Значна палепшыліся справы ў вяскоўцаў, калі амаль ужо ішло да канца будаўніцтва дарогі з Мазыра да Лельчыц. Дзівіліся людзі, дзе можна столькі знайсці камянёў, каб пакласці іх на дарогу адзін у адзін і на такую адлегласць, аж з Мазыра і да Лельчыц? А брукаваная гэтая дарога ў вёсцы пайшла ад моста напрасткі каля школы, зрабіла нейкі нязначны напрамак каля вясковых могілак, і далей узяла свой кірунак за Бервы і на Лельчыцы. Школа аказалася ўжо пры дарозе, чуваць было з класаў, як па гэтай брукаванай дарозе моцна грукочуць коламі грузавікі. Але людзі радаваліся, бо цяпер лягчэй можна было дабрацца як да Лельчыц, так і да Мазыра. Тым больш, што ад брукаванай дарогі паўз школу была адведзена вуліца для будаўніцтва дамоў. А вось правы бок старой вуліцы апынуўся сярод двух дарог, якія і апаясвалі ўсе дамы, якім казалася зусім застаецца мала месца для вядзення гаспадаркі, і некаторыя спрабуюць каля старой зруйнаванай капліцы вызваліцца ад трох каменных крыжоў, якія заміналі ім. Старажылы вёскі папярэджвалі, што гэтага рабіць нельга, бо пад гэтымі крыжамі пахаваны людзі, якія і прынеслі ў былыя Дубаўкі новую, не зусім прыгожую, назву вёскі. А ведалі гэта старажылы дасканала, бо ім апавядалі пра гэта з пакалення ў пакаленне іх дзяды і прадзеды. А здарылася было ў тыя часы вось што. У канцы васемнаццатага стагоддзя, калі адбыўся падзел Рэчы Паспалітай і значная частка палескіх зямель адышла была да Расіі, Кацярына Другая накіравала свайго вяльможу з дынастыі Пацёмкіных, каб разведаў гэтыя палескія мясціны, зрабіў асобныя вынікі з гэтага. І вось пазалочаная карэта з вяльможай і двумя яго целаахоўнікамі пераплыла на пароме праз Убарць, спынілася на яўрэйскім пастаялым двары на начлег, паколькі ўжо змяркалася, а да Турава яшчэ была дарога не блізкаю. Усе, здарожаныя, уладкаваліся на начлег, не падазраючы аб ніякай небяспецы, бо яўрэй папярэдзіў, што людзі Дубавак вельмі добрыя, шкоднасці ніякай нікому не прыносілі і не прынясуць. Але ён нават і сам таго не ведаў, што падвечар у Адрынцы размясціўся вялікі цыганскі табар, ад якога ніхто з іх чамусьці не наведаўся да яго ў шынок. Але ўжо дзесьці ў апоўначы, пачуўся на яго пастаялым двары брэх сабак, нейкія незразумелыя сцішаныя выкрыкі ў бакавушцы, куды размясціў ён гасцей. Хаім папярэдзіў сваю Эстар і паціху выйшаў на двор, але тут жа адчуў, як яго схапіла за шыю нейкая моцная рука, а з чорнай барады пасыпаліся словы: “ Калі хоць адзінае слова вымавіш дзе – заб’ем усю тваю сям’ю, спалім усе твае пабудовы… Зразумеў?” Цыганская рука піхнула яго пад паркан, і толькі тады ён заўважыў, як пакідала карэта вяльможы яго пастаялы двор. Ён скіраваўся ў бакавушку, дзе былі адчыненыя дзверы, пераступіў парог – і ўжаснуўся: ля парога ляжаў увесь у крыві вяльможа, побач з ім ў крыві ляжалі два яго целаахоўнікі, вазніцаў побач не было. Ён прычыніў дзверы і подбегам накіраваўся ў сваю хацінку, каб паведаміць аб усім гэтым Эстар і двум яго, ужо дарослым, дочкам.
Колькі не дапытваліся ў Хаіма і яго сям’і жандармы аб здарыўшымся, ні слова ад іх не выцягнулі, усё стаялі яны на сваім, што нічога не чулі і не бачылі яны ў гэтую цёмную страшную ноч. Спрабавалі адшукаць і вазніцаў, але безпаспяхова. Яшчэ з месяц вялі пошукі вакол жандармы і нават вяскоўцы, але вынікаў ніякіх не было. Было загадана пахаваць целы забітых на святым месцы каля капліцы, паставіць на магілкі адзін вялікі каменны крыж і з бакоў два крыху меншых, а вёску з таго часу называць зладзеямі – Зладзіном. Так і стаялі гэтыя тры каменныя крыжы аж да шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя, нават тады, калі значна раней была разбурана і капліца. І толькі тады, як была ў вёсцы пракладзена новая брукаваная дарога і асобныя хаты ў трохкутніку былі крыху сціснуты, гэтыя тры крыжы былі вырваны трактарам і два з іх былі некуды звезены, адзін яшчэ доўгі час заставаўся ляжаць на абочыне, пакуль яго не забралі ў музей пры Мазырскай царкве, дзе ён і знаходзіцца па сёняшні час…
У пачатку гэтых жа шасцідзесятых гадоў, калі быў зноўку створаны Лельчыцкі раён ( а ён два гады адносіўся да Мазырскага раёна ) і быў заснаваны саўгас “Лельчыцкі,” цэнтрам якога стала вёска Зладзін, старшыня Лельчыцкага райвыканкома Сцяпан Осіпавіч Лобан паставіў пытанне аб перайменаванні некаторых вёсак у раёне. Вёску Каросцін перайменавалі ў вёску Новае Палессе, Асмаленік – Ударнае, Засунне перайменавалі ў Першамайск, а Зладзіну далі назву – Чырвонабярэжжа. І так вёска пранесла на сваіх плячах памылковую ганебную назву поўных сто семдзесят гадоў…
Гэтыя гістарычныя звесткі ўдакладняў у састарэлых людзей, якіх застаў я ў тыя шасцідзесятыя гады, калі ў мясцовую васьмігодку накіравалі мяне дырэктарам школы. Яны спасылаліся на сваю памяць, калі даводзілася ім яшчэ працаваць у пана Ермаловіча на смалакурні, на сплаве лесу па Ўбарці да Петрыкава, вазіць бярвенні лесу на лесапільны завод у Буду – Сафіеўскую, пераказвалі тыя аповеды сваіх бацькоў і дзядуль з далёкага мінулага, калі згінула назва іх вёскі Дубаўкі, бо пазней ад яўрэйскага пастаялага двара даведаліся іх прадзеды ўсю праўду аб знікненні вяльможы і яго целаахоўнікаў і пазалочанай карэты…
Саўгас “ Лельчыцкі,” якім кіраваў у той час Мікалай Вырвыч, вялікага прыбытку не меў. Усе сем вёсак былі аддалены па бездарожжы на вялікай адлегласці, саўгаснай зямлі было зусім малавата, меліяратары ў раёне толькі пачыналі крыху варушыцца, прыводзіць у парадак сенакосы. Вясною і восенню па дарогах нельга было праехаць, хіба толькі трактары крыху прыходзілі на дапамогу як саўгасу, так і насельніцтву. Памятаю, як аднойчы дабіраліся вясною на сесію сельскага Савета ў Замошша. Даехалі трактарам да Свіднага, затым апранулі рыбацкія гумавыя боты і пешшу праз грэблю дабіраліся да Замошша. І першае пытанне, якое было пастаўлена на сесіі Савета – гэта пытанне аб грэблі, бо нельга было завезці малако на маслазавод.
Крыху пазней меліярацыя разгарнула вельмі вялікую работу: было асушана вялізнае балота, за якім раней жылі хутаранне, ля Замошша запусцілі падземны снарад, які зрабіў цудоўнае вялікае возера. Усё такое ж было прароблена і каля Ўдарнага. І калі паўстала пытанне аб адкрыцці дарогі да галоўнага цэнтра новага саўгаса – камбіната “Ударны,” і зверху намалявалі пракласці гэтую дарогу з Буды – Лельчыцкай праз лес да Ўдарнага напрасткі, было многа незадаволенасці не толькі сярод мясцовага насельніцтва, дэпутатаў Савета, а таксама раённага кіраўніцтва. І ўсё ж вырашылі пракласці дарогу да Ўдарнага праз усе населеныя вёскі саўгаса. Ад вялікага жалезабятоннага моста, у напрамку Ўдарнага, праз вёску Манчыцы, Свіднае і Замошша была пракладзена цудоўная асфальтаваная дарога да цэнтральнай сядзібы. Людзі радаваліся такой падзеі, уладкоўваліся на працу ў новы саўгас, атрымоўвалі добраўпарадкаваныя кватэры ў шматпавярховых дамах, вадзілі сваіх маленькіх дзяцей у садзік, адпраўлялі дзяцей у прыгожую новую школу, якая была абсталявана ўсім неабходным, наведвалі новы магазін, кафэ – сталовую, дом культуры, дзе праводзіліся шматлікія мерапрыемствы, лазню, якая працавала рэгулярна і шмат чаго іншага. З’явілася ў пасёлак і многа перасяленцаў, якія таксама ўладкоўваліся на работу, атрымоўвалі добраўпарадкаваныя кватэры. І ў доме культуры, і на фермах, і на паляводчых станах – паўсюдна чуліся вясёлыя задорныя песні, людзі весяліліся, радаваліся новаму жыццю, не хацелі параўноўваць яго з тым, якое было раней. Моладзь паравалася, праходзіла адно вяселле за другім, уладкоўваліся на працу, атрымоўвалі жыллё, вадзілі сваіх дзяцей у садзік, школу, жылі амаль безклапотна. Калі іншы раз наведвала нейкая замежная дэлегацыя новы саўгас – камбінат, здзіўляліся ўсяму гэтаму, гаварылі: “ Вы жывяце ўжо пры сваім камунізме і гэтага амаль нічога не заўважаеце. Не дай Бог перабудаваць вам сваё жыццё на капіталістычны лад…” Але гэтага тады ніхто з нас нічога не разумеў, са дзіўленнем глядзелі на замежных гасцей, толькі круцілі галовамі.
І вось першае, што данеслася да чуткі людзей, гэта нейкі выбух на Чарнобыльскай АЭС. Ніхто асаблівых вынікаў з пачутага так і не зрабіў, бо розныя паўсюдна ў свеце адбываюцца здарэнні, якія іншы раз даходзяць і да людзей. Працягвалі жыць вяскоўцы сваім звычайным жыццём: працавалі на фермах, на саўгасных палетках, на сваіх прысядзібных кавалках зямлі; дзецей малых вадзілі ў садзік, дзе яны
капаліся ў пясочных кветніках, беглі дзеці ў школу, дзе заняткі па фізвыхаванню праводзілі ўжо на сонечным вясновым паветры, рыхтаваліся да сустрэчы Першамая, праводзілі са школьнікамі адпаведныя практыкаванні на плошчы, дзе павінны адбіцца святочныя дэманстрацыі…
А ў гэты час ужо на нашай шматпакутнай беларускай зямлі ляжалі тысячы тон цезія, іёда, свінца, цырконія, кадмія, берылія, бора, плутонія ( з якога выраблялі атамныя бомбы ) – усяго чатырыста пяцьдзесят тыпаў радыёнуклідаў. Іх колькасць роўна была 350 бомбам, якія былі скінуты на Хірасіму і Нагасакі.
У небе палыхала нябачнае вогнішча, сыпала на твары людзей, на жывёл, на палі і лясы, рэкі і азёры радыцыйны попел, заганяючы лёгкім вясновым паветрам часцінкі радыёнуклідаў у чалавечыя лёгкія. І людзі аб гэтым нічога не ведалі, як звычайна працавалі, пазіралі ўгару, чулі гул самалётаў, нейкія глухія выбухі там. І нікому нават у галаву не прыходзіла думка, што тыя самалёты ўжо разбівалі радыяцыйныя воблакі і яшчэ дадаткова сыпалі на нашы галовы радыёнукліды, каб толькі яны не трапілі на Маскву. У Маскве ўсё ведалі, але маўчалі. І вось гэтае традыцыйнае змоўчванне не давала ніякай магчымасці прабіцца праўдзе ў сродкі масавай інфармацыі, не дапускаліся трывожныя папярэджанні насельніцтва, змоўчвалі сапраўднае становішча.
Некалькі сутак Масква маўчала. Ніхто не выступіў ні па радыё, ні па тэлебачанні. Маўчаў і Слюнкоў, які ўжо меў накіраванне ў Маскву на павышэнне. І толькі ўжо тады, як радыяцыйны фон быў зарэгістраваны ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Румыніі, а праз двое сутак – у Швейцарыі, Паўночнай Італіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Англіі, пачалі крыху варушыцца ў Маскве і Мінску. А ўжо пасля таго, як лятучыя рэчывы былі зарэгістраваны ў Японіі, Кітаі, Індыі, а 6 мая – у ЗША і Канадзе, узяліся ўсур’ёз за справу па ліквідацыі аварыі на ЧАЭС.
Вось што ўспамінае былы дырэктар інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі Васіль Барысавіч Несцярэнка, які быў у той час па справах у Маскве: “ Званю Слюнкову ў Мінск, хочу пагутарыць з ім аб аварыі, але мне яго не даюць, спрабую пагутарыць з акадэмікам Ільіным – бачу, што дарэмна трачу час…
Еду ў Мінск, са сваімі работнікамі наведваем Брагін, дзе радыяцыйны фон склаў трыццаць тысяч мікрарэнген у гадзіну, Нароўля – дваццаць восем тысяч, Хойнікі – такая ж радыяцыя…
У Мінску з вялікаю цяжкасцю прабіваюся на прыём да Слюнкова, дакладваю аб усім гэтым яму. А ён усміхаючыся адказвае: “ Я размаўляў з Масквою, з акадэмікам Ільіным. Нічога страшнага не адбылося. Пажарнікі спраўляюцца з заданнем, туды накіраваны салдаты тэрміновай службы, ваенная тэхніка. Там разбяруцца…”
Праз колькі дзён па тэлебачанні выступіў Гарбачоў, які таксама запэўніў, што на Чарнобыльскай АЭС усё ў парадку. А Чарнобыль па сваіх жудасных выніках стаў раўназначны ядзернай вайне, якая няўмольна патрабавала ахвяр, не шкадуючы ні дзяцей, ні дарослых. Расплачваліся ў першую чаргу нявінныя людзі, якім давялося плаціць па самым вялікім рахунку – сваімі жыццямі, калецтвам, ды другой усякай немаччу…
Вось некалькі выпадкаў, якія зангатаваны ў навуковых кнігах: Міцінскія могілкі, дзе пахаваны зусім яшчэ маладыя 28 пажарнікаў, 28 магіл з аднолькавымі белакаменнымі помнікамі, невялікімі стэламі. Іх смерць ускалыхнула людзей… 400 шахцёраў, якія прыбылі на ліквідацыю аварыі, прарылі пад рэактарам праход, каб заліць туды раствор азота і замарозіць зямную падушку, каб рэактар не пайшоў у грунтовыя воды. Працавалі нястомна пры тэмпературы больш 50 градусаў. Іх не стала…
… Тэрмінова патрэбна было спачатку спусціць ваду з – пад рэактара, каб туды не трапіў расплаўлены ўран і графіт, бо адбыўся б яшчэ больш магутны выбух, чым ужо быў. Шукалі ахвотнікаў, каб на адпаведнай глыбіні адкрылі засоўкі і далі магчымасць зліць ваду з – пад рэактара. Абяцалі новую легкавую машыну, кватэру і многае іншае. Калі работа брыгадаю была выканана – ім выдалі на ўсіх 7 тысяч рублёў.
На ліквідацыю Чарнобыльскай бяды было накіравана каля 800 тысяч салдат тэрміновай службы, якіх пазней многіх не стала. Толькі ў Беларусі ў спісах ліквідатараў налічвалася 115493 чалавекі, якіх многіх у жывых не стала.
Не без болю ў сэрцы чытаеш кнігу “ След чорнага ветру,” якая створана з удзелам дзяцей таго пакалення, якое зведала на сабе ў той жудасны час усе пакуты нябачнай вайны, пакуты і смяротнасць сваіх бацькоў, якія знаходзіліся ў вогненным пекле, смяротнасць сваіх малодшых брацікаў і сястрычак, якія трапілі пад вогненны пажар і пайшлі ў іншае жыццё, бачылі захворванні і пакуты сваіх блізкіх і знаёмых.
Многія з іх у сваіх аповедах звяртаюцца да Бога са сваімі папрокамі:
“ Божа! Што ж ты зрабіў з маёй зямлёй пад белымі крыламі? Ці мала табе было смяротных і жудасных званоў Хатыні? Ці мала палегла нашых беларусаў у цяжкіх бітвах? Ці мала было нам Курапатаў? Што ты нарабіў, Божа? Чаму не падумаў пра таго, хто, як лісток, адарваны ад дрэва, жыве не ў родным кутку і нідзе няма яму шчасця, бо вецер часу падхапіў яго і гоніць па свеце…”
І дзяцей чарнобыльскага часу нельга не параўнаць з дзецьмі Вялікай Айчыннай вайны, бо Чарнобыль – гэта вайна яшчэ больш страшнейшая, бо дзеці той вайны бачылі свайго ворага, хаваліся ад яго у лясных нетрысках, дыхалі свежым паветрам, у канцы вайны адбудоўвалі на папялішчах свае дамы. А вось дзеці Чарнобыля стрэліся са сваім нябачным ворагам, які атруціў усё наваколле, адарваў іх ад сваёй малой Радзімы, а хацінкі іх зруйнавалі з зямлёю.
Праз колькі тыдняў і ў раёне пачалі штосьці думаць аб аздараўленні школьнікаў. Каля двух тысяч вучняў і настаўнікаў раёна былі адпраўлены ў Белгародскую вобласць Расіі, дзе размясцілі іх у цудоўных піянерскіх лагерах вакол горада, сярод шырокалісцевых дрэў, прывабных прахалодных мясцінах. Дзеці былі забяспечаны ўсім неабходным у гэтых піянерскіх лагерах пад уплывам абласнога прафсаюза, дыхалі свежым паветрам. Чаго недасталося вучням двух лельчыцкіх школ, бо іх размясцілі каля горада Губкін, дзе побач у адкрытым кар’еры вялася дабыча і перапрацоўка жалезнай руды. І калі аднойчы з работнікамі абласнога прафсаюза мы наведвалі гэты піянерскі лагер ( а быў я тады там адказным ад раёна па аздараўленню нашых дзяцей), і нас прывялі на экскурсію да гэтага кар’ера і я пабачыў, як з глыбіні кіламетра па спіралі цягнуць нашы МАЗы на сваіх плячах жалезную руду, папрасіў у начальства замераць мясцовы радыяцыйны фон. Ён амаль нічым не адрозніваўся ад нашага пасля выбуху на Чарнобылі. Мне растлумачылі, што гэта прыродны фон і ён не такі ўжо і шкодны, што яны ўжо прывыклі да яго.
Заставалася да канца аздараўлення нашых дзяцей зусім нямнога часу, пагэтаму ніякіх змен рабіць ужо не прыходзілася.
Калі ездзіў я па Белгарадзе, каб трапіць у той, ці іншы піянерскі лагер, колькі даводзілася чуць ад людзей розных аповедаў пра нашых дзяцей. Гаварылі, што дзеці Чарнобыля вельмі небяспечныя, што да іх ні ў якім разе нельга датыкацца, бо нябачным шляхам ад іх пульсуе радыяцыя, якая можа перайсці да другіх.
- А я сваіх ўжо даўно забраў з лагера, як толькі яны і прыехалі, - азваўся мужчына, які сядзеў у аўтобусе побач са мною, ззаду ад жанчын, якія вялі гэтую размову. – А яшчэ кажуць, што яны ноччу свецяцца, як моцна сцямнее, вельмі небяспечнымі становяцца..
- А я ж якраз і еду ў лагер, дзе адпачываюць мае дзве дзяўчынкі. Трэба абавязкова іх забраць, каб барані Бог, што з імі не здарылася…
Такія размовы напачатку мяне крыху хвалявалі, я выслухоўваў іх моўчкі, у гаворку не ўступаў. А калі б абазваўся, ды яшчэ і сказаў, што і я таксама з Чарнобыля, таксама ноччу свячуся, дык можа апусцеў бы і аўтобус. А так спакойна выслухаю іх пляткарні, ды і паехаў далей па сваіх справах.
У наступнае лета, калі вучні нашага раёна адпачывалі ўжо ў Валгаградскай вобласці, дзе рассялілі іх уздоўж Дона ў казачых балках, непадалёку ад райцэнтра Калач – на – Дану, то ні ў райцэнтры, ні ў вялізным абласным горадзе Валгаградзе, такіх людскіх аповедаў я не чуў. Мо толькі таму, што за год растлумачылі людзям, што такое Чарнобыль, што гэта за пачвара навогул, што яна прынесла людзям? А гэта катастрофа з ліку тых, якія не паддаюцца звычайнаму асэнсаванню. Гэта нешта такое, што прымушае жахнуцца і зняверыцца ў разумнасці нашага зямнога існавання. Няма слоў, такіх патрэбных, якія б, трапіўшы ў вушы, зажывілі душэўныя раны многіх тысяч і мільёнаў беларусаў, якіх напаткала гэтая бяда. Іменна Чарнобыль дапоўніў спіс загінуўшых напрыканцы 20 стагоддзя. Калі параўнаць з мінулым, то вырысоўваецца наступнае. Калі лічыць толькі па Еўропе, то ў 17 стагоддзі было забіта – тры мільёны трыста тысяч чалавек, у 18 стагоддзі – 5 мільёнаў 200 тысяч чалавек, у 19 стагоддзі – 5 мільёнаў 500 тысяч чалавек, а ў 20 стагоддзі – больш за сорак мільёнаў чалавек…
Пэўна, калі – небудзь гэтыя гады, нашы гады, стануць міфалагічнымі. Новыя пакаленні людзей адно за другім будуць абарочвацца назад, да нас: як гэта здарылася, што гэта за людзі тады жылі, што яны адчувалі, як перанеслі ўсё гэта страшнае і незразумелае ў сваім жыцці, як яны змагаліся, звыкаліся з усім гэтым, каб выжыць? І многае для іх, як і для нас тады і яшчэ цяпер, стане незразумелым. Бо мы яшчэ і цяпер жывём у іншым свеце, паколькі мы аказаліся першымі людзьмі, якім давялося перажыць гэта. У нас і цяпер яшчэ мяняецца формула крыві, генны код, знікае знаёмы ландшафт, нашы вочы і вушы не бачылі і не чулі, як і зараз яшчэ, што адбывалася і адбываецца наўкола пасля гэтай страшнай чалавечай катастрофы на зямлі – гэта і ёсць наша гісторыя. І якія б ні былі мы ўрбанізаваныя, як бы ні баяліся гэтага цэзію і стронцыю, пасеяных пасля атамнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС амаль на ўсіх беларускіх абшарах, мы ад таго не будзем менш цягнуцца да нашай агульнай маці – зямлі і любіць яе, тым больш, калі зразумелі, што страцілі напрыканцы таго мінулага стагоддзя…
Неяк пасля гэтай страшнай навалы і ў Чырвонабярэжжы, такой раней ажыўленай і вясёлай вёсцы, стала неяк сумнавата. Па звычцы людзі хадзілі на працу, вярталіся дамоў, чакалі сваіх дзяцей, якія прыязджалі з розных куткоў як з беларускіх, расійскіх гарадоў, так і далёкага і блізкага замежжа. А тут яшчэ не вельмі што прыемнае прыносіла нейкая невядомая ім дзяржаўная перабудова, якой не відаць было і канца. А калі і з’явіўся яе канец, дык аказаўся вельмі сумным – развалілася поўнасцю вялізная магутная дзяржава. Штосьці кудысьці ў невядомым кірунку плыло, гублялася, трапляла ў чыісьці нямытыя рукі і заставалася там назаўсёды, як асабістая ўласнасць, хаця відавочна было, што ўсё гэтае раней і з’яўлялася народным багаццем, якое ствараў народ вялікай краіны разам…
Вучні школы, пасля так называемага аздараўлення, вярталіся назад у сваю вёску. Разам з бацькамі корпаліся ў зямлі на прысядзібных кавалках зямлі, ужывалі тую ж прадукцыю, што і іх бацькі, ласаваліся прысмакамі лясных дароў прыроды, не звяртаючы на тое, прыгодныя яны для ўжытку ці не, чыталі ля лясоў і сенакосаў таблічкі, дзе было напісана, што тут нельга было пасвіць жывёлу, збіраць грыбы і ягады і ўжываць іх у ежу. Але хіба спыніш чалавека, які прывык усё сваё свядомае жыццё рабіць гэтае і тым больш, што з цягам часу прапаганды наконт гэтага амаль ніякай не вялося, туплялася ўсялякая пільнасць. А праверыць на забружанасць тыя, ці іншыя прадукты харчавання не было ніякай магчымасці, бо на першым парадку так і не дадумаліся выпусціць для насельніцтва хоць нейкія танныя дэзіметры, каб былі яны ў кожнага ў руках, у кожнай гаспадыні ляжаў дэзіметр на паліцы. Дзівіліся, калі бачылі замежных наведвальнікаў у нашай мясцовасці і тыя замералі вакол нас радыяцыйны фон аўтаручкамі.
Ды, пэўна, хопіць ўжо аб гэтым, жыццё працягваецца, і тыя, якія адносяцца да больш моцных са сваім арганізмам, працягваюць жыць, а больш – менш слабейшыя – адыходзяць у нябыт. Так патрабуе час.
А мне хацелася б спыніцца на запісе ў кнізе свайго педагагічнага жыцця, без якога я нават не ўяўляў свайго існавання, бо другой працы ў сваім жыцці я не бачыў. Мяне можа зразумець толькі той педагог, які кожную раніцу свядома спяшаўся на сустрэчу са сваімі вучнямі, каб адправіцца з імі ў Краіну Ведаў.
Вясковыя вучні – народ своеасаблівы, дапытлівы і таленавіты, як і працавіты – кожная сям’я мела гаспадарку, і дзеці бацькам былі першыя памочнікі, якія зусім не ленаваліся вучыцца – і таму я верыў, што мае вучні – будучыя дактары і педагогі, інжынеры і вучоныя, матэматыкі і фізікі…
За столькі гадоў працы перад маімі вачыма прайшлі тысячы і тысячы юначых лёсаў, якіх я амаль усіх памятаю, іншы раз у думках размаўляю з імі, штосьці раю ім як і раней, штосьці павучальнае і змястоўнае чую ад іх.
Больш як сорак гадоў настаўнічаў у школе. Каля трыццаці гадоў працаваў дырэктарам школы. Працаваў на Мазыршчыне, настаўнікам і дырэктарам школы ў палескіх школах Слабада і Данілевічы, Чырвонабярэжжы. І паўсюдна былі ў мяне такія мілыя і добрыя вучні, такія разумныя і дапытлівыя, якія заўсёды пасля ўрокаў прасілі мяне, каб расказаў я ім што – небудзь цікавае са свайго жыцця, бо я ўжо да гэтага часу адслужыў чатыры гады на Чарнаморскім флоце, шмат чаго бачыў, быў у замежжы. Хлапчукі больш за ўсё цікавіліся маімі аповедамі пра жыццё маракоў на флоце, а вось дзяўчынак больш вабілі мае невялічкія апавяданні, якія часта друкаваліся на старонках мясцовай раёнкі “ Светлае жыццё.” І заўсёды – пытанні, пытанні і пытанні ад іх. Іншы раз іх пытанні зрэдзьчасу заводзілі мяне ў тупік, і я не ведаў, як з гонарам выйсці з таго ці іншага становішча. І заўсёды рашалі мы разам гэтыя этычныя і маральныя праблемы, бо разам з імі дыскутавалі, яны смела маглі пярэчыць мне, не згаджацца, выказваць сваё бачанне той ці іншай праблемы. І я быў ім вельмі ўдзячны за іх смеласць, за іх розум, за іх дапытлівасць. Яны і мяне, самі таго не падазраючы, вучылі жыццю. Мы ўзаемаўзбагачаліся, рабіліся мудрэйшымі, лепшымі, самаахвярнымі…
Шмат хто з маіх вучняў скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, працуюць у розных галінах вытворчасці.
Ніна Раманава, самая з дапытлівых маіх вучаніц, скончыла журфак, спачатку працавала карэспандэнтам “ Гомельскай праўды,” цяпер – карэспандэнт “ СБ,” Пятро Прыходзька скончыў інстытут замежных моваў, працаваў дырэктарам дзесяцігодкі, Адам Флёрка скончыў палітэхнічны інстытут у Мінску, сёння кіруе буйным прамысловым прадпрыемствам. Мая дачка Ірына, скончыла Маскоўскі архітэктурна – будаўнічы інстытут, працуе ў Гомельскім праектным інстытуце. З чырвоным дыпломам Уладзімір Чэчка скончыў сельскагаспадарчую акадэмію, працуе на Брэстчыне, Адам Чэчка працуе дырэктарам мясцовага маслазавода. Аляксандр Цімохаў скончыў Мінскі палітэхнічны інстытут, працуе начальнікам цэха на машынабудаўнічым заводзе, Віктар Цімохаў – начальнік цэха на Жлобінскім металургічным заводзе, Віталь Барысенка – загадчык хірургічнага адзялення ў Мазырскай бальніцы, Бялоцкая Кацярына – урач у Мазырскай бальніцы.
Самая дапытлівая з вучаніц Святлана Левіна загадвае раённай юрыдычнай кансультацыяй, дае многія парады насельніцтву. Мой сын Валерый, скончыў Пецярбургскі універсітэт, працуе ў Гомелі.
Хацелася б крыху адступіцца ад шаблону і паведаміць аб нашчадках маіх герояў аповесці, аб маіх былых вучнях і не толькі іх, якія мала памятаюць аб сваіх продках, аб іх лёсе жыцця ў гэтай палескай вёсцы.
Так Вераніка Мішкова з’яўляецца ўнучкай бабкі Лізаветы і Аляксея, сына інжынера Андрыяна, якія ў пачатку трыццатых гадоў з’ехалі ў Польшчу, а яе сын Віталь, пра якога пісаў я вышэй, з’яўляецца праўнукам маіх аснаўных герояў. Левіна Марыя з’яўляецца ўнучкай таго самага Міхала Флёркі, які аддана служыў у Андрыяна на сплаве лесу, а, вядома, яе дачка Святлана, пра якую я ўпамінаў у сваім пісанні – з’яўляецца праўнучкай Міхала. Чэчка Наталля Мяфодзеўна, настаўніца, з’яўляецца ўнучкай таго самага Васіля Чэчкі, які працаваў на смалакурні і сплаве лесу, любіў праводзіць гаданні на саломцы. Цімохаў Аляксандр і яго сястрычкі: Надзея, Любаша, Людміла і Маша – дзеці настаўнікаў Савелія Данілавіча і Таццяны Чэчкі, унукі таго самага Данілы, якому інжынер смалакурні Андрыян, не гледзячы на ягоны юначы ўзрост, даручыў быць адказным на падсочцы смалы для смалакурні. Віктар Цімохаў – унук Пятра Цімохава, удзельніка грамадзянскай вайны, якога забілі карнікі ў ягоным двары, калі палілі ў час вайны хаты, якога і пахавалі на яго агародзе, каля саду. Алена Мішкова, школьная выдатніца, якая з чырвоным дыпломам закончыла сельгасакадэмію, - з’яўляецца унучкай дзеда Пятрунькі, удзельніка грамадзянскай вайны, унучкай Ульяны Сукач, муж якой не вярнуўся з вайны. Аляксандр і Юрась Мальцы, якія таксама атрымалі вышэйшую адукацыю, Аляксандр Флёрка, які працуе ў Міністэрстве адукацыі, - з’яўляюцца праўнукамі ўрача Савелія Цімохава, якога нкавушнікі саслалі былі на дзесяць гадоў на катаргу. Вярнуўшыся, ён доўгі час яшчэ працаваў урачом у Лельчыцкай бальніцы побач з Казловым і Сіманенка. Валянціна Калеснік, настаўніца мясцовай школы, - праўнучка дзеда Пятрунькі і бабкі Мальвіны, якія жылі непадалёку ад маста. Ірына, Алёна і Віктар Стасенкі з’яўляюцца таксама ўнукамі баькі Таццяны Якаўлеўны і дзеда Данілы Цімохава, які загінуў дзесьці на фронце без вестак загінуўшым. Адам Чэчка, пра якога я упамінаў вышэй – унук Мікіты Чэчкі, які і зараз успамінае словы бацькі, які пераказваў, як яго дзед крычаў на масту, калі везлі яго нкавушнікі, звязанага вяроўкаю, на пасяленне ў Сібір.
Достарыңызбен бөлісу: |