Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет12/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   24

Звычайна ўзровень урбанізацыі адпавядае ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, але не заўсёды. Людзі канцэнтруюцца ў гарадах там, дзе існуюць неспрыяльныя ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі. Так, у пустынным, але багатым нафтай Кувейце доля гарадскога насельніцтва перавышае 90%. Тое самае можна сказаць і пра расійскі Мурманск.

Падчас урбанізацыі адбываецца ўшчыльненне гарадскіх паселішчаў і ўзнікненне гарадскіх агламерацый. Гэта ўзаемазалежныя групы найперш гарадскіх паселішчаў, аб’яднаных працоўнымі, культурна-побытавымі, інфраструктурнымі, вытворчымі і іншымі сувязямі. Найбольш важнымі лічацца працоўныя сувязі.

Першыя гарадскія агламерацыі ўзніклі ў другой палове ХІХ ст. вакол найбуйнейшых гарадоў свету – Лондана, Парыжа, Нью-Ёрка. Яны атрымалі назву монацэнтрычных, бо мелі адзін галоўны цэнтр. Адначасова гарадскія агламерацыі ствараліся з шэрагу гарадоў, напрыклад, уздоўж марскога ўзбярэжжа Нідэрландаў ці ў Рурскім вугальным басейне Германіі. Такія гарадскія агламерацыі называюцца поліцэнтрычнымі, бо ўтварыліся ад зліцця некалькіх прыкладна раўназначных цэнтраў. Першая мадэль больш пашыраная. Цяпер гарадская агламерацыя становіцца асноўнай формай рассялення ва урбанізаваных краінах. Нават ў сярэднеурбанізаваных дзяржавах вакол сталіц складваюцца гарадскія агламерацыі.

Існуе праблема вызначэння межаў гарадскіх агламерацый. У Еўропе яны фіксуюцца завяршэннем бесперапыннай гарадской забудовы. У такім разе агламерацыя супадае з межамі фактычнага (рэальнага) горада і часта называецца канурбацыяй. Іншымі словамі, канурбацыя гэта – гарадская агламерацыя, у межах якой не існуе вольных ад забудовы плошчаў. Расійскія даследчыкі ўключаюць у межы агламерацыі ўсе паселішчы, большасць жыхароў якіх звязаныя працай з галоўным горадам. У першым выпадку насельніцтва Масквы вызначаецца 10 мільёнамі чалавек, у другім – 12 мільёнамі. У развітых краінах велічыня горада таксама ацэньваецца ў рамках агламерацый, а не ў рамках юрыдычных межаў горада. Калі ў юрыдычных межах Парыжа пражывае каля 2 мільёнаў чалавек, то ў Вялікім Парыжы – больш за 11 мільёнаў.

Да найбуйнейшых гарадскіх агламерацый адносяцца тыя, у якіх пражывае больш за 10 мільёнаў чалавек. У 2002 г. такіх агламерацый налічвалася 24: Токіо (31 млн чалавек), Мехіко (21 млн), Сеул (19,9 млн), Сан-Паўлу (18,5 млн, Бразілія), Осака-Кіота-Коба (17,6 млн, Японія), Джакарта (17,4 млн), Нью-Ёрк (17,0 млн), Дэлі (16,7 млн), Бомбей (16,7 млн), Лос-Анжэлес (16,6 млн), Каір (15,6 млн), Калькута (13,8 млн), Маніла (13,5 млн), Буэнос-Айрэс (12,9 млн), Масква (12,1 млн), Шанхай (11,9 млн), Рэйнска-Рурская агламерацыя (11,3 млн), Парыж (11,3 млн), Рыо-дэ-Жанэйра (11,3 млн), Лондан (11,2 млн), Тэгеран (11 млн, Іран), Чыкаго (10,9 млн), Карачы (10,3 млн, Пакістан), Дакка (10,2 млн, Бангладэш). Першай найбуйнейшай гарадской агламерацыяй з насельніцтвам больш за 10 мільёнаў чалавек стаў у 1940-я гг. Нью-Ёрк, які цяпер займае сёмае месца. Насельніцтва Токіо за апошнія 100 гадоў узрасло ў 30 разоў. Але большасць сучасных агламерацый за той самы час павялічыла сваё насельніцтва ў 100 і болей разоў. Такія высокія тэмпы асабліва характэрныя для краінаў трэцяга свету, таму там знаходзіцца амаль дзве траціны сучасных гарадскіх агламерацый.

Але і гарадскія агламерацыі не ёсць канчатковай формай развіцця гарадскога рассялення. У некаторых спрыяльных для урбанізацыі раёнах гарадскія агламерацыі разрастаюцца настолькі, што зліваюцца сваімі перыферыйнымі часткамі. Драбнейшая ставіцца ў падпарадкаванне буйнейшай. Узніклыя сістэмы з некалькіх агламерацый называюць урбанізаванымі раёнамі, урбанізаванымі зонамі, а самыя буйныя – мегаполісамі. Першы мегаполіс з’явіўся ў 1950-я гг. на паўночным усходзе ЗША. Цяпер гэты Атлантычны мегаполіс на чале з Нью-Ёркам – найбуйнейшы ў свеце. У яго склад уваходзіць 40 агламерацый. Там пражывае 45 мільёнаў чалавек, а яго працягласць – 800 км. Мегаполісы ўзніклі вакол Чыкага, Лос-Анжэлеса, Токіо і Лондана. Рэйнскі мегаполіс складаецца з 30 агламерацый Германіі, Нідэрландаў, Бельгіі і Францыі – гэта першы міжнародны мегаполіс працягласцю ў 500 км. Чыкагскі мегаполіс уключае агламерацыі Канады, а ў мегаполіс Лос-Анжэлеса ўвайшлі гарады Мексікі. У менш урбанізаваных краінах таксама фармуюцца мегаполісы. У Расіі – паміж Масквой і Ніжнім Ноўгарадам. Паводле прагнозаў грэцкага урбаніста К. Доксіядыса, у будучыні асобныя мегаполісы планеты зліюцца ў адзіны ойкуменаполіс, у якім будзе пражываць большая частка насельніцтва Зямлі.

У сучасным горадабудаўніцтве гарады падзяляюцца на буйныя (звыш 500 тысяч чалавек), вялікія (100–500 тысяч), сярэднія (50–100 тысяч) і малыя (да 50 тысяч). У свеце назіраецца тэндэнцыя росту буйных і вялікіх гарадоў, асабліва з другой паловы ХХ ст. У 1900 г. налічвалася прыкладна 360 гарадоў з колькасцю насельніцтва звыш 100 тысяч чалавек. У 1950 г. – 950, у 1980 г. – 2370, у сучасны перыяд – каля 3000 гарадоў. Звыш 1 мільёна жыхароў у 1900 г. мелі 10 гарадоў, на пачатку 1980-х гг. – 209, сёння – 230 гарадоў.

Адна з найбольш характэрных рысаў сучаснага рассялення – развіццё ва ўсім свеце вакол вялікіх гарадоў урбанізаваных тэрыторый, раёнаў суцэльнай урбанізацыі. Гарады вырываюцца са сваіх межаў, захопліваюць тэрыторыі суседніх адміністрацыйных адзінак. “Метастазы” гарадоў угрызаюцца ў прыгарады, у прыродны асяродак, што стварае шэраг экалагічных і іншых праблемаў. Многія гэта лічаць нацыянальным бедствам, аднак прадухіліць такое развіццё чалавецтву пакуль не ўдаецца. Прагнозы розных даследчыкаў і экспертаў ААН сыходзяцца на тым, што колькасць і памеры вялікіх гарадоў будуць расці, а значыць, урбанізацыя будзе развівацца і надалей.

Аднак не варта думаць, што горад – гэта адзіная крыніца і прычына любога развіцця грамадства. Гістарычны досвед паказвае, што ён настолькі спараджаў уздым, наколькі сам быў вынікам такога ўздыму. Усе паваротныя моманты ў грамадскім прагрэсе суправаджаліся выбухам урбанізацыі.
3. Тэрытарыяльная разнастайнасць горада і яго занаванне
У выніку урбанізацыі гарадскі арганізм ускладняецца. Унутры кожнага горада складваецца пэўная сістэма тэрыторый, якія істотна розняцца адна ад адной і ў той самы час узаемадапаўняюць адна адну. Ужо ў старажытным горадзе вылучаліся дзяцінец (крэпасць) і гандлёва-рамесны пасад, у сярэднявечным горадзе – цэнтральная плошча і прадмесці, у сучасным горадзе – цэнтральны дзелавы раён (ЦДР) і спальныя раёны (мікрараёны). З усталяваннем рыначных адносінаў паміж тэрыторыямі ў кожным горадзе ідзе пастаянная канкурэнцыя за прыцягненне інвестыцый, а прадпрымальнікі ўвесь час прыглядаюцца, дзе разгарнуць свой бізнэс больш выгодна, з найменшымі выдаткамі. Зрабіць гэта не так проста.

Па-першае, вельмі цяжка вызначыць межы не толькі гарадской агламерацыі, але і ўласна горада. Даўно зніклі гарадскія сцены, за якімі пачыналася поле. Страчвае сілу адміністрацыйны падзел, бо гарадское жыццё ўсё больш ахоплівае сельскае наваколле. Адбываецца урбанізацыя прыгарадаў. Яны становяцца падобнымі да гарадскіх кварталаў і часам выконваюць важныя функцыі горада: напрыклад, забяспечваюць рабочай сілай. Паўсядзённыя загарадныя паездкі не адрозніваюцца ад звычайнага карыстання ўнутрыгарадскім транспартам: на іх звычайна патрабуецца не больш часу, чым на паездку ўнутры горада. Таму ў сучаснай эканоміцы прынята лічыць межамі рэальнага горада арэал маятнікавай міграцыі, гэта значыць, прыгарадныя раёны, жыхары якіх ездзяць на працу ў горад. Прыкладам рэальнага горада становяцца сучасныя гарадскія агламерацыі. Па сутнасці – гэта міні-сістэмы гарадоў.

Па-другое, сучасныя гарадскія цэнтры вылучаюцца надзвычай высокай тэрытарыяльнай стракатасцю. Існуе кірунак у эканоміцы горада, у рамках якога вывучаецца тэрытарыяльная разнастайнасць гарадскіх паселішчаў, – марфалогія (грэц. morphe форма) прасторы горада. Аналіз гарадскіх тэрыторый пачынаецца з вызначэння іх агульнага становішча: цэнтральнае, сярэдняе, перыферыйнае. Далей трэба ўлічыць розныя фактары:

характар забудовы;

геалагічную структуру глебы (ці спрыяльны для будаўніцтва грунт);

стан экалогіі (узровень забруджанасці паветра, вады);

транспартную даступнасць;

забяспечанасць камунальнымі паслугамі (вада, цяпло, элетрычнасць, газ, каналізацыя, тэлефон);

сацыяльную сітуацыю;

адміністрацыйна-юрыдычны статус (каму належыць зямля, адміністрацыйныя абмежаванні);

цэны на зямлю;

прыродна-ландшафныя асаблівасці (схіл, гара, акваторыі);

форму пляца.

Традыцыйнай формай даследавання тэрыторыі горада выступае занаванне. Існуе функцыянальнае занаванне, прыродна-ландшафнае занаванне і прававое занаванне.

Разгледзім больш падрабязна функцыянальнае занаванне. Па сутнасці гэта не што іншае як вылучэнне на карце гарадоў плошчаў, якія выконваюць аднолькавыя функцыі. Налічваецца тры асноўныя тыпы функцыянавання тэрыторый: рэзідэнтны тып (спальныя раёны), інжынерна-інфраструктурны тып (транспарт, сувязь), вытворчы тып (выраб тавараў і прадстаўленне паслуг). Аднак разнастайнасць гарадской прасторы пашыраецца. Некалі аднародны раён ператвараецца ў шматфункцыянальны. Фірмы-працадаўцы распаўсюджваюцца па ўсім горадзе. Гандляры стараюцца арганізаваць продаж уздоўж транспартных магістраляў. Найноўшая тэндэнцыя – гэта вяртанне гараджанаў для жыцця ў цэнтральныя раёны, але з павышаным камфортам. (Прыкладам таго служыць маскоўскі доларавы раён, дзе разгорнута будаўніцтва пад даўніну.) Таму гарадскія зоны набываюць форму не суцэльных плошчаў, а асобных функцыянальных фокусаў уздоўж магістраляў, вакол важных спецыялізаваных цэнтраў. У сувязі з гэтым акрамя традыцыйнага функцыянальнага занавання цяпер праводзяць падрабязны аналіз кожнай часткі гарадской тэрыторыі з выкарыстаннем некалькіх сотняў паказнікаў, якія апрацоўваюцца з дапамогай камп’ютара.

Марфалогію прасторы горада важна ведаць кожнаму гараджаніну, каб правільна выбраць месца жыцця, месца працы, –ад таго залежыць камфорт яго жыцця і поспех у працы. Не менш важна ведаць гарадскую марфалогію і адміністрацыі – для аптымальнага планавання перспектыў развіцця гарадскіх паселішчаў, для выпрацоўкі эфектыўнай урбаністычнай палітыкі. Адэкватная рэгіянальная палітыка муніцыпалітэтаў спрыяе эканамічнаму росту гарадоў.


4. Эканамічнае развіццё горадоў Беларусі на тле урбанізацыі
4.1. Даіндустрыяльны, гандлёвы горад
На Беларусі гарады ўзнікалі ў сувязі з неабходнасцю надзейна захоўваць багацці. Ужо ў перыяд Полацкага княства адбываўся працэс пераўтварэння гарадоў-крэпасцяў у гандлёвыя гарады. Для таго існавала чатыры стымулы:

1. Рост прадукцыйнасці працы сельскай гаспадаркі і інтэнсіфікацыя з гэтай прычыны тавараабмену паміж горадам і вёскай.

2. Наяўнасць княжацкага двара, які быў буйным заказчыкам харчавання і рамесных вырабаў, асабліва зброі.

3. Прыняцце хрысціянства і будаўніцтва ў гарадах храмаў, якія бралі пад сваю апеку гараджанаў і гандляроў. Гэта стымулявала рост колькасці насельнікаў, якія выступалі на гарадскім рынку і пакупнікамі, і вытворцамі.

4. Прыбыткі ад міжнароднага гандлю на шляху з “варагаў у грэкі”. Дарэчы, у міжнародным гандлі старажытнабеларускія гарады мелі, як ужо вядома, перавагу над заходнееўрапейскімі. Яны наладзілі цесныя гандлёвыя сувязі з найбагацейшай краінай свету – Візантыйскай імперыяй. А на Захадзе міжнародны гандаль перажывў заняпад, бо Рымскую імперыю разбурылі варвары, а гандлёвыя камунікацыі з Усходам перарэзалі арабскія заваёўнікі. Міжнародны пасярэдніцкі гандаль стаў істотнай адметнасцю беларускіх гарадоў, а Беларусь ператварылася з таго часу ў спрадвечную краіну-транзіт. Магутнасць старажытнабеларускіх княстваў трымалася на магутнасці іх гандлёвых сталіц. На высокім узроўні знаходзіліся ў тагачасных гарадах выраб зброі і ювелірных рэчаў.

Увогуле, перыяд Кіеўскай Русі (ад ІХ да ХІІ ст.) быў спрыяльны для росту гарадоў. Аднак пасля заняпаду Візантыі і мангола-татарскага нашэсця мясцовыя гарадскія паселішчы перажывалі эканамічны заняпад. ХІІ – пачатак ХІІІ стагоддзя – першы ў беларускай гісторыі відавочны перыяд дэурбанізацыі, або значнага памяншэння колькасці гарадскога насельніцтва.

Урбанізацыя ВКЛ праходзіла надзвычай паспяхова, і адбывалася тое пераважна коштам павелічэння колькасці малых гарадоў і мястэчак, якія абслугоўвалі аграрны сектар эканомікі. Вельмі спрыяльнае ўздзеянне на эканамічнае ажыўленне гарадскіх паселішчаў мелі ў першай палове ХVI ст. ідэі Рэфармацыі і рост попыту на збожжа ў краінах Захаду. Росквіт ВКЛ быў звязаны з узнікненнем сеткі мястэчак – гандлёвых пасярэднікаў для дастаўкі прадуктаў вёскі ў горад і экспарту збожжа ў Заходнюю Еўропу. Гэтыя паселішчы былі вернай адзнакай таварызацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Дзякуючы сістэме мястэчак забяспечваўся эканамічны ўзаемаабмен Вялікага Княства Літоўскага з краінамі Заходняй Еўропы. У рамках агульнаеўрапейскага рынку беларускія землі спецыялізаваліся на сельскай гаспадарцы, а гарады – на гандлі сельскагаспадарчымі прадуктамі. Аднак непасрэднага доступу да міжнароднага гандлю мясцовыя гарадскія паселішчы не мелі. Ён канцэнтраваўся ў балтыйскіх партовых гарадах – Гданьску і Круляўцы. І гэта не спрыяла ўтварэнню на беларускіх землях буйных гарадскіх цэнтраў. Негатыўна ўплывалі на эканамічны рост ліцвінскіх гарадоў нізкая спецыялізацыя сельскагаспадарчых раёнаў, адсутнасць падтрымкі з боку моцнай каралеўскай улады, пастаянныя войны. Горадскія паселішчы рабілі непараўнальна большы ўклад у развіццё аграрнай эканомікі, чым гэтая эканоміка давала ім для развіцця і пашырэння гарадскога жыцця ў Княстве. Аднак у аграрнай краіне іначай і не магло быць.

Пра поспехі урбанізацыі ў ВКЛ сведчыць наступны факт: у першай палове ХVII ст. насельніцтва гарадоў і мястэчак складала 16–20% ад усёй колькасці жыхароў Беларусі. Такіх паказчыкаў беларускія землі не ведалі нават на пачатку ХХ ст. На долю карэннага этнасу прыходзілася тады ад 60 да 80% гараджанаў.

У ХVII ст. няспынныя войны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай падарвалі эканамічны патэнцыял гарадскіх паселішчаў. Ад сярэдзіны ХVII ст. (“крывавы патоп”) пачаўся другі перыяд дэурбанізацыі, які працягваўся да сярэдзіны ХVIIІ ст., калі прыпыніліся войны і рабіліся спробы мадэрнізацыі эканомікі. Сталі адраджацца гарады. Аднак уздыму урбанізацыі не назіралася. З сярэдзіны ХVII ст. і да канца ХVIIІ ст. колькасць гарадоў заставалася нязменнай – 39, а ўдзельная вага гараджанаў нават зменшылася з 16–20% да 11% ад усяго насельніцтва. У гарадах пражывала прыкладна 250 тысяч чалавек. У гісторыі развіцця мясцовых гарадоў гэта быў перыяд своеасаблівай стагнацыі з некаторым ажыўленнем у другой палове ХVIIІ ст. Багацці не паспявалі назапашвацца ў руках трэцяга саслоўя. Фармаванне класа гарадскіх прадпрымальнікаў замаруджвалася. Перашкаджалі і феадальныя путы. Каля паловы гарадскіх паселішчаў ВКЛ пасля “крывавага патопу” знаходзіліся, як вядома, ва ўладанні землеўласнікаў.

У складзе эканамічна адсталай Расіі ўмовы для ўрбанізацыі яшчэ больш пагоршыліся. Расійскія гарады традыцыйна выконвалі пераважна адміністрацыйную функцыю і нароўні з вёскамі служылі крыніцай падаткавых паступленняў і пастаўшчыкамі рэкрутаў. Статус гараджаніна быў нізкі. Разбуральнай хваляй пракацілася вайна 1812 г. Таму ўдзельная вага гараджанаў у складзе ўсяго насельніцтва Беларусі з канца ХVIIІ да пачатку ХІХ ст. зменшылася з 11% да 3,3%. Гэта быў трэці перыяд дэурбанізацыі на беларускіх землях. У 1825 г. гэты паказчык трошкі ўзрос: гараджане склалі 5,2% беларускага насельніцтва. На такім самым узроўні знаходзілася і урбанізацыя на Украіне.

Такім парадкам, перыяд нестабільнага развіцця гарадоў працягваўся ў гісторыі Беларусі з сярэдзіны ХVII да пачатку ХІХ ст. Гэта адзін з самых складаных перыядаў у гісторыі Беларусі, трагізм якога дасюль яшчэ як след не ацэнены. Нават калі ўзяць да ўвагі, што гарадское насельніцтва ў Расійскай імперыі ўлічвалася недастаткова поўна (часовыя жыхары, а таксама насельнікі прыгарадаў і мястэчак не браліся за гараджанаў), то і тады агульную тэндэнцыю заняпаду гарадскога жыцця да 1820-х гг. няма падстаў аспрэчваць.

Потым пачаўся перыяд нарастання урбанізацыі, хоць яна мела пераважна штучны характар. Гарадское насельніцтва павялічвалася шляхам прымусовай канцэнтрацыі ў гарадскіх паселішчах яўрэяў, якім не дазвалялася жыць у сельскай мясцовасці. Большасць гарадоў заставаліся дробнымі, з паўвясковым ладам жыцця. Ініцыятарамі будаўніцтва першых мануфактур выступалі не гарады, як на Захадзе, а буйныя землеўладальнікі. Мануфактурныя прадпрыемствы адкрываліся ў маёнтках, дзе былі грошы і бясплатная рабочая сіла прыгонных, а таму не мелі істотнага ўплыву на урбанізацыю. У Магілёве, адным з вялікіх гарадоў краю, у 1863 г. пражывалі 48,2 тысячы чалавек, а ў Лондане – каля 800 тысяч.

Значным тормазам выступалі феадальныя парадкі. Цэхавая сістэма арганізацыі вытворчасці аджывала свой век. У 1852 г. у невялікіх гарадах цэхі былі скасаваныя, аднак у асобных выпадках яны, мэтанакіравана захаваныя дзеля фіксальна-паліцэйскага кантролю над рамеснікамі, праіснавалі да 1901 г. (Мінск, Віцебск). Своеасаблівым пратэстам супраць феадальных парадкаў стаў грамадскі антыалкагольны рух у канцы 1850-х гг. У ім удзельнічала большая частка жыхароў мястэчак і гарадоў Віленскай і Гродзенскай губерній: у Брэсце – да дзвюх трацінаў гараджанаў, у Пружанах і Ашмянах – палова, у Слоніме – усе хрысціяне і не менш як траціна яўрэяў. Гэта быў пратэст супраць памешчыкаў, якія замест мадэрнізацыі гаспадаркі абралі больш лёгкі шлях да ўзбагачэння: выраблялі спірт і спойвалі просты люд.
4.2. Горад, пераходны да індустрыяльнага
Толькі пасля адмены прыгону (1861 г.) і будаўніцтва чыгунак (1870-я гг.) беларускія гарады атрымалі новы, натуральны стымул для развіцця. Яны пачыналі ўтрымліваць на сваіх плячах растучы рыначны сектар беларускіх земляў і тым выводзілі гэтыя землі ў разрад аднаго з самых развітых гандлёва-аграрных рэгіёнаў царскай Расіі. Аднак і з пачаткам індустрыялізацыі пашырэнне гарадскога жыцця ў парэформеннай Беларусі праходзіла складана і супярэчліва.

У дынаміцы прыросту гарадскога насельніцтва вылучаюцца тры перыяды. У 1863–1885 гг. яно расло нават некалькі хутчэй, чым у цэлым па Еўрапейскай Расіі. І невыпадкова: у рысе аселасці людзей гвалтоўна перасялялі з вёсак у гарадскія паселішчы. Прыток узмацняўся і міграцыяй бяднейшага яўрэйскага насельніцтва з цэнтральных губерняў. Акрамя таго, у сувязі з паляпшэннем сродкаў сувязі (чыгуначным будаўніцтвам) гарадскія цэнтры прыцягнулі беззямельных сялянаў і шматлікую шляхту. Гарады Беларусі ператварыліся ў значныя рэзервуары людскіх рэсурсаў, якія не маглі быць выкарыстаныя ў маламагутных гарадскіх гаспадарках. Гарадская прамысловасць праз нястачу ў купцоў і мяшчанаў вольных капіталаў па-ранейшаму развівалася павольна. У 1860-я гг. больш за 80% мануфактур і фабрык канцэнтравалася ў сельскай мясцовасці і належала заможным памешчыкам. Штучна створанага запасу людскіх рэсурсаў ставала гарадам на працягу многіх гадоў.

Таму і ў другі перыяд – 1885–1897 гг. – гарадское насельніцтва павялічвалася нязначна і нават павольней за насельніцтва паветаў. Назіралася не тое што урбанізацыя, а аграрызацыя краю, блізкая да дэурбанізацыі. Мяшчане-хрысціяне, страціўшы ўсялякія прывілеі, пачыналі займацца сельскай гаспадаркай або ўвогуле пакідалі гарады. На долю карэннай нацыі прыходзілася толькі 17% усіх гараджан.

Але ў наступны перыяд – 1897–1913 гг. – становішча змянілася. Паступова стваралася гарадская індустрыя, пашыраўся рынак рабочай сілы. Напрыканцы ХІХ ст. у гарадскіх цэнтрах ужо выраблялася большая частка прамысловай прадукцыі і канцэнтравалася большасць прамысловых рабочых пяці беларускіх губерняў (без уліку рамёслаў). Рэзервы яўрэйскага насельніцтва вычэрпваліся. Выявіліся вынікі выраслай пасля рэвалюцыі 1905–1907 гг. эміграцыі яўрэяў за мяжу. Прычыны, што перашкаджалі прытоку ў гарады вяскоўцаў, – слабасць эканомікі і яўрэйская перанаселенасць – станавіліся ўсё менш істотнымі. Зрабіўшы зігзаг, гарадскія цэнтры набліжаліся да натуральнага развіцця. Прырост гараджанаў зноў набіраў тэмпы. Ён ажыццяўляўся коштам мясцовых людскіх рэсурсаў. Жыхары небеларускіх земляў бралі невялікі ўдзел у фармаванні гарадскога насельніцтва Беларусі.

За перыяд з 1861 да 1913 г. колькасць жыхароў у беларускіх гарадах узрасла прыкладна ў 3 разы. Тым не менш, рост гарадскога насельніцтва Беларусі быў на 25% меншы, чым па Еўрапейскай Расіі. У параўнанні з заходнееўрапейскімі краінамі працэс фармавання індустрыяльных цэнтраў Беларусі ў складзе Расіі істотна запавольваўся. Доля прамысловай прадукцыі ў валавым нацыянальным даходзе Беларусі не перавышала на пачатку ХХ ст. і 20%. Мясцовыя гарадскія цэнтры заставаліся адміністрацыйна-гандлёвымі. Эканамічнае развіццё гарадоў не прывяло да пашырэння сярод гараджанаў-беларусаў гандлёва-прамысловага прадпрымальніцтва, бо не стваралася спрыяльных умоваў. Беларускія гараджане аддавалі перавагу агародніцтву, садаўніцтву і здачы ўнаймы дамоў і пакояў.

На пачатку ХХ ст. у краінах Захаду гарадское насельніцтва складала 40–50%, тады як у Расіі – 13–14 %. Расійскія паказнікі урбанізацыі меншыя праз больш нізкі эканамічны патэнцыял гарадоў, каланізацыю неабжытых земляў, а таксама праз недасканалую статыстыку. У Беларусі з улікам жыхароў буйных мястэчак (больш за 2 тысячы чалавек) доля гарадскога насельніцтва вымяралася 14–16%. Значыць, працэс урбанізацыі тут адбываўся больш інтэнсіўна, чым у цэлым па Расіі. Вядома, што ў пэўнай ступені ён меў штучны характар. Тым не менш, гэта тлумачыцца і больш інтэнсіўным ростам гандлёвых цэнтраў гарадскога тыпу. Гарады Беларусі мелі перавагу над расійскімі па ўзроўні і якасці гандлю. У гэтым рэгіёне ён быў больш разнастайны і інтэнсіўны, што абумоўлівалася пашыранасцю лесараспрацовак, высокай таварнасцю сельскай гаспадаркі, выгодным геаграфічным становішчам мясцовых гарадскіх паселішчаў і актыўнай камерцыйнай дзейнасцю ў іх межах яўрэйскага насельніцтва.

У Беларусі урбанізацыя праходзіла такім чынам, што амаль да пачатку Першай сусветнай вайны больш як палова гараджанаў канцэнтравалася ў дробных гарадах і мястэчках. Выявілася важная роля дробных гарадоў (да 10 тысяч чалавек) і буйных мястэчак (больш за 2 тысячы чалавек) у жыцці краю. Іх структура вытворчасці найбольш адпавядала мясцоваму ўкладу жыцця, патрэбам даміноўнай на беларускіх землях сельскай гаспадаркі. І толькі потым першынство ва урбанізацыі перайшло да буйных гарадоў (Мінск, Віцебск, Гомель, Магілёў, Гародня, Брэст). Такая асаблівасць была тыповая для урбанізацыі любой краіны, бо буйныя гарады служылі важнымі адміністрацыйнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі і найбольш прываблівалі перасяленцаў. Фенаменальны рост паказаў Гомель. За 50 гадоў (1863–1913) яго насельніцтва павялічылася прыкладна ў 8 разоў (з 12, 6 да 100,5 тысяч чалавек). Гэта найвышэйшы паказнік для тагачаснай Беларусі. Перад Першай сусветнай вайной ён побач з Вільняй, Мінскам і Віцебскам уваходзіў у чацвёрку найбуйнейшых гарадоў краю – з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек.

Урбанізацыя мела рэгіянальныя асаблівасці. У 1863 г. павышанай канцэнтрацыяй гараджанаў вылучаліся заходнія і ўсходнія раёны. Там засяроджвалася больш як палова гарадскога насельніцтва Беларусі. Гарадзеншчына па колькасці гарадскіх паселішчаў займала ў імперыі ў сярэдзіне ХІХ ст. трэцяе месца пасля Фінляндыі і Царства Польскага. Меў месца ўплыў Захаду. Гарадское жыццё актывізавалася ў сферы ўплыву двух эканамічных і культурных цэнтраў – Варшавы і Масквы. У гэтым нібы адлюстраваліся неаднароднасць і супярэчлівасць беларускага лёсу. Аднак адсутнасць на ўсходзе да пачатку ХХ ст. чыгуначнага транспарту асудзіла мясцовыя гарады на адсталасць. У канцы ХІХ ст. ужо побач з захадам не ўсход, а цэнтр утрымліваў больш за палову гарадскіх жыхароў. У выніку спрыяльных эканамічных абставінаў, што склаліся падчас чыгуначнага будаўніцтва, канцэнтрацыя гарадскога насельніцтва зрушылася да Мінска. На пачатку ХХ ст. ролю лідэра захапілі гарады поўдня і поўначы, дзе таксама пралеглі важныя чыгуначныя магістралі і меліся важныя водныя шляхі (Прыпяць, Заходняя Дзвіна). У выніку ўсё гэта прывяло да пэўнай раўнамернасці ў размеркаванні гарадскога насельніцтва па раёнах Беларусі, што сведчыла пра пашырэнне гарадской цывілізацыі на ўсе беларускія землі і пра фармаванне беларускага рэгіянальнага рынку ў межах Расійскай імперыі.

І ўсё ж тэмпы павелічэння гарадскога насельніцтва ў Беларусі былі нізкія ў параўнанні з краінамі Захаду. Урбанізацыя этнічна самабытнага рэгіёну ва ўмовах падпарадкаванасці іншаэтнічнаму цэнтру не магла праходзіць натуральным чынам. Таму і поспехі беларускага краю ў справе фармавання індустрыяльнага грамадства ў складзе Расіі былі сціплыя. У дасавецкі перыяд Беларусь належала да краінаў з нізкім узроўнем урбанізацыі.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет