Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет22/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

Існавалі і аб'ектыўныя прычыны для запавольвання урбанізацыі. На думку сацыяльнах псіхолагаў, новы тып асобы – «урбанізаваны чалавек» – фармуецца на працягу жыцця двух-трох пакаленняў. Калі прыток вяскоўцаў у горад нязначны, горад іх перавыхоўвае. Калі ж адбываецца масавы прыток – вяскоўцы перавыхоўваюць гараджанаў. Імклівая урбанізацыя за кароткі час (у 1960-я гг.) прывяла да таго, што ўздзеянне сельскіх мігрантаў на гарадскі лад жыцця атрымалася большым, чым гарадскога на вясковы.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г. структура гарадоў па-ранейшаму выкарыстоўваецца для навязвання каштоўнасцяў савецка-беларускай культуры, вясковай па сваім паходжанні. Гэтаму спрыяе і масавы выезд з краіны яўрэяў, нашых спрадвечных гараджанаў, а таксама палітыка сённяшняга кіраўніцтва ізаляцыі ад заходніх краінаў.

Такім парадкам, гістарычныя абставіны не дазвалялі жыхарам Беларусі урбанізавацца як след. У нашым выпадку урбанізацыя вёскі была недастаткова моцная. За савецкім часам вясковая свядомасць перамагала свядомасць гарадскую. Гарады раслі коштам вёскі і станавіліся вясковымі, а іх жыхары не бралі за мэту засваенне здабыткаў гарадской цывілізацыі, бо жылі клопатам вёскі і не мелі ў гарадах прыватнай уласнасці.

Магутны націск урбанізацыі і імклівае пашырэнне гарадскога жыцця з яго нормамі і прынцыпамі, з аднаго боку, і ўкаранёная традыцыя вёскі і вясковай дзяржавы, з другога боку, спарадзілі своеасаблівы феномен – недаурбанізаваную ментальнасць беларускіх гараджанаў. Склалася такая сітуацыя, што жыхары беларускіх гарадоў па сваёй ментальнасці ўжо не вяскоўцы, але яшчэ не гараджане.

Нават у Мінску з яго развітай культурнай інфраструктурай па асноўных паказніках засваення культуры мігранты з вёскі, паводле назіранняў 1985 г., значна адставалі ад карэнных гараджанаў.


2. Асноўныя рысы недаурбанізаванай ментальнасці
У чым выяўляецца недаурбанізаваная ментальнасць гарадскіх жыхароў Беларусі?

1. Найважнейшая рыса недаурбанізаванай ментальнасці – міфалагізацыя, якая захавалася ў беларускіх сялянаў яшчэ са старажытнасці. Яна спарадзіла схільнасць да утопій, у тым ліку да утопій сацыялістычных. Учорашнія вяскоўцы перакананыя ў існаванні элементарнага спосабу дасягнення роўнасці і справядлівасці. Зямлі многа – усім хопіць, яе трэба толькі перадзяліць: адабраць лішак у багачоў і перадаць бяднейшым. Падзяліць ці перадзяліць – гэта ідэалогія паўпераў, былых вяскоўцаў, якія трапілі ў горад, дзе і спрабуюць спраўдзіць свае ідэалы.

На маю думку, сацыялістычныя ідэалы былі характэрныя зусім не для забяспечаных гарадскіх рабочых, якія мелі сталую працу, а для вось такіх паўпераў, людзей, што страцілі сродкі для існавання і падчас урбанізацыі траплялі ў горад. Больш за тое, ва ўмовах Расійскай імперыі недаурбанізаваная ментальнасць спрыяла ўзнікненню крайне радыкальнай плыні ў сацыялізме – бальшавізму. Не выпадкова росквіт сацыялістычных ідэй супадае з перыядам інтэнсіўнай індустрыялізацыі і урбанізацыі. Завяршэнне урбанізацыі, у тым ліку і урбанізацыі вёскі, робіць сацыялізм неактуальным. Чым меншы ў краіне традыцыйна вясковы сектар, тым меншая прастора для сацыялістычных утопій.

Вясковы стыхійны сацыялізм прывёў беларусаў да стану савецкага народа. Яны не маглі супрацьпаставіць стыхійнаму сялянскаму сацыялізму ідэалогію гарадскога бюргерства, якога, на жаль, не мелі. Сучасныя нацыі трымаюцца на ідэалах гарадскога абывацельства. Таму без сфармаванага беларускага гарадскога бюргерства адна беларуская інтэлігенцыя Беларусь не ўратуе. Разам з заклікам "Беларусы, будзьце беларусамі!" павінен гучаць заклік "Беларусы, ўзбагачайцеся!". Толькі тады беларускасць пазбавіцца поўнай залежнасці ад дзяржавы і атрымае дадатковую, незалежную крыніцу фінансавання ў асобе беларускіх банкіраў, гандляроў, фабрыкантаў, фермераў.

2. Недаурбанізаванасць выяўляецца ў адсутнасці гістарычнай свядомасці. Вяскоўца цікавіць не мінулае ўсёй Беларусі, а пераважна родны кут. Беларусы ў ХІХ ст. былі ў большасці вяскоўцамі, не мелі сваёй эліты, інтэлігенцыі, іх кругагляд абмяжоўваўся роднай вёскай. Таму яны і страцілі (ці не набылі) гістарычную свядомасць, гэта значыць усведамленне дачынення найперш да спадчыны ВКЛ. Гэта была самая істотная страта. Сучасным жыхарам Беларусі не стае пачуцця супольнасці шматвяковага гістарычнага лёсу, гонару за ўласных герояў мінулага.

Такім нізкім станам гістарычнай свядомасці беларусаў скарысталіся палякі і літоўцы, прыватызаваўшы нашу агульную гістарычную спадчыну падчас барацьбы за ўласную дзяржаўнасць.

У ВКЛ і Рэчы Паспалітай склалася адзіная даволі кансалідаваная эліта (шляхта), прадстаўнікі якой мелі аднолькавае сацыяльна-прававое становішча (яе часам называюць шляхецкай нацыяй). Побач з гамагеннай шляхтай існавалі чатыры народы: беларусы, літоўцы, палякі, украінцы. Развіваліся адна на ўсю дзяржаву шляхецкая элітарная культура і чатыры народныя (беларуская, літоўская, польская, украінская). Просты люд знаходзіўся па-за рысай паўнапраўнага жыцця. Пры фармаванні сучасных нацый праз кансалідацыю вярхоў і нізоў грамадства найбольш пашчасціла палякам. Яны з дапамогай касцёла абвясцілі шляхту і яе элітарную культуру польскімі, хоць тая шляхта ўзрасла з чатырох народаў, а элітарная культура – на глебе чатырох народных культур. У выніку цяпер мы імкнемся падзяліць шляхту і высокую культуру былой Рэчы Паспалітай з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі. І ў гэтым выяўляецца наша вясковая ментальнасць – вера ў справядлівы падзел, нібыта ВКЛ – нейкі пляц зямлі.

Беларусы мелі адзіную з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі дзяржаву – Рэч Паспалітую. Аднак пры фармаванні паасобных нацыянальных дзяржаў зноў пашчасціла палякам: яны назвалі гэтую дзяржаву польскай. Літоўцы паспелі прысабечыць ВКЛ – аўтаномную частку Рэчы Паспалітай. Украінцы нібыта задаволіліся Гетманаўшчынай – аўтаномнай левабярэжнай часткай Украіны, уключанай у 1654 г. у склад Расіі. Беларусам не засталося нічога. Савецкія навукоўцы на загад зверху гісторыю беларускай дзяржавы пачыналі з моманту абвяшчэння БССР (1 студзеня 1919 г.). Рэч Паспалітая і царскай, і бальшавіцкай Расіяй прызнавалася не шматэтнічнай, а выключна польскай дзяржавай.

Сучасныя інтэлектуалы Беларусі адчуваюць, што беларускай нацыі бракуе гісторычна-культурнага падмурка (традыцыі). Адны, выхадцы пераважна з вёскі, спрабуюць кампенсаваць нястачу рускай культурай. Натуральна, што гэта заганны шлях, які вядзе да дэнацыяналізацыі. Другія імкнуцца даказаць, што духоўная спадчына ВКЛ належыць і беларусам. Але трэба не даказваць, а карыстацца. Здавалася б, простая рэч: зразумець, што ВКЛ – гэта наша спадчына, і пачаць ёй карыстацца. Аднак такое разуменне не становіцца агульным правілам, бо нам бракуе духоўнага суверэнітэту.

3. Адсутнасць духоўнага суверэнітэту можна лічыць трэцяй асаблівасцю недаурбанізаванай ментальнасці беларусаў. Сярод беларускай інтэлігенцыі вядуцца спрэчкі: ці можна Адама Міцкевіча лічыць беларускім паэтам. Вядома ж, праблематычна назваць яго нацыянальным творцам. Мы страцілі яго. Але ніхто не забараняе карыстацца талентам Адама Міцкевіча, і рабіць гэта неабходна. Для таго, праўда, патрэбныя урбанізаваная ментальнасць, духоўны суверэнітэт, гэта значыць павага да сябе і свайго народа. Урэшце, для пачуцця духоўнага суверэнітэту нам дае падставу дзяржаўны суверэнітэт, які мы набылі ў 1991 г. Толькі духоўны суверэнітэт – цвёрдая і акрэсленая самаідэнтыфікацыя з беларускім народам і яго культурай – дазволіць нам, не асцерагаючыся русіфікацыі або паланізацыі, шырока карыстацца культурнымі здабыткамі суседзяў.

4. Рыса недаурбанізаванай ментальнасці, як і вясковай, – імкненне да самаізаляцыі, хутарскога жыцця, хавання ад усіх (улады, злога суседа, дурнога вока). Аднак не варта блытаць беларускую згуртаванасць з традыцыйнай славянскай саборнасцю. У беларускай талацэ выяўлялася грамадская пазіцыя вяскоўцаў, а не іх ментальнасць. Пра тое сведчыць факт, што ў Заходняй Беларусі 40% сялянскіх гаспадарак былі хутарскія.

Схільнасць да самаізаляцыі ва ўмовах горада яшчэ больш узмацняецца. Гараджане слаба кантактуюць паміж сабой, асабліва на грамадскім узроўні. Яны дэкансалідаваныя. Гараджане з урбанізаванай ментальнасцю ніколі да самаізаляцыі і не дадумаюцца. У горадзе ўсе мусяць быць узаемазалежнымі і адказнымі адзін перад адным. Дастаткова вывесці са строю электрастанцыю, каб гарадская цывілізацыя прыпынілася. Калі мы гаворым пра самаізаляцыю краіны як пра рэальную рэч, нашымі вуснамі гаворыць наш вясковы продак з ХІХ ст.: тады яшчэ можна было самаізалявацца на ўласнай гаспадарцы, дый таксама адносна.

5. Духоўны суверэнітэт шчальна злучаны з нацыянальнай свядомасцю. Для недаурбанізаванага і вясковага менталітэту якраз і характэрная адсутнасць нацыянальнай свядомасці. Вёска дэманструе парадаксальную сітуацыю. З аднаго боку, толькі дзякуючы ёй захавалася традыцыйная культура і нацыянальная мова, а з другога – менавіта вёска не ўсведамляла важнасці таго. Вясковец, трапіўшы ў горад, лёгка цураўся ўсяго бацькоўскага. На варце нацыянальнай свядомасці кожнай нацыі стаяць уласная нацыянальная дзяржава, уласны нацыянальны горад. Паколькі беларусы былі нацыяй не толькі бездзяржаўнай, але і негарадской, то гэта непазбежна запавольвала фармаванне іх нацыянальнага самавызначэння. Пад ціскам зверху мясцовыя жыхары да 1830-х гг. паланізаваліся, пасля антыцарскага паўстання 1831 г. – русіфікаваліся, у 1920-я гг. на загад бальшавікоў беларусізаваліся.

У перыяды абвастрэння барацьбы палякаў і рускіх за Беларусь (1831 г., 1863 г., 1919–1920 гг.) мясцовыя сяляне ўвогуле ўхіляліся ад самавызначэння на карысць якога-небудзь з нацыянальных бакоў і тым ратаваліся ад ангажавання ў канфлікт. На Беларусі тады быць беларусам было нават небяспечна – за тое заўсёды каралі ці рускія, ці палякі. Таму беларусы і называлі сябе "тутэйшымі", а пазней – савецкімі людзьмі.

Даўней, у падцарскай Беларусі, мова праз нізкую нацыянальную самасвядомасць «тутэйшых» успрымалася не як паказнік нацыянальнай рознасці, а як паказчык сацыяльнага стану: беларуская – вясковая, польская – панская, руская – чыноўніцкая. Каб выбіцца ў людзі, трэба было выбіраць польскасць або рускасць. За савецкім часам руская мова непарыўна звязвалася з горадам. Лічылася, што ў горадзе можна размаўляць толькі па-руску. Горад выступаў магутным інструментам русіфікацыі карэннага насельніцтва Беларусі. На жаль, разумення важнасці беларускай мовы няма і цяпер. Мова ёсць найважнейшым сімвалам дзяржаўнасці. Таму з пазіцый нацыянальнай годнасці беларускую мову павінен ведаць кожны грамадзянін Беларусі.

Нацыя, нацыянальная дзяржава – гэта найбольш тыповыя з'явы сучаснай гарадской цывілізацыі. Да прыкладу, паспяховы шоў-бізнэс магчымы толькі ва ўмовах высокай нацыянальнай самасвядомасці грамадзянаў той ці іншай краіны (адзіная дзяржаўная мова стварае, дарэчы, натуральную манаполію для шоў-бізнэсу).

6. Недаурбанізаваная, як і вясковая, ментальнасць жыхароў Беларусі характарызуецца апалітычнасцю. Сялянам у прынцыпе ўсё адно, якая улада, абы не замінала працаваць на зямлі. Досвед падказваў, што пад любую ўладу давядзецца падладжвацца. Сялянскія нацыі таму і безабаронныя перад знешняй небяспекай. Беларуская сялянская нацыя лёгка прыстасоўваецца да ўлады, нават калі яна чужынская. Аднак па меры урбанізацыі апалітычнасць паступова саступае месца ўпэўненасці ва ўласныя сілы, у здольнасць кіраваць краем самастойна. З узрастаннем нацыянальных гарадскіх цэнтраў з'яўлялася ўсведамленне, што тут, у Беларусі, наша Масква, наша Варшава, наш Парыж. Ідэя палітычнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі была вынікам паскарэння урбанізацыі беларускага грамадства (1880-я гг.). Узнікненне ідэі палітычнай незалежнасці звязанае са значнай ступенню урбанізацыі ў перыяд Першай сусветнай вайны, калі Мінск і іншыя прыфрантавыя гарады перапоўніліся беларускімі бежанцамі.

7. Сервілізм, ці, як кажуць, халуйства мае таксама вясковае паходжанне. Вясковага мігранта на заводзе можна было пазнаць не толькі па мове, манеры апранацца, скаванасці ў паводзінах, але і па інакшым стаўленні да працы. Ён прыехаў з беднай вёскі на завод, дзе можна было нешта зарабіць, каб апрануцца не горш за гарадскіх аднагодкаў, адкласці грошы, дапамагчы маці. Новенькі стараўся перавыканаць норму выпрацоўкі, каб зарабіць больш. Начальства ставіла яго ў прыклад, заахвочвала, а потым зніжала кошт апрацоўкі дэталі. Гарадскія кадравыя рабочыя не любілі такіх энтузіястаў. Яны адрозніваліся ад вясковых спакойным стаўленнем да працы, больш высокай кваліфікацыяй, пачуццём гонару за вынікі сваёй працы і разумелі, што старайся ці не старайся, а зарабіць больш не дадуць (заробкі рабочага не перавышалі ў сярэднім 120 рублёў).

Рабская псіхалогія трывала ад прыгоннага права. У Беларусі 54% насельніцтва ў першай палове ХІХ ст. былі пад прыгонам, тады як у расійскіх губернях – 38%. Да бальшавіцкага перавароту 1917 г. сялянства яшчэ не паспела вызваліцца ад сіндрому непаўнавартасці, а калектывізацыя толькі ўзмацніла яго. Дарэчы, бальшавізм генетычна звязаны з сялянскім халуйствам. Гэта ідэалогія паўпераў, маргіналаў, няўдачнікаў, адарваных ад вёскі і не адаптаваных да ўмоваў гарадскога жыцця. Бальшавікі якраз і ёсць тыповымі носьбітамі недаурбанізаванай ментальнасці.

Правінцыйнае плебейства выяўлялася і ў краінах Захаду пасля Другой сусветнай вайны (вясковыя хлопцы ў Мілане вельмі натуралістычна паказаныя ў фільме Вісконцы "Рока і яго браты").

8. Для беларусаў характэрнае не толькі халуйства, але і празмерная ганарлівасць. У беларускіх сялянаў не было ні часу, ні магчымасцяў, каб іх вытравіць.

9. Можна вылучыць яшчэ адну рысу сялянскай ментальнасці, якая захоўваецца ў гараджанаў, – зайздрасць. Кажуць, найлепшая радасць для беларуса, калі ў суседа карова здохла. Сапраўды, беларусам бракуе імкнення да ўзаемадапамогі. Халуйства, ганарлівасць і зайздрасць – гэта тыя рысы вясковай ментальнасці, якія шкодзяць нашай згуртаванасці і кансалідацыі.

У малых і сярэдніх гарадах ступень набліжанасці ментальнасці гараджанаў да ментальнасці вяскоўцаў яшчэ большая. Эмпірычныя даследаванні расійскіх сацыёлагаў паказваюць, што для жыхароў невялікіх гарадскіх паселішчаў характэрныя такія асаблівасці ладу мыслення, як правінцыйнасць, больш нізкія дэмакратычнасць і патрабаванні да якасці жыцця, але большая добразычлівасць, спагадлівасць і пачуццё гумару. Жыхары вялікіх гарадоў эмацыйна больш халодныя, стрыманыя, жорсткія і мала ўсміхаюцца.

Значна паўплывала на ментальнасць беларускіх гараджанаў бальшавіцкая ідэалогія. Сфармаваўся своеасаблівы тып савецкага гараджаніна Беларусі: шэры (найлепшых забірала Масква), баязлівы, неўпэўнены ў сваіх сілах, нецярпімы і агрэсіўны да сябе падобных, дагодлівы да начальства, жорсткі ў сям'і, любіць добра паесці, выпіць, пакурыць, паляжаць на канапе перад тэлевізарам, смачна вылаяцца. Людзьмі з вясковай свядомасцю, ці з недаурбанізаванай ментальнасцю, заўсёды лягчэй кіраваць.

Безумоўна, у савецкіх гарадах ствараліся лепшыя ўмовы для развіцця культуры, навукі, адукацыі, тэхнікі. Там фармаваўся ўклад жыцця, які спрыяў актывізацыі творчай дзейнасці, выяўленню і развіццю здольнасцяў і талентаў. Чым больш мелася ў горадзе навучальных установаў, аб'ектаў культуры, відаў працоўнай дзейнасці, тым больш ён быў прыцягальны для сельскіх жыхароў і гараджанаў з другіх гарадоў, дзе гэтая сфэра была менш развітая. Калі ў сельскай мясцовасці чалавек мусіў займацца ўсім патроху – араць, сеяць, збіраць ураджай, карміць жывёлу і г. д., то ў горадзе ён спецыялізаваўся на адной якойсьці працы. Гэта давала магчымасць удасканальваць сваё майстэрства, дасягаць большых поспехаў. Гараджанін меў больш вольнага часу, каб павышаць адукацыю і кваліфікацыю, больш магчымасцяў для знаёмства з сусветнымі дасягненнямі ў галіне культуры, навукі і тэхнікі. Аднак такімі магчымасцямі карысталіся не так ужо і шмат выхадцаў з беларускай вёскі. Тыя ж, хто дасягаў найбольшых поспехаў, звычайна выязджалі ў больш буйныя цэнтры СССР. Заставаліся пераважна людзі сярэдніх здольнасцяў. Іх задавальняла становішча правінцыялаў. Беларуская інтэлігенцыя прызнавала больш высокія веды і дасведчанасць прыезжых расійцаў, вучылася ў іх, але зміралася з роллю падначаленых. Рускамоўны асяродак дэманстраваў агрэсіўнае, ваяўніча-зласлівае і іранічнае стаўленне да беларускай мовы. У мясцовай інтэлігенцыі не ставала моцы духу адстойваць сваю нацыянальную годнасць.

Толькі яўрэйская гарадская абшчына Беларусі паводзіла сябе больш годна. Яўрэі вярталіся да роднай мовы, трымаліся рэлігіі, а на ўзмацненне дыскрымінацыі ў гады кіравання Л. Брэжнева адказалі масавай эміграцыяй.

Пералічаныя рысы ў той ці іншай ступені былі характэрныя і гараджанам іншых краінаў, якія са спазненнем прайшлі стадыю індустрыялізацыі, але ў Беларусі яны выявіліся надзвычай яскрава і моцна. Маргінальны стан, стан недаурбанізаванай ментальнасці, зацягваецца.
3. Уплыў недаурбанізаванай ментальнасці беларускіх гараджанаў на іх жыццядзейнасць
Своеасаблівы характар урбанізацыі і ментальнасці гараджанаў абумовілі выразную адметнасць Беларусі ва ўзаемасувязі гарадской і нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэтая адметнасць шмат у чым тлумачыць спецыфіку беларускай краіны і яе непаразуменні з еўрапейскімі дзяржавамі. Каб асэнсаваць беларускі варыянт узаемасувязі гарадской і нацыянальнай ідэнтычнасці, успомнім перыядызацыю гісторыі заходнееўрапейскіх гарадоў, прапанаванай класікам еўрапейскай урбаністыкі Фернанам Бродэлем. На яго думку, фармаванне сучаснага еўрапейскага горада прайшло праз тры этапы:

1-ы – адкрыты, аграрны горад;

2-і – закрыты, гандлёвы самадастатковы і свабодны горад;

3-і – горад індустрыяльны, падпарадкаваны дзяржаве, умантаваны ў нацыянальную дзяржаву, якая і сама фармавалася на ўзор свабодных гарадоў.

У заходнееўрапейскіх краінах гарадская ідэнтычнасць перарасла ў ідэнтычнасць нацыянальную.

На беларускіх землях існаваў адкрыты горад у час Кіеўскай Русі і ранні перыяд ВКЛ. Склаўся ў Беларусі і паўзакрыты горад, вольны, але не зусім незалежны ад мясцовых феадалаў у час росквіту ВКЛ і перыяд Рэчы Паспалітай. Тады ж узмацнілася гарадская ідэнтычнасць. Гараджане называлі сябе адзіным урбонімам – “палачане”, “берасцяне”, “случане”, “мяняне” і г. д. Яны трымаліся правілаў абшчыннага жыцця: узаемападтрымкі, узаемаадказнасці. Нацыянальная дзяржава на ўзор вольных гарадоў узнікнуць не паспела. Жыхары Вялікага Княства Літоўскага і не прыйшлі да агульнага саманазову – “ліцвіны”. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі былі вырваныя з еўрапейскага кантэксту развіцця і апынуліся ў сферы ўплыву расійскага еўразізму. У Расіі не горад панаваў над вёскай, а вёска – над горадам. У расійскай гісторыі не існавала перыяду закрытага, вольнага для эксперыментаў горада. Таму не горад мадэляваў нацыянальную дзяржаву, а дзяржава па сваім падабенстве мадэлявала гарадскія паселішчы. А дзяржава была дэспатычная, бо фармавалася пад татара-мангольскім ярмом і на ўзор жорсткага падпарадкавання вясковым князькам з часоў ваеннай дэмакратыі. Такі шлях развіцця характэрны не толькі для Расіі, але і для іншых краінаў Азіі.

У выніку жорсткай дзяржаўнай рэгламентацыі развіцця гарады Расійскай імперыі і Беларусі былі пераробленыя на аўтакратычны манер. Такімі яны засталіся ў значнай ступені дагэтуль. Адсюль і беларуская спецыфіка гарадской ідэнтычнасці: яна не перарасла ў дзяржаўную ідэнтычнасць. Дзяржаўная ідэнтычнасць мела вясковае паходжанне, а вясковая ідэнтычнасць істотна ўплывала на ідэнтычнасць гарадскую.

Спецыфікай гарадской ідэнтычнасці ў Беларусі тлумачыцца абыякавасць беларускіх гараджанаў да гісторыка-культурнай спадчыны сваіх гарадоў і найперш сваёй сталіцы, іх дэкансалідаванасць, слабая прыстасаванасць да гарадскога жыцця.

Стан недаурбанізаванай ментальнасці ўплывае і на эканоміку. Сёння пры аналізе рынку збыту неабходна ўлічваць не толькі колькасць патэнцыйных пакупнікоў, але і іх ментальнасць, культурны ўзровень, традыцыі. Асабліва гэта важна ва ўмовах Беларусі, дзе няма гамагеннай (аднароднай) нацыі, як, да прыкладу, у Японіі. Склад жыхароў беларускай дзяржавы вельмі стракаты. Беларускім пакупнікам і работнікам, у большасці гараджанам, уласцівыя наступныя традыцыйныя рысы: дачны сіндром, адданасць традыцыі, насцярожанае стаўленне да моды, даверлівасць, слабая ініцыятыўнасць, боязь новага і рэформаў. Адмоўныя якасці жыхароў беларускіх гарадоў выяўляюцца ва ўжыванні алкагалю, неразборлівасці датычна якасці і эстэтыкі тавараў, безгустоўнасці ў выбары адзення, заніжаным патрабаванні да якасці жылля, асабістай неахайнасці, нізкай культура гігіены, вузкасці культурных запатрабаванняў і інш. Нізкая культура спажывання не спрыяе якасці беларускай прадукцыі.

Сялянская свядомасць ва ўмовах гарадской цывілізацыі – рэч даволі небяспечная. Недаурбанізаванай свядомасцю лёгка маніпуляваць. Звычайна людзі аграрнага светапогляду вылучаюцца павышанай агрэсіўнасцю. Усе вясковыя дзяржавы праходзілі праз таталітарызм і аўтарытарызм: кіраванне Сметаны ў Літве, рэжым Ульманаса ў Латвіі, рэжымы Салазара, Франка, Хорці, Антанэску. Усе еўрапейскія краіны, атрымаўшы незалежнасць, прайшлі праз дыктатуру.

Недаурбанізаваная ментальнасць выступае адной з прычынаў варожасці да гарадской цывілізацыі. Гэта трансфармуецца ў варожасць да Захаду, да еўрапейскасці. Каб стаць еўрапейцамі, сучаснай нацыяй, беларусам неабходна стаць гараджанамі па ментальнасці.

Маю меркаванне, што сілы, якія стаялі за тэрактам 11 верасня 2002 г. у Нью-Ёрку, застаюцца не зангажаванымі ў гарадскую цывілізацыю, характарызуюцца неурбанізаванай ці недаурбанізаванай ментальнасцю. Свет падзеляецца на прыхільнікаў і праціўнікаў амерыканскага ладу жыцця, найбольш тыповага для гарадской цывілізацыі, па сутнасці – на прыхільнікаў і праціўнікаў гарадской цывілізацыі. Пакуль аналітыкі практычна не звяртаюць увагі на існаванне на нашай планеце велізарнага аграрнага кантынента. Сцвярджэнні пра перамогу індустрыяльнага грамадства і гарадской цывілізацыі празмерна перабольшаныя. Пірамідзе носьбітаў багаццяў, на якой трымаецца гарадская цывілізацыя, па-ранейшаму супрацьстаіць піраміда носьбітаў улады, на якой трымаюцца цывілізацыі аграрныя.

Недаурбанізаваная ментальнасць падаецца няшчасцем і выпрабаваннем для людзей, як і ўсякі пераходны стан у іх жыццядзейнасці. Хоць і тут не ўсё адназначна. Да прыкладу, жыхары нашых мястэчак па сутнасці былі першымі носьбітамі недаурбанізаванай ментальнасці – яшчэ не гараджане, але ўжо і не вяскоўцы. У прамежкавым стане знаходзіліся і самі паселішчы, і светаўспрыманне іх насельнікаў. Але такі варыянт ментальнасці не выходзіў за межы натуральнасці. Вясковец яшчэ пераважаў над гараджанінам. Дэфармацыя не набыла разбуральнага характару. Ментальнасць местачкоўца выглядала нават даволі гарманічнай: ён браў лепшае і ад вяскоўца, і ад гараджаніна. Мястэчка, можна сказаць, выступала ідэальнай формай рассялення. Калі гараджане перасяляюцца бліжэй да прыроды, у іх з’яўляюцца пачуцці нашых местачковых продкаў і яны становяцца па ментальнасці своеасаблівымі сучаснымі местачкоўцамі.

Іншая справа – недаурабанізаваная ментальнасць у вялікіх гарадах. Там яна набывае негатыўны змест. Сучасныя гараджане з недаурбанізаванай ментальнасцю такія самыя псіхалагічна праблемныя і сацыяльна небяспечныя, як і паўперы ХІХ ст.

Гарадская ментальнасць мяняецца ў часе. Захад паспяхова пераадолеў паўперызм і недаурбанізаванасць шляхам дэмакратызацыі – стварэння адзіных універсальных законаў і магчымасцяў для самасцвярджэння ўсіх жыхароў краіны на аснове агульнанацыянальных каштоўнасцяў. Праблема недаурабанізаванасці знікне ў Беларусі толькі тады, калі яна стане багатай, дэмакратычнай і нацыянальна знітаванай дзяржавай.

Яшчэ адзін важны аспект праблемы – гэта фармаванне гарадской і нацыянальнай ідэнтычнасці. Тут шмат залежыць ад узаемаадносінаў горада і дзяржавы. Беларуская дзяржава, вясковая па паходжанні, не спрыяе фармаванню сучаснай палітычнай нацыі. Досвед Расіі паказвае, што царскі праект фармавання адзінай расійскай нацыі праваліўся. Нічога не выйшла і з праекта зрабіць савецкі народ. Толькі гарадская мадэль дзяржавы стварае сітуацыю гамагеннасці: усе жыхары Парыжа – парыжане, усе жыхары Францыі – французы. Дзяржава вясковага паходжання рыхтуе глебу для міжэтнічных сварак, а потым тым і займаецца, што развязвае канфлікт. У сучасным Мінску жывуць мінчукі, а ў Беларусі рускія, палякі, яўрэі, украінцы, беларусы, і ўсе самі па сабе – пакуль не будуць лічыць сябе беларусамі рускага, польскага, яўрэйскага, украінскага ці іншага паходжання.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет