Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь



Дата05.07.2016
өлшемі173.08 Kb.
#179118



МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ


ГОРАЦКІ ПЕДАГАГІЧНЫ КАЛЕДЖ

УА “МДУ ІМЯ А.А. КУЛЯШОВА”

Анатацыя


сцэнарыя святочнай праграмы “Вяселле”

Аўтар: НОВІКАВА М.І., выкладчык гісторыі,

кіраўнік этнаграфічнага клуба “Спадчына”.

Фальклорная вечарына “Вяселле” прысвечана праблеме адраджэння народных свят, абрадаў, звычаяў. Створана на аснове этнаграфічнай экспедыцыі ў вёскі Ленінскага сельскага Савета Горацкага раёна, на падставе мясцовых традыцый сямейна-родавага каляндара. Большасць народных песень запісана са слоў 82-гадовай жыхаркі вёскі Ніколенка Турэмскай Еўдакіі Нічыпараўны.



Сцэнарыю характэрна кампазіцыйная цэласнасць, ён адпавядае асаблівасцям маладзёвай аудыдыторыі; праводзіцца паралель з сучаснымі асаблівасцямі вясельнага абрада.

Работа прадстаўляе вялікую цікавасць для тых, хто працуе на ніве беларускага адраджэння, а таксама настаўнікаў, студэнтаў, людзей, праца якіх звязана з выхаваннем моладзі.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце _____________ Хмарская Т.У.

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ




Сям'я жаніха

Мікіта – бацька

Ганна – маці

Іван - іх сын

хросны бацька – (сват)

шафер

свацця


Сям'я маладой

Ягор - бацька

Параска - маці

Маня - маладая

хросная маці

шаферка



Госці, музыкі, спевакі, сяброўкі, сябры маладых
Абсталяванне: на сцэне – інтэр’ер сялянскай хаты; удзельнікі свята апрануты ў беларускае народнае адзенне.
Сцэна першая

«Сямейная нарада»
Дзеючыя асобы:

Мікіта - бацька

Ганна – маці

Іван - іх сын


Бацька за сталом рамантуе лапці. Маці завіхаецца ля печы, потым садзіцца на ложак, вяжа на спіцах. Сын падыходзіць да бацькі, дапамагае яму.
МАЦІ: Мікіта, ці чуеш, што я табе кажу, гэта ж каторы раз.

БАЦЬКА: Ну вось, зноў ты Ганна завяла сваю музыку.

МАЦІ: А што я дрэннага кажу. Хлопец ужо дарослы, жаніць пара. Яму жонка, а мне памочніца ў хаце.

БАЦЬКА: Ну добра ўжо, добра. Сынку, чуеш, што маці кажа? Сапраўды, табе ўжо 23 гады. Я ў свой час у такім узросце быў ўжо жанаты.

СЫН: Ну вось, зноў гаворку пра жаніцьбу завялі. Вам трэба, дык і жаніцеся.

МАЦІ: Што гэта ты кажаш?! Сам да гэткай пары не знайшоў сабе дзяўчыны, дык мы табе знойдзем. Што ты, бацька, скажаш?

БАЦЬКА: Ну, я дык думаю, можа, Параску засватаць.

МАЦІ: Якую Параску? Івана Кузьміча дачку? Дык ў яе ж маці ідзе не дойдзець, гаворыць не дагаворыць.

БАЦЬКА: Ну то давай Ганну Антонаву.

МАЦІ: - Ой, што гэта ты, яна ж такая ласкатуха.

БАЦЬКА: - А Вольгу Васілёву?

МАЦІ: - Яна ж такая пышная, якая з яе работніца!

БАЦЬКА: - Ну, до табе. Гэта пышная, тая ласкатуха. Табе не ўгадзіш.

МАЦІ: - Я вось думаю, Маню Ягораву. Вельмі ж добрая дзяўчына: і ветлівая, і работніца, ды й прыгожая. Добрай была б жонкай нашаму Івану. Што ты, сынку, на гэта скажаш?

СЫН: - І мне таксама яна падабаецца. Я не супраць, згодзен.

БАЦЬКА: Ну, слава Богу, прыйшлі да высновы. Пайду да кума, будзем сватоў засылаць.


На сцэну выходзяць вядучыя.
1 ВЯДУЧЫ: Вось так, а, мабыць, неяк інакш адбывалася сямейная рада аб жаніцьбе свайго сына. Сапраўды, менавіта бацькі вырашалі будучы лёс свайго сына. Улічвалася ўсё: сям’я маладой, паводзіны, жыццё яе радні, ды і самой маладой.

2 ВЯДУЧЫ: Дарэчы кажучы, у песеннай спадчыне беларусаў гэта знайшло адлюстраванне. Успомніце знаёмую ўсім песню “Касіў Ясь канюшыну”: “Станіславу не хачу, бо на лаву не ўсаджу”.

1 ВЯДУЧЫ: Да сямейна-абрадавай паэзіі адносяцца тры важнейшыя падзеі ў жыцці кожнага чалавека: нараджэнне, уступленне ў шлюб і смерць.

2 ВЯДУЧЫ: Вяселле, уступленне ў шлюб найбольш складаны і ў той жа час яркі, вяселы комплекс абрадаў, звычаяў у спалучэнні са шматлікімі фальклорнымі элементамі(песні, музыка, танцы, гульні інш.), якія суправаджаюць урачыстасць заключэння шлюбу.

1 ВЯДУЧЫ: Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў, традыцыйнае беларускае вяселле падзяляецца на тры асноўныя часткі:


  1. давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, сватанне, запоіны,

заручыны і г.д.);

  1. уласна вяселле (суборная субота, каравай, пасад);

  2. паслевясельная частка (цыгане, пярэзвы).

1 ВЯДУЧЫ: Але перш чым мы пакажам вам вясельнае дзейства, узгадаем некалькі важных момантаў. Калі гулялі на Беларусі вяселлі? Найбольш спрыяльны перыяд для правядзення вяселляў нашы продкі лічылі час ад канца жніўня і да пачатку Каляднага посту (28 лістапада). Час з 1 4 кастрычніка да 28 лістапада называлі “Вялікая вясельніца”. Але пры гэтым з яго неабходна выключыць усе памінальны дні: Восеньскія, Міхайлаўскія, Дзмітраўскія Дзяды.

2 ВЯДУЧЫ: Другі аптымальны тэрмін для вяселляў - пасля Вадохрышча – ад 21 студзеня да масленічнага тыдня, напярэдадні Вялікага паста. У які дзень гуляць вяселле? Самы спрыяльны дзень – нядзеля, “святы” дзень тыдня. Маладая пара спачатку прытрымлівалася тыдневага посту, прыходзіла ў храм на споведзь, а ў нядзелю адбывалася вянчанне і само вяселле.

Другім днём вяселля праваслаўная царква ўсталявала пятніцу. Толькі не субота. Бо субота – штотыдневы памінальны дзень.

Сцэна другая

«Сватаўство”

Дзеючыя асобы:

Ягор - бацька нявесты

Параска - маці нявесты

Маня – іх дачка

Бацька хросны, сват, сваха



Хата маладой. Бацькі маладой завіхаюцца па дому. Дачка прыбірае ў хаце: падмятае падлогу, прыбірае на стале, накрывае посцілкай ложак. На вуліцы чуецца нейкі грукат, гоман. Стук у акно.
ГОЛАС. Ці дома гаспадары? Заблудзіліся мы, ноч ужо на двары, пусціце ў хату пераначаваць.

БАЦЬКА: Хто гэта можа быць?. Трэба пусціць, як жа, людзі вось заблудзіліся. Ідзі, жонка, запрасі людзей у хату.


Жонка ідзе да дзвярэй, адчыняе іх. У хату заходзяць бацька жаніха, хросны бацька, яшчэ сямейная пара: цётка маладога са сваім мужам.
БАЦЬКА НЯВЕСТЫ: Праходзьце, калі ласка, сядайце. А з якіх вы краёў?

СВАТ: Ды недалёка жывём, у Ходараўцы.

БАЦЬКА МАЛАДОЙ: Я добра ведаю тых ходараўцаў, а вас не бачыў ніколі.

СВАХА: - Мы прыехалі жыць туды нядаўна, вось вы і не ведаеце.

БАЦЬКА МАЛАДОЙ: - Ну, зразумела. А мы вось павячэралі і займаемся хатнімі справамі. Сёлета добры ўраджай быў: бульбы шмат накапалі, а садавіны так шмат, што нават і не справіліся ўсю прыпарадчыць.

СВАТ: - Яно і праўда. А мы вось едзем купіць на кірмашы авечку. У нас іх шмат у гаспадарцы, але вось не хапае адной. Можа ў вас лішняя ёсць, мы б купілі.

МАЦІ МАЛАДОЙ: Што вы, людцы, дарагія. Нам самім у гаспадарцы згадзіцца. Ды і яшчэ маладая зусім наша авечка, няхай падрасце, пасталее.

СВАХА: - А мая ты гаспадынечка! Хай сабе маладая. У нашай гаспадарцы ўсяго багата: хата і прыбудовы цудоўныя, і ежы і адзення шмат, у хлеве і кароўка, і коні, і іншая жыўнасць. У нас падрасце, пасталее ваша авечка.


Маці адводзць свайго мужа ўбок і кажа яму:

“Ягор, гэта ж ніякія не праезджыя, гэта сваты прыехалі да нашай Манечкі”.



Бацька хросны выступае ўперад, кланяецца і кажа.
БАЦЬКА хросны - Я сват прысланы, каб быў стол засланы.
МАЦІ НЯВЕСТЫ: дастае з куфра абрус, засцілае ім стол, дачка ставіць на стол чаркі (гэта азначала, што яна згодна піць са сватам). Сваты ставяць на стол гарэлку, хлеб. Гаспадыня прыносіць на стол закуску. Усе садзяцца за стол.

СВАТ: Паважаныя гаспадары! (устаўшы з-за стала, падняўшы чарку). Вы ўжо здагадаліся, што мы ніякія не падарожнікі, а сваты. А есць у нашым двары князь малады, а ў вас князёўня. Дык ці не аддасце вашу князёўню за нашага князя?

СВАЦЦЯ: Ён у нас прыгожы, да работы спрытны, бацькоў ды старых паважае, сябе ў крыўду не дае, малодшым братам ды сёстрам добры настаўнік.

БАЦЬКА: А мае вы, сваточкі. Нашай жа Манечцы толькі 18-ць гадкоў стукнула. Яна ж яшчэ зусім маладая.

МАЦІ: Во, во, бацька праўду кажа. А як застануся без памочніцы: яна ж мне і ў хаце дапаможа, і спрасці, і саткаць што-небудзь. Маладая яшчэ.

СВАХА: Ну што ты, матуля, кажаш! Успомні сябе! У колькі год сама замуж зайшла? Ці было хоць 18 гадоў? Ды і сама гаспадынька яшчэ хоць куды!Трэба выдаваць дачку замуж, бо прыкмета добрая ў народзе ёсць: хто першы замуж пазваў, за таго і ісці трэба.

МАЦІ: Яно то так, праўду кажаце. Але ж і ручнікоў яшчэ, колькі патрэбна маладой, не наткалі.

СВАТ: А мы давайце запытаем у самой Манечкі. Я ведаю, яна знаёма з нашым Іванам. Што, Маня, ці пойдзеш за нашага князя замуж?



Дзяўчына засаромелася, адышла да акна
БАЦЬКА НЯВЕСТЫ: - А што ў яе пытаць? Па ўсяму відна, што люб ёй Іван. І калі толькі заляцаліся, не ведаю!

СВАТ: Ну дык, Маня, ці пойдзеш за нашага Івана?

НЯВЕСТА: - Як бацькі скажуць, так і будзе.

БАЦЬКА: Ну, то і ўдарым па рукам.


Сваты паціскаюць адзін аднаму рукі. Паціскае рукі сватам і дзяўчына. Гэта азначала, што стрымаць дадзенае слова лічыцца амаль ужо абавязковым. (т.з. рукабіцце).
СВАТ: Калі ж прызначым вяселле?

БАЦЬКА: Я думаю, праз месяц. Трэба ж падрыхтавацца.

СВАТ: Мы згодны, значыць, як раз пасля вадохрышча, у нядзелю, 23 студзеня.
Маці нявесты дае сватам загорнуты ў ручнік хлеб і бутэльку з-пад гарэлкі, у якую пасыпана жыта і якая абвязана каляровым поясам. Нявеста абвязвае сватоў ручнікамі, што з’яўлялася знакам згоды на шлюб. Ручнік свату завязваюць праз левае плячо вузлом пад правую руку . Свацці, наадварот, праз правае плячо пад левую руку. Гаспадары праводзяць гасцей да парога.
Выходзяць вядучыя
3 ВЯДУЧЫ: Сватаўство адбылося. Уперадзе заручыны, ці запоіны. Заручыны звычайна праводзіліся напярэдадні вяселля, гэта значыць, у суботу, альбо за нядзелю да вяселля. У гэты вечар збіраюцца да нявесты ўсе запрошаныя на вяселле і знаёмыя ей дзяўчаты.

4 ВЯДУЧЫ: Госці прыносяць гаспадарам па бохану хлеба з соллю.
Дзяўчаты разам з музыкам заходзяць у хату.
1-я ДЗЯЎЧЫНА: Вось, Манечка, і пакідаеш ты нас. Заўтра вяселле, а сёння заручыны. (Дзяўчаты спяваюць).

А ў нас сёння заручанкі – Бог нам даў;

Шылі дары на ўсе сталы – Бог нам даў;

Елі падаркі, круты баранкі – Бог нам даў.


НЯВЕСТА: Ой, дзяўчаты , як я хвалююся, дый і баюся. Іванку я ведаю, а бацькі яго? Якія яны, як прымуць мяне?

СПЯВАЕ: Я й не ведала, маладзешанька,


Што сягоння заручанкі.

Я ж бы паслала сваю матухну

У даліну па каліну (2 р.).

Каб я ведала, маладзешанька,

Сваю горку долю,

Я ж бы паслала свайго татухну

У даліну па каліну (2 р.).
2-Я ДЗЯЎЧЫНА: А што, праўда, дзяўчаты, каб ведаць, якая доля чакае нашу Манечку і нас у будучым. Не дарэмна і песень у народзе складзена пра нешчаслівы лёс маладой дзяўчыны. Бабуля Марыя, праспявайце нам якую-небудзь песню. Вы шмат ведаеце такіх песень.
Гучыць песня: “Зялёная вішня” ў выкананні Новікавай М.І.
БАБУЛЯ МАРЫЯ: - Ну вось, навяла на вас столькі суму. Гэта ж раней так было. Хто нас пытаў, кахаем, ці не. Бацькі вырашалі і ўсё. Манечка наша добра ведае свайго хлопца. Я думаю, што ён яе ў крыўду не дасць.

НЯВЕСТА: А што, бабуля, а можа, ён зробіць як у той песні: “А сонейка ўзыдзе каханне разыдзе”.
Дзяўчаты выконваюць песню: “ Ой сівы конь бяжыць” (салістка - Цывіс Віка).
3 ВЯДУЧЫ: Ну, вось зусім засумавалі. Сёння ж заручыны, давайце весяліцца. Музыка, грай кракавяк.
Усе дзяўчаты танцуюць “Кракавяк”. Бабуля Марыя іграе на бубне.
4 ВЯДУЧЫ: Давайце праспяваем песню “Ой, у полі тры крынічанькі”. Няхай і нашай Манечцы так будзе, што яе суджаны будзе кахаць яе ўсё жыццё.
Песня “Ой, у полі тры крынічанькі”.
У хату ўваходзяць сваты.
СВАТ: Добры вечар вам, ці не прымеце начаваць?
Усе прысутныя дружна адказваюць “Начуйце, сваточкі, начуйце”! Гасцей садзяць за стол, частуюць гарэлкай, закускай, якую яны прывезлі з сабой.
СВАТ: - Пакажыце нам таго, за кім мы страдаем.
Хросная маці маладой прыводзіць нявесту да сватоў і дае ім ад сябе дары: сватам па ручніку, пояс, хустку. Сваты з боку жаніха пасылаюць таксама падарункі: кавалкі палатна, хустачкі, поясы і інш.
СВАЦЦЯ: А вось гэтыя падарункі нявестачцы пасылае жаніх: чаравікі, панчохі, пачастункі (віно, цукеркі, баранкі).
Атрымаўшы падарунікі, нявеста перадае іх сваім бацькам, кланяючыся да зямлі, і кажа: “ Прыміце мае падарункі! Хоць яны невялікія, толькі былі б шчаслівыя, благаславі мяне, мамачка, на доўгі век, на кароткую дарогу”.
Маці, прымаючы падарункі, гаворыць: “Няхай цябе Бог благаславіць на доўгі век, на кароткую дарогу”.
Гаспадар адпраўляе гасцей са словамі: - Ах, ці не пара, госцейкі, вам дамоў ехаць, я ўжо і так прахарчаваўся. На вяселлі дагуляем, хто не дагуляў.
Госці выходзяць з хаты.

Зноў гучыць песня: “ А ў нас сёння заручыны”.
ПЕСНЯ А ў нас сёння заручанкі – Бог нам даў;

Шылі дары на ўсе сталы – Бог нам даў;

Елі падаркі, круты баранкі – Бог нам даў.
1 ВЯДУЧЫ: Вось так, прыкладна, адбываліся заручыны. Само вяселле адбывалася праз нядзелю пасля заручын.
Сцэна чацвёртая

Вяселле”


2 ВЯДУЧЫ: У гэты дзень у доме маладога і маладой устаюць рана, рыхтуюць стравы. А ў суседняй хаце, якая стаяла на тым баку вуліцы, што і хата бацькоў, сяброўкі апранаюць маладую да вянца.
У хату заходзяць дзяўчаты з нявестай. Пасярод хаты ставіцца дзяжа, на яе накідваюць кажух. Маладая садзіцца на яго. Дзяўчаты, спяваючы песню “Гарэла сасна, палала”, прыбіраюць нявесту да вянца.

Песня “Гарэла сасна, палала”

Гарэла сасна, палала – 2р.

Пад ею дзеўка стаяла – 2р.

Пад ею дзеўка стаяла,

Русую косу часала.


Ой, косы, косы, вы мае,

Доўга служылі вы мне.

Ой, больш служыць не будзеце,

Пад белы вэлюм пойдзеце.

Пад белы вэлюм з кольцамі,

Каб не гуляла з хлопцамі.


А потым гучыць песня «Стукнула – грукнула на дварэ….»

Стукнула - грукнула на дварэ, - 2р.

Паглядзі, матулька, ці па мяне - 2р.

Па цябе, па цябе, дачушка. - 2р.

Гатуй, матуля, кублы мне.

Едзь, мая дачушка, без кубла.

Ты мне мычычык не скубла.

Было ж на пячы не ляжаць,

Было ж ножкамі не баўтаць,

А ручкамі работаць.

А я ж на пячы не ляжала,

А я ж ручкамі работала.


Уваходзяць бацькі, свацця, госці. Маці з бацькам запальваюць грамнічную свячу. Шаферка, ці, як яе інакш называюць, баярка падводзіць нявесту да бацькоў. Бацька благаслаўляе абразам маладую, (госці тройчы Бог благаславіць). Маці звязвае рукі нявесты ручніком, тройчы абводзіць вакол стала (па сонцы). Следам ідуць астатнія члены сям’і. Затым бацькі станавіліся перад парогам (унутры дома), бралі вясельны ручнік (краі ручніка былі чырвонага колеру, сярэдзіна - белага і загортвалі ў яго канцы па бохане непачатага хлеба. Маці брала край ручніка з хлебам у левую руку, бацька ў правую. Свободнымі рукамі яны ўзнімалі сярэдзіну ручніка так, каб утварылася арка, праз якую павінна прайсці дачка. Гэты рытуал прысвечаны роднаму парогу, месцу старажытнага пахавання продкаў. Каб усе мінулыя продкі дапамагалі маладой у яе сямейным жыцці, ахоўвалі і яе парог.
3 ВЯДУЧЫ: Такі ж рытуал провадаў маладога адбываўся і ў хаце жаніха. Маладыя паасобку з хроснымі бацькамі, сватамі, раднёй ехалі ў царкву, дзе адбывалася вянчанне. Ручнікі, на якіх стаялі ў царкве пры вянчанні маладыя, захоўвалі ў сям’і да канца іх жыцця.

4 ВЯДУЧЫ: Таксама і захоўвалася пакладзеная у ручнік грамнічная свяча, якой благаслаўлялі бацькі на шлюб, і вянчальная свяча. Яе клалі за абразы і выкарыстоўвалі ў рэдкіх выпадках: пры цяжкіх родах, калі хварэлі дзеці ці самі бацькі, падчас агоніі мужа ці жонкі.

3 ВЯДУЧЫ: - Мы ў нашым абрадзе “Вяселле” не паказвалі вам абрада вянчання, рэгістрацыі шлюбу. Нагадаем толькі, што пасля вянчання маладыя наведвалі магілкі сваіх продкаў (балазе, што раней могілкі знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад царквы). У народнай свядомасці прынцып шанавання продкаў займае дамінантнае становішча “Перш чым сабе – продкам”.

4 ВЯДУЧЫ: У наш час маладыя адпраўляюцца да мясцовых святынь, да брацкіх магіл. І толькі пасля гэтага картэж маладых па сонцы пад’яджаюць да хаты маладой. Зразумела, што і сёння, як і раней, маладым “загароджваюць “ дарогу, патрабуючы “выкуп”. Сват “таргуецца”, у рэшце рэшт адкупляецца цукеркамі, калі перашкоды рабілі дзяўчаты, ці гарэлкай, калі гэта былі дарослыя. Так і казалі потым – “узялі зайца”. Пры прыбліжэнні “поезда” з маладымі да хаты маладой гучаць песні:




Песня

“Бор жа шуміць”

Бор жа шуміць падкоўка звініць – 2р.

Ці не пан там едзець, ці не панну вязець- 2р

Ванечка едзець Манечку вязець – 2р.

Наша Манечка, як сыр, наліта – 2р

А ваш Ванечка, як клоп, надуты – 2р

Бор жа шуміць, падкоўка звініць.


Песня

“Звіняць, звіняць звончыкі”

Звіняць, звіняць звончыкі блізенька.

Сядай, сядай, дзеванька, нізенька.

А хто ж табе косаньку рашчэша,

А хто ж табе сэрданька пацеша?

Прыпеў: 2 р.

Ой, ды асыпайся вішнёвы сад,

Час табе, Ганусенька, на пасад.
Ой, расчэшуць косаньку дзеванькі,

Ой, пацеша сэрданька міленькі.

Матуля галованьку прыбярэ,

Бо ўжо стаяць конікі на дварэ.



Прыпеў: той-жа.


Маладых перад парогам бацькі сустракаюць хлебам-соллю. Маці маладой трымае хлеб-соль не на белай частцы ручніка, а на чырвонай. Бацька налівае маладым па чарцы гарэлкі. Маладыя падносяць чаркі да вуснаў (але не п’юць), правай рукой выліваюць гарэлку цераз левае (!) плячо за спіну (З правага боку ў чалавека знаходзіцца анёл – захавальнік, а з левага - змей – спакуснік). Гэты рытуал паўтараецца. За трэцім разам чаркі неабходна разбіць, і зноў – такі правай рукой праз левае плячо. Існуе прыкмета: шчаслівым і доўгім будзе шлюб у тым выпадку, калі абедзве чаркі разаб’юцца. Маці маладой абвязвае ручніком рукі маладых і праз арку з ручнікоў вядзе на пачэснае месца, у чырвоны кут. Усе госці займаюць месцы ў адпаведнасці з вясельнымі чынамі, радством.
СВАТ: - Госцейкі дарагія, налівайце гарэлачку, частуйцеся, калі ласка, чым Бог паслаў.
Госці частуюцца, моладзь спявае песню “А конікі год, год, год”


А конікі год, год, год – 2р.

Паедзем гуляць на ўсю ноч.

Ды на чужую граніцу

Па харошую дзявіцу.

Вязлі конікі чатыры,

Вязлі карэту сінюю,

Вязлі Манечку сілаю,

А не сілаю, за грошы,

Што яе Ванечка харошы.


Зборная нядзелька настала,

Манечка субор сабрала.

Сабрала субор на ўвесь двор.

Выбрала падружак усіх за стол.

А сама села вышэй ўсіх,

Скланіла галоўку ніжэй усіх.

Думала-гадала болей усіх:

Чым жа мне каго назваці?

Назаву свякроўку - матулька,

Назаву свекарка - татулька,

А браціка - дзевярком.

А сястрыцу - залоўкай.

Вернага Іванечку-мілым дружком.

СВАТ: Нешта гарэлка занадта горкая. “ ГОРКА МАЛАДЫМ!


Госці дружна падхопліваюць ГОРКА…” Нявеста кідае на сталы цукеркі, але зноў

гучыць “Горка”. Маладыя ўстаюць і цалуюцца.
СВАТ: - Мір вам, дом асветлены! Браты і сястрыцы, кросныя дзявіцы, добрыя маладзіцы і госцейкі сазваныя, сабраныя, дальнія – прыезджыя, бліжнія – прыхожыя. Просім вашага дазволу – пад высокім вянком, пад бацькоўскім крылом, за цясовымі сталамі, за шырокімі абрусамі, да сахарнымі стравамі – новых маладых прывітаць, каравай падзяліць, шчасця – долі пажадаць.
Усе выкрыкваюць прывітанне: - Вітаем! Вітаем! Шчасця - долі жадаем!. Сват уносіць каравай на накрыўцы ад хлебнай дзяжы, пакрытай ручніком.
СВАЦЦЯ - Пачэсная бяседа! Родныя, кроўныя, сябры, прыяцелі і ўсе добрыя людзі! У нашай маладой ёсць багаты вясельны каравай. Што ў гэтым караваі, ужо і сама не знаю: сямі палёў пшанічка, пяці крыніц вадзіца, дзесяці кароў масла, ды яек паўтараста!. Сама сеяла, сама выпякала, сама гасцей гукала, каб каравая паспыталі, шчасця і долі пажадалі. просім дазволу каравай дзяліць.
ГАЛАСЫ: - Дазваляем! Просім!.
СВАТ: - Сёння ў гэтым доме, у гэтай хаце ёсць бацька і маці. Яны хочуць маладых, прывітаць, шчасця – долі пажадаць.
Сват трымае ў руцэ талерку, абвязаную хусткай ці ручніком. На ім стаіць чарка гарэлкі. Маці хросная навесты дзеліць каравай. Да маладых падыходзяць бацькі нявесты.
БАЦЬКА: - Благаслаўляю вас, дзеці, шчасцем і жытам, і бытам, і доўгім векам. Маці абсыпае жытам маладых і кажа:

“Колькі ў полі качак,

Столькі вам і дочак

Колькі ў лесе пянькоў,

Столькі вам і сынкоў”
Пасля бацькоў маладых віншуюць і іншыя ўдзельнікі вяселля


1. Дарую рэзбіны,

Каб хутчэй пазвалі

На хрэсьбіны

2. Дарую вам, бульбы падполле,

Каб дзяцей было застолле

3.Дарую каробку спічак,

Каб жаніх не хадзіў

Да другіх маладзічак

4.Дарую банку агуркоў,

Каб не глядзела нявеста

На другіх мужыкоў

5.Сыплю вам 100 рублеў медзі,

Каб дзеці былі, як мядзведзі

6. Дарую Вам золата,

Каб сыны былі яе волаты.

Дарую Вам медзі

Каб на дочак было

прыемна паглядзеці

7. Дарую Вам каласок:

Колькі ў ім зярняткаў,

Каб столькі было дзіцяткаў .


8. Дарую Вам платочак,

Каб было ў вас 8 дочак.

9. Дарую Вам палатно,

Каб у хаце гора не было.

10. Дарую бумажку,

Каб была ў вас Наташка.

Дарую капейку,

Каб быў Мацейка.

11. Дарую галінку бярозы,

Каб муж да жонкі прыходзіў цвярозы

12. Дарую капусту,

Каб у доме не было пуста.

13. Дарую проса,

Каб жонка радзіла мужу матроса.

14. Дарую сад, у садзе грушы і слівы,

Каб вы заўсёды былі здаровы і шчаслівы.

15. Дарую дугой, каб

Малады не бегаў да другой

16. Колькі ў хаце сталоў,

Колькі ў сталах дошчачак,

Каб столькі было сыноў і дочачак”.

СВАТ: - Ну, што, госцейкі дарагія. Паелі, папілі, каравай атрымалі, маладым падаравалі, пара збіраца ў дарогу. Бацькі і госці маладога зачакаліся.


Усе ўстаюць. Дзяўчаты спяваюць “Паедзем гасцейкі дадому”.
Гучыць песня “Паедзем госцейкі дадому “

Паедзем госцейкі дадому - 2р.

Паелі конікі салому - 2р.

Пашанічную ацірку - 2р

Канапляную мякіну.

А ў бару, бару, лён бяру,

Каля ёлачак станаўлю.

Расці, мой лянок, да долу

Вязі мяне, Ванечка, дадому

Не вязі туды, адкуль браў,

А вязі туды, адкуль сам,

Каб мой вяночак там не звяў.

Не будзь, Манечка, не звянець,

Калі мая матулька даглядзець.

У новую клець унясець,

Халоднай вадой абальець.

Будзе вяночак ядранец,

Будзе Манечка маладзец.


Госці пад музыку, з танцамі, падгалоскамі выходзяць з хаты.

На сцэну выходзяць вядучыя
1 ВЯДУЧЫ: - Тры дні гулялі вяселле. Маладая па прыездзе да жаніха адорвае яго бацькоў, сваякоў падарункамі. І яшчэ амаль да канца тыдня адбывалася паслявясельная частка, т.зв. пярэзвы, цыгане.

2 ВЯДУЧЫ: - То бацькі і блізкія родныя, маладой ехалі ў госці ды цяпер ужо сватоў, то родныя жаніха да бацькоў маладой, сваёй цяпер ужо нявесткі.

3 ВЯДУЧЫ: - Зразумела, у нашым невялікім музычным спектаклі немагчыма паказаць усю складанасць і ў той жа час хараство сямейнага абрада “Вяселле”.

4 ВЯДУЧЫ: - І нас радуе, што многія элементы “Вяселля”адраджаюцца нашай моладдзю, юнакамі і дзяўчатамі, якія ўступаюць у шлюб.

1 ВЯДУЧЫ: - Значыць, ёсць надзея і спадзяванне, што народныя традыцыі, абрады не згінуць у нікуды.

2 ВЯДУЧЫ: - І што калі мы, будучыя настаўнікі, праз такія прадстаўленні, праз удзел ў фальклорных гуртах хоць бы трошкі авалодаем практычна песеннай, танцавальнай спадчынай беларусаў, то зможам перадаць усе гэта нашым вучням, сваім дзецям.

3 ВЯДУЧЫ: - “Вяселле” ладзілі члены этнаграфічнага клуба “Спадчына”.

2 ВЯДУЧЫ: - Гэта навучэнцы 1-2 курсаў нашага педкаледжа.


Усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну. Вядучыя, удзельнікі, узяўшыся за рукі, выходзяць наперад.

ЛІТАРАТУРА




  1. Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. “Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі Мінск 1989 г.

  2. Беларускі народны фальклор, выдавецтва “Вышэйшая школа” Мінск.

  3. Вясельны абрад. Рэспубліканскі метадычны кабінет Міністэрства культуры БССР Мінск, 1977г.

  4. Новікава М.І. Этнаграфічная гасцёўня ў навучальнай установе. Зборнік метадычных матэрыялаў.Установа адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны універсітет імя. А.А. Кулешова”. Магілёў, 2008 г.

  5. Аксана Катовіч, Янка Крук Публікацыі ў газеце “Звязда” Рубрыкі “Свет і сусвет чалавека”. Газета “Звязда” верасень-кастрычнік. 2010г.




Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет