Заходнерусізм – гэта канцэпцыя, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з вялікарускім этнасам.У заходнерусізме вылучаліся дзве плыні: кансерватыўная (К.А.Гаворскі) і ліберальная (М.В.Каяловіч). Прадстаўнікі першага кірунку лічылі, што этнічныя асаблівасці беларусаў з’яўляюцца вынікам уплыву польска-каталіцкай экспансіі, таму заходняму краю неабходна вярнуць рускі характар. Прадстаўнікі ліберальнай плыні прызнавалі пэўную гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але выключалі магчымасць яе нацыянальна-культурнага самавызначэння. А.У.Літвінскі вызначыў два перыяды ў развіцці заходнерусізму.
Першы перыяд (60 – 80-я гг. ХІХ ст.) падзяляецца на тры этапы:
60-я гг. – час актывізацыі публіцыстаў і гісторыкаў заходнерускай плыні з мэтай выкрыцця «польскай інтрыгі»;
70-я гг. – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў сувязі з «патапаўшчынай» (курс віленскага генерал-губернатара А.Л.Патапава, накіраваны на замірэнне царызма з польскім дваранствам), смерцю Гаворскага і пераходам Каяловіча да грунтоўнай навуковай дзейнасці;
80-я гг. –пашырэнне цікавасці да заходнерусізму з боку ўрада (Аляксандра ІІ, Сінода і інш.).
Другі перыяд ахоплівае 90-я гг. ХІХ ст. – да 1917 г. Ён падзяляецца на два этапы:
першы (90-я гг. ХІХ ст. – 1905 г.) – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў гістарыяграфіі з прычыны афармлення ліберальнай плыні ў развіцці гістарычнай думкі і смерці Каяловіча;
другі (1905 – 1917 гг.) – барацьба з польскім і беларускім нацыянальным рухам, калі заходнерусізм не атрымаў навуковага акадэмічнага кірунку, а меў публіцыстычны характар.
Канцэпцыя заходнерусізму была выклікана актывізацыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў першай палове ХІХ ст. Менавіта тады ўзнікла патрэба стварыць супрацьвагу для шляхецкай ідэалогіі, якая ставіла на мэце аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Паўстанне 1863 г. стала тым штуршком, які вымусіў урад зрабіць заходнерусізм галоўным ідэалагічным кірункам афіцыйнай палітыкі ў заходніх губернях краіны.
Ідэйна заходнерусізм узыходзіць да славянафільства – філасофскай дактрыны, якая сфармавалася ў адказ на нямецкую класічную філасофію і часткова нямецкую гістарычную думку з місіяй абароны славянскага свету. Прадстаўнікі расійскага славянафільства зыходзілі з трох асноўных пастулатаў:
праваслаўны Усход супрацьстаіць каталіцкаму Захаду;
2) праваслаўе мае духоўную перавагу над каталіцызмам
3) Расія – лідэр славянству і перашкода на шляху сацыялізму і рэвалюцыяў, якія маюць заходняе паходжанне. Заходнерусісты поўнасцю падзялялі гэтыя погляды.
Афармленне заходнерусізма як гістарыяграфічнага кірунку было немагчымым без дзейнасці мясцовых даследчыкаў, г.зн. гісторыкаў Беларусі і Літвы, якія гуртаваліся вакол Віленскага універсітэта, а пазней вакол віленскіх перыядычных выданняў. Яны заклалі крыніцазнаўчую аснову ў вывучэнні мінулага рэгіёна, паставілі пытанне аб рухальных сілах мясцовай гісторыі, стварылі атмасферу навуковага пошуку. Арганізацыйнае афармленне гэтага кірунка адбылося ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, а гістарыяграфічнае афармленне заходнерусізму звязана з працамі Міхаіла Каяловіча. Ён пашырыў і ў значнай ступені ўдакладніў гістарычныя погляды М.Г.Устралава. Яго канцэпцыя была панрасійскай, славянафільскай і антыпольскай.
Свае метадалагічныя погляды Каяловіч раскрыў у кнізе «История русского самосознания» (1884 г.), якая стала буйной гістарыяграфічнай падзеяй – першай абагульнай гістарыяграфічнай працай у Расіі. Гісторык лічыў, што гістарычнае даследаванне не можа быць аб’ектыўным, таму вучоны павінен адмовіцца ад пошуку абсалютнай ісціны праз выбар прымальнай для яго пазіцыі. Аднак даследчык выступаў супраць адвольнага выкарыстання гістарычных крыніцаў, указваў на неабходнасць ацэнкі іх аб’ектыўных звестак. Ён размяжоўваў навуковы і літаратурны падыходы да гісторыі, не прызнаваў гістарычнай белетрыстыкі. Каяловіч адмоўна ацаніў крыніцазнаўчую дзейнасць Даніловіча і Нарбута, таму што яны друкавалі летапісы лацінскім шрыфтам, а не аўтэнтычнай кірыліцай. Сам гісторык абапіраўся на традыцыі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, спасылаўся на працы М.М.Бантыш-Каменскага, М.М.Карамзіна, М.Г.Устралава, М.В.Без-Карніловіча і інш. Але адзначым, што да Каяловіча гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай не з’яўлялася прадметам асобнага даследавання для расійскіх гісторыкаў. Асноўныя працы прысвечаны гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі.
Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія – гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т.н. Украину, и Литву в собственном смысле слова». Дзяржаўнасць спачатку сфармавалася ў межах рускага арэалу «заходняй Русі», а потым пад ціскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб’яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты, якія ўжо ў ХІІІ ст. мелі свае дзяржаўныя формы. Фактарам гістарычнага развіцця ён лічыў барацьбу «дзвюх сілаў»: рускай і польскай. Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіцкай і рускай праваслаўнай цывілізацыяў. Задача даследчыка заключаецца ў вывучэнні крыніцаў і прычынаў «польскага трыумфу». Польскі ўплыў сапсаваў заходнерускае грамадства, садзейнічаў яго расколу.
Канцэпцыя Каяловіча ўпісалася ў афіцыйную расійскую гістарыяграфію і публіцыстыку. На спрошчаным узроўні яна была размножана ў шматлікіх вучэбных, асветніцкіх і палемічных публікацыях. Кантрасная, выключна адмоўная ацэнка яго поглядаў была дадзена з боку дэмакратычнай ліберальнай грамадскасці другой паловы ХІХ ст. і панегірычная – з боку афіцыйных і царкоўных колаў. У найноўшай гістарыяграфіі погляды Каяловіча былі раскрытыкаваны У.І.Пічэтам («прекрасный показатель того, как не нужно изучать исторические явления»).
У Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.В.Каяловіч стварыў заходнерускую гістарычную школу, заснаваную на ідэях вялікадзяржаўнасці і манархізму. Але яе прадстаўнікі ўлічвалі ўплыў ліберальнай гістарыяграфіі, таму большую ўвагу сталі надаваць сацыяльнаму кантэксту ў гісторыі канфесійных адносінаў.
Найбольш выразна заходнеруская гістарыяграфічная пазіцыя прасочваецца ў працах рускага гісторыка Паўла Бранцава. Павел Дзмітрыевіч Бранцаў (1845 – ?) працаваў выкладчыкам мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, затым выкладаў гісто-рыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, да 1906 г. дырэктар народных вучылішчаў Курляндскай губерні. На яго думку, заслугай беларускіх князёў з’яўлялася іх барацьба за абарону праваслаўя. Рускія цары вызвалілі беларусаў ад літоўскай і польскай асіміляцыі. Аўтар станоўча ацэньваў дзейнасць віленскага генерал-губернатара М.М.Мураўёва, накіраваную на ліквідацыю паўстання 1863 г.
Адным з першых выкарыстаў тэрмін «Заходняя Русь» прадстаўнік позняга заходнерусізму І.П.Філевіч, які ў 1896 г. апублікаваў «Историю древней Руси». У сваім даследаванні аўтар паказаў негатыўны ўплыў Ягайлы на лёс Беларусі, раскрыў складванне мясцовай спецыфікі пад уплывам каталіцызму і нямецкага права, што прывяло да гістарычнай несамастойнасці Заходняй Русі ў параўнанні з Масквой, патрабаваў уніфікаваць «рускае» жыццё рэгіёна па маскоўскім узоры.
Прыхільнікі заходнерусізму з русафільскіх і палонафобскіх пазіцыяў вялі барацьбу з беларускім нацыянальна-культурным рухам, лічылі яго «польскай інтрыгай», а дзеячоў называлі «белаляхамі». З другога боку, заходнерусісты супрацьстаялі польскаму ўплыву на Беларусі, які стаў узмацняцца пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.
Достарыңызбен бөлісу: |