А.І. Цвікевіч «Заходнерусізм»


Асноўныя накірункі і сацыяльна значныя здзяйсненні у вывучэнні гісторыі Беларусі савецкага перыяду



бет7/59
Дата24.05.2022
өлшемі267.59 Kb.
#458596
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   59
Ultimate Shefchuk v 1 0

Асноўныя накірункі і сацыяльна значныя здзяйсненні у вывучэнні гісторыі Беларусі савецкага перыяду.




  1. Асноўныя накірункі навуковай увагі даследчыкаў з 1990-х гадоў. Пашырэнне тэматыкі, змены ў яе структуры.


Мяжа ХХ – ХХІ стст. трактуецца метадолагамі гісторыі (АМ.Нечухрын) як перыяд крызісу гістарычнай навукі. Пад ім разумеецца не дэградацыя навуковых ведаў, а працэс пераасэнсавання тэарэтычных і метадалагічных асноў навукі. Праблемай для беларускай гістарыяграфіі стала абмежаванасць метадалагічнай падрыхтоўкі гісторыкаў, недастатковае валоданне імі сучаснымі метадамі гістарычных даследаванняў, слабая матэрыяльная база навукі. Назіраецца дыспрапорцыя ў падрыхтоўцы спецыялістаў па асобных галінах навукі і ў праблематыцы навуковых працаў.
Вывучэнне першабытнага грамадства на Беларусі ў канцы XX – пачатку ХХІ ст. значна ўзбагацілася новымі археалагічнымі даследаваннямі перыядаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Грунтоўнае даследаванне атрымалі культуры фінальнага палеаліту і мезаліту. З наступных археалагічных эпох абагульняльныя працы прадстаўлены па днепра-данецкай культуры (У.Ф.Ісаенка), нёманскай культуры (М.М.Чарняўскі, В.Л.Лакіза, У.Ф.Ісаенка), верхнедняпроўскай культуры (А.Г.Калечыц), нарвенскай культуры (М.М.Чарняўскі), культуры шарападобных амфараў (М.М.Чарняўскі, В.Я.Кудрашоў, В.Л.Ліпніцкая), помнікам тыпу Бабінавічаў (Э.М.Зайкоўскі) перыяду неаліту. У апошніх навуковых выданнях, асабліва ў чатырохтамовіку «Археалогія Беларусі» (выданне завершана ў 2001 г.), праводзіцца думка, што беларусы з’яўляюцца часткай славянскага свету. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ прытрымліваюцца індаеўрапейскай этнагенетычнай тэорыі (аўтахтоннае насельніцтва → старажытныя індаеўрапейцы → балты → усходнія славяне → беларусы). Праблемай застаецца пачатак фармавання беларускага этнасу, у прыватнасці, фармаванне «старажытнарускай народнасці», або «усходнеславянскай», як гэта прапануе беларускі даследчык М.Ф.Піліпенка. Новую дыскусійную манаграфію «Древнерусская народность» (1999 г.) выдаў адзін з заснавальнікаў тэорыі балцкага субстрату В.В.Сядоў.
Не страчвае актуальнасці тэма Кіеўскай Русі. Існуюць розныя пункты гледжання на храналагічныя рамкі існавання старажытнарускай дзяржавы. Так, Г.В.Штыхаў лічыць, што ўжо ў гады княжання Яраслава Мудрага Кіеўская Русь як адзіная дзяржава фактычна перастала існаваць. У сувязі з гэтай праблемай узнікае пытанне, што ўяўляла старажытнаруская народнасць? Пазіцыі даследчыкаў зводзяцца да двух палажэнняў: 1) старажытнаруская народнасць была ўстойлівай этнічнай супольнасцю, якая перажыла Кіеўскую Русь і на яе аснове сфармаваліся тры народнасці – беларуская, руская, украінская; 2) старажытнаруская народнасць канчаткова не склалася, яе распад быў вызначаны распадам Кіеўскай Русі ў XII– XIII стст.
Галоўным пытаннем беларускай гістарыяграфіі 90-х гг. становіцца гісторыя Беларусі ў кантэксце гісторыі ВКЛ. Аб гэтым сведчыць рост колькасці публікацыяў: у 1990 г. – 47, у 1991 г. – 100, у 1992 г. – 183. Адной з цэнтральных тэмаў навуковай дыскусіі стала праблема ўзнікнення ВКЛ. Першым, хто ў 80-х – 90-х гг. прапанаваў уласную канцэпцыю ўзнікнення і развіцця ВКЛ як беларускай дзяржавы ХІІІ – ХV стст., быў беларускі даследчык М.І.Ермаловіч. Пастаноўка пытання была слушнай, і шэраг аспектаў яго працаў заслугоўваюць увагі. Аўтар падмацоўвае сваю пазіцыю вядучай роллю Навагародка, беларускім характарам Вільні і герба «Пагоні», дзяржаўным статусам беларускай мовы. Але канцэпцыя носіць гіпатэтычны характар. Даследчык не выкарыстаў набыткі літоўскай і польскай гістарыяграфіяў. А.Кыштымаў назваў Ермаловіча «нашым апошнім летапісцам», «першым інтуітывістам беларускай гістарыяграфіі». Да праблемы фармавання ВКЛ звярнуліся беларускія прафесійныя гісторыкі В.Л.Насевіч («Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Падзеі і асобы») (1993 г.), А.К.Краўцевіч («Стварэнне Вялікага княства Літоўскага») (1998 г.). Паводле Краўцэвіча, ВКЛ складалася на аснове літоўска-славянскай супольнасці пры пераважнай палітычнай ролі Беларусі, бо Літва не мела яшчэ сваёй дзяржаўнасці. У святле пазнейшай гісторыі Беларусі і Літвы, у тым ліку Гарадзельскай уніі 1413 г., гэта канцэпцыя патрабуе дадатковага абгрунтавання. Больш рэалістычная выснова выкладзена ў працы Насевіча: на ранніх стадыях фармавання ВКЛ пэўнае палітычнае дамінаванне мела літоўская знаць, у той час як беларускія і украінскія землі адыгрывалі прыярытэтную ролю ў культурным і сацыяльным развіцці дзяржавы.
Па пытаннях фарміравання ВКЛ і яго гісторыі да Люблінскай уніі сярод сучасных літоўскіх і іншых замежных гісторыкаў пануе пункт гледжання, што гэта была літоўская дзяржава, якая паступова падначаліла землі Беларусі, Украіны і некаторыя княствы Паўночна-Усходняй Русі. Супярэчліва асвятляецца дзяржаўны лад ВКЛ. У большасці працаў прынята, што да смерці Вітаўта панавала абсалютная манархія. Пасля прывілея 1492 г. стала зацвярджацца саслоўна-прадстаўнічая манархія. Пры гэтым не ўлічваецца дэцэнтралізацыя ВКЛ, што знайшло адлюстраванне ў тэрытарыяльна-адміністрацыйным падзеле, дэмаграфічных і тэрытарыяльных дыспрапорцыях паміж этнічна-літоўскім землямі і «рускім» арэалам ВКЛ. У сучасных даследаваннях звернута ўвага на гэтую акалічнасць, якая рабіла немагчымай рэалізацыю абсалютызму ў яго тыповым еўрапейскім варыянце.
Недахопам айчыннай і замежнай гістарыяграфіі можна лічыць недастатковую распрацаванасць «рускай» праграмы вялікіх князёў літоўскіх, асабліва праблему ўдзелу беларускіх земляў ва ўмацаванні і абароне ВКЛ. Слаба даследуюцца змены ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ВКЛ у канцы ХV – сярэдзіне ХVІ ст., узрастанне ўплыву беларуска-ўкраінскай знаці і кансалідацыя шляхты.
Навукова-папулярны і абагульняльны характар па гісторыі дзяржаўнасці Беларусі ад старажытнасці да нашых часоў мае калектыўная праца, падрыхтаваная беларускім згуртаваннем «Бацькаўшчына», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001 г.) і манаграфія гродзенскіх даследчыкаў М.У.Сільчанкі і І.А.Басюка «Беларуская дзяржаўнасць» (1997 г.).
Гістарыяграфія знешняй палітыкі ВКЛ – самая нявывучаная частка беларускай гістарычнай навукі. Яе адставанне абумоўлена метадалагічнымі цяжкасцямі, бо Беларусь (у сучасным сэнсе гэтага тэрміна) не праводзіла асобнай знешняй палітыкі, калі не лічыць ВКЛ монаэтнічнай беларускай дзяржавай. У савецкай гістарыяграфіі 30 – 80-х гг. у якасці адзінага цэнтра «збірання» земляў старажытнай Русі звычайна разглядалася толькі Вялікае княства Маскоўскае.
Істотна разышліся гісторыкі ў ацэнцы дзяржаўных уніяў ВКЛ з Польшчай. У беларускай гістарыяграфіі негатыўны кантэкст уніяў звязваецца з польскай феадальнай і каталіцкай экспансіяй і з унутранай палітыкай правячых колаў ВКЛ.
Недастаткова вывучаны адносіны з Крымскім ханствам. Даследчыкі адзначаюць слабую каардынацыю сумесных дзеянняў Польшчы і ВКЛ супраць паўднёвых суседзяў. Невывучанымі засталіся палітычныя сувязі Вялікага княства Літоўскага з Ноўгарадам і Псковам.
Вывучэнне эвалюцыі сялянства, яго гаспадарчай дзейнасці і працэсу яго запрыгоньвання зроблена М.Ф.Спірыдонавым у працы «Закрепощение крестьянства Беларуси (ХV – ХVІ вв.)» (1993 г.). Асобная ўвага надаецца гісторыі шляхты, пытанням генеалогіі і геральдыкі беларуска-літоўскіх шляхецкіх родаў у даследаваннях Н.У.Казлоўскай, Н.Сліж, А.І.Шаланды, Н.Гардзіенка і інш.
Глыбокае вывучэнне атрымала гісторыя праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў. Руская патрыярхія пачала выдаваць шматтомавую «Праваслаўную энцыклапедыю». Б.Гудзак выпусціў сінтэтычную працу па старажытнай гісторыі ўкраінскай царквы (з уключэннем значных матэрыялаў па гісторыі Беларусі) «Криза і реформа» (1999 г.). Павярхоўна вывучана гісторыя ордэнаў у Беларусі. Выключэнне складаюць езуіты, гісторыі якіх прысвечаны даследаванні Т.Б.Бліновай.
Цікавасць да гісторыі уніяцтва ўзрасла ў 90-я гг. ХХ ст. у сувязі з 400-гадовым юбілеем ІІ-га Берасцейскага сабора. Новыя працы па гісторыі уніяцкай царквы ў Беларусі прадставілі С.В.Марозава «Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 – 1839 гады)» (2001 г.), С.А.Падокшын «Унія, дзяржаўнасць, культура (Філасофска-гістарычны аналіз)» (1998 г.). Важнымі праблемамі застаюцца перадумовы Берасцейскай уніі, уплыў палітычных і царкоўных тэндэнцыяў на дзейнасць уніяцкай царквы, астаўленне каталіцкай іерархіі, правячых колаў Рэчы Паспалітай, розных пластоў беларускага насельніцтва да уніятаў.
Пашырыліся даследаванні па гісторыі нехрысціянскіх канфесіяў ў Беларусі, з’явіліся публікацыі па гісторыі татарскай абшчыны і мусульманства (I.Собчака, П.Бараўскага, С.Думіна).
Відавочныя дасягненні беларускіх даследчыкаў у вывучэнні матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі ХІV – ХV стст. і ХVІ стагоддзя.
У 90-я гады пачаўся паступовы адыход ад палітызаваных ацэнак праблемаў гісторыі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў XIX ст. Менавіта гэтым вызначаецца манаграфія В.В.Шведа «Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772 – 1863 г.)». У ёй на падставе новых крыніцаў асвятляецца механізм далучэння земляў Беларусі да Расійскай імперыі, раскрыта палітыка адносна іх расійскага ўрада, паказаны роля і значэнне розных палітычных і рэвалюцыйных арганізацыяў, у тым ліку і масонскіх ложаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, у польскім і рускім апазіцыйных рухах. У гэтым кантэксце разглядаюцца польская і руская плыні грамадска-палітычнага жыцця на землях Беларусі, а таксама зараджэнне беларускага нацыянальнага руху.
Паралельна актывізуецца вывучэнне праблемы дваранства ў Беларусі. Па гісторыі гэтага саслоўя першай паловы ХІХ ст. былі абаронены кандыдацкія дысертацыі Г.Н.Туміловіч, С.Л.Лугаўцовай, С.У.Амелькай. Гістарычную ролю і месца дваранства ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. прасачыў А.П.Жытко ў манаграфіі «Дваранства Беларусі перыяду капталізму. 1861 – 1914 гг.» (2003 г.).
Вывучэнне праблемаў грамадска-палітычнага жыцця ў XIX – пачатку XX ст. стымулявала разгортванне даследаванняў па гісторыі палітычных партыяў, якія праявілі актыўнасць у Беларусі ў ходзе трох расійскіх рэвалюцыяў. Гэтыя праблемы занялі важнае месца ў беларускай гістарыяграфіі. У выдадзеных навуковых працах яскрава пераважалі мясцовыя сюжэты. П.І.Брыгадзін, напрыклад, даследаваў дзейнасць эсэраўскіх арганізацыяў на тэрыторыі Беларусі з канца XIX ст. да лютага 1917 г. у манаграфіі «Эсэры ў Беларусі (канец XIX – люты 1917 г.)» (1994 г.). У ёй даследуецца гісторыя ўзнікнення і дзейнасць мясцовых арганізацый партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у беларускіх губернях ад яе зараджэння да лютага 1917 г.
Праблемы палітычнай стратэгіі і тактыкі кадэтаў і партыяў урадавага блока (Рускай манархічнай партыі, Усерасійскага саюза зямельных уласнікаў, Саюза рускага народа) у Беларусі на этапе дэмакратычнай рэвалюцыі атрымалі асвятленне ў працах К.М.Бандарэнкі і Д.С.Лаўрыновіча. У публікацыях У.У.Шардыкі прааналізавана ў шырокім кантэксце рэвалюцыйных падзеяў тактыка кадэтаў, беларускіх палітычных, ліберальных і рэвалюцыйна-дэмакратычных партый (меншавікоў, эсэраў, БСГ) у вырашэнні аграрнага пытання ў Беларусі ў 1905 – 1918 гг.
У першай палове 90-х гг. беларускія гісторыкі падрыхтавалі абагульняльныя працы па гісторыі палітычных партыяў Беларусі: «Политические партии и политическая оппозиция», «Октябрь 1917 г. и судьбы политической оппозиции» (у 3 ч.), «Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917 – 1991», «Палітычныя партыі Беларусі». У іх раскрыты працэс нараджэння і развіцця палітычных партыяў беларускай нацыянальнай арыентацыі, прааналізаваны ў шырокім гістарычным кантэксце палітычная стратэгія і тактыка як агульнарасійскіх, так і нацыянальных партыяў у Беларусі ў перыяд трох расійскіх рэвалюцыяў і гады грамадзянскай вайны, паказаны станаўленне і крушэнне аднапартыйнай сістэмы ў БССР.
Традыцыю вывучэння рабочага руху ў Беларусі ў перыяд паміж дзвюма рэвалюцыямі (1907 – 1917 гг.) працягваў Э.М.Савіцкі ў манаграфіі «Рабочы рух у Беларусі (чэрвень 1907 – люты 1917 г.)» (1995 г.). У ёй асвятляюцца змены ў эканоміцы Беларусі, прасочваецца ўплыў Першай сусветнай вайны на стан прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і фінансаў, аналізуецца прафесійны, сацыяльны і нацыянальны склад, колькасць, канцэнтрацыя рабочых на буйных прадпрыемствах, умовы іх працы і быту, палітыка-прававы статус і ўзровень заработнай платы.
Відавочна пэўнае аслабленне цікавасці даследчыкаў да сацыяльна-эканамічнай гісторыі ХІХ – пачатку ХХ ст. З апошніх працаў вылучаецца манаграфія У.А.Сосны «Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст.» (2000 г.). Аўтар раскрыў палітыку царскіх уладаў па фармаванні саслоўна-групавога складу земляробчага насельніцтва Беларусі, прааналізаваў сацыяльна-прававы статус асноўных і спецыяльных катэгорыяў сялянства. Таксама выданне ўтрымлівае каштоўны матэрыял аб канфіскацыі і падараваннях маёнткаў, секулярызацыі царкоўных уладанняў у канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст.
У 1996 г. была апублікавана манаграфія В.П.Панюціча «Наёмная праца ў сельскай гаспадарцы Беларусі. 1861—1914 гг.». Аўтар упершыню ў гістарычна-эканамічнай літаратуры ўсебакова разглядзеў перадумовы і крыніцы фармавання сельскагаспадарчых наёмных рабочых у Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст., іх колькасць, асноўныя катэгорыі, умовы найму, працы і побыту.
У манаграфіі З.В.Шыбекі, выдадзенай у 1997 г., прасочваецца дынаміка колькасці насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі ў 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст., паказана роля ў гэтым працэсе натуральнага і механічнага прыросту. Аўтар прааналізаваў нацыянальны склад гараджан, вызначыў месца і ролю сялянства ў структуры горада.
Новы для беларускай гістарыяграфіі погляд на падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі раскрыў І.М.Ігнаценка ў даследаванні «Октябрьская революция и самоопределение Беларуси» (1992 г.). Гісторык лічыў Кастрычніцкую рэвалюцыю другім этапам буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, распачатай у лютым 1917 г. На яго думку, а яна супадае з пазіцыяй У.І.Леніна, падзеі Кастрычніка 1917 г. насілі рабоча-сялянскі характар, а не сацыялістычны. Аўтар на падставе вынікаў выбараў ва Устаноўчы сход пераглядзеў астаўленне мясцовага «тутэйшага насельніцтва» да партыі бальшавікоў.
Найбольш актуальнай на мяжы стагоддзяў стала праблема беларускай дзяржаўнасці ў ХХ ст. Ёй прысвечаны праца В.А.Круталевіча «На путях национального самоопределения: БНР – БССР – РБ» (1995 г.). Станаўленне беларускай дзяржаўнасці і фармаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі разглядзелі П.І.Брыгадзін і У.Ф.Ладысеў у кнізе «Паміж Усходам і Захадам. Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 – 1939 гг.)» (2003 г.). Паглыблена, з аналізам практыкі заходнерусізму ва ўмовах рэвалюцыі 1917 г. распрацавана праблема самавызначэння Беларусі С.С.Рудовічам у манаграфіі «Час выбару. Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе» (2001 г.). Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў праз дзейнасць партыяў, рухаў, арганізацый даследаваў М.Я.Сямёнчык. У.Я.Казлякоў у манаграфіі «Национальный вопрос и неонароднические партии. Начало ХХ в. – конец 20-х гг. (На материалах России, Беларуси, Украины)» (2001 г.) прааналізаваў праграмы і тактыку неанародніцкіх партыяў. У кнізе А.В.Ціхамірава «Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і савецка-польскай вайны (1918 – 1921 гг.)» (1999 г.) раскрываецца ўплыў міжнароднага фактара на фармаванне беларускай дзяржаўнасці.
Шырокая панарама гісторыі Беларусі 20 – 30-х гг. прадстаўлена ў працах Р.П.Платонава «Палітыкі, ідэі і лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х – 30-х гадоў» (1996 г.), «Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця Беларусі 20-х – 30-х гадоў» (1998 г.), «Беларусь у міжваенны перыяд. Старонкі палітычнай гісторыі ў святле архіўных крыніц» (2001 г.). У своеасаблівай манеры, спалучаючы навуковае даследаванне з публікацыяй невядомых архіўных крыніцаў, аўтар прадставіў карціну палітычнага жыцця рэспублікі ў 20 – 30-я гг. ХХ ст.
Неабаснаваным рэпрэсіям на Беларусі прысвяцілі свае працы У.І.Адамушка «Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-х гадоў на Беларусі» (1994 г.), А.П.Урублеўскі, Т.С.Процька «Из истории репрессий против белорусского крестьянства. 1929 – 1934».
З канца ХХ ст. адбываюцца пэўныя зрухі ў гістарыяграфіі гісторыі Заходняй Беларусі. Яны звязаны з увядзеннем у навуковы зварот новых архіўных крыніцаў і новых метадалагічных падыходаў. Гісторыя камуністычнага руху Заходняй Беларусі знайшла адлюстраванне ў даследаваннях У.Ф.Ладысева, беларускай асветы – А.Вабішчэвіча, клуба «Змаганне» – В.Даніловіча, рабочага руху – М.Б.Сямёнчыка, уніяцкай царквы – А.Свірыда і інш. Узрасла ўвага да гісторыі заходніх абласцей БССР у 1939 – 1941 гг., што знайшло адлюстраванне ў працах А.Вялікага, В.А.Белазаровіча і іншых даследчыкаў.
У 1990-я г. у беларускай гістарыяграфіі актуальнай заставалася тэма Другой сусветнай вайны. Галоўная ўвага надавалася праблемам, якія не атрымалі дастатковага асвятлення ў гістарычнай навуцы. Гэта тычылася асобных пытанняў функцыянавання акупацыйнага рэжыму, эканамічнай палітыкі нацысцкай Германіі ў Беларусі, праблемаў калабарацыянізму, укладу беларускай інтэлігенцыі ў супрацьстаянне фашызму, ролі праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла ў народным жыцці ў гады вайны, трагедыя мірнага насельніцтва, у тым ліку і яўрэйскага, дзейнасці на тэрыторыі Беларусі польскай Арміі Краёвай.
Зусім неапраўдана была спынена праца па далейшым вывучэнні розных формаў супраціву мірнага насельніцтва нямецка-фашысцкім акупантам, асабліва антыфашысцкіх арганізацыяў у заходніх рэгіёнах Беларусі, баявой дзейнасці партызанскіх фармаванняў, асаблівасцяў партызанскай стратэгіі і тактыкі, пытанняў стратаў Беларусі ў вайне.
У апошнія гады актывізавалася вывучэнне сацыяльна-эканамічных і палітычных працэсаў, якія адбываліся ў Рэспубліцы Беларусь пасля распаду СССР. Аднак у апублікаваных даследаваннях, найперш у вучэбнай літаратуры, аўтары толькі рэгіструюць асноўныя падзеі палітычнага ладу Рэспублікі Беларусь 90-х гг., не выяўляючы ключавыя тэндэнцыі яе эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця.


  1. Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   59




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет