Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу



бет4/24
Дата20.06.2016
өлшемі2.54 Mb.
#148808
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Усе разышліся па сваіх месцах работы, пачалі старанна працаваць, у часы невялікіх перапынкаў гучна абмяркоўвалі здарыўшаеся, вырашылі нават прапанаваць інжынеру, каб у выхадныя дні зрабіць арганізаваную аблаву на шэрых разбойнікаў, аблажыць іх з усіх бакоў.

Андрыян прыняў прапанову рабочых, тым больш, што пачалі яны падкрадацца ўжо і да агульнай канюшні, палохаць ноччу людзей на хутарах, выкрадаць іх сабак і кошак, патайна падкопвацца пад хлявы, дзе былі парасяты і куры.

Вырашылі, усім гуртам у нядзельную раніцу сабрацца каля Фядосавага броду, каб скараціць дарогу кожнаму жыхару хутароў. Абавязкова каб кожны з іх меў з сабою добрыя драбавікі і абавязкова чырвоную матэрыю для невялічкіх сцяжкоў, каб аблажыць драпежнікаў з усіх бакоў.

У гэтую раніцу не сядзеў дома і пан Ермаловіч. Ён загадаў яшчэ звечара, каб яму і пану інжынеру падрыхтавалі ладныя драбавікі і накармілі з вечара добра сабак. І ўжо на світанні былі яны каля Федасовага броду, разглядалі месцы, дзе лепш зрабіць аблаву на шэрых драпежнікаў. Ермаловіч ведаў, што цяпер, як і бывала раней, ваўкі маюць сваё прыстанішча іменна тут, у воўчым балоце. Ён загадаў раставіць чырвоныя сцяжкі ўздоўж балота, абагнуць яго з двух бакоў, паставіў сваіх назіральнікаў у тых месцах, дзе могуць праскочыць шэрыя і нават праз сцяжкі і рушылі з сабакамі ў трысняг. Праз колькі хвілін пачуўся моцны брэх сабак, якія вялі нейкага звера прама на іх з інжынерам. Праз нейкі момант з гушчэчы прама на Ермаловіча высунулася вялізная пыса дзікага кабана, гэтак да трахсот кілаграмаў. Нічога не заставалася пану Ермаловічу, як ускараскацца на невялічкую сасёнку, што была побач, а Андрыяну схавацца за тоўстае дрэва, што расло побач. І як толькі вялізны вепр спыніўся ля маленькай сасёнкі, прагрымеў выстрал інжынера. Але звер як стаяў, так і застаўся стаяць побач з сасёнкаю, зыркаючы сваімі маленькімі вачанятамі – куля і шраціны на ім слізгалі, бы на гумавым мячыку, ніяк не хацелі прабіваць яго цела, складзенае з тоўстага слою тлушчу. Андрыян прыцэліўся і яшчэ раз пальнуў у вялізную свінную капну, але вяпрук і не паварухнуўся. Андрыян заўважыў нават, як ягонага драбавіка куля слізганула па паверхні вяпрука і дала ракашэціну ў бярозу. Вяпрук павярнуў сваю доўгую пысу і накіраваўся ў бок інжынера, але той з маланкавай хуткасцю ўскарабкаўся ўжо на дрэва, якое было тут побач. У гэты момант рукі пана Ермаловіча зацяклі, не вытрымалі і ён зваліўся на зямлю. Але вяпрук ужо не звяртаў на іх асаблівай увагі, ён пакрочыў няспешна ў напрамку балота. А пан Ермаловіч і інжынер яшчэ доўга стаялі маўчком, не ведалі. аб чым весці гаворку. На твары той і другі – змяніліся. Першым вымавіў словы пан Ермаловіч :

-- Ну, і звяруга! За сваё жыццё мне ніколі не даводзілася бачыць такое… Мо вагою на паўтоны зацягне. Я бачыў, як коўзаліся па ім твае кулі, на ім, пэўна, тлушчу будзе сантыметраў на пятнаццаць, не менш? Такога куля з нашага драбавіка не возьме…

З – за балота пачуўся брэх сабак, потым адзін і другі стрэлы. Сабакі працягвалі цахлець, іх ляскат усё набліжаўся і набліжаўся да іх. Прагрымеў і яшчэ адзін выстрал, пасля чаго сабакі змоўклі..

-- Што зноў там адбываецца, чаму змоўклі сабакі? – як усяроўна сябе запытаў пан Ермаловіч. Няўжо палажылі шэрага?

-- Відаць, не аднога, -- падаў свой голас Андрыян. – Выстралаў было і яшчэ два…

-- Выстралы могуць быць такія ж, як і ў нас былі, але ж дзе вынік? – неяк незадаволена выціснуў з сябе словы пан Ермаловіч.

І яны паціху пакрочылі ў бок балота, адкуль чулі выстралы. Адтуль даносіліся нейкія незвычайныя крыкі, быццам бы хто клікаў на дапамогу. Яны ўчасцілі крокі, спрабуючы нават бегчы, але снегу ў балоце было шмат і ногі амаль не слухаліся, спатыкаліся, рабіліся драўлянымі. Пан Ермаловіч часта падаў, спыняўся, цяжка дыхаў, загадваў кіўком галавы інжынеру бегчы. Калі Андрыян дабег да таго месца, адкуль даносіўся крык, то заўважыў, як два ваўкі качалі ў снезе амаль непрытомнага чалавека. Не раздумваючы, ён пальнуў па адным з ваўкоў, які тут жа зарыўся носам у снег, другі адскочыў у бок, а потым стрымгалоў кінуўся да інжынера, хацеў збіць яго з ног, але за два – тры крокі ад яго атрымаў кулю між пярэдніх ног і тут жа асунуўся на зямлю.

Андрыян падышоў да чалавека, які моцна стагнаў, і пазнаў у ім Івана Мішкова, які спрабаваў падняцца, але пакусаныя ваўкамі ногі ў яго, мала слухаліся. Інжынер падцягнуў да Іванавай галавы ваўка і асцярожна паклаў галаву на мяккую поўсць драпежніка.

Неўзабаве падышлі другія паляўнічыя, агледзялі Івана Мішкова, паспачувалі яму, выказалі думку наконт таго, што ваўкі ў такіх абставінах, калі за імі палююць, не павінны былі б нападаць на чалавека, а гэтыя ж асмеліліся.

-- Вы што, не бачыце? Гэта ж дзве самыя сапраўдныя расамахі, якія ніколі, ні ў якім выпадку не пабаяцца напасці на чалавека, -- падаў свой голас з зямлі Іван Мішкоў…

Усе павярнулі галовы ў бок ляжачых звяроў, паглядзелі на іх аблічча, змерылі позіркам іх даўжыню і пагадзіліся з Іванам, што гэта сапраўдныя расамахі, якія вельмі смелыя, не вельмі баяцца людзей. І калі ўжо і нападаюць на сваю ахвяру, то толькі ззаду і не па адзіночку, а гуртам, каб было смялей і надзейней. Звычайна яны нападаюць на жывёлін і імкнуцца ў іх вырваць усё ззаду, моцна пакалечыць іх, затым толькі валіць на зямлю.

-- Паглядзіце, ці ёсць на адной з іх мая ўчарашняя паметка сякерай? – папрасіў у паляўнічых Іван Мішкоў.

-- Ёсць на той, якую палажыў ты пад галаву замест падушкі, -- пажартаваў Ціхон Стасенка. – Як на ёй ляжыцца, добра?

З гэтага жарта ўсе засмяяліся. Пачаў паціху ўсміхацца і сам Іван Мішкоў, болькі неяк пачалі адразу адступаць, ён паспрабаваў падняцца. З дапамогаю мужчын у яго гэта атрымалася.

Андрыян услых выказаў думку, якая яго хвалявала ўвесь час: чаму да гэтага часу не прый шоў сюды Яцэк Осіпавіч, што здарылася? Вырашылі неадкладна рушыць на пошукі. Андрыян з трымя паляўнічымі пайшоў па сваім следу, астатнія пайшлі ў другія бакі. Каля Івана Мішкова пакінулі чалавека.

Знайшлі пана Ермаловіча непадалёку ад таго месца, дзе пакінуў яго інжынер. Ляжаў ён каля сасновага вываратня, неяк скурчыўшыся, як малое дзіця, хрыпеў. Андрыян хуценька павярнуў яго тварам да верху, паспрабаваў яго некалькі разоў калатнуць, памазаць яго твар спіртам. Ад чаго пан Ермаловіч адкрыў вочы, неяк нявыразна абав’ёў позіркам усіх, вырваў з рук інжынера бутэлечку са спіртам і зрабіў некалькі глыточкаў. Адразу на твары пасвятлеў, прагаварыў:

-- Дапамажыце мне дайсці да саней. Ахвяры ўсе палажыце на сані і накіруемся ў зваротны шлях. Пан інжынер, а што здарылася там?

І калі ён даведаўся аб усіх гэтых здарэннях, папрасіў у інжынера яшчэ колькі глыточкаў напою, уладкаваўся ямчэй на санях і яны павольна рушылі ў напрамку смалакурні. А зімовы пранізлівы вецер пачаў завываць між дрэваў, гнуць іх да зямлі, колькі было ў яго сілы калашмаціў сасновае голле, якое імкнулася заблытаць яго ў сваіх іголках, не выпусціць яго на волю. А на волі ён – вялікі свавольнік! Яму б з коранем вырываць дрэвы, а яны вось стаяць і не вельмі баяцца яго, не вельмі і хістаюцца. А якое і хістаецца, дык нібы нехаця. Асабліва тыя дрэвы, якія скінулі на зіму сваё лісце і яно ляжыць ужо недзе пад снегам, і таму вецер вольна пралятае праз нядаўнюю крону – няма яму за што зачапіцца. Ого, было б лісце – паглядзелі б, як гнуў бы ён гэтыя дрэвы – за чубы і да самай зямлі, за чубы і да самай зямлі…

Вецер на змярканні крыху аціх, трохі супакоіўся, але ж дрэвы яшчэ гойдаюцца, працягваюць скідаць з сукоў нязвыклую белую навысь.

Назіраючы за ўсім гэтым, лежачы побач з панам Ермаловічам, Андрыян асэнсоўваў падзеі гэтага нязвыклага для яго дня, спрабаваў уявіць сабе, што было б, каб своечасова не выратавалі Івана Мішкова і не знайшлі і не выратавалі б гаспадара смалакурні… Зацягалі б па розных судах. А яму гэта ў сучасны час вось як не патрэбна! Добра, што ўсё абышлося вось так добра, што ўсе засталіся людзі жывыя. Ды і шэрых добра такі напалохалі, пяць з іх забілі, астатнія, відавочна, пакінуць надоўга гэтыя мясціны…

10

Праскрыпела пад вокнамі палазамі зіма. Адвілі, адвіхурылі мяцеліцы, адляскалі ледзянымі папліскамі маразы. Усё часцей і часцей пачало паказвацца з – за хмар сонца. Закапалі, спярша рэдка, нясмела, потым гусцей, весялей кіпяжы. Снег неяк ураз асеў, падсоўваўся да камлёў дрэў і пнёў, зачарнелі дзе – нідзе крутыя спіны пагоркаў. Там і тут расплыліся лужыны, якія з кожным днём шырэлі, большалі, ахоплівалі ўсё новыя і новыя абсягі. І хоць за ноч яшчэ марозіла, зацягвала, шкліла іх лядком, удзень усё зноў раставала, макрэла. Яснела, ружавела голле бяроз і асін, бялеў, жаўцеў лазняк на ўзлобках і балотах. І самыя нечаканыя вясновыя пахі поўнілі наваколле. З кожным днём усё мацней і мацней булькалі, гаманілі ручаі, паступова агалілася, тлуста зачарнела зямля. Пачалі вяртацца з выраю шпакі, радаваліся вясне, шчабяталі, высвіствалі на ўсе лады свае песні, падбіраючы галасы іншых птушак…



Ганка, здавалася, у гэты вясновы час стала яшчэ больш прывабнай. Яе прыгожанькі тварык ад вясновых променяў сонца яшчэ больш свяціўся, асабліва тады, калі сустракала яна раніцою на сваім шляху Андрыяна, які паспешна крочыў на смалакурню. Яна віталася, пазірала яму ў ягоныя блакітныя вочы, спрабавала расказаць сваё штосьці набалелае, але як заўсёды, з хаты выходзіў бацька, за руку вітаўся з Андрыянам і яны паспешна накіроўваліся на работу.

Яна стаяла каля веснічак, абчапіўшы іх сваімі беленькімі ручкамі, пазірала ім услед. Яе бела – ружовыя кучаравінкі лёгка пагойдваў цёплы вясновы вецярок, ён аблізваў яе прыгожы дзявочы стан, залазіў у яе дзявочыя прыўзнятыя грудзі, якія вытапірваліся з – пад лёгкай сукенкі, быццам і яны хацелі паглядзець на вясновае сонца, парадавацца разам з ёю. Але яна іх раз – пораз запіхвала пад сукенку, хавала ад людзей і сябе. Яе прыгожыя, беленькія ад зімы каленкі, таксама лізаў вясновы вецярок, які і не заўважаў іх хараство і прывабнасць, не ведаў і не хацеў ведаць, што такія лагодныя дзявочыя ножкі, на якія заўсёды кідаюць свае позіркі прахожыя, вырабляюцца цудоўнымі майстрамі прыроды і іх рэдка дзе сустрэнеш, такія ножкі – качалачкі…

Ганка пастаяла яшчэ некалькі хвілін ля сваіх веснічак і пакрочыла да хаты, дзе яе ўжо чакала матуля. Альжбета Генрыхаўна ў апошні час пачала вельмі хвалявацца за сваю меншую дачку, бачыла, што тая стала нейкая не такая, як была раней: то ёй надакучвае сядзець дома, то часта пачала зрываць сваю злосць на Ядвісі, то часта трызніць спрасоння, кагосці ўсё клікае і клікае… А каго? Нельга зразумець. Калі – небудзь яна спрабавала пагутарыць з дачкою, але тая ўсё пасміхаецца і гаворыць, што ў яе ўсё ў парадку, што яна шчаслівы чалавек на свеце і што лепш бы пагутарыла б яна з Ядвісяю, якая ўпачатку атрымала ад Уладыка толькі адну паштоўку, а на сваю – так і не атрымала адказ. Пэўна, штосьці там, дзе ён ваюе, нешта здарылася, бо адтуль нічога не чуваць. На днях у карчме сустракала яна бацьку Ўладыка, дык і ён нічога пра яго не ведае, смуткуе, ад яго ніякай весткі не мае. Ходзяць чуткі, што там, на руска – японскай вайне, зашмат гіне нашых салдат. Не так даўно ў адзін з хутароў, што каля Прыпяці, прывезлі з Мазыра зусім пакалечанага салдата з той вайны, у якога не стала дзвюх ног і аднае нагі. Дык ён і расказваў аб гэтай жудаснай вайне ў тым далёкім краю, дзе гінуць нашы салдаты, на якіх не звяртаюць аніякай увагі царскія чыноўнікі.

Ядвіся дачулася пра гэтага салдата, прасіла бацьку, каб той адавёз яе да яго, каб пачуць ад яго пра гэтую праклятую вайну, але той заўпрамціўся, сказаў, што гэтая задума дачкі нікому не патрэбная, што яна абавязкова дачакаецца свайго Ўладыка ні летам, дык зімою, бо ён чуў, што вайна ўжо заканчваецца, і заканчваецца яна не на карысць Русі – матушкі.

А тым часам на смалакурні кіпела работа на поўную: пасля працяглай зімы рабочыя аднаўлялі тэрыторыю прадпрыемства, сартыравалі астаўшуюся ад зімы сыравіну, папаўнялі яе новыя запасы, рыхтаваліся асобныя з іх да новай работы, якую пан Ермаловіч з інжынерам адшукалі ім. Яны цяпер будуць працаваць і на сплаву лесу па Ўбарці аж да самай Прыпяці. Калі зімою на самаробных санках з падсанкамі вазілі яны гэты лес да ракі, не ведалі, што рыхтаваўся ўжо спіс сплаўшчыкаў, у які трапілі і многія з іх. Хоць і кіраваў усёй справаю сплаўшчыкаў інжынер, але ж зрабіў ён першым сваім памочнікам у гэтай справе Міхаіла Флёрка, які амаль увесь светавы вясновы дзень цяпер праводзіў на прыстані, дзе было шмат бярвенняў. Яны іх качалі да вады, у затоне звязвалі вяроўкамі ў плыты, мацавалі плыты паверх тонкімі бярвеннямі, каб былі яны моцнымі, і чакалі час, калі ім загадаюць вывесці плыты на раку Ўбарць і накіравацца па цячэнню ў бок Прыпяці. Якаў Цімохаў, Ціхон Стасенка, Цімох і Мікіта Чэчка часта між сабою жартавалі, што трапілі яны ў лік сплаўшчыкаў па жаданню Міхася Флёркі, якому яны ўдзячны за гэта, бо хоць пабудуць яны колькі часу пасля смалакурні на свежым вясновым паветры, стануць бліжэй да навакольнай прыроды палескага краю. І ніхто з іх пакуль не здагадваўся, што работа сплаўшчыка – вельмі цяжкая работа, якую патрэбна выконваць і днём і ноччу ў любое надвор’е, што патрэбна снароўка і моцная сіла, каб спраўляцца з плытагонствам, бо вясновыя бурлівыя воды Ўбарці не любяць жартачкі, могуць быць розныя недарэчнасці. Асабліва бываюць яны тады, калі плыты бярвенняў налятаюць на вываратні дубоў у зусім нечаканых для сплаўшчыкаў месцах, або чапляюцца за крутыя берагі ракі, дзе цячэнне вельмі моцнае. З гэтым усім і сустрэліся сплаўшчыкі ў першым жа сваім перагоне плытоў па Ўбарці да берагоў Прыпяці.

Світала… Слаўся лёгкі туман, другога берага Ўбарці амаль не відно, толькі ледзь прыкметна, што на ім нібы блукалі нейкія здані, вельмі падобныя на на коней. Гэта, напэўна, кусты вербалозу, што плавалі ў ранішнім тумане.

У гэты час і сабраліся плытагоншчыкі на прыстані, каб адправіцца ў першы свой рэйс па неспакойнай вясновай Убарці. Лесу прычапілі зашмат, хоць Андрыян і раіў за першым разам мець ланцуг плытоў як мага менш, каб манеўраваць імі было лягчэй. Але яго не паслухаліся, упэўнівалі, што яны абавязкова спраўляцца з гэтым ланцугом, даплывуць да канечнага зупынку своечасова і без усялякіх перашкод. Але адплыўшы ўсяго некалькі вёрст ад месца, зразумелі, што рака ў гэтым кірунку мае шмат непрадбачнасцяў: то пачало заносіць хвасты плытоў у працілеглыя бакі, то іх чапляла за вываратні дубоў, хоць і прыкладалі яны шмат намаганняў, каб рабіць усё так, як патрэбна. Але ж у ракі былі свае звычкі і праявы, з якімі патрэбна было лічыцца, яшчэ пакуль малавопытным плытагонам. Так яны праз некалькі часу выбраліся на роўныя прасторы ракі, дзе вада, здавалася, цячэ больш павольна, плыты іх выраўняліся, сталі весці сябе больш спакойна. Плытагоншчыкі нават пачалі збірацца на сярэдні плыт, каб пасёрбаць рыбнай стравы, якую падрыхтаваў ім Ціхон Стасенка. Толькі не паспелі яны гэтага зрабіць, бо пачулі моцны крык Міхася Флёркі, які ў гэты час вялікаю жэрдкаю адпіхваў канцавы плыт, каб той не зачапіўся за вялікі дубовы пень, які быццам бы вырас з – пад вады на беразе Ўбарці. Але колькі ён не намагаўся, зрабіць гэтае яму не ўдавалася. На дапамогу яму прыбег па плытах Цімох Чэчка, але ў гэты час з моцным піскам плыт ужо скрыгатаў аб дубовы пень, а потым павольна пачаў перакульвацца разам з Міхасём Флёркам у самае небяспечнае месца ракі. Адным канцом плыт зачапіўся за гэта дубовы пень і выраўняўся па рацэ ўвесь драўляны ланцуг. Маланкава ўсе сабраліся да таго месца, дзе згубіўся Міхась і пачалі яго шукаць. Выцяглі тапельца на перакулены плыт, пачалі тэрмінова рабіць яму штучнае дыханне і выпампоўваць ваду з яго цела. Работа аказалася не з лёгкіх, паколькі вопыту ва ўсіх амаль ніякага не было. Але праз нейкі час твар тапельцы пачаў ружавець, пасінеласць паступова сыходзіла. І вось нечакана для ўсіх ён адкрыў вочы і пачаў углядацца ў прысутных, не разумеючы, што з ім адбылося. Потым неяк крыва ўсміхнуўся, паспрабаваў штосьці вымавіць, але яму гэта не ўдавалася, колькі б ён не намагаўся. Толькі дзесьці праз гадзіну, калі ўжо плыт ішоў па рацэ роўна, ён вымавіў у адрас прысутных першае слова ’’дзякую…’’
-- Гэта ж трэба такому здарыцца, чуць не згубілі чалавека, -- разважаў уголас Цімафей Чэчка. – Каб яшчэ крыху, дык і не знайшлі б Міхася, бо вельмі ж ужо небяспечнае гэтае месца на Ўбарці. Гаварылі, што раней на гэтым месцы, у час паводкі, перавярнуўся човень, на якім плылі мужык з жонкаю ў лес, дзе назбіралі яны шмат жалудоў. Човень перакуліўся – і на дно пайшлі яны разам са сваімі жалудамі.
-- Сапраўды, месца тут небяспечнае, -- удакладніў Ціхон Стасенка. – Паглядзіце, як віхурыць тут рака, як круціць яна сваімі вадзянымі крыламі, як гоніць кругамі яна ваду. Хіба можна тут уратавацца на асінавай лодцы – душагубцы?

Не паспелі плытагоншчыкі добра супакоіцца, як заўважылі, што вясновае сонца раптоўна пачало хавацца за хмары, якія насоўваліся ім насустрач. Вецер узняў у сасняках вялікі шум – вярхал, быццам сабраўся павырываць з коранем усе запар дрэвы. Міхась Флёрка загадвае чапляць канец плытагона вяроўкаю за вялікі дупласты дуб, каб перачакаць непагодзь. А тут неўзабаве ім насустрач чырканула ў паўнеба маланка імоцна, бы хто пад вухам, з дубальтоўкі, грымнуў адзін за другім выбух перуна. Усё наваколле ахутала цемната, бы накрыла ўсё вялізнай чорнай коўдраю, і толькі на сякунду – другую асвятлялася злавесным агнём маланак усё наваколле. І ўсё гэта ўзмацніла яшчэ і лавіна дажджу, якая з новым шквалам ветру абрынулася на ўсё жывое і нежывое. Але было б, мусіць, паўбяды, каб не перуны ды маланкі, якія штохвілінна кроілі зямлю і неба. Бывала пекане так, што аж дых запірае, і цела кожнай сваёй клетачкай пачынае адчуваць пагрозлівую сілу. Але навальніца раптоўна пачала адступаць, праўда, не з вельмі вялікаю ахвотаю. Яшчэ агрызалася агнём і грымотамі, але паступова пачала губляць сваю першапачатковую моц, і потым удалечыні паступова заціхла. Так паступова заціх і дождж, пачало крыху святлець, а неўзабаве – о дзіва дзівоснае! – выглянула з – за хмар сонца і на вачах пачало ўсё падсыхаць…

Плытагоншчыкі за ўвесь гэты час не вымавілі ніводнага слова, стаялі пад лазняком удалечыні ад дрэва, каб не трапіць пад маланку, якая б магла паляснуць па дубу, які знаходзіўся непадалёку.

-- Вось у які пераплёт мы трапілі, -- першым азваўся Якаў Цімохаў.—Не хапала нам гэтых маланак і дажджу, вымаклі да ніткі. Я параіў бы застацца тут на начлег, раскласці вогнішча і перасушыць вопратку.

Усе згадзіліся з прапановаю Якава. Пачалі шукаць што – небудзь больш сушэйшае, каб распаліць агонь. Замацаваўшы плытагон з двух яго канцоў да бліжэйшых дрэваў, яны пачалі шукаць больш зручнае месца для начлегу. Знайшоўся непадалёку выварацень, каля якога яны і распалілі вогнішча, затым пачалі рыхтаваць сабе вячэру. Праз колькі гадзін на агні кіпела варыва з некалькі бульбін, куды пазней падкінулі некалькі злоўленых рыбін. Атрымаўся нядрэнны навар, сёрбалі яго з вялікаю ахвотаю. Асабліва крактаў каля сваёй пасудзіны Міхась Флёрка, які пасля свайго занадта цяжкага купання, усё ніяк не мог адагрэць сваё цела, якое працягвала яго моцна непакоіць, прыводзіла да дрыжыкаў.


  • Вось бы па кілішку прапусціць пад гэтую страву, адразу лягчэй стала б, -- зусім нягучна працадзіў Іван Мішкоў, пазіраючы кудысьці ўдалячынь паверх галоў сваіх сяброў, дзе ўжо пачынала змяркацца, бо нейкі густы белы туман пачаў засцілаць усё наваколле, асабліва слаўся ён каля вады па – над Убарццю. А з – за ракі, з густога сасонніка, даносіўся нейкі дзівосны крык незнаёмай ім птушкі, якая паўтарала свае спевы праз хвіліну – другую, і голас яе ўвесь час неяк мяняўся, наводзіў на іх нейкую сумоту. Ціхон Стасенка прылажыў да рота далоню і хацеў перадражніць спевы начной птушкі, але яго маланкава супыніў Міхась Флёрка. Ён неяк палахліва паглядзеў на ўсіх і пачаў паціху весці свой аповед пра штосьці падобнае, што яму калісьці расказваў яго дзед Сцяпан, які таксама аднойчы са сваімі хутаранамі заначаваў у лесе пры вогнішчы. А здарылася з імі вось што. Ноччу яны таксама, як і мы цяпер, пачулі голас нейкай незнаёмай птушкі, які іншы раз ператвараўся ў жаночы голас і клікаў іх да сябе. Адзін з іх адгукнуўся на яе голас і лёг ля вогнішча спаць. Занепакоіліся ўсе, калі з кожнай хвілінаю гэты голас пачаў наюліжацца і гучаць усё мацней і мацней. А потым дрэвы моцна захісталіся, падзьмуў моцны вецер – і перад імі вырысавалася вялікая, чароўная жанчына, якая гучным голасам запытала, хто яе клікаў. Усе маўкліва глядзелі ў яе бок, любаваліся яе прыгажосцю, толькі ўсяго гэтага не заўважаў той, хто адазваўся на яе голас. Ён хацеў падхапіцца ад вогнішча, але не паспеў, бо яна махнула рукою і ён разам з агнём завіхурыўся, вакол яе, абляцеў колькі разоў – і знік назаўсёды… Усе прыціхлі, чутна было, як кіпела на вогнішчы страва, як назойліва кугікаў непадалёку ад іх пугач, як назойліва скрыгатала недзе нейкае дрэва, якому, пэўна, перашкаджала расці іншае дрэва, гадамі шмуляючы яму кару, гэблюючы яго да свяцэння.

-- Ды што мы нагадваем нейкія сумныя гісторыі? – азваўся непадалёку ад вогнішча Змітрок Цімохаў. -- Ты лепш бы, Міхась, расказаў нам, як ты хадзіў у сваты на хутар Выс… ў свой час, каб высватаць маладую, ды прыгожанькую Гануську, а атрымаў у той вечар ад яе гарбуз і давялося вяртацца да хаты з яе старэйшаю сястрою, якая тады выхапіла з тваіх рук гэты гарбуз, закінула яго за хлеў і ўчапілася за цябе на ўсё жыццё.

Міхась неяк крыва ўсміхнуўся, бо ўжо неаднойчы даводзілася яму расказваць гэтую гісторыю аб яго сватанні да Гануські, якой ён чамусці у той вечар не спадабаўся толькі таму, што пры людзях назваў яе цялічкаю, якую прыехаў ён купляць. Ды гэта яшчэ было б паўбяды, каб ён не кульнуў тады яшчэ некалькі лішніх кілішыкаў карчоўкі і не запатрабаваў ад яе адкрыта свайго намагання… Яна тут жа ўскрыкнула, што не жадае яго больш бачыць і чуць, і раптоўна пабегла ў сенцы і адтуль прынесла вялікі жоўты гарбуз і паклала перад ім. Ён выскачыў з – за стала, як ашпараны, схапіў той гарбуз, падняў угару, хацеў стукнуць ім аб стол, але ў гэты момант падбегла да яго старэйшая сястра Гануські, паціху ўзяла з яго рук гарбуз і сказала, што яна згодна выйсці замуж за яго і быць яму добраю жонкаю на ўсё жыццё, а гарбуз занесла за хлеў і выкінула. Давялося Міхасю вяртацца дамоў са старэйшай сястрою Гануські Аўдоццяю, з якою і жыве ён ужо многія гады разам…

-- Вось што, Змітрок, -- умешваецца ў размову Цімох Чэчка. – Ты любіш слухаць чужыя гісторыі. А расказаў бы ты пра сябе, як ты аднойчы загубіў сваю жонку, калі вяртаўся з Турава, дзе цябе добра пачаставалі ў час кірмашу.

Усе прыціхлі, бо многія не ведалі гэтую смешную гісторыю, якая здарылася даўно са Змітраком, які вяртаўся з Турава і згубіў па дарозе сваю жонку, якая злезла была з воза па сваёй патрэбе, калі пераехалі яны ўжо мястэчка Азяраны. Кабылка іх ішла паціху, але раптам, як яе што спалохала і яна ірванула галопам і так імчалася мо з вярсту. А Змітрок усяго гэтага не чуў і не бачыў, бо быў вельмі моцна п’яны. Апамятаўся толькі тады, як пачынаў іх вазок пад’язджаць да хутара, куды добра ведала дарогу кабылка. Перад варотамі ваазок спыніўся, а Змітрок толькі перавярнуўся на другі бок, каб працягваць бачыць свой цудоўны сон, як ён сядзіць у шынку Турава, дзе яму падносіць чароўная дзяўчына адзін кілішак за другім разам з вялікімі куфелямі піва. Ён з вялікаю асалодаю ўсё гэта смакуе, пазірае на прывабны стан дзяўчыны, цягнецца да яе, але штосьці вельмі перашкаджае яму, ніяк не дацягнецца да цела, каб пагладзіць яе. І вось ягоная рука паступова дацягнулася да яе валасоў, ён іх пяшчотна гладзіць, адчувае цяпло яе цела, хоча бліжэй падсунуцца да яе, але яе валасы на яе галаве варушацца нібы жывыя: то ўправа, то назад. Ён не разумее, чаму ў маладой дзяўчыны варушацца на галаве валасы, спрабуе іх супыніць рукою, але яны яго не слухаюцца, ходзяць хадуном. Тады ён спрабуе сказаць ёй пра гэта, але яна на гэтае ніякай увагі не звяртае. І ён моцна хапае яе за непаслухмяныя валасы і цягне, што ёсць сілы да сябе. Але чыясьці моцная рука, пэўна, тураўскага шынкара, моцна цягне яго руку назад. І ён праз сон чуе голас суседа Якава, які яго пытае:

-- Дзе ж ты, сусед, падзеў сваю жонку? Няўжо прадаў у Тураве на кірмашы? А кабылу за хвост чаму цягнеш, крычыш спрасоння?

Сон, быццам бы рукою зняло. Першае, што ён убачыў, дык гэта хвост кабылы, якая непаслухмяна варочала ім управа і ўлева. Цмянымі заспанымі вачыма спачатку паглядзеў ён на суседа, а потым пачаў ззаду на возе вачыма шукаць жонку, а затым разграбаць сена, рознае латунне, усё яшчэ не верачы, што ён дзесьці згубіў жонку… А жонку адшукаў ён толькі на наступны дзень у Азеранах, куды яна прыбылася сярод ночы і папрасілася на начлег. Добрыя людзі знайшліся, пусцілі яе на начлег, але не без гумару аднесліся да яе аповеду аб тым, што яе згубіў гаспадар, з якім яны ехалі дамоў з тураўскага кірмаша. Асабліва зашмат смяяліся з гаспадара, які заявіўся на другія суткі шукаць прапажу. Гаварылі, што такую маладзіцу – прыгажуню яму без магарыча не аддадуць. І Змітраку нічога не заставалася, як ісці ў мясцовы шынок і купляць гарэлку, каб забраць жонку ў мясцовых сялян. А калі хацеў ён схаваць рэшту купленага, каб па дарозе спажыць і не так панурыцца ад сораму, жонка заўважыла гэта і аддала ўсё гаспадарам. Ён ад болькі аж скрывіўся, хацеў штосьці непрыемнае сказаць ёй, але пад моцны рогат мужчын толькі крыва ўсміхнуўся і цокнуў на сваю кабылку, каб тая краналася з месца і паціху везла яго далей ад гэтага мужчынскага глуму…



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет