Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага
Пасля скасавання Ордэна іезуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (лац.: Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) — свецкую вучэльню, рэфармаваную Адукацыйнай камісіяй. Пачынаецца выкладанне па-польску і па-літоўску на некаторых факультэтах — літэратуры і гісторыі Польшчы і Літвы, прыродных і матэматычных навук. Афіцыйна школа па-ранейшаму называецца по-лацінску "Academia et Universitas Vilnensis", толькі без азначэння "Societatis Jesu". Але менавіта ў гэты час яе сталі часцей называць універсітэтам, а не акадэміяй як раней. Гэты перыяд час пэўнага росквіту навучальнай установы, хаця пры нацыянальна-культурным заняпадзе ў ВКЛ школа і была паланізаваная. У той жа час школа мела найлепшы ў Рэчы Паспалітай медыцынскі факультэт, створаны прыехаўшым з Вены Ёганам Петэрам Франкам.
Галоўная віленская школа
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пераіменавая на Галоўную віленскую школу (руск.: Главная виленская школа) і на нейкі час страціла свой былы статус і веліч.
Імператарскі Віленскі ўніверсітэт
Падпісаным 4 (16) красавіка 1803 года імператарам Расійскай імперыі Аляксандрам I актам Галоўная віленская школа пераўтворана ў Імператарскім Віленскім універсітэтам і робіцца цэнтрам адукацыі для васьмі губерняў — Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай.
Ганаровым апекуном і патронам універсітэту становіцца князь Адам Чартарыйскі. Некаторы час, да паўстання 1830—1831 гг., універсітэт зазнае час росквіту. Да найбольш вядомых вучоных гэтага часу, звязаных з універсітэтам, належаць Ян Снядэцкі, Анджэй Снядэцкі, Іаахім Лялевель, Міхал Ачапоўскі, Сімонас Даўкантас, Іозеф Франк. Вучыліся тут Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі. Колькасць студэнтаў узрасла ад 290 у 1804 да 1321 у 1830. У 1823 годзе вучэльня стала найбуйнейшай у Расіі і Еўропе, пераважаючы па колькасці студэнтаў Оксфардскі ўніверсітэт.
Складаўся з 4 факультэтаў — фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычны (з багаслоўем), літаратурны з мастацтвамі. Было 32 кафедры, выкладалася 55 прадметаў. Да Універсітэта належылі: батанічны сад, анатамічны музей, клініка, фізічная і хімічная лабараторыі, бібліятэка на 60000 тамоў.
Тут дзейнічалі тайныя студэнцкія арганізацыі філарэтаў, філаматаў. У 1823 годзе па справе аб прыналежнасці да іх былі арыштаваныя і пасля доўгатэрміновага трымання за кратамі высланыя ў розныя гарады Расіі дзясяткі навучэнцаў, сярод якіх і Адам Міцкевіч. Адам Чартарыйскі быў адхілены ад універсітэту, яго месца заняў Мікалай Навасільцаў (1768—1838). Пасля гэтага паступова ўвадзілася руская мова. З-за непасрэднай ці ўскоснай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831 года рэскрыптам Мікалая I 1 мая 1832 года ўніверсітэт цалкам скасоўваецца. Медыцынскі і тэалагічны факультэты ператвараюцца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўкаму ўніверсітэту Св. Уладзіміра і ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеную ў Санкт-Пецярбург). З 1855 у будынках універсітету знаходзіцца Музей старажытнасцяў, потым Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзве мужчынскія гімназіі.
Достарыңызбен бөлісу: |