Архіўны фонд у ХІХ − пач. ХХ стст. Віленскі і Віцебскі цэнтральныя архівы.
З мэтай захаваньня старажытных крыніцаў «заходніх губэрняў», што мелі да таго ж сур'ёзнае палітычнае значэньне, расейскі ўрад вырашыў у сярэдзіне XIX ст. ажыцьцявіць частковую цэнтралізацыю найбольш каштоўных збораў Беларусі й Літвы. Імпэратарскім загадам ад 2 красавіка 1852 году былі заснаваныя Віленскі й Віцебскі архівы старажытных актаў (далей ВЦА i Віцебскі ЦА. - Дз. К.), якія мусілі зьбіраць старажытныя беларускія ды літоўскія актавыя кнігі й дакуманты да 1799 году ўключна. Абавязак кантролю за канцэнтраваньнем гэтых архіўных крыніцаў быў ускладзены на віленскага генэрал-губарнатара. Кіраўнікі беларускіх i літоўскіх губэрняў мусілі кантраляваць выкананьне загаду аб перадачы старажытных актаў на падпарадкаваных ім тэрыторыях.
У пункце 7 царскага загаду былі пералічаныя абавязкі ВЦА:
1) складаць, публікаваць i рассылаць ва ўсе губэрскія i павятовыя судовыя ўстановы i дэпутацкія шляхоцкія сходы заходніх губэрняў вопісы;
2) складаць i публікаваць каталёгі на дакуманты, што захоўваюцца ў архіве.
Значэньне гэтага загаду заключалася ў тым, што ён без стварэньня сыстэмы архіваў на Беларусі й Літве (яны існавалі й раней) цэнтралізаваў яе ўтварэньнем магутных дакумантальных комплексаў пад адказнасьцяй найвышэйшай краёвай адміністрацыі, чым ратаваў ix ад фізычнай пагібелі. Сам факт арганізацыі, упарадкаваньня й асэнсаванага захоўваньня архіўных матар'ялаў зьявіўся важнай падзеяй у гісторыі архіўнае справы.
У ВЦА была сабраная перадусім канцылярыя цэнтральных установаў ВКЛ (за выключэньнем Літоўскай Мэтрыкі) ды правінцыйныя архівы Заходняй i Цэнтральнай Беларусі й Літвы. Віленскі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг складалі многія дакумантальныя комплексы, што выйшлі з каралеўскай ці вялікакняскай канцылярыі з канца XIV да канца XVII ст.
Ядро збору склалі стары архіў Галоўнага Трыбуналу ВКЛ, архівы Літоўскага Скарбовага Трыбуналу, Літоўскага Духоўнага Трыбуналу, Літоўскага задворна-асэсарскага суду, акты маршалковых судоў, Літоўскай скарбовай камісіі, вайсковай камісіі, дакуманты з архіву Генэральнай канфэдэрацыі 1792-1793 гг. i інш. У значнай ступені сваёй добрай захаванасьцяй матар'ялы гэтых комплексаў былі абавязаныя сумленнай працы перадавых архівістаў канца XVIII - 1-й паловы XIX ст. (А. Малішэўскага, К. Шалюты, I. Тамадіэўскага, Я. Зянковіча, Д. Нарбута i А. Дмахоўскага).
На працягу першых 10 гадоў працы архіву пераважна было скончана канцэнтраваньне старажытных дакумантаў. У 1863 годзе ў ім захоўвалася 17 439 актавых кніг цэнтральных i мясцовых установаў Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Менскай, часткова Магілеўскай i Смаленскай губэрняў. Толькі ў 1863 годзе фактычна распачаў сваю дзейнасьць Віцебскі ЦА, які знаходзіўся ў распараджэньні Міністэрства ўнутраных справаў i віленскага генэрал-губарнатара. На той час у ім захоўваліся 1823 актавыя кнігі, прынятыя ад павятовых судоў Віцебскай i Магілеўекай губэрняў. Юрыдычнае й матар'яльнае становішча абодвух архіваў было ненармальным. Хранічны недахоп сродкаў i вельмі нязначная колькасьць штатных супрацоўнікаў (3-5 чалавек у ВЦА, 1-3 - у Віцебскім ЦА) рабілі практычна немагчымым выкананьне галоўнай задачы архівістаў - упарадкаваньня i апісаньня больш як 7 млн. дакумантаў.
Достарыңызбен бөлісу: |