Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет5/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Першым горадам, які атрымаў магдэбургскае права ў Княстве, была Вільня (1387), потым – Берасце (1390), Гародня (1391), Слуцк (1441), Мінск (1499) і інш.

Гэтае права, германскае па паходжанні, набывала на беларускіх землях свае адметнасці:

утрымлівала элементы былога вечавога ладу;

у гарадах выбіраліся два бурмістры ад праваслаўных і католікаў;

войт не выбіраўся, а прызначаўся вялікім князем з ліку буйных феадалаў;

існавалі юрыдыкі – асобныя гарадскія кварталы, якія заставаліся ва ўласнасці прыгарадных феадалаў і на якія не распаўсюджваліся паўнамоцтвы магістратаў (звычайна там жылі яўрэі, якія плацілі падаткі і вотчынніку і гораду);

магдэбургскае права не распаўсюджвалася на ўсе беларускія гарады.

Таму да пачатку ХVI ст. нават магдэбургскія гарады ВКЛ у адрозненне ад заходнееўрапейскіх былі не закрытымі ў поўным сэнсе гэтага паняцця, а, хутчэй, паўзакрытымі. Поўнасцю вызваліцца ад вясковай абшчыны і феадалаў не ўдавалася. Каб стаць незалежнымі і самадастатковымі, у іх не хапала эканамічнай магутнасці і багаццяў, галоўным чынам з прычыны няспынных войнаў і адсутнасці спрыяльнай унутрырыначнай кан’юнктуры.

Залежнасць ад феадалаў была мацнейшая, чым ад манарха. Не склаўся нават узаемавыгодны саюз гарадоў і вялікага князя, як на Захадзе. Недастатковая эканамічная магутнасць гарадскіх паселішчаў аслабляла княжацкую ўладу. А слабая княжацкая ўлада не спрыяла поўнаму вызваленю гарадоў ад феадалаў.

Рамеснікі магдэбургскіх гарадоў, каб адгарадзіцца ад канкурэнцыі сваіх калег, якія пражывалі ў іншых гарадах, аб’ядноўваліся ў вытворчыя саюзы пад назвай сотні, брацтвы, пазней – цэхі. Аб’яднанне адбывалася ў рамках адной прафесіі або некалькіх сумежных незалежна ад таго, знаходзіліся працаўнікі ў падпарадкаванні магістрата ці жылі ў прыватнаўласніцкіх юрыдыках. У некаторых выпадках ствараліся асобныя цэхі яўрэйскіх рамеснікаў. Кожная такая карпарацыя мела свой герб, штандар, цэхавую скрыню (складкі на дабрачыннасць). На сходах сябрам цэха не дазвалялася сядзець за сталом са зброяй, прыходзіць п’янымі, дрэнна апранутымі, босымі. На гарадскія святы ўсе сябры цэха апраналіся ў найлепшае адзенне і выходзілі ў суправаджэнні барабаншчыкаў на гарадскую плошчу пад асабістай харугвай, а заможныя старшыні і майстры выязджалі на конях.

У працах савецкіх гісторыкаў замацавалася традыцыя паказу цэхавай арганізацыі толькі з негатыўнага боку. Нібыта яна заўсёды ўяўляла з сябе нейкую недарэчнаць, спараджэнне феадальнага дэспатызму. На самай справе гэта не так. Цэхі былі часткай карпарацыйнага феадальнага грамадства, дзе эканамічны прагрэс мог трымацца толькі на павышэнні арганізаванасці і падзеле працы. Рыцары ваявалі, святары маліліся богу, сяляне і рамеснікі працавалі, а купцы забяспечвалі ўзаемаабмен прадуктамі паміж усімі членамі супольнасці. Цэхі ў гэтай сістэме займаліся арганізацыяй вытворчасці прыладаў працы і прадметаў побыту.

Цэхавая арганізацыя мела наступнае прызначэнне:

1) устанаўлівала і падтрымлівала сваю манаполію на гарадскім рынку;

2) несла адказнасць за якасць вырабаў;

3) арганізоўвала прафесійнае навучанне.

Майстар ставіў на сваім вырабе ўласнае таўро. Незадаволены пакупнік мог вярнуць тавар у цэх і патрабаваць замены ці кампенсацыі. Навучанне рамёслам забірала добрую частку жыцця. Шлях да майстра вёў праз 5-гадовае вучнёўства, 4-гадовую працу падмайстрам, 3-гадовую вандроўку для стажыравання ў майстроў краінаў Захаду. Было ў каго павучыцца і на месцы. Даволі шчыльныя міжнародныя вытворчыя кантакты спрыялі перасяленню ў Беларусь іншаземных майстроў. І, нарэшце, каб стаць майстрам, атрымаць права займець уласную майстэрню і быць прынятым у цэх, падмайстры абавязваліся зрабіць так званую штуку, ці шэдэўр: напрыклад, па слядзе каня – падкаваць яго. Патрабаваліся немалыя грошы. Дарэчы, частку іх прэтэндэнты на званне рамеснага майстра здабывалі працай на Захадзе. Рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхі, называлі партачамі, а іх нізкаякасныя вырабы прадаваліся па нізкіх коштах.

Беларускія гарады славіліся вытворчасцю замшы, керамічных вырабаў з зялёнай палівай, а магілёўскія рамеснікі – сваімі шаблямі і пальчаткамі. Гэтыя тавары вывозіліся ў Заходнюю Еўропу. Далёка за межамі Княства была вядомая беларуская мастацкая разьба па дрэве, ювелірныя вырабы. Майстры-ювеліры лічыліся такой каштоўнасцю для дзяржавы, што ім забаранялася выязджаць з ВКЛ. Рамесныя цэхі былі выключна гарадской з’явай. Іх роля ў падвышэнні эканамічнай значнасці горадоў надзвычай вялікая. Цэхі лучылі беларускіх майстроў з цывілізаваным Захадам і рознілі ад рамеснікаў Маскоўскай дзяржавы, дзе цэхавы лад ўвёў Пётр І толькі ў 1722 г.

На прыклад рамеснікаў буйныя гандляры недзе з ХV cт. пачалі аб’ядноўвацца ў купецкія брацтвы, гільдыі. Купцом лічыўся толькі той, хто ездзіў прадаваць і купляць тавары больш чым за 10 міляў ад свайго горада – па мерках ВКЛ гэта складала каля 130 км. Іншыя дробныя гандляры купцамі не прызнаваліся. Практычна кожны дзень і асабліва па нядзелях у горад на таргі збіраліся сяляне навакольных вёсак. Раз або тры разы на год у буйных гарадах праходзілі кірмашы, дзе ажыццяўляўся аптовы гандаль. Тавары закупляліся ў запас для паступовай рэалізацыі ў бліжэйшай акрузе. Гарад станавіўся своеасаблівым таварным складам. Значнымі цэнтрамі міжнароднага гандлю выступалі Вільня, Полацк, Магілёў. Як бачым, становішча паміж Ганзай і дзікім стэпам, пераарыентацыя на Захад зрабілі гандаль найважнейшай функцыяй гарадоў. Нагадаем, што ў Заходняй Еўропе ў той час панаваў гандлёвы капіталізм.

Захоўвалі гарады і абарончае значэнне. Іх сіла вымяралася не так таўшчынёй крапасных сценаў, як згуртаванасцю і багаццем гарадской абшчыны, што забяспечвалася, між іншым, і магдэбургскім правам. Паводле гэтага права, кожны гараджанін ведаў сваё месца на крапасной сцяне горада на выпадак небяспекі. Менавіта еўрапейскія гарады ў ХІV–ХVІ стст. спынілі экспансію туркаў у Заходнюю Еўропу. Першыя атакі маскоўскіх цароў паспяхова адбівалі і гарады ВКЛ. У Лівонскай вайне (1558–1583) яны здолелі абараніць Айчыну. Замкі Вільні, Гародні, Ліды, Крэва, Міра, Нясвіжа выступалі надзейнымі бастыёнамі беларускай дзяржаўнасці, а з улікам хараства так і хочацца назваць іх беларускімі пірамідамі.

Прыярытэтнасць эканамічнай функцыі горадоў дапаўнялася ўмацаваннем і пашырэннем новай – камунікацыйна-культурнай. Гарады станавіліся цэнтрамі новых тэхналогій, у тым ліку і кнігадрукавання. Беларускі першадрукар Францішак Скарына з Полацка пачаў выдаваць старабеларускія кнігі спачатку ў Празе (у 1517 г.), а потым у Вільні (у 1522 г.). Рускі першадрукар Фёдараў распачаў сваю дзейнасць у 1564 г. у Львове, а паходзіў ён з беларускага шляхецкага роду Федаровічаў з Наваградчыны.

На пачатку ХVI ст. беларускія гарады перажывалі росквіт культуры і эканомікі – свой залаты век. Адбывалася гэта ў значнай ступені пад уздзеяннем наступных фактараў:

1) наяўнасць еўрапейскіх інвестыцый, якія пачаліся ў сувязі з Вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі;

2) пашырэнне ідэй Адраджэння і Рэфармацыі;

3) уздым мясцовай феадальнай гаспадаркі.

Феадальная гаспадарка да таго часу ўжо ў асноўным склалася і спецыялізавалася на вытворчасці зерня на экспарт, бо якраз тады ў гарадах Захаду назіраўся высокі попыт на хлеб. Зборнымі пунктамі экспартнага зерня выступалі гарады і мястэчкі, што спрыяла іх узбагачэнню.

Зразумела, што беларускія гарадскія паселішчы саступалі па сваім эканамічным патэнцыяле заходнееўрапейскім, якія раслі на амерыканскім золаце і срэбры. З каланіяльных грошай да Беларусі даходзілі толькі асобныя манеткі. Прыкладна палова насельніцтва мясцовых гарадоў жыла з сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з падзелам працы на сусветным рынку, які склаўся ў ХVI ст., краіны на ўсход ад Эльбы займаліся сельскай гаспадаркай, а краіны на захад ад Эльбы – прамысловасцю.

На пачатку ХVI ст. у Беларусі было каля 40 гарадоў. Да буйных з насельніцтвам больш за 10 тысяч чалавек належалі Полацк, Віцебск, Берасце, Магілёў, Слуцк; да сярэдніх з колькасцю насельніцтва ад 3 да 10 тысяч жыхароў – Гародня, Менск, Орша, Быхаў; да малых, у якіх пражывалі ад 1,5 да 3 тысяч чалавек, – Бабруйск, Барысаў, Слонім, Кобрын і шмат іншых. Беларусь была краінай малых гарадоў і мястэчак.

Цэнтры валасцей, княжацкіх старостваў, эканомій, а таксама вотчын ва ўмовах далейшага прагрэсу феадальнай гаспадаркі набывалі рысы гарадскіх паселішчаў, а многія з іх, у адрозненне ад папярэдняга перыяду, дабіваліся гарадскіх прывілеяў і адпаведнай назвы – мястэчкі. У іх пражывалі не болей за 1,5 тысяч чалавек.

Узніклі мястэчкі ў ХІV ст. Гэта быў час, калі ў дзяржаўнай казне ВКЛ з’явіўся лішак грошай для разбудовы гарадоў і мястэчак. Гэтыя грошы здабываліся ваеннымі паходамі Альгерда і Вітаўта, працай беларускага народа і ўсталяваннем сталых гандлёвых сувязяў з заходнееўрапейскімі краінамі. З ХІV ст. беларускі лес пачалі спускаць па рэках да Балтыйскага мора. Марская магутнасць Англіі стваралася дзякуючы экспарту беларускага матчавага лесу. Першыя мястэчкі раслі пераважна на дзяржаўным экспарце лясной прадукцыі. Многія з іх сталі фрахтовымі пунктамі гэтага экспарту. Тагачасныя мястэчкі засноўваліся толькі дзяржавай, і ўсе падаткі ад іх ішлі ў казну. З ХІV ст. у ВКЛ пачаля пасяляцца яўрэі – носьбіты заходнееўрапейскай традыцыі прадпрымальніцтва.

Хоць асноўным заняткам жыхароў была сельская гаспадарка, мястэчкі вылучаліся з вясковай стыхіі наяўнасцю кірмаша, адметнага храма, сталых гандляроў і рамеснікаў. У адрозненне ад гарадоў мястэчкі не мелі абарончых муроў. Яны займалі прамежкавае становішча паміж сельскім паселішчам і горадам.

Адным з выдатных гарадоў ВКЛ была яго сталіца Вільня. У ХІ–ХІІ стст. крывічы падчас каланізацыі новых земляў узвялі пры ўпадзенні Віліі ў Нёман на месцы старажытнага паселішча крэпасць. Горад-крэпасць стала цэнтрам Віленскага княства – феадальнага ўдзела Полацкай зямлі. Першапачаткова яна месцілася на высокай пясчанай Крывой (Лысай) гары, што дала паселішчу назву Крывы горад ці Крывы замак. Пад аховай гэтага замка (пазней Верхняга замка) і пачаў разрастацца гарадскі пасад.

Пад назвай Вільня горад упамінаецца толькі ў дакуменце 1323 г. Тады ж у Вільню з Наваградка перанесена і сталіца ВКЛ. Да ХV cт. горад моцна цярпеў ад набегаў крыжакоў. Затое пазней, пасля Грундвальскай бітвы (1410), хутка рос. З гарадоў Заходняй Еўропы перасяляліся рамеснікі і купцы. Будаваліся каменныя храмы. Замак умацоўваўся “каменнем, зямлёй і мурам”. Горад стаў бойкім рачным портам і важным палітычным цэнтрам Усходняй Еўропы, куды прыязджалі пасольствы з розных краінаў. Узводзіўся комплекс будынкаў велікакняжацкага Ніжняга замка ў падэшве Замкавай гары, уздоўж ракі Віліі. У 1492 г. у сталіцы ВКЛ заснаваны манетны двор і першая аптэка.

23 красавіка 1498 г. адбылася ўрачыстая закладка гарадской сцяны, бо сталіцы пагражалі набегі крымскіх татараў і войска маскоўскіх вялікіх князёў. Вакол горада выкапалі абарончы роў і насыпалі вал. На ім жыхары кожнай вуліцы абавязаны былі будаваць частку мураванай сцяны, вежу ці браму. Спачатку было ўзведзена 5 мураваных брамаў (Віленская, Трокская, Траецкая, Спаская, Замкавая), якія ўдзень і ўночы пільнавала спецыяльная варта. Пазней паставілі яшчэ 5 брамаў: Татарская, Рудніцкая, Субач, Бернардзінская, Мокрая. На будаўнічыя работы прыцягвалі прыгонных. Напамінам пра тую цяжкую працу застаўся праклён: “Каб цябе закаталі ў Вільню горы капаць!”. Будаўніцтва абарончых умацаванняў (даўжынёй 2,4 км) завяршылася ў 1522 г. У 1523 г. узведзены Маскоўскі і Нямецкі гасцінныя двары. Колькасць насельніцтва даходзіла да 20 тысяч чалавек.

Другім па эканамічным патэнцыяле горадам ВКЛ было Бярэсце. У 1566 г. у ім налічвалася каля 8 тысяс жыхароў. Берасцейскія трохтыднёвыя кірмашы мелі міжнароднае значэнне. Горад складаўся з замка і двух пасадаў – Месца і Замухавечча. Замак быў узведзены на выспе, якую ўтваралі рэкі Буг і Мухавец, і праз мост злучаўся з усходнім і галоўным пасадам – Месцам. Там знаходзілася гандлёвая плошча з друкарняй, саляным складам, аптэкай, васкабойняй і ратушай. На адной з замкавых вежаў і на ратушы меліся гадзіннікі. Час абвяшчаў гарадскі трубач. Ад плошчы ў радыяльным напрамку адыходзілі тры галоўныя вуліцы, на якіх размясціліся сядзібы гараджанаў, гарадскі шпіталь, храмы, у тым ліку і царква Святога Мікалая, у якой была абвешчаная царкоўная Унія 1596 г.

Традыцыйна ў цэнтры старых гарадоў па-ранейшаму стаяла крэпасць і ва ўсе бакі ад яе разбягаліся вуліцы. Драўляныя гарадскія сцены часам замяняліся мураванымі, яны захоўвалі сваё абарончае значэнне. Прыватных камяніц сустракалася вельмі мала. З каменю ўзводзілі толькі храмы. У мястэчках забудова вялася на ўзор рэнесансавых гарадоў Еўропы: у цэнтры, пры перакрыжаванні двух галоўных вуліц, знаходзілася рынкавая плошча. Пазней новы планіровачны тып забудовы, калі цэнтр складаў не замак, а плошча, пашырыўся і на гарады. Аднак і ў Сярэднявеччы пры гарадскіх крэпасцях-замках расчышчалася месца для базарнай плошчы. У магдэбургскіх гарадах на плошчы будавалі ратушу. Паноўным стылем ў архітэктуры ХІV–ХV cтcт. была готыка.

Такім чынам, у перыяд росквіту Вялікага Княства Літоўскага значэнне гарадоў істотна ўзрасло. Павялічвалася іх колькасць. Можна нават гаварыць пра пачатак урбанізацыі. Новыя гарады паўставалі пераважна на захадзе Беларусі, уздоўж рэк Балтыйскага басейна. Гарадскія паселішчы стваралі эканамічны падмурак дзяржавы, а этна-культурную прастору рабілі больш багатай і разнастайнай. Іх развіццё адбывалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх традыцый.

Асноўнае звяно ў сістэме гарадскіх паселішчаў ВКЛ складалі мястэчкі. На іх узроўні крышталізаваліся лакальныя адметнасці народнай культуры і лакальныя рынкі.

Вышэй за мястэчкі стаялі гарадскія цэнтры паветаў, якія прэзентавалі культуру даволі шматлікіх правінцый. На ХІІІ–ХV стст. прыпадае перыяд росквіту правінцыйнага жыцця. Кожная правінцыя ва ўмовах аграрнай цывілізацыі вылучалася пэўнай эканамічнай і культурнай самадастатковасцю. Аднак горад не толькі стабілізаваў правінцыйнае жыццё, але і рабіў яго дынамічным. Феадальны горад Вялікага Княства Літоўскага даволі хутка, непараўнальна з іншымі паселішчамі, мадэрнізаваўся праз увядзенне гарадскога самакіравання на аснове магдэбургскага права, арганізацыю рамесных цэхаў, пашырэнне Асветніцтва і Ррэфармацыі.

На вяршыні урбаністычнай сістэмы стаялі гарадскія цэнтры правінцый (ваяводстваў), якія ўяўлялі з сябе арыгінальныя асяродкі элітарнай (шляхецкай і мяшчанскай) культуры. Адначасова гэта былі і полікультурныя цэнтры, дзе адбываўся дыялог паміж жыхарамі праваслаўнай, каталіцкай, іудзейскай і мусульманскай веры. Побач з іудзейскім квітнела хрысціянскае прадпрымальніцтва. Да 80% гараджанаў складалі беларусы. Астатнюю частку – палякі, яўрэі, татары.

Горад забяспечваў культурны і эканамічны ўзаемаабмен Вялікага Княства Літоўскага з краінамі Заходняй Еўропы, інакш – вестэрнізацыю беларускіх земляў. Дзякуючы гораду Літоўскае Княства стала арганічнай часткай агульнаеўрапейскага арганізма. Ролю лідэра нацыі ў ХІІІ ст. у Полацка перахапіў Наваградак (першая сталіца ВКЛ), а потым – Вільня, якая ў пэўных выпадках паказвала прыклад усёй Еўропе (кнігадрукаванне, распрацоўка нормаў феадальнага права – Статут ВКЛ).

Гарады, што выраслі ў Маскоўскай Русі пасля татара-мангольскага нашэсця, засталіся па-за еўрапейскім часам. У Маскоўскай дзяржаве адсутнічалі нават вольныя гарады, за выключэннем Ноўгарада і Пскова да іх падпарадкавання Іванам Жахлівым. Былі там і буйныя гарады (Масква, Ноўгарад), але з дапамогай жорсткіх мераў цар трымаў іх у сваіх руках. Вечавы лад Вялікага Ноўгарада быў разбураны. Гораду давялося выдаць цару ў 1477 г. 300 вазоў золата. Не спрыялі росту гарадоў не толькі дэспатызм рускага цара, але і бездарожжа, павольнасць перавозак тавараў на вялікіх прасторах, нізкая ўраджайнасць збожжа. Гарады не мелі магчымасці развіць промыслы, узбагаціцца, каб вырвацца з-пад апекі цара, каб падпарадкаваць сабе вёску. Як пісаў Фернан Бродэль, «не было значнага вясковага залішняга прадукта; значыць, не было і сапраўдных гарадоў». Ні мястэчак, ні магдэбургскага права, ні рамесных цэхаў там не існавала. У аграрнай краіне ў тым не было нават эканамічнай патрэбы. Еўрапейская цывілізацыя заканчвалася на Дняпры. Беларускія гарады былі фарпостмі заходнееўрапейскай цывілізацыі. Далей пачыналася прастора цывілізацыі еўразійскай.

Гарадскія паселішчы ранняга Новага часу

XVI – канец XVIII ст.


План
1. Гарады Заходняй Еўропы

1. 1. Агульная характарыстыка

1.2. Выдатныя гарады

2. Іншыя гарады свету

3. Гарады Беларусі

3.1. Да “крывавага патопу” сярэдзіны ХVII ст.

3.2. Пасля “крывавага патопу” сярэдзіны ХVII ст.
1. Гарады Заходняй Еўропы
1.1. Агульная характарыстыка

Трэці этап эвалюцыі еўрапейскіх гарадоў, калі яны, закрытыя і свабодныя, траплялі пад апеку цэнтральных уладаў (С), назіраўся ў XVI–ХIX стст. Акрэслены перыяд таксама называюць Новым часам. Нямецкі гісторык Гельмут Кёнігсбергер і іншыя еўрапейскія даследчыкі вылучаюць з гэтага перыяду ранні Новы час (1500–1789 гг.). Тады ў эвалюцыі гарадской цывілізацыі адбываліся важныя змены, а ў ХІХ ст. – рэвалюцыйныя. Таму ХІХ ст. разгледзім асобна.

Дарэчы, у XVI–XVIІІ стст. гарады яшчэ мелі магчымасць захоўваць сваю незалежнасць. Развіццё еўрапейскай гісторыі магло адбывацца зусім іншым шляхам. Але такога не здарылася. Чаму? І дрэнна гэта ці добра? Адказаць на гэтыя пытанні дапаможа наступны раздзел кнігі.

Адкрыццё Калумбам Амерыкі (у 1492 г.), што можна лічыць пачаткам Новага часу, істотна паўплывала на лёс гарадоў. У адно ігненне змяніўся кірунак гандлёвых шляхоў. Галоўнае гандлёвае перакрыжаванне свету перамясцілася з Міжземнага мора ў бок Атлантыкі, а потым, у прыватнасці, да Паўночнага мора. Былыя гандлёвыя цэнтры Паўночнай Італіі трапілі на перэферыю і страцілі былую славу, а раней малавядомыя Лісабон у Партугаліі і Севілья ў Іспаніі ператварыліся ў першай палове XVI ст. у цэнтры сусветнага гандлю. Сюды пачалі сцякацца тавары з Індыі і каштоўныя металы з Амерыкі. У другой палове XVI ст. найбольш выгодные становішча займелі прыморскія гарады Нідэрландаў, размешчаныя ў вусцях рэк Рэйна, Шэльды, Мааса, якія злучалі марскія парты з унутранымі раёнамі кантынента.

Акрамя Вялікіх геаграфічных адкрыццяў яшчэ два адкрыцці – кнігадрукаванне і вынаходніцтва артылерыі – таксама вельмі моцна паўплывалі на развіццё гарадоў. Кнігадрукаванне ператварала іх у цэнтры навукі і культуры, а з’яўленне артылерыі прымусіла змяніць знешні выгляд. Гарадскія сцены страцілі сваё значэнне. Узрасла вага ваенных гарнізонаў і стратэгічная роля прыгарадаў.

Названыя вышэй тры найважнейшыя адкрыцці паўплывалі на ўсю сістэму гаспадаркі. У XVI–XVIІІ стст. традыцыйнага феадалізму з яго васальнай залежнасцю ўжо не існавала. Сяляне сталі асабіста вольнымі і толькі эканамічна залежалі ад землеўладальніка, бо арандавалі яго землі. У Заходняй Еўропе ўсталёўваўся гандлёвы, ці ранні, капіталізм, а пазней, з канца XVIІІ ст., – і капіталізм прамысловы. Пад уздзеяннем гарадоў адбываўся рост тавараабмену, які, у сваю чаргу, сілкаваў развіццё гарадскіх паселішчаў. Найбуйнейшыя з іх ператвараліся ў гарады сучаснага тыпу. На еўрапейскім кантыненце адбывалася фармаванне своеасаблівай гарадской цывілізацыі.

Як жа гарады падпарадкаваліся ўладам?

Працэс падпарадкавання пачынаўся са сталіц. У XVI ст. усталёўваліся абсалютныя манархіі. Без падтрымкі сталіц і перасялення туды знаці манархі не здолелі б узяць верх. У сталіцах арыстакратыя трапляла пад нагляд каралеўскага двара і ў эканамічную залежнасць ад манарха, бо сталічнае жыццё патрабавала вялікіх грошай на будаўніцтва палацаў, наладжванне баляў, набыццё раскошы. Дзяржава паступова падбірала пад сябе асноўныя грашовыя патокі, у тым ліку і амерыканскага золата. З гэтым мусілі лічыцца гарады. Дзяржава не магла жыць без горада, але і горад не мог развівацца без падтрымкі дзяржавы. Складваўся ўзаемавыгодны саюз паміж дзяржавай і горадам. Узнікаў падвойны (сінергетычны) эфект аб’яднання эканамічных патэнцыялаў горада і дзяржавы. Абапіраючыся на гандаль, канкурэнцыю, падтрымку абсалютысцкіх манархій, а потым сфармаваных нацыянальных дзяржаў, еўрапейскія гарады імкліва багацелі і ператвараліся ў яшчэ больш магутныя лакаматывы грамадскага прагрэсу, авангард зямной цывілізацыі.

Праўда, магутнасць дзяржаў узрастала павольна. Французкі кароль дамогся права прызначаць мэраў гарадоў у канцы XVIІ ст. Аб’яднанне Італіі адбылося толькі ў 1870 г., Германіі – у 1871 г. Дзяржавы фактычна паўтаралі той шлях, які ўжо прайшлі гарады, пераймалі іх прыёмы кіравання, лад мыслення. У выніку яны станавіліся падабенствам сваіх сталіц. Партугалія зводзілася да Лісабона, Нідэрланды – да Амстэрдама, Англія – да Лондана.

Аднак празмерная апека дзяржавы, поўнае прыгнячэнне гарадскіх свабодаў не ішлі на карысць справе. Не выпадкова, што там, дзе гарады захоўвалі свабоду ад дзяржавы, капіталізацыя адбывалася хутчэй. Так было ў Англіі і Галандыі. Англійскія гарады і правінцыі захоўвалі самакіраванне і ў XVIІІ ст. Развязвалася ініцыятыва людзей, разгортваліся вынаходніцтвы, рыхтавалася добрая глеба для прамысловай рэвалюцыі. Вольныя ад манархаў галандскія гарады станавіліся цэнтрамі культуры. У Амстэрдаме працавалі мастак Рэмбранд, філосаф Спіноза, друкаваліся творы астранома Галілея.

У чым выяўлялася адметнасць еўрапейскіх гарадоў XVI–XVIІІ стст.?

Першая адметнасць гарадоў. Гандлёва-фінансавая функцыя гарадоў дасягнула свайго эпагею. Квітнеў кірмашовы гандаль. Кірмаш уяўляў з сябе своеасаблівы часовы горад, які акрамя гандляроў збіраў скамарохаў, актораў, аматараў лёгкага жыцця. Сталымі наведнікамі ляйпцыгскіх ігральных дамоў былі аграрыі Рэчы Паспалітай. Ярмаркі пераносіліся па крузе – з горада ў горад. У XVIІ ст. размах у стварэнні гандлёвых крамаў нагадваў паводку, патоп. На змену Еўропе кірмашоў паступова прыходзіла Еўропа перавалачных складаў. Існавалі нават гарады-склады: Амстэрдам, Парыж. Толькі ў Рэчы Паспалітай і Расіі ўздым кірмашнага гандлю працягваўся нават у ХІХ ст. З паскарэннем перавозак гандаль праз склад трасфармаваўся ў гандаль праз біржу. Гэта той самы кірмаш, але без перапынку, дзе прадавалася ўсё, у тым ліку і грошы. Першая біржа адкрылася ў Бруге ў 1409 г., у Гданьску яна з’явілася ў 1593 г.

У выніку развіцця гандлю скончылася самадастатковасць асобных раёнаў на чале з гарадскімі цэнтрамі, калі кожная правінцыя ўяўляла з сябе асобны свет, размаўляла на сваёй мове, мела свае ідэалы і ігнаравала нават сталіцы. Складваліся больш трывалыя іерархічныя сістэмы гарадоў. Дробныя гарады канцэнтраваліся вакол буйных і падпарадкоўваліся ім ў эканамічным і культурным плане. Эканамічная роля маленькіх гарадкоў (stetchen), якія ўзніклі ў Сярэднявеччы, яшчэ больш узрасла. Яны служылі этапнымі пунктамі на гандлёвых шляхах. У шматлікасці такіх гарадкоў выяўлялася асаблівасць Еўропы (нават у Томаса Мора сталіца вострава Утопія – Амаўрот – аточана 53 малымі гарадамі).

На аснове міжнароднага гандлю ў XVIІІ ст. складваліся пачаткі сусветнай эканомікі. Яго мазгавым цэнтрам выступаў Амстэрдам. Гандлёвая біржа горада фармавала сусветныя цэны. Заснаваны тамсама ў 1609 г. Абменны банк гарантаваў стопрацэнтнае забеспячэнне сваіх вэксаляў золатам і срэбрам. Таму купцы с усяго свету ахвотна захоўвалі ў ім грошы. У XVIІІ ст. на роль міжнароднага фінансавага цэнтра пачаў прэтэндаваць створаны ў 1694 г. Англійскі банк. У гарадах Галандыі і Англіі існавалі прыватныя камерцыйныя банкі, раслі акцыянерныя кампаніі. На біржах была вядомая гульня на курсе акцый. У 1720 г. выбухнуў першы міжнародны біржавы крах, не менш разбуральны для эканомікі, чым вялікі крызіс 1929 г. Праўда, ён закрануў пераважна Францыю і Англію.

Другая адметнасць гарадоў. Яна выявілася ў тым, што гарадскія паселішчы ператвараліся ў цэнтры промыслаў і новых тэхналогій. Найважнейшым цэнтрам рамяства ў ХVI ст. быў Нюрнберг, горад Альбрехта Дюрэра і Ганса Сакса. Там вынайшлі глобусы, кішэнныя гадзіннікі і пушкі. Іспанская Таледа славілася сталёвымі мечамі, шоўкам, керамікай. Кожны горад меў сваю прамысловую адметнасць. Падзел ручной працы, а значыць і яе эфектыўнасць, у гарадскіх паселішчах ажыццяўляўся хутчэй. Змены пачаліся з тэкстыльнай прамысловасці. У XVI ст. у гарадах Нідэрландаў наладжваўся выраб больш лёгкай і таннай суконнай тканіны. А ў XVIІ ст. яе ўжо выраблялі паўсюль. Надараліся і часовыя эканамічныя цяжкасці. У ХV–ХVI стст. адбываўся значны адток прамысловай вытворчасці з гарадоў у сельскую мясцовасць з прычыны пошуку больш таннай рабочай сілы і свабоды ад цэхавай рэгламентацыі. А гарады Англіі, Галандыі, Фландрыі, што славіліся вытворчасцю тканін, чэзлі.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет