Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет11/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   24

Пасляваенны стан гарадской гаспадаркі быў цяжкі. Нават у 1959 г. у сярэднім па рэспубліцы працэнт жылых дамоў, падключаных да водаправода, складаў толькі 8,6%, да каналізацыі – каля 5%. Прыватны сектар жыў без усялякіх камунальных паслуг. Добраўпарадкаванасць абмяжоўвалася абагульненым (дзяржаўным) жыллёвым фондам. Аднак і ў 1965 г. толькі яго траціна забяспечвалася гарачай вадой, палова мела ванны, душ, газ, прыкладна дзве траціны – водаправод і каналізацыю, 58% – цэнтральнае ацяпленне. На 1 студзеня 1966 г. цэнтральнае ацяпленне мела 23,5% гарадскога жыллёвага фонду, водаправод – 43,1%, каналізацыю – 39,5%, гарачую ваду –18,4 %, ванны і душ – 29,4 %.

Малым і сярэднім гарадам не аддавалася належнай увагі. Негатыўны ўплыў на іх развіццё зрабіла ліквідацыя ў пасляваенны перыяд амаль 500-кіламетровай сеткі вузкакалейных чыгунак і спыненне эксплуатацыі амаль 200 км чыгункі шырокай каляіны ў заходнебеларускім рэгіёне. У выніку пазбавіліся чыгуначнага транспарту Браслаў, Лельчыцы, Наваградак, Пружаны, Расоны, а гарады Іванава і Івацэвічы перасталі быць чыгуначнымі вузламі. Справа ў тым, што да 1939 г. гэтыя чыгуначныя шляхі складалі адзіную транспартную сетку польскай дзяржавы і вялі ў бок Польшчы. Бальшавікі, відаць, не рызыкнулі пакінуць такую шчыльную чыгуначную сувязь з суседняй дзяржавай з прычыны забеспячэння больш надзейнага кантролю мяжы.

Выходзіць, што савецкая дзяржава, з аднаго боку, стымулявала развіццё гарадоў, а з другога – перашкаджала гэтаму, бо жорстка кантралявала урбанізацыю і скіроўвала яе ў рэчышча бальшавіцкай ідэалогіі. Многія гарады БССР набывалі высокі адміністрацыйны статус і хутка раслі, а потым страчвалі яго і занепадалі. Так, у 1920-я гг. Бабруйск, Полацк, Орша, Мазыр, Слуцк сталі цэнтрамі аднайменных акруг, а Клімавічы – цэнтрам Калінінскай акругі. Пасля далучэння ў 1939 г. Заходняй Беларусі на чале новых вобласцяў стаялі Баранавічы, Пінск, Вілейка. У 1944 г. цэнтрам вобласці прызначаецца Маладзечна. Аднак пасля вайны працэс савецкай урбанізацыі пайшоў у адваротным кірунку. У 1953 г. у БССР ліквідаваліся Баранавіцкая, Бабруйская, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская, Полацкая, а потым і Маладзечанская вобласці. Не ўсе пералічаныя тут гарады пасля скарачэння адміністрацыйных адзінак мелі потым бліскучую будучыню. Акрамя таго, да 1963 г. былі ліквідаваныя 98 з 175 раённых цэнтраў. Іх лёс увогуле быў незайздросны: бальшыня была ператвораная ў рабочыя пасёлкі, якія хутка дэурбанізаваліся і мала чым адрозніваліся ад вёсак.

Такім чынам, развіццё гарадоў Беларусі істотна рознілася ад развіцця гарадоў Захаду. Выбудавалася бальшавіцкая урбаністычная вертыкаль. Усталявалася поўная палітычная і эканамічная залежнасць мясцовых гарадоў ад Масквы. Ізаляцыя ад Захаду выключала міжнарожны гандаль у якасці найважнейшага горадаўтваральнага фактару. Асноўная горадаўтваральная роля перайшла да прамысловасці. Для таго існавала і палітычная зацікаўленасць у павелічэнні колькасці пралетарыяту. Гарады ператвараліся ў адміністрацыйна-ідэалагічныя цэнтры і ў той жа час адрываліся ад нацыянальнай традыцыі. Фенаменальнай з’явай савецкага горада стала вымушанае жыццё гараджанаў па-за сістэмай (унутраная эміграцыя, чорны рынак).

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г. гарады апынуліся паміж сацыялізмам і капіталізмам. Іх іерархія і структура па-ранейшаму выкарыстоўваецца для навязвання савецкіх каштоўнасцяў. Захоўваюцца застарэлая індустрыяльная мадэль гарада і яго савецкая культура, якая трасфармуецца ў масавую рускамоўную культуру (бізнес-шоу). Слаба развіваецца сфера паслуг.

У 1999 г. у Беларусі налічвалася 102 гарады, у якіх пражывала каля 69% беларускага насельніцтва. Роля галоўнага “дыктатара” (і найперш у ідэалогіі) перайшла ад Масквы да Мінска, хоць і расійская сталіца не страціла свайго ўплыву на Беларусь. Малыя гарады маглі б змякчыць вертыкальны прэсінг больш вялікіх і сусветных гарадскіх цэнтраў шляхам падтрымкі і развіцця гарызантальных патокаў. А імі могуць стаць нацыянальная і правінцыйна-лакальная культура, пэўныя забытыя эканамічныя выгоды і традыцыі асобных раёнаў.

Пэўныя зрухі ёсць. Сучасны беларускі горад узнаўляе сувязь з нацыянальнай глебай. Ён незмушона ўстае на чале адраджэння беларускай культурнай традыцыі. Раённыя гарадскія цэнтры становяцца асяродкамі народных рамёслаў, краязнаўчага руху. У абласных гарадскіх цэнтрах ажыццяўляюцца важныя рэгіянальныя інтэлектуальныя праекты – выставы, фестывалі, навуковыя канферэнцыі. Пашыраецца прыватнае прадпрымальніцтва. Сталіца, у найбольшай ступені прасякнутая савецкім духам, пакуль мала ў чым апярэджвае абласныя гарады. Але, нягледзячы на гэта, адбываецца стыхійны працэс адраджэння натуральнай інфармацыйнай і эканамічнай функцый гарадоў, калі кожны з іх на сваім узроўні зноў пачынае прэзентаваць мясцовую культуру, традыцыю, эканоміку.

Адбываецца асэнсаванне новай ролі гарадоў. Яны знаходзяцца ў працэсе нацыянальнага адраджэння. Сумясціць сацыялістычную спадчыну з выклікам сучаснасці становіцца ўсё цяжэй. У 2007 г., паводле ацэначных звестак, у гарадах Беларусі пражывала 73% насельніцтва, у Мінску – 1 781 000 чалавек, а з улікам маятнікавай міграцыі – каля 2 мільёнаў.

Працэс адраджэння самабытнасці і стабільнасці (устойлівага развіцця) мог бы паскорыцца, калі б гарадскім паселішчам былі вернутыя іх былыя вольнасці і прывілеі – самыя шырокія правы на прыватную ўласнасць, права на гарадское самакіраванне, увогуле на жыццё, свабоднае ад дыктату зверху. Толькі вольныя гарады стануць сапраўднымі лабараторыямі мадэлявання шчаслівай будучыні сучаснай беларускай нацыі.

Цяпер у архітэктуры беларускіх гарадоў пануе стылёвая разнастайнасць. Узровень навукі і тэхнікі дазваляе пабудаваць усё, што падкажа фантазія архітэктара. Пытанне толькі ў тым, ці будзе гэта мэтазгодна, прыгожа і эканомна.


Тэма 3. Урбанізацыя і эканамічны прагрэс


План
1. Механізмы ўплыву горада на эканоміку.

2. Урбанізацыя як вынік эканамічнага развіцця.

3. Тэрытарыяльная разнастайнасць горада і яго занаванне.

4. Эканамічнае развіццё горадоў Беларусі на тле урбанізацыі.

4.1. Даіндустрыяльны, гандлёвы горад.

4.2. Горад, пераходны да індустрыяльнага.

4.3. Індустрыяльны гарад.

4.4. Постіндустрыяльны горад.


1. Механізмы ўплыву горада на эканоміку
Разгледзім горад як эканамічнае ўтварэнне. Эканамічнае жыццё адбываецца ў прасторы, але размеркавана ў ім вельмі нераўнамерна, бо канцэнтруецца пераважна ў гарадах і прыгарадах. Адсюль – выключная эканамічная роля гарадскіх цэнтраў.

Добра вядома, што урбанізацыя найбольш стымулюецца індустрыялізацыяй і індустрыялізацыя не магчыма без урбанізацыі. Што першаснае, што найважнейшае – вызначыць складана.

Існуюць горадаўтваральныя і горадаабслугоўчыя галіны гаспадаркі. Першыя займаюць вядучае месца. Яны стымулююць узнікненне і рост гарадоў. Традыцыйнай горадаўтваральнай галіной гаспадаркі з’яўляецца гандаль. Ён і запачаткоўваў першыя эканамічныя гарады. Але найбольшы горадаўтваральны эфект мае ўсё ж прамысловасць. Нават ўзніклае на голым месцы прамысловае прадпрыемства прыцягвае да сябе людзей і паступова ператвараецца ў горад. Гандаль і прамысловасць спараджаюць горадаабслугоўчыя галіны гаспадаркі, спецыфічныя толькі для горада: гарадскі транспарт, камунальную гаспадарку, гарадское будаўніцтва.

Існуе адпаведная заканамернасць узаемасувязі горада і эканомікі. Неземляробчы сектар эканомікі (гандаль, прамысловасць, фінансы) памнажаецца гарадамі, але і самі гарады памнажаюцца неземляробчым сектарам эканомікі. З сельскай гаспадаркай горад таксама знаходзіцца ва ўзаемазалежнасці, але больш ускоснай.

Эканамічны горад – гэта склад багаццяў. Разгледзім механізм узбагачэння гарадскіх паселішчаў. Для таго каб горад ператварыўся ў склад багаццяў, патрэбная канцэнтрацыя ў ім людзей, бо толькі яны ствараюць ўсе багацці. У эканамічным сэнсе горад – гэта пэўная тэрыторыя з адносна высокай шчыльнасцю насельніцтва, на якой ажыццяўляецца комплекс узаемазлучаных відаў дзейнасці. Існуе тры асноўныя прычыны канцэнтрацыі рабочых месцаў у гарадах, а гэта значыць тры прычыны росту гарадоў, ці урбанізацыі.

Першая прычына – узнікненне ў нейкім рэгіёне адноснай перавагі ў прадукцыйнасці працы, у вырабе таго ці іншага тавара. Там яго выраб з розных прычынаў абыходзіцца танней. Але для рэалізацыі такой перавагі (продажы тавара ў іншым раёне) трэба, каб прадукцыйнасць працы пакрывала выдаткі на транспарт. Іх можна знізіць пры выкарыстанні эфекту маштабу на транспарце, калі перавозка буйных партый тавараў больш танная. Кожнаму таваравытворцу транспартаваць сваю прадукцыю не выгодна. Таму гэтую аперацыю ажыццяўляюць гандлёвыя кампаніі. Яны выбіраюць месца для склада тавараў на рэках ці пасярод гандлюючых рэгіёнаў. Так узнікае міжрэгіянальны гандаль, які і выклікае рост гандлёвых гарадоў. Яны выступаюць пасярэднікамі ў міжрэгіянальным гандлі. Адносная перавага ў вытворчасці існуе не толькі паміж рознымі рэгіёнамі, але і паміж рознымі краінамі. На гэтым трымаецца міжнародны гандаль, які таксама сілкуе гандлёвыя гарады, якія набываюць вялікія памеры. Гандлёвыя гарады былі характэрныя для даіндустрыяльнага грамадства.

Прыкладамі гандлёвых гарадоў могуць служыць цэнтры старажытнабеларускіх княстваў уздоўж шляху з “варагаў у грэкі” на чале з Полацкам, сярэднявечныя мястэчкі, рачны партовы горад Пінск першай паловы ХІХ ст.

Другая прычына – эфект маштабу вытворчасці. Буйныя прадпрыемствы вырабляюць тавары больш якасна і танна, чым гэта робяць асобныя вытворцы ці дробныя прадпрыемствы. Спрацоўваюць эфект спецыялізацыі працы (пачынаючы з першых мануфактур) і эфект комплекснага выкарыстання машын (пачынаючы з першых фабрык). Вакол цэнтра буйной вытворчасці ўзнікае рынак збыту, гэта значыць тэрыторыя, на якой сабекошт фабрыкатаў ніжэйшы за сабекошт хатняй вытворчасці (вырабаў навакольных рамеснікаў і саматужнікаў). Пры гэтым прадукцыйнасць працы на фабрыцы ці заводзе павінна быць дастатковай, каб пакрыць рабочым выдаткі на дарогу. Для зніжэння такіх выдаткаў фабрыканты запачаткоўваюць буйную вытворчасць у існых гарадах або заахвочваюць рабочых сяліцца вакол прадпрыемства, калі яно закладзенае сярод палёў і лясоў. У другім выпадку з фабрыкі неўзабаве вырастае новы горад. Так буйная вытворчасць вядзе да развіцця прамысловых гарадоў. Працэсы ўзнікнення прамысловых гарадоў адбываліся пасля прамысловай рэвалюцыі канца ХVIII ст.

Фабрык-гарадоў у дасавецкай Беларусі было мала, бо традыцыйна ў ёй пераважала лёгкая прамысловасць і гандаль. Можна прыгадаць бадай што адзіную папяровую фабрыку князя Паскевіча, якая падняла сяло Добруш на ўзровень фабрычнага гарадка. У перыяд пасляваеннай савецкай індустрыялізацыі вакол пабудаванага ў 1958 г. машынабудаўнічага завода узнік горад Жодзіна (1963 г.). Горад Жлобін абавязаны сваім ўзвышэннем металургічнаму заводу, створанаму ў 1982–1984 гг.

Трэцяя прычына – эфект лакалізацыі, ці эфект сумеснага размяшчэння аднародных прадпрыемстваў, эфект канцентрацыі вытворчасці. Узведзеныя побач прадпрыемствы імкнуцца выпускаць прадукцыю меншага сабекошту, і не толькі праз канкурэнцыю. У размешчаных у адным горадзе вытворцаў з’яўляецца магчымасць калектыўнага карыстання камунальнымі паслугамі і паслугамі розных гандлёвых фірмаў, крэдытных устаноў, што абыходзіцца танней. Знікае неабходнасць кожнаму прадпрыемству мець уласную электрастанцыю, вадаправод, асобную фірму для гандлю, напрыклад, з Кітаем ці Венесуэлай. Дзякуючы канцэнтрацыі аднародных прадпремстваў ствараецца адразу тры выгоды. Першая выяўляецца ў арганізацыі прамежкавых вытворчых аперацый. Справа наладжваецца агульнымі намаганнямі вытворцаў і горада, што часам не пад сілу зрабіць у адзіночку. Другая выгода – гэта ўтварэнне рэзервуара працоўнай сілы, адзінага рынку працы. Рабочыя пераходзяць з абанкруціўшыхся прадпрыемстваў на паспяховыя, ім не трэба пераязджаць у іншы горад. І трэцяя выгода заключаецца ў тым, што сумеснае размяшчэнне аднародных прадпрыемстваў аблягчае хуткі абмен інфармацыяй і найноўшымі тэхналогіямі.

Такім чынам, агульнымі намаганнямі лакалізаваныя аднародныя прадпрыемствы больш хуткімі тэмпамі павышаюць аб’ём вытворчасці і тым зніжаюць сабекошт прадукцыі.

Прыклады такой дзейнасці ў Беларусі назіраліся ўжо напрыканцы ХІХ ст. Лакалізацыя гарбарнай прамысловасці ў Смаргоні дазваляла ёй доўгі час заставацца канкурэнтаздольнай на ўсім расійскім рынку. Швейным фабрыкам выгодна мець, напрыклад, агульную фабрыку па вырабе гузікаў і групавацца вакол яе. Вынікам лакалізацыі быў поспех Сіліконавай даліны Сан-Францыска, якая ўяўляе з сябе сетку спецыялізаваных фірмаў па вырабе электронна-вылічальнай тэхнікі і камп’ютараў, дзе быў наладжаны безперашкодны абмен інфармацыяй.

Вельмі важна, што лакалізацыя аднародных прадпрыемстваў дазваляе ажыццяўляць эксперыменты па выпуску новага віду тавара, калі попыт на яго яшчэ не прадказальны. Смеласці дадаюць узаемападстрахоўка і магчымасць агульных выдаткаў на эксперымент. Інкубацыйны перыяд выпуску новага тавару прадугледжвае стандартызацыю прадукцыі і выпрацоўку эфектыўных тэхналогій масавай вытворчасці. Гэта таксама патрабуе агульных намаганняў некалькіх кучна размешчаных фірмаў. Потым вытворчасць звычайна пераводзіцца ў іншыя мясцовасці з таннай рабочай сілай і нізкімі цэнамі на зямлю. Такі шлях прайшлі ў ЗША і радыёапаратура, і камп’ютары: іх “радзільнымі дамамі” былі вялікія гарады.

Акрамя эфекту лакалізацыі аднародных прадпрыемстваў існуе і другі тып эфекту канцэнтрацыі вытворчасці, які выяўляецца ў эфекце канцэнтрацыі прадпрыемстваў розных галінаў вытворчасці ў гарадскіх цэнтрах. У выніку гэтага эфекту, які яшчэ называюць эфектам урбанізацыі, вытворчыя выдаткі асобных фірмаў зніжаюцца па меры ўзрастання сукупнага аб’ёму вытворчасці на тэрыторыі горада. Эфект урбанізацыі праяўляецца з тых самых прычынаў, што і эфект лакалізацыі: з’яўляецца магчымасць супольнага наладжвання прамежкавых вытворчых аперацый, супольнага карыстання адзіным рынкам працы, хуткага абмену інфармацыяй і найноўшымі тэхналогіямі.

Аднак эфект урбанізацыі адрозніваецца ад эфекту лакалізацыі некалькімі момантамі:

1. Ён выяўляецца ў выніку павелічэння маштабу эканомікі ўсяго горада, а не толькі канкрэтнай галіны.

2. Ён нясе выгоду ўсім фірмам, а не толькі фірмам канкрэтнай галіны.

3. Адбываецца канцэнтрацыя не толькі вытворчасці, але і маркетынгу, увогуле сферы паслуг. Крэдытныя ўстановы, ўсемагчымыя гандлёвыя і іншыя фірмы пачынаюць групавацца ў гарадах.

Усёахопная канцэнтрацыя вытворцаў і пасярэднікаў выклікае развіццё буйных універсальных гарадоў. Тэндэнцыя да ўзнікнення такіх гарадоў узнікла на пачатку ХХ ст., але асабліва выразна праяўляецца на сучасным этапе, калі таварным прадуктам становіцца інфармацыя. Надыходзіць інфармацыйная эпоха. Урбанізацыя сама па сабе выклікае урбанізацыю, сама сябе падганяе і сілкуе.

Эфэкт урбанізацыі шырока выкарыстоўвала савецкае кіраўніцтва. Савецкая практыка паказала эфэктыўнасць будаўніцтва прамысловых вузлоў і прамысловых раёнаў у гарадах. На адной тэрыторыі на ўскрайку горада засноўвалі некалькі прадпрыемстваў. Для іх рабілі адзіную кацельную, адзіныя пад’язныя дарогі, збудаванні па ачыстцы вады, каналізацыю і г. д. З гэтай прычыны ў Савецкім Саюзе назіраўся буйны рост невялікай колькасці гарадоў і заняпад астатніх.

Такім чынам, канцэнтрацыя вытворчасці ў гарадах становіцца выгоднай. Яна адбываецца ў выніку дзейнасці цэлага шэрагу эканамічных заканамернасцяў: адноснай перавагі ў прадукцыйнасці працы нейкай тэрыторыі, эфекту маштабу на транспарце, эфекту маштабу вытворчасці, эфекту тэрытарыяльнай канцэнтрацыі вытворчасці і маркетынгу, які складаецца з эфекту лакалізацыі і эфекту урбанізацыі.

На развіццё гарадоў уплывае не толькі канцэнтрацыя вытворчасці, але і канцэнтрацыя гандлю. Існуе знешні эфект куплі, калі на аб’ём рэалізацыі адной крамы ўплывае месцазнаходжанне іншых крамаў. Аптэка, размешчаная побач з бакалейна-гастранамічным магазінам, павялічвае свой продаж. Кожная крама прываблівае кліентаў да групы рознічных крамаў, ствараючы выгады для кожнай. Таму яны групуюцца. Некаторыя з такіх групаў прыводзяць да ўзнікнення гандлёвых гарадоў. Узнікаюць групы магазінаў і ў буйных гарадах, дзе ствараюцца гандлёвыя раёны, гандлёвыя пасажы, гандлёвыя цэнтры.

Існуе два тыпы тавараў, якія ствараюць знешні эфект куплі: няпоўныя заменнікі і спадарожныя тавары. Два тавары лічацца няпоўнымі заменнікамі, калі яны падобныя, але не ідэнтычныя. Так, пры жаданні набыць машыну пэўнай маркі – напрыклад, “форд”, “шэўрале” ці “хонду”, – трэба аб’ехаць тры фірмы. Але калі тры фірмы ўтвараюць групу, то гэта эканоміць час на выбар тавару і прываблівае кліентаў да групы. Звычайна ў выніку групавання ўзрастае аб’ём рэалізацыі ці цана тавару кожнай фірмы (за выгоду ад групавання пакупніка прымушаюць плаціць).

Групаванне крамаў адбываецца і тады, калі яны прадаюць спадарожныя тавары. Так, абутковы магазін мае выгоду ад суседства з магазінам адзення. Найбольшы эфект групаванне рознічных крамаў дае ў гарадах, а дакладней, у найбольш бойкіх іх месцах. Такім чынам, не толькі прамысловасць, але і гандаль мае горадаўтваральны эфект.

Адсюль зразумела, чаму гарадскія цэнтры паспяхова захоўваюць ролю лакаматываў эканамічнага прагрэсу, чаму яны становяцца своеасаблівымі “электрычнымі трансфарматарамі”, якiя павышаюць напружанасць, паскараюць абмен і эканамічны прагрэс.

Эканамічная роля гарадскіх цэнтраў яскрава выяўляецца праз тыпалогію гарадоў па іх эканамічнай функцыянальнасці. Існуе ўзбуйненая тыпалогія Фішэра-Кларка. Гэты амерыканскі эканаміст вылучыў першасны, другасны, трацічны сектары дзейнасці ў гарадской эканоміцы.

Да першаснага сектара адносяцца віды дзейнасці, звязаныя з атрыманнем рэсурсаў. Гэта найперш сельская гаспадарка і здабывальная прамысловасць. Раней існавалі аграрныя гарадкі, але іх час фактычна мінуў. А гарады, якія абслугоўваюць здабывальную прамысловасць, захоўваюцца (у Беларусі – Салігорск). Да другаснага сектара належаць галіны апрацоўчай прамысловасці. Яе абслугоўваннем займаецца большасць гарадоў, у тым ліку і Беларусі. Да трацічнага сектара адносяць сферу паслуг, часам будаўніцтва, а таксама маласерыйную вытворчасць спажывецкіх тавараў. Сфера паслуг вельмі разнастайная. Вылучаюцца паслугі грамадскага характару (адміністрацыйныя, медыцынскія, адукацыйныя і г. д.), цесна звязаныя з дзейнасцю дзяржаўных структур. Увогуле, сфера паслуг і пачала ўзрастаць з паслуг адміністрацыйных. Беларускія гарадскія паселішчы якраз і вылучаюцца гэтым відам паслуг, таму іх можна назваць “дзяржаўнымі гарадамі”. Гэта адміністрацыйныя цэнтры з развітай адміністрацыйнай функцыяй, бо ў нас пакуль і эканоміка – адміністрацыйна-камандная.

Разнастайнасць сферы эканамічных паслуг імкліва пашыраецца. Раней яе аснову складалі камунальныя паслугі, якія прапаноўвала гарадская гаспадарка. У сучасных умовах значная роля належыць паслугам фінансавага характару (фондавыя біржы, банкі, страхавыя кампаніі), для бізнэсу (таварныя біржы, прававы і фінансавы консалтынг, аналіз рынку, рэклама, паслугі па тэхнічнай апрацоўцы і перадачы інфармацыі і інш.).

Асаблівае значэнне набываюць паслугі ў сферы экспертных ведаў высокага ўзроўню, зарыентаваныя на вышэйшую кіраўнічую дзейнасць. Важнай роляй вылучаюцца і тэхнічна-інфармацыйныя паслугі руціннага характару. Іх развіццё звязанае з сучасным этапам арганізацыі вытворчасці, калі многія фірмы адмаўляюцца ад асабістага выканання многіх аперацый і пераходзяць да набыцця іх з чужых рук. Такая з’ява арымала назву экстэрналізацыя вытворчых паслуг. Ва ўмовах абвастрэння барацьбы за рынкі экстэрналізацыя паслуг дазваляе фірмам скараціць адпаведныя выдаткі.

Сфера абслугоўвання бізнэсу канцэнтруецца ў гарадах, і ад яе развіцця залежыць канкурэнтаздольнасць горада ў здабыванні дастатковых інвестыцый. Таму выхад горада з эканамічнай стагнацыі звычайна пралягае праз прыярытэтнае развіццё сферы паслуг бізнэсу. Улічваючы яе важнасць, некаторыя эканамісты прапаноўваюць пашырыць традыцыйную тыпалогію гарадоў па іх эканамічнай функцыянальнасці, вылучыўшы сферу паслуг бізнэсу ў асобны чацвярцічны сектар эканамічнай дзейнасці. Характэрнай рысай прасторавай схемы размяшчэння прадпрыемстваў чацвярцічнага сектара ёсць іх канцэнтрацыя ў найбуйнейшых гарадах пераважна сусветнага значэння, прычым, як правіла, яны размешчаны ў цэнтральных кварталах горада.

У сферы традыцыйных відаў абслугоўвання ўзрастае роля рознічнага гандлю і індустрыі абслугоўвання турызму. Для Парыжа, Рыма і Лондана турызм становіцца больш значным, чым прамысловая вытворчасць. Захоўвае вялікую выгоду і будаўнічая індустрыя – горадабудаванне ў цэлым. У эканоміцы горада існуе такі кірунак, як эканоміка горадабудавання. Сучаснае гарадское будаўніцтва – адна з самых магутных і прыбытковых галінаў эканамічнай дзейнасці.

Прадпрымальніцтва ў горадах мае сваю спецыфіку. Для поспеху бізнэсу патрэбныя адпаведныя веды пра становішча кожнага канкрэтнага горада сярод іншых, каб выбраць найбольш спрыяльны. Існуе канкурэнцыя паміж гарадамі за прыцягненне інвестыцый. З’яўляецца неабходнасць кожны канкрэтны горад разглядаць у кантэксце ўсёй сусветнай сістэмы гарадоў.

2. Урбанізацыя як вынік эканамічнага развіцця
ХХ стагоддзе называюць векам урбанізацыі. Як ужо адзначалася, урбанізацыя – гэта ўзмацненне ролі гарадскіх паселішчаў у розных сферах грамадства і пашырэнне гарадскога ладу жыцця на ўсё большую колькасць людзей. На працягу ХХ ст. колькасць гараджанаў вырасла на Зямлі ў 13 разоў, а іх доля наблізілася да паловы жыхароў планеты (48%). Пры гэтым кожны пяты чалавек на Зямлі пражывае не проста ў горадзе, а ў горадзе з больш чым мільённым насельніцтвам.

Можна вылучыць некалькі крытычных узроўняў урбанізацыі:

1. Калі ён не больш за 10%, то краіна практычна неурбанізаваная. Колькасць і ўдзельная вага гараджанаў растуць павольна.

2. Калі ўзровень урбанізацыі ад 10% да 25%, то краіна слаба урбанізаваная. Але выяўлены гарадскі лад жыцця прываблівае, і колькасць гараджанаў пачынае хутка павялічвацца. Узнікаюць новыя гарады.

3. Калі узровень урбанізацыі дасягае 50%, то краіна адносіцца да сярэднеурбанізаванай. Тэмп прыросту гараджанаў у гэты перыяд найбольш высокі. Горад рэзка адрозніваецца ад вёскі.

4. Пасля дасягнення ўзроўню урбанізацыі ў 75% краіна становіцца высокаурбанізаванай. Гарадскі лад жыцця імкліва пашыраецца на сельскую мясцовасць пачынаючы з прыгарадаў. Пры гэтым тэмпы прыросту гарадскога насельніцтва запавольваюцца.

5. Калі ж узровень урбанізацыі ўздымаецца да 90%, краіна ператвараецца ў поўнасцю урбанізаваную тэрыторыю. Адрозненне гарадскіх і сельскіх паселішчаў па ладзе жыцця практычна знікае. Колькасць гараджанаў узрастае вельмі павольна, а то і скарачаецца.

У 1850 г. толькі грамадства Нідэрландаў можна было назваць урбанізаваным. Свет усё яшчэ быў аграрным. У 1900 г. стала урбанізаванай Вялікабрытанія: у ёй большасць насельніцтва пражывала ў гарадах. Да 1965 г. усе індустрыяльныя краіны зрабіліся урбанізаванымі, гэта значыць, большая частка іх насельніцтва жыла ў гарадах. У лік такіх краінаў увайшла тады і Беларусь. Цяпер самая высокая доля гараджанаў – у Вялікабрытаніі (больш за 91%) і Аўстраліі (каля 90%).

Паводле дадзеных на 2000 г., першае месца па ўзроўню урбанізацыі займае Паўночная Амерыка (78%). На другое месца выйшла Лацінская Амерыка (яна, дарэчы, прадэманстравала самыя хуткія тэмпы урбанізацыі ў ХХ ст. – ад 13% у 1900 г. да 77% у 2000 г.). Далей ідуць Еўропа (76%) і Аўстралія з Акеаніяй (74%).

І хоць сёння каля паловы людзей жыве ў гарадах, гарадская цывілізацыя, на маю думку, яшчэ не канчаткова перамагла ў маштабах планеты. Горад стварыў мадэль нацыі і нацыянальнай дзяржавы. І той жа горад стварыў мадэль для фармавання каланіяльнай імперыі, мадэль каланіяльнага прыгнёту (на ўзор “горад – вёска”). Працэсы урбанізацыі ў каланіяльных краінах былі запаволеныя. У 2000 г. у Азіі і Афрыцы доля гараджанаў склала толькі 37–38%, а Уганда застаецца неурбанізаванай краінай, нягледзячы на тое, што тэмпы урбанізацыі ў Азіі і Афрыцы цяпер найбольш высокія ў свеце. У другой палове ХХ ст. у здабыўшых свабоду былых калоніях назіраўся дэмаграфічны выбух. Гуманітарныя праграмы дапамогі з боку ААН знізілі смяротнасць. Адбывалася імклівае нарастанне перанаселенасці сельскіх паселішчаў. Вяскоўцы рынуліся ў гарады і абвастрылі там шэраг дагэтуль невырашальных сацыяльных і экалагічных праблемаў.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет