Праектная дзейнасць вучняў на І ступені агульнай срэдняй адукацыі купраш Таццяна Міхайлаўна, магістрант 1 курса, настаўнік пачатковых класаў дуа «Гімназія №2 г. Ваўкавыска»



Дата30.12.2022
өлшемі26.8 Kb.
#468071
Купраш Т.М. Артыкул


УДК 371.113


ПРАЕКТНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ВУЧНЯЎ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

Купраш Таццяна Міхайлаўна, магістрант 1 курса,


настаўнік пачатковых класаў ДУА «Гімназія № 2 г. Ваўкавыска»
Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна, Беларусь


Сёння метад праектаў з’яўляецца адным з самых папулярных у свеце, паколькі дазваляе рацыянальна спалучаць тэарэтычныя веды і іх практычнае прымяненне для вырашэння канкрэтных праблем навакольнай рэчаіснасці ў сумеснай дзейнасці школьнікаў. На сённяшні дзень метад праектаў шырока выкарыстоўваецца ў школах у пазаўрочнай і пазакласнай дзейнасці вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.


Магчымасці метаду праектаў, дзейнаснага падыходу ў навучанні для развіцця асобы і сацыялізацыі школьнікаў выяўляюцца праз аналіз структуры дзейнасці настаўніка і вучня, якая істотна адрозніваецца ад структуры іх дзейнасці пры традыцыйнай арганізацыі навучання. Таму на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі шмат якія функцыі выконвае менавіта настаўнік, а не сам вучань. Наглядна гэта можна ўбачыць у табліцы 1.

Табліца1. Дзеянні вучня і настаўніка ў праектнай дзейнасці



Вучань

Настаўнік

Вызначае мэту дзейнасці
Адкрывае новыя веды
Эксперыментуе
Выбірае шляхі рашэння
Актыўны
Суб’ект навучання
Нясе адказнасць за сваю дзейнасць

Дапамагае вызначыць мэту дзейнасці
Рэкамендуе крыніцу атрымання інфармацыі
Раскрывае магчымыя формы працы
Садзейнічае прагназаванню выніку
Стварае ўмовы для актыўнасці школьніка
Партнёр вучня
Дапамагае ацаніць атрыманы вынік, выявіць недахопы

Метад праектаў грунтуецца на самастойнай актыўнасці вучняў, бо сапраўднае навучанне ажыццяўляецца праз розныя формы арганізацыі дзейнасці навучэнцаў («Навучанне цераз справы», вядомы прынцып Дж.Дзьюі). Ужо ў 20-я гг. ХХ стагоддзя была адкрыта ісціна, што настаўнік павінен не столькі вучыць, колькі падаваць думку, і не столькі выкладаць, колькі наводзіць, не столькі навязваць, колькі адказваць на заклік да кіраўніцтва. Метад праектаў цалкам знішчае казённае стаўленне да справы вучняў, якія прыходзяць у клас, каб паслухаць вядомую колькасць урокаў. Увага дзяцей увесь час напружана, ад іх патрабуецца пастаянная актыўная работа, яны павінны самі намячаць сабе праграму заняткаў і інтэнсіўна выконваць яе для таго, каб паспяхова, прапрацаваўшы адно заданне, прымацца за другое. Метад праектаў дазваляе зблізіць навучальную працу з даследчай.
Абапіраючыся на тэарэтычную і практычную распрацоўку праектаў у першай чвэрці XX ст., «сучасная дыдактыка працягвае выкарыстоўваць праектнае навучанне ў якасці актыўнай тэхналогіі навучання» [1, с. 117].
Даследчыкі характарызуюць праектны метад як:
– асобасна арыентаваны;
– навучальны (вучыць ўзаемадзеянню ў групе і групавой дзейнасці);
– развівальны (выпрацоўвае ўменні самавыяўленя, самапрэзентацыі і рэфлексіі);
– фарміравальны (фарміруе навыкі самастойнасці ў разумовай, практычнай і валявой сферах);
– выхавальны (выхоўвае мэтанакіраванасць, адказнасць, ініцыятыўнасць і творчае стаўленне да справы);
інтэгруючы веды, уменні і навыкі з розных дзісцыплін;
– здароўезберагальны [2, с. 57].
Такім чынам, гэтая педагагічная тэхналогія можа быць эфектыўна выкарыстана, пачынаючы з І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, пры гэтым, не замяняючы традыцыйную сістэму, а арганічна дапаўняючы, пашыраючы яе, таму што на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі праектная дзейнасць гэта, перш за ўсё, від вучэбнай дзейнасці.
Галоўная ідэя метаду праектаў – накіраванасць вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў на вынік, які артымліваецца пры рашэнні практычнай ці тэарэтычнай праблемы.
Неабходна адзначыць, што спецыяльных патрабаванняў да ўмоў арганізацыі праектнай дзейнасці на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі няма, але за аснову прапануюць узяць наступныя асноўныя прынцыпы пректнай дзейнасці, прапанаваныя А. С. Полат [3, с. 73]:
1. Праект павінен быць пасільным для выканання вучнямі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
2. Настаўнік павінен:
– ствараць неабходныя ўмовы для паспяховага выканання праектаў (фарміраваць адпаведную бібліятэку, медыятэку);
– весці падрыхтоўку вучняў і іх бацькоў да выканання праектаў;
– забяспечыць кіраўніцтва праектам: абмеркаванне выбранай тэмы, плана работы (уключаючы час выканання); вядзенне дзенніка, у якім вучань будзе рабіць адпаведныя запісы сваіх думак, ідэй, адчуванняў (дзённік павінен дапамагчы вучню пры складанні справаздачы ў выпадку, калі праект не ўяўляе сабой пісьмовую працу; вучань звяртаецца да дапамогі дзенніка падчас гутаркі з кіраўніком праекта (калі праект групавы, кожны вучань павінен дакладна паказаць свой уклад у выкананне праекта);
– арганізаваць рэфлексію на кожным этапе праекта і пасля яго заканчэння;
– забяспечыць прэзентацыю вынікаў работы над тэмай праекта.
Пры арганізацыі праектнай дзейнасці на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі неабходна ўлічваць узроставыя і псіхолага-фізіялагічныя асаблівасці вучняў. Праблема праекта або даследавання, якое забяспечвае матывацыю ўключэння школьнікаў у самастойную працу, павінна быць у галіне пазнавальных інтарэсаў вучняў і знаходзіцца ў зоне іх бліжэйшага развіцця.
Працягласць выканання праекта мэтазгодна абмежаваць адным урокам (магчыма здвоенымі ўрокамі) або адным – двума тыднямі ў рэжыме ўрочна-пазаўрочных заняткаў.
Акрамя таго, важна ставіць разам з вучнямі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і навучальныя мэты па авалодванні прыёмамі праектавання як агульнанавучальнымі ўменнямі. Напрыклад, можна задаць вучням такія пытанні:
Якія ўменні спатрэбяцца для выканання гэтага праекта?
Ці валодаеце вы гэтымі ўменнямі ў дастатковай меры?
Якім чынам вы зможаце набыць патрэбныя вам ўменні?
Дзе яшчэ вы зможаце ўжываць уменні, атрыманыя падчас работы над праектам?
Вялікай увагі ад настаўніка патрабуе і працэс асэнсавання, мэтанакіраванага набыцця і прымянення школьнікамі ведаў, неабходных у тым ці іншым праекце. Ад настаўніка пры гэтым патрабуецца асаблівы такт, далікатнасць, каб не «навязаць» вучням інфармацыю, а накіраваць іх самастойны пошук. Мэтазгодна ў працэсе работы над праектам праводзіць з вучнямі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі экскурсіі, прагулкі-назіранні, сацыяльныя акцыі. Пры гэтым уяўляюць цікавасць апытанні, інтэрв’ю навучэнцамі асобных асоб, для якіх прызначаны дзіцячы прект.
У праектнай дзейнасці малодшых школьнікаў вылучаюцца наступныя этапы, якія адпавядаюць структуры вучэбнай дзейнасці:
1. Матывацыйны этап (настаўнік заяўляе агульную задуму, стварае станоўчы матывацыйны настрой; вучні абмяркоўваюць, прапануюць уласныя ідэі).
2. Падрыхтоўчы этап (вызначаецца тэма і мэты праекта, фармулююцца задачы, выпрацоўваецца план дзеянняў, усталёўваюцца крытэрыі адзнакі выніку і працэсу, узгадняюцца спосабы сумеснай дзейнасці спачатку з максімальнай дапамогай настаўніка, пазней з нарастаннем вучнёўскай самастойнасці).
3. Інфармацыйна-аперацыйны этап (вучні збіраюць матэрыял, працуюць з літаратурай і іншымі крыніцамі, непасрэдна выконваюць праект; настаўнік назірае, каардынуе, падтрымлівае, сам з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай);
4. Рэфлексіўна-ацэначны этап (вучні дэманструюць праекты, удзельнічаюць у калектыўным абмеркаванні і змястоўнай ацэнцы вынікаў і працэсу работы, ажыццяўляюць вусную або пісьмовую самаацэнку, настаўнік выступае ўдзельнікам калектыўнай ацэначнай дзейнасці [1, с. 21].
Пры выкананні праекту вылучаюць наступныя этапы.
1. Паглыбленне ў праект.
2. Арганізацыйны этап.
3. Ажыццяўленне дзейнасці.
4. Апрацоўка і афармленне вынікаў праекта (прэзентацыя).
5. Абмеркаванне атрыманых вынікаў (рэфлексія).
Асаблівасцю сістэмы выканання школьных праектаў з’яўляецца сумесная творчая работа настаўніка і вучня. У цэлым пры рабоце над праектам настаўнік дапамагае вучням у пошуку крыніц інфармацыі; сам з’яўляецца крыніцай інфармацыі; каардынуе ўвесь працэс; падтрымлівае і заахвочвае удзельнікаў; падтрымлівае адваротную сувязь, каб дапамагаць вучням, ісці далей у рабоце.
Такім чынам, праектная дзейнасць дае магчымасць: фарміраваць інфармацыйную, камунікатыўную кампетэнцыі; зацвердзіць дзейнасны падыход у навучанні. Пры гэтым вучань пераходзіць ад пасіўнага атрымання гатовых ведаў да стварэння ўласнага адукацыйнага прадукта.
У ходзе выканання праекта неабходна вырашыць некалькі цікавых, карысных задач. Праект каштоўны тым, што падчас яго выканання школьнікі вучацца самастойна набываць веды, атрымліваюць вопыт пазнавальнай і вучэбнай дзейнасці. Ідэальным лічыцца той праект, для выканання якога неабходныя розныя веды, якія дазваляюць вырашыць цэлы комплекс праблем.
Выкарыстанне гэтага метаду на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі мае сваю спецыфіку. Гэта час пераважна для навучання дзяцей асновам праектавання. Таму ўсе этапы падрыхтоўкі і планавання вучні ажыццяўляюць сумесна з настаўнікам. На аснове прапанаванага матэрыялу настаўнік з дзецьмі фармулюе тэму, мэты праекта, асноўныя напрамкі дзейнасці, формы прадстаўлення, вызначаецца склад груп, размяркоўваюцца абавязкі паміж яе членамі, плануецца ход далейшай рэалізацыі праекта.
Наступная работа выконваецца вучнямі самастойна, але абавязкова пад кіраўніцтвам настаўніка і пры дапамозе бацькоў. Метад праектаў у пачатковай школе патрабуе інтэграцыі ведаў вучняў у розных прадметных галінах: гэта і музыка, і чалавек і свет, і выяўленчае мастацтва, і літаратурнае чытанне, і мовы.
Праекты могуць быць індывідуальнымі або выконвацца ў групах. Па часе выканання выкарыстоўваюцца і кароткачасовыя (вучні выконваюць яго на працягу аднаго ўрока), і доўгачасовыя (вучні рыхтуюць іх дома на працягу тыдня). Так, намі былі прапанаваныя наступныя тэмы праектаў: «Расліны ў маім доме», «Жывёлы ў маім доме» (вывучэнне і замацаванне тэмы «Род назоўнікаў»). Дадзеныя праекты прадугледжваюць самастойную работу вучняў дома. Усе крокі па рэалізацыі праекта кантралююцца настаўнікам (кансультацыі і гутаркі), вынікам праекта з’яўляюцца паведамленне або лінгвістычная казка, прадстаўленыя на ўроку па гэтай тэме. Пры вывучэнні і замацаванні тэмы «Лік назоўніка» мы прапанавалі наступныя тэмы праектаў: «Куды паехаць адпачываць летам у Гродзенскай вобласці», «Варыянты адпачынку на вадзе». Вынікам праектаў сталі створаныя вучнямі кніжкі-малышкі і турыстычныя карты.
Праектная дзейнасць дазваляе гарманічна дапаўняць традыцыйную класна-урочную сістэму, яна дапамагае асвоіць новыя спосабы дзейнасці на аснове інтэграванага зместу, вывесці адукацыю за межы школы, выкарыстоўваючы патэнцыял інфармацыйных рэсурсаў. Праектныя прыёмы адказваюць усім сучасным тэндэнцыям у адукацыі: навучыць навучэнцаў самастойна вучыцца і здабываць неабходныя веды, вучыцца ўменню адаптавацца ў жыццёвых сітуацыях і самастойна прымаць рашэнні, крытычна думаць. Пры традыцыйным падыходзе і традыцыйных сродках навучання гэтыя задачы вырашаць дастаткова складана.
Такім чынам, перад педагогамі і настаўнікамі стаіць задача навучыць дзяцей такім чынам, каб яны маглі хутка і пластычна рэагаваць на зменлівыя ўмовы, былі здольныя выяўляць новыя праблемы і задачы, знаходзіць шляхі іх рашэння. Праектная тэхналогія ў святле патрабаванняў да сучаснай адукацыі дазваляе эфектыўна рашаць пастаўленыя задачы.

Спіс літаратуры





  1. Снопкова, Е. И. Педагогические системы и технологи : учебное пособие/ Е. И. Снопкова. – Могилёв : УО «МГУ имени А. А. Кулешова», 2010. – 416 с.

  2. Землянская, Е. Н. Учебные проекты младших школьников / Е. Н. Землянская // Начальная школа. – №9. – 2005. – С. 56 – 58.

  3. Полат, Е. С. Новые педагогические и информационные технологии в системе образования : учебное пособие для студентов педагогических вузов и системы повышения квалификации кадров / Е. С. Полат, М. Ю. Бухаркина, М. В. Мошеева, А. Е. Петров; под ред. Е. С. Полат. – М. : Издательский центр «Академия», 2002. – 272 с.


Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет