А вясковыя хлопцы і дзяўчаты з усіх канцоў збіраюцца да моста, каб пабачыць і пачуць, як бурліць вясновая вада, увачавідкі запаўняе каля ракі нізіны, аблізвае сваімі хвалямі Андрыянаву гару, спрабуе пералезці ўжо праз шлях, які цягнецца ўздоўж ракі ў паўночным напрамку, схіляе долу кустарнікі вербалозу, што прылягаюць да ўзбярэжжа ракі, робіць нейкія замыславатыя кругі, пеніцца, злуецца, калі на яе шляху сустракаецца нейкая перашкода. І толькі супакоіцца, калі трапляе на сярэдзіну ракі, зліваецца з іншымі водамі і паціху трымае свой кірунак у напрамку Прыпяці.
У ядраным вясновым паветры чуюцца дзявочыя галасы, якія заводзяць вясёлыя задорныя прыпеўкі пра каханне, пра тое, як “ я ж цябе підманула, я ж цябе підвела, я ж цябе маладога з ума з розуму звяла…” Пачуліся галасы і перабранкі, пэўна, усё ж такі ўгаманілі хлопцы і дзяўчаты Сямёна і Алену, каб не заседжваліся тыя дома пасля свайго вяселля, а ішлі да моладзі, бо апрача Сямёна пакуль на вёсцы і не было гарманіста. І ён, прымасціўшыся ля моста на калодцы, расцягваў свой гармонік на ўсе лады, бо ведаў, што яго трафейны сябар яго не падвядзе. Стаміўшыся ў хуткай “ польцы,” дзяўчаты і хлапцы збіраліся ў асобныя гурты. Дзяўчаты, каб пашаптацца, а хлапцы – каб перакурыць, пасмяяцца з падлеткаў, якія клеіліся да іх, лічылі сябе ўжо таксама дарослымі. Больш за іншых даставалася Івану Осіпаву, які лез са сваімі гаворкамі амаль да кожнага, павучаў нават іншых жыццю. Калі спрабаваў падступіцца да Вольгі Чэчка, запрасіць яе на танец, тая аднеквалася, спасылаючыся на сваю стомленнасць. Яму нічога не заставалася, як схіліцца на пярыла моста ды пазіраць на ваду, якая, здавалася, вось – вось узляціць на мост, раструшчыць усё на сваім шляху, а свае пеністыя, бурлівыя хвалі пакладзе на тых дарослых дзяўчат, якія не жадаюць з ім танцаваць.
Кароткая летняя ночка пралятае непрыкметна. Асабліва тады, калі збіраецца зашмат вясковай моладзі на масту і пад гармонік грукочуць абцасамі аб дошкі, стараюцца не адставаць ад бубена, які падганяе не толькі гаромонік, але і маладыя ногі.
А ўжо, калі заружавее за Ўбарццю небасхіл, пачне хавацца за ружовыя воблакі зарніца, якая, саромяючыся, чырванее не толькі ад далёкага променя ўзыходзячага сонца, але ж і ад тых пацалункаў, якія моладзь дорыць адзін другому на ўзбярэжжы Ўбарці, схаваўшыся ў вербалозніках і проста так на вуліцы ля паркана. Некаторыя вяртаюцца з вясковых музыкаў адзінокімі, бо яшчэ працягваюць чакаць сваіх хлопцаў, якія вось ужо які год служаць у войску пасля вайны.
- Штосьці не піша мне ў апошні час і мой Лёнік, - падумала Настулька, мінаючы агарожу яго сядзібы, ідучы ад моста да сваёй хаты. – Абавязкова патрэбна будзе неяк незнарок запытаць у цёткі Мальвіны, або ў яго сястры Васіліны.
І як толькі на наступны дзень яна з дзяўчатамі выйшла за вёску і накіраваліся да лесу, каб назбіраць хоць крыху чарніц, або падняць у кашэль у лесе сыраежку ці лісічку, заўважыла падводу, на якой ехалі на вазу Іван Осіпаў са сваёю жонкаю Васілінаю.
- Сядайце, дзяўчаткі, падвязу, - звярнуўся да дзяўчат Іван Раманавіч, які ехаў у Рукавіцы араць калгаснае поле, а за адно і палвозіў сваю жонку ў лес па ягады.
- Вось добра, Іван Раманавіч, - першай азвалася Дуняша, - а то сапраўды ў нас баляць ногі ад учарашніх танцаў, а яшчэ амаль цэлы дзень патрэбна вынасіць вось гэты наберак – гладыш, які змуляе ўсю цябе… Дзяўчаты весела засмяяліся, пачалі масціцца на воз да Івана і Васіліны. А тая быццам бы і пачытала ў Настуліных вачах яе просьбу, прагаварыла ціха, што ён неяк перастаў пісаць пісьмы і ім, бо мо таму, што хутка ўжо прыбудзе да хаты. Пачуўшы гэта, Настулька павесялела, пачала нават падпяваць дзяўчатам песню, якую пачалі яны спяваць без яе. А калі прыехалі ў Рукавіцы, Іван Раманавіч спыніў каней, пачакаў, калі дзяўчаты, быццам тыя сарокі, зляцелі з воза, сказаў наўздагонку, каб не спазняліся, тады давязе іх ягады пад вечар дамоў. Дзяўчаты падзякавалі вазніцу, спусціліся крыху ў нізіну і ўзяліся гуртам за сваю спрактыкаваную справу – збіраць буйныя спелыя чарніцы, напаўняць гладышы і высыпаць свае наберкі ў кашалі. Работа спорылася.
- Я чула, як наша новая настаўніца Ганна Апанасаўна гаварыла, што ў іхняй вёсцы прыдумаў адзін з вяскоўцаў нейкі грэбень, якім хутка збіраюць гэтыя вось чарніцы ў яго і затым сыплюць іх проста ў кашэль.
Дзяўчаты засмяяліся з такой навіны, а Настулька і сказала: “ Мо так, як у той казцы пра Ямелю, які па шчупаковаму жаданню ўсё рабіў? Скажыце лепш, як данесці гэтыя вось ягады да Рукавіц, каб не пацяклі яны на целе па адным месцы?”
- Не хвалюйцеся, дзяўчаткі, я сказала Івану, каб ён пад’ехаў сюды да месца, ён хутка будзе, - прагаварыла Васіліна. – зносьце свае кашалі вось сюды на пагорак, а самі спускайцеся назад у гэтую балоціну і, пакуль без гэтых грабянёў, ласуйцеся гэтымі буйнымі лекавымі ягадамі…
Дома Анастасія дачулася, што дэмабілізаваўся з арміі Леанід, увесь у ордэнах і медалях, якія зіхацяць на ягонай новай гімнасцёрцы. Стары Пятрунька не нарадуецца, разглядае ўзнагароды сына, параўноўвае іх са сваімі Георгіеўскімі крыжамі, якія на гэты выпадак дастаў з невялікай самаробнай скрынкі, што схаваная была ім за абразамі і раз – пораз іх прымерваў на сынаву гімнасцёрку.
Насця вечарам нікуды не пайшла, бо ніяк не магла адмыць ад чарніц рукі, чым толькі не спрабавала яна рабіць гэта, каб хоць крыху неяк саскрабці з далоняў і пальцаў на руках размазаныя чарнільныя пісягі.
На наступны дзень яна знарок пайшла ў мясцовую краму, каб што – небудзь купіць для дому за рублі, якія ўчора атрымала яна за чарніцы.
Стрэла яго выпадкова, бо яна не думала, што з раніцы ён будзе ўжо стаяць ля брамкі сваёй хаты, быццам бы знарок чакаючы яе. Спрабавала прайсці па другі бок вуліцы, але ён аклікнуў:
- Чаго гэта ты бочыся ад мяне, Настулька? – выгукнуў Леанід неяк нечакана нават і для сябе, пачаў ісці ёй насустрач. Яна прыпынілася, нейкі момант стаяла ў нейкай нерашучасці, затым працягнула для прывітання яму сваю, ужо адмытую ад чарніц, руку. Нейкую хвіліну ён трымаў яе руку ў сваёй далоні, заўважыў, што і яна не вельмі хацела адымаць сваю руку ад яго рукі, пазірала яму ў вочы, пераводзіла позірк на ягоныя медалі, што віселі на ягонай гімнасцёрцы, маўчала. Ён любаваўся ёю, бачыў перад сабою дарослую дзяўчыну ў квяцістай сукенцы, якая так пасавала да яе твару, які чагосьці адразу пры сустрэчы стаў румяным, яшчэ больш прыгожым.
- Мо, крыху пройдземся да моста па старой звычцы? – неяк нясмела прапанаваў салдат Настульцы.
- Дык людзі наўкола, хіба не бачыш? – паціху адказала яна, ступаючы першай у напрамку да Ўбарці.
- Каб ты ведала, колькі разоў успамінаў я цябе, лежачы ў акопах па ўсёй Прыбалтыцы, Польшчы, Германіі, колькі разоў стаялі перада
мною тыя далёкія нашы сустрэчы вось там, за Ўбарцю ў той далёкі яшчэ ваенны год? А колькі давялося пераблытацца са сваёю памяццю ўспамінамі, калі быў у адным з баёў цяжка паранены і трапіў у шпіталь? Перад вачыма заўсёды паўставаў вось гэты неабдымны, ласкавы і шчымліва – непаўторны наш палескі край, дзе мы з табою нарадзіліся, жывем і будзем, спадзяюся, яшчэ працяглы час жыць разам.
- Ты мне, як я здагадалася, пэўна, робіш прапанову? – неяк зусім асмялеўшы, пажартавала яна. І ўжо зусім не саромеючыся, яна прыблізілася да яго і што было моцы, пачала яго цалаваць і віншаваць з прыбыццём дамоў.
- Ну, дык як, згодна выйсці за мяне замуж? – прыціскаючы моцна да сябе, гаварыў раз – пораз Леанід, быццам баяўся таго, што хто – небудзь апярэдзіць яго, забярэ з яго рук яго каханне, якое ён так беражліва насіў з сабою ўсю вайну аж да гэтага часу…
У той уражайны на вяселлі год, у вёсцы адбываліся адно за другім мерапрыемствы: апрача вяселля Леаніда і Настулькі, справілі таксама гулянні і Мікалай Мішкоў з Вольгаю Чэчка, Цімохава Праскоўя і мясцовы каваль Осіпаў Нікіфар, якога яна дачакалася з вайны, а таксама мясцовыя настаўнікі: Дзяніс Шкробат і Ганна Апанасаўна, Сяргэй Мельчанка і Яўгенія Вісловух, мясцовы хлапец Мікалай Чэчка ўзяў сабе ў жонкі настаўніцу Марыю Гаўрыленку. Ды і пералічыць усіх немагчыма, бо ў гэтыя ўражайныя гады ў вёсцы адно за другім праходзілі вяселлі, маладыя будавалі сабе жыллё, абжываліся багаццем.
Вёска за ўсе гэтыя пасляваенныя гады амаль аднавілася, паўсюдна вырасталі на папялішчах невялічкія дамы. У больш прасторных дамах працавалі наёмныя вучнёўскія класы мясцовай сямігодкі. Было вельмі нязручна працаваць настаўнікам старэйшых класаў, бо даводзілася ў часы заняткаў калясіць амаль усю вёску. Падымалася не раз пытанне аб будаўніцтве ў вёсцы школы, але калгас усё адкладваў і адкладваў з гэтай справай – не было сродкаў на будаўнічыя работы, ды і рабочай сілы ў калгасе заўсёды не хапала, бо Буйнавіцкая МТС не спраўлялася з тым, каб своечасова дапамагчы калгасам тэхнікай. Крыху палегчала, калі ўзбуйнілі гаспадаркі і дазволілі ім набываць самастойна сабе тэхніку. У калгасах з’явіліся трактары і машыны, якія дапамагалі ў апрацоўцы глебы на калгасных палетках, выслабанілася цяглавая сіла, якую накіравалі на апрацоўку прысядзібных кавалкаў зямлі ў асабістых гаспадарках сялян. Пачалі ў вёсцы падрыхтоўку і да будаўніцтва новай школы – сямігодкі. Яе пачалі будаваць непадалёку ад вёскі, на чыстай палянцы, далёка ад дарогі.
Не вельмі зладзінцы і перажывалі, калі даведаліся пра смерць правадыра Іосіфа Сталіна. Ужо ад сваіх франтавікоў яны многае ведалі аб тым, што да вайны і ў часы вайны былі знішчаны вядомыя палкаводцы, выдатныя камандзіры ў войску, а хіба маглі забыць кабеты – удовы, як ні за што забіралі нкавусаўцы іх гаспадароў, якія знікалі ў невядомым напрамку? Гэта ўсё памяталі добра вяскоўцы, спадзяваліся, што можа цяпер будзе нейкая палёгка для сялян, не будуць яны плаціць столькі замнога падаткаў, крыху больш будуць атрымоўваць яны на свой працадзень як збажыны, так і бульбы.
Пасля таго, як прагналі з пасады старшыні калгаса Віктара Бялоцкага і яны выбралі на гэтую пасаду Марка Цімохава і назначылі брыгадзірам Леаніда Мішкова, стала крыху лепшае жыццё на вёсцы. Калгаснікі не баяліся за тое, што іх дзесьці працадзень згубіцца, бо старшыня і брыгадзір былі прынцыповыя ў гэтай справе, клапаціліся і аб тым, каб працуючыя калгаснікі своечасова ўпраўляліся на сваіх прысядзібных кавалках зямлі, атрымоўвалі своечасова заробак на свой працадзень. Часта ўспаміналі, як былы старшыня калгаса Віктар Бялоцкі лавіў жанчын, якія цягнулі з лесу на сваіх плячах вязанкі з сенам, адбіраў іх, прымушаў несці вязанкі на калгасны двор. Калі хто не падпарадкоўваўся яго раз’юшанасці, той нават атрымоўваў уздагонку лупцягу па азадку. Надоўгу застаўся такі выпадак у памяці Лізаветы, калі яна з Рыгоркам, які накасіў на ўзбярэжку лесу сена для рагулі і папрасіў, каб дапамагла маці яго перанесці ў адрыну, напаткаў іх ля вёскі Віктар і загадаў ім несці крадзенае сена на калгасны двор. Рыгорка заўпарціўся, сказаў, што сена накошана не на калгасных палетках, што гэта яго сена. Але старшыня і слухаць на хацеў, схапіў вязанку хлапчука і пацягнуў яе на сябе. Лізавета спрабавала дапамагчы сыну, схапіла за край радзюжкі, але адчула, як пуга старшыні апаласала яе спіну, зрабілася вельмі балюча. У гэты момант пабачыла, як Рыгорка спрытна выхапіў з рук Віктара пугу і некалькі разоў з усяе сілы агрэў ёю плечы крыўдзіцеля, а затым спрытна адскочыў за дрэва, схапіўшы пры гэтым дубовую паляняку. Віктар падняў сваю пугу і паціху пакрочыў да каня…
… З усёй гэтай паўсядзённай вясковай валтузні, Леанід выбраў некаторы час, каб прайсціся па лузе, што цягнуўся па – над Убарцю, праверыць, ці час ужо пачынаць нарыхтоўку сена для калгаса.
Луг пачынаўся адразу ж за яго агародам, дзе з жонкаю ён вясною так старанна ўсё высадзілі на градках. Вытаптаная да чарнаты сцежка – разорка, якае праставала да ракі Ўбарці, вяла якраз каля агарода, на якім віднелася бульбяное поле, ад якога так і несла водарам цвітучых кветак. Цвіла, узбіраючыся па палках угору, і фасоля – павітушка, якая знаходзілася ля самай бульбы. Тут жа даносіўся пах ад гарбузніка, што колка лапушыўся, поўз увачавідкі па ўсім агародзе. Цвілі, шчасліва ўсміхаючыся, і рослыя сланечнікі. Бы ўсяроўна на пасецы, гулі, пераляталі з кветкі на кветку пчолы, чмялі. А пах які размаіты, густы пах на агародзе! Пахне сырая зямля, пахне малады бучны бульбоўнік, гарбузнік, сланечнік, цыбуля, часнок, агурочнік… А найбольш, наймацней пахне, заглушаючы ўсе астатнія пахі, укроп! Асабліва калі наблізішся да яго, панюхаеш. ” І чаго толькі не насаджана тут, на градках, клапатлівымі рукамі маладой гаспадыні Настулькі, што тут толькі не раскашуецца! – падумаў Леанід, ідучы побач з агародам па вытаптанай сцяжынцы да Ўбарці. – Бручка, морква, капуста, буракі, гуркі, памідоры, рэдзька, пятрушка… Ні лапіка нідзе голага, нічым не засеянага поля, усюды, куды не паглядзіш, зелянее, буяе,аж ірве зямлю гародніна. Выпаўз на разору, наліваецца цудадзейнымі сокамі тугі гарбуз, выкінулі, сушаць на сонцы свае кучаравы косы, кіяхі, паўнеюць, аж лопаюцца, стручкі гароху, бобу…” Стаяў ён, забыў ужо куды і ішоў, глядзеў, не ў сілах ужо адарваць, адвесці вачэй ад гэтай прыгажосці, ад гэтай чысціні свежых пышных кветак. І якіх – белых, нібы толькі што вымытых расой, ярка – агністых, аж крывавых, цёмна – сініх, амаль што чорных, попельна – шызых, дымчаста – ружовых… І яшчэ, яшчэ розных – розных, нават сказаць якіх – не ведаеш, але вабных, вабных. А кветкі гэтыя злёгку пакалыхваліся, гойдаліся на сваіх тонкіх зялёных ножках, скрухліва шалпацелі пялёсткамі – перад вачыма плылі і плылі рознакаляровымі цнатлівымі, нібы нехта нябачны іх расцілаў дзівоснай красою і ўсемагчымымі ўзорамі, падобнымі на квяцістыя хусткі, якія бачыў ён у азербайджанскіх прыгажунь, калі служыў там пасля вайны яшчэ два гады. Ад усяго гэтага хараства, ад дурманнага паху кветак, Леанід нават пахіснуўся, чуць стрымаў сябе, каб не зваліцца на зямлю. Успомніў, дзеля чаго ішоў ён на луг, для якой мэты, і ён паціху, аглядаючыся яшчэ ўсё, пакрочыў нацянькі па ізвілістай сцяжынцы на лугавыя прасторы…
38
Радаваліся вяскоўцы – аб’яднаны калгас апрача трактара, яшчэ і атрымаў і першую машыну ГАЗ – 51. Цяпер можна было без асаблівых цяжкасцяў даехаць па нейкіх сваіх справах у Лельчыцы, Буйнавіцкі сельскі Савет, выпісаць і прывезці дроў, сена для сваёй гаспадаркі. Тым больш, працаваў на трактары Сямён Неваднічэнка, а на машыне – малады хлапец, які адслужыў у арміі і набыў там гэтую спецыяльнасць, Панас Мішкоў. Праўда, не з вялікаю ахвотаю старшыня калгаса задавальняў прашэнне калгаснікаў наконт гэтага, бо машына была адна на ўвесь калгас і работы ёй хапала. Манчыцкая брыгада таксама адносілася да калгаса, кіраваў ёю франтавік Мікалай Карповіч, працавіты і добрасумленны чалавек, які шмат часу ўдзяляў як калгасным справам, так і справам вяскоўцаў. Калі ўжо трапіцца яму трактар на калгасныя палеткі, то глядзі, не выпусціць яго з рук, пакуль не давядзе ўсе да канца справы не толькі калгасныя, але і справы калгаснікаў. Не раз Сямён Сідаравіч злаваўся на яго, спасылаючыся на тое, што старшыня адбярэ ў яго трактар і ён застанецца ні з чым, а той толькі пасміхаўся, ды гаварыў: “ У бязногага франтавіка не так проста адабраць трактар!...”
Машыну старшыня калгаснікам выпісваў вельмі рэдка, пагэтаму Панасу даводзілася амаль штодня ездзіць па калгасных справах то ў Лельчыцы, то ў Мазыр. А дарога да Мазыра была вельмі цяжкая: сыпучы паўсюдна пясок, ды месцамі вадзяныя ямы, якія з паяўленнем тэхнікі, разбіваліся і іх ніхто ніколі не рамантаваў. Пагэтаму, калі яго адпраўлялі да Мазыра, ён ехаў, як на баявое заданне, калі раней, адразу пасля вайны, ішоў з мінашукальнікам на замініраванае поле шукаць міны. Ён часта ўспамінаў тыя часы свайго непрадуманага ўчынка, калі разам з другімі юнакамі добраахвотна ішлі на непрадбачнасць. Седзячы за рулём у такую далёкую дарогу, ён не раз думаў пра тую чарнявую дзяўчынку, якую аднойчы стрэў каля двара Сукач Ульяны. За апошнія гады яна так вырасла, стала такою статнаю прыгажуняю. Жыве адна з маці, бацька загінуў на фронце, працуе ў калгасе. Старэйшы брат Лавер неяк аднойчы шапнуў яму, каб звярнуў ён увагу на гэтую дзяўчыну, бліжэй пазнаёміўся з ёю. Тое ж самае неяк мімаходзь яму намякнула і старэйшая сястра Васіліна, калі былі яны з Іванам у гасцях.
А новы газон усё праз сілу бурчэў і бурчэў па пяску і гразі, цягнучы у кузаве запчасткі да трактара і ўсялякай прычапной тэхнікі…
… У пабудаваным новым калгасным клубе паўнютка народу. Адбыліся ўрачыстасці па прычыне адкрыцця новага клуба для вяскоўцаў. Пачалі іграць музыкі, аж захліпаўся гармонік у руках Сямёна Сідаравіча, звінеў сваімі бразготкамі гучны барабан, даганяючы пераборы трохрадкі. На дапамогу Сямёну прыходзіў Мікалай Осіпаў, які таксама не так даўно дэмабілізаваўся з арміі і паспеў ужо пасватацца да прыгожай вясковай дзяўчыны Анеты, якая не адыходзіла ў клубе ад яго.
Панас падышоў да Марыі, запрасіў яе на танец. Яна неяк спачатку павагалася, а потым пайшла за ім у круг. Паколькі танец быў павольны, Панас прыблізіў яе да сябе, рука яго намацала ў яе за спіною тоўстую сплеценую касу, якая звісала амаль да палавіны яе росту. Ён песціў яе, гладзіў сваёю шурпатаю далоняю да верху і да нізу, адчуваў яе набліжэнне да сябе. Яна зірнула на яго і паціху прашаптала: “ Пакінь яе ў спакоі, не чапай яе больш…” Ён адавёў сваю руку ад касы і прытуліў яшчэ бліжэй яе да сябе, адчуваючы, як штуршкамі вырываецца на паверхню яго сэрца, як дзесьці у яе сярэдзіне таксама стукаецца яно.
Да яе хаты вярталіся разам. Шчарбаты месяц свяціў ім дарогу, хаваўся за воблака, калі яны спыняліся і цалаваліся, а потым зноўку вылазіў з цёмнай хмаркі, адным сваім ражком трымаючы яе, каб далёка яна не адпаўзала ад яго, бо і зноў яму давядзецца хавацца за яе, калі маладыя зноўку пажадаюць прыблізіцца. А яны прытуліліся да веснічак, ды так і прастаялі амаль да самай раніцы. А калі ружовасць на небасхіле пачала падымацца, Марыя вызвалілася з яго ўчэпістых рук і паціху пакрочыла да хаты, бо заўважыла, што на акне фіранка заварушылася, маці бачыць іх…
Даводзілася Панасу не раз падымацца ноччу, чытаць паперку старшыні калгаса і везці людзей у бальніцу. Раней хворых канямі вазілі, выконваў гэтыя абавязкі конюх, або яздовы, а цяпер усё гэта робіцца машынай, так зручней і хутчэй. Ды раней крыху быў у вёсцы свой лекар Савелій Цімохаў, які вярнуўся пасля высылкі яго ў Сібір, а пасля ён уладкаваўся на работу ў Лельчыцкую бальніцу і быў нядрэнным лекарам для вяскоўцаў. Людзі менш надакучалі старшыні калгаса, больш ішлі да свайго земляка, які ні ў чым ім не адказваў, заўсёды меў ён пры сабе патрэбныя лекі, якія яму выдаткоўвалі з бальніцы Казлоў і Сімановіч. Яны так і гаварылі, каб ён працаваў больш дома, лячыў сваіх вяскоўцаў, каб менш займалі яны месцы ў раённай бальніцы. А цяпер яго няма і ўсе амаль клопаты лягаюць на старшыню калгаса, патрабуюць людзі, каб для цяжкахворых выдзялялі ў калгасе транспарт, і ў першую чаргу патрабавалі Панасаў газон. А Панас і не ўпарціўся, ён заўсёды рады быў дапамагчы людзям, тым больш сваім аднавяскоўцам.
А аднойчы напаткала яго невялікая нават непрыемнасць. Хіба мог ён адказаць сваёй любай, калі аднойчы вечарам зайшла размова іх аб тым, што нарыхтаваныя ў лесе дровы няма чым прывезці да хаты. Панас тут жа пагадзіўся прывезці іх ноччу, каб мала хто ведаў аб гэтым. Але на другі дзень раніцою старшыня калгаса ўжо яго адчытваў за гэтае, пагражаў адабраць у яго машыну. Вылічыў з яго заробку аж тры працадні. Панас толькі ўсміхаўся, жартаваў над гэтым са сваёю каханаю.
Праз некаторы час згулялі вяселле, Панас перайшоў жыць да маладой, каб хоць крыху дапамагчы ў гаспадарцы цешчы і маладой жонцы, якія жылі адны, бо бацька Марыі загінуў на фронце…
Неяк паступова завяршылі і будаўніцтва сямігодкі ў вёсцы. Крыху супакоіўся яе дырэктар Уладзімір Шынько, бо так было надакучыла бегаць настаўнікам па ўсёй вёсцы, каб правесці свае ўрокі з вучнямі. Цяпер настаўнікі і вучні атрымалі нядрэннае чатырохкласнае памяшканне, нават настаўніцкую зрабілі для сябе ў калідоры настаўнікі, каб можна было крыху адпачыць ад вучняў, падрыхтаваць наглядныя дапаможнікі да наступнага ўрока, пагутарыць аб чым – небудзь з калегамі. Вучняў у школе было занадта многа, таму вырашылі малодшыя класы адправіць на другую змену.шканнеыла бегаць настаўнікам па ўсёй вёсцы, каб прав
Дырэктар школы радаваўся, што сабраўся нядрзнны калектыў у школе, ён складаўся ў большай сваёй колькасці з франтавікоў і добра падрыхтаваных настаўнікоў, якія сумленна адносіліся да выканання сваіх абавязкаў. Таму іншы раз ён браў у свае рукі балалайку, якой добра валодаў і іграў у настаўніцкай розныя народныя мелодыі, прыпеўкі, імкнуўся арганізаваць з настаўнікамі і вучнямі мастацкую самадзейнасць.
А неяк у школу завітаў і дырэктар саўгаса “ Буйнавічы,” які паведаміў, што ў хуткім часе школа папоўніцца і новымі вучнямі, бо сюды папрасіліся перасяленцы з Давыд – Гарадоцкага раёна, ажно дванаццаць сем’яў. “ Іх патрэбна дзесьці пасяліць… Не падскажаце дзе? – заклапочана прагаварыў Сцяпан Осіпавіч Лобан. – Вы ж тут тутэйшыя.”
- Што ж за прычына, што іх адтуль адсяляюць? – пацікавіліся ў яго настаўнікі. – Там жа такія прывольныя мясціны, у балатах столькі многа расце журавін, шырокалісцёвых лясах мноства грыбоў і ягад, у Сцвізе водзіцца столькі многа рыбы… А дырэктар саўгаса толькі махнуў рукою, з нейкім сумам паглядзеў у бок настаўнікаў і зачыніў за сабою дзверы.
Крыху пазней даведаліся, што ў гэтай мясцовасці, непадалёку ад гэтых густанаселеных вёсак, быў ужо колькі гадоў таму створаны ваенны палігон па выпрабаванню сучаснай зброі, ад якой штодзённа сыпаліся на людзей, лясы і вёскі нябачныя ворагі – радыёнукліды. І нікому ў галаву не закрадваліся нават думкі, што гэта такое, ці з’яўляецца яно небяспечным для ўсяго жывога і нежывога? Вяскоўцы як і раней збіралі ў лесе грыбы і ягады, збіралі спелыя журавіны на прасторных балотах, адкуль, праўда, іх падчас праганялі вайскоўцы, але не тлумачылі ім, чаму ім нельга бываць у гэтых мясцінах, збіраць такія прыгожыя спелыя журавіны. І толькі значна пазней, амаль праз чатыры гады, калі заўважылі, што радыёнуклідамі засыпаная мясцовасць і нельга тут заставацца людзям жыць, пачалі прымусовае адсяленне людзей з усіх навакольных вёсак. Былі поўнасцю выселены людзі з вялікай вёскі Колкі, Храпунь і больш пяцідзесяці сем’яў з вёскі Вілье, з якіх дванаццаць сем’яў перасяліліся ў Зладзін і па вуліцы, ў бок Замошша, стварылі сваё асобнае пасяленне. Сем’і былі мнагадзетныя і пагэтаму школа значна папоўнілася вучнямі, а саўгас – рабочымі рукамі.
39
Увачавідкі, нават з кожным новым вечарам заўважаеш, як настойліва і няўмольна садзіцца ўсё бліжэй і бліжэй да поўдня сонца. Здаецца, нават адчуваеш, як ціха і амаль і незаўважна струменіць ля цябе, адыходзячае лета, як выблытваецца яно з павуцінак, на якіх пад ветрам ляцяць некуды ў свой вырай маленечкія павучкі. Заўважаеш, што ўжо не з грэчкі, не з ліповага цвету, а з верасу збіраюць мёд пчолы, старанна пералятаюць з месца на месца, бо яго ў верасовых галінках ужо не занадта і многа, заўважаеш, як рунее ў полі ўжо азіміна, поўніцца пахам даспелых садоў усё наваколле. Значыць, прыйшла пара ўжо восені, калі ў вёсках падумваюць аб тым, калі і ў які час падрыхтавацца і згуляць вяселле, каб канчаткова задаволіць прашэнне маладых.
Гэтай восенню Уладзімір Осіпаў узяў сабе ў жонкі дачку Івана Голіка Антаніну, Іван Марыніч ажаніўся на Ўльяне Рыгораўне, Міхал Мішкоў пабраўся з Раісаю Васільеўнай, Павел Ліпскі пасватаўся да Марыі Кірылаўны, Сямён Стасенка ажаніўся на дачцы Таццяны Якаўлеўны Цімохавай – Еваліне. Згулялі вяселле гэтай восенню і яшчэ некалькі маладажонаў, нават і Васіль Зданевіч з Яўгеніяй Змітраўнай, якія стрэліся выпадкова ў хаце Віктара Бялоцкага на застольнае свята Міхайла. І хоць да запускаў было зусім мала часу, Віктар паабяцаў ім падрыхтаваць і справіць вяселле за свой кошт, бо вельмі ўжо ж спадабаўся яму малодшы брат Кацярыны, пляменнік яго жонкі Сцепаніды, які толькі што дэмабілізаваўся з флота і прыйшоў на свята адведаць сваю цётку, родную сястру маці.
У час вяселля сястра Сцепаніды нервавалася, хоць паціху, але выказвала сваю думку ў адрас Віктара, аб яго здзеках над яе дачкою Кацярынаю, напамінала, што расце ў яе сынок без бацькі, яна не змагла выйсці замуж. Спрабавала аб гэтым напомніць і свайму сыну Васілю, але ён нейкім стаў зусім глухім, маўклівым. І яна зразумела, што ён пакахаў Яўгенію, ужо разам нават які час ходзяць працаваць на ферму, ён даглядчыкам, а яна працуе даяркаю ў саўгасе. Там жа працаваў на ферме і Сямён Ціханавіч, які паспяхова паступіў у Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію на ветэрынарнае аддзяленне і з усёй адданасцю пачаў працаваць па сваёй спецыяльнасці. У сельскай гаспадарцы ў яго работы было вельмі зашмат, але ж многа часу ўдзяляў ён і ў аказанні дапамогі вяскоўцам, бо без яго не абыходзілася ніводная сялянская гаспадарка. Яго лічылі ўсе, што ён – Чалавек ад Бога, бо вельмі ведаў сваю справу, ішоў заўсёды на дапамогу людзям…
Достарыңызбен бөлісу: |