Мястэчкі заставаліся скарбніцай разнастайнай народнай творчасці. Для выжывання местачкоўцам даводзілася прыкладаць максімум кемлівасці. Мястэчка Боцькі на Гродзеншчыне славілася ў сярэдзіне ХІХ ст. вытворчасцю нагаек і пуг (бізуноў), вядомых сярод школьнікаў як “боцькаўскія ўгаворшчыкі”. У мястэчку Глуск на Бабруйшчыне быў наладжаны на пачатку ХХ ст. выраб з асінавай стружкі рознакаляровых бантоў, а жыхары мястэчка Гарадок на Ашмяншчыне займаліся ў 1860-х гг. гандлем п’явак, якіх прывозілі з ваколіц Гомеля. Вобраз тагачаснага мястэчка адлюстраваны ў творах Шалом Алейхема, Леванды, Мошэ Кульбака.
У другой палове ХІХ ст. пачалося імклівае развіццё Мінска, ператварэнне яго ў вядучы эканамічны цэнтр на мясцовым рынку. Гэтаму спрыяла размяшчэнне горада пасярод беларускіх земляў, на перакрыжаванні чыгунак і ўдалечыні ад буйных гарадскіх цэнтраў Расіі.
Вылучалася гандлёвая сталіца Палесся – Пінск. Выгодна размешчаны на рачным шляху з Украіны праз Беларусь у Польшчу, ён меў у першай палове ХІХ ст. абароты транзітных грузаў амаль такія самыя, як і расійскі Ніжні Ноўгарад на Волзе. Славіліся пінскія кірмашы на лодках каля езуіцкага калегіума. Вакольныя сяляне прывозілі па вадзе рыбу самых розных гатункаў, сена, дровы, плеценыя кошыкі, яйкі. Рыбны гандаль карміў горад. Прыпыніліся кірмашы на лодках толькі ў 1950-я гг.
Небеларускі горад быў часткай беларускага жыцця. У ім мясцовае насельніцтва спасцігала каштоўнасці гарадской цывілізацыі – шанаванне ведаў, грамадскую актыўнасць ды салідарнасць, а таксама і гарадскі камфорт (водаправод, электраасвятленне, тэлефон, трамвай, ліфт і шмат іншых новых паслуг і тавараў).
Напрыканцы XVIII ст. пад уплывам еўрапейскага Асветніцтва ў архітэктуры мясцовых гарадоў адбываўся пераход да барочнага класіцызму. Пасля паўстання 1863 г. цэрквы ў псеўдарускім стылі (“мураўёўкі”) былі пабудаваныя ў кожным горадзе Беларусі. Але дыктат Пецярбурга не прывёў да поўнай аднастайнасці. На захадзе класіцызм спалучаўся з барока, а рэгулярнасць забудовы – з маляўнічасцю. Мясцовыя вярхі грамадства звярталіся да мінуўшчыны, апелявалі да барочнай традыцыі часоў Рэчы Паспалітай. Барочны стыль падаваўся найбольш адпаведным нацыянальным традыцыям. З сярэдзіны ХІХ ст. пашырылася псеўдаготыка (Чачэрская ратуша), і на пачатку ХХ ст. яна стала вядучым стылем ў архітэктуры. Тады ж сфармаваўся і мадэрн – спалучэнне неаготыкі, неараманскага стылю і неабарока.
Еўрапейскія ўплывы пранікалі ў беларускую архітэктуру як непасрэдна, так і праз Пецярбург, аднак раматычныя матывы мясцовай архітэктуры гарадоў былі даволі трывалыя.
У падсумаванне варта адзначыць, што царскі ўрад выявіўся бяссільным перарабіць беларускія губерні на ўзор рускіх галоўным чынам таму, што яму не ўдалося вынішчыць спецыфіку і традыцыі мясцовага гарадскога жыцця. Наяўнасць шырокай сеткі гарадскіх паселішчаў, уключна з мястэчкамі і чыгуначнымі станцыямі, стварала спрыяльныя ўмовы для вестэрнізацыі беларускага краю. У канцы ХІХ ст. гарады Беларусі імкліва набывалі еўрапейскія рысы. Так, знакамітым пераўтваральнікам Мінска быў яго гарадскі галава граф Карл Чапскі, які займаў гэтую пасаду ў 1890–1904 гг.
2. У Найноўшы час. Ад пачатку ХХ ст.
2.1. Калейдаскоп гарадскога жыцця на Захадзе
Найноўшы час – гэта ХХ – пачатак ХХІ ст. Кропкай яго адліку лічыцца Першая сусветная вайна. Толькі савецкія гісторыкі ды іх паслядоўнікі бралі за мяжу дзвюх эпох падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.
У гэты перыяд завяршаецца выпрацоўка мадэлі ўзаемаадносінаў горада і дзяржавы. Яна будуецца на ўзаемадапаўненні, узаемадапамозе і ўзаемавыгоднасці. Горад плаціць дзяржаўныя падаткі і робіць для сябе незалежна ад дзяржавы тое, што можа зрабіць сам. Яму прадстаўленая свабода. Прынцыпы дэмакратычнага грамадства, закладзеныя некалі ў горадзе, канчаткова распаўсюдзіліся на ўсе краіны Захаду. Таму праблемаў ва ўзаемаадносінах горада і дзяржавы не існуе. Больш за тое, калі горад ажыццяўляе нейкі дзяржаўназначны праект, – напрыклад, утрымлівае універсітэт, паслугамі якога карыстаецца ўся краіна, – то дзяржава ўдзельнічае ў фінансаванні такіх праектаў коштам усіх падаткаплацельшчыкаў.
ХХ стагоддзе – гэта час гігантскіх шматфункцыянальных і універсальных гарадоў. На іх фоне малыя і сярэднія гарады мусілі спецыялізавацца на пэўнай дзейнасці. Адны станавіліся цэнтрамі турызму і курортнага адпачынку, другія – гандлёвымі пасярэднікамі або проста спальнымі паселішчамі ў цені вялікіх гарадскіх цэнтраў.
Сучасная Еўропа складаецца не з краінаў, а з гарадоў. Ураўняльная цывілізацыя пакрывае ўвесь свет надзейнай, выгоднай і зручнай сеткай гарадскога сэрвісу. Пакрывае ўсю планету і гарадская забудова з яе асфальтавымі дарогамі і плошчамі. Добра гэта ці дрэнна? Часам распаўзанне горада ўспрымаецца як плесень на Зямлі. І сапраўды, сучасны горад і гарадская цывілізацыя вядуць да абвастрэння экалагічных праблемаў у свеце, разбураюць нацыянальныя традыцыі народаў, ствараюць сацыяльную напружанасць у грамадстве. Росквіт гарадской цывілізацыі не забяспечвае дабрабыту для ўсіх гараджанаў. Паўсюль (і ў нас) існуюць недаступныя прыгарадныя “галактыкі” багачоў, а ў цэнтральных гарадскіх кварталах узнікаюць скрыначныя гарадкі, дзе начуюць бяздомныя. Мары пра ідэальны горад не спраўджваюцца. Праблема горада ўсё больш звязваецца з праблемай захавання чалавечай цывілізацыі на Зямлі.
Вобраз горада ніколі так хутка не мадэрнізаваўся, як у Найноўшы час (ХХ–ХХІ стст.). У мінулым стагоддзі гарадская цывілізацыя перажыла дзве разбуральныя катастрофы – Першую і Другую сусветныя войны. Тым не менш, дзякуючы фантастычным тэмпам навукова-тэхнічнага прагрэсу яна імкліва аднаўлялася і істотна абнаўлялася. Мадэрнізацыя была абумоўленая і дынамічнасцю мыслення чалавека ў эпоху навукова-тэхнічных рэвалюцый. Імкліва мяняліся ўяўленні пра каноны хараства. Сфармаваўся цэлы кірунак у мастацтве – новае мастацтва (Art Nouveau).
Пастаянным фактарам уплыву на стылістыку горадабудавання стала ідэалогія. На пачатку ХХ ст. мадэрнізм парадзіў футурызм з яго ўслаўленнем светлай будучыні, што ўкладвалася ў папулярны тады пошук шляхоў да ўсеагульнага шчасця чалавецтва. Новая плынь у творчым мысленні была народжаная індустрыялізацыяй і навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй канца ХІХ ст. Яе карані палягалі ў філасофіі Фіхте, Ніцшэ, Гусэрле.
Ідэалогія футурызму, у адрозненне ад класіцызму, адмаўляла вартасць пераемнасці і гістарычнага досведу. Першы маніфест футурызму (1908) італьянскага архітэктара Ф. Т. Марынеці ўтрымліваў заклік руйнаваць культуру мінуўшчыны, у тым ліку і старажытныя гарады. Зачараваныя тэхнічнымі поспехамі, якія абяцала будучыня, архітэктары-футурысты прагнулі стварыць прынцыпова новы горад. Існаваў разлік, што Першая сусветная вайна вынішчыць старое і пабудуе новую футурыстычную еўрапейскую культуру.
Хутчэй за ўсе іншыя краіны футурыстычную ідэалогію прыняла дасавецкая Расія. У 1913–1917 гг. гэтая ідэалогія існавала ў форме рускага кубафутурызму. Мастацкі авангард увогуле атаяасамляў сябе з левымі сіламі. Там ён з палкасцю і самаахвярнасцю ўключыўся ў фарватар зменаў, распачатых Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г. Савецкі архітэктар Майсей Гінзбург у лісце да свайго калегі пісаў: “Нас не звязвае мінулае. Мы ведаем, што сучасны горад смяротна хворы, але не жадаем яго лячыць. Наадварот, мы хочам разбурыць яго і замяніць новымі сацыялістычнымі формамі рассялення людзей…” Такія погляды сталі падмуркам для новай мастацкай плыні ў архітэктуры, якая ўзнікла ў СССР і атрымала назву “канструктывізм”. Архітэктурны авангард стаў інструментам разбурэння традыцый. Ён хацеў быць народным мастацтвам. Гэта – глыбока ідэалістычная плынь. Яна зыходзіла з таго, што свет можна палепшыць уласнай воляй. Футурысты абвяшчалі рэвалюцыю, а савецкія канструктывісты прапагандавалі і здзяйснялі яе. Савецкі канструктывізм зрабіў вялікі ўплыў на еўрапейскую культуру.
Архітэктурны авангард патрабаваў ліквідацыі старых вуліц, не прыстасаваных да аўтамабільнага руху; праектавання дамоў толькі па восі поўнач – поўдзень, каб вокны выходзілі на ўсход і захад ды максімальна забяспечвалі жыллё святлом; вольнага размяшчэння будынкаў у прасторы, паколькі шчыльная забудова з дварамі-калодзежамі пагаршае гігіенічныя ўмовы пражывання людзей. Лічылася, што прылепленыя адзін да аднаго і пастаўленыя ўздоўж вуліцы даходныя домы з прыгожымі фасадамі, але з глухімі бакавымі сценамі выглядалі негарманічна. Ствараўся новы тып будынка. Ён меў плоскі дах, быў пазбаўлены розных упрыгожанняў і разглядаўся як асобны аб’ект, прыдатны для размяшчэння дзе заўгодна.
Вялікі ўплыў на еўрапейскі архітэктурны авангард зрабіў французкі архітэктар Ле Карбюзье (сапраднае Жанэрэ). У 1922 г. ён прапанаваў новую формулу пражывання ў вялікім горадзе – канцэпцыю “жылога блока”. Гэта асобная кватэра ў шматпавярховым доме, дзе лоджыя выступала своеасаблівым садам. Атрымліваўся не горад-сад, а кватэра-сад. На першым паверсе размяшчаліся прадпрыемствы бытавых паслуг і грамадскага харчавання, спартовыя залы. Для інтымнасці і індывідуальнасці месца амаль не заставалася.
Заходняя Еўропа прымала ідэю стандартнага жылля ў горадзе. І гэта не выпадкова. Па-першае, у 1920-я гг. з’явіўся вобраз гараджанаў як уніфікаванага безаблічнага натоўпу спажыўцоў. Увайшлі ў моду камбінізоны, джынсы – стандартнае адзенне на ўсе выпадкі жыцця. У 1925 г. чвэрць англійскіх жанчын абрэзалі сабе валасы, пацвердзіўшы сваё імкненне да сучаснасці, гэта значыць да безасабовасці і уніфікацыі. Па-другое, для людзей ХХ ст. была характэрная машынізацыя мышлення. Склаўся міф тэхнікі. На першае месца высунуліся механічная форма, тыповы аб’ект. Масавая, канвеерная вытвочасць тавараў пашыралася на мэблю, кватэры, дамы, гарады. З’яўляліся стандартныя, вырабленыя на домабудаўнічых заводах вокны, дзверы, перакрыцці, дахі, каркасы, а потым і блочныя кватэры. Дамы і цэлыя гарады збіраліся з гатовых дэталяў, як з кубікаў. Ствараліся кватэры-машыны, дамы-машыны, гарады-машыны. Яны станавіліся падобнымі адзін да аднаго ва ўсіх краінах Еўропы.
У ЗША, у параўнанні з Еўропай, будаўніцтва жылля набывала больш дэмакратычныя формы. Там побач з тыповымі шматпавярхоўкамі ўзводзіліся аднасямейныя невысокія дамкі. Меў месца ўплыў вядомага амерыканскага архітэктара Фрэнка Лойда Райта, які настойваў на архітэктуры для чалавека-індывідуальнасці.
Росквіт мадэрнай архітэктуры прыйшоўся на 1930-я гг. У пагоні за лёгкасцю і прыгажосцю паўсюль на Захадзе будавалі шкляныя дамы. Залітыя электрасвятлом, яны выглядалі надзіва эфектна і бліскуча. Шырока ўжываўся і бетон. Яго выкарыстанне спрыяла пашырэнню мадэрнісцкай архітэктуры і будаўнічым эксперыментам рознага кшталту. Бетонны каркас надаваў будынкам маштабнасць і надзейнасць. Ён быў папулярны пры ўзвядзенні імперскіх ўрадавых будынкаў у Італіі пры Мусаліні, які марыў пра новы сучасны Рым, у Трэцім рэйху і Савецкім Саюзе.
Пасля 1945 г. назіраўся урбаністычны выбух і будаўнічы бум гарадскога жылля. У сувязі з разбурэннямі і нястачай жылля, тэрмінова і паспешліва з’яўляліся масіўныя і аднастайныя спальныя раёны, пабудаваныя па тыповых планах, створаных да вайны.
У 1960-я гг., у перыяд другога тэхналагічнага скачка, замест культа машыны ўзнік культ машынных формаў. Машына стала адным з наймагутнейшых сімвалаў ХХ ст., інструментам стварэння новай эстэтыкі. Надышоў час поп-арту. Шырокі размах набыло будаўніцтва з жалезабетонных панэляў. Сталі моднымі дамы-сімвалы велізарных маштабаў. А пачалася такая мода з Эйфелевай вежы. Супраць яе будаўніцтва ў свой час гучалі пратэсты, бо яна сваімі памерамі парушала сілуэт Парыжа.
З сярэдзіны 1970-х гг. запанавалі не проста панэлі, а цэлыя жыллёвыя секцыі з бетону. Домабудаўнічыя камбінаты не паспявалі з заказамі. І толькі пратэсты спажыўцоў супраць аднастайнасці стрымлівалі размах бетонаманіі і далейшае пашырэнне “канвеернага” жылля.
Перыяд росквіту мадэрну, аднастайнасці жылля і ідэалагізацыі навукова-тэхнічных сродкаў будаўніцтва заняў у гарадской архітэктуры Захаду працяглы перыяд. Манапалізм аднаго стылю пераадольваўся паступова. Сацыяльная утопія, заснаваная на веры, што гарадская цывілізацыя з яе індустрыялізацыяй і тэхнікай вырашыць усе праблемы чалавецтва, была істотна падарваная ў перыяд сусветнавага эканамічнага крызісу 1929–1933 гг. Другая сусветная вайна канчаткова пахавала утапічныя дактрыны. Аднак ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе рэалізоўваліся пэўныя мадэрнісцкія праекты 1920-х гг., бо для распрацоўкі новых не было часу. Вострая нястача жылля прыспешвала. Роспуск у 1956 г. Міжнароднага кангрэса па сучаснай архітэктуры азначаў канец гераічнаму перыяду ў мадэрнізме. Ідэалогія мадэрнізму была жорстка асуджаная Джэйнам Джэкабсам у кнізе “Жыццё і смерць вялікіх амерыканскіх гарадоў» (1962). Важным момантам у развітанні з мадэрнізмам стала ўзарванне ў 1972 г. жылога комплекса ў Сен-Луісе (штат Місуры), пабудаванага ў стылі мадэрну на пачатку 1950-х гг. паводле праекта архітэктара Міноры Ямасакі. Гэты комплекс быў прызнаны крыніцай злачыннасці і прычынай распаду сацыяльных сувязяў у раёне. Канчатковы крах ідэалізацыі навукі і тэхнікі адбыўся ў канцы 1970-х гг., чаму паспрыяў энергетычны крызіс. У мастацтве пачаўся перыяд цярпімасці і плюралізму. Ваяўнічае насаджэнне аднаго стылю было пераадоленае. Толькі ў краінах трэцяга свету авангардны стыль пакуль захаваўся. Па-ранейшаму будуюцца шкляныя дамы і лабірынты з бетону. Аднак пазней рэцэдывы мадэрну назіраліся і на Захадзе. З выкарыстаннем эстэтыкі канструктывізму ў Парыжы пабудаваны Цэнтр сучаснага мастацтва імя Жоржа Пампіду.
На мяжы 1970–1980-х гг. у архітэктуры ўсё часцей ужываецца тэрмін “постмадэрнізм”. У постмадэрнісцкі час у стылістыцы горадабудавання з’явіліся новыя тэндэнцыі. Пачалося паступовае вяртанне да элементаў класіцызму, горадабудаўнічых ансамляў і двухсхільных дахаў. Класічны падыход дазваляе ўлічыць увесь папярэдні гістарычны досвед горадабудавання. Гарадскі дом як асобны аб’ект без сувязі з іншай забудовай не стварае ансамбля, што таксама дрэнна, як і аднастайнасць блочных дамоў. Плоскія дахі выявіліся больш затратнымі ў эксплуатацыі, чым двухсхільныя. Тыповы праект не ўлічвае ні кліматычных, ні нацыянальных, ні эканамічных асаблівасцяў краінаў свету.
Праўда, сучасня практыка паказвае, што можна будаваць і са зборных элементаў, але творча. На дапамогу архітэктарам прыходзіць камп’ютарнае праектаванне, а тэхнічныя магчымасці дазваляюць атрымаць канструкцыю любой формы. Сучасны горад адбірае для сябе ўсё найбольш камфортнае, эканамічнае і надзейнае.
Цяпер хмарачосы са шкла і сталі асацыююцца з сучаснай архітэктурай. Копіі амерыканскіх гігантаў сустракаюцца ў розных кутках свету. Калі бачым сённяшнія гарады ЗША і Японіі, ці заўсёды ўсведамляем, што перад намі – малюнак будучыні нашай краіны?
2.2. Гарады Беларусі
Савецкая ўлада мадэрнізавала гарады ў адпаведнасці са сваімі ідэалагічнымі канонамі ды імкнулася знішчыць выявы так званай буржуазнай культуры. Але быў нейкі перыяд, а гэта прыкладна 1917–1924 гг., калі гарадскія паселішчы жылі па інерцыі сваім традыцыйным, хоць і нялёгкім ва ўмовах войнаў жыццём. Якраз у згаданы перыяд стараннямі Марка Шагала і Казіміра Малевіча, заснавальніка супрэматызму, сфармавалася віцебская школа мастацкага авангарду, цяпер вядомая ва ўсім свеце. Быў заснаваны першы ў Беларусі сімфанічны аркестр, адкрыты авангардны тэатр БДТ-2.
Створанае ў 1925 г. Аб’яднанне сучасных архітэктараў СССР пашырыла свой уплыў і на БССР. Пачыналася цэнтралізацыя праектных прац, насаджэнне тыповых праектаў. Аднак значнага будаўніцтва ў мясцовых гарадах не назіралася. Савецкая ўлада звяртала ўвагу найперш на сталіцу, імкнулася надаць ёй сучасны выгляд. У Мінску ў 1930-я гг. пераважна ў стылі канструктывізму былі пабудаваныя Дом урада, Тэатр оперы і балета, Акадэмічны гарадок, гасцініца “Беларусь”, Інстытут фізкультуры, Дзяржаўная бібліятэка, фабрыка-кухня каля Чырвонага касцёла. Гэтыя будынкі вылучаюцца геаметрычнасцю формаў, маштабам шкляных паверхняў.
Адметнай часткай савецкіх гарадоў сталі клубы і дамы культуры. Будынкаў для жылля ўзводзілася мала. На ўзор “жылога блока” Ле Карбюзье аддавалася перавага “дамам-камунам”, у якіх побач з індывідуальнымі пакоямі існавалі памяшканні агульнага карыстання – пакоі адпачынку, кухні, умывальня і туалет. Жыллё прызначалася “новаму чалавеку”, пазбаўленаму эгаізму і ўласнага “я”. На першае месца высунулася сацыяльная задача задавальнення жыццёвых запатрабаванняў гараджанаў, а не прыгажосць горада.
А ў рэальнасці савецкі вобраз даваеннага горада – гэта зруйнаваныя культавыя будынкі ці ператвораныя ў клубы, дамы культуры, склады, заводскія корпусы. Гэта плакаты, зоркі, сярпы і молаты амаль на кожным будынку і скульптурная прапаганда вобраза Леніна ды савецкага працаўніка. Стары горад бязлітасна разбурыўся і замяняўся новым сацыялістычным. На шчасце, у бальшавікоў не хапіла ні часу, ні сродкаў, каб спляжыць усё дарэшты.
За гады нэпа з 176 беларускіх мястэчак БССР афіцыйнае прызнанне набылі менш за траціну. На думку беларускага географа М. Азбукіна, мястэчкамі заслугоўвалі называцца ў той час не меней як 300 сельскіх паселішчаў. Праўда, у адрозненне ад царскага ўрада мясцовае савецкае кіраўніцтва сваімі дэкрэтамі не толькі вынішчала, але і засноўвала новыя мястэчкі. Калі ў БССР у 1925 г. іх было 43, то ў 1930 г. – 68. Найбуйнешыя пераводзілі ў гарады, а дробныя –адносілі да сёлаў. Існавала дзяржаўная праграма падтрымкі местачковага насельніцтва, якое пакутвала ад беспрацоўя. Прапаноўваліся праца на зямлі, сыравіна і крэдыты для рамеснай вытворчасці. Аднак савецкі рэнесанс мястэчак працягваўся нядоўга. Праграма адраджэння мястэчак выявілася нерэальнай. У дзяржавы не ставала фінансавых сродкаў. Панавалі безгаспадарлівасць і апатыя. Паводле звестак карэспандэнта “Беларускай вёскі”, вясной 1928 г. у бяскорміцу на рынку ў мястэчку Крупкі Аршанскай акругі нельга было пакінуць каня і воза, бо козы і каровы бадзяліся па рынку ды аб’ядалі вазы з сенам, пакладзеным для сядзення. З пачаткам калектывізацыі местачкоўцаў, пераважна яўрэяў, заганялі ў калгасы і ў рамесныя арцелі. Яўрэйская бедната выжывала коштам замежнай дапамогі, а моладзь бегла ў буйныя гарадскія цэнтры Савецкага Саюза. Значны ўклад ў развіццё савецкай культуры Ленінграда ўнеслі пазней якраз беларускія яўрэі.
У 1938 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР зацвердзіў класіфікацыю паселішчаў рэспублікі. Мястэчкам у гэтай класіфікацыі ўжо не знайшлося месца. Яны былі ператвораныя часткова ў гарадскія пасёлкі, часткова – у рабочыя пасёлкі, а часткова – у сёлы. Тое, што распачало самадзяржаўе, завяршылі бальшавікі. Мястэчкі як сувязныя рынку зрабіліся непатрэбнымі і замяняліся паселішчамі-казармамі кшталту рабочых пасёлкаў. Сталінскі таталітарны рэжым мог трымацца толькі на адміністрацыйнай аднастайнасці і універсальнасці, а мястэчкі выбіваліся з гэтага правіла.
Заходняя Беларусь захавала такія паселішчы да 1939 г. Інтэнсіўнае будаўніцтва вузкакалейных чыгунак рабіла іх развіццё, а таксама і рост гарадоў больш стабільнымі. Чыгуначны транспарт займелі Пружаны, Навагрудак, Браслаў, Друя, Лынтупы, Любча, Іванава і інш. Усяго ў заходнебеларускім рэгіёне Польшчы налічвалася 97 гарадоў. Але яны не вылучаліся хуткімі тэмпамі развіцця, бо польскі ўрад ніяк не спрыяў індустрыялізацыі беларускіх земляў, якія межавалі з Савецкім Саюзам. У складзе польскай дзяржавы з яе высокім культурным патэнцыялам карэннай нацыі полікультурныя гарады Заходняй Беларусі хутка сталі польскімі. Найбольшы культурны асяродак беларусаў склаўся толькі ў Вільні, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў.
Працэс русіфікацыі беларускіх гарадоў у складзе СССР быў больш складаны. Бальшавікі не дапусцілі натуральнага дамінавання ў беларускім горадзе беларускай культуры. Не маючы сілаў для русіфікацыі, яны спачатку падтрымалі ці закансервавалі іх полікультурнасць (роўнасць моваў, існаванне школ, перыёдыкі, культурных устаноў для кожнай нацыі) і толькі з канца 1920-х гг. пачалі павольную і ўсё больш нарастаючую універсалізацыю гарадской культуры на рускі кшталт. Гарадскія паселішчы, як і пры царызме, выкарыстоўваліся ў якасці асноўнай базы для русіфікацыі мясцовага насельніцтва.
Антыпольскі, як і антыруска-савецкі супраціў, трымаўся не на горадзе, а на вёсцы.
Як меркаваў нямецкі даследчык Крысціян Герлах, у акупаванай нацыстамі Беларусі (1941–1944 гг.) праводзілася палітыка дэіндустрыялізацыі і змяншэння колькасці гарадскіх жыхароў. Для вынішчэння народа трэба было разбурыць яго гарады. Паводле плана каланізацыі, на кожнага немца павінна было прыходзіцца два абарыгены. За гады вайны было разбурана 209 гарадоў і раённых цэнтраў Беларусі.
Аднаўленне гарадоў пасля вайны ў краіне Саветаў адбывалася на новай тэхнічнай аснове. Савецкае кіраўніцтва імкнулася стварыць вобраз новага гарада з шырокімі вуліцамі, прыгожымі дамамі, плошчамі, кінатэатрамі. Архітэктура была закліканая ствараць надзеі на светлую будучыню. Пасляваеннае аднаўленне суседнічала з разбурэннем гістарычнай забудовы, якую мажліва было рэстаўраваць, – пазней гэтыя руйнаванні спісваліся на нямецкіх акупантаў. У першую чаргу аднаўляліся адміністрацыйныя будынкі, культавыя плошчы для парадаў з помнікамі Леніну. Існаваў план стварэння на месцы разбуранага Мінска ідэальнага савецкага горада. Сродкаў, праўда, хапіла толькі на галоўную вуліцу. Узнаўленне заходнееўрапейскіх гарадоў не ведала такой практыкі: усе гістарычныя кварталы адбудоўваліся з максімальнай дакладнасцю. Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе – гэта росквіт пампезнага і манументальнага сталінскага неакласіцызму (сталінскі ампір) не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ў іншых сацыялістычных краінах. Яскравым і найбольш маштабным у межах былога СССР узорам такога стылю стаў галоўны праспект Мінска.
Cавецкая індустрыялізацыя зрабіла гарадскіх жыхароў бальшынёй беларускага грамадства (60-я гг. ХХ ст.), змяніла склад гараджанаў на карысць беларускай нацыі. Але праз русіфікатарскую палітыку Масквы гарады не сталі ад таго прэзентатарамі беларускай культуры. На народнай глебе гараджане толькі часткова сфармавалі нацыянальна-прафесійную культуру, якая лічылася культурай другога гатунку пасля рускай і знаходзіла сваіх прыхільнікаў у абмежаваным коле савецкай інтэлігенцыі, пераважна творчай. Тым не менш, у адрозненне ад царскага перыяду, беларуская вёска вельмі істотна ўплывала як на матэрыяльную, так і на духоўную культуру савецкіх гарадоў Беларусі.
Наплыў у гарады вяскоўцаў, якія ўліваліся ў шэрагі гарадскога рабочага класа, выклікаў неабходнасць тэрміновага разгортвання таннага і сціплага жылля. Было не да сталінскага ампіра. Невялічкіх камяніц у класічным стылі, пабудаваных ваеннапалоннымі немцамі пасля вайны для рабочых, не ставала. Таму з канца 1950-х гг. у беларускіх гарадах пачалося масавае ўзвядзенне панэльных дамоў па стандартных праектах. Будаваліся спальныя раёны ці мікрараёны. Першы з іх з’явіўся ў Мінску на загад кіраўніка дзяржавы Мікіты Хрушчова. Мікрараён вырас у Фрунзенскім раёне ўздоўж вуліц Карла Лібкнехта і Розы Люксембург. Засяленне пачалося ўвосень 1957 г. Навасёлы былі расчараваныя адсутнасцю гарачай вады і іншага камфорту, што меўся ў дамах на Сталінскім праспекце. Выбухнуў калектыўны пратэст. Мінскія ўлады паспешліва выпраўлялі недахопы, але за кошт новых жыльцоў. Адсутнасць добраўпарадкаванасці, незабяспечанасць камунальнымі паслугамі былі характэрныя для ўсіх хрушчоўскіх мікрараёнаў. Іх адзіным упрыгожаннем сталі зялёныя насаджэнні, і тое дзякуючы самім жыхарам. Архітэктурны стыль рэвалюцыйнага авангарду, што ўзнік на пачатку ХХ ст., захоўваўся да распаду Савецкага Саюза.
У пасляваенны перыяд канчаткова склалася таталітарная іерархічная сістэма гарадоў. Расія не ведала вольных гарадскіх паселішчаў, на ўзор якіх стваралася б дзяржава, як гэта было на Захадзе. Тут, наадварот, гарады ва ўсім капіявалі таталітарную дзяржаву. Масква дыктавала стыль, эстэтыку, моду, ідэалы, каштоўнасці сталіцам савецкіх рэспублік. Мінск, які па колькасці насельніцтва з 1972 г. увайшоў у “клуб мільянераў”, перадаваў гэты дыктат абласным гарадскім цэнтрам, а яны ў сваю чаргу – гарадскім цэнтрам раённага ланцужка. Гэта значыць, што былыя функцыянальныя мадэлі гарадоў (інфармацыйна-культурная і эканамічная) поўнасцю змяніліся, набылі таталітарны характар. Горадскія паселішчы ўключаліся ў жорсткую сістэму забеспячэння функцыявання савецкай культуры і эканомікі. Народная культура і прыватная ініцыятыва найбольш прадпрымальных гараджанаў заставаліся незапатрабаваным скарбам, а іх камерцыйны патэнцыял знаходзіў выхад на чорным рынку.
Достарыңызбен бөлісу: |