Андрыян яшчэ некаторыя хвіліны стаяў побач з Ганкаю, а затым і ён пачаў збірацца, пры гэтым ужо вельмі дзякваючы гаспадыню за госцепрыімства. А ў гэты час Ганка адпрасілася ў матулі, каб тая дазволіла ёй праводзіць яго на вуліцу…
На вуліцы стаяў чуць з прахалодай зімовы вечар, здавалася значна паменшаў мароз, неяк пачало мурзацца неба і тут жа пайшлі, закрылі ўсё неба шэрыя суцэльныя хмары, паваліў снег – густы, пушысты. Ганка прыльнула да яго, быццам бы хаваючыся ад бялюткіх пушынак, якія знарок хапала ў свае мяккія ручкі, лізала іх, умывала свой дзявочы прыгледжаны тварык; увесь час сачыла яна за выразам твару Андрыяна, які туліў яе да сябе, спыняўся каля паркана, цалаваў яе, мокры ад снежнай вады, тварык, намацваў яе гарачыя дзявочыя вусны і, з вялікаю асалодаю, моцна – моцна іх цалаваў. Яна была на сёмым небе ад задавальнення, падоўгу смактала ягоныя па чарзе губы, поўнасцю ўдыхала яго паветра ў сябе, чаргова выпускаючы яго праз нос, бо не магла адпусціць яго ад сябе. Ён таксама цешыўся ёю, моцна прыціскаў яе да сябе, баяўся, што яна знікне, яе паклічуць да хаты і больш ён яе ніколі не ўбачыць, знікне ўся гэта пяшчотнасць, асалода яе вуснаў, яе ад яго гнуткае дзявочае цела, якое так прыльнула да яго. І ён не памыліўся, яе паклікала маці, каб ішла яна да хаты. На развітанне яшчэ раз яна яго моцна – моцна абняла дзвюмя рукамі, пацалавала і хуценька пашыбавала дамоў…
Андрыян яшчэ доўга хадзіў па панадворку, асцярожна наступаючы на свежы пушысты снег, праклаў дарожку сваімі слядамі ў бок Убарці, пастаяў там крыху, адзначыў, што рака замерзла яшчэ не паўсюдна, яшчэ месцамі яе воды ліжуць замерзшыя ільдзінкі, якія зіхацяць у цемры, калі на нейкія хвілінкі хмаркі зыходзяць з месяца і ён пускае сваё пабляклае сватло на прастору… Стала неяк крыху халаднавата, не хапала яе дзявочага цяпла і ён паціху пачаў набліжацца да сваёй адзінокай халасцяцкай бакавушкі. Увесь час быў уражаны ўспамінамі пра пройдзены вечар, пра гасцей, якія яму не вельмі спадабаліся, пра яе, вельмі прывабную дзяўчынку…
7
Раніцою, як стала толькі назолку, Андрыян прачнуўся, прывёў сябе ў належны парадак і выйшаў на вуліцу. На двары сыпаў снег – адкуль ён толькі ўзяўся? Хаця чаму ж – неба нізкае, хмарнае. Снег спачатку быў рэдзенькі, але раптам падзьмуў вецер – здалося зусім не зімовы, а хутчэй вясновы, -- і ўсчалася лёгкая, як гульня, завіруха. То густа – густа паваліць снег на зямлю – і пацямнее вакол, нібы вечарэе; то раптам вецер ірване мацней, нішчачы сняжынкі дробна, на муку, на пыл; а то струмені ветру падхопяцца знізу – і тады здаецца, што памяняліся месцамі неба з зямлёю, сняжынкі ляцяць знізу ўверх, кружачыся ў дзівосным белым поле, -- адны туды, другія сюды – ну, сапраўдныя танцулькі ў іх атрымоўваюцца.
Вецер сціх гэтак жа раптоўна, як і ўзнік, і вось ужо зноў роўна падае снег, і зноў стала светла і спакойна…
Андрыян падышоў да рабочых смалакурні, якія з’язджаліся з розных хутароў, каб пачаць свой працоўны дзень. Хто – небудзь з іх прывозіў і нарыхтоўкі для прадпрыемства, якія інжынер браў на свой улік, каб потым разлічыцца за ўсё гэтае. Рабочыя верылі свайму інжынеру, ведалі, што ён іх не ашукае, як было гэта раней, калі прымаў тавары ад іх сам гаспадар, або наглядчык, які ўвесь час трымаў напагатове палку, каб агрэць ёю рабочага. З паяўленнем на смалакурні інжынера, наглядчыкі неяк крыху прыціхлі, менш пачыналі надакучаць рабочым. А калі даведаліся пра размову інжынера з гаспадаром, то і зусім прыціхлі.
Праўда, колькі дзён назад, у прысутнасці інжынера, накінуўся было назіральнік на Змітрака Цімохава за тое, што той крыху спазніўся на смалакурню, не захацеў нават і слухаць па якой прычыне той спазніўся, і па старой прывычцы накінуўся на яго з палкаю, каб ударыць таго. Але ў гэты момант пачуў каманду інжынера – спыніцца. Выслухаўшы рабочага, што той адпраўляў свайго сына на руска – японскую вайну і пагэтаму крыху затрымаўся, інжынер нядобрымі вачыма паглядзеў на наглядчыка і прымусіў яго пакінуць памяшканне. Ведаў Андрыян, што і зладзінцы адправілі на вайну тры чалавекі. Добра, што хоць дзядзька ў Мазыры зрабіў усё неабходнае, каб спакойна ён жыў і працаваў на гэтай смалакурні. Пэўна, паведаміў ён маці на Ўкраіну, каб яна не хвалявалася аб ім Што ў яго ўсё ў парадку.
Пан Ермаловіч крыху захварэў пасля гасцей, не выходзіў з памяшкання. Ведаў, што інжынер і без яго справіцца з работаю, ёсць у яго спрытнасць да работы, павага да людзей, яго паважаюць рабочыя і зусім недалюбліваюць яго наглядчыкі, якія часта прыходзяць са сваімі скаргамі да яго. ’’Можа і сапраўды пабыць без назіральнікаў? – падумаў гаспадар смалакурні. – Рабочыя цягнуцца да інжынера, слухаюцца яго. Але, пэўна, ранавата аб гэтым гаварыць, час падскажа, што да чаго…
Андрыян выйшаў з памяшкання смалакурні, паглядзеў наўкола, заўважыў нейкага хлапца, які праставаў на лыжах праз Убарць. Пазнаў у ім Уладыка, які ўжо скіраваў свае лыжы да хаты пана Ермаловіча. Ён здалёку яшчэ памахаў яму рукою, як старому знаёмаму і пачаў адвязываць ад ног лыжы.
-- Няўжо Ганка пойдзе з ім на лыжах у лес? – амаль пад самае сэрца штосьці кальнула знянацку і потым неяк адышло, бо пабачыў, як з дзвярэй выйшла Ядвіся з лыжамі ў руках. Ён чакаў, ці не выйдзе з лыжамі Ганка – яна не выйшла. Тады ён падумаў, што абавязкова ў прыходзячы выхадны запросіць яе пакатацца з ім на лыжах, палюбуюцца чароўнай палескай зімовай прыродаю.
І вось гэты дзень наступіў. Яшчэ звечара ён яе запрасіў на лыжную прагулку ў лес. Яна з вялікім задавальненнем згадзілася з ім, ад радасці падскочыла да яго і моцна цмокнула ў шчаку.
Нядзельная раніца выдалася цудоўнай. Па сняжку іскрыліся марозныя сняжынкі, палагаднела навокал, пасвятлела, у паветры быццам разліліся звонкія ядранасць і нейкая бадзёрасць, сважасць. Ранейшая пахмурнасць і змрочнасць дзе і падзеліся, настрой пульсаваў у яго і яе. Яны сталі на лыжы і паціху пакрочылі па – над Убарцю ў лес. Яе белая шапачка, з прывязаным на чубчыку чырвоным кутасікам, увесь час яго забаўлялі, калі яна вырывалася наперад, каб яго абыйсці. Ён і не супраціўляўся, было вельмі прыемна бачыць яе наперадзе, любавацца кутасікам, яе зграбнай дзявочай постаццю, кучаравінкамі яе светлых, як той кужаль, валасамі, чырвоным ад лёгкага марозіка тварыкам, чуць прыпаднятым да верху носікам. Яна смяялася, радавалася ўсяму таму, што яе акружала. Вось яны праходзяць пад звіслым голлем векавых дубоў, якія іх вітаюць, трасучы сваім галлём ад лёгкага подыху паветра, адкуль чуць – чуць цярушыцца снег, вось яны пракладаюць лыжню праз лясную палянку, дзе туляцца адна да адной невялічкія сасёнкі, якія на сваіх іголках трымаюць шмат снегу і становяцца падобнымі на сястрычак, якія накінулі на сябе белыя хусцінкі. Белыя бярозкі, якія ў гэты зімовы час нічым не апранутыя, выглядаюць сіратліва, чакаюць ад прыроды нейкай спагады, церпяліва чакаюць вясны. А вунь непадалёку ад Убарці выскачылі на пагорак крыху большыя бярозкі, яны ветліва вітаюць лыжнікаў, нявольна скідаюць з сябе начны сняжок, застаюцца толькі ў сваіх белых сарафанчыках. Здавалася і вецярок не варухне, а гладкастволыя асінкі, якія перамяшаліся з бярозкамі, аб нечым шэпчуцца, пэўна, вядуць свае лясныя пляткарні аб гэтых лыжніках… А яны спыніліся непадалёку ад гэтых асінак, знялі са сваіх ног лыжы, абняліся і моцна – моцна пачалі адзін аднаго цалаваць, не звяртаючы аніякай увагі ні на што, нават на гэтых асінак – пляткарак… Задыхаючыся ад пацалункаў, Ганка крыху адхіснулася ад яго і вымавіла:
-- Як жа прыгожа і добра тут у лесе! Якая цудоўная наша палеская прырода! Такой больш нідзе няма. Праўда, мой добры Андрыян?
-- Вядома, мая радасць, такую прыроду патрэбна пашукаць, такую прыроду не знойдзеш анідзе, каб яшчэ побач з ёю і была такая прыгажуня, як ты…
Ад такіх цёплых добрых слоў у яе перахапіла дыханне, яна абхапіла зноўку яго за шыю і моцна – моцна пачала цалаваць… Потым раптоўна адхіснулася ад яго – пачула ў лесе нейкі стукат.
-- Не палохайся, мая радасць. Гэта працаўнік – дзяцел дзяўбе верхавіну сасны – сухастоіны, рыхтуе сабе абед, няйначай. Гэта самая працавітая птушка ў лесе. Дзеле драбноткага нейкага чарвячка – на паўглыточка! – гэтулькі малоціць дзюбаю дзеравіну? Мабыць, розум сабе дзяцел і вымалаціў. Андрыян неяк горка ўсміхнуўся, быццам вельмі спачуваў той працавітай птушцы. Але ў звужаных галубых вачах, якія адшуквалі вершаліны дрэў наўкола, што выразна цяпер акрэсліваліся ў чыстай густой сінечы, мільгануў востры драпежны агеньчык.
Доўгі час яны крочылі на лыжах па лесе. На зямлі, ля маладых хваін і шырокіх прысадзістых кустоў ядлоўцу, увачавідкі змрокавае сутонне. Загусцела сінеча ўвысі, неба, прыгасіўшы вогненныя барвы, наблізілася, як асела на макавінкі дрэў і аднекуль адтуль, з той вечаровай сінечы, сыпалася зацятае сухое туканне. Яны спыніліся і слухалі, любаваліся ўсім гэтым хараством прыроды, асалода на сэрцы так і лілася адусюль, грудзі напаўняліся раз – пораз свежым лясным паветрам, у галаве пастуквалі ў дзятлавы рытм нейкія прыемныя малаточкі. Дамоў зусім не хацелася ісці, вот так стаялі б і стаялі ў гэтай лясной цішы, уцягвалі б і ўцягвалі б у сябе гэтую лясную асалоду, слухалі б і слухалі б далёкі, чуць чутны стукат самай працавітай на свеце птушкі…
8
Студзень сваволіў так, быццам хацеў здзівіць усіх сваім непастаянствам. То невядома адкуль узнімаўся вецер, пачынаў сеяць жорсткую крупу, якая балюча секла па тварах рэдкіх прахожых, якія стараліся хутчэй схавацца куды – небудзь у зацішак, а лепш перачакаць завіруху ў хатнім цяпле.
Так працягвалася гадзінамі, а то і днямі, і, здавалася, што ніколі не будзе канца гэтаму свавольству прыроды. Аднак нечакана вецер сціхаў, неба распагоджвалася, інарэшце выглядвала чаканае сонца, пасля з’яўлення якога снег наўкола пачынаў зіхацець мільярдамі белых кропак, ад сузірання якіх ажно балюча станавілася ў вачах, нясцерпна, што хацелася прыжмурыцца, каб не бачыць гэтага пералівання – зіхацення.
Толькі так доўжылася нядоўга. Раптоўна надвор’е рэзка мянялася і на змену завірусе, сонечна – сцішаным дням прыходзілі студзеньскія маразы, ды такія моцныя, што па начах чулася, як трашчаць дрэвы, вуглы хат.
На двары была зіма, аднак для Ядвісі яна нібы і не існавала: дома ў іх было цёпла і ўтульна, наладзіліся ў яе сувязі і з сястрою Ганкаю, больш яны не сварыліся. Калі заставаліся адны ў сваім прыбраным утульным пакойчыку, часцяком смяяліся, успаміналі свае спатканні з хлопцамі. Уладык неаднойчы наведваўся даіх у хату, зваў Ядвісю і яны доўгі час прагульваліся на лыжах, або проста так хадзілі па Ўбарці, якая была прысыпана снегам і па ўсёй яе плошчы рысаваліся заечыя і лісіныя сляды. Але ж, калі ўсё наўкола сціснулі студзенскія маразы, Уладык пачаў з’яўляцца рэдка. Ядвіся пачала сумаваць па ім, іншы раз выходзіла сама да Ўбарці, доўга ўглядалася ў той бок, адкуль звычайна ён прыходзіў на лыжах. Вось і цяпер яго лыжня амаль не засыпана снегам, калі не лічыць, што па ёй праклала свой начны след ліса. Ядвіся пачала пільна ўглядацца за Ўбарць і ёй памроілася, што ўдалечыні адтуль паказалася нейкая постаць чалавека. Праз хвіліну – другую яна ўжо імчала насустрач Уладыку, махала яму рукамі, крычала. Яны некаторы час стаялі за ракою, аб чымьсці ўсё размаўлялі, яна доўга яго не адпускала ад сябе, абнімала яго, цалавала… А калі падышлі бліжэй да хаты, яна пачала наўзрыд плакаць, штосьці прычытваць. Ён стаяў каля яе, уціхамірваў, каб не плакала і не прычытвала, бо ён абавязкова вернецца з гэтай праклятай руска – японскай вайны, і абавязкова яны пажэняцца і будуць доўга – доўга жыць разам…
З хаты выйшла Альжбета Генрыхаўна, даведалася ад дачкі пра сумную навіну, запрасіла Уладыка ў хату, З пасцелі падняўся і пан Ермаловіч, які таксама засмуціўся, калі даведаўся пра навіну. Ганка спачувальна глядзела на Уладыка і Ядвісю.
Калі гаспадар даведаўся, што Ўладык прыехаў, каб запрасіць іх вечар провадаў на вайну, адказаў:
-- Я зараз вельмі нямоглы, паехаць да вас не магу. Ды і мароз, паглядзі, які мацуецца. Адзначым твой адыход у войска ў нас, тут на месцы. Дзяўчаты, рыхтуйце вячэру…
На вячэру запрасілі і Андрыяна, які ў гэты час туліўся ў сваёй бакавушцы. Калі прыйшоў ён у хату, заўважыў заплаканы твар Ядвісі, якая не адыходзіла ні на крок ад Уладыка, Ганка маўчала, гаспадыня ўсё яшчэ вазілася з посудам, Яцэк Осіпавіч сядзеў на ўскрайку ўслона, заклапочана пазіраў на падлогу.
-- І што яны не падзялілі між сабой, тыя ваякі? – паніжаным голасам загаварыў ён. – Па іх віне толькі гінуць нашыя хлопцы…
-- Не ўсе ж і гінуць, я абавязкова вярнуся дамоў, -- усхвалявана выказаў сваё жаданне Ўладык. Ад чаго Ядвіся яшчэ мацней заплакала, яе ласкава суцяшаў Уладык.
Пан Ермаловіч падняў свой кілішак з прамоваю аб тым, каб з Уладыкам нічога не здарылася на вайне і ён хутка вярнуўся назад, у сваю родную вёску. Нядрэннае пажаданне было і ў Андрыяна, які саветаваў яму асабліва не лезці пад варожыя кулі, берагчы сябе… Адзначыўшы развітальны вечар, Уладык запрасіў моладзь праводзіць яго. Рушылі яны да Ўбарці, затым вытаптанаю сцяжынкаю накіраваліся яны да першага моста праз раку, дзе размяшчаўся непадалёку шынок яўрэя Лайхмана.
У такі прадвячэрні час людзей тут было няшмат. Калі Лайхман даведаўся а нядобрай навіне, запрасіў іх у невялічкі асобны пакойчык і прапанаваў ім усё самае лепшае, што ён меў, а сам ён увесь час мармытау ў свой скрыўлены нос: ’’Вай, вай! Вай, вай!’’ Але ж ён не забыўся прапанаваць Уладыку для яго каханай пазалочаныя пацёркі, такія ж, як атрымала ў свой дзень нараджэння Ганка ад Андрыяна. Ядвіся была вельмі задаволена падарункам, але ж вочы яе заставаліся сумнымі.
Яны выйшлі з шынка, калі ўжо зімовае сонца чаплялася за вершаліны лесу, які стаяў удалечыні па Сіманіцкім шляху ў бок Турава. Відна было, што бралася на мароз.
Усе гуртам прайшлі яны праз Убарць усе тры масточкі, заставаўся чацвёрты, апошні. Андрыян узяў за руку Ганку, каб спыніцца, даць магчымасць ім адным развітацца. Уладык зразумеў яго і быў яму вельмі ўдзячны. Ён абняўся з імі на развітанне і пакрочылі з Ядвісяю праз чацвёрты масток да векавога дуба. Пад ім яны спыніліся, абняліся і доўга так трымаліся адзін кала аднаго, чуваць было, як Ядвіся плакала…
Ганка тулілася да Андрыяна, старалася залезці пад крыса яго кажуха, каб сагрэцца. Яна думала, каб Ядвіся і Ўладык стаялі пад дубам усё больш і больш, каб не адпускала яна яго аж за поўнач. Але ж праз колькі часу яе новыя румынкі пачыналі прапускаць холад,ногі пачыналі прамярзаць і яна пачала клікаць Ядвісю. Відна было, з якою цяжкасцю адарвалася Ядвіся ад свайго каханага і, выціраючы хусцінкаю вочы, набліжалася да іх.
Да смалакурні крочылі яны нацянькі па Ўбарці, увесь час пазіралі за раку, дзе віднелася ўдалечыні постаць Уладыка, а потым і зусім знікла яна…
-- Шкада хлопца, -- неяк вельмі ўжо спачувальна прамовіў Андрыян. – Адтуль рэдка хто вяртаецца здаровым, альбо, ці вяртаюцца?..
І навошта было яму прагаварыць гэтыя словы? Ён і не падумаў, што іх пачуе Ядвіся, якая тулілася ззаду далёка ад іх. А яна пачула. Забегла ім наперад, размахалася рукамі і пачала штосьці крычаць, папракаць яго ва ўсім і запэўніваць іх, што яе Ўладык абавязкова адваюе і верняцца дамоў, вернецца да яе…
Ужо быў і не рады Андрыян, што пачаў гаворку пра хлапца ў такі недарэчны час, ды яшчэ ў прысутнасці Ядвісі. Але хутка ўсё ўлеглася, яна перастала плакаць, калі падышлі да ганка хаты.
-- Зайдзем у хату, -- звярнулася Ганка да Андрыяна. – Бацька, як я бачу, сядзіць яшчэ за сталом, чаркуе. Абрадваецца, калі яму прывяду кампан’ёна. Ды і нам з сястрою не пашкодзіць сагрэцца пасля зімовага марозу.
Андрыян і сам быў не супраць пасля такой прахалоды прапусціць кілішак – другі, каб хоць крыху сагрэцца, бо ўсё цяпло з – пад ягонага кажуха забрала ад яго Ганка, якую ён туліў да сябе…
-- Вельмі добра, што ты інжынер зайшоў у хату, вып’ем па чарчыне і я табе скажу, чым заўтра заняць рабочых смалакурні, бо я, пэўна, яшчэ крыху паляжу ў пасцелі. А ты Ганка абавязкова прынясеш мне ад ад Лайхмана патрэбныя лекі, ён ведае якія.
-- Дык навошта заўтра, калі яны патрэбны сёння? – уставіў сваё слова Андрыян. – Вось мы зараз з Ганкаю і сходзім за імі.
Ганка абрадавалася такой прапанове інжынера, абрадавалася, што цяпер будуць яны толькі ўдзвюх з ім на марозным паветры, якое ім цяпер не страшнае пасля выпітых кілішыкаў. І яны хуценька выйшлі з хаты і накіраваліся ў бок яўрэйскага шынка. А каля шынка ужо сабраўся ладны натоўп мужчын з хутароў, каб сагрэцца напоем гаспадара ў марозны вечар, пачуць якія – небудзь навіны з фронта, бо дзе ты іх пачуеш, як ні тут, каля людской грамады. Людзі хоць і жывуць удалечыні ад усяго цівільнага, але ж хто – небудзь і праедзе па патрэбах у Мазыр, ці Тураў, пачуе нейкія навіны ў жыцці людзей, даведаецца і пра хвалюючыя многіх пытанні, аб вайне, якая працягваецца вось які ўжо час, адкуль з вялікім спазненнем прысылаюць звесткі аб загінуўшых юнаках. Вось і на днях прыслалі звестку Якаву Стасенку, які жыве на хутары за балотам, што ў яго на вайне загінуў сын Цімох. Гэтая звестка ішла сюды амаль паўгода і толькі цяпер яго сям’я памінае загінуўшага. Вось і зараз сядзіць Якаў збоку ў шынку, сам за столікам, прапускае адзін кілішак за другім, каб суцешыць сябе і не весці размову ні з кім аб сваім горы. Бо хто дапаможа яму ў гэтым? Ды і ніхто і не хоча лезці ў душу чалавека, ведаючы, што сваёю прысутнасцю ён толькі яшчэ больш прынясе пакут яму, развярэзіць яго сэрца…
Андрыян і Ганка таксама прымасціліся непадалёку ад прылаўка гаспадара, каб пры зручным моманце запытаць у яго пра лекі, калі ён хоць крыху высвабадзіцца ад наведвальнікаў, якія так і абступаюць яго прылавак з усіх бакоў. Яны заўважылі, што іх прыкмеціў Лайхман і падаў ім знак крыху пачакаць. А яны нікуды і не спяшаліся, назіралі, як Ціхон Шахоўка весяліць людзей, расказвае ім усё больш і больш розных здарэнняў з людскіх жыццяў. Гаварылі, што Ціхон здатны не толькі на розныя выдумкі, але ж і ўмее ён вельмі добра калдаваць, наводзіць на людзей розныя порчы, здымаць іх, наводзіць розныя жахі. Калі іншы раз у чалавека штосьці здаралася неверагоднае, абавязкова наведвалі Ціхона, які, як казалі, дапамагаў людзям ва многім, нават вылечваў у людзей многія хваробы. Вось і зараз, ён уважліва прыслухоўваецца да Мікалая Осіпава, які сваімі моцнымі плячыма штурхае мужчын каля прылаўка, каб атрымаць без усялякай чаргі куфель напою, бо яму няма калі стаяць у чарзе, бо вязе ён воз сена і яго кабылка стаіць на марозе. Калі ж яму ўдалося атрымаць гэты куфель напою, Ціхон паглядзеў у акно і выгукнуў:
-- Паглядзі, Мікола! Твой воз з сенам гарыць!
Той пакінуў свой куфель з напоем, схапіў у кутку вядро з вадою і хуценька пабег да воза з сенам. Ён выпаласнуў вядро вады на воз з сенам, але яно гарэла. Тады ён хуценька вызваліў кабылку з воза і адав’ёў яе крокаў колькі ў небяспечнае месца, азірнуўся, а воз стаіць сабе як ні ў чым не бывала, ні гарыць і не тлее…
-- Вось чортаў вядзьмар, гэта яго ўсё выкуртасы, -- з горыччу і са злосцю працадзіў словы Мікалай Осіпаў. І ён пачаў запрагаць сваю кабылку, каб далей з’ехаць з гэтага месца да сябе на хутар.
Гэтае відовішча бачылі многія, хто сядзеў ля акна ў карчомцы. Андрыян і Ганка не заўважылі ўсяго гэтага, бо сядзелі яны збоку. Але іх здзівіла вытворства вядзьмара і яны хуценька купілі ў Лайхмана неабходнае і выйшлі на вуліцу…
Пасля карчмоўкі, здавалася, рэзка паменшаў мароз, пачало мурзацца неба і тут жа пайшлі, закрылі яго шэрыя суцэльныя хмары, пасыпаў снег – густы, пушысты. Гэты снег радаваў іх, асвяжаў сваёй чыстай, аж пахучай белізной. Андрыян і Ганка лавілі ротам сняжынкі, смяяліся, часта спыняліся каля Ўбарці, каб прытуліцца адзін да аднаго, пацешыцца і парадавацца іх сустрэчы, іх узаемаадносінам. Зверху сіваватыя, як засіўленая малаком вада, віселі над іх галовамі хмары, віселі цяжкай коўдрай, быццам бы ўкрывалі іх ад усяго дрэннага, што тварылася на свеце, нават ад таго сёняшняга вядзьмара, які зможа зрабіць усё, нават згубіць іх чыстае і светлае каханне. Але яны не будуць больш трапляць яму на вочы, не будуць ні ў чым яму пярэчыць…
9
Даўно ўжо ляжаў – гурба на гурбе – снег, пяклі, аж кракталі, маразы. А зіма ніяк, ніяк не супакойвалася, не лагаднела – круціла, мяла, вар’яцела, нібы здагадвалася, ведала: яшчэ не ўсё ў поўнай яе лядзяной уладзе, не ўсюды спынена былое, ранейшае жыццё.
Звычайна пад раніцу завея быццам улягалася, слабела. Ападаў, цішэў вецер, праз мутную павалоку хмар дзе – нідзе праразаліся нізкія мігатлівыя зоры. Яснела – і тады чуваць было, як у нацятай шкляной цішыні з гулкім трэскам і пошчакам лопаліся ствалы дрэў, вуглы хат. Але мінала гадзіна – другая, і далеч увачавідкі шарэла, звужалася, зацягвалася цемраю, як бы дыміла, зноў доўгія павівастыя пасмы з гікам і свістам паласавалі дол. Сцежкі, дарогі зраўняліся з полем, іх пазасыпала, пазамятала, ды так, што не толькі з хутара – з хаты нельга выйсці. А Змітрок Цімохаў у гэтую раніцу збіраўся ў дарогу, збіраўся на работу да смалакурні. Жонка Еваліна высоўвала галаву з дзвярэй і крычала яму, каб не ехаў ён у такую непагадзь у дарогу, але ён аб гэтым нават не хацеў і слухаць, вельмі ўжо не хацелася падводзіць добрага чалавека, інжынера смалакурні, які аднойчы заступіўся за яго, не даў магчымасць наглядчыку пакрыўдзіць яго. Ды і не толькі за яго заступаўся іншы раз інжынер, калі вар’яцелі наглядчыкі. Ён заўсёды заўсёды за іх заступаўся, не дазваляў іх зневажаць…
У лесе выло, гуло, секла снегам, бы ўсё адно шротам. Шумеў вецер, ірваў, шкуматаў дрэвы, гнуў як не да самага долу голлё, гойсаў, бы апантаны, па лесе, балоту, праз якое ўжо намерваўся пераязджаць Змітрок Цімохаў, як раптоўна яго кабылка заўпрамцілася і не ступіла ні кроку наперад. Ён агрэў яе некалькі разоў па азадку, але яна стаяла на месцы. Ён углядзеўся ў цемнаватую прастору балота і заўважыў некалькі зіхаючых блакітных агеньчыкаў.
-- Ваўкі! – мільганула думка ў галаве. Што рабіць? Пэўна, іх зашмат, а я не захапіў, нават, сёння з сабою і дубальтоўку, толькі сякера пры мне.
Ён павярнуў кабылку ў зваротным напрамку, але ж і там заўважыў такія ж блакітныя агеньчыкі. Кабылка крыху прайшла – і стала, як укапаная ў зямлю. Нічога не заставалася рабіць, як узяць у рукі сякеру, кабылку за збрую і павольна працягваць рух у бок хутара, ад якога ад’ехаў вёрст тры. Паглядзеў наўкола – круг агеньчыкаў звужаўся. А потым, амаль знянацку, ушчыльную ваўкі абступілі сані і кабылку. Адзін з іх, пэўна, важак спрабаваў збіць гаспадара з ног, але атрымаў па галаве сякераю і адскочыў, бы ачумрэлы. Два здараўцы другія ірвалі кабылку ззаду, адзін з іх нават ускарабкаўся на сані. Змітрок адступіўся ад кабылкі, каб адагнаць тых ззаду, але зачапіўся за нейкі корань і – упаў. І да яго слыху данёсся выбух стрэлу. Ён схапіўся са снегу – пад’язджалі сані Івана Мішкова. Ён стаяў на каленцах, трымаючы дубальтоўку ў руках.
-- І чаго гэта цябе паперла ў такую рань?... – вылаяўся ён салёным мацюгом на свайго хутараніна. – Надакучыла ўжо жыццё табе і тваёй кабыльцы. А ну, паглядзім, што звяругі нарабілі з ёю? Паедзем паціху да смалакурні, няхай там на канюшні яе агледзіць лекар і дасць адпаведнае ёй рады.
Змітрок Цімохаў паслухаў свайго суседа – хутараніна і паціху сваёю кабылкаю пакавыляў ззаду па глыбокім снезе… А зіма лютавала, гуляла, няйнакш, спраўляла сваю перамогу, свой д’ябальскі шабаш…
Якраз пачалі збірацца рабочыя да смалакурні: хто прыехаў на сваёй кабылцы, хто прыкавыляў пешшу, а хто быў яшчэ на падыходзе. Усе звярнулі ўвагу на Змітрака Цімохава, кабылка якога была вымазаная крыўёю. Яна стаяла на марозе, паводзіла пысаю па паветры, уся дрыжэла. Адны раілі тое, другія другое, а зышліся на тым, што яе раны патрэбна на скорую руку замазаць дзёгцям і шпікідарам, бо такія выпадкі ўжо былі ў некаторых і такія лекі вельмі дапамаглі. Так і зрабілі, а пасля ўсяго, Андрыян адпусціў Змітрака на ўвесь дзень на канюшню, каб той глядзеў за сваёю кабылкаю. Усе пераглянуліся – такое было ўпершыню на смалакурні, каб вось так аднесліся да рабочага. Адзін толькі з назіральнікаў неяк паглядзеў незадаволена і штосьці сам сабе буркнуў пад нос. Іван Мішкоў нават перадразніў яго на вачах ва ўсіх, але ж прадбачліва, каб той не заўважыў гэтага – трымалася звычка старога прыгоннага права, якое было ўжо адменена даўно, а плечы рабочых ніяк яшчэ не маглі зарубцаваць рубцы ад розгаў наглядчыкаў, што не раз заўважаў інжынер на спінах рабочых.
-- Які цудоўны чалавек наш інжынер, -- прамовіў Ціхон Якаўлевіч Стасенка, які стаяў побач са Змітраком Цімохавым і яскрава чуў словы інжынера. Каб не ён, дык чалавеку льга было б прападаць з яго кабылкаю, а так, можа, усё і абыйдзецца, дасць Бог і паправіцца… .
Достарыңызбен бөлісу: |