Узіраюся ў вечнасць



Дата12.07.2016
өлшемі103.89 Kb.
#194702

УЗІРАЮСЯ Ў ВЕЧНАСЦЬ”

(жыццё і творчасць Максіма Гарэцкага)
Максім Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. М. Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці.

Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сялянскай сям’і. Бацькі яго былі непісьменныя, але стараліся даць дзецям неабходную адукацыю. Акрамя Максіма, у сям’і былі яшчэ дзеці: Васіль (памёр у дзяцінстве), Іван і Парфір (атрымалі пачатковую адукацыю і займліся сельскай гаспадаркай), Марына (памерла ў дзяцінстве ад водры), Панас (памёр праз некалькі тыдняў пасля нараджэння), Гаўрыла (займаўся навуковай дзейнасцю, быў доктарам геолага-мінералагічных навук, акадэмікам АН БССР), Ганна (вучылася ў заатэхнічным інстытуце ў Маскве, але ў 1922 годзе трагічна загінула).

Такім чынам, у сям’і Гарэцкіх засталося пяцёра дзяцей (чатыры сыны і адна дачка). У цеснай хаце з саламянай страхою і земляной падлогаю разам жылі сем’і Івана (бацька Максіма Гарэцкага), яго брата Якава, што меў жонку Хрысцёну і дачку Гапку, і іх сястры Праскоўі (у яе быў сын Панас). Усіх набіралася вялікая сям’я — 12 чалавек. Рабочых рук, асабліва мужчынскіх, было мала, бо Іван Кузьміч часта адсутнічаў, служачы лакеем у паноў, таму яго сям’ю часта звалі крыўднай мянушкай — Лакяёнкі. Каб не было спрэчак паміж братамі і папрокаў з боку Якава, Ефрасіння Міхайлаўна, маці Максіма Гарэцкага, старалася працаваць за некалькі чалавек і рабіла як жаночую, так і мужчынскую працу.

Многія вяскоўцы стараліся «выйсці ў людзі» — ехалі служыць да паноў, выязджалі ў гарады, па магчымасці аддавалі дзяцей вучыцца. Спачатку Максім вучыўся ў школе ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, а пазней Іван Кузьміч узяў яго да сябе ў Лонніцу і аддаў у Альшанскае двухкласнае вучылішча.

Максіму ў школе ўсё было цікава, ён прагна паглынаў новыя веды. Асаблівы ўплыў на яго зрабіў настаўнік Кцітараў: пазнаёміў яго з творамі Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Талстога, Шаўчэнкі і іншых пісьменнікаў, якія настолькі ўразілі Максіма, што ён па-сапраўднаму і шчыра палюбіў на ўсё жыццё мастацкую літаратуру; захапіўся і моваю беларускаю. Тут ён навучыўся спяваць, іграць на многіх музычных інструментах, асабліва любіў скрыпку.

Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: «Зіма. Максім прыехаў з Вольшы на каляды. Мама сядзіць на палку, каля акна, праз якое прабіваецца струменьчык сонца. Мама, маладая, прыгожая, шые і пяе. На запечку сядзіць дзядзіна Хрысцёна і прадзе. Максім, Парфір, Ганначка і я прымасціліся каля мамы, слухаем яе песні, нам так добра… А потым пачынаюцца доўгія гамонкі. Максім распытваецца ў мамы пра ўсіх родных, пра ўсе багацькаўскія сем’і, іх гісторыю, пра прыгон і падзеі пасля прыгону, пра панскіх казакоў і стражнікаў, бойкі з імі, падзеі 1905 г. Зімовыя дні кароткія. І вось ужо вечар. На запечку сядзяць мама і дзядзіна Хрысцёна, прадуць. На палку каля іх уладкаваліся Максім, Ганначка, Парфір і я. Хрысцёна расказвае нам казкі, адна цікавей за другую. А мама пяе песні, пераважна сумныя, але і весялейшыя. Многа прыгожых песень ведала мама. Гарыць лучына, устаўленая ў светач. Бегаюць па сухой лучынцы вясёлыя зайчыкі агню, адвальваюцца адгарэлыя кавалкі лучынкі на земляную падлогу і ў адмыслова падстаўлены цэбар, шыпяць у вадзе, кадзяць. Парфір старанна сочыць за агнём, каб спрытна ўставіць у светач новую лучынку замест дагарэлай. І ўзрастае шчасце ў дзіцячых істотах ад матчынай і дзядзінавай ласкі, ад пазнання свету, ад гарэзлівага агеньчыка на лучынках, ад крышталёвай паэзіі беларускіх песень і казак”. [1, с. 223]

Пасля заканчэння Вольшанскай двухкласнай школы і настаўніцкіх класаў у той жа школе Максім прыехаў на лета дамоў. З успамінаў Радзіма Гарэцкага: “Максім не ведаў, што рабіць: стаць настаўнікам ці паслухаць бацьку, які хацеў аддаць у рамесніцкую школу, а больш цягнула вучыцца далей, але куды пайсці — усюды грошы патрэбныя. Максім разумеў, што адзіны паратунак выбавіцца з «ідыятызму вясковага жыцця», вырвацца з жудасных вясковых умоў — вучыцца самому і вучыць сваіх братоў ды сястрычку. Нарэшце вырашыў паступіць у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Старэйшы брат Іван завёз Максіма ў Горкі да іх родзіча па маці — Фёдара Канцавога, які ўсю зіму рыхтаваў яго да экзаменаў, а ўлетку яго змяніў рэпетытар Крэер за 5 рублёў у месяц. Увосень 1909 года Максім паступіў у вучылішча, хаця конкурс быў велізарны: толькі 25 месцаў пры 400 заявах. Столькі было радасці, што вытрымаў іспыты! Максім быў такі шчаслівы і ўзрушаны, што ўначы прыбег за тры дзесяткі кіламетраў дамоў да бацькоў, каб падзяліцца з імі сваёй радасцю. Ён заўзята і выдатна вучыўся. Хутка стыпендыю яму далі — 15 рублёў у месяц”. [2, с. 20]

Гады вучобы ў Горацкім вучылішчы былі для М. Гарэцкага хоць і нялёгкімі (вучыўся ён у асноўным на стыпендыю), але і выключна важнымі для станаўлення яго як асобы і грамадзяніна. Яму пашчасціла слухаць цікавыя лекцыі прафесараў М. З. Рытава і І. І. Красікава, выкладчыка славеснасці С. Цітовіча. Моцны ўплыў на характар будучай дзейнасці М. Гарэцкага аказала вучнёўскае таварыства аматараў беларускай літаратуры. Члены гэтага таварыства вывучалі творы вуснай народнай творчасці, выпісвалі газету “Наша ніва”, знаёміліся з творамі Ф. Багушэвіча, Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі. Гады вучобы ў Горках былі звязаны з пачаткам літаратурнай дзейнасці М. Гарэцкага. Менавіта тут у снежні 1912 г. ён напісаў сваё першае апавяданне “У лазні”, якое было надрукавана ў студзеньскім нумары газеты “Наша ніва” ў 1913 г.

Пасля заканчэння каморніцка-агранамічнага вучылішча М. Гарэцкага накіравалі на працу ў Віленскую землеўпарадчую камісію. У Вільні Гарэцкі актыўна займаецца літаратурнай дзейнасцю. У газеце “Наша ніва” рэгулярна друкуюцца яго апавяданні, у 1914 годзе выходзіць зборнік апавяданняў “Рунь”.

У час першай сусветнай вайны пісьменнік быў прызваны ў царскую армію. Прымаў удзел у баях ва Усходняй Прусіі. У час аднаго бою быў цяжка паранены. Працяглы час лячыўся ў вайсковых шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. Знаходзячыся на фронце, пісьменнік вёў дзённік, які потым выкарыстаў пры падрыхтоўцы дакументальна-мастацкіх запісаў “На імперыялістычнай вайне” (1914 – 1919 гг.). У пачатку 1916 г. М. Гарэцкага выклікалі ў Петраград і адтуль накіравалі ў Паўлаўскую школу прапаршчыкаў. Скончыўшы яе, М. Гарэцкі выехаў у горад Іркуцк на фарміраванне вайсковай часці. Некаторы час служыў у Гжацку, потым зноў быў накіраваны на фронт у раён Пінскіх балот. Тут ён атрымаў другой раненне, пасля чаго яго канчаткова дэмабілізавалі. Закончыўшы лячэнне, наведаў бацькоў, потым пераехаў у Смаленск і паступіў на вучобу ў Археалагічны інстытут.

У Смаленску яго застала Кастрычніцкая рэвалюцыя. М. Гарэцкі стаў супрацоўнікам рэдакцыі газеты “Звязда”. У Смаленску ў гэты час жыў Янка Купала, якога Максім Іванавіч часта наведваў.

Пасля ўтварэння Беларуска-Літоўскай ССР з агульнай сталіцай у Вільні туды была пераведзена і рэдакцыя газеты “Звязда”. М. Гарэцкі разам з рэдакцыяй пераехаў у Вільню ў пачатку студзеня 1919 г. Аднак вясной 1919 г. Вільню раптоўна захапілі польскія войскі, і вярнуцца на радзіму М. Гарэцкі ўжо не паспеў.

“Максім пачаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Першай Віленскай беларускай гімназіі, якая адкрылася 1 студзеня 1919 года, а таксама працаваць на Беларускіх настаўніцкіх курсах і Вышэйшых літоўскіх педагагічных курсах. Даведаўся, што настаўніца пачатковых класаў той жа гімназіі Леаніла Чарняўская рыхтуе да друку сваю першую чытанку «Родны край». Пайшоў пазнаёміцца і быў уражаны: вельмі прыгожая, зграбная, з вялікімі сінімі-сінімі вачыма, якія свяціліся розумам і добразычлівасцю, з пышнай касой, такімі плаўнымі рухамі, а калі загаварыла, дык ён пачуў надзіва чыстую напеўную мову, мілагучны грудны голас… Адразу вырашыў: «Гэта яна, адзіная… Павінна стаць маёй!». [2, с. 39]

У гэтым жа годзе Максім Іванавіч і Леаніла Усцінаўна ўзялі шлюб. У Вільні нарадзіліся іх дзеці – Галіна і Лёня.

У Вільні жылося неспакойна. Польскія ўлады абвінавацілі М. Гарэцкага ў сувязях з камуністамі, і ў 1922 г. ён апынуўся ў Лукішскай турме. Як адзначае ў сваіх успамінах дачка пісьменніка, “бацьку прыйшлося расстацца з педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю ў Вільні і пераехаць у Коўна. Потым некаторы час ён працаваў выкладчыкам на беларускіх настаўніцкіх курсах у горадзе Дзвінску. У кастрычніку 1923 г. М. Гарэцкі з сям’ёй пераехаў на радзіму і стаў працаваць у Мінску”. [3, с.38]

У 1923 – 1925 гг. М. Гарэцкі выкладаў на рабфаку пры БДУ беларускую мову і літаратуру, а ў 1925 г. адначасова выконваў абавязкі навуковага сакратара літаратурнай камісіі Інбелкульта. Актыўна займаўся навуковай і літаратурнай дзейнасцю: рыхтаваў да перавыдання “Гісторыю беларускай літаратуры”, працаваў над рукапісам кнігі “На імперыялістычнай вайне”, збіраў матэрыялы да рамана “Віленскія камунары”.

У лютым 1926 г. М. Гарэцкі быў прызначаны на пасаду загадчыка кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. М. Гарэцкі стварыў моцную кафедру, на якой працавалі вядомыя дзеячы: Юрка Гаўрук, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў. Усе яны былі актыўнымі сябрамі Аршанскай філіі «Маладняка». Пісьменнік вельмі многа дапамагаў ім не толькі парадамі, але і ўдзелам у літаратурных вечарах. У гэты час М. Гарэцкі выдаў асобнымі выданнямі кнігі: “Ціхая песні” (так называлася ў 1926 г. аповесць “Ціхая плынь”), “Досвіткі”, “У чым яго крыўда?”, “На імперыялістычнай вайне”.

У верасні 1928 г. сям’я М. Гарэцкага зноў вярнулася ў Мінск. У доме Максіма Іванавіча ў Мінску часта бывалі Якуб Колас, крытык Адам Бабарэка, паэт Уладзімір Дубоўка. Дачка пісьменніка Галіна Максімаўна адзначала ў сваіх успамінах: “Бацька і Якуб Колас былі ў шчырых адносінах, хадзілі адзін да другога ў госці, чыталі свае творы, даравалі кніжкі”. [3, с. 39]

Аднак актыўная творчая дзейнасць М. Гарэцкага абарвалася ў ліпені 1930 г. 15 ліпеня пісьменнік вярнуўся з адпачынку з Крыму. 18 ліпеня яго арыштавалі.

“Ужо 18 ліпеня ў ДПУ Беларусі склалі дзве аналагічныя пастановы: адну — пра Максіма, другую — пра Гаўрылу. У той жа дзень на кватэры Максіма Гарэцкага (Заслаўская, д. 5,кв. 1) зрабілі вобыск, канфіскавалі перапіску, шэраг кніг, а гаспадара арыштавалі. Толькі больш чым праз паўгода яму прынеслі «пастановы аб дапытанні» ад 20 ліпеня і 4 жніўня, на якіх рукою Максіма напісана: «Гэта пастанова мне аб’яўлена 14 студзеня 1931 г.» Ён не згадзіўся згэтай хлуснёй. Каб у жорсткіх умовах турмы не згадзіцца са следчым нават, здавалася б, у зусім дробнай хлусні, а заставацца і тут прынцыповым, трэба было мець вялікую мужнасць. Як вядома, большасць падсудных пад націскам следства згаджаліся амаль з усім, што ім было прапанавана. Чытаючы 29-томную архіўна-следчую справу «Саюза вызвалення Беларусі» (СВБ) 54, можна зрабіць вывад, што тых падсудных, якія не прызнавалі сябе вінаватымі, не выдумлялі, не нагаворвалі на сябе і на другіх, менш выклікалі на допыты. Відаць, таму і паказанняў М. Гарэцкага і матэрыялаў пра яго допыты ў справе зусім мала. Ёсць толькі адно паказанне аб выступленні М. Гарэцкага на сходзе, дзе ён выступіў у абарону Жылуновіча, нягледзячы на дрэннае да яго стаўленне апошняга. Хаця маральна і фізічна выжываць за кратамі было надзвычай цяжка, пра што выразна сведчаць змучаныя твары на фатаграфіях зняволеных, М. Гарэцкі і ў турме працаваў. Пазней з Вяткі ў лісце да жонкі ён паведаміў, што напісаў адпаведнае пісьмо ў Менск следчаму Сікорскаму, якога прасіў выслаць рукапісы апавяданняў «Джаліта»,«Вяселле», «Маруся», «Мяшчанскае каханне», «Дырыжабль» і інш.” [2, с. 102]

10 красавіка 1931 г. быў аб’яўлены прыгавор суда – высылка ў горад Вятку на 5 гадоў. У гэты цяжкі час сям’ю Максіма Іванавіча наведаў Якуб Колас, стараўся ўсіх суцешыць, аказаць маральную падтрымку. А калі ў 1932 г. жонка М. Гарэцкага з дзецьмі рашыла выехаць да мужа, то на вакзале іх праводзілі жонка Якуба Коласа і жонка Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага.

У Вятцы М. Гарэцкі, нягледзячы на цяжкія ўмовы працы і маральныя нястачы, прадаўжаў работу над раманам “Віленскія камунары”, які ўпершыню паявіўся ў друку праз шмат гадоў пасля смерці пісьменніка, у 1965 г. Давялося пісьменніку асвоіць і самыя розныя прафесіі: чарцёжніка, тэхніка-калькулятара і інш.

У жніўні 1935 г. пасля заканчэння тэрміну высылкі М. Гарэцкі пераехаў у Смаленскую вобласць і атрымаў накіраванне на педагагічную працу ў гарадскі пасёлак Пясочная, дзе выкладаў рускую мову і літаратуру. Летам 1936 г. разам з дачкой Галінай ён наведаў родную вёску Малая Багацькаўка, а ў кастрычніку 1937 г. выйшла пастанова…

Постановление

1937 года Октябрь 27 дня г. Смоленск

Я, начальник Кировского РО УНКВД сержант Гос. безопасности Быстров, рассмотрев материал на гражданина:

Горецкага Максима Ивановича, 1893 г. рождения, уроженца Малая Богатьковка, Мстиславского р-на, БССР, по национальности белорус. В 1922 г. арестовывался польскими властями, перебежчик. Судимый к 5 годам лишению свободы за участие в контрреволюцнонной организации белнацдемов, образование имеет высшее, работает учителем средней школы в гор. Кирове.

Принимая во внимание, что он подозревается в антисоветской деятельности, а поэтому руководствуясь ст. 145 УПК.

Постановил:

гр-на Горецкого Максима Ивановича арестовать и содержать под стражей

гор. Сухиничи.

Нач. Кировского РО сержант госбезопасности (Быстров)

«Согласен» Нач. 3 отдела УГБУНКВД с/о

ст. лейтенант госбезопасности (Эстрин) [2, 154]

У снежні 1937 г. выйшла яшчэ адна пастанова.

1937 г. декабря 22 дня гор. Киров. Уполномоченный УГБ Кировского района НКВД Зарубецкий, рассмотрев сего числа следственное дело № 13036 по обвинению Горецкого М. И.

Нашел

Горецкий Максим Иванович 1893 года рождения, уроженец д. М. Багатовка Мстиславского с/сов. БССР до ареста проживал гор. Киров с/о и работал преподавателем Кировской средней школы. Белорусс, гр-н СССР, имеется среднее образование. Происходит из крестьян середняков, по социальному положению служащий. С 1919 по 1923 год проживал в Польше гор. Вильно. В 1922 г. дважды арестовывался польскими властями. В 1923 г. из под стражи польскими властями был освобожден и в том же году прибыл на жительство в СССР. В 1930 г. был осужден коллегией ОГПУ на 5 лет лишения свободы, как руководитель «Союза вызваления Украины». Срок наказания отбыл в 1935 г.



Семья состоит из жены и 2-х детей.

Обвиняется

Будучи непримиримым врагом Советской власти в течении ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения, работая учителем школы обрабатывал учеников в контрреволюционном духе.

Полагал-бы

Следственное дело № 13036 по обвинению Горецкого Максима Ивановича направить на рассмотрение в УНКВД в несудебном порядке

Пом. опер. уполном. (Зарубецкий)

«Согласен»

Нач. Киров. РОНКВД ст. лейтенант Гос. Безоп. (Ситников) [2, 157]

І вось 5 студзеня 1938 г. адбылося пасяджэнне “тройкі”, якая вынесла М. Гарэцкаму смяротны прысуд.

Выписка из протокола № 85

заседания Тройки УНКВД Смоленской области:

Слушали: Постановили:

66. Дело № 13036 Горецкого Максима Ивановича

Кировского РО Р а с с т р е л я т ь

УНКВД с/о по обвинению: Лично ему принадлежащее

Горецкого Максима Ивановича, имущество конфисковать

1893 г, уроженца д. Малое

Бочачково, Мстиславльского р-на,

БССР из крестьян-середняков,

служащего, судимого

Секретарь Тройки (Антонов) [2, 159]

10 лютага 1938 г. прысуд быў прыведзены ў выкананне.



Выписка из акта № 85

Постановление Тройки УНКВД СССР по Смоленской области от 5 января м-ца 1938 о расстреле Горецкого Максима Ивановича 1893 г. р. приведено в исполнение 10 февраля м-ца 1938 г. в 15 час.

Секретарь Тройки

УНКВД Смоленской области Атонов. [2, 160]
Кавалачак паперы — і ўсё жыццё! Максім Гарэцкі не дажыў да свайго 45-годдзя 8 дзён.

Біяграфія М. Гарэцкага пераконвае, наколькі трагічным было становішча дзеячаў беларускага адраджэння. Польскія ўлады ў 20-я гг. лічылі іх агентамі Масквы і прымалі захады, каб забараніць іх культурна-асветніцкую дзейнасць. У Савецкай Беларусі іх спачатку называлі нацдэмамі (поўная назва – нацыянал-дэмакраты), а ў гады масавага тэрору за імі замацавалі ярлыкі адшчапенцаў і ворагаў народа.


Матэрыял падрыхтаваны Аленай Прасянцовай.

Літаратура

1. Гарэцкі Г. Вытокі творчасці Максіма Гарэцкага // Выбранае. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002



2. Гарэцкі Р. Браты Гарэцкія. – Мінск, 2009

3. Крот М. С. Жывыя старонкі мінулага. – Мінск: Нар. асвета, 1997

Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет