Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет21/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

Белашвейкі, мадысткі, служачыя кандытарскіх, увогуле жанчыны з сферы паслуг зацягваліся ў павуцінне тайнай прастытуцыі і працавалі “па сумяшчальніцтве”. Лічылася, што кожную з іх можна выкарыстаць, купіць, – такі быў узровень маральнасці мужчынаў. Набожнасць не перашкаджала ці, мажліва, слабела ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Траплялі на ўлік паліцыі і малалетнія. Мінскія лекары сарамліва прызнавалі неабходнасць выдачы білетаў на прастытуцыю дзецям. 10-14-гадовымі падлеткамі гандлявалі цёткі-камісіянеркі. У 1895 г. у гарадскі радзільны прытулак трапіла рожаніца ва ўзросце 15 гадоў. Дзіцячая прастытуцыя сустракалася ў прытулках міласэрнасці, у рамесных майстэрнях, сярод беспрытульных. Да таго ж дочкі пераймалі занятак маці.

Прастытуцыя абвастрыла праблему незаконнанароджаных. Пра гэта сведчыць той факт, што роды незамужніх жанчын сталі ў Мінску звычайнай справай. За першую палову 1895 г. сярод рожаніц гарадскога радзільнага прытулка каля дзвюх трацінаў складалі незамужнія. У 1905 г. у бясплатным радзільным прытулку Расійскага таварыства абароны жанчын палова рожаніц была не замужам.

На пачатку ХХ ст. колькасць нараджэння пазашлюбных дзяцей паменшылася. Гэта было звязана з пашырэннем абортаў і выкарыстаннем прэзерватываў, якія вольна прадаваліся ў любой аптэцы горада. Грамадства негатыўна ставілася да такіх родаў, таму жанчыны стараліся пазбавіцца ад нежаданых дзяцей. У 1899 г. траціна мінскіх мацярок пакідала немаўлятак.

Грамадства зусім не ўхваляла і прастытуцыю. Выкладчыкі мінскіх школаў скардзіліся, што ва ўсіх табачных крамах адкрыта выстаўляліся і прадаваліся парнаграфічныя паштоўкі, а на вітрынах у кнігарнях пераважалі выданні па полавых пытаннях. Усё гэта, на іх думку, мела дрэнны ўплыў на моладзь. На пачатку ХХ ст. у аптэках свабодна прадавалі сродкі накшталт сучаснай віягры. Грамадскае і царкоўнае асуджэнне было адной з прычынаў распаўсюджанасці тайнай прастытуцыі. Жанчыны хавалі свой занятак, выходзілі на панэль позна ўвечары, калі горад засынаў. Вялікім сорамам лічыўся і сіфіліс. Прастытуцыя кідала цень на прыстойных мінчанак. Мужчына мог кінуць абразлівыя словы на адрас жанчын нават тады, калі яна таго не заслугоўвала, альбо абвінаваціць ў заражэнні сіфілісам, і ў апошнім выпадку паліцыя гвалтам цягнула яе на зневажальны агляд да лекара. Грамадства адначасова адгароджвалася ад распусты і спараджала яе.

Мінск уваходзіў у лік распусных гарадоў. Ён размяшчаўся ў цэнтры беларускіх земляў, на перакрыжаванні дзвюх чыгуначных магістраляў. Распуста ішла з Расіі. У Мінску канцэнтраваліся вялікія расійскія вайсковыя сілы. Штат губернскай адміністрацыі і ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі запаўняўся пераважна расійскімі чыноўнікамі. На новыя прамысловыя прадпрыемствы запрашалі маладых спецыялістаў з прамысловых цэнтраў Расіі. Гандлёва-прамысловы Мінск даваў працу вясковай і местачковай моладзі. Па складзе насельніцтва горад быў малады, вылучаўся вялікай канцэнтрацыяй нежанатых мужчынаў. Існаваў попыт. Карэнных мінчанак не ставала. Колькасць прастытутак узрастала за кошт вясковых дзяўчат, але не так хутка, як у расійскіх гарадах. Заязджалі і “гастралёршы” з іншых гарадскіх цэнтраў. Аналагічная сітуацыя была характэрная і для ўсіх губернскіх гарадоў Беларусі.

Легальная прастытуцыя больш карысная дзяржаве і цывілізаванаму бізнэсу, чым грамадству. Яна, як і ўжыванне алкаголю, служыць пэўным сацыяльным амартызатарам: адцягвае моладзь ад грамадскіх справаў. Царызм выбраў найбольш прыдатны для сябе варыянт. У мілітарнай дзяржаве не магло быць іначай. Прастытуцыя выступала своеасаблівым тылавым забеспячэннем шматтысячнага расійскага войска – невыпадкова яе легалізаваў цар-салдафон Мікалай І.

У 1917–1920 гг. публічныя дамы яшчэ існавалі. Мінскія прастытуткі абслугоўвалі папераменна то расійскіх бальшавікоў, то немцаў, то палякаў. Толькі 9 жніўня 1920 г. дзейнасць дамоў распусты ў Мінску была забароненая Ваенрэўкамам БССР. Прастытуткі трапілі ў падполле. Аднак іх лёс яшчэ доўга турбаваў грамадскасць. Першы фільм, зняты ў Беларусі ў 1926 г., меў назву “Прастытутка, прыбітая жыццём”, праўда, ён так і не выйшаў на экраны.

Дагэтуль працягваюцца спрэчкі: што лепей – легалізацыя ці забарона прастытуцыі. Калі існуюць рынкавыя адносіны, то павінен працаваць і прынцып: усё прадаецца і ўсё купляецца. Прадаюцца часткі чалавечага арганізма. Гітлераўцы ператваралі чалавека ў сыравіну для прамысловасці. Цела прастытуткі не прадаецца, а здаецца, так бы мовіць, на пракат, у часовае карыстанне – прадаецца ўцеха. Рынак патрабуе легалізацыі прастытуцыі. З пункту гледжання эканомікі ўсё вельмі лагічна, а з боку маралі выглядае вельмі праблематычна. Легалізацыя прастытуцыі дэвальвуе жаночаю годнасць, узмацняе разбэшчанасць грамадства, разбурае сям’ю. Як паказвае гістарычны досвед, вольная прастытуцыя не выключае тайную, а значыць, і некантраляваную крыніцу распаўсюджвання венерычных захворванняў.

Цяпер у Беларусі прастытуцыя знаходзіцца па-за законам. Старажытная прафесія існуе патаемна. Можна забараняць ці не забараняць, а яна ўсё адно застаецца невынішчальнай, як і любы іншы недахоп чалавецтва.
2.3. Духоўны камфорт
Ці магчымая гарманізацыя гарадскога жыцця без уліку фактараў культурнасці, адукаванасці, духоўнасці, дабрачыннасці? Цяпер гараджанаў хвалююць не толькі праблемы дабрабыту, экалогіі і злачыннасці – іх прыгнятае духоўны дыскамфорт.

Асабліва актуальным у горадзе становіцца дасягненне гармоніі грамадскага і індывідуальнага жыцця. Сярэднявечны горад дазваляў схавацца ад вуліцы. З павелічэннем шчыльнасці забудовы і пашырэннем шматпавярховак давялося жыць праблемамі суседзяў, праблемамі вуліцы. Пазней, асабліва ў пасляваенны час, публічнасць у заходнееўрапейскіх гарадах адступала на задні план. Назіраліся індывідуалізацыя гарадскога побыту, рост камфортнасці гарадскога памяшкання. Заможныя гараджане пачалі ўцякаць ад шумнага горада ў прыгарадныя катэджы.

У савецкай дзяржаве, наадварот, пастаянна нарасталі гегеманізм публічнасці і абыякавасць да асабістага жыцця людзей. Жыццё гараджанаў выносілася на плошчы, як вяскоўцаў – на вуліцу. Насаджалася казармшчына. У 1937 г. у Мінску практыкаваліся паходы ў адгазніках. Усур’ёз ішла падрыхтоўка да пераходу ў адгазніках па маршрутах Мінск – Барысаў (жанчыны) і Мінск – Смаленск – Ленінград – Масква (мужчыны).

Раскоша грамадскіх будынкаў кантраставала з убогасцю “камуналак” і “хрушчовак”. Гігантскія плошчы мемарыяльнага прызначэння выкарыстоўваліся пераважна для парадаў і дэманстрацый, а ў астатні час пуставалі, у лепшым выпадку служылі стаянкай для аўтамашынаў, але ва ўсякім разе ў гарадскі бюджэт не прыносілі істотнага прыбытку. Тут не віравалі, як было натуральна ў даўніну, кірмашы, не мелася, як прынята паўсюль у Еўропе, крамаў. Савецкія гарадскія плошчы застаўляліся помнікамі-сімваламі і дзяржаўнымі ўстановамі, нібыта ў чаканні чарговых афіцыйных урачыстасцяў.

У такіх умовах савецкія гараджане напрактыкаваліся жыць па-за сістэмай. Паводле сацыялагічных апытанняў 1986 г., каля 20% гараджанаў не ўдзельнічалі ў грамадскай рабоце, бо не жадалі. Прыкладна чвэрць апытаных патаемна адзначалі рэлігійныя святы. У малых гарадах гэтыя паказнікі былі яшчэ большыя – да 50%.

Сёння кірмашы для зручнасці пакупнікоў выносяць за горад, да прыкладу з Мінска ў Ждановічы. Крамы хаваюць пад зямлю, каб было зручней праехаць аўтамабілям. Горад становіцца халодным і няўтульным.

Цяпер, калі адраджаецца прыватная ўласнасць, праблема суаднясення агульнагарадскіх і асабістых інтарэсаў насельнікаў абвастраецца. Канцэпцыя гарманізацыі гэтых інтарэсаў, выпрацаваная ў Заходняй Еўропе ў першай палове ХХ ст., прадугледжвае ўдзел дзяржавы ў пераўтварэннях гарадскога арганізма і недапушчэнне гульні прыватных зацікаўленасцяў. Паводле яе, улады дзейнічалі без нанясення якой-небудзь шкоды матэрыяльным інтарэсам асобных уласнікаў, а дзяржаўныя і прыватныя ініцыятывы ў гарадскіх справах ураўнаважваліся.

Для гараджанаў заўсёды было актуальным захаваць пераемнасць новага горада са старым. Ужо Данте аплакваў горад “за старымі мурамі” і кляйміў паўсталы, дзе “новыя людзі і лёгкія прыбыткі”. Гарадская тэрыторыя пастаянна забудоўвалася ці перабудоўвалася. У сувязі з тым узнікалі праблемы рэканструкцыі тэрыторый, пераходу на больш высокі ўзровень урбанізаванасці. Асабліва вострай падавалася праблема рэканструкцыі цэнтра. Цэны на зямлю раслі. Вытворчыя структуры выносіліся на перыферыю ці за горад. Фірмы вялі наступ на гістарычную забудову, ператвараючы яе ў офісы. Праўда, заходнееўрапейцы ўжо к сярэдзіне ХІХ ст. у асноўным пераадолелі хваробу вынішчэння старога. У ЗША тое адбылося пазней. Так, рэзкае ўзмацненне ролі цэнтральных кварталаў Нью-Ёрка ў другой палове ХІХ ст. стымулявала знос сярэднепавярховых будынкаў (у тым ліку і зусім новых) і замену іх хмарачосамі.

Гісторыя паказала, што вартасць даіндустрыяльных гарадскіх аб’ектаў намнога вышэйшая за вартасць больш новых збудаванняў. У пасляваенны час усталявалася правіла: замест прывядзення гістарычнага цэнтра да сучаснага выгляду горада, як гэта было ў ХІХ ст., неабходна мадэрнізаваць пазнейшую забудову, змяняць яе структуру, каб яе кантраст са старой не так кідаўся ў вочы. З 1972 г. такога прынцыпу трымаецца ў сваёй палітыцы Рада Еўропы. Асабліва вялікая заслуга ў захаванні старых гарадоў належыць Італіі. У 1970–1980-я гг. у рэстаўрацыі зацвердзіліся новыя падыходы. Па-першае, гістарычны цэнтр разглядаецца як адзіны арганізм, які падлягае ахове і комплекснай рэстаўрацыі. Па-другое, звяртаецца ўвага на спецыфіку старых аб’ектаў: яны не ёсць музейнымі рэчамі, а ствараюць паўсядзённую жыццёвую прастору. Па-трэцяе, падкрэсліваецца вялікая духоўная вартасць старых гарадскіх кварталаў. У іх захоўваецца тое, чаго няма ў сучасным горадзе, – гармонія жыцця гараджанаў з навакольнай архітэктурай, паяднанне чалавека і яго асяроддзя.

Са старымі гарадамі цесна звязаныя гістарычныя традыцыі народаў. Людзі пачуваюцца больш камфортна і ўпэўнена, калі маюць за спінай даўнюю гісторыю, сведкамі якой выступаюць старыя муры гарадоў. Праблема палягае не толькі ў захаванні, але і ў выкарыстанні старой забудовы на карысць грамадства. Пытанне захавання і выкарыстання гістарычнай спадчыны тычыцца ўсяго свету. Патрабуецца шмат намаганняў, каб зберагчы створаны гісторыяй разнастайны характар горада – жывога арганізма, працягу чалавека. Каб захаваць нежывыя прадметы, дастаткова іх закансерваваць і знайсці месца ў музеі, а каб захаваць жывы арганізм старога горада, неабходныя гарманізацыя інтарэсаў і прыняцце ўзважаных рашэнняў. Майстэрства горадабудаўнікоў палягае ў тым, каб напоўніць старыя мяхі новым віном.

У Беларусі разбурэнне старых камяніц, перабудова касцёлаў пад цэрквы пачалася пасля ўстанаўлення тут царскай улады і працягваецца дасюль. У выніку амаль усе беларускія гарады не захавалі архітэктурнай пераемнасці, зрабіліся проста савецкімі. Мы страцілі вобраз старых горадоў, тое, што выклікае пачуцці адвечнасці і гонару за сваю Айчыну. Растаўрацыя, як паказвае прыклад Мінска, падмяняецца рэканструкцыяй, што практычна раўназначнае руйнаванню. Усё гэта стварае дыскамфорт.

Аднак трэба захоўваць і адраджаць не толькі старую забудову, але і даўнія традыцыі культуры і духоўнасці. І гарадскія кварталы таксама служаць ўмяшчальняй духу нацыі.

Раней вялікае месца ў жыцці гараджанаў займала рэлігія. Адзначалі рэлігійныя святы, пасціліся. У кожным доме меліся абразы і іншыя культавыя рэчы. Гарадское паветра поўнялася царкоўным звонам. На вялікія святы ў храмы прыходзілі ўсе вернікі, ладзіліся народныя гулянні. Адбываліся ўрачыстыя хросныя хады. Свае ўчынкі чалавек узгадняў з рэлігійнай мараллю. Малітва ўзнаўляла духоўную раўнавагу. Таму вынішчэнне рэлігіі было адным з самых вялікіх злачынстваў бальшавікоў. Атэізм, праўда, нарастаў і па меры поспехаў індустрыялізацыі. Сучасны гараджанін імкнецца свае праблемы развязаць самастойна, не шукаючы спагады ні ў кога. Жыццё вез веры, без Бога, без Царквы збядняе духоўны свет чалавека.

Неад’емная частка гарадскога асяроддзя – могілкі. З імі таксама звязаны духоўны камфорт гараджанаў. Па меры пашырэння гарадской тэрыторыі месцы пахаванняў трапляюць у забудову. Складваецца ўражанне, што гарады растуць на могілках. Маральны абавязак жыхароў кожнага старадаўняга горада – шанаваць памяць памерлых. Усе мясціны былых могілак павінны быць пазначаныя нейкімі мемарыяльнымі сімваламі. “Мёртвы горад”, што капіюе і планіроўку, і архітэктуру жывога горада, захоўвае адметную атмасферу, якая не можа не ўплываць на людзей. І гэта трэба ўлічваць.

Урбанізацыя вядзе да ўсё большай адасобленасці і адзіноты чалавека праз разрыў сувязяў з традыцыйнай грамадою і немагчымасцю захаваць яе ў горадзе. Індустрыяльны горад пераплаўляе людзей у безасабовую масу. Гарадскім ладам жыцця спароджаныя такія негатыўныя псіхалагічныя з’явы, як “сум новых гарадоў і мікрараёнаў“, “неўроз вялікага горада”, “гарадскі стрэс”, адчужанасць, апатыя, “транспартная стомленасць”, “феномен чаргі”, “гукавае ап’яненне” (патрэбнасць у гарадскім шуме) і інш. Пачуцці самотнасці і бездапаможнасці чалавека ў вялікім горадзе ствараюць спрыяльныя ўмовы для алкагалізму, наркаманіі, самазабойства.

Афіцыйна зарэгістраваных наркаманаў у сучаснай Беларусі каля 10,5 тысяч, і іх колькасць штогод павялічваецца ў сярэднім на 800 чалавек. Паводле дадзеных за 2007 г., наша краіна займае трэцяе месца ў свеце па колькасці фактаў суіцыду (пасля Літвы і Расіі). Сярод прычынаў самазабойствў пераважаюць праблемы ў асабістым і сацыяльным жыцці. Пра маштабы п’янства красамоўна сведчыць штодзённая практыка гарадскога жыцця. Спажыванне алкагалю перавышае 11 літраў на кожнага жыхара Беларусі пры максімальнай норме 8 літраў, штогод ад алкагалізму памірае каля 10 тысяч чалавек.

У вялікіх гарадах абвастраецца дыскамфорт у выніку наплыву мігрантаў. Гэтая з’ява неадназначная. Усім вядомы ўклад рускіх мігрантаў у развіццё французскай культуры, асабліва пасля рэвалюцыі 1917 г. Аднак ёсць і адмоўныя прыклады. У гарадах Прыбалтыкі за савецкім часам будавалася шмат прадпрыемстваў, і сюды з’язджаліся мігранты-рабочыя, былыя вяскоўцы, з усіх куткоў СССР. Яны не прымалі мясцовай культуры і нават зніжалі агульны культурны ўзровень гарадскога насельніцтва Эстоніі, Латвіі, Літвы. Таму пасля распаду Савецкага Саюза патрабаваліся вялікая воля кіраўніцтва гэтых краінаў і патрыятызм мясцовага насельніцтва, каб зберагчы нацыянальную культуру, мову, традыцыю.

Цяпер у гарадах Заходняй Еўропы пражывае шмат прыезжых з былых калоній. Хоць усе яны абавязкова прымаюць мову краіны, а часам і яе культуру, аднак у большасці трымаюцца адасоблена. Прагназуецца, што ў брытанскіх гарадах Лутоне, Бірмінгеме, Істэры ў бліжэйшыя 30 гадоў белае насельніцтва застанецца ў меншасці, менее колькасць белых і ў Лондане. З цягам часу ўзнікне неабходнасць у імпарнай рабочай сіле і ў беларускіх буйных гарадах.

У гарадскім жыцці важна кантактаваць з суседзямі, праяўляць да іх звычайную спагадлівасць, дапамагаць і разлічваць на дапамогу ў выпадку патрэбы. Амерыканцы маюць добры спосаб пераадольвання ананімнасці чалавека ў вялікім горадзе – кандамініум. Ім можа быць уласнасць кааператыва, суполкі ці таварыства жыхароў гарадскога шматкватэрнага дома: крама, цырульня, бібліятэка, басейн, малая кіназала, рэстаранчык ці кавярня толькі для ўдзельнікаў аб’яднання. Ствараецца своеасаблівая местачковая ці вясковая абшчына сярод гарадской стыхіі.

2.4. Адаптацыя да гарадской цывілізацыі


Кожны народ пераадольвае парог недаверу і нават варожасці да гарадской цывілізацыі. Псіхалагічны бар’ер узнікае ў эпоху індустрыялізацыі. Адарванасць ад вёскі і прыроды прыгнятае людзей. Крызіс тоеснасці (ідэнтычнасці) у першай палове ХІХ ст. перажывала ўся Еўропа. Індустрыялізацыя выклікала спробы гарманізацыі гарадскога асяроддзя шляхам стварэння гарадскіх паркаў, выкарыстання ландшафтнай архітэктуры, выпрацоўкі праектаў тыпу англійскага горада-саду.

Асабліва хваравіта гэты працэс праходзіў у дасавецкай Беларусі. З ХІХ ст. беларуская душа была адарваная ад горада, пачувалася там безабаронна. Перапоўненасць мясцовых гарадскіх паселішчаў яўрэямі і рускімі чыноўнікамі, цеснасць і нязвыкласць гарадскога пейзажу, часам далёкага ад нацыянальных традыцый, прыводзіла да таго, што беларускі селянін, трапіўшы ў вялікі горад, перажываў сапраўдны стрэс.

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас пісаў пра горад:

Колькі шуму, колькі груку!

Я дзіўлюся, як тут жыць,

Па каменням, гэтым бруку

За грахі адны хадзіць.

Яшчэ раней Францішак Багушэвіч бачыў горад нават варожым:

Не люблю я месца,

Надта там цяснота і вялікі сморад,

А паноў – як маку, ды сярод гароду

Арач таго пропасць рознага народу!

Наш брат як увойдзе, – сам сябе баіцца.

Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца?

Сярэднявечная традыцыя гарадскога жыцця беларускага народа была перарваная напрыканцы ХVIII ст., і з таго часу ён ніколі не адчуваў сябе ў горадзе ўтульна, гаспадаром, мусіў размаўляць там на чужой мове.

Мігрантам з вёскі, што прыязджалі ў горад савецкай Беларусі, даводзілася адаптоўвацца да новага ладу жыцця, новых матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў. Ім не ставала нацыянальнага патрыятызму і сілы процістаяць духоўнай і культурнай асіміляцыі, навязанай рускамоўным горадам. Яны адчувалі перавагу рускамоўных гараджанаў. Паўсюль рускае начальства, руская дакументацыя, справаводства. Беларускі вясковы хлопец імкнуўся, каб яго прызналі за гараджаніна, і намагаўся гаварыць па-руску.

Аналіз сучасных міграцыйных працэсаў паказвае, што і цяпер для значнай часткі насельніцтва працэс адаптацыі да гарадскіх умоваў жыцця праходзіць балюча. У асобе гараджаніна мясцовага паходжання праглядае прамежкавы чалавек. Гэта былыя вяскоўцы, адарваныя ад каранёў, звыклага побыту. Прыняць гарадскі лад жыцця ім цяжка, у іх іншыя псіхалогія, менталітэт, шкала каштоўнасцяў. Асабліва складаная праблемы выкарыстання вольнага часу і міжасабовых зносінаў. Непрыстасаванасць да гарадскога жыцця абумоўлівае безабароннасць гараджанаў вясковага паходжання, і гэтым шмат хто карыстаецца. Горад, перабудаваны захопнікамі, пазбаўлены нацыянальнага духу, выглядае чужым і варожым. Душа, адцятая ад горада, няздольная вытрываць небяспеку.

Для ўмацавання гарманічных адносінаў у гарадскім асяроддзі расійскія культуролагі прапаноўваюць адаптоўваць да горада традыцыйна-побытавую культуру. У ХVII ст. беларускі горад яшчэ захоўваў сувязь з народнай культурай. У якасці падарункаў на Вялікдзень гараджане атрымлівалі “валачобнае”, а на Каляды – “каляду”. Паколькі большая частка жыхароў нашых гарадоў – былыя вяскоўцы, то адкрытасць да вёскі, наладжванне народных гулянняў, увогуле беларусізацыя горада зробіць яго для жыхароў блізкім, родным, сваім. Стандартызаваны і ў многім бязаблічны сучасны беларускі горад мае вострую патрэбу ў нацыянальным каларыце. Толькі адчуваючы прыналежнасць да гістарычнай спадчыны, сучасны гараджанін будзе пачувацца духоўна камфортна.

Дзяржава мусіць усведамляць прыярытэтную значнасць вырашэння нацыянальна-культурных і нацыянальна-сацыяльных пытанняў найперш у гарадах. Гэтая задача патрабуе і звароту гуманітарных навук – гісторыі архітэктуры, этнаграфіі, этнакультуралогіі і этнасацыялогіі – да праблемаў горада. Актуальнасць даследавання гарадскога асяроддзя і гарадскога насельніцтва ў Беларусі абумоўленая іх малавывучанасцю.

Праблемы гарадскога жыцця можна пералічаць далей, але і акрэсленыя тут дазваляюць зразумець, чаму беларускі народ так і не стварыў сваёй гарадской утопіі, не рэалізаваў нацыянальнага праекта ідэальнага горада, горада-сонца. Галоўны праспект сталіцы – гэта толькі фрагмент няздзейсненай савецкай гарадской утопіі, накінутай звонку. Мара Арыстоцеля, Кампанэлы, Фенелона пра стварэнне гарманічнага гарадскога асяроддзя, дзе чалавек мог бы задаволіць усе свае патрэбы, застаецца актуальнай.


Тэма 8. Ментальнасць беларускіх гараджанаў
План
1. Фармаванне недаурбанізаванай ментальнасці.

2. Асноўныя рысы недаурбанізаванай ментальнасці.

3. Уплыў недаурбанізаванай ментальнасці беларускіх гараджанаў на іх жыццядзейнасць.

4. Горад і вёска ў ментальнасці сучаснага гараджаніна.


1. Фармаванне недаурбанізаванай ментальнасці
Ментальнасць характарызуе інтэлектуальные асаблівасці нацыі (у перакладзе з французкай мовы азначае спосаб мыслення). Горад мяняе ментальнасць людзей. Іх мысленне нібы урбанізуецца. Узнікае, так бы мовіць, новая своеасаблівая папуляцыя людзей – гараджане. Ментальнасць не ідэнтычная нацыянальнаму характару, які выяўляецца ў такіх феноменах, як тэмперамент, эмоцыі, пачуцці. Яе вывучэннем звычайна займаецца сацыяльная псіхалогія.

Паводле назіранняў амерыканскага пісьменніка О. Генры, жыццё ў горадзе такое сур'ёнае, што дробязі не бяруцца ў разлік, горад прымірае, кансалідуе не таму, што добры, а таму, што значны. Чалавек перад яго магутнасцю робіцца рахманым. У гарадах жывуць смелыя людзі, інакшыя не выжываюць. Гараджанін мусіць быць згаворлівым і цярплівым хоць бы ў адпаведнасці з інстынктам самазахавання. Страх і выгода – закон гарадскога жыцця і аснова правапарадку. Гараджанін не добры – ён абачлівы, асцярожны. Аднак наколькі гэтая характарыстыка падыходзіць да беларускага гараджаніна?

Ва ўмовах Беларусі мысленне карэнных жыхароў урбанізавалася спецыфічна – не па-беларуску, а па-руску. Урбанізаваныя гэткім чынам гараджане былі неяздольныя ствараць уласную беларускую культуру высокага кшталту. Беларускі горад рос так, што замест таго, каб умацоўваць беларускую культуру, бязлітасна руйнаваў яе.

Ці завяршыўся працэс урбанізацыі ментальнасці мясцовых гараджанаў? На маю думку, не. Больш за тое, у Беларусі канчаткова не ўсталявалася і гарадская цывілізацыя, хоць, паводле перапісу 1999 г., у гарадах пражывае каля 69% насельніцтва.

Мы застаемся вясковай нацыяй, калі мець на ўвазе не толькі матэрыяльны, але і духоўны бок гарадской цывілізацыі. Але ці ёсць падставы для такой думкі? Спецыяльных і фундаментальных даследаванняў пакуль няма. Мае меркаванні грунтуюцца на разуменні інертнасці свядомасці (яна не паспявае за зменамі ў грамадстве), асабістых назіраннях, а галоўнае – на даследаванні гісторыі урбанізацыі Беларусі.

У гарады перасяліліся вяскоўцы. У гарадскіх кватэрах яны жывуць вясковым клопатам, думаюць па-вясковаму: трэба дапамагчы бацькам накасіць сена, выкапаць бульбу. Перазімаваўшы ў горадзе, такія гараджане ад’язджаюць на лецішчы ці ў вёску, ім не да гарадскіх справаў. Прыгарады таксама нагадваюць вёску. Захоўваецца вясковы ўклад жыцця: драўляныя дамкі, кветнікі, садкі, лёхі пад гародніну, пасаджаная пад электралініяй высокага напружання бульба, куры на двары, козы на ўскрайку гарадскіх дорог... Усё гэта дае пэўную падставу сцвярджаць, што урбанізацыя Беларусі была недасканалая, а таму застаецца незавершанай.

З канца ХVIII ст. пачалася імклівая урбанізацыя краінаў Заходняй Еўропы. Узрастала роля гарадоў. Урбанізаваўся побыт людзей – урбанізавалася і іх мысленне. Якраз тады Вялікае Княства Літоўскае выпала з гэтага працэсу. Разбурэнне гарадской інфраструктуры ў выніку няспынных войнаў з суседзямі істотна аслабіла яго і стала адной з прычынаў далучэння да Расійскай імперыі.

Пад царскай Расіяй урбанізацыя запаволілася, а галоўнае, яна абмінала карэнную нацыю – беларусаў. Небяспечныя для самаўладдзя жыхары гарадоў усяляк абмяжоўваліся ў правах. Жыхары ж вёсак падвяргаліся меншай дыскрэдытацыі і нават мелі падаткавыя льготы. Дабрадзейнасць царызму мела свае падставы: беларускія сяляне разглядаліся як этнаграфічны матэрыял для фармавання рускай нацыі. Таму яны мэтанакіравана прывязваліся да зямлі. У гарадах колькасна дамінавалі яўрэі і рускія. Прыток вяскоўцаў у гарады ўскладняўся. Сяляне адхіляліся ад небяспечных гарадскіх справаў. Іх свядомасць не урбанізавалася. Яны заставаліся шэрай, індыферэнтнай, паслухмянай масай. Напрыканцы ХІХ ст. доля гараджанаў сярод беларусаў не перавышала і 17%.

Савецкая індустрыялізацыя 1960-х гг. зрабіла гараджанаў бальшынёй беларускага грамадства, змяніла іх склад на карысць беларускай нацыі. Аднак і савецкі горад не ўключыў жыхароў Беларусі ў гарадскую цывілізацыю, не паспрыяў урбанізацыі іх ментальнасці. Савецкая урбанізацыя мела зусім іншыя мэты. Горад служыў палігонам для масавай камунізацыі свядомасці мясцовага насельніцтва праз адукацыю, СМІ, сістэму палітінфармацый. Прафесійнасць замянялася палітграматай. Традыцыі буржуазнага горада вынішчаліся, а наўзамен ім насаджаліся сялянска-калгасныя ідэалы жыцця. Пасляваенны горад БССР быў створаны вёскай для працы ўзімку.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет