Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)


Зборнік «Шляхам жыцця» (1913)



бет7/32
Дата18.07.2016
өлшемі3.81 Mb.
#207146
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   32

Зборнік «Шляхам жыцця» (1913)

Выдадзены кірыліцай у Пецярбургу. Лічыцца падагульненнем бела­рускай сялянскай лірыкі пачатку ХХ ст. Кампазіцыя зборніка класічная (складаецца з сямі раздзелаў, бо лічба сем лічыцца шчаслівай). Раздзел – паказчык тэматыкі і праблематыкі: «Бацькаўшчына», «Па межах родных», «Для яе», «Наша вёска», «Сваім і чужым», «Байкі і аповесці», «Пераклады з польскай мовы».

Жыццё ў зборніку адлюстравана ва ўсіх сваіх праявах: вершы «Аб мужыцкай долі», «Прыстаў я жыць», «Чаго хмурыцца», « Ён і яна» ўтрым­ліваюць і паэтыку народнай песні, і класічнай славянскай літаратуры.

Тэма апісання прыроды паўстае ў вершах «Вярба», «Летняя раніца», «Ваўкалак», «Хохлік», «Русалка». Тэма Бацькаўшчыны і сацыяльнай інерт­насці прысутнічае ў вершах «Я ад Вас далёка», «Па межах родных і разо­рах», «Вясна за вясной», «Беларус». Вобраз маладой Беларусі, якая павінна заняць вартае ёй месца сярод іншых краін свету, яскрава прысутнічае ў зборніку.

Асаблівасцю зборніка з’яўляецца зліццё вобразаў мужыка і паэта ў адну дзеючую асобу. Лірычныя вершы пра каханне таксама маюць месца ў зборніку («Да дзяўчыны», «Явар і каліна», «Над ракою ў спакою»). У збор­нік увайшлі вершаваныя апавяданні, байкі з маральнай і нацыянальнай пра­блематыкай: «Асёл і навука», «Два мужыкі і глушэц».

Усяго каля сямідзесяці вершаў напісана Я. Купалам за 1913–1915 гг. Асноўныя тэмы, што асвятляюцца ў іх: антываенная, гуманістычна-саты­рычная, любоўная, тэма філасофскага асэнсавання жыцця. У дадзены пе­рыяд Я. Купалу вабяць санеты: «Бацькаўшчына», «На суд» (разважанні пра ўласную творчасць). Матыў смутку з прычыны нешчаслівага кахання ад­люстраваны ў вершах «А яна», «Ночцы», «Не судзіла доля».



Раннія паэмы Я. Купалы

Першая руская рэвалюцыя 1905–1907 гг. пабудзіла Я. Купалу напі­саць шэраг твораў пра мінулае і паказаць, што ў беларусаў была багатая гіс­торыя. У 1909 г. Я. Купала піша ўступ да паэмы «Гарыслава». Яна была надрукавана толькі ў 1929 г. У гэтым урыўку згадваюцца думкі пра міну­лае беларусаў (ідэя вызвалення беларусаў, чалавечай асобы, Бацькаўшчы­ны). Ва ўрыўку расказваецца пра нялёгкі шлях Беларусі. Падаецца зварот да чытача, у якім паказаны заняпад краіны. Выражаецца ўпэўненасць у тым, што калі-небудзь прыйдуць часы славы і велічы Бацькаўшчыны. Пра­ца над паэмай адбывалася ў 1912 г. Паэма не закончана. Захаваліся два ва­рыянты першага раздзела і прадмова. У творы Купала збіраўся паказаць перыяд феадальных канфліктаў і расказаць пра жыццё і дзейнасць полац­кай князёўны Рагнеды.

У 1911 г. у Пецярбургу Я. Купала піша паэму «На куццю». Твор вы­значаецца патрыятычнай накіраванасцю і набліжаны да героіка-драматыч­най тэматыкі. У дванаццаці частках паэмы падаецца роздум лірычнага ге­роя пра лёс Радзімы. Карціна зімовай ночы – гэта, з аднаго боку, фон, на якім будуць адбывацца падзеі, з другога – паказ становішча Беларусі. Да­лей аўтар знаёміць нас з дзеючымі асобамі. Выкарыстоўвае Я. Купала пры­ём умоўнасці (спалучэнне ўмоўных і канкрэтных падзей).

У 1912 г. напісана паэма «На дзяды», якая была змешчана на старон­ках газеты «Наша Ніва». У цэнтры твора – праблематыка нацыянальнага і сацыяльнага, роздум пра мінулае і будучыню. Канкрэтная жыццёвая гісто­рыя абагульняецца да ўзроўню сімвала. Аўтар распавядае пра лёс маці і няўдзячных дзяцей, што выракаюцца яе. У пачатку паэмы выкарыстоўва­ецца прыём адмоўнага паралелізму.



Фальклорна-рамантычныя паэмы Я. Купалы

Цесная сувязь творчасці Я. Купалы з фальклорам тлумачыцца ўмо­вамі развіцця беларускай літаратуры. Адраджэнне беларускай літаратуры арыентавана на фальклор. У дадзеных паэмах прасочваецца нацыянальна-вызваленчая праблематыка.

Паэма «Курган» (1910) адкрывае цыкл фальклорна-рамантычных па­эм Я. Купалы. У адрозненне ад іншых паэм дадзенага кірунку ў аснове тво­ра ляжыць прыдуманая аўтарам легенда пра гордага гусляра і жорсткага князя. Тэма паэмы – лёс мастака ў класавым грамадстве. Гусляр гіне, але ў народзе жыве памяць пра яго (сімвалы памяці – курган, дуб на кургане). Канфлікт паэмы звязаны з вобразамі Гусляра і Князя, што з’яўляюцца ан­тыподамі, выяўляюць класавыя супярэчнасці грамадства. Вобраз Гусляра ідэалізаваны і рамантычна абагульнены, вобраз Князя – вобраз носьбіта за­ган эксплуататарскага класа. Кантрастнасць вобразаў праяўляецца праз апісанне знешняга выгляду, паводзін герояў.

Паэма – стройная па кампазіцыі як агульнай, страфічнай (складаецца з дванаццаці раздзелаў, кожны з якіх мае ў сваю чаргу чатыры катрэны), так і звязанай з развіццём дзеяння. Першы раздзел – экспазіцыйны, аўтар апісвае курган, у апошнім таксама дзеянне вяртаецца да кургана, дзе з’яў­ляецца дзед з гуслямі раз у год. Легенда пра гусляра расказваецца ў асноў­най частцы твора.

Паэма «Бандароўна» (1913) у аснове сюжэта мае народную песню пра Бандароўну, вядомую на Украіне і Беларусі. Я. Купала паглыбіў сюжэт фальклорнага твора сацыяльна і псіхалагічна: канфлікт у паэме не паміж Бандароўнай і панам, а паміж народам і прыгнятальнікамі. Бандароўна ста­ла той кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення народа. Вобраз Бандароў­ны ідэалізаваны, падаецца як сімвал дзявочай прыгажосці – знешняй і ўнут­ранай. У абмалёўцы вобразаў герояў, узнаўленні падзей побач з фальклор­нымі традыцыямі аўтар выкарыстоўвае і рамантычныя (выключнасць, гі­пербалізацыя арганічна спалучаюцца з фальклорнымі параўнаннямі, эпітэ­тамі пры паказе вобраза Бандароўны). У плынь аб’ектывізаванага апавя­дання ўведзены радкі суб’ектыўнага аўтарскага перажывання за гераіню. Паэма характарызуецца вострым напружаным канфліктам. Купала выка­рыстоўвае элементы песні, напрыклад, паралелізм.

Паэма «Магіла льва» (1913) у аснове сюжэта мае легенду пра ўзнік­ненне г. Магілёва. Вобраз галоўнага героя Машэкі пераўвасоблены. Машэ­ка паўстае разбойнікам, а не народным заступнікам. Характары герояў, у параўнанні з папярэднімі паэмамі, паказаны ў развіцці, з глыбокім пранік­неннем у свет пачуццяў і перажыванняў. Аўтар асуджае сляпы індывідуа­лізм і эгаізм Машэкі. Паэма мае строгую сіметрычную кампазіцыю. Паказу асноўных падзей папярэднічае ўступ; апошні, ХХ раздзел, з’яўляецца эпі­логам. Першы, уступны раздзел, не звязаны непасрэдна з вобразам Машэ­кі. Аўтар актуалізуе думку пра захаванне роднай гісторыі, паказвае сувязь мінулага, сучаснасці і будучыні.



Драматычныя паэмы Я.  Купалы

Я. Купала звяртаўся да драматургіі ў паэзіі. Яго пяру належаць паэ­мы «Адвечная песня» (выйшла ў 1908 г.) і «Сон на кургане» (выйшла ў 1910 г.); драматычны абразок «На папасе».

Паэма «Адвечная песня» складаецца з наступных раздзелаў:

І. Хрэсьбіны (над калыскай дзіцяці спяваюць Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, якія вызначаюць імя дзіцяці – Мужык).

ІІ. На службе (маленькі, босы, у парванай вопратцы пастушок пасе скаціну, жаліцца на долю, але кажа маці, што зможа пераадолець усё).

ІІІ. Вяселле (паказаны вясельны абрад).

ІV. Вясна (расповед пра тое, што ў дадзеную пару трэба сеяць).

V. За сахою (паказаны чалавек працы).

VІ. Лета.

VІІ. Касьба і жніво.

VІІІ. Восень.

ІХ. Свята (хворыя дзеці на палку ў хаце, Мужык хоча павесяліцца і выпіць чарку).

Х. Зіма (сячэ Мужык па калена ў снезе хвою, падсечанае дрэва ва­ліцца і забівае Мужыка, да нябожчыка падыходзіць зграя ваўкоў).

ХІ. Хаўтуры.

ХІІ. На могілках (цень Мужыка наноў просіць магілу раскрыцца, бо «Страшней яе людзі і свет»).

«Адвечная песня» – першая напісаная Я. Купалам драматычная паэ­ма. У дванаццаці частках раскрываецца жыццё галоўнага героя ад нараджэн­ня да смерці. Часткі – гэта этапы жыцця героя. Я. Купала паказвае, што Му­жык прыходзіць у гэты свет свабодным (як і ўсе людзі). Усе памкненні ча­лавека, аднак, пры сутыкненні з рэчаіснасцю набываюць чыста тэарэтычны характар. Мужык у паэме памірае два разы: першы раз яго забівае хвояй, другі раз ён добраахвотна вяртаецца ў магілу. Вобраз у паэме набывае вы­разную трагедыйнасць.

Я. Купала звярнуўся ў паэме да рэалістычных і сімвалічных сродкаў мастацкай выразнасці. У творы шэраг умоўных вобразаў: Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Вобразы людзей – Мужык, Жонка, Араты, Пастушок, Маці, Магазыннік і інш. – абагульненыя, індыві­дуальна-канкрэтныя рысы ў іх адсутнічаюць. Паэма цікавая з боку формы. Кожная яе частка мае сваю танальнасць, сваю адметную рытміка-інтана­цыйную арганізацыю.

Драматургія Я. Купалы

У 1912 г. напісана п’еса «Паўлінка», у 1913 г. – «Прымакі» і «Рас­кіданае гняздо». «Паўлінка» пастаўлена ў 1912 г. у Вільні, паводле Я. Ку­палы  – гэта сцэнкі са шляхецкага жыцця. У аснову п’есы пакладзена жыц­цёвая гісторыя, што адбывалася на радзіме аўтара. Усе героі мелі прататы­паў з жыцця. Пан Быкоўскі напісаны з мясцовага шляхціца, бацька Паўлін­кі і сусед – з далёкіх сваякоў. Паўлінка – або Паўліна Мядзёлка, якую ка­хаў Купала, або Паўліна Аблачынская, сваячка аўтара. Сямейна-бытавы канфлікт перарастае ў творы ў сацыяльны. Па жанры твор з’яўляецца каме­дыяй. У творы шаржыраваны вобраз Быкоўскага. Твор меў трагічную раз­вязку.

У 1913 г. напісаны сцэнічны жарт «Прымакі». Падзеі адбываюцца ў вёсцы. У творы асуджаецца п’янства.

У 1913 г. Купала піша драму «Раскіданае гняздо». Твор складаецца з пяці дзеянняў – гэта драма народнага і чалавечага лёсу. Дата дзеяння – 1905 г. У аснову пакладзены рэальны факт выгнання дзеда Я. Купалы з зямлі. П’еса рэалістычная, але носіць адбітак сімвалічнага рамантызму. У творы ставіцца праблема свабоды чалавека і праблема далейшага лёсу Ра­дзімы. Вобраз Лявона Зябліка – выразна трагедыйны. У п’есе назіраюцца два канфлікты – унутраны (паміж членамі сям’і), знешні (паміж панічом і Зяблікам). Паводле Я. Купалы чалавек сам вызначае свой лёс. Праблема Бацькаўшчыны застаецца нявырашанай. Я. Купала ў гэтым творы хутчэй выступае песімістам.

Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922) у савецкія часы лічылася супярэч­лівым і слабым у ідэйна-мастацкіх адносінах творам. У ім выявілася тры­вога аўтара за лёс Бацькаўшчыны, народа. Пра набалелае аўтар казаў шля­хам камічнага. Час дзеяння – калі Беларусь стала арэнай змагання паміж Захадам і Усходам, а адна акупацыя змянілася на другую. Персанажы тво­ра ў гістарычных падзеях не ўдзельнічаюць, ніхто не абараняе ніякую ўла­ду са зброяй у руках. Дом, у якім жывуць героі (у шырокім сэнсе – уся Бе­ларусь, у вузкім – кватэра Мікіты Зносака), – няўтульны і ненадзейны. Жы­хары яго мала падобныя да гаспадароў. Сімвалічным з’яўляецца пачатак чацвёртай дзеі, дзе Гануля сядзіць на вузлах і вяжа панчоху.

Я. Купала акцэнтуе ўвагу на іншай трагедыі народа – «тутэйшасці». Гэта несвядомасць, пасіўнасць, абыякавасць. Людзі – староннія назіраль­нікі ўласнага лёсу, бязвольная маса. Слова «тутэйшы» пэўны час было адэкватна слову «беларус». Мікіта Зносак – вобраз рэнегата, прыстасаван­ца, для якога сваё нічога не значыць, а чужое – лепшае. Я. Купала прыста­саванства бачыў як тыповую рысу ў характары народа. Асаблівасцю твора з’яўляецца тое, што адны персанажы выявіліся як адметныя, паўнакроўныя характары (Мікіта Зносак, Гануля, Лявон Гарошка, Янка Здольнік, Аленка і інш.), другія  – абагульненыя, умоўныя (Поп, Дама, Пан, Стражнік), роля трэціх – чыста службовая, функцыянальная (Абарванец, Чырвонаармеец, Начальнік, Немец і інш.).



Паэма Я. Купалы «Безназоўнае» (1924)

Твор несюжэтны, лірычны. З’явы рэчаіснасці падаюцца сродкамі лі­рыкі, праз метафарычныя і сімвалічныя вобразы. «Безназоўнае» – вобраз, што даў назву ўсяму твору, – своеасаблівая паэтычная загадка ў фальклор­ным стылі, калі з’ява падаецца праз апісанне яе характэрных прыкмет. М. Багдановіч адзначаў, што: «Уласна «безназоўнае» – таямнічае, узвыша­нае «яно» – гэта толькі пачатак, падспеў рэвалюцыі, выспяванне яе ў перы­яд – кастрычніцкі час. Метафарычны змест «яно» знікае пасля чацвёртай страфы першага раздзела і ператвараецца ў вобраз «буралому», гэта зна­чыць, уласна рэвалюцыі». Пісьменнік звяртаецца і да падзей грамадзян­скай вайны, акупацыі Беларусі.

Супастаўляючы мінулыя чорныя дні і будучыню (шчаслівае жыццё пры савецкай уладзе), Купала далёкі ад думкі, што ўсё дасягнута. Завярша­ецца паэма нязменнай думкай пра вольны бацькоўскі кут.

Я. Купала ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Вер­шы аўтара адметныя ў плане ідэйнай накіраванасці. Грунтоўную ацэнку купалаўскай творчасці даваў М. Багдановіч у артыкуле «Глыбы і слаі», «За тры гады» (ён упершыню паставіў пытанне пра стыль Купалы і пра эвалю­цыю яго творчасці). Творчасць Я. Купалы спалучае класіцызм і рамантызм, выводзіць маладую беларускую літаратуру на сусветны ўзровень. Я. Ку­пала стварыў тып нацыянальнага характару беларуса, жанрава і стылёва ўзбагаціў беларускую літаратуру.


Якуб Колас (1882–1956)
Сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Меў шмат літара­турных псеўданімаў: Дзядзька Карусь, Агарак, Тамаш Булава, Андрэй-са­цыяліст, Іван Торба, Дзям’янаў вус, Лесавік, Ганна Крум, Тарас Гушча і інш. У літаратуры за ім замацаваўся псеўданім Якуб Колас, што сведчыла пра прывязанасць да звычайнага, зямнога. Нарадзіўся ў фальварку Акінчы­цы пад Стаўбцамі ў сям’і Міхаіла і Ганны Міцкевічаў. Бацька служыў лес­ніком у пана Радзівіла, да чаго яго прымусіла беззямелле. Бацька і дзядзька былі пісьменнымі людзьмі. У 1898 г. Я. Колас паступіў у Нясвіжскую нас­таўніцкую семінарыю, якая займалася па праграме, складзенай К. Ушын­скім. Літаратуру выкладаў там Фядот Кудрынскі. Яму Я. Колас паказаў першыя свае творы. Педагог параіў яму пісаць далей. У дадзены перыяд Я. Колас шмат піша на рускай мове.

У 1902 г. Я. Колас заканчвае настаўніцкую семінарыю са званнем на­роднага настаўніка пачатковых школ. Пасля заканчэння семінарыі Я. Ко­лас едзе працаваць на Палессе ў в. Люсіна на Піншчыне. Пасля моцных уражанняў узнік твор на рускай мове «Школьный труженик» (аснова для кнігі «На ростанях»). Потым Я. Колас працаваў у Пінкавіцкай школе. Піша ліст пану Скірмунту, яго абвінавачваюць у палітычнай небяспечнасці і пераводзяць у Смалявіцкі раён.

Летам 1906 г. адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд на Мікалаеў­шчыне, пасля якога ўдзельнікаў пакінулі без працы. У 1906–1907 гг. Я. Ко­лас жыве ў брата і адкрывае там школу. Працуе над падручнікам-хрэстама­тыяй «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Яшчэ ў 1904 г. частку сваіх вершаў Я. Колас дасылае ў часопіс «Для всех» (атрымаў рэцэнзію пра не­дасканаласць вершаў у плане формы).

У 1906 г. у першым нумары «Нашай долі» Я. Колас змясціў першы верш, у якім даецца апісанне роднай вёскі як краю галечы. У 1907 г. Я. Ко­лас запрошаны ў газету «Наша Ніва», едзе ў Вільню, але адносіны з рэдак­цыяй у яго не складваюцца. Я. Колас прымае запрашэнне аднаго з памеш­чыкаў і ў 1908 г. едзе працаваць у в. Сані Талачынскага раёна. Суд па спра­ве настаўніцкага з’езду адбыўся ў 1908 г., і Я. Колас павінен быў прасе­дзець тры гады ў Мінскім астрозе (1909–1911).

У 1910 г. выйшаў зборнік «Песні жальбы» і нарадзілася задума паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка» і зборніка «Казкі жыцця». У 1912 г. улад­каваўся працаваць настаўнікам у Пінскае прыходскае вучылішча (1912–1914). Першая імперыялістычная вайна прымусіла Я. Коласа эвакуіравацца да сваякоў жонкі ў Маскоўскую губерню. У 1915 г. у верасні Я. Коласа на­кіроўваюць у Маскоўскае баявое вучылішча, у чыне прапаршчыка яго ад­праўляюць на Румынскі фронт. 1918 г. – савецкая ўлада дэмабілізавала Я. Ко­ласа як настаўніка з войска. З 1921 г. працуе і жыве ў Мінску, займаецца педагагічнай (выкладае ў педтэхнікуме) і літаратурнай дзейнасцю.

Творчасць Я. Коласа дакастрычніцкага часу

Асноўныя тэмы творчасці Я. Коласа дакастрычніцкага часу: сялян­скае жыццё, нялёгкая праца, прыгажосць беларускай прыроды. У цэнтры вершаванай паэтычнай творчасці аўтара два героі: мужык-селянін і інтэлі­гент-змагар. Першы зборнік «Песні жальбы» выйшаў у 1910 г. Ён скла­даўся з пяці раздзелаў: «Думкі», «Родныя вобразы», «Мужычае жыццё», «На ростані», «З турмы». Зборнік аўтабіяграфічны, Я. Колас расказвае пра жыццё селяніна праз сваё жыццё.

Коласаўская проза прайшла ад сюжэтнага да псіхалагічнага шляху. Першае апавяданне – «Што робіцца ў сяле?». Сацыяльна-псіхалагічныя апа­вяданні: «Думкі ў дарозе», «Малады дубок», «Тоўстае палена», «Сірата», «Дзеравеншчына», «У старых дубах», «Нёманаў дар» спалучаюць гумар і псіхалагізм.

На пачатку стагоддзя Я. Колас распрацоўваў тэму горада (урбаніза­цыі). У невялікім апавяданні «У горадзе» Я. Колас малюе горад праз ус­прыняцце беспрацоўнага, нікому не патрэбнага чалавека. У апавяданні го­рад супрацьпастаўлены вольнай прыродзе.

У дакастрычніцкі час (у 1908 г.) пачаў працу над «Казкамі жыцця», якую працягваў да 1954 г. Зместам апавяданняў Я. Колас паказвае знітава­насць усяго жывога і нежывога ў прыродзе. Коласаўскае разуменне жыцця грунтавалася на перапляценні дабра і зла (аўтар імкнецца раскрыць склада­ную дыялектыку чалавечага жыцця). Некаторыя творы маюць выразны са­цыяльны падтэкст: «У балоце», «Асінае гняздо». «У балоце» – водгук вы­разнага алегарычнага напрамку на падзеі першай рускай рэвалюцыі, калі палітыка ўрада давяла краіну да безвыходнага становішча. «Стары лес», «Асінае гняздо» – можна ўбачыць алегорыю на падзеі першай сусветнай вайны. Апавяданне «Балотны агонь» – філасофскага плану. Утрымлівае пытанне: ці лепш усё ведаць і пакутваць ад гэтага, ці жыць у свеце ілюзій. Да дадзенай праблематыкі набліжана апавяданне «Чыя праўда?». Перапля­ценне пытанняў чалавек – прырода – Радзіма назіраецца ў апавяданнях «Адзінокае дрэва», «Крынічка». Выразную філасофскую праблематыку мае апавяданне «Камень». Такім чынам, апавяданні Коласа з «Казак жыцця» варта назваць апавяданнямі-прыпавесцямі.

Апавяданні вершам аўтар браў з народных анекдотаў: «Доктар па­мог», «За дождж», «Зяць», «Паслушная жонка». У творах апавядаецца пра сялянскае жыццё, пра непаразуменні ў ім. У некаторыя апавяданні Я. Ко­лас уводзіў замалёўкі – «За дождж». У некаторых вершаваных апавяданнях звяртаўся аўтар да мінулага – «Прапаў чалавек», «Паўлюкова бяда». Гума­рыстычна-сатырычную афарбоўку мае апавяданне «Як Янка забагацеў». Некаторыя апавяданні вершам высмейваюць чалавечыя слабасці: п’янства, безгаспадарлівасць. Бытавая тэматыка прадыктавана жыццём. Апавяданне «Пад Новы год» падобнае да «Казак жыцця» па сваіх сюжэтных вартасцях.

Паэма Я. Коласа «Новая зямля»

Названа даследчыкамі літаратуры энцыклапедыяй жыцця беларуска­га сялянства. Паэма складаецца з трыццаці раздзелаў. Гэта твор пра жыццё сялянства паслярэформеннага часу. Я. Колас пісаў паэму, калі знаходзіўся ў Мінскім астрозе (з 1911–1923 гг.). Першым яе напісаным раздзелам стаў «Як дзядзька ездзіў у Вільню, і што ён там рабіў», які пазней быў перапра­цаваны. У дакастрычніцкі час напісаны яшчэ раздзелы: «Леснікова паса­да», «Раніца ў нядзельку», «Cмерць ляснічага», «Каля зямлянкі», «Дзядзь­ка-кухар», «На першай гаспадарцы», «Пярэбары», «Нататкі».

Паэма была задумана як твор пра жыццё звычайнага чалавека, які іс­нуе ў тыповых абставінах. Твор у многім аўтабіяграфічны (з жыцця ўзяты вобразы бацькі, маці, дзядзькі, Костуся – з сябе і інш.). Твор можна назваць кнігай сялянскага жыцця, аповедам пра паўсядзённую працу, бытавыя кло­паты сялян. Зямля для Міхала – гэта сродак свабоды і маральная каш­тоўнасць, а не толькі мэта прыгожа жыць. Праз вобраз Міхала паказаны чалавек, які хоча змяніць абставіны ў лепшы бок, якога не задавальняе служба і пераезды з месца на месца. Карціна смерці Міхала мае філасоф­скае значэнне: кожны чалавек нараджаецца і памірае; «памірае» няздзейс­неная мэта Міхала пра набыццё зямлі, а значыць і спадзяванне сялянства на свабоду і незалежнасць у цэлым. Вобраз Антося паэтызаваны: раскры­ваецца паэтыка земляробчай працы. Вобразы Міхала і Антося як бы суп­рацьпастаўлены, гэта дзве палавінкі аднаго светаўспрымання. Многія да­следчыкі знаходзяць тут дзве пазіцыі: імкненне аднаго да незалежнасці, да зямлі, другі жыве сённяшнім днём, выконвае свае абавязкі. Увогуле аўтар паэтызуе краіну дзяцінства і свет прыроды.

У аўтарскім стылі спалучаецца смешнае і сур’ёзнае: аповед пра сур’ёз­ныя рэчы вядзецца праз гумарыстычныя элементы. Ёсць у паэме і алега­рычныя моманты: «Воўк». Твор адметны сваёй кампазіцыяй (прысутніча­юць элементы каляндарнай кампазіцыі, выкарыстанне рэтраспекцыі для таго, каб увесці чытача ў сутнасць падзей). Колас у паэме вельмі часта па­дае пейзажныя замалёўкі і ўводзіць лірычныя адступленні, што спрыяе фарміраванню аўтарскай ідэі ў творы. Прырода паказана ў паэме праз ус­прыманне селяніна.

Паэму можна назваць не проста энцыклапедыяй сялянскага жыцця, але і энцыклапедыяй жыцця наогул. Паэма напісана анегінскай страфой, спалучае народную мову і вершы, народнасць, сялянскасць. Аўтар аб’яд­наў высокія традыцыі і народную мову.

Паэма была надрукавана ў 1923 г. і выклікала спрэчкі сярод беларус­кіх пісьменнікаў і крытыкаў. У 1920–1930-я гг. выказваліся думкі пра тое, што Колас апаэтызаваў прыватнаўласніцкае імкненне да зямлі. Вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі твора сустракаюцца ў 1930-я гады, што, безумоўна, з’яўлялася заканамерным павевам часу.



Паэма Я. Коласа «Сымон-музыка»

Першы варыянт паэмы быў закончаны ў 1918 г., другі – у 1923 г. (згуб­лены), 1925 г. – трэцяя рэдакцыя твора. Паэма напісана ў рамантычным сты­лі. Складаецца з пяці частак, кожная частка пісалася асобна. Праца распа­чата ў 1911 г. у астрозе. Першая частка паэмы напісана ў 1911 г., другая – у 1913 г., трэцяя – у 1917 г., чацвёртая, пятая – у 1918 г. Друкаваліся часткі асобна. Я. Колас скончыў працу ў 1925 г. Першае і другое выданні – з прад­мовай, якая ў астатніх выданнях не друкавалася.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў аснову твора пакладзена гісто­рыя, пачутая аўтарам падчас вучобы ў семінарыі; таксама напісанне твора адбывалася пад уплывам творчасці У. Караленкі ці, паводле меркавання другіх, – тут бачны ўплыў карэла-фінскага эпасу. Даследчык У. Конан лі­чыць, што твор шматпластны (быццам Колас перапрацаваў міф пра Арфея і Эўрыдыку). Вытокі паэмы ідуць ад зямлі, падказаны самім жыццём. І. На­вуменка знайшоў у паэме падабенства з традыцыямі кітайскай філасофіі.

Галоўны герой – Сымон – незразумелы для іншых людзей. Ён з’яў­ляецца прадстаўніком новага пакалення. Вобраз дзеда Курылы сімвалічны (паказ мінулага як неад’емнай часткі будучыні). Адлюстравана ў паэме праблема мастака і мастацтва: ці быць мастаку забаўнікам, ці змагаром. Агульнасацыяльнае паказана ў такой форме, што нават даросламу нельга зразумець тую сітуацыю, у якой ён жыве. У паэме аўтарам падаецца кан­цэпцыя мастака і мастацтва. Сапраўдную свабоду аўтар бачыць у твор­часці, у мастацтве, у душы чалавека. Я. Колас сутыкае светлыя парыванні з цемнатой і хцівасцю, паказвае, што жабрак – ахвяра грамадства, чалавек, варты жалю. Без свабоды няма сапраўднага мастацтва – адна з галоўных думак твора. Аўтар атаясамлівае прыроду з Богам. Я. Колас паказвае, як чалавек мужнее, каб развіваць свой талент, прыносіць карысць людзям, выконваць наканаваную зверху сваю місію на зямлі. Сапраўднае мастацтва таму і вялікае, што яно праўдзівае, пераконвае нас Я. Колас.

Вобраз Сымона адначасова з’яўляецца і традыцыйным, і наватарскім. У ім назіраюцца тыповыя рысы Сымона як мастака з народа. Адначасова гэта паэма не столькі пра лёс народа, колькі пра лёс мастацтва ўвогуле. Вобраз Сымона – гэта і вобраз мастака, і вобраз вясковага хлопца, і вобраз-тып.

Твор насычаны лірычнымі адступленнямі (пейзаж, разважанні пра сэнс жыцця – гэта аўтарскі голас). Твор спалучае казачнае і рэальнае. На­яўнасць прыпавесцей і легенд у спалучэнні з праўдзівым паказам падзей надае твору большую выразнасць. Паэма становіцца высока інтэлектуаль­ным творам. Я. Колас паказвае, як павінна развівацца сапраўдная літаратура.

Выкарыстанне фальклорных традыцый даказвае, што Я. Колас ім­кнуўся пісаць простай даступнай мовай. Аўтар пятнаццаць год перапра­цоўваў паэму. Сваёй творчасцю і моўнымі асаблівасцямі дадзенай паэмы Я. Колас хацеў паказаць, што асновай творчасці павінна з’яўляцца народ­ная мова (хоць і літаратурная адначасова). Мова ж паэмы лаканічная і вы­разная.

Я. Колас і трылогія «На ростанях»

У дадзеным творы Я. Колас імкнуўся пісаць пра Бацькаўшчыну, на­род, і гэта ўспрымаецца ў комплексе. Я. Колас выяўляе разуменне чалаве­чай асобы, паказвае чалавека-працаўніка ў экстрымальных умовах. Трыло­гія – новы этап станаўлення рэалізму. У ёй спалучаюцца тэндэнцыі твораў эпічнай формы. Гэта ўзор класічнай формы нацыянальнага рамана, трады­цыі якога працягваліся пасля К. Чорным.

Па сваёй жанравай структуры твор спачатку задумваўся як невялікае апавяданне пра сялянскі побыт. Твор складаецца з трох частак: «У палес­кай глушы» (1922), «У глыбі Палесся» (1927), «На ростанях» (1954).

Першапачаткова Я. Колас хацеў паказаць вобраз настаўніка, які скон­чыць жыццё самагубствам – застрэліцца. Праз вобраз Лабановіча Я. Колас імкнецца даць адказы на пытанні пра сэнс чалавечага жыцця. На думку Я. Коласа, інтэлігент можа з’яўляцца або злачынцам, або ахвярай. Лабано­віч знайшоў сэнс жыцця ў працы на карысць народа, але гэта – толькі своеасаблівае «выйсце» для канкрэтнага чалавека, бо спасцігнуць жыццё нельга. Блытаніна ў меркаваннях Лабановіча – гэта паказ аўтарам блыта­ніны ў грамадстве.

Крытыка папракала Я. Коласа, што галоўны герой занадта паглыбле­ны ў сваю псіхалогію і душу, што твору не хапае знешняга дынамізму. Але ў аўтара мы назіраем дынамізм унутраны, бо ў 1920-я гады ў літаратуры былі спробы паказу чалавека як асобы. Сімвалам у творы з’яўляецца чала­век-адзіночка ў багне, у балоце абставін. Такім чынам, Лабановіч – вяшчун тых змен, якія адбудуцца ў грамадстве. Я. Колас хацеў абудзіць крытычную думку.

Вялікую ролю ў рамане адыгрывае пейзаж. Прырода надзяляецца ча­лавечымі якасцямі, існуе як асобны самастойны арганізм. Хараство яе на­раджае пратэст: чаму на фоне краявідаў чалавек існуе так нецікава і недарэч­на. Нацыянальнае разумеецца праз адносіны Лабановіча з рэнегатамі наро­да, праз асэнсаванне сябе. Асабістае шчасце герой не ўяўляе без шчасця ін­шых людзей.

Я. Колас праводзіць у трылогіі думку і пра самакаштоўнасць чалаве­ка. Цікава падаецца ў рамане і свет кахання: праз асабістыя адносіны і све­таўспрыманне галоўнага героя.

Аўтар распрацоўвае методыку новых эпічных форм: калі ў творы пры­сутнічае вобраз-тып папа, то іх паказваецца некалькі; тое ж і з чыноўніка­мі, і з інтэлігентамі (тыпізацыя робіцца Я. Коласам з некалькіх герояў).

У першай частцы трылогіі абставіны падаюцца статычнымі, потым паступова назіраецца адыход ад дадзеных прынцыпаў. Пачынаецца паказ асобных вобразаў: Аксён Каль, Андросаў і інш. Увогуле твор насычаны тонкай філасофіяй, сатырычнымі момантамі, якія спрыяюць раскрыццю асноўных ідэй і вобразаў, арганічна ўплятаючыся ў агульную канву.

Драматычныя творы Я. Коласа мала вядомыя. У дакастрычніцкі час напісаны п’есы «Антось Лата», «На дарозе жыцця». У першым творы апа­вядаецца пра беспрасветнасць жыцця селяніна, падаюцца карціны вяско­вага п’янства. Другі твор утрымлівае развагі аўтара пра будучыню Бела­русі, мае сімвалічныя вобразы і вельмі нагадвае твор палемічнай літарату­ры А. Філіповіча «Фрынас» (у абодвух творах прысутнічае вобраз маці-Беларусі і яе клопат пра сваіх дзяцей). П’есы былі непрыдатныя для бела­рускай сцэны, бо вельмі насычаны маналогамі.

Такім чынам, у дакастрычніцкі час Я. Колас выступаў як паэт, пра­заік, драматург. У паэзіі ён – прадстаўнік грамадзянскай плыні. Я. Колас шмат зрабіў для развіцця прозы і паэзіі, садзейнічаў станаўленню і развіц­цю прынцыпаў псіхалагізму у літаратуры. Шмат зрабіў для развіцця жанру апавядання ў беларускай прозе: узор філасофскіх, псіхалагічных, сатырыч­ных апавяданняў. У творчасці аўтара яскрава назіраюцца спробы стварыць нацыянальны характар беларуса, беларускія нацыянальныя тыпы. Аналіз творчасці Я. Коласа рабіўся яшчэ М. Багдановічам у артыкуле «За тры га­ды» (1913), дзе давалася разгорнутая характарыстыка творчасці аўтара, пра­водзілася думка пра праўдзівасць створаных ім вобразаў і карцін.

Сістэмнае вывучэнне творчасці аўтара пачалося з 1920-х гадоў. М. Га­рэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» сцвярджаў, што Я. Колас з’яў­ляецца заснавальнікам беларускай прозы, абгрунтоўваў думку пра тое, што Я Колас – прадстаўнік рэалістычнай плыні. Пазнейшыя працы даследчыкаў падкрэслівалі вялікі ўклад аўтара ў развіццё беларускай літаратуры.

Ядвігін Ш. (1869–1922)
Сапраўднае імя – Антон Іванавіч Лявіцкі. Мяркуюць, што псеўданім паходзіць ад імя каханай аўтара. Нарадзіўся на Гомельшчыне, бацька быў упраўляючы маёнтка, паходзіў са шляхты. Хутка сям’я пераехала на Мін­шчыну, дзе знаходзіўся спадчынны фальварак бацькі – Карпілаўка. Дзяцін­ства Антона прайшло менавіта ў гэтым месцы.

У дзевяць год хлопчыка аддалі ў прыватную школу ў Люцынцы (шко­ла В.І. Дуніна-Марцінкевіча), дзе адукацыяй займаліся дочкі апошняга. У школе не давалі звестак пра развіццё беларускага краю. Вучыўся аўтар у Мінскай гімназіі, потым – у Маскоўскім універсітэце на медыцынскім фа­культэце. У 1890 г. быў выключаны з універсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Едзе на Бацькаўшчыну. Хутка яго бацька памірае. Антон здае экзамен на правізара, уладкоўваецца на працу недалёка ад дома і пачынае пісаць.

Мяркуюць, што ў 1892 г. напісаў драму «Злодзей», але яна не дайшла да нас. З 1903 г. аўтар актыўна друкуецца ў Мінскіх і Віленскіх рускамоў­ных газетах. Першы арыгінальны беларускамоўны твор надрукаваны на старонках «Нашай долі» ў 1906 г. – апавяданне гумарыстычна-сатырычна­га плану «Суд». Пазней творы друкаваў на старонках «Нашай нівы», прад­стаўніком рэдакцыі якой з’яўляўся.

У 1904 г. асталяваўся ў Мінску, там сустрэў дзве рэвалюцыі: лютаў­скую і кастрычніцкую, у палітычным плане належаў да памяркоўнага кры­ла. У 1920 г. выехаў у Вільню, бо быў хворы на сухоты. Адтуль едзе ў Польшчу на курорт Закапаны. Пасля Рыжскага дагавору 1921 г. паміж Польшчай і Расіяй не змог вярнуцца ў Беларусь. Памёр у Вільні ў 1922 г.

Творчасць аўтара доўгі час замоўчвалася. Як пісьменнік Ядвігін Ш. сфарміраваўся пад уплывам рускай класікі: У. Гаршына, А. Чэхава. На яго творчасць меў уплыў і беларускі фальклор. У ранніх апавяданнях аўтара на рускай мове «Милка», «Шах-мат», «Маленькая повесть» і інш. расказваец­ца пра жыццё «маленькага» чалавека, з лёгкім гумарам апавядаецца пра яго прыгоды. Шмат месца ў творах займае іронія.

З 1905 г. выступае як фельетаніст на рускай мове і расказвае пра но­равы грамадства: «Лотерея», «Наивный мальчик». Пісаў артыкулы: «Не уби­вайте их» (артыкул у абарону буслоў); «Устаревшая аксиома» (пра цяжкас­ці, звязаныя з выездам за мяжу); «Жмурки» (пра немэтазгоднасць вайны); «Чины и чинишки» (пра неабходнасць чыноўніцтва ведаць культуру наро­да, якім яны кіруюць).

У 1891 г. у Маскве выдадзена апавяданне «Сігнал» – вольны пераказ апавядання рускамоўнага аўтара У. Гаршына – назіраецца аднолькавае ўс­прыняцце свету гэтымі аўтарамі, трагізм і драматызм акаляючай рэчаіснас­ці, перамога дабра над злом.

У 1906 г. на старонках «Нашай Нівы» з’яўляецца першае арыгіналь­нае апавяданне «Суд». Аўтару належаць зборнікі «Бярозка» (1912) і «Ва­сількі» (1914). Па жанравых прыкметах апавяданні дадзеных зборнікаў бліз­кія да народнага анекдота. Галоўнае месца належыць дзеянню, а раскрыц­цё характараў арганічна ўплятаецца ў канву твора. Аўтар ставіў задачу – насмяшыць чытача, таму апавяданні атрымаліся аднатыпныя.

Спачатку Ядвігін Ш. пісаў толькі сатырычныя апавяданні. Пазней ў творчасці аўтара выявілася імкненне да філасофскага абагульнення рэчаіс­насці. Ядвігін Ш. узяўся за распрацоўку жанру прыпавесці: «Падласенькі», «Рабы», «Гадунец», «Награда» – змяшчалі пытанне пра сэнс чалавечага жыц­ця, узаемаадносін бацькоў і дзяцей. Услед за У. Гаршыным Ядвігін Ш. мер­каваў, што ўсё павінна будавацца на здаровым эгаізме.

Ядвігіну Ш. належаць і лірычныя апавяданні (так званыя вершы ў прозе): «Васількі» (невялікае лірычнае апавяданне, у якім паказваецца хут­каплыннасць усяго прыгожага), «Раны» (твор заснаваны на прыёме града­цыі – узмацнення аўтарскай думкі).

Сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні: «Жывы нябожчык» (думка пра духоўнае выраджэнне шляхты), «Зарабіў» (павучанне пра гультая і яго працу), «Як зарабляюць», «З бальнічнага жыцця», «Гаротная» (пра чалаве­чы лёс як ланцуг пакут). У стылі Ядвігіна Ш. творы дапаўняліся іранічным асэнсаваннем рэчаіснасці: «Сабачая служба» (тэма здрадніцтва), «Пратэст».

Асаблівасцю стылю аўтара з’яўляецца імкненне не падаваць канкрэт­ных часавых рэалій. У 1920 г. у Вільні пачаў друкавацца раман «Золата» (у шэраг падзей уплятаецца дэтэктыўная гісторыя, апавядаецца пра беларус­кую эміграцыю, сялянства і мяшчанства як пласты грамадства). Твор мара­лізатарскага плану. Найбольш распрацаванымі з’яўляюцца адмоўныя воб­разы. Золата – гэта чыстае чалавечае сумленне. У рамане Ядвігін Ш. вы­ступае ў ролі пісьменніка рамантычнага складу. Твор з’яўляецца першай спробай стварэння прыгодніцкага раману.

Пяру аўтара належаць творы публіцыстычнага характару і нарысы: «Лісты з дарогі», «Думкі з падарожы» (сялян трэба падтрымаць, даць ім крэдыты; узнімаецца праблема эміграцыі і асіміляцыі беларусаў). Ядві­гін Ш. – аўтар мемуараў пра часы студэнцтва (студэнцкую Маскву). Пісаў артыкулы пра беларускае нацыянальнае жыццё.

У 1909 г. з’явілася паэма «Дзед Завала» (паэтызуецца гарманічная ча­лавечая асоба, якая жыве ў згодзе з прыродай). Такім чынам, асноўнай за­слугай Ядвігіна Ш. з’яўляецца развіццё жанру апавядання і жанру рамана ў беларускай прозе.


Алесь Гарун (1887–1920)
Сапраўднае імя Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі. Псеўданімы: Алесь Сумны, Іван Жывіца. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і чорнарабочага. Пісьменнасці вучыўся на рускай і польскай мовах, беларускую мову пачуў на вуліцы. Меў рамесніцкую адукацыю: спачатку вучыўся ў школе, по­тым – у рамесніцкім вучылішчы. Прушынскі звязаў лёс з эсэрамі-максіма­лістамі. Мяркуюць, што ён вельмі рана пачаў пісаць, але як паэт нарадзіўся ў час рускай рэвалюцыі 1905 г.

У студзені 1905 г. быў напісаны верш «Мае каляды» пад псеўдані­мам «Алесь Сумны». Пад дадзеным псеўданімам аўтар уключаў вершы і ў зборнік «Матчын дар». Вясной 1907 г. Гаруна арыштавалі ў падпольнай друкарні і пасадзілі ў Віленскую турму, а потым саслалі ў Сібір на катаргу за прапаганду сярод вучнёўскай моладзі. Атрымаў права пражываць на ўсёй тэрыторыі Сібіры. Вандраваў па золатаздабываючых частках. У 1914 г. паслаў рукапіс зборніка «Матчын дар» у Вільню, але яго не надру­кавалі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Гарун становіцца дэпутатам Ленскага прыіска. У 1917 г. вяртаецца ў Беларусь. У гэты час адбываецца пераацэн­ка аўтарскіх каштоўнасцей, і ён паступова аддаляецца ад эсэраў, імпаную­чы бальшавікам.

Пасля абвяшчэння ў 1918 г. БНР Гарун лічыць, што ўлада павінна існаваць для народа. Пасля жнівеньскага ўступлення войск Пілсуцкага ў Мінск у 1919 г. Гарун хутка расчараваўся ў палітыцы апошняга. Быў упі­саны ў вайсковую камісію, але яго лічылі за бальшавіцкага агента.

Памёр у санітарным вагоне на шляху ў Закапаны. Пахаваны ў Кракаве.



Зборнік «Матчын дар» (1918)

Падрыхтаваны да выдання ў 1914 г., выдадзены ў 1918 г. Выйшаў у Мінску з падзагалоўкам «Думы і песні 1907 – 1914 гг.». Прысвячаўся маці. Зборнік складаўся з трох частак: «Роднаму краю», «На чужыне», «Прыявы роднага» (відавочныя матывы суму па Радзіме). Адкрываўся вершам «Лю­зям», у якім услаўлялася таленавітасць чалавека, утрымліваўся роздум пра будучыню, родны край. Твор нагадваў купалаўскі верш «Я не паэта». У вершы «Роднаму краю» прасочваецца цесная сувязь чалавека і Радзімы. У вершы «Начныя думкі» выкарыстаны прыём параўнання сучаснага і міну­лага, верш прысвечаны Я. Коласу.

Некаторыя вершы аўтар спрабуе стылізаваць пад народную песню. Су­стракаюцца ў творчасці і аўтабіяграфічныя матывы: «У выгнанні», «Дзяўчы­начка-сэрца», «Мая люба». Гарун – паэт-грамадзянін, на першае месца ён ста­віў адлюстраванне чалавечага жыцця, спрабаваў разнастаіць формы верша.

У творчасці сустракаюцца апавяданні вершам: «Варажба», «Канец Паўлючонка», «Шчасце Мацея», а таксама анекдоты, пераказаныя вершам («Сабатажнік», які не ўвайшоў у зборнік).



Празаічныя творы аўтар друкаваў пад псеўданімам Іван Жывіца. Проза аўтара – з’ява арыгінальная. Творы неаднародныя па тэматыцы: жыц­цё катаржан, тэма кахання, чалавечых узаемаадносінаў, а таксама ўзаема­адносінаў чалавека і грамадства. Апавяданне «Першы снег» падае пара­лель першага снегу і чысціні чалавечай душы. «Чалавек без крыві» распа­вядае пра былога зняволенага, што імкнецца прызвычаіцца да паўсядзён­нага жыцця.

У творчасці аўтара прысутнічаюць і філасофскія матывы: «Пан Ша­буневіч» (пра местачкоўца-рамесніка), «П’еро і Каламбіна» (тэма чалавеча­га эгаізму і самаахвярнасці). Проза Гаруна надрукавана ў зборніку «Сэр­цам пачуты звон».



Драматычныя творы аўтар пісаў у 20-я гады: яго пяру належаць «Жы­выя казкі для дзіцячага тэатра» («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць», «Датрымаў характар»). Казкі дыдактычныя, павучаль­ныя. Аднак дадзеныя творы не друкаваліся. Варта сказаць, што Алесь Га­рун у беларускай паэзіі выступаў як публіцыст, а ў беларускай прозе – як філосаф.
Максім Багдановіч (1891–1917)
Нарадзіўся ў Мінску. Калі Максіму было некалькі месяцаў, сям’я пе­раязджае ў Гродна. У 1895 г. памірае маці ад сухотаў, сям’я вымушана пе­рабрацца ў Ноўгарад, дзе жыве да 1906 г. Адам Багдановіч, бацька буду­чага паэта, жэніцца на сястры жонкі М. Горкага – Аляксандры Волжынай, якая памірае пры нараджэнні сына. У 1908 г. – пераезд у Яраслаўль. Мак­сім паступае ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй (па загадзе бацькі). Узрастае цікавасць Максіма да філалогіі і гісторыі.

Летам 1911 г. Максім наведвае Беларусь па запрашэнні рэдакцыі га­зеты «Наша Ніва», прыязджае ў Вільню. Піша вершы. Паэт спадчынна быў падобны да маці і таму хворы на сухоты. Апошнія месяцы свайго каротка­га жыцця правёў у Ялце, дзе памёр у маі 1917 г. Там і пахаваны. Бацька Мак­сіма ў другой палове 20-х гадоў даведаўся пра тое, што сын – прызнаны паэт.



Зборнік М. Багдановіча «Вянок» (1913)

Зборнік выбраных вершаў, арыентаваны на заходнія літаратуры. Спа­чатку павінен быў складацца з трох частак: «Малюнкі і спевы», «Мадон­ны», «Каханне і смерць» (аўтар хацеў падкрэсліць думку пра вечнасць жыц­ця). Аднак задуманая кампазіцыя не знайшла выяўлення, і выдаўцы ўнеслі змены ў структуру зборніка. Прадмова да зборніка напісана белым вершам.



Першая частка – «Малюнкі і спевы» – уключае некалькі цыклаў:

У першым цыкле «Зачараванае царства» жывуць міфічныя істоты і закаханыя (вершы «Зорка Венера», «Зімняя дарога» і г.д.);

У другім цыкле «Гукі Бацькаўшчыны» выкарыстаны фальклорныя прыёмы псіхалагічнага паралелізму (вершы «Уся ў слязах дзяўчына», «Не кувай ты, шэрая зязюля» і інш.; у вершы «Вечар» выкарыстаны прыём алюзіі, калі радкі з іншага верша ўстаўлены ў аўтарскі верш);

У трэцім цыкле «Старая Беларусь» згадваюцца старонкі беларускага мінулага (верш «Слуцкія ткачыхі»);

У чацвёртым цыкле «Месца» (горад) прысутнічаюць гуманістычныя матывы (верш «У Вільні»);

У пятым цыкле «Думы» і шостым цыкле «Вольныя думы» прысут­нічаюць вершы, прысвечаныя Радзіме, мастацкай творчасці (напрыклад, верш «Песняру»);



Сёмы цыкл «Старая спадчына» дае ўзоры розных вершаваных паме­раў: пентаметр, рандо, санет і г.д.; пераклады.

Другая частка «Мадонны» апявае дабрыню, спачуванне, самаахвяр­насць жанчыны (вершы «У вёсцы», «Вераніка» і інш.);

Трэцяя частка «Каханне і смерць» утрымлівае дыялектыку жыцця – каханне становіцца прычынай смерці жанчыны, якая нараджае дзіця.

Зборнік «Вянок» стаў прыкметнай з’явай ў беларускай літаратуры ХХ ст., бо ў ім аўтар імкнуўся сказаць пра блізкае чалавеку. Мастацкая спадчына М. Багдановіча поўнасцю не адшукана, шмат вершаў прапала. У вершах, што не ўключаны ў зборнік, прысутнічаюць два матывы: твор­часць і чалавечае жыццё – «Я бедны бяскрыдлы паэт», «Крытыку», «Ліст», «Пагоня», «Народ, беларускі народ», «На чужыне» і інш.

У 1920-я гады паэт захапіўся беларускім фальклорам. У 1915–1917 гг. спрабуе стварыць вершы беларускага складу на аснове беларускага фаль­клору. Гэтыя творы нагадвалі народныя жарты ці галашэнні: «Бяседная», «Лявоніха».

У 1915–1917 гг спрабуе пісаць вершы ліра-эпічнага складу, зверну­тыя ў мінулае (да сярэднявечча): «Агата», «Мушка-зелянушка і камарык насаты тварык» (падзагаловак напісаны беларускім вершам) і інш. У гэты час напісаны паэмы «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», у стылі якіх пераклікаюцца меладрама і жарт.

У паэме «Максім і Магдалена» на стыль пісьменніка наклаў адбітак рамантызм. Апрацоўка паэмы зроблена ў народным духу, выкарыстаны прыём інверсіі. Паэма «Страцім-лебедзь» – гэта апокрыф (апокрыфы – тво­ры з біблейскім сюжэтам), апавядае пра лёс гордай птушкі, якая дапамагае выратаваць другіх, а сама не зможа пакінуць пасля сябе нашчадкаў.

Першыя пераклады М. Багдановіча з’явіліся ў 1909 г. на старонках «Нашай нівы». Вялікую ўвагу звяртаў аўтар на заходне-еўрапейскую паэ­зію (Ф. Шыллер, Г. Гейне, П. Верлен і інш.).



Празаічныя творы М. Багдановіча

Не ўсё з напісанага было апублікавана і дайшло да нашага часу. На беларускай мове ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» апублікавана апавя­данне «Музыка». Цэнтральная праблема – праблема мастака і мастацтва. Дадзеная праблема была вядучай у прозе М. Багдановіча: «Апавяданне аб іконніку і залатару», «Шаман», «Апокрыф» (стылізацыя пад жанр старажыт­най літаратуры). Асноўная ідэя апошняга твора: нельга ўсё ў жыцці дзяліць на прыгожае і карыснае. Аўтар выкарыстоўвае вобразы-сімвалы: каласы і васілёк. «Аб іконніку і залатару» – аўтар спрабуе разважаць пра традыцыі і навацыі; «Шаман» – узнімаецца пытанне пра карані прыгажосці.

Аўтару належаць замалёўкі з натуры: «Гарадок», «Вёска», «Вясной» як эпізоды незакончаных апавяданняў. У апавяданні «Марына» сустра­каюцца аўтабіяграфічныя матывы (кажуць, што Багдановіч узнавіў сюжэт з асабістага жыцця).

М. Багдановічу належаць апавяданні на рускай мове: «Мадонны», «Сон-трава», «Страшное», «Катыш», «Преступление», «Чудо маленького Петрика», «Колька», «Именинница», «Калейдоскоп жизни», якія адлюстроў­ваюць разнастайныя праявы жыцця чалавека.



М. Багдановіч – літаратурны крытык

Аўтар быў адметным крытыкам. Першы артыкул «Глыбы і слаі» быў надрукаваны ў «Нашай ніве» ў 1911 г. (утрымліваў аналіз сучаснага стану беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, падбадзёрванне беларускіх аўтараў, спробу ахарактарызаваць стан беларускай літаратуры). М. Багдановіч аха­рактарызаваў творчасць Я. Купалы, пісаў пра тое, што апошні малюе нена­туральныя вобразы. Спрэчны погляд меў М. Багдановіч і на «Адвечную песню» Я. Купалы, слабым бокам твора М. Багдановіч лічыў сімвалізм.

Цікавай з’явай назваў М. Багдановіч зборнік Я. Коласа «Песні жаль­бы», станоўчым момантам яго лічыў цэльнасць, адмоўным – статычнасць Я. Коласа-паэта.

М. Багдановіч у 1910 г. адзначаў два пласты ў беларускай літарату­ры:



  1. творы, што нагадвалі думкі ўслых (самы таленавіты – В. Ластоўскі і яго вершы ў прозе);

  2. жарты, якія перараслі ў невялікія апавяданні (іх вартасць заклю­чаецца ў жывасці мовы, у зразумеласці, лепшым беларускім апавядальні­кам лічыў Ядвігіна Ш.).

У беларускай драматургіі М. Багданоіч адзначаў твор К. Каганца «Модны шляхцюк».

У 1913 г. напісаны артыкул М. Багдановіча «За тры гады», у якім па­казана развіццё беларускай літаратуры як працэсу. Аўтар думаў, што бела­рускі друк расце якасна, колькасна; быццам значна ўзрасла якасць твораў. Аналізуючы творчасць пісьменнікаў, адзначаў пашырэнне кола тэм, рас­працаваных Я. Купалам; Я. Коласа ставіў на другое месца і казаў пра ад­сутнасць слабых бакоў яго творчасці. Сярод празаікаў на першае месца ставіў Ядвігіна Ш., называючы яго пісьменнікам-байкапісцам. Адзначаў з’яўленне літаратурных школ у беларускай літаратуры.

Артыкул «Забыты шлях» пісаўся ў час першай імперыялістычнай вайны. У ім адзначалася, што маладая беларуская літаратура развіваецца паскоранымі тэмпамі. Аўтар піша пра тое, што ў беларускай літаратуры, апрача твораў Я. Чачота, П. Багрыма, Я. Баршчэўскага, не было беларус­касці. Аўтары павінны, на думку М. Багдановіча, мець нацыянальныя ма­тывы ў творчасці, а не толькі браць тэмы і сюжэты з сусветнай літаратуры.

Пяру М. Багдановіча належыць тэарэтыка-гістарычны нарыс «Са­нет». У ім разглядаюцца вартасці санетнай формы. Сустракаюцца ў твор­часці аўтара артыкулы па палітычных пытаннях: «Новая інтэлігенцыя», «Мікалай Міхайлоўскі» і інш.

М. Багдановіч выступаў і як рэцэнзент кніг («Пра Трышчана і Іжоту» французскага пісьменніка Т. Гацье).

Такім чынам, М. Багдановіч паспрабаваў глянуць на беларускую лі­таратуру з вышыні вопыту сусветнай літаратуры. Выступаў як паэт, пісь­меннік, крытык, публіцыст. Як паэт адметны складаннем вершаў у першую чаргу пра чалавека, потым – пра сацыяльныя з’явы. Даследчыкі адзнача­юць інтэлектуальны характар лірыкі Багдановіча, сувязь яго паэзіі з раман­тызмам і сімвалізмам. У Багдановіча няма яркага паказу беларускага му­жыка, што нагадвае дэкадэнцтва.

У 1927–1928 гг. быў падрыхтаваны двухтомнік паэзіі М. Багдановіча. У 1968 г. выйшаў другі двухтомнік, які даў штуршок беларускаму багдано­вічазнаўству. У пачатку 1960-х гадоў творчасць аўтара вывучалася ў сувязі з беларускім фальклорам. Найбольш поўна пра М. Багдановіча напісаў А. Лойка ў кнізе «Максім Багдановіч» (пра паэта напісаў паэт).
Максім Гарэцкі (1893–1937)
У наш час лічаць годам смерці аўтара 1937 г., да гэтага лічыўся го­дам смерці 1939 г. Паходзіў з сялян: нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сялян­скай сям’і сярэдняй рукі. У сям’і было трое сыноў (сярэдні сын – Максім) і адна дачка. Усе паважалі кнігу і асвету, любоў да іх прывіваў бацька. Ста­рэйшы сын займаўся сялянскай працай, малодшы стаў акадэмікам у галіне генеалогіі, дачка загінула, трапіўшы пад трамвай.

Максім атрымаў пачатковую адукацыю, потым скончыў другаклас­нае вучылішча. Пайшоў вучыцца ў Горкі, у каморніцкае агранамічнае ву­чылішча (у 1909 г. паспяхова здае туды экзамены). З’яўляўся актыўным чытачом «Нашай нівы» і сам дасылаў туды вершы, падпісваючыся псеўда­німам «Максім-беларус».

Працаваў у Вільні землямерам. Пасля 1914 г. ідзе ў войска і служыць да 1918 г. Перажывае раненне, хваробу, службу з перапынкамі. У 1918 г. асталяваўся жыць у Смаленску, падтрымаў ініцыятыву адраджэнцаў. У 1919 г. перабіраецца ў Вільню, пачынаецца белапольская акупацыя. Пра­цуе ў газетах.

У 1922 г. арыштаваны за антыдзяржаўную дзейнасць, высланы з за­баронай жыць у цэнтры. Жыве ў невялікім гарадку Дзвінску, працуе ў гім­назіі, піша літаратурныя творы. У 1923 г. пасля запрашэння беларускай ін­тэлігенцыі ён прыязджае ў Мінск, а з 1926 г. выкладае ў Горыцкай акадэміі гісторыю беларускай літаратуры. У 1928 г. едзе ў Мінск і працуе ў Інбел­кульце.

Пачынаюцца рэпрэсіі 1929 г. У 1931 г. Гарэцкага ссылаюць у Вятку, дзе ён працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Пасля вяртаецца ў Смаленскую вобласць, выкладае рускую мову і літаратуру. Яго напаткаў новы арышт, пасля якога сляды таленавітага пісьменніка губляюцца.

Творчасць М. Гарэцкага

Творчасць аўтара варта падзяліць на два асноўныя этапы: дакас­трычніцкі і паслякастрычніцкі. А. Лойка дае наступнае вызначэнне перыя­дызацыі творчасці М. Гарэцкага:

1 этап – 1912–1913 гг. (карэспандэнцыі ў газету «Наша Ніва»);

2 этап – Віленскі перыяд (1913–1914);

3 этап – перыяд імперыялістычнай вайны (1914–1917).

Першыя допісы пра студэнцкае жыццё з’явіліся ў «Нашай ніве» ў 1909 г., а вялікія артыкулы – з 1912 г. Першыя апавяданні з’явіліся ў пачат­ку 1913 г., першая кніга выйшла ў 1914 г.



Зборнік «Рунь» (1914)

У зборнік увайшло каля дзесяці апавяданняў і абразок «Атрута». У зборніку адлюстраваныя дзве тэмы: тэма народа і інтэлігенцыі, тэма бела­рускага нацыянальнага характару. Можна яшчэ прыгадаць і тэму асэнса­вання беларускага мінулага («Лірныя спевы»). Творы ў зборніку аўтабія­графічныя, аўтар узнаўляе тыя сітуацыі і калізіі, што былі ў яго жыцці.

Тэму народа і інтэлігенцыі ўздымалі ў паэзіі Я. Колас, Я. Купала, у прозе – Ядвігін Ш. Глыбокае псіхалагічнае ўвасабленне яна мела ў збор­ніку М. Гарэцкага «Рунь». Маладым людзям няма падтрымкі, герой не мо­жа знайсці сябе, яму няма на што абаперціся («У чым яго крыўда», «Род­нае карэнне», «Уласнік»). У творы «У чым яго крыўда» галоўны герой не знаходзіць паразумення з бацькам і каханай; «Рунь» – інтэлігенцыя ім­кнецца да паразумення; «Роднае карэнне» – пераход да раскрыцця беларус­кага характару. Апавяданне «Красаваў язмін» – пра каханне і светаадчу­ванне рамантычна настроенага чалавека. Для герояў М. Гарэцкага свет – гэта таямніца, чалавеку цяжка зразумець тое, што адбываецца. У творах М. Гарэцкага часта можна сустрэць прыём інтраспекцыі – самааналізу ча­лавека. Цэнтр увагі пераносіцца на апісанне чалавечых пачуццяў і ўчын­каў, галоўным фактарам застаецца чалавечая душа.

М. Гарэцкі бярэцца пісаць пра таямнічае («Войт», «Што яно», «Стра­хаццё»). Твор «Лірныя спевы» падобны да твора М. Гогаля «Тарас Буль­ба» – думка пра тое, што беларусы мелі багатае і цікавае мінулае. Самы трагічны момант жыцця беларусаў – той, што ў іх няма правадыра, які б умацавў іх веру, паказаў шлях да ісціны. Дзеянне ў апавяданні адбываецца ў сярэднявеччы, насельніцтва Магілёўскіх і Гомельскіх зямель змагаецца за незалежнасць з Масквой. Народ просіць княжну Ганну стаць на чале войска, але тая ўцякае з польскім княжычам. Людзі змагаюцца, але цер­пяць паражэнне – узнімаецца праблема прарока і яго нястачы.

Такім чынам, у зборніку «Рунь» М. Гарэцкі звяртае ўвагу на духоў­нае жыццё чалавека праз цікавасць да ірэальнага, таямнічага. Аўтар ім­кнецца падкрэсліць інтэлектуальнасць народа.

Апавяданні 1914–1917 гг.

У дадзены час М. Гарэцкі напісаў шмат апавяданняў рознай тэматы­кі. Твор «Дзёгаць» – сімвалічны, у ім прысутнічае алегарычная дэталь пры­земленасці ўсіх чалавечых мар. «Чарнічка» – тэма жаночага лёсу, асу­джэнне вясковай цемнаты, антычалавечых і маральных нормаў. «Прыся­га», «Хадзяга» – раскрыццё духоўных магчымасцей людзей.

У М. Гарэцкага даволі многа апавяданняў ваеннай тэматыкі: «Літоў­скі хутарок», «На этапе», «Генерал» – пісьменніка цікавіць побыт, шэрыя будні вайскоўцаў і тылу. Праводзіцца думка пра тое, што вайна прывівае чалавеку жорсткасць і недавер. Апавяданне «Літоўскі хутарок» напісана ў форме дзённіка. У ім паказана безабароннасць чалавека перад тварам вай­ны, адкрытым застаецца пытанне пра лёс хутарка. Апавяданне «Рускі» рас­павядае пра пакуты салдата, які забіў ворага – такога ж чалавека, як і ён сам (робіцца перанос чалавечых пакут на вобраз Радзімы). У творах «На этапе», «Зніба сэрца» прысутнічае супрацьпастаўленне тылу і ваенных дзе­янняў.

Аповесці М. Гарэцкага

У 1914–1915 гг. напісана аповесць «На імперыялістычнай вайне», якая стваралася ў перапынку паміж баямі. Па форме аповесць нагадвае за­піскі-дзённік, блізкія да мемуарнага жанру. Аповесць побач з іншымі тво­рамі дадзенага жанру ўваходзіць у так званы «вялікі эпас» М. Гарэцкага. Гэтыя творы, паасобку ўяўляючы самастойнае цэлае, успрымаюцца як част­ка вялікага эпічнага палатна, якое аўтар хацеў разгарнуць у кнізе, што рых­тавлася ім у 1928 г. да друку. Характэрна, што ва ўсіх аповесцях, за выклю­чэннем «Ціхай плыні», адзін і той жа герой – Лявон Задума, вобраз якога мае аўтабіяграфічную аснову. У творах узнаўляюцца паслядоўныя этапы эва­люцыі Задумы: у перыяд вучобы ў вучылішчы («У чым яго крыўда?»), у час працы землеўкладальнікам («Меланхолія»), у час знаходжання ў войску і на фронце («На імперыялістычнай вайне»).

М. Гарэцкі выкарыстаў у першай аповесці сюжэт сваіх дарэвалюцый­ных апавяданняў («У лазні», «У чым яго крыўда?»), але істотна іх пераа­сэнсаваў. Аўтар не набліжае сябе да героя, але логікай развіцця сюжэту, аб’ектывавана-апавядальнай формай выкладу падкрэслівае адрозненне по­глядаў на прычыны цяжкага становішча сялянства. Раскрыццё глыбінных сацыяльных вытокаў «крыўды» героя і складае ідэйны змест твора. У адпа­веднасці з новай задумай змяніўся і ўвесь эмацыянальна-стылёвы лад апо­весці, яе танальнасць. У творы прысутнічае паглыбленае адлюстраванне народнага жыцця як асноўнай тэндэнцыі ідэйна-творчага развіцця М. Га­рэцкага-пісьменніка і ўсёй літаратуры 1920-х гадоў.

Аповесць «Меланхолія» (1916–1921) характарызуецца далейшым пра­грэсам Гарэцкага-аўтара ў майстэрстве псіхалагічнага аналізу. Пісьменнік паглыбляе вобраз Лявона Задумы. Расчараваны герой хоча пайсці з жыцця, але пад уплывам нечаканай сустрэчы з людзьмі, што прадстаўлялі прыгне­чанае сялянства, Лявон усведамляе бессэнсоўнасць свайго рашэння. Нягле­дзячы на назву – гэта глыбока аптымістычны твор, пафас якога заключаец­ца ў фінале, малюнках сялянскага жыцця, апісаннях прыроды, успамінаў героя пра дзяцінства. У гэтых сцэнах і раскрываецца аўтарская ідэйная па­зіцыя, яго жыццесцвярджальная філасофія, яго вера ў будучыню.

Аповесць «Ціхая плынь» (1918) паводле думкі крытыкаў належыць да найбольш дасканалых твораў аўтара. Пісьменнік пры адлюстраванні са­цыяльнай рэчаіснасці, пры раскрыцці характараў і аналізе ўнутранага свету чалавека зыходзіў з прынцыпаў усвядомленага гістарызму. Біяграфія геро­яў не проста раскрываецца на шырокім грамадскім фоне, а быццам вырас­тае з канкрэтных сацыяльных умоў.

Першая частка «Забыты край» – гэта не проста гісторыка-этнаграфіч­ны экскурс у мінулае, а імкненне раскрыць гістарычныя карані таго стано­вішча, у якім апынулася беларуская вёска (галеча, прыгнёт, цемра). Сацы­яльны лад, на думку аўтара, – аснова ўсіх пакут. Глыбокі аналіз сацыяль­най рэчаіснасці ў спалучэнні з аналізам унутранага свету герояў і складае асаблівасць дадзенай аповесці.

У дакументальна-мастацкай кнізе «На імперыялістычнай вайне. За­піскі салдата» (1914 – 1915, 1919) асноўнай ідэяй з’яўляецца асуджэнне ан­тынароднай, несправядлівай вайны. Вайна з пункта погляду шэраговага ўдзельніка, без ідэалізацыі – вось галоўная заслуга ў выяве вайны, бо такая сфера дзейнасці ў беларускай прозе была новай, эстэтычна не асвоенай. У гэтым заключаецца наватарства М. Гарэцкага. Вера ў чалавека і яго высо­кае прызначэнне раскрываецца праз свабоднае чаргаванне малюнкаў і глы­бокіх роздумаў мастака.

Раманная форма ў творчасці М. Гарэцкага

Раман-хроніка «Віленскія камунары» (1931–1933) належыць да най­больш значных дасягненняў усёй беларускай літаратуры. Гэта раман пра народ і гісторыю. Гарэцкі імкнуўся адшукаць вытокі сацыяльных, грамад­скіх працэсаў і з’яў духоўнага плану ў гістарычным быцці народа, асэнсоў­ваючы гісторыю не як стыхію, а як складаны працэс, падначалены пэўным законам. Паглыбляючыся ў рэальнасць, у псіхалогію герояў, аўтар аднача­сова спасцігаў і аб’ектыўныя законы гісторыі. Пераканаўчае мастацкае ўва­сабленне думкі пра чалавека працы, пра народ як актыўнага творцу жыц­ця – значнае ідэйна-эстэтычнае дасягненне аўтара рамана.

Апавяданне ў рамане вядзецца ад імя галоўнага героя – сялянскага сына Мацея Мышкі, які з’яўляецца сапраўды эпічным героем, трапляе ў кола важных грамадскіх падзей на скрыжаванні шляхоў, па якіх рухалася гісторыя. У адпаведнасці з жыццёвай праўдай у рамане-хроніцы паказана, як невычэрпныя сілы народа выліваюцца ў стыхійны пратэст. І прадзед Мацея Мышкі, і яго дзед – волаты духу, але іх пратэст «няспелы».

Героі М. Гарэцкага, што важна для разумення ідэйна-філасофскай канцэпцыі рамана, нясуць у сваёй свядомасці вопыт мінулага, вопыт сацы­яльны, – гэтая думка выражаецца праз характары герояў, іх учынкі, робячы герояў не вобразамі-сімваламі, а пакідаючы іх жывымі людзьмі.

Назва рамана звязана з правобразам новага тыпу ўлады, гэта імкнен­не паказаць сваіх герояў і іх барацьбу ў адпаведнасці з гістарычным міну­лым.

«Камароўская хроніка» ўзнікла з жадання М. Гарэцкага яшчэ ў па­чатку 1920-х гг. напісаць хроніку адной сям’і ад прыгонніцтва да нашых дзён. Праз гісторыю сям’і, фактычна, павінна была адлюстравацца змена ўсяго ладу жыцця Беларусі: гаспадарчага, палітычнага, ідэалагічнага, куль­турнага, бытавога. На падставе багатага фактычнага матэрыялу (перапіска з роднымі, звесткі бытавога, этнаграфічнага, гаспадарчага характару, запіс­кі легенд і паданняў) аўтар стварыў панараму жыцця, дзе адлюстраваны быт беларускай працоўнай вёскі, сацыяльныя, маральныя канфлікты: вай­на, рэвалюцыя, трагедыя жыцця сялянства. Твор застаўся незакончаны ў сілу неспрыяльных абставін.



Разнапланавасць таленту М. Гарэцкага

Пісьменнік-навеліст, драматург, таленавіты даследчык гісторыі літа­ратуры, крытык, публіцыст, фалькларыст. Ад маці запісаў больш за трыста народных песень і выдаў іх асобным зборнікам. Аўтар «Гісторыі беларус­кай літаратуры». Драматычныя творы пісьменніка наватарскія па сваім змес­це, бо адлюстроўваюць вобраз не толькі селяніна, але і разбуджанага рэва­люцыяй чалавека-рамесніка, рабочага. Гэты герой з’яўляецца сцвярджаль­нікам гуманістычнага пачатку творчасці М. Гарэцкага.

Як перакладчык аўтар выявіў сябе ў мастацкім перакладзе апавядан­няў М. Горкага «Чалкаш», «Канавалаў», «Гарэзнік», рамана А. Фадзеева «Разгром» і інш. Прымаў удзел у перакладзе артыкулаў У. Леніна да трэ­цяга тома яго збору твораў у дванаццаці тамах.

3. Слоўнік паняццяў


Апокрыф

ад гр. «apokryphos» – тайны;

1) у хрысціянскіх і інш. рэлігіях старажытныя кнігі, змест якіх не зусім супадаў з афіцыйнымі веравучэннямі;

2) у літаратуры – творы з біблейскім сюжэтам.


Прыпавесць

разнавіднасць літаратурнага твора з глыбока павучальным філасофскім зместам.



4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі

План лекцыі:

1. Асноўныя заканамернасці літаратурнага працэсу ў Беларусі на па­чатку ХХ ст.

2. Творчасць К. Каганца: біяграфічныя звесткі і асноўныя этапы дзей­насці.

3. Творчая спадчына Цёткі.

4. Я. Купала: паэт, празаік, драматург, грамадзянін.

5. Я. Колас: жыццёвы і творчы шлях.

6. Літаратурны ўклад Ядвігіна Ш. у жанравае ўзбагачэнне беларус­кай прозы.

7. Ідэйна-мастацкія вартасці зборніка А. Гаруна «Матчын дар».

8. М. Багдановіч як лірык, публіцыст і літаратурны крытык. Зборнік «Вянок».

9. Разнастайнасць таленту М. Гарэцкага. Ідэйна-мастацкія асаблівас­ці прозы аўтара.
4.2 Пытанні і заданні да лекцыі

1. Прааналізаваць уплыў грамадска-палітычнай сітуацыі пачатку ХХ ст. у дачыненні да развіцця літаратурнага працэсу.

2. Ахарактарызаваць асноўныя ідэйна-мастацкія вартасці творчай спад­чыны К. Каганца.

3. Вызначыць ідэйна-тэматычныя асаблівасці літаратурнай спадчыны Цёткі.

4. Акрэсліць жанравыя адметнасці твораў Ядвігіна Ш.

5. Назваць асноўныя матывы і ідэі зборніка А. Гаруна «Матчын дар».



6. Прасачыць ідэйна-тэматычную палітру вершаў зборніка М. Багда­новіча «Вянок».
4.3 Пытанні і заданні для самастойнай працы студэнтаў

Пытанні:


1. М. Багдановіч і яго паэмы «Максім і Магдалена», «Страцім-ле­бедзь». Мастацкія асаблівасці і асноўныя ідэі твораў.

2. Артыкул М. Багдановіча «Забыты шлях» як ідэя «нацыянальнага стылю».

3. Праблема нацыянальнага адраджэння беларусаў у артыкулах М. Баг­дановіча «Братья-чехи», «Галицкая Русь», «Сталецце руху беларускага народа».

4. Адметнасць жыцця і творчасці З. Бядулі.
4.4 Матэрыялы да семінара-практыкума «Жыццёвы і творчы шлях Я. Купалы»

План семінара:



  1. 1.   Біяграфічныя звесткі. Вытокі творчасці Я. Купалы.

  2. 2.   Традыцыі і наватарства ў творчасці Я. Купалы.

3.   Зборнік «Жалейка» (1908) як падсумоўванне ранняга творчага вопыту.

4.   Зборнік «Шляхам жыцця» (1913): тэмы, матывы, ідэйна-эстэтыч­ная ўстаноўка мастака.

5.   Філасофская лірыка Я. Купалы: мастацкае асэнсаванне сутнасці быц­ця і ўласная мадэль светабудовы («Сон», «Гусляр» і інш.).


  1. 6.   Пейзажная лірыка Я. Купалы («Явар і каліна», «Снег» і інш.).

7.   Наватарская сутнасць і гісторыка-літаратурнае значэнне драма­тычнай паэмы «Адвечная песня» (1908).

8.   Рамантычныя паэмы «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»: ха­рактары герояў, прырода канфлікту, мастацка-вобразная сістэма твораў.

9.   Гістарычная абумоўленасць звароту мастака да драматургічных жанраў. Камедыя «Паўлінка» (1912) як вяршыннае дасягненне ранняй бе­ларускай драматургіі.

10. Драма «Раскіданае гняздо» (1913): гісторыя роду Купалы, прабле­матыка, канфлікт, псіхалагізм, філасафічнасць, сістэма вобразаў.

11. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922): актуальнасць праблематыкі.

12. Мастацкае асэнсаванне гістарычнага шляху Беларусі і ўслаўленне яе дзяржаўнасці ў паэме «Безназоўнае».

13. Спрошчана-стэрэатыпныя карціны жыцця ў паэме «Над ракой Арэсай» (1933).
4.5 Матэрыялы да практычных заняткаў «Трагікамедыя «Ту­тэйшыя»: актуальнасць праблематыкі»

Пытанні:


1. Які час адлюстраваны ў творы?

2. Па якой прычыне п’еса амаль 60 год не выдавалася і не ставілася на сцэне?

3. Праблематыка і канфлікт п’есы «Тутэйшыя».

4. Вобразы-сімвалы ў творы: іх ідэйна-мастацкае асэнсаванне.

Заданні:

1. Назваць год напісання п’есы.

2. Прыгадаць год публікацыі п’есы і год яе пастаноўкі на сцэне.

3. Узгадаць жанр п’есы, акрэслены самім Я. Купалам.

4. Абгрунтаваць ідэйны змест назвы «Тутэйшыя».

5. Назваць героя п’есы, якому належаць словы «Якімі б раскошнымі матэрыяламі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ не будзем шчаслівы, пакуль чу­жая воля будзе гаспадарыць над нашай воляй…».


4.6 Пытанні і заданні для самастойнай працы студэнтаў:

1. Драматычная паэма Я. Купалы «Сон на кургане»: асноўная ідэя, мастацкія вартасці твора.



2. Асноўныя матывы лірыкі Я. Купалы (на прыкладзе зборніка «Спад­чына»).

3. «Ляўкоўскі» цыкл вершаў Я. Купалы.



4. Лірыка Я. Купалы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

5. Публіцыстыка Я. Купалы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.


4.7 Матэрыялы да семінара-практыкума «Месца і роля Я. Кола­са ў літаратурным асяроддзі»

План семінара:

1. Чалавечы і мастакоўскі воблік Я. Коласа.

2. Апавяданні Я. Коласа 1912–1914 гг. («Нёманаў дар», «У старых ду­бах», «Малады дубок»): эвалюцыя і адметнасць псіхалагізму аўтара.

3. Гістарычныя апавяданні-прыпавесці «Казкі жыцця»: тэматыка, пра­блематыка, мастацкія асаблівасці.

4. Лірыка першых паслярэвалюцыйных гадоў (вершы «Да працы!», «Покліч», «Беларускаму люду», «На чужыне», «Крыж»): тэматыка і пра­блематыка твораў.



5. Змястоўнасць і праблемнасць апавяданняў Я. Коласа 1920-х гадоў («Сяргей Карага», «Крывавы вір», «Багаховец»).

6. Паэма «Новая зямля» (1923) як этапная з’ява ў творчасці Я. Кола­са: аўтабіяграфічнасць твора, праблема зямлі і волі, паэтызацыя чалавека працы.

7. Канцэпцыя мастака і мастацтва ў паэме «Сымон-музыка», алего­рыя ў творы. Тры аўтарскія рэдакцыі твора.

8. Трылогія «На ростанях»: ідэйна-эстэтычны ўзровень твораў, уплыў на іх атмасферы часу.



9. Мнагапланавасць праблематыкі твора, сістэма вобразаў, псіхала­гічная заглыбленасць, майстэрства Я. Коласа-партрэтыста, роля публіцыс­тычных і філасофскіх адступленняў як асноўныя вартасці коласаўскай тры­логіі.
4.8 Матэрыялы да практычных заняткаў «Характарыстыка і ана­ліз паэм Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка»

Пытанні і заданні:

1.   Назваць гады напісання паэмы «Новая зямля».


  1. 2.   Які жыццёвы матэрыял пакладзены ў аснову паэмы?

  2. 3.   Якія праблемы ўзнімае аўтар у творы?

4.   Як асэнсоўваецца пісьменнікам праблема зямлі ў творы?

5.   Як і чаму патомны селянін Міхал стаў лесніком?

6.   Як матэрыяльна жылося сям’і Міхала, калі ён працаваў лесніком у Радзівілаў?

7.   Калі і чаму Міхал загарэўся марай «купіць зямлю, прыдбаць свой кут»?

8.   Якія, на думку Я. Коласа, у селяніна і зямлі ўзаемныя абавязкі?

9.   Які ідэал роднага кута, сваёй зямлі і сядзібы высніла сям’я лес­ніка? Адказ аргументаваць прыкладамі з твора.

10. Міхась з Антосем знайшлі такую зямлю, якую выснілі ў марах, аднак яе не купілі. Чаму?

11. Якімі, на думку пісьменніка, павінны быць сямейныя і сваяцкія ўзаемаадносіны? Пацвердзіць сваё меркаванне тэкстам.

12. Якія традыцыйныя святы апісаны ў паэме «Новая зямля»?

13. Якім паказаны чалавек у паэме «Новая зямля» ў яго кантактах з прыродай? Прывесці прыклады з твора.



14. Назваць даты напісання розных рэдакцый паэмы «Сымон-музыка».

15. Што склала жыццёвую першааснову сюжэта паэмы?

16. Вызначыць асноўны спосаб групоўкі вобразаў паэмы.

17. Назваць асноўныя этапы знешняй біяграфіі Сымона.

18. Прасачыць унутраную біяграфію Сымона-музыкі. Высновы аргу­ментаваць тэкстам.

19. Якую ролю ў творы адыгрываюць другарадныя вобразы (Яўхім, Шлёма, дзед Курыла, дзед Даніла, жабрак, Ганна)?

20. Якія пазасюжэтныя элементы ёсць у творы?

21. Назваць устаўныя элементы паэмы.

22. У чым заключаецца кампазіцыйнае значэнне карцін прыроды ў творы?


4.9 Пытанні і заданні для самастойнай працы студэнтаў:

1. Я. Колас і яго зборнік «Песні жальбы».

2. М. Лужанін пра чалавечы і мастакоўскі воблік народнага песняра ў кнізе «Колас расказвае пра сябе».
4.10 Матэрыялы да практычных заняткаў «Рознабаковасць та­ленту М. Гарэцкага»

План практыкума:

1. М. Гарэцкі як пісьменнік, даследчык літаратуры, мовазнаўца, фаль­кларыст, перакладчык, публіцыст, рэдактар-выдавец.

2. Навізна тэматыкі і праблематыкі ранніх твораў (апавяданні «У лаз­ні», «Роднае карэнне», «Што яно?».

3. Зборнік прозы М. Гарэцкага «Рунь» (1914): тэматыка, ідэйна-мас­тацкія асаблівасці.



4. Драматычны пошук літаратурным героем свайго месца ў жыцці (аповесці «У чым яго крыўда?», «Меланхолія», «Дзве душы»).

5. Знешні і ўнутраны аўтабіяграфізм, праўдзівасць паказу абставін у творчасці М. Гарэцкага («Літоўскі хутарок», «Рускі», «На імперыялістыч­най вайне», «Ціхая плынь»).



6. Народ і беларуская гісторыя ў творах М. Гарэцкага (апавяданні «Войт», «Панская сучка», раманы «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка»).
4.11 Пытанні і заданні да практыкума «Рознабаковасць таленту М. Гарэцкага»

1.   Які след пакінуў М. Гарэцкі ў беларускай літаратуры?

2.  Чаму доўгі час творчая спадчына М. Гарэцкага была вядома толь­кі вузкаму колу людзей, звязаных з літаратурай?

3.   Дзе і калі нарадзіўся класік беларускай літаратуры?

4.   У якой сям’і рос і выхоўваўся будучы пісьменнік?

5.   Дзе набываў адукацыю будучы аўтар аповесцей і раманаў?

6.   Чаму ў «Камароўскай хроніцы» пісьменнік пісаў пра сябе: «…Ча­тыры гады прапала»?

7.   Якая трагедыя напаткала аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыя­нальнай прозы ў 30-я гг.?

8.   Што спрыяла развіццю пісьменніцкага таленту М. Гарэцкага?

9.   Якім псеўданімам карыстаўся пісьменнік на пачатку творчасці?

10. Як называлася апавяданне, якое ўпершыню было надрукавана 25 студзеня 1913 г. у газеце «Наша Ніва»?

11. Якую назву меў першы зборнік маладога аўтара, выдадзены ў Вільні Беларускім выдавецкім таварыствам у 1914 г.?
4.12 Пытанні і заданні для самастойнай працы студэнтаў:

Тэматыка і праблематыка забароненых у савецкія дзесяцігоддзі тво­раў пісьменніка («Дзве душы», «Фантазія», «Усебеларускі з’езд 1917 г.»).



5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання
1. Якую ролю ў гісторыі Беларусі адыграла газета «Наша Ніва»?

а) 3начэнне гэтай газеты было настолькі вялікім, што дало назву цэламу перыяду ў нацыянальнай гісторыі. Гэтае выданне спрыяла кансалідацыі беларускай нацыі, акты­візавала памкненне народа да самастойнага дзяржаўнага жыцця.

б) «Наша Ніва» была органам сялянскіх арганізацый і мела прыкладны характар. На яе старонках даваліся парады, як селяніну лепей весці сваю гаспадарку.

в) Гэтае перыядычнае выданне гуртавала вакол сябе беларускую навуковую і творчую інтэлігенцыю, выяўляла і дбайна гадавала літаратурныя таленты, спрыяла ста­наўленню беларускай літаратурнай мовы, далучала чытача да сусветнай класікі праз пе­раклады.

г) «Наша Ніва» з’яўлялася папулярызатарам бальшавіцкіх ідэй на Беларусі.

2. Што сведчыць пра актыўнае культурнае жыццё ў нашаніўскі перыяд?

а) Ствараюцца тэатры І. Буйніцкага, А. Бурбіса, хор У. Тэраўскага, пішацца му­зыка на творы беларускіх пісьменнікаў.

б) Пачынае актыўна вывучацца гісторыя Беларусі (працы У. Ігнатоўскага, В. Лас­тоўскага), мова беларускага народа (Б. Тарашкевіч, Я. Карскі і інш.), збіраецца і выву­чаецца фальклор (Е. Раманаў, А. Сержпутоўскі і інш.).

в) У гэты час была створана першая беларуская опера «Агатка», зняты фільм «Лясная быль».

г) Пачынаюць адкрывацца першыя беларускія школы. Для іх ствараюцца школь­ныя падручнікі-чытанкі.
3. Які жанр быў вядучым у беларускай літаратуры, дзе былі найбольшыя здабыткі ў нашаніўскі перыяд?

а) драматургія; в) пераклады;

б) проза; г) паэзія.
4. Якія з ніжэйназваных паэтаў актыўна працавалі ў паэзіі таго часу?

а) Янка Купала; і) Адам Гурыновіч;

б) Змітрок Бядуля; к) Янка Лучына;

в) Уладзімір Жылка; л) Максім Багдановіч;

г) Цішка Гартны; м) Міхась Чарот.
5. Назавіце скразныя вобразы паэзіі таго часу. Гэта вобразы:

а) селяніна; г) інтэлігента-адраджэнца;

б) рабочага; д) рэвалюцыянера-падпольшчыка;

в) салдата-франтавіка; е) маладой Беларусі.


6. Якія паэтычныя жанры плённа развіваліся ў нашаніускі перыяд?

а) маналог селяніна; е) маналог інтэлігента-адраджэнца;

б) верлібр; ж) санет;

в) пасланне; з) паэма;

г) песня; і) байка.

д) заклік;


7. Якія пісьменнікі ў гэты час выступалі ў прозе?

а) Янка Купала; д) Змітрок Бядуля; і) Францішак Багушэвіч;

б) Цішка Гартны е) Карусь Каганец; к) Ядвігін Ш.;

в) Цётка; ж) Кастусь Калюга; л) Сяргей Палуян;

г) Вацлаў Ластоўскі з) Максім Гарэцкі; м) Міхась Зарэцкі.
8. Якімі асноўнымі відамі была прадстаўлена проза нашаніўцаў?

а) раманамі; г) абразкамі;

б) аповесцямі; д) нарысамі;

в) апавяданнямі; е) эпапеямі.


9. Якая тэматыка беларускіх алегарычных апавяданняў гэтага перыяду?

а) у іх ставіліся сацыяльныя праблемы;

б) вёўся роздум пра лёс народа і радзімы;

в) аднаўляліся гераічныя старонкі мінулага народа;

г) уздымаліся маральныя праблемы.
10. Чаму ў нашаніўскі перыяд актывізавалася творчасць драматургаў?

а) У гэты час у такіх гарадах, як Мінск, Вільня, Віцебск, Мазыр, былі адчынены дзяржаўныя беларускія тэатры, якія мелі вострую патрэбу ў нацыянальным рэпертуары.

б) Тэатру як масаваму відовішчу надавалася выключная роля ў беларускім адра­джэнні.

в) Шматлікія драматычныя гурткі, прафесійныя калектывы І. Буйніцкага, А. Бур­біса мелі патрэбу ў беларускіх п’есах, у творах, дзе на роднай мове ўзнімаюцца надзён­ныя праблемы жыцця нашага народа.


11. Назваць пісьменнікаў, якія працавалі ў драматургіі ў нашаніўскі перыяд.

а) Якуб Колас; г) Янка Купала;

б) Максім Гарэцкі; д) Цётка;

в) Карусь Каганец; е) Цішка Гартны.





Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   32




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет