Выступленне на радыё “Вершы на штодзень і назаўсёды”, прысвечанае 100-годдзю з часу выхада ў свет паэтычнага зборніка Максіма Багдановіча “Вянок”.
12 снежня адбыўся запіс выступлення на Брэсцкай радыёстудыі “Вершы на штодзень і назаўсёды”, прысвечаны 100-годдзю з часу выхада ў свет паэтычнага зборніка Максіма Багдановіча “Вянок”.
Бібліёграф бібліятэкі – філіяла № 7 імя У. Калесніка Алена Ігнацьева расказала пра тое, як стваралася гэтая кніжка. Паэт пісаў вершы для гэтага зборніка з паловы 1909 г. да паловы 1912 г., калі яму было 17-20 год, але ў ёй сапраўды былі “творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца” (М. Багдановіч). Творчая гісторыя “Вянка” ўвогуле складаная. Хоць кніжка і пісалася на працягу вельмі кароткага адрэзка часу, ды гэта быў час імклівага росту Багдановіча-паэта. Па словам літаратуразнаўцаў, “Вянок” — не зборнік, а цэласная кніга паэзіі, якая адкрыла новыя старонкі ў беларускай літаратурнай прасторы. Таму яна адразу стала нашай класікай.
Максіма Багдановіча часта называюць зоркай беларускай паэзіі. Яго параўноўваюць з метэарытам, які, згараючы, асвятляе ўсё вакол сябе. Паэтычнае слова Багдановіча сагравае і сённяшняе наша жыццё, трывожнае і неспакойнае. Затое заўсёды ціха і спакойна на могілках у далёкай Ялце, дзе побач з магілай Максіма Багдановіча растуць два кіпарысы — сімвал вечнай журбы, сімвал вечнай маладосці.
І гэта сцвярджае Яўгенія Янішчыц у сваіх паэтычных радках.
Смерць, ты цікуеш дарма,
Белых галінак кіпенне.
Смерці Паэта няма —
Ёсць Нараджэнне!
Песняй абвостраны слых,
Чуеш, Максім? — не ўмірае!
Гэта з табой. І для ўсіх
Зорка Венера світае.
КНІГА НА ШТОДЗЕНЬ І НАЗАЎСЁДЫ
(100 гадоў з часу выдання зборніка вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”)
Вы, хто любіце натрапіць
Між страніц старых, пажоўклых
Кнігі, ўжо даўно забытай,
Блеклы, высахшы лісток, -
Праглядзіце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, свежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцця.
Гэтым вершам-запрашэннем адкрываецца адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік найвыдатнейшага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Зборнік выйшаў у 1913 годзе ў Віленскай друкарні Марціна Кухты. Яго быў вельмі маленькі тыраж і склаў усяго 2000 экзэмпляраў. Сёння дакладна невядома, колькі захавалася экзэмпляраў кнігі, але да нядаўняга часу іх было знойдзена ўсяго 24.
Выхад “Вянка”(а менавіта так называлася кніга) у свет стаў важнай падзеяй у беларускай літаратуры і прынёс паэту вялікі поспех, прызнанне і славу. У зборніку змешчана каля 100 вершаў (лірычнага і патрыятычнага характару) і 2 паэмы. Паэт аб’яднаў свае вершаваныя творы ў некалькі тэматычных цыклаў — “У зачараваным царстве”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая Беларусь”, ”Места”, “Думы”, ”Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны”.
Гэта была як адзначыў сам паэт, “кніжка … зусім маладая”. Яна складалася з паловы 1909 года да паловы 1912 г., калі Багдановічу было 17-20 год, але ў ёй сапраўды былі, па словам, Максіма Багдановіча “творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца”. Творчая гісторыя “Вянка” ўвогуле складаная. Хоць кніжка і пісалася на працягу вельмі кароткага адрэзка часу, ды гэта быў час імклівага росту Багдановіча-паэта. Гэта быў не проста зборнік вершаў, а кніга паэзіі — з арыгінальнай агульнай задумай, своеасаблівым унутраным “лірычным” сюжэтам.
Гаворачы словамі Максіма Лужаніна , “Багдановічаўскі “Вянок” здаецца неперасягнутым узорам цэльнасці лірычнай кнігі. Кніга чытаецца так, як быццам мае яна своеасаблівы лірычны сюжэт. З кожным новым вершам паэт усё глыбей і паўней раскрывае свет, змешчаны ў сабе, свет, які акружае яго рэальна, і свет, што існуе толькі ва ўяўленні”. Таму няма нікага здзіўлення, што “Вянок” адразу стаў нашай класікай.
Кніга выдавалася з вялікімі цяжкасцямі. Гэта паказвае перапіска Максіма Багдановіча з работнікамі рэдакцыі “Нашай нівы”. Хворы ў той час паэт пісаў: “Што да выдання кніжкі, дык бачу, што яно спыняецца галоўным чынам праз недахват грошай, але ніяк не прыдумаю, як Вам памагчы. Сам я не зарабляю, у бацькі прасіць, дык ён многа даць не можа, бо жыве ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму. Але вось што: калі я ачуняю, дык папрабую заняць пад кніжку ў розных сваіх знаёмых грошы. Значыцца, прадасца колькі сот экзэмпляраў яе, Вы мне надашлёце тыя грошы. Другое, Вы мне не шліце аўтарскіх экзэмпляраў, я іх куплю і куплю шмат”.
У зборніку "Вянок" выявіліся мары, спадзяванні паэта, яго інтымныя пачуцці, шчырыя прызнанні ў любві да роднай зямлі. Значнае месца ў творчасці паэта займае інтымная лірыка. Каханне — пачуццё бязмернай павагі да жанчыны, выражэнне гуманнасці і высакароднасці чалавека, крыніца яго лепшых імкненняў. У творах М. Багдановіча гэта пачуццё сагрэта асаблівай цеплынёй, шчырасцю. Сапраўдным паэтычным шэдэўрам інтымнай лірыкі з'яўляецца раманс "Зорка Венера". Ён кранае глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў. Лірычны герой твора (юнак) засмучаны тым, што павінен расстацца з любай дзяўчынай. Ён абяцае, што ў далёкім краі, куды едзе, усё сваё жыццё будзе помніць каханую. Пра яе будзе напамінаць і Венера, якой, безумоўна, вядома пра пакуты разлучаных сэрцаў:
Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
У цыкле вершаў "Мадонны", прысвечаным Ганне Какуевай, М. Багдановіч увасобіў сваё разуменне вобраза мадонны — ідэала высокай красы, жаноцкасці, хараства, дабрыні і чалавечнасці.
Так здарылася, што жыць на беларускай зямлі Максіму давялося толькі першыя пяць гадоў. Пасля смерці маці ён быў аддзелены ад гэтай зямлі тысячамі вёрст: жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце. Беларусь паэт уяўляў толькі па легендах, народных павер'ях і паданнях. Любоў да яе была самым трапяткім, самым гарачым пачуццём Багдановіча. Родны край здаваўся яму дзівоснай казкай, поўнай незвычайных таямніц. Але Максім Багдановіч добра ведаў, што ў краіне казачных бароў і пушчаў, азёр і рэк гаруе і пакутуе працоўны народ. Таму так адчайна гучаць яго словы:
Краю мой родны! Як выкляты Богам—
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.
Але разам з тым паэт бачыць моц і красу беларускай прыроды: бяскрайняе мора збажыны, густыя лясы, духмяныя лугі і палі.
Паэт верыць у сваю радзіму і яе лепшую будучыню. Яна бачыцца яму шчаслівай, светлай, радаснай:
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарках залётных агня...
У кожнай літаратуры ёсць паэты і пісьменнікі, якімі ганарацца іх нашчадкі. У беларускай літаратуры такімі былі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч. Апошняму з іх — М. Багдановічу — лёс адмераў толькі дваццаць пяць вёсен і зім. І за гэты кароткі жыццёвы шлях ён паспеў напісаць "Вянок", споведзь яго душы. Вершы, кія складаюць гэтую кнігу, ужо цэлае стагоддзе прыцягваюць да сябе увагу чытачоў. Гэта кніга пра вечнае, хоць і звернутая ў мінулае.
Максіма Багдановіча часта называюць зоркай беларускай паэзіі. Яго параўноўваюць з метэарытам, які, згараючы, асвятляе ўсё вакол сябе. Багдановічава паэтычнае слова сагравае і сённяшняе наша жыццё, трывожнае і неспакойнае. Затое заўсёды ціха і спакойна на могілках у далёкай Ялце, дзе побач з магілай Максіма Багдановіча растуць два кіпарысы — сімвал вечнай журбы, сімвал вечнай маладосці.
Паэтка Яўгенія Янішчыц у сваім вершы ЯЛТА-1917 прадракала вечнасць Максімаваму “Вянку”:
Чысты погляд васілька
Ціха журыцца радзіме.
Роднае поле радка
Ці не з табою, Максіме?
Чую, як мора шуміць.
Хваля тугі не адніме.
Хочацца верыць і жыць
Ці не табе, Максіме?
Белай самоты сцяна,
Дай яму лёту і сілы!
Ці не з журбы Лесуна
У Лебедзя гордыя крылы...
Скруха душу апячэ,
А ці ўзніме нягода.
Гэта спяшаецца Чэсць
У абарону народа.
Смерць, ты цікуеш дарма,
Белых галінак кіпенне.
Смерці Паэта няма —
Ёсць Нараджэнне!
Песняй абвостраны слых,
Чуеш, Максім? — не ўмірае!
Гэта з табой. І для ўсіх
Зорка Венера світае.
Па матэрыялам ІНТЭРНЭТа
Достарыңызбен бөлісу: |