Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет20/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

Не варта забывацца на пашырэнне ў цэнтральных кварталах высокаарганізаванага крыміналу. Гэтая акалічнасць побач з пагаршэннем экалагічнай сітуацыі "выштурхоўвала" з цэнтра ў гарады-спадарожнікі, прыгарадныя зоны гарадскіх агламерацый нават жыхароў сярэдняй заможнасці. Перамяшчэнне гараджанаў на ўскраіны, названае субурбанізацыяй, рэзка абвастрыла транспартныя праблемы большасці мегаполісаў. Для развіцця гарадскога транспарту патрабаваліся вялікія капіталаўкладанні, а іх заўсёды не ставала. Таму мясцовая адміністрацыя мусіла клапаціцца аб прыбытковасці і эфектыўнасці сваёй муніцыпальнай гаспадаркі коштам гараджанаў, што стала істотнай прычынай дарагоўлі жыцця ў мегаполісах.

Недзе ад 1990-х гг. тэндэнцыя змянілася. Цэнтральныя раёны вызваляліся ад ціску аўтамабільнага транспарту, увайшлі ва ўжытак кандыцыянеры, шумапаглынальныя матэрыялы. Камфортнасць жыцця ў цэнтры горада палепшылася, і туды пачалі вяртацца заможныя гараджане.

Савецкія гарады не мелі прэстыжных раёнаў. Існавалі толькі дамы для абраных. Праўда, у 1970-я гг. у Мінску прэстыжным раёнам стала вуліца Пуліхава: у народзе яе назвалі вуліцай “пыжыкавых шапак” (модныя зімовыя ўборы першымі адзелі чыноўнікі). У 1980-я гг. вакол сталіц з'явіліся элітныя катэджы. Феноменам буйных гарадоў Беларусі ёсць непарушнасць прэстыжу цэнтральных кварталаў: цэны на кватэры там самыя высокія. Адначасова фармуюцца прэстыжныя раёны, папулярным становіцца жыццё ў прыгарадных катэджах.

Аднак дасюль ва ўсім свеце пэўная частка гарадскіх ўскраінаў застаецца пачварнай. Нават у развітых краінах для буйных гарадоў характэрныя гарадскія гета.
1.4. Экалагічная бяспека
Праблемаў у сучасных гарадоў і урбанізаваных тэрыторый вельмі многа: і сацыяльных, і дэмаграфічных, і тэхнічных. Але самай надзённай выступае экалагічная праблема.

Непазбежнай і тыповай адметнасцю гарадской цывілізацыі з’яўляецца смецце. Па яго колькасці некаторыя эканамісты мяркуюць пра поспехі прамысловай вытворчасці ў горадзе. Забружанасць горада ўзрастае ад цэнтра да ўскраінаў. Уражваюць горы смецця на прыгарадных звалках. На чатыры мінскія звалкі штодзень вывозіцца каля 5 тысяч тон смецця. У 2008 г. нарэшце пачалося праектаванне смеццепераапрацоўчых заводаў у Брэсце, Гродне і Мінску.

За часам індустрыялізацыі гарады празмерна выраслі, а гармонія з прыродным асяроддзем парушылася. У лік самых забруджаных уваходзяць гарады Расіі, Кітая, Індыі, Перу, Замбіі – пераважна там, дзе здабываюцца карысныя выкапні.

У Беларусі праблемы экалогіі выявіліся ў пасляваенны перыяд індустрыялізацыі, дакладней, у 1960-я гг. Канцэнтрацыя прамысловасці ў асобных гарадскіх цэнтрах краіны, развіццё аўтамабільнага транспарту выклікала рэзкае пагаршэнне экалагічнай сітуацыі – забруджванне паветра, водных басейнаў. Антрапагенная нагрузка на прыгараднай тэрыторыі ў многіх беларускіх гарадах стала перавышаць дапушчальную. Асабліва экалагічна небяспечнымі лічацца гарады вялікай хіміі: Салігорск, Наваполацк, Магілёў, Мазыр, Гродна. Іх хімічныя прадпрыемствы былі пабудаваныя без выкарыстання чыстых тэхналогій. Аднак, паводле апошніх афіцыйных звестак, па колькасці шкодных выкідаў у паветра сярод беларускіх гарадоў лідзіруе Мінск.

Экалагічная бяспека стала сусветнай праблемай і адной з прычынаў з'яўлення антыурбаністычных настрояў: далей ад цэнтра, бліжэй да прыроды. Сёння новабудоўлі імкнуцца размяшчаць на перыферыі гарадоў, але тым самым сфера негатыўнага ўздзеяння прамысловасці толькі пашыраецца. Стан прыроднага асяродку ў горадзе выразна сведчыць пра яго агульную культуру, дабрабыт, узровень развіцця.

Цяпер распрацоўваюцца канцэпцыі сучаснага экалагічнага горада. Прапануюцца наступныя меры:

увядзенне элементаў натуральнага пейзажу, зялёнага пояса;

абмежаванне колькасці жыхароў горада да 100 000 чалавек;

адмаўленне ад заснавання новых гарадоў;

паяднанне чалавека з гарадскім асяроддзем, гуманізацыя;

перавод аўтамабільнага транспарту на экалагічнае паліва;

вывядзенне прамысловасці за межы горада.

Найбольш выказваецца прэтэнзій да прамысловых прадпрыемстваў, што асабліва моцна шкодзяць прыроднаму асяроддзю і “з’ядаюць” прастору. У гарадскіх цэнтрах свету пакуль застаюцца толькі прадпрыемствы па вытворчасці адзення, абутку і друкарні, бо ім неабходна быць бліжэй да спажыўца, а астатнія выводзяцца за межы горада. Аналагічная праблема стаіць і перад Мінскам: яго прамысловыя прадпрыемствы маральна застарэлі, іх рэканструкцыю неабходна спалучаць з адначасовым пераносам за гарадскую рысу. Дзякуючы вызваленым плошчам можна палепшыць інфраструктуру сталіцы і тым зрабіць яе прывабнай для інвестараў.

Штогод чалавецтва наносіць натуральнаму асяроддзю планеты ўрон на суму 50 млрд. еўра. Для прадухілення сусветнай экалагічнай катастрофы ўсе краіны павінны адлічаць на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі каля 1% валавага ўнутранага прадукту.

Зразумела, што вырашаць экалагічныя праблемы толькі ў межах гарадской рысы нельга. Гарадскія цэнтры паступова ператвараюцца ў лабараторыі па аздараўленні натуральнага асяроддзя ўсёй краіны. Гарады трактуюцца не як замкнёныя, а як адкрытыя структуры.

Беларускія гараджане пакуль індыферэнтна ставяцца да экалагічных праблемаў сваіх гарадоў. Грамадскі рух “зялёных” практычна адсутнічае. Да прыкладу, на пачатку ХХ ст. абурэнне мінчукоў выклікаў дым ад дызельнага рухавіка першага кінематографа ў цэнтры горада (1906 г.). Забруджанасць гарадоў непазбежна вядзе да росту захворванняў іх жыхароў.


1.5. Забяспечанасць жыллём
Узмацненне нераўнамернасці эканамічнага развіцця асобных тэрыторый вядзе да імклівага ўзрастання ролі мегаполісаў. Аднак вялікі горад спараджае не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя праблемы. Прыток людзей у гарады нясе з сабой цяжар сацыяльна-эканамічных праблемаў – нястачу працоўных месцаў і жыллёвы крызіс.

У гарадах падцарскай Расіі пачатку ХХ ст. праблема кватэр не стаяла так востра, як цяпер. Кваліфікаваны рабочы мог пабудаваць сабе драўляны дом на гарадской ускраіне, а кватэры ў прыгарадах здымалі нават жабракі. Інтэлігенты і дзяржаўныя служачыя без асаблівага напружання арандавалі 6-7-пакаёвыя кватэры, якія займалі цэлы паверх невялікай трохпавярховай камяніцы. Многіх гараджанаў гэта задавальняла, і яны нават не імкнуліся да будаўніцтва ўласных дамоў, тым больш што часам даводілася мяняць месца працы. Зямля пад забудову была танная.

Забеспячэнне жыллём усіх насельнікаў стала адной з мэтаў сацыялістаў. Пры ўладзе расійскіх бальшавікоў усе кватэры перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. Пачаўся “жыллёвы перадзел”. Кватэры заможных гараджанаў гвалтам засялялі працоўным людам. Кожнай сям’і адводзілі толькі адзін пакой – і шматпакаёвая кватэра ператваралася ў так званую камуналку. Але і такая мера не развязвала праблему. У гарадах савецкай Беларусі кватэр заўсёды бракавала. Індустрыялізацыя і мілітарызацыя БССР выклікала прыток у гарадскія цэнтры, асабліва буйныя, вялікай колькасці былых вяскоўцаў і вайскоўцаў.

Падчас мінулай вайны гарадскі жыллёвы фонд Беларусі быў вынішчаны амаль на 60%. У пасляваенны перыяд тут была створаная самая магутная ў параўнанні з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза індустрыя будаўніцтва. Пры М. Хрушчове (1953–1964 гг.) пачалося ўзвядзенне пяціпавярховых маламетражных дамоў з сумешчанымі ваннамі і прыбіральнямі (іх празвалі “хрушчобамі”), і імклівае павелічэнне іх колькасці дазволіла змякчыць жыллёвую праблему. З 1959 г. людзі перасяляліся з “камуналак” у індывідуальныя кватэры. У 1962 г. дзяржава пачала прыцягваць для будаўніцтва шматкватэрных дамоў сродкі насельніцтва. Арганізоўваліся жыллёвыя каператывы. Яны атрымоўвалі ад дзяржавы крэдыт у памеры 60% ад кошту кватэры на тэрмін 10–15 гадоў. Узводзіліся кааператыўныя дзевяціпавярховыя дамы, але іх жылая плошча складала толькі крыху больш за 12% ад усёй здадзенай на пачатку 1960-х гг. у эксплуатацыю.

У 1960 г. у паўмільённым Мінску было зарэгістравана каля 80 тысяч чалавек, якія не мелі аніякага жылля, 42 тысячы чалавек, якія мелі менш за чатыры квадратныя метры жылля. Многія прамысловыя прадпрыемствы будавалі жылыя дамы гаспадарчым спосабам. Часам сродкі выкарыстоўваліся неэфектыўна: узводзіліся магутныя прамысловыя аб’екты, меліярацыйныя сістэмы, інжынерныя збудаванні, а жылля бракавала. У 1970-я гг. 30% сем’яў савецкай Беларусі стаялі ў чарзе на кватэру – гэта самы вялікі паказнік сярод усіх саюзных рэспублік. Будаўніцтва аднаго дома зацягвалася на год-два, тады як у Нью-Ёрку ўжо на пачатку ХХ ст. нават хмарачосы вырасталі на працягу месяца. Ратавала індывідуальнае будаўніцтва. За савецкім часам у малых гарадах склалася высокая ўдзельная вага прыватнага сектара. У 1960-я гг. палову, а часам на дзве траціны плошчы беларускіх гарадоў займалі прыватныя драўляныя дамкі з садкамі і гародчыкамі.

На пачатку 1990-х гг. суверэнная Беларусь па колькасці кватэраў, пабудаваных на 100 жыхароў за год, займала трэцяе месца ў свеце (пасля Японіі і Фінляндыі) і апярэджвала такія краіны, як ЗША, Бельгія, Францыя, Швецыя. Аднак і цяпер кватэр бракуе нават у беларускай сталіцы.

Як паказвае гістарычны досвед, забяспечыць усіх жыхароў горада кватэрамі немагчыма. Рабілася шмат спробаў, у тым ліку і ў БССР, але ўсе яны былі беспаспяховыя. Будаўнічая індустрыя не паспявае за тэмпамі росту колькасці гараджанаў і іх запатрабаванняў да якасці і камфорту жылля.

Ва ўсім свеце кватэры будуюць у крэдыт, часта для здачы ўнаймы. Шырока распаўсюджаны іпатэчны крэдыт. Іпатэку (грэц. hypoteca заклад) прыдумалі грэкі дзве з паловай тысячы гадоў таму. Для атрымання доўгатэрміновага крэдыту закладвалася зямля пад будаўніцтва. Механізм зямельнай рэнты і іпатэчнага крэдыту ў Беларусі дагэтуль не прыведзены ў належны рух.

На Захадзе пустуюць дамы, тады як многія людзі не маюць даху над галавой. Праўда, бомж – гэта не толькі жабрацтва, але і філасофія бестурботнага жыцця. Бяздомныя захопліваюць пустыя дамы і ператвараюць іх у сквоты – своеасаблівыя інтэрнаты, якія дзяржава часам бярэ пад сваю апеку.

Гарадская кватэра выступае сімвалам гарадскога камфорту. Трэба толькі, каб у кожнага гараджаніна існаваў рэальны шлях атрымання жылля.


2. Праблемы гарадскога камфорту духоўна-маральнага плана
2.1. Злачыннасць
Па меры назапашвання ў гарадах багаццяў павялічвалася і злачыннасць. Гэтая заканамернасць выяўляецца, калі суаднесці рост злачыннасці з тэхналагізацыяй гарадскога побыту, падвышэннем яго камфорту.

На першым этапе, у так званую цудоўную эпоху 1890–1914 гг., у беларускіх гарадах з’явіліся веласіпед, конка, электраасвятленне, тэлефон, першыя аўтамабілі, матацыклы, заасфальтаваныя вуліцы і шматпавярховыя камяніцы з ліфтам. У жыццё ўваходзілі грамафоны, швейныя машыны, дзіцячыя вазкі, кефір, піва, фабрычныя каўбасы і торты, сродкі засцярогі ад цяжарнасці і шмат якія іншыя рэчы. У Лондане, Берліне, Парыжы напрыканцы ХІХ ст. ужо дзейнічала метро. З такой хуткасцю звыклы свет яшчэ ніколі не мяняўся. Многія не паспявалі прыстасавацца да новых абставінаў. Мадэрны горад даваў шмат магчымасцяў, але і шмат спакусаў. Антыграмадскія ўчынкі можна было лёгка схаваць. Ва ўмовах, калі старые нормы паводзінаў не адпавядалі змененым рэаліям гарадскога жыцця, а новыя яшчэ не сфармаваліся, мелі месца дэвіянтныя (не адпаведныя традыцыйным нормам) паводзіны, што выявілася ў розных відах злачыннасці, карупцыі, тэрарысцкай дзейнасці, алкагалізме, наркаманіі, сексуальных адхіленнях. На Беларусі злачыннасць пачыналася пераважна з індывідуальнага крыміналу.

Другі этап камфартызацыі жыцця мясцовых гараджанаў прыпадае на 1920-я гг.: аўтобусны пасажырскі рух, каналізацыя, грамадскія лазні, цырульні, першыя механізаваныя пральні. У 1925 г. пачала дзейнічаць першая радыёстанцыя. Тады з’явілася калектыўная форма злачыннасці – бандытызм.

Трэці этап надышоў у 1950-я гг. Сталіца БССР займела шмат якіх ноўніцтваў: тралейбусы (1953 г.), тэлевізары (1956 г.), буйнапанэльнае жыллё, газ у кватэрах (1958 г.), халадзільнікі. У пасляваенны час зарадзілася арганізаваная злачыннасць.

Потым дзякуючы нафтарублям умовы жыцця гараджанаў яшчэ больш палепшыліся, асабліва ў сталіцы. З’явіліся імпартныя тавары, адчыніліся першыя валютныя крамы (1966 г.). Са снежня 1963 г. пайшла першая электрычка “Мінск – Аляхновічы”, у 1966 г. яе маршрут быў падоўжаны да Маладзечна. Дабрабыт рос. Асабліва камфортна жылося сталічнай наменклатуры. Пачалі дзейнічаць мафіёзныя структуры.

