Развіццё гістарычнай думкі ў ВКЛ у XVII–XVIIІ ст. Альберт Віюк Каяловіч.
У ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. гістарычная думка знаходзілася пад кантролем езуітаў, якія манапалізавалі сістэму адукацыі ў ВКЛ. Веды па гісторыі, геаграфіі, міфалогіі даваліся ў чацвёртым класе паэтыкі і ў пятым класе рыторыкі. Навучанне ў вышэйшай школе (Акадэміі) прадугледжвала вывучэнне на філасофскім і багаслоўскім факультэтах логікі, фізікі, метафізікі, этыкі (па Арыстоцелю). XVI ст. стала пачатковым этапам у развіцці адукацыі Ордэна езуітаў. Гісторыя не з’яўлялася самастойным прадметам навучання, а выкарыстоўвалася для вывучэння паэтыкі і рыторыкі. Гістарычныя веды павінны былі садзейнічаць маральнаму і хрысціянскаму выхаванню моладзі. Крыніцамі гістарычнай інфармацыі з’яўляліся працы і каментарыі антычных аўтараў. Ужо ў класе граматыкі пры вывучэнні моў паўстала праблема выкарыстання гістарычнай інфармацыі для вызначэння стылю паэта і г.д. Жыццё і дзейнасць старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх гісторыкаў разглядалі ў класе паэзіі. Наступным этапам прадугледжвалася вывучэнне непасрэдна прац антычных аўтараў (Тацыта, Ціта Лівія, Фукідзіда і інш.). Кардынальных перамен у гістарычнай адукацыі езуітаў не адбылося і ў першай палове XVII ст. Праўда, падчас арганізацыі Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў прайшла нарада (лістапад 1609 г.), прысвечаная гуманітарнай адукацыі. Яе рашэнні сведчылі аб тэндэнцыі да мадыфікацыі «Ratio studiorum», жаданні ўлічыць спецыфіку правінцыі. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі стварыць кафедры гісторыі ў калегіўмах, дзе выкладалася філасофія. Гэта тлумачылася просьбамі мясцовай шляхты, якая жадала, каб шляхецкая моладзь навучылася дастойна выступаць на пасяджэннях соймікаў і вальнага сойма. Але генерал ордэна катэгарычна адмовіў, растлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што гісторыі прысвечана дастаткова ўвагі ў класах паэтыкі і рыторыкі. Другая палова XVIII ст. характарызуецца секулярызацыяй гістарычнай думкі і ў цэлым адукацыі ў ВКЛ. Гэта адбылося пад уплывам рэформы ордэна піяраў, якую правёў Станіслаў Канарскі ў 50 – 60-я гг. Рэформа прадугледжвала вывучэнне польскай, французскай моў, прыродазнаўчых дысцыплін, эстэтычнае і фізічнае выхаванне дзяцей, правядзенне практычных заняткаў за кошт скарачэння курса тэалогіі. Таксама свой уплыў аказалі ідэі французскіх асветнікаў, творы якіх перакладаліся пры садзейнічанні Адукацыйнай камісіі. Адбыўся пераход ад гісторыі, узгодненай са Святым Пісаннем, да гісторыі дэсакралізаванай. Пад кантролем і апекай графа Ігната Патоцкага былі напісаны новыя падручнікі па сусветнай гісторыі братамі Скшатускімі «Палітычная гісторыя для дваранскай моладзі», «Заўвагі па ўсеагульнай гісторыі для народных вучылішчаў». Да іх блізкімі па свецкай накіраванасці стала кніга па ўсеагульнай гісторыі піяра Д.Шыбінскага «Кароткія звесткі пра важнейшыя манархіі свету, старажытныя каралеўствы і рэспублікі». Ён адным з першых сярод гісторыкаў Рэчы Паспалітай зрабіў спробу ўвесці ўласную перыядызацыю гісторыі, заснаваную па падзеях свецкай гісторыі, першым імкнуўся аддзяліць гісторыю царквы ад грамадзянскай гісторыі. Прааналізаваўшы выкладанне гуманітарных дысцыплін, Адукацыйная камісія запатрабавала, каб пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі асноўная ўвага надавалася гісторыі Польшчы.
У Літоўскай правінцыі езуітаў мінулае ВКЛ вывучалі на аснове «Гісторыі Літвы» - 1га сістэматызаванага курса гісторыі ВКЛ, які быў створаны шляхціцам, гісторыкам Альбертам (Войцехам) Віюком Каяловічам (1609 - 1677 гг.), нарадзіўся ў Коўне. У Нясвіжы вывучаў філасофію, займаўся ў класе паэзіі ў Смаленску. У 1634-38 гг. вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскай акадэміі. Абараніў дысертацыю на званне магістра філасофіі, выкладаў логіку, фізіку, этыку.
Достарыңызбен бөлісу: |