У пакой увайшоў вельмі заклапочаны пан Ермаловіч, які яшчэ раз паведаміў, што яе нідзе не знайшлі, абшукалі ўсё, што толькі можна было, нават хлопцы ўжо шукалі ў вадзе Ўбарці…
Пачуўшы гэтыя словы, Альжбета Генрыхаўна неяк пахіснулася і пачала асядаць на падлогу, яе падхапіў Андрыян, які стаяў непадалёку і разам з Ганкаю пасадзілі яе на канапу. Яна моцна заплакала. Гаспадар паціху адчыніў дзверы і выйшаў з хаты, за ім паследаваў і Андрыян.
Каля хаты сноўдаліся сюды – туды, без асаблівай патрэбы, наглядчыкі, якія вынюхоўвалі навіны, чакалі новых прыказаў ад гаспадара. На іх, як пан Ермаловіч, так і Андрыян не звярталі аніякай увагі, былі заклапочаны адным і тым жа: дзе шукаць Ядвісю? Дзе яна ў гэты момант, у якім месцы яе прыгарнула да сябе Ўбарць? А ў гэтым яны ўжо не сумневаліся, былі ўпэўнены, што яна пайшла на гэтае, самае жудаснае ў жыцці чалавека…
Незаўважана для сябе, яны прайшлі дубняком каля ракі ў бок Дзесяціны, збочылі крыху, прайшліся каля возера, дзе любіла заўсёды Ядвіся ірваць кветкі, з якіх пляла цудоўныя прыгожыя вяночкі, прымярала іх на сваю дзіцячую галоўку, голасна гаварыла:
-- Паглядзіце, татусь і матулка, якая я прыгожанькая!
І яна з маленькаю Ганкаю беглі на выперадкі, каб паказаць сябе і свае вяночкі мамульцы і татульцы, якія сядзелі ў вольны час ля свайго любімага возера, назіралі, як стайкі вялікіх акунёў падыходзяць да берага, некаторыя з іх высоўваюць свае пыскі на паверхню вады, штосьці шукаюць, а затым, калі падбягаюць дзяўчынкі да возера, яны расыпаюцца ў розныя бакі, як іх усяроўна і не было. А іншы раз да берага павольна падплывалі плоткі разам з печкурамі, яны хуценька знаходзілі штосьці сваё і вярталіся назад на глыбіню, а печкуры заставаліся ля берага – яны нічога не баяліся, і дзяўчынкі іншы раз сваімі маленькімі ручкамі выкідвалі іх на бераг, смяяліся і радаваліся. Смяялася разам з імі і маці, Альжбета Генрыхаўна, якая дапамагала ім у іх гульне і забаве… А зараз яна падпухла ад плачу, яе сэрца ратуе лекар, які не адыходзіць ад яе. Праз нейкі час яна траціць прытомнасць, яе ратуюць. Не высыхае твар ад слёз і ў Ганкі, яна не адыходзіць ад маці, ёй штосьці гаворыць і гаворыць, але яе слоў яна не чуе, толькі зрэдку паглядзіць на яе, быццам бы не сваімі вачыма…
Прайшоўшы каля возера, пан Ермаловіч нічога не сказаўшы Андрыяну, павярнуў да ракі і далей берагам пакрочыў у бок смалакурні…
Толькі праз тыдзень цела Ядвісі, якое ўсплыло з дна ракі, хлапчукі заўважылі і хуценька прыбеглі да пана, каб паведаміць аб гэтым. Стрэлі каля смалакурні Андрыяна і ўсё пачалі адразу паведамляць сваю навіну. Ён паціху адавёў іх за сцяну смалакурні і папрасіў, каб аб гэтым пакуль яны не расказвалі нікому, бо сэрца пані можа не вытрымаць, яна вельмі хворая. А сам ён паклікаў да сябе Міхала Флёрку, Цімоха Чэчку, Ціхона Стасенку і загадаў, каб яны рыхтавалі лодку – гіляру і плылі да Дзесяціны, бо там хлопчыкі бачылі цела паненкі Ядвісі, якое павісла на лазняках. А сам пайшоў да хаты, каб паціху паведаміць аб гэтым пану Ермаловічу.
Лодку з целам пані Ядвісі гналі супраць цячэння паволі, на хвалях Убарці яна хісталася і, здавалася, дзяўчына вось – вось хутка падымецца, паглядзіць на смалакурню, сваю хату, дзе ўжо яе чакалі людзі вёскі, бацька і маці, якую падтрымлівалі з двух бакоў, каб яна стаяла на нагах, чакаў Андрыян з Ганкаю, па твары якіх таксама цяклі слёзы, як і ў іншых, хто тут прысутнічаў. Калі пачалі заносіць у хату цела тапельцы, маці страціла прытомнасць, яе таксама панеслі ў пакой, дзе чакаў ужо яе лекар з Лельчыц. Пан Ермаловіч таксама неяк пахіснуўся, але яго тут жа падхапіў пад рукі Андрыян і таксама павёў у хату…
На пахаванне пані Ядвісі сабралася шмат людзей як з вёсак, так і з навакольных хутароў. Нават пані з маёнтка Буйнавічы Ізабэла Маркварт прыехала на сваёй карэце, каб пабачыць і крыху суцешыць пана Ермаловіча.
Неслі цела паненкі мужчыны ў бок мясцовых могілак, што туліліся пад высокімі векавымі дубамі. Спачатку занеслі цела ў каплічку, якая знаходзілася побач з могілкамі, каб мясцовы служыцель адслужыў свой малебен і даў згоду на пахаванне яе на могілках. Спачатку ён крыху упарціўся, але калі падышла да яго пані Маркварт, ён лагодна неяк памахаў галавою і галосна даў згоду на пахаванне пані Ядвісі на агульных мясцовых могілках.
У час развітання блізкіх з пакойніцай, пані Альжбету аблівалі вадою, каб вывесці яе з непрытомнасці, ля яе ўвесь час знаходзіўся лекар. Спатрэбіўся лекар і для Ганкі, якая таксама прыходзіла ў непрытомнасць, хілілася да Андрыяна, плакала, прычытвала свае словы, што наводзіла яшчэ большы смутак на прысутных. А калі дамавіну пачалі апускаць у глыбокую яму і зайгралі музыкі пахавальную мелодыю, загаласілі ўсе, не толькі свае і прыбліжаныя, але і ўсе прысутныя, хто быў у гэты час на Зладзінскіх могілках…
14
Праз год у Андрыяна і Ганкі нарадзіліся адразу два хлопчыкі, якіх яны назвалі аднаго – Андрэйкам, а другога – Аляксеем. Андрэйку так і клікалі ўсе Андрыянкам, бо вельмі ўжо ж быў падобны на бацьку: такія ж светлыя русявыя валасы, такі ж твар і носік, такія ж блакітныя светлыя вочы, у якіх, здавалася, можна было б утапіцца. А вось Аляксейка быў больш падобны на маці: крыху русявыя валасы, але больш цёмныя, і з твару больш быў падобны на маці. Як Ганка, так і дзед з бабуляю вельмі песцілі малых. Яны не адыходзілі ад іх: дапамагалі карміць іх, купаць у цёпленькай вадзе, выносіць у сад на свежае паветра. Тым больш, што ўсе клопаты па смалакурні і сплаву лесу даручыў пан Ермаловіч зяцю, бо лічыў сябе ўжо зусім нямоглым, старым. Ды і бачыў ён, што паўсюдна ў таго быў адмысловы парадак: лепшая, чым раней, была чысціня на смалакурні, якая пачала даваць значныя прыбыткі, на сплаве лесу таксама рабочыя працавалі сумленна. Ён нават без яго дазволу паступова звольніў усіх назіральнікаў, лічыў, што яны не патрэбныя, бо карысці цяпер, калі рабочыя атрымоўваюць нядрэнныя заробкі, трымаюцца за сваю работу, ад наглядальнікаў аніякай. Праўда, спачатку пан Ермаловіч не вельмі ахвотна згаджаўся з дзеяннямі зяця, а калі падлічыў, колькі грошай выкідвае ён на гэтых самых халуёў, дык адразу ж пагадзіўся з Андрыянам. Тым больш, што пабачыў, як людзі цягнуцца да яго, слухаюцца яго, і асноўнае – нядрэнны прыбытак ідзе ў яго казну. Пагэтаму ўвесь вольны час яны цяпер аддавалі сваім унукам, якія раслі ў іх хаце не па дням, а па гадзінах.
Андрыян жа быў увесь час у клопатах: то патрэбна было даставаць для смалакурні сыравіну, то дамаўляцца з прыватнымі землеўладальнікамі наконт водпуска лесу, арганізаваць яго сплаў да Прыпяці. А тут яшчэ і пані Буйнавіцкага маёнтка Ізабэла Маркварт патрабуе, каб вырашалася пытанне наконт Зладзінскай грэблі, бо яе занадта пачынае турбаваць Мінская губеранская ўправа праз Мазырскую павятковую ўправу. Нават для гэтай мэты ўжо падрыхтаваны тэхнічныя дакументы і адпаведная сума грошай. Але што тычылася сапраўднага кошту гэтай грэблі, пані Маркварт неяк выказвалася зусім нявыразна. Тады Андрыян паспрабаваў абмяркаваць гэтую праблему са сваім Зладзінскім сялянскім таварыствам, дзе прыйшлі да адзінай высновы: скласці пастанову аб пабудове дамбы і моста ў пойме ракі Ўбарць коштам натуральнай павіннасці і для для гэтай мэты выдзяліць ім адпаведную суму грошай у адпаведнасці з праектна – сметнай дакументацыяй. Так было і зроблена. Але для гэтага Андрыяну давялося некалькі разоў ехаць у Мінскую губеранскую ўправу, каб вырашыць усе неабходныя пытанні…
З правага берага Ўбарці пачалося будаўніцтва дамбы. Сяляне на валах і конях штодзённа вазілі туды пясок з кар’ера ў кошт натуральнай павіннасці і за заробак, які ім выдатковываў інжынер Андрыян Чэчка, ведалі, што ён іх не ашукае. Радаваліся, што разлік з імі не вяла пані Буйнавіцкага маёнтка Ізабэла Маркварт, як гэта меркавалася раней. У гэтую цяжкую работу ўпрагліся як мужчыны, так і жанчыны, бо кожнаму патрэбна была капейка, а сем’і былі вялікімі. Жанчынам дапамагалі падросткі, дзяўчаты таксама дапамагалі сваім мамам накідаць пясок на вазы. Дароў прыроды гэтым годам амаль не было, не было на чым зарабіць капейку. Ды і якая капейка? Чакай, калі прыплывуць па Ўбарці купцы – мянялы ды што – небудзь у іх выменяеш на свае сухія ягады, або грыбы. Пагэтаму ўсе радаваліся, што знайшлася для ўсіх такая работа, якой хопіць не на адзін год. Дамба вырастала, адначасова рыхтавалі лесаматэрыял для маста. Прывозілі дубовае паленне, часалі яго, на самаробных сталюгах пілавалі вялізнаю пілою з закругленымі зубамі дошкі. Адзін з рабочых стаяў на версе палена і кіраваў пілою роўна па адбітаму дратваю шнуру, другі ж рабочы пад нізом калодкі чягнуў з усяе сілы пілу, якая чуць – чуць прасоўвалася наперад. У выніку ўсяго гэтага – атрымоўваліся нядрэнныя дошкі для маста. Больш за ўсё пілавалі дубовыя дошкі, каб даўжэй яны ляжалі на паверхнасці. Радаваліся сяляне, што Ўбарць гэтым годам была пад восень не такой ужо і многаводнай, што садзейнічала хучэйшаму выкананню работ у будаўніцтве дамбы і падрыхтоўцы матэрыялаў для маста. Гэтаму і радаваўся Андрыян, на сваім кані аб’язджаў усе куткі, дзе працавалі рабочыя, падбадзёрваў іх добрым словам, радаваўся, калі чуў вясёлыя галасы дзяўчат, якія ў час працы заводзілі прыгожыя палескія песні, якія несліся па – над Убарццю. Ён тады злазіў з каня, пускаў яго на лугавіну, а сам сядаў на свае аблюбаванае месца і доўга слухаў гэтыя дзявочыя песні, асабліва тыя, якія яму даводзілася слухаць ад маці ў свае дзіцячыя гады на Валыншчыне. Маці спявала вельмі прыгожа ўкраінскія песні, калі працавала ў полі на жніве, або на сваім агародзе, калі палола грады. Бацьку ён не памятае, быў яшчэ зусім малым, калі з’явіліся да іх у хату – мазанку нейкія людзі і павялі яго ў невядомым кірунку. З таго часу дамоў ён так і не вярнуўся. Казалі, што такіх людзей, як яго бацька, дамоў не вярталі – іх высылалі вельмі далёка, недзе ў Сібір. Маці адна гадавала яго, а калі ён крыху падрос, забраў яго да сябе ў Кіеў дзядзька, брат маці. Там ён яго і вывучыў на інжынера.
З луга, дзе скуб зялёную атаву яго вараны, падуў неяк адразу вецярок. Затым неяк нечакана з боку Буйнавіч выпаўзла хмара і пачала хутка набліжацца ў бок Зладзіна. Яна налівалася чарнатой, станавілася пагрозлівай. У тым баку ўжо цямнела неба і паветра, як бы таямнічая дагэтуль ноч увачавідкі выяўляла свае здольнасці. Ужо і пярун на сваёй калясніцы імкліва набліжаўся, сварыўся за нешта на людзей, можа і на яго, Андрыяна за што – небудзь. Аднекуль з’явіліся і маланкі, якія пачалі паласаваць неба. І не адно да зямлі скіраваныя, а папярок неба, як бы разразалі яго, а то і адна скрыжоўвалася з другою, асвятляючы хмару і робячы яе яшчэ страшнейшай.
Андрыян злавіў каня, са спрытам ускочыў на яго і паскакаў да людзей, якія працавалі на дамбе. Тыя ўжо спынілі работу і самастойна рыхтавалі з вазоў сабе сховішчы ад навальніцы. Ён адобрыў іх рашэнне, пачуў голас дзяўчат, якія запрашалі яго да сябе ў нейкую наспех зробленую імі палатку. Ён толькі ўсміхнуўся ім, падзякаваў за запрашэнне, асядлаў свайго скакуна і паімчаўся да смалакурні.
Ганка хвалявалася за яго, раз – пораз выглядала ў вакно, куды бязлітасна падалі водблескі ад маланак. Яна на нейкі момант адскоквала ад вокнаў, тулілася да сваіх хлопчыкаў, якія пыталі ў яе пра свайго бацьку. Яна іх гладзіла галоўкі, радавалася, што растуць яны ў яе разумненькімі і добрымі. А калі мокры да нітачкі ўскочыў у хату Андрыян, яна падбегла да яго і моцна – моцна пацалавала. Хлопчыкі заўсміхаліся і наперагонкі паімчаліся да бацькі, абхапілі яго мокрыя штаніны і пачалі яму нешта шчабятаць. Ён сваёю мокраю рукою гладзіў іх галоўкі, туліў да сябе, ад чаго яны пішчэлі, бо мокрыя кроплі дажджу з яго адзення падалі ім за каўнерыкі кашуль. На гэтыя крыкі са сваёй бакавушкі выйшаў пан Ермаловіч, прывітаўся з зяцем і пачаў яго распытваць пра будаўніцтва дамбы. Не пытаў пра смалакурню і сплаў лесу, бо ў апошні час, бачыў тое, што Андрыян запарыўся на ўсіх гэтых работах, актыўна пачаў яму дапамагаць.
-- Ды нічога, справы ідуць. Лесаматэрыял для маста амаль увесь падрыхтаваны, засталося яшчэ зрабіць некалькі паляў і з дзесятак баб – малатабоек, тады можна будзе і пачынаць забіваць палі ў раку, пакуль вады трымаецца няшмат, на двары хутка будзе восень.
-- Мне так надакучыла сядзець адной дома, -- прашаптала Ганка яму на вуха. – Давай падыхаем азонам, свежым паветрам пасля дажджу, а з малымі пабудуць бацькі.
Яны выйшлі з хаты і накіраваліся адразу на сенакос, які ў гэты час выглядзеў раўнюткім, як стол. На ім стаялі прыгожыя стажкі сена, рэдка дзе яшчэ былі копы, якіх не паспелі да дажджу скласці ў стагі. Але ж луг быў у новай квецені, амаль увесь у красках. Жаўцелі раскідзістыя люцікі, квола сінелі востраверхія зязюлькі, бялелі талерачкі, дробна чырванелі смолкі, серабрыста паблісквалі божыя слёзкі… І так аж да самага лазняку – ён сівее прысадзістымі купамі, агароджвае сабою невялікія азёры і раку Ўбарць. У лазняку трывожна трашчаць сарокі, цягавіта, будзённа стогнуць жабы. Чэкае – чэк – чэк, чэк – чэк! – чэкаўка. Сычаць, цвіркочуць, аж звініць усё навокал, нябачныя ў траве няўтомныя скакуны – конікі. І, вядома ж, Усё пахне, пахне травамі, мёдам. Па лужку бяжыць, выгінаецца дарожка, бяжыць туды, дзе паступова становіцца ўсё меншай і меншай. Па ёй і крочаць асцярожна Андрыян і Ганка, баяцца, каб не саступіць з яе, бо пашкодзяць прыгожыя кветкі, якія так і цягнуцца да іх, здаецца, варушацца, хочуць, каб дакранулася да іх чалавечая рука, пяшчотна пагладзіла іх, а яны ў сваю чаргу абдадуць іх сваім пахучым водарам, якога ў іх шмат накапілася.
Гэтай ізвілістай сцяжынкай падышлі яны да Ўбарці, да высокага дуба, карэнні якога палошча вада. Ля дуба спыніліся, праз карункі лісця пачалі разглядаць лапінкі – шматкі неба – яно блакітнае і нейкае зялёнае, быццам шкляное. Ці можа ім так падалося, бо ўсё ж наўколяа праз дубовае лісце зялёнае – усё наўкола было зялёным: лісты дуба, кусты лазняку, трава…
Не заўважылі яны, як пачало вечарэць. Сонца і праўда ўжо хінулася да захаду, але свяціла яшчэ ярка. І распластаныя на зямлі цені ад дубоў, нібы рукі нейкага нябачнага волата, цягнуліся ўдалячыню. Па іх бег лёганькі вецярок, які прыемна лашчыў іх твары, час ад часу саступаючы месца яшчэ дзённай духаце. Чыстае паветра, настоенае на ўсіх пахах кветак, бадзёрыла іх, прыдавала сілы. І Ганка не вытрымала, каб прыгожымі кветкамі, якіх назбірала яна дарогаю, не дакрануцца да ўспацелага твару яго. Ён таксама зграбна прыцягнуў яе да сябе і пачаў моцна – моцна яе цалаваць, удыхаючы ў сябе яе прыемны пах і пах кветак, якія яна трымала ў сваіх маленькіх белянькіх ручках. А вершаліны дубоў усё ярчэй і ярчэй асвятляла вячэрняе сонца, неба станавілася больш нізкім і ясным, на захадзе аддаваліся рэдкія воблакі. І калі доўга глядзець на гэтыя ружова – малінавыя пералівы фарбаў, успамінаецца наіўная дзіцячая ўпэўненасць у тым, што вечарам сонца пачынае свяціць людзям, якія жывуць дзесьці далёка ад цябе на захадзе, дзе ўсё, пачынаючы ад залацістых воблакаў, казачна прыгожае… І Андрыян з Ганкаю стаялі і глядзелі на ўсё гэтае хараство прыроды, што прыносіла ім задавальненне і яны нетаропка пашыбавалі нацянькі ў бок смалакурні…
Восень не заставіла сябе доўга чакаць, прырода злітавалася над усім наўкола. У пачатку верасня раптам парваліся ў бруднае шмацце хмары, іх разнесла ва ўсе бакі, як курыны пух. Амаль за ноч дрэвы нібы асыпала золатам. Блакіт неба, рыжае лісце, яшчэ зялёная трава. Вось ужо табе і залатая восень. Стала цёпла, зайграла сонца і на душы ад гэтай прыгажосці было вельмі спакойна і радасна. І Андрыян, ідучы да смалакурні, назіраў за восенскай прыродаю, ведаў, што час ужо думаць аб тым, каб на зіму нарыхтаваць больш сыравіны для смалакурні, якая прыносіць нядрэнныя прыбыткі ў казну, а таксама падрыхтаваць і адправіць сплаў лесу да Прыпяці, якога накапілася ўжо зашмат на прыстані. Немяшала б і павысіць тэмпы будаўніцтва дамбы і пачаць наладжваць работы ў будаўніцтве моста праз Убарць.
Рабочыя ўжо з ранку былі каля канторы смалакурні, абмяркоўвалі нейкія важныя падзеі. Раман Осіпаў расказваў аб нейкім здарэнні, якое адбылося ў мястэчку Буйнавічы. Там забілі з ружжа ляснога вартаўніка маёнтка Буйнавічы Адама Крупу, паранілі сына і жонку. Знайшлі і віноўных ужо, імі аказаліся Зосім Некрашэвіч з Грабяней і Якаў Івашкевіч. Вядзецца допыт…
Андрыян паслухаў гэтую навіну і пачаў гутарыць з рабочымі аб тым, як у хуткім часе выканаць усе тыя работы, якія наваліліся на іх у гэтыя восенскія дні перад зімовым часам. Выслухаўшы меркаванні асобных рабочых, ён даў канкрэтныя заданні ўсім групам на бліжэйшы час і прыказаў неадкладна прыступіць да выканання яго загаду.
Работы кіпелі паўсюдна: пачыналі на водмелі заганяць у зямлю вялікія завостраныя дубовыя бярвенні, прыладжваць на іх абчасаныя дубовыя лагі. Бабы – малатабойкі аддавалі ўвесь час глухія ўдары, якія разносіліся па – над Убарццю, чуліся галасы рабочых, якія вазілі на дамбу пясок, пішчэла непадалёку з крывымі зубамі піла, са сталюгі якой раз – пораз скідвалі дубовыя дошкі. Работы спорыліся. Інжынер быў задаволены ўсім гэтым, хадзіў з аднаго месца ў другое, даваў парады, падбадзёрываў тых, каго бачыў стомленым. Завітаў і ў шынок Лайхмана, каб выпіць кварту халоднай вады, прагнаць дзённую стому. Але калі падыходзіў да шынка, паглядзеў уздоўж вуліцы, што вяла ад ракі паўз могілкі ў бок Лельчыц, прыгледзеўся, падумаў:’’ Чаму гэта Ганка тут ходзіць? Хацеў нават аклікнуць, але на нейкі момант стрымаўся, бо была гэта не Ганка, а вельмі падобная на яе дзяўчына. Яна таксама пачала ўзірацца ў яго, калі падыходзіла крыху бліжэй, а потым спыталася:
-- Вы не падкажаце, як мне адшукаць тут інжынера Андрыяна Васільевіча?
-- А па якой справе Вы тут яго шукаеце? – доўга яшчэ не зводзячы вачэй з яе, паціху запытаў Андрыян. Яна неяк сумелася, пачырванела, зірнула яшчэ раз у яго блакітныя вочы, сваім нейкім пявучым голасам прагаварыла:
-- У вашай мясцовасці па загаду Мазырскага павету адкрываецца земскае вучылішча. Буду у вас я настаўнічаць, а завуць мяне Аленай Слупскай.
--Гэта вельмі добра. А я і ёсць той, каго Вы тут шукаеце.
-- Вось якая нечаканасць! – амаль усклікнула яна. –Тады дапамажыце мне адшукаць адпаведную хату, дзе на першых парах пачну я праводзіць заняткі з вучнямі. Ці многа іх у вашай вёсцы і на хутарах?
-- Вучняў у Вас будзе многа, бо дзяцей у кожнай сям’і зашмат. Але ж дзе адшукаць вялікую хату Вам пад школу? На нейкі момант Андрыян задумаўся, заўважыў, што яна з яго не зводзіць вачэй, свідруе яго сваімі блакітнымі вачанятамі і ўсё чакае ад яго адказу. Ён адвёў ад яе свой позірк і заўважыў Мандэля Лайхмана, які пачуў размову і набліжаўся да іх.
-- Школу можна размясціць толькі ў Мікалая Осіпава. Калі быў я ў Мазыры, то даведаўся, што ў нас будзе працаваць земскае вучылішча. Пагэтаму я ўжо перагаварыў з Мікалаем Осіпавым, ён дае згоду. Так што прыступайце, як Вас там? Алена Міхайлаўна, да выканання сваіх абавязкаў. А Вы часам не Моўшы Слупскага дачка будзеце?
-- Я яго дачка. Мне гаварыў бацька, што Вы тут жывяце, наказваў, каб я абавязкова заглянула да Вас. Але гэта пасля, а зараз я хацела б, каб мне хто паказаў гэтую хату і пазнаёміў мяне з яе гаспадаром…
Лайхман прышчурыў свае хітрыя вочы і паглядзеў на Андрыяна, які стаяў збоку і слухаў іх размову.
-- Але ж, пан інжынер, яшчэ мне сказалі, каб я да Вас звярнулася і мне Вы дапамаглі ў арганізацыі вучняў, бо не ўсе сем’і з ахвотаю адпраўляюць дзяцей у школу, асабліва не хочуць адпраўляць дзяўчынак.
І Андрыян павёў маладую настаўніцу да хаты Мікалая Осіпава, каб пабачыла яна памяшканне, дзе будзе працаваць са сваімі выхаванцамі і пазнаёмілася з гаспадарамі.
Хата Мікалая Осіпава стаяла крыху на отшыбе, каля той дарогі, якая цягнулася па пясчаным жвіру ў бок Сіманічаў. Калі настаўніца павялічвала крок па гэтым пясчаным жвіру, каб не адстаць ад інжынера, у яе штосьці здарылася з яе абуткам – нага заставалася аголенай. Яна спынілася, хацела штосьці сказаць Андрыяну, але не асмелілася, толькі марматнула штосьці нявыразнае. Ён спыніўся, падышоў да яе, паглядзеў на яе скрыўлены твар, падняў з пясочнага жвіру яе і перанёс да плота на мурог.
-- Гэта Вам не па Мазыры хадзіць, дзе амаль паўсюдна ёсць тратуары…
Ён заўважыў, што з суседняй хаты за імі сочаць. Амаль ўсю шыбіну закрыла сабою кабеціна і неяк задаволена ўсміхалася.
Пазнаёміўшы настаўніцу з гаспадыняю хаты, дамовіўшыся аб усім неабходным, Андрыян пакінуў іх і хутка пашыбаваў у бок смалакурні. Па дарозе яшчэ заглянуў у шынок Мендэля, купіў для малых цукерак, бо прывучыў іх да гэтага, і па беразе ракі пашыбаваў да хаты.
Ганка з малымі пабачылі яго здалёку і падказала ім, каб беглі сустракаць свайго бацьку. Андрэйка і Аляксей навыперадкі кінуліся насустрач яму, пачалі крычаць сваімі дзіцячымі галасамі, радавацца сустрэчы, тым падарункам, якія ён ім прынёс. Ганка смяялася, пазіраючы на іх, радавалася, што яны ўжо падраслі, сталі больш свядомымі, любяць не толькі бацьку і маці, але і дзядулю з бабуляю.
-- У нас адкрываюць у вёсцы народнае вучылішча! – адразу ж паведаміў ён Ганцы, калі стрэліся. – Шкада, што нашых сарванцоў яшчэ не возьмуць у гэтую школу – не дараслі яшчэ. Праз год толькі пойдуць яны ў народнае вучылішча, а за гэты час мы іх поўнасцю падрыхтуем да школы. Ці не так, хлопчыкі?... А школу размясцілі ў хаце Мікалая Осіпава, туды ўжо і настаўніца прыехала. Яна стрэла мяне каля шынка і я яе адав’ёў да гаспадароў дома, дзе яна ўжо размясцілася…
Ад пачутых апошніх слоў Ганку неяк крыху скалатнула, але яна не падала асаблівага выгляду, толькі запытала:
-- А завуць яе як?
-- Аленай Міхайлаўнай, яна з Мазыра, з асяроддзя Лайхмана, бо пачуў я іх размову, калі стрэліся яны.
Ганка крыху супакоілася ад пачутых слоў, бо ведала, што яе Андрыян не будзе заглядацца на іншых, бо ёсць мы ў яго – я і гэтыя сарванцы, якія ні на крок не адыходзяць ад яго.
-- Вось толькі прасіла яна, каб я дапамог ёй арганізаваць дзяцей у школу, бо знойдуцца бацькі, якія не захочуць, каб іх дзеці адрываліся ад хатніх спраў, асабліва дзяўчынкі. Трэба дапамагчы ёй у гэтым.
Ганка зноў насцярожылася, неяк дзіўна паглядзела на яго, а потым паціху сказала:
-- Хіба няма каму больш заняцца гэтай справаю? Ёсць жа на вёсцы ў нас сялянскае таварыства, у абавязкі якога, пэўна, і адносіцца гэтае пытанне?
Андрыян зразумеў яе хваляванні, прыгарнуў да сябе і паціху сказаў: ’’ Не хвалюйся так, ты ведаеш, што цябе я моцна кахаю.’’
15
Пачалася восень. Пацямнела і паніжэла неба, усё часцей вецер ганяў па зямлі лісце, спачатку жоўтае, а потым пацямнелае. Увачавідкі карацелі дзянькі, сонца садзілася ўсё бліжэй і бліжэй да поўдня. Здавалася нават адчуваеш, як ціха і амаль незаўважана струменіць ля цябе, адыходзячы, лета, як выблытваецца яно з павуцінак, на якім пад ветрам ляцяць некуды ў свой вырай маленькія павучкі, спадзяючыся, што чым даўжэйшую спрадуць яны павуціну, тым далейшае будзе іх падарожжа. А было зусім наадварот – доўгая павуціна чаплялася за любую перашкоду, блыталася на лазняках, высокай лугавой траве, па якой не прайшлася летам каса, чаплялася за голле дрэваў, каб неяк утрымаць маленькіх павучкоў, на твары людзей, якія не заўважалі танюсенькіх павуцінак з яе жыхарамі і толькі пасля скідвалі іх з сябе. А яны іншы раз так прыліпалі да твару людзей, што іх нельга было і адарваць, асабліва, калі ты ўпершыню сустракаешся з такім восенскім прычудам. Вось так і давялося сустрэцца каля Ўбарці з мноствам восенскіх павучкоў Алене Міхайлаўне, якая не ведала, як пазбавіцца ад іх. ’’Каб столькі вучняў сёння было ў школе, як гэтых павучкоў? – падумала яна. А то толькі прыйшло шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка.’’ А калі пачынала вясці гаворку з вясковымі кабетамі, тыя адказвалі, што няма калі цяпер адрывацца дзецям ад гаспадаркі, тым больш дзяўчынкам. Няхай яны вучацца весці сваю гаспадарку, рыхтуюць сабе вясельны пасаг…
-- Трэба будзе неяк пагутарыць з інжынерам, каб дапамог ёй у гэтай справе, мне ж гаварылі пры назначэнні, каб я звярнулася да яго, калі гэта будзе такая неабходнасць. Бо ён тут уплывовы чалавек на вёсцы, тым больш, што ў яго працуюць рабочыя з хутароў, адкуль не прыйшоў у школу ні адзін вучань.
І яна пакрочыла берагам рэчкі да рабочых, каб там сустрэць інжынера і пагутарыць з ім па гэтаму пытанню. Ведала, што тая кабета, што прыліпла была да вакна, калі ён выносіў на руках з пяску яе, шмат чаго нагаварыла ў вёсцы аб адносінах яе з інжынерам, але цяпер без ягонай дапамогі яна не зможа абыйсціся. І стрэла яна яго каля будаўнічай пляцоўкі моста. Ён штосьці абмяркоўваў з рабочымі, даваў ім нейкія парады, прыкмеціў яе, здалёк прывітаўся і працягваў яшчэ нейкі час весці гутарку з рабочымі. А потым падышоў да яе, для прыліку, яшчэ раз прывітаўся і запытаў:
Достарыңызбен бөлісу: |