Барацьба са злачыннасцю і яе прафілактыка – рэчы вельмі важныя для эканомікі горада. Па-першае, большасць парушэнняў закону адбываецца ў гарадах і, зразумела, самыя вялікія злачынствы робяцца ў цэнтральных раёнах. Па-другое, узровень злачыннасці ўплывае на прэстыж горада, на яго прывабнасць для перасяленцаў і інвестараў.

У невялічкіх паселішчах злачынстваў мала, бо ўсе ведаюць адзін аднаго, а ў вялікім горадзе злодзей нябачны. Паводле звестак за 2007 г., самай небяспечнай сталіцай краінаў Заходняй Еўропы прызнаны Стамбул (Турцыя), за ім ідзе Рыга (Латвія). У дзесятку крымінагенных увайшлі сталіцы Славеніі, Італіі, Кіпра, Іспаніі, Грэцыі, Ліхтэнштэйна, Венгрыі.

Праваахоўным органам Беларусі пакуль не ўдаецца спыніць рост злачыннасці. Крымінагенная сітуацыя ў краіне з 2001 г. пагаршаецца. Паводле афіцыйных дадзеных (на сакавік 2008 г.), за апошнія шэсць гадоў узровень злачыннасці ў разліку на 100 тысяч насельніцтва ўзрос на 70%, колькасць пацярпелых павялічылася больш чым у два разы, а колькасць загінулых і параненых ў крымінальных здарэннях перавысіла 40 тысяч. Да 50% злачынстваў застаюцца не раскрытымі.

Крымінагеннае становішча стварае сацыяльная напружанасць у гарадскіх кварталах для бедных. Багатыя гараджане заўсёды імкнуліся адгарадзіцца ад бяднейшых. Асобныя дамы і кварталы для заможных насельнікаў пачалі з’яўляцца і ў Беларусі. Толькі гэта не вырашае праблемы. У Лос-Анжэлесе падчас выступу чарнаскурых грамадзянаў гарэлі менавіта багатыя кварталы.

Абвастрэнне крымінальнай сітуацыі ў гарадах патрабуе высокай прафесійнасці гарадской паліцыі (міліцыі) і падтрымкі грамадскасці. Элементарны грамадскі парадак – гэта справа ўсіх гараджанаў. У гарадах царскай Расіі за ім сачылі шматлікія дворнікі. Шмат залежыць ад ініцыятывы, жадання грамадзянаў супрацоўнічаць з органамі бяспекі. Дзейнасць дружыннікаў у савецкі час не мела вялікіх поспехаў, бо ажыццяўлялася прымусова. Варта памятаць, што калі гараджанін выходзіць на вуліцу, ён становіцца публічнай асобай і мусіць паводзіць сябе так, каб не нашкодзіць іншым.

Злачынствы здзяйсняюцца не толькі праз беднасць. Гэты промысел становіцца выгодным. Сучасны злодзей – чалавек рацыянальны: ён ідзе на справу, калі чаканыя выгоды перавышаюць чаканыя выдаткі. Папярэджанне злачынстваў патрабуе велізарных затратаў. Перавыхаванне не ёсць эфектыўным сродкам паляпшэння крымінальнай сітуацыі. Вынішчыць злачыннасць, відаць, немагчыма. На думку амерыканскага эканаміста Артура о’Салівана, уяўляецца разумным змірыцца з нейкім аптымальным узроўнем крыміналу. Эксперыментальна ўстаноўлена: аптымальная такая яго колькасць, калі гранічныя выдаткі на ахвяры (раненні, страта маёмасці) роўныя гранічным выдаткам на абарону ад злачынцаў (страхоўка, утрыманне карных органаў і г. д.). Урэшце, прымальная такая колькасць злачынстваў, якую можна раскрыць.
2.2. Прастытуцыя
Публічная прастытуцыя ўзнікла ў гарадах, дзе існаваў попыт і большая магчымасць схаваць грахі. Лічыцца, што першы публічны дом і падатак на прастытутак увёў у гарадах Старажытнай Грэцыі яе правіцель Салон у VI ст. да н. э.

На Беларусі прастытуцыя, відаць, мела месца ў гарадскіх цэнтрах старажытнабеларускіх княстваў, куды сцякаліся княжацкія дружыны. У гарадах ВКЛ продаж жаночага цела ўзнік у значнай ступені пад уплывам Захаду і ў сувязі са з’яўленнем у вялікакняжацкім войску заходнееўрапейскіх наёмнікаў. “Салдацкія дзеўкі” бралі ўдзел у вайсковых паходах, а адначасова даглядалі параненых. Пашырэнне прастытуцыі адбылося ў XVI ст. Дзейнічалі публічныя дамы. Часам магістраты наладжвалі аблавы на прастытутак, білі іх бізунамі, пасылалі на грамадскія працы. Аднак законам прастытуцыя не забаранялася. Недаступныя прыгажуні абвяшчаліся вядзьмаркамі, але на вогнішчы іх не палілі, як на Захадзе (можа, таму Беларусь і цяпер вылучаецца вялікай колькасцю прыгожых жанчын?). У еўрапейскіх краінах прастытуцыя спрадвеку не забаранялася, але ў XVIII ст. публічных кабет бралі на ўлік і пад нагляд паліцыі. Каралася толькі зводніцтва.

У Расіі склалася парадаксальная сітуацыя. Прастытуцыя забаранялася законам, а фактычна была поўнасцю легалізаваная. Пасля далучэння да Расійскай імперыі многія распусніцы-беларускі трапілі ў Іркуцк на прымусовыя працы на фабрыках. Пры Паўлу І і Аляксандру І прастытутак пераследавалі па ўсёй імперыі. Гэта прывяло да росту тайнай прастытуцыі і эпідэміі сіфілісу. Мікалай І палічыў за лепшае легалізаваць прастытуцыю. З 1843 г. такія жанчыны падлягалі ўліку і медычна-паліцэйскаму нагляду. Відаць, дваранская годнасць не дазваляла кіраўніцтву Расіі ўзаконіць гандаль жаночым целам.

Расійскі ўрад выпрацаваў правілы нагляду за прастытуткамі і ўсклаў гэты абавязак на гарадскую паліцыю і гарадское самакіраванне. Тыя, што здавалі кватэры пад гэтую справу без дазволу паліцыі, абкладаліся штрафам. Аднак поўнасцю кантраляваць сітуацыю не ўдавалася. Прыемны “промысел” падзяляўся на легальны і тайны. Легальна дзейнічалі публічныя дамы і дамы спатканняў. Адкрыта займаліся сваім рамяством і прастытуткі-адзіночкі, якія стаялі на ўліку і мелі санітарную кніжку. Большасць жа гандляроў жаночым целам (сутэнёраў) і прастытутак-адзіночак працавалі патаемна. Таксама існавалі тайныя прытоны.

Кожны горад меў уласную спецыфіку: свае правілы нагляду, свае нормы і традыцыі. У 1891 г. Мінская гарадская думы прыняла “Абавязковую пастанову аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй”. Тады ж пры гарадской ўправе пачаў працаваць гарадскі санітарны камітэт, дзейнасць якога звялася да нагляду за прастытуткамі. У 1898 г. пры санітарным камітэце адкрылася гарадская бальніца для прастытутак на 27 месцаў. Дасюль прастытуткі лячыліся ў сіфілістычных аддзяленнях губернскай (12 ложкаў) і яўрэйскай (8 ложкаў) бальніц.

Гарадское кіраўніцтва патрабавала, каб вокны дамоў распусты былі шчыльна завешаныя фіранкамі, а нанач зачыняліся аканіцамі. Публічныя дамы дазвалялася размяшчаць толькі на гарадскіх ускраінах, у строга вызначаным месцы. Гэта рабілася па даўняй традыцыі, яшчэ з часоў Антычнай Грэцыі. Правілы патрабавалі закрываць бардэлі ў нядзелю, на святы і ў дні посту, але на самай справе яны працавалі без выходных. Публічныя дамы мелі пэўныя прыкметы. Звычайна гэта былі аднапавярховыя драўляныя будынкі на 4–10 пакояў для 3–9 прастытутак. Адзін пакой пакідаўся для гаспадыні са служанкамі. Часта над уваходам запальвалі чырвоныя ліхтары.

Мінская вуліца, аблюбаваная ўладальніцамі публічных дамоў, атрымала недвухсэнсоўную назву – Вясёлая. Гэтыя дамы ціснуліся ля салдацкіх казармаў у Кашарах і Вясёлага маста праз Свіслач. Ляхаўская вуліца не была перайменаваная ў 1899 г. у Пушкінскую толькі праз тое, што на ёй знаходзіліся дамы распусты (цяпер прырэчны раён вуліц Кірава і Чырвонаармейскай). Але ў 1901 г. у сувязі з засяленнем Ляхаўкі заможнымі гараджанамі хрысціянскіх веравызнанняў публічныя дамы былі перанесеныя ў раён паміж Замчышчам, Татарскімі гародамі і вуліцай Нова-Чырвонай (цяпер раён Палаца спорту, гатэля “Юбілейны” і вуліцы Максіма Танка). Назва вуліцы Нова-Чырвонай, відаць, звязвалася з новымі жыхарамі пад чырвонымі ліхтарамі. Мясцовасць была нізінная, на вуліцах і ўлетку не перасыхаў бруд, але ахвотнікаў да вясёлых прыгодаў тое не спыняла. Побач з новым раёнам засялення, на правым беразе Свіслачы, каля Мала-Татарскай вуліцы з 1864 г. размяшчаліся салдацкія казармы.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. прытонамі ў цёплы час года служыла кустоўе Губернатарскага саду (цяпер парк імя М.Горкага) і Аляксандраўскага скверу (цяпер Цэнтральны) і закінутыя яўрэйскія могілкі на Магазіннай вуліцы (цяпер стадыён “Дынама”), а ў халадэчу – кватэры дворнікаў, дзе тулілася хатняя прыслуга, калі страчвала месца, а таксама піўныя і чайныя з жаночай прыслугай, пральні.

Тайныя прытоны наведвалі пераважна ніжнія чыны. Больш заможныя кліенты маглі знайсці ўцеху сярод харыстак, дзяўчат з кафэ-шантанаў, масажыстак. Распуста квітнела ў гатэлях, мэбляваных пакоях, у рэстаранах і кандытарскіх, лазнях. Практыкавалася здача пакояў для маладых мужчынаў. “Біржай” для прастытутак служыла Захар’еўская вуліца паміж Губернатарскай і Багадзельнай (Леніна і Камсамольскай), а таксама Аляксандраўскі сквер і трэк у Губернатарскім садзе. Урэшце, сутэнёрам было дзе разгарнуцца. У 1911 г. у Мінску дзейнічалі 32 гатэлі, 80 мэбляваных пакояў, пастаялых і заезных дамоў, 9 масажных кабінетаў. На ўзор Санкт-Пецярбурга ў Мінску адкрыўся рэстаран “Акварыум” з асобнымі кватэрамі для артыстак, якія выступалі перад наведнікамі. Спявачак можна было запрасіць у спецыяльныя ложы і кабіны. З 1910 г. нагляд за тайнай прастытуцыяй у Мінску зусім прыпыніўся. Паліцыя прызнала сваю бездапаможнасць. Распуста ахапіла ўсю сферу паслуг горада. У гады Першай сусветнай вайны прыфрантавы Мінск ператварыўся ў прыстанак прастытутак з усёй Расіі. З другой паловы дня ў горадзе пачыналася шаленства. Прастытуткі і іх асноўныя прыхільнікі – вайскоўцы – віравалі на кожным кроку: на вуліцах, у рэстаранах, кавярнях, кінематографе, у садах і скверах. Асяродкам распусты стаў адчынены ў 1914 г. “Сад Рэнесанс” і размешчаны ў ім тэатр “Вар’етэ” (раён цырка).

Паводле звестак мінскага санітарнага камітэта, у 1909 г. пад наглядам паліцыі знаходзілася 12 публічных дамоў, 8 тайных прытонаў, ці дамоў спатканняў, а таксама 5 кватэраў для адзіночак – усяго 25 “устаноў”. У дамах распусты ўтрымліваліся 260 жанчын, прасцітутак-адзіночак пад наглядам паліцыі было 129, а пад падазрэнне ў тайнай прастытуцыі трапілі 146 жанчын – усяго 535. Фактычна ж, на думку мінскіх лекараў, іх колькасць перавышала 2 тысячы, што складала 2% гарадскога насельніцтва. Для параўнання, у 1890 г. у Мінску налічвалася не менш за 300 прастытутак, або каля 0,5% усіх жыхароў горада.

Прастытуцыя не ёсць такім ужо бяскрыўдным заняткам. Ёй спадарожнічаюць венерычныя захворванні. Усе меры па кантролі за прастытуцыяй былі абумоўленыя якраз страхам перад гэтай хваробай. З 1890-х гг. мінскія прастытуткі двойчы на тыдзень праходзілі праверку. Ажыццяўлялася бясплатнае лячэнне ўсіх хворых на сіфіліс. Аднак не ўсе з’яўляліся на даследаванні і лячыліся. У 1909 г. з 260 жанчын публічных дамоў на працягу года выявілі 134 інфіцыяваных, сярод адзіночак такімі былі ўсе, з 146 тайных – 30. Хворых накіроўвалі ў бальніцу. Колькі лячылася у фельдшараў і знахарак, ніхто не ведае. Мінскія дактары сведчылі, што на сіфіліс пакутвалі 40% прастытутак, а на бленарэю (трыпер) – не менш як 97%. У гарадах Расіі хворыя на сіфіліс сярод прастытутак складалі 35–40%. У Мінску паказнік захворванняў быў адзін з найвышэйшых у імперыі. На працягу 1908–1913 гг. штогод тут фіксавалася прыкладна па 4 тысячы венерычных захворванняў. Гэта быў час, калі дабрабыт мінчукоў заўважна паляпшаўся.

У адпаведнасці з велічынёй “ганарараў” мінскія прастытуткі падзяляліся на тры катэгорыі. На пачатку ХХ ст. купецкая прастытутка атрымоўвала ад 3 рублёў і болей, мяшчанская – 1 рубель і болей, салдацкая – 30 капеек, і ёй неабходна было абслужыць трох мужчыноў, каб выйсці на ўзровень дзённага заробка чорнарабочага. Прастытуткі падаткаў не плацілі, бо прыраўноўваліся, так бы мовіць, да наёмных рабочых, хоць часам і высокааплачваных. Ім даводзілася адкупляцца толькі ад паліцэйскіх. Гаспадары дамоў распусты плацілі гарадскі падатак у абавязковым парадку. Гэтыя грошы побач з іншымі сродкамі горада ішлі на ўлік і лячэнне жанчын лёгкіх паводзінаў.

“Матылькі” знаходзіліся на вуліцы да гадзіны ночы (больш не дазвалялася). Пры паступленні ў публічны дом замест пашпарта жанчыны атрымоўвалі санітарную кніжку. Вярнуцца назад яны маглі толькі тады, калі іх забіралі бацькі, калі выходзілі замуж і калі адпрацавалі тры гады ў абшчынах сясцёр міласэрнасці. Але такіх выпадкаў было мала, звычайна дзяўчаты траплялі ў сэксуальнае рабства да таго часу, пакуль маглі абслугоўваць кліентаў. З 1901 г. урадавы цыркуляр устанавіў для жанчын публічных дамоў мінімальны ўзрост – 21 год. Пашыраная думка, што прычынай прастытуцыі была нястача, не заўсёды пацвярджаецца. Паводле некаторых звестак, у Расіі ў 1910 г. праз галечу прастытуткамі сталі толькі 10% ад іх агульнай улічанай колькасці. Звычайна рэкрутаваліся дзяўчаты з няўдалых у маральным плане сем’яў ва ўзросце 16–17 гадоў. Часам бедныя бацькі самі падштурхоўвалі сваіх дачок да такога “промыслу”.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет