей, духоўнага станаўлення асобы. Своеасаблівасць структуры рамана, значэнне рэтраспекцыі.
Праблемнасць рамана “Снежныя зімы” (1968). Канкрэтыка адлюстраваных падзей. Паказ змен у грамадскай свядомасці. Крытычны пафас, канфліктная аснова твора. Псіхалагічная глыбіня ў стварэнні вобраза Івана Антанюка. Сацыяльная актыўнасць героя, яго маральныя якасці. Асаблівасці паэтыкі рамана: інверсійная пабудова (спалучэнне сучаснага і мінулага), сюжэтная інтрыга, літаратурная ўмоўнасць, прыгодніцкія і дэтэктыўныя элементы.
Тэматычна-праблемная навізна рамана “Атланты і карыятыды” (1974). Архітэктура ў жыцці І. Шамякіна. Прататып галоўнага героя. Заглыбленасць пісьменніка ў сферу жыцця гарадской інтэлігенцыі. Узмацненне інтэлектуальнага пачатку, мастацкага аналітызму. Сутнасць канфлікту твора. Максім Карнач як неардынарная асоба, псіхалагічна складаны характар. Яго прафесійныя якасці, эрудыцыя, сучаснасць мыслення. Клопаты і хваляванні галоўнага архітэктара. Сучаснасць поглядаў на архітэктуру М. Карнача, здзяйсненне яго мар у наш час. М. Карнач як творчая асоба. Ускладненне сямейнага жыцця Карнача, яго ўзаемаадносіны з жонкай. Пераканальнае псіхалагічнае раскрыццё вобразаў Віктара і Паліны Шугачовых, Мікалая Ігнатовіча, мужа і жонкі Макаедаў і інш. Філасафічнасць зместу твора.
Катэгорыя памяці, праблема злачынства і даравання ў рамане “Вазьму твой боль” (1979). Маральна-псіхалагічная сутнасць канфлікту паміж Іванам Батраком і былым паліцаем Шышковічам. Балючае вяртанне героя ў ваеннае мінулае. Унутраны драматызм, напружанасць жыцця Івана Батрака. Плынь свядомасці ў выяўленні ўнутранага стану героя. Складанасць выбару Таісы Батрак. Адлюстраванне ў рамане жыцця і праблем беларускай вёскі.
Рамантызацыя ў паказе рэвалюцыйных падзей, вобраза Леніна (“Хлеб”, “Матрос з “Алега”, “Першы генерал” і інш.). Раман “Петраград — Брэст” (1983) у кантэксце беларускай ленініяны. Выяўленне аўтарскіх ідэалаў і поглядаў. Даніна пісьменніка свайму часу.
І. Шамякін як актыўны летапісец сучаснасці. Творчая актыўнасць пісьменніка ў другой палове 80-х — 90-я гг. Выхад кніг “Сатанінскі тур” (1995), “Палеская мадонна” (1998), “Пошукі прытулку” (2001).
Аповесць “Драма” (1988) як мастацкі дакумент часу перабудовы. Дырэктар завода Васіль Ліхач — носьбіт новага мыслення. Сутыкненне героя з камандна-адміністрацыйнай сістэмай. Адметнасць вобраза дзелавой жанчыны Алы Уладзіславаўны Наліцкай.
Мастацкае пераасэнсаванне савецкай гісторыі ў аповесці “Ахвяры” (1990). Канцэпцыя ваеннага часу. Вобраз маёра дзяржбяспекі Золатава як тыповае ўвасабленне сталінскай карнай сістэмы. Трагізм чалавечых лёсаў.
Першы раман пра Чарнобыль у беларускай літаратуры — “Злая зорка” (1991). Паездкі пісьменніка на радзіму. Публіцыстычнасць рамана. Раскрыццё чарнобыльскай трагедыі праз лёсы сям’яў Пустаходаў і Пыльчанкаў. Праўда пра аварыю і яе наступствы. Паводзіны партыйных і савецкіх кіраўнікоў у крытычных абставінах (Пятро Сінякоў, Уладзімір Пыльчанка і інш.), паказ іх адказнасці за лёсы людзей. Афганская вайна ў лёсе сям’і Пыльчанкаў. Пейзажныя вобразы ў рамане. Сімвалічнасць назвы рамана. Пратэст пісьменніка супраць сляпога тэхнічнага прагрэсу, супраць антычалавечых эксперыментаў над народам, на якія яго асудзілі бяздушныя, палахлівыя і раўнадушныя кіраўнікі.
Працяг асэнсавання трагічных падзей у аповесці “Зона павышанай радыяцыі” (1997). Вайна ў Афганістане і выбух на Чарнобыльскай АЭС у жыцці Паўла Вятрэнкі і яго жонкі Галіны. Мастацкае даследаванне часу праз лёс канкрэтнага чалавека і сям’і.
Гістарычны раман “Вялікая княгіня” (1996). Зварот пісьменніка да гістарычнага жанру як заканамерны этап у развіцці ім эпічнай традыцыі і гістарызму беларускай літаратуры. Арыентаванасць пісьменніка на ідэалы хрысціянства. Духоўны свет княгіні Алены. Паэтыка рамана.
Адлюстраванне разнастайных бакоў сучаснага жыцця і маральна-этычная праблематыка ў аповесцях “Сатанінскі тур” (1993), “Падзенне” (1994), “Без пакаяння” (1995), “Палеская мадонна” (1996), “Крывінка” (1995), “Завіхрэнне” (1998), “У засені палаца” (2000) і інш. Набліжэнне аўтарскай трактоўкі свету да антыутопіі і літаратуры абсурду. Сацыяльна-крытычная і гуманістычная пазіцыя аўтара. Кантрасты і парадоксы сучаснасці ў творах пісьменніка. Рэакцыя пісьменніка на разбурэнне чалавечых узаемаадносінаў. Сацыяльны тыпаж герояў у прозе 90-х гг. Герой і антыгерой у мастацкім мысленні аўтара. Паказ вобразаў-масак перараджэнцаў, маральных дэгенератаў (Раман Юшкоўскі, Казімір Анкуда і інш.). Лёс людзей мастацтва, культуры і навукі ў аповесцях “Paradis auf erden” (1992), “Вернісаж” (1992), “Адна на падмостках” (1993), “Пошукі прытулку” (1999). Сям’я, дзеці і моладзь у эпоху перамен і сацыяльнай неўладкаванасці (“Палеская мадонна”, “Крывінка” і інш.). Трывога пісьменніка пра захаванне духоўнасці, вечных агульначалавечых каштоўнасцей. Хваласпеў жонцы і жанчыне-маці ў аповесці “Слаўся, Марыя!” (1998). Рэалізм як вызначальны творчы метад І. Шамякіна. Інтэртэкстуальнасць твораў пра сучаснасць, постмадэрнісцкія рысы пісьма. Лаканізм стылю аповесцей, жорсткая манера адлюстравання.
Уменне І. Шамякіна ўвасобіць “уласна чалавечы бок вялікіх падзей... 20 ст.” (М. Тычына).
Сімволіка загалоўкаў у творах І. Шамякіна.
Сюжэтная дынаміка і драматызм канфлікту як адна з прычын звароту кінарэжысёраў да твораў І. Шамякіна. Экранізацыя аповесці “Гандлярка і паэт”, раманаў “Глыбокая плынь”, “Вазьму твой боль”, “Атланты і карыятыды” і інш.
Шамякін-драматург. Праблематыка найбольш значных п’ес “Выгнанне блудніцы” (1961), “Дзеці аднаго дома” (1967), “Экзамен на восень” (1973), “І змоўклі птушкі” (1977), “Залаты медаль” (1979).
Публіцыстыка, літаратурная крытыка і дзённікавыя запісы І. Шамякіна. Кнігі “Размова з чытачом” (1973), “Карэнні і галіны” (1986), “Роздум на апошнім перагоне” (1998), “Начныя ўспаміны” (2002—2004), іх каштоўнасць для разумення светапогляду пісьменніка, яго творчай лабараторыі. Суб’ектыўна-псіхалагічная насычанасць зместу дзённікаў.
Папулярнасць мастацкіх твораў празаіка. Яго сапраўдная народнасць. Уплыў І. Шамякіна на сучасны літаратурны працэс. Уклад у развіццё нацыянальнага пісьменства і культуры. Зборы твораў І. Шамякіна.
11.2. ІВАН ЧЫГРЫНАЎ
(1934—1996)
Іван Чыгрынаў як адзін з таленавітых празаікаў эпічнага складу, аўтар раманнай пенталогіі пра Вялікую Айчынную вайну, выдатны навеліст і майстар гістарычнай драмы. Высокае званне народнага пісьменніка Беларусі (1994).
Жыццяпіс і творчасць празаіка.
Апавяданні І. Чыгрынава са зборнікаў “Птушкі ляцяць на волю” (1965), “Самы шчаслівы чалавек” (1967), “Ішоў на вайну чалавек” (1973). Спецыфіка жанру апавяданняў-вандровак, апавяданняў-даследаванняў. Дакументалізм як адна з прыкмет “малой прозы” І. Чыгрынава.
Пенталогія пра вайну, яе жанравая адметнасць. Асаблівасці мастацкага хранатопу. Гісторыя напісання. Раман “Плач перапёлкі” (1972). Мастацкая канцэпцыя “ўсенароднай вайны”. Вобразы беларускай прыроды ў творы. Калектыўны партрэт народа. Тыпы “народных філосафаў” (Парфён Вяршкоў, Кузьма Прыбыткоў). Гісторыя беларусаў у біяграфіі Дзяніса Зазыбы. Вобраз Радзівона Чубара, тып “сталінскага кіраўніка”. Вобразы калабарантаў (Брава-Жыватоўскі, Мікіта Драніца).
Раман “Апраўданне крыві” (1977). Роля дыялогаў у вобразнай структуры. Попыт на “ідэалагічныя каштоўнасці” ва ўмовах акупацыі і спрэчкі галоўных герояў (Зазыба і Чубар). Пераасэнсаванне даваеннай беларускай гісторыі. Праблема гераізму і ахвярнасці ў разуменні персанажаў і аўтара. Цана Вялікай Перамогі.
Раман “Свае і чужынцы” (1984). Драматычны канфлікт паміж станоўчымі і адмоўнымі персанажамі твора як увасабленне трагедыі народа. Народная мараль і яе праявы ў паводзінах жыхароў вёскі Верамейкі. Паглыбленне цікавасці да гістарычных асноў нацыянальнага характару. Апісанне народных абрадаў і культурных традыцый. Вобразы здраднікаў у рамане.
Раман “Вяртанне да віны” (1992). Прыкметы трансфармацыі маральных адносін аўтара да падзей, звязаныя з пашырэннем “сектара свабоды” ў грамадстве. Праблема адказнасці і віны як сведчанне зменаў у светапоглядзе празаіка. Рэалістычны паказ трагедыі народа на акупіраванай тэрыторыі. Спроба Дзяніса Зазыбы асэнсаваць падзеі. Яго ацэнка метадаў партызанскага змагання. Спрэчкі з сынам Масеем. Адысея жыцця Масея Зазыбы і яго прататыпы.
Раман “Не ўсе мы згінем” (1996). Змены ў стылістыцы твора. Сістэма вобразаў. Лёс Масея Зазыбы, шчырага беларуса, прадстаўніка нацыянальнай інтэлігенцыі. Яго светапогляд, маральныя прынцыпы, адносіны да вайны. Трагедыя героя. Новыя факты беларускай гісторыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Незавершанасць аўтарскай задумы.
Драматургія І. Чыгрынава. Арыгінальнае прачытанне вядомых фактаў і падзей беларускай мінуўшчыны ў п’есах “Звон — не малітва”, “Следчая справа Вашчылы”, “Чалавек з мядзведжым тварам”, “Ігракі”, “Осцей — Альгердаў унук” і інш.
І. Чыгрынаў і нацыянальная мастацкая традыцыя (К. Чорны, М. Гарэцкі і інш.).
Достарыңызбен бөлісу: |