Установа адукацыі
“Зубкаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная
сярэдняя школа Клецкага раёна “
Мы- беларусы
(Распрацоўка ўрока, прысвечанага Году роднай зямлі)
Настаўнік пачатковых класаў
Бяганская Тамара Альбертаўна
Мэта: выхоўваць вучняў на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры; раскрыць адметныя якасці беларусаў, нашых продкаў; выхоўваць павагу да роднай мовы, да беларускага народа, яго гістарычнага мінулага, культурнай спадчыны.
(Гучыць беларуская песня.)
Вучань : - Хто мы?
Вучні: Мы - беларусы! (Слайд №2)
Вучаніца: Мы нарадзіліся на беларускай зямлі, узгадаваліся і жывём на Беларусі.
Вучаніца. Радзілася я ў Беларусі,
Дзе ціхі задумлівы бор.
Ляцяць сюды з выраю гусі
Да сініх, цудоўных азёр. (Слайд №3)
Стаяць векавыя дубровы,
Даносіцца ласкавы шум.
І сонца, і ветрык вясковы
Цяплом саграваюць душу… (Слайд №4, №5)
Радзілася я ў Беларусі,
Дзе срэбрам крыніцы звіняць,
Сюды з крыкам радасным гусі
З далёкага поўдню ляцяць.(Слайд №6)
Настаўнік. З даўніх часоў на тэрыторыі Беларусі жылі нашы продкі. Чым жа яны займаліся? (Слайд №7)
Вучань. Галоўным заняткам старажытных жыхароў Беларусі было земляробства. (Слайд №8) Яны сеялі жыта, ячмень, авёс, проса, грэчку, лён і каноплі.
Продкі беларусаў былі людзі дужыя і працавітыя. Для пасеваў яны высякалі дрымучы лес, а потым яго выпальвалі. Са свойскіх жывёл у нашых продкаў былі каровы, козы, авечкі, свінні, сабакі.
Нашы продкі былі выдатныя паляўнічыя (слайд №9), добра ведалі норавы і звычкі дзікіх звяроў. Яны палявалі на зубра, тура, мядзведзя, лася, вепра. Вельмі развіта было лясное пчалярства.
Мёд, воск, звярыныя шкуры старажытныя жыхары Беларусі не толькі спажывалі самі, але і вывозілі ў іншыя краіны.
Настаўнік. Беларусь мая сінявокая!(Слайд №10). Якая прыгожая назва ў нашай краіны. Беларусь! А яшчэ мы завём яе - Радзіма. (Слайд №11). А яшчэ - Бацькаўшчына. Радзіма - бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына - бо яна нам дасталася ад нашых бацькоў. А ім ад іхніх бацькоў - нашых дзядоў. А далей - ад прадзедаў, ад прапрадзедаў… І так аж да самых далёкіх продкаў.
(Слайд №12). На нашай беларускай зямлі багата рэк, азёр, а ў жыце ўлетку цвітуць блакітныя васількі. Беларусь - наша Радзіма . А з чаго пачынаецца Радзіма? З песні маці, з роднага слова. Паслухаем вершы пра Беларусь, пра родную мову.
(Вучні чытаюць вершы.)
Вучаніца. Я – дзяўчынка-беларуска
з васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь - мая Радзіма.
Між лясамі ды азёрамі -
Васільковыя палі…
Я не ведаю, не ведаю
Прыгажэйшае зямлі.(Слайд №12).
(Вучні чытаюць вершы Л. Пранчака “Дарагая Беларусь”, Н. Галіноўскай “Зямля мая”, А. Вольскага “Непаўторны край”, М. Маляўкі “Я - беларус маленькі”.)
Вучань. Я нарадзіўся беларусам,
Беларусам буду жыць!
Мову родную вучуся
Шанаваць, цаніць, любіць. (Слайд №13).
Настаўнік. Беларускі народ мае сваю родную беларускую мову. Яна прыгожая, мілагучная, спеўная, лагодная. Мы, беларусы, ганарымся сваёй роднай беларускай мовай. ( Вучні чытаюць запіс на дошцы: “Хто не шануе сваю родную мову, той не шануе сам сябе”. Ф. Багушэвіч.)
Вучань чытае верш У. Мазго “Ты адкуль бруішся, мова?
Ты адкуль бруішся, мова?
З сініх нёманскіх крыніц?
Па зямлі збіраю словы,
Нібы россыпы суніц.
Мілая, адзіная
Нам, нашчадкам, дадзена
Любаю радзімаю
Ад дзядоў і прадзедаў.
Вучань чытае верш М. Пазнякова “Міколкавы пытанні”.
Француз па-французску, па-польску - паляк
Гавораць з маленства, а я, мама, як?
Замежную мову я ў садзе вучу,
А на беларускай - не ўмею, маўчу.
Чаму, адкажы мне, ты, тата і дзед
Не размаўлялі на роднай нідзе?
Я рускую мову люблю і вучу.
І нашу таксама я ведаць хачу.
Буквар беларускі прашу мне купіць,
І родную мову пачну я вучыць.
Слайд №14. Гульня “Перакладчыкі”. (Вучні перакладаюць словы з рускай мовы на беларускую.)
Карандаш - …аловак
Родина - …
Тетрадь - …
Учебник - …
Утро - …
Ёж - …
Дождь - …
Осень - …
Настаўнік. Неацэнны моўны скарб нашага народа - прыказкі і прымаўкі. (Слайд №15) Ужо няма тых людзей, якія прыдумалі гэтыя трапныя выразы, а прыказкі працягваюць жыць. Прыказкі і прымаўкі даюць карысныя парады, вучаць нас дабру, перасцерагаюць ад дрэнных учынкаў. Ці ведаеце вы беларускія прыказкі і прымаўкі?
(Вучні называюць прыказкі і прымаўкі).
-
Шануй бацьку з маткай, другіх не знойдзеш.
-
Хто працуе, той не сумуе.
-
Спяшыць - людзей насмяшыць.
-
Усюды добра, а дома лепей.
-
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
-
Хто пытае, той шмат знае.
-
Малая пчала, ды і тая працуе.
-
Чалавек невучоны, як тапор нетачоны.
Настаўнік. ( Слайд №16.) Заўсёды беларусы вызначаліся здатнасцю да жартаў, кемлівасцю. Скарбонкай народнай мудрасці і назіральнасці лічацца беларускія загадкі. Кемлівасці, дасціпнасці вучыліся дзеткі, калі адгадвалі загадкі. Паглядзім, ці кемлівыя вы, дзеці?
( Вучні загадваюць загадкі.)
Блакітнае вока ад зямлі высока. (Неба)
Нахмурыцца , насупіцца,
У слёзы ўдарыцца -
Нічога не застанецца.(Хмара)
Хвост мой пушысты, кажух мой агністы,
Хітрай называюць і курэй хаваюць. (Лісіца)
Крылаў не мае, а лятае,
Без рук, а вароты адчыняе,
Без голасу, а спявае.
Без пугі, а хмары ганяе. (Вецер).
Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці.(Ноч)
Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.
А няма электратоку - ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар)
З гаспадаром сябруе, дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам - хвост абаранкам.(Сабака.)
Сосны лечыць ён з вясны,
Доктарам завуць лясным. (Дзяцел)
Настаўнік. Я ў вас вось што запытаю,
Вы скажыце, госці, мне:
Ці вам добра тут, ці не?
Ну, тады чаго чакаеце?
Чаму артыстаў не вітаеце?
(Вучні расказваюць жарты. Слайд №17)
****
Сын. Тата, сёння я адзін ва ўсёй школе мог адказаць настаўніку.
Бацька. А што ён пытаў, сынок?
Сын. Хто разбіў акно?
****
Маці.Чаму ты перад сном прычэсваешся?
Сын. Трэба. Бывае, сасню, што я ў гасцях, дык сорамна будзе непрычасанаму.
****
Маці. Чаму ты, сынок, нічога ў пару не робіш? Помні, што адклад не ідзе на лад.
Сын. Ах, калі так, мамачка, дык тады дай мне сягоння тыя цукеркі, што ты схавала назаўтра.
Ехалі з горкі скарагаворкі. (Слайд №18). Па дарозе разбіліся на дзве часткі. Іх трэба сабраць.(Вучні злучаюць часткі скарагаворак).
У чаплі чапляня, беламу зайку.
Белы бусел баяў байку таўкуць мак камары.
На двары без пары у зайкі зайчаня.
(Вучні вучацца выгаворваць скарагаворкі. Слайд № 19).
Завітала ў госці казка – сустракайце, калі ласка! (Слайд № 20).
У даўнія часы, калі простыя людзі яшчэ не ўмелі пісаць, расказвалі адзін аднаму, сваім дзецям розныя цікавыя казкі. Героямі казак былі жывёлы, а таксама выдуманыя істоты. Сюжэты казак былі не толькі забаўляльнымі, але многаму маглі навучыць.
Сёння мы ўспомнім з вамі казкі, складзеныя беларускім народам.
- Якімі словамі пачынаецца казка “Курачка-раба”?
“Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-раба. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу, ды паставіла на паліцу”.
- Што крычаў Пеўнік, калі яго схапіла ліса? (Казка “Коцік , пеўнік і ліса”.)
“Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!”
- Якімі словамі пачынаецца казка “Сынок з кулачок”?
“Жылі дзед і баба. Быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак”.
- Што казала каза-манюка кожны раз дзеду, калі вярталася з пашы?
“ – Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…”
- Як заканчваецца казка “Піліпка-сынок”?
“ А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць. А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.”
(Вучні дзеляцца на 2 каманды і складваюць з разразных частак казку.)
Музычная паўза. Дзеці спяваюць беларускую народную песню.
-
Малайцы, дзеці! А зараз час пагуляць.
Беларуская народная гульня “Маша”. (Слайд №21).
Усе становяцца ў кола, пасярэдзіне знаходзіцца Маша з завязанымі вачамі.
Дзеці прыгаворваюць:
Маша, ты пацеха наша!
Ручкі з золата, ножкі з долата,
Валасы кудлатыя, а вочы зыркатыя.
(Маша хапае каго-небудзь з кола і спрабуе адгадаць, хто гэта. Калі яна адгадае імя дзіцяці, той становіцца Машай, калі не - працягвае лавіць дзяцей і адгадваць).
Настаўнік. Паслухайце яшчэ адну гісторыю. (Слайд №22).
Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Раптам чуюць – спявае нехта. Першы кажа:
- Відаць, жаўранак спявае.
- Не, - кажа другі, - гэта лес шуміць.
А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:
- Ды гэта ж зямля спявае.
Вось якая яна, наша беларуская зямля!
(Вучні чытаюць вершы пра родны край).
Я - беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі.
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.(Слайд №23)
Я - беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя.
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма. (Слайды №24, 25).
Я - беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую і здалля. (Слайд №26).
Я - беларус, і хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
“Я родам з племя непакорных
І прад бядой не задрыжу.” (Слайд №27).
Высока ў небе вырай кружыць,
Ляціць за сіні небакрай.
Не забывай ніколі, дружа,
Сваю зямлю, свой родны край! Слайд №28).
Достарыңызбен бөлісу: